УСЕ́ЛЮБСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры готыкі ў в. Уселюб Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1-й пал. 15 ст. па фундацыі Яна Няміры — канюшага вял. кн. Вітаўта. Асн. аб’ём амаль квадратны ў плане, накрыты 2-схільным дахам. Сцены ўзведзены ў тэхніцы гатычнай муроўкі з гладкай цэглы на вапнава-пясчанай рошчыне. Падмуркі складзены з неапрацаваных вял. і сярэдніх валуноў. Першапачаткова было 1-стаўповае збудаванне, з У закончанае прэсбітэрыем і гранёнай апсідай. У паўн. сцяне прэсбітэрыя быў уваход у сакрыстыю, перакрытую зорчатымі скляпеннямі. Сцены ўмацаваны контрфорсамі. Інтэр’еры асвятляліся аконнымі праёмамі спічастай формы. У тоўшчы сцяны вітыя ўсходы вялі на хоры і паддашак. Усх. і зах. фасады завяршаліся франтонамі. Над уваходам — крыж, выкладзены з перапаленай цэглы. У 2-й пал. 16 ст. скляпенні ў касцёле абваліліся. У 1576—1642 храм перароблены пад кальвінскі збор. Надбудаваны верх апсіды, асн. аб’ём перакрыты драўлянай столлю, у прэсбітэрыі адноўлены скляпенні. У 18—19 ст. да гал. фасада прыбудавана 3-ярусная вежа. У 1986 пажарам знішчаны завяршэнні вежы, дах і сістэма перакрыццяў асн. аб’ёму, прэсбітэрыя і паўн. сакрыстыі. У 1988 храм адрамантаваны.

А.​М.​Кушнярэвіч.

Уселюбскі касцёл.

т. 16, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́ХВЕРК (ням. Fachwerk ад Fach панэль, секцыя + Werk збудаванне),

тып каркаснай канструкцыі пераважна малапавярховых жылых і грамадскіх будынкаў, нясучымі элементамі якой з’яўляюцца стойкі, рыгелі, раскосы. Каркас сцяны фахверкавай пабудовы засн. на трывалай сувязі гарыз. і верт. драўляных брусоў, злучаных раскосамі з брусоў, металу, жалезабетону; прамежкі паміж канстр. элементамі запаўняюцца каменнем, цэглай, глінай, саманам і інш., што робіць буд-ва больш танным, надзейным, надае будынкам выразнае арх. аблічча. Пашыраны ў 14—17 ст. у краінах Еўропы. Комплексы фахверкавых дамоў, ратуш, гасп. пабудоў найб. захаваліся ў невял. гарадах Германіі. Канстр. ідэя Ф. ў мадыфікаваным выглядзе выкарыстоўваецца і ў сучасным жылым і прамысл. буд-ве. На Беларусі Ф. вядомы з 16 ст. пад назвай «прускі мур». У кліматычных умовах Беларусі сцяна з Ф. не забяспечвала неабходных цеплатэхн. характарыстык, таму найб. пашырэнне Ф. меў у верхніх, адкрытых для агляду, ч. будынкаў: вежа для гадзінніка на школе ў г. Паставы (18 ст.), шчыты жылых дамоў у в. Гарадзец Шаркаўшчынскага р-на, свірна ў в. Опса Браслаўскага р-на (19—20 ст.) і інш.

Літ.:

Сергачев С.А. Белорусское народное зодчество. Мн., 1992.

С.​А.​Сергачоў.

Да арт. Фахверк. Фахверкавы жылы дом у Айрвайлеры каля г. Бон (Германія).

т. 16, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛАДЗІ́ЛЬНІК,

збудаванне ці апарат для ахалоджвання, замарожвання і захоўвання біял. аб’ектаў, мед. прэпаратаў, харч. ці інш. скорапсавальных прадуктаў пры т-рах, ніжэйшых за т-ру навакольнага асяроддзя. Ахалоджванне ажыццяўляецца з дапамогай халадзільнай машыны.

Адрозніваюць Х. хатнія і прамысловыя. Хатні (бытавы) — шафа (2- і 3-секцыйная) для кароткачасовага захоўвання (да некалькіх сутак) ахалоджаных і працяглага (да 12 месяцаў) замарожаных харч. прадуктаў, а таксама для атрымання лёду. Бываюць кампрэсійныя (холадагент — хладон-12; гл. Хладоны), абсарбцыйныя (на сумесі аміяку з вадой і вадародам) і тэрмаэл. (дзеянне ахаладжальных прыстасаванняў заснавана на Пельцье з’яве). У параўнанні з кампрэсійнымі абсарбцыйныя Х. бясшумныя, больш надзейныя ў эксплуатацыі. але расходуюць больш электраэнергіі. Бытавыя (кампрэсійныя) Х. з’явіліся ў ЗША (1910). Прамысловыя Х. бываюць вытв. (уваходзяць у склад харч. прадпрыемства, напр., мясакамбіната, малочнага з-да) і размеркавальныя (для захоўвання харч. прадуктаў на прадпрыемствах гандлю і грамадскага харчавання). У камерах Х. т-ра каля 0 °C, для замарожвання -18 — -23 °C, для захоўвання прадуктаў да -18 °C (гл. Ахаладжэнне, Замарожванне харчовых прадуктаў).

На Беларусі Х. вырабляюцца на Мінскім заводзе халадзільнікаў.

С.​Я.​Дзям’янаў.

Халадзільнікі вытворчага аб’яднання «Атлант»: 1 — двухкамерны МХМ 1605; 2 — аднакамерны МХ 367; 3 — маразільнік ММ 164; 4 — шафа-вітрына ШВУ-0,4-1,3.

т. 16, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНА́ТНАЯ ДАРО́ГА,

збудаванне для транспартавання грузаў і пасажыраў у падвесных ваганетках (цялежках, крэслах, кабінах), якія рухаюцца па стальных канатах, нацягнутых паміж апорамі. Бываюць грузавыя, пасажырскія і камбінаваныя, 2- і 1-канатныя, з кальцавым і маятнікавым рухам ваганетак. Будуюць у горных, перасечаных і інш. цяжкадаступных мясцовасцях, гарадах, перагружаных наземным транспартам.

Грузавыя К.д. звычайна 2-канатныя з кальцавым рухам ваганетак. Вугал пад’ёму да 30° і больш, скорасць да 3,3 м/с і больш. Выкарыстоўваюцца ў гарнаруднай, металургічнай, хім. і інш. галінах прам-сці. Пасажырскія К.д. бываюць 2-канатныя з маятнікавым і кальцавым рухам вагонаў (на 12—100 або 4 чал.) і 1-канатныя (звычайна кальцавыя) з жорстка замацаванымі 1- або 2-меснымі сядзеннямі. Вышыня пад’ёму да 3 км, скорасць руху 1,5—11 м/с. У горнай мясцовасці пашыраны 1-канатныя буксіровачныя К.д. для гарналыжнікаў. Бываюць і наземныя К.д. для перамяшчэння ваганетак і інш. трансп. сродкаў па вузкакалейных рэйкавых пуцях, пракладзеных па крутым пад’ёме. Выкарыстоўваюцца ў кар’ерах, на прамысл. прадпрыемствах і інш.

І.​І.​Леановіч.

Схема падвеснай канатнай дарогі: 1 — механізм нацяжэння канатаў; 2 — вагоны; 3 — накіравальная рэйка для зняцця вагонаў з канатаў; 4 — лябёдка; 5 — нерухомы канат, па якім коцяцца вагонныя колы; 6 — рухомы канат, які цягне вагоны паміж станцыямі.

т. 7, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НІЯ ЭЛЕКТРАПЕРАДА́ЧЫ (ЛЭП),

збудаванне з праваднікоў току, дапаможных канструкцый і прыстасаванняў для перадачы электраэнергіі ад электрастанцый да спажыўцоў. Разам з трансфарматарнымі і пераўтваральнымі электрычнымі падстанцыямі складаюць электрычную сетку, з’яўляюцца адным з асн. звёнаў энергетычнай сістэмы Бываюць паветраныя і кабельныя, пераменнага (да 1150 кВ) і пастаяннага (да 1500 кВ) току, нізкага (да 1 кВ) і больш высокіх напружанняў. Першая ў свеце ЛЭП пераменнага трохфазнага току пабудавана ў 1891 М.В.Даліва-Дабравольскім.

Паветраныя ЛЭП складаюцца: з апор ліній электраперадачы (асн. элементы — стойкі, фундаменты, траверсы, тросастойкі, адцяжкі), правадоў (адно- і многадрацяныя медныя, алюмініевыя і сталеалюмініевыя), лінейнай ізаляцыі (фарфоравыя або шкляныя штыравыя і падвесныя ізалятары электрычныя): арматуры (падтрымныя і нацяжныя заціскачкі, вушкі, почапкі, клямары, вібрагасільнікі, злучальнікі правадоў), стальных маланкаахоўных тросаў (падвешваюцца на падыходах да падстанцый на ЛЭП 35 кВ і па ўсёй даўжыні на ЛЭП 110 кВ і вышэй з жалезабетоннымі і метал. апорамі). Кабельная лінія электраперадачы складаецца з сілавых кабеляў, кабельных муфтаў, мацавальных дэталяў. Пракладваецца пад зямлёй, пад вадой, на апорах, эстакадах (у гарадах і на буйных прамысл. прадпрыемствах) Распрацоўваюцца ЛЭП з ізаляванымі саманясучымі і з ахоўнымі правадамі, крыярэзістыўныя, звышправодныя і інш. У Беларускай энергетычнай сістэме эксплуатуюцца паветраныя ЛЭП пераменнага току напружаннем 0,38, 0,66, 6, 10, 35, 110, 220, 330, 750 кВ і кабельныя напружаннем 0,38, 6, 10 і 110 кВ.

М.​А.​Караткевіч.

т. 9, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КАЛЬВАРЫ́ЙСКІ КАСЦЁЛ І БРА́МА,

помнік архітэктуры 19 ст. ў Мінску. Пабудаваны ў 1839—41 на Кальварыйскіх могілках (вядомы з 17 ст.) на месцы б. касцёла (разбураны ў 1830) у стылі неаготыкі і класіцызму. Мураваны 1-нефавы з невял. трансептам і прамавугольнай алтарнай апсідай храм накрыты высокім 2-схільным дахам. Гал. фасад вырашаны ў выглядзе вял. стральчатага партала. Над прытворам узвышаецца масіўная квадратная ў плане вежа, падзеленая на 2 ч. карнізам з сухарыкамі. У верхняй яе ч. 2 вузкія стральчатыя аконныя праёмы, над якімі круглая люкарна. Сцены гал. і бакавых фасадаў дэкарыраваны аркатурнымі паясамі, прарэзаны стральчатымі аконнымі праёмамі, аздоблены ліштвамі. Брама ў класіцыстычных формах прыбудавана ў 1830 на сродкі Ю.​Кабылінскага ў гонар яго жонкі. Цаглянае прамавугольнае ў плане збудаванне з вял. цэнтр. і сіметрычна размешчанымі па баках меншымі паўцыркульнымі праёмамі. Падзелена карнізам на 2 ярусы. Ніжні — руставаны, над бакавымі праёмамі верхняга яруса — ляпная геральдыка. На могілках захаваліся пахавальныя капліцы Паўла Равы (1855, эклектыка), Віткевічаў (2-я пал. 19 ст., неаготыка), 2 эклектычныя капліцы 2-й пал. 19 ст.; некалькі мураваных капліц у паўразбураным стане.

Літ.:

Rzymsko-katolicki cmentarz Kalwaryjski w Minsku na Bialorusi. Warszawa, 1996.

А.​Ю.​Пятросава, Т.​І.​Чарняўская.

Мінскі кальварыйскі касцёл і брама. Галоўны фасад касцёла.

т. 10, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАТО́НДА (італьян. rotonda ад лац. rotundns круглы),

круглае ў плане цэнтрычнае збудаванне, звычайна завершанае купалам, з размешчанымі па перыметры калонамі. Вядома з часоў Стараж. Грэцыі і Рыма ў некат. храмах, маўзалеях, залах, паркавых павільёнах, альтанках і інш. (Рымскі пантэон). Сустракаліся ў культавых збудаваннях сярэдніх вякоў, эпохі Адраджэння, стылю класіцызму. На Беларусі вядома з 16 ст., найб. пашырана ў культавым дойлідстве стылю класіцызму (Чачэрская Спаса-Праабражэнская царква, Лідскі Іосіфаўскі касцёл піяраў, капліца-пахавальня ў в. Пральнікі Валожынскага р-на Мінскай вобл.). Форму Р. мелі ў сваіх завяршэннях некат. манум. збудаванні: Гродзенскі палац Тызенгаўза, ратушы ў Гродне, Мінску, г. Драгічын (Брэсцкая вобл.). У выглядзе Р. вырашаны альтанкі і павільёны ў рэгулярных і пейзажных парках сядзіб вёсак Станькава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл., Варняны Астравецкага, Залессе Смаргонскага р-наў Гродзенскай вобл., Альбінскага палацава-паркавага ансамбля і інш. (18—19 ст.), альтанкі ў архітэктуры 1950-х г. (на набярэжнай р. Свіслач і каля гал. ўвахода ў Цэнтр дзіцячы парк імя М.​Горкага ў Мінску).

С.​А.​Сергачоў.

Капліца-пахавальня ў форме ратонды ў в. Пральнікі Валожынскага раёна Мінскай вобл. (цяпер Мікалаеўская царква). 2-я пал. 19 ст. Фота 2000.
Да арт. Ратонда. Царква-ратонда Святой Труны ў г. Кембрыдж (Вялікабрытанія). Каля 1101—30.

т. 13, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЛІ́ЦА (ад позналац. capella),

1) невялікае каталіцкае культавае збудаванне на раздарожжы; спецыяльна абсталяванае для малітвы памяшканне ў замку, палацы, публічнай установе, на могілках; мемар. пахавальня на могілках; малы касцёл, прыбудова з алтаром у касцёле; асобны алтар у касцёле. У адрозненне ад касцёла ў К. служаць імшу толькі па гал. святах са спец. дазволу епіскапа. Настаяцель К. наз. капеланам.

2) Невял. правасл. царква без алтара (рус. часовня), звычайна на могілках. Будавалі пераважна ў гонар знамянальных падзей царк. і дзярж. жыцця.

На Беларусі былі пашыраны з 16 ст. Стаялі асобна або ўваходзілі ў аб’ём большага збудавання. У плане пераважна прамавугольныя (часам са скошанымі вугламі ў алтарнай ч.), завершаныя двухсхільным, вальмавым ці паўвальмавым дахам; цэнтрычныя (квадратныя, 6- і 8-гранныя ў плане) з шатровым пакрыццём, якія пад уплывам барока набылі складаныя ламаныя і ярусныя дахі, вежачкі. У класіцыстычнай архітэктуры сфарміраваліся тыпы К. у выглядзе купальнай ратонды і прамавугольныя ў плане з порцікам на гал. фасадзе. У архітэктуры несапраўднай готыкі і псеўдарус. стылю К. характэрны складаны сілуэт, багацце дэкар. формы (вежачкі, купалкі, какошнікі, парталы, фрызы, маёлікавыя ўстаўкі). У пахавальных К. акрамя асн. памяшкання былі скляпы (крыпты). Прыдарожная К. — слупавая канструкцыя пад шатровым дахам, асобны невял. аб’ём або калона для размяшчэння культавай скульптуры. На Беларусі найб. вядомы Гайцюнішская капліца, Гомельская капліца, Мірская капліца, Мілавідская мемарыяльная капліца, К. ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. і інш.

С.​А.​Сергачоў.

т. 8, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МСКІ ФО́РУМ,

ансамбль цэнтр. плошчы ў Рыме Старажытным. Склаўся ў 6—2 ст. да н.э. як паліт., гандл. і культ. цэнтр горада (цяпер у руінах). Размяшчаўся ў нізіне паміж узгоркамі Капітолій, Палацін і Квірынал. З боку Капітолія замкнёны порцікам 12 багоў (367 да н.э.) і Табуларыем (дзярж. архіў; 79 да н.э., рэшткі ўвайшлі ў Палацца дэі Сенаторы). Р.ф. акаймаваны храмамі і базілікамі (адм.-судовымі будынкамі). У ансамбль уваходзілі: сенацкая курыя (з царскай эпохі, перабудавана каля 300 н.э.), «Дом вясталак» з храмам Весты (з 6 ст. да н.э., перабудаваны ў 1 ст. н.э.), храмы Сатурна (з 497 да н.э., перабудаваны ў 42 да н.э. і ў 3 н.э.), Кастара і Палукса (з 484 да н.э.), Канкордыі (з 367 да н.э., перабудаваны ў 10 н.э.), Юлія Цэзара (29 да н.э.), Веспасіяна (79—96 н.э.), Антаніна і Фаўсціны (141 н.э.), базілікі Эмілія (179 да н.э.), Юлія (54—44 да н.э.) і Максенцыя (Канстанціна; каля 315 н.э.), трыумфальныя аркі Ціта (81 н.э.) і Септымія Севера (203 н.э.). На плошчы ўзвышалася ростра (трыбуна для аратараў). На Р.ф. ў розныя часы ўстанаўлівалі помнікі, калоны, скульптуры, порцікі, аркады. Кожнае збудаванне адметнае вытанчанымі прапорцыямі з уласнай эстэт. характарыстыкай. Праз тэр. форума праходзіла Свяшчэнная дарога (Вія Сакра), на якой адбываліся трыумфальныя шэсці. Р.ф. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

І.​Л.​Чэбан.

Рымскі форум.

т. 13, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАНТА́Н [італьян. fontana ад лац. fons (fontis) крыніца] у архітэктуры, дэкаратыўнае збудаванне, якое служыць асновай ці абрамленнем для струменяў вады; твор архітэктуры малых форм.

У антычнасці Ф. — крыніца пітной вады. Пазней Ф. у спалучэнні з архітэктурай, скульптурай і зялёнымі насаджэннямі стаў адным са сродкаў дэкар. і маст.-вобразнага вырашэння ў архітэктуры, садова-паркавым мастацтве і горадабудаўніцтве. Найб. значныя Ф. вядомы ў сярэдневяковых зах.-еўрап. гарадах, краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу, у Індыі. Арх. вырашэнне Ф. засн. на спалучэнні водных струменяў з нішамі, гротамі, тэрасамі і каскадамі. Гатычныя Ф. вызначаюцца сім. кампактнымі вырашэннямі. У эпоху Адраджэння будавалі Ф. ўскладненых кампазіцый з багатым пераліваннем вадзяных струменяў. У 16—18 ст. Ф. рабілі на гар. плошчах (Фларэнцыя, Рым), на вілах і ў палацава-паркавых комплексах (Версаль). Сусветна вядомая сістэма Ф. створана ў 18 — пач. 19 ст. ў Петрадварцы.

Найб. значныя Ф. на Беларусі: «Хлопчык з лебедзем» у Цэнтральным скверы, «Вянок» у парку імя Я.​Купалы, каля Камароўскага рынку (усе ў Мінску), у парку культуры і адпачынку імя А.​Луначарскага ў Гомелі, каля помніка Ф.​Скарыну ў Полацку, на плошчы ў в. Верцялішкі Гродзенскага р-на і інш. Ф. часта ўзбагачаюць скульптурай, эл. падсветкай і муз. суправаджэннем у вячэрні час.

В.​Б.​Ангелаў.

Фантан каля Камароўскага рынку ў Мінску.
Фантан «Наяды» на плошчы Рэспублікі ў Рыме.
Музычны фантан у Празе.

т. 16, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)