ПЯРЭ́ДЗЕЛКА,

вёска ў Лоеўскім р-не Гомельскай вобл., на правым беразе р. Дняпро, каля аўтадарогі Лоеў — Рэчыца. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 15 км на ПнЗ ад г.п. Лоеў, 78 км ад Гомеля, 45 км ад чыг. ст. Рэчыца. 431 ж., 187 двароў (2001). Сярэдняя школа, вучэбна-вытв. камбінат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, лазнева-пральны і быт. абслугоўвання камбінаты, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў. Курган Славы на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры — сядзібны дом (1-я пал. 19 ст.) і Свята-Пакроўская царква (2-я пал. 19 ст.).

т. 13, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТЭ́ЛЕР Павел Паўлавіч (14.1.1910, С.-Пецярбург — 4.2.1977),

расійскі архітэктар. Засл. арх. Расіі (1971). Скончыў Ленінградскую АМ (1936). Асн. работы ў Маскве: гасцініца «Савецкая» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), станцыя метрапалітэна «Праспект Міру» (1957), Палац з’ездаў (цяпер Крамлёўскі палац, 1959—61, Ленінская прэмія 1962), будынкі Савета Міністраў Расіі (цяпер Дом урада Расіі, т.зв. Белы дом; 1965—79), комплекс гасцініцы «Расія» (1967—70) з Цэнтр. канцэртнай залай «Расія» (1974, усе ў сааўт.). З 1968 кіраваў аўтарскім калектывам па праектаванні Навакіраўскага праспекта ў Маскве (цяпер праспект А.​Дз.​Сахарава).

Літ.:

Левинская Е.Н. П.​Штеллер // Зодчие Москвы. М., 1988. Кн. 2.

т. 17, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГА́ЛА Валерый Цімафеевіч (н. 6.6.1947, г. Гомель),

бел. мастак-манументаліст. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). У 1974—93 і з 1996 на Мінскім маст.-вытв. камбінаце. У 1993—96 нам. старшыні СМ Беларусі. Працуе ў тэхніцы вітража («Свята зямлі беларускай», Дом быту ў Мінску, 1980—81, і інш.), энкаўстыкі («Спадчына», Дом культуры ў в. Лошніца Барысаўскага р-на, 1984—85; «Свята», Дом культуры аб’яднання «Даламіт» у Віцебску, 1986; з А.​Яскіным, і інш.), акварэлі (серыі: «Запаляр’е», 1985—86, «Лепельскі край», 1987—88, «Успаміны аб Сан-Сусі», 1989—90; «Святло ў лесе», 1995, і інш.). Аўтар маст. афармлення з У.​Стальмашонкам грамадскіх аб’ектаў, адметнага пошукам новых формаў і выкарыстаннем нетрадыц. матэрыялаў (мораны дуб з крышталём у рэстаране «Мінск» у г. Патсдам, Германія, 1976—77) і тэхнік (фларэнційская мазаіка на станцыі метро «Маскоўская», 1979—82; станцыі метро «Плошча Перамогі», 1984 і «Купалаўская», 1987—88, і інш.). Адзін з аўтараў комплекснага вырашэння інтэр’ераў Палаца Рэспублікі (з 1986).

В.Даўгала, У.​Стальмашонак. Свята зямлі беларускай. Вітраж. 1981.

т. 6, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПАТКЕ́ВІЧЫ,

гарадскі пасёлак у Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Пціч. За 35 км ад Петрыкава, 18 км ад чыг. ст. Пціч на лініі Калінкавічы—Лунінец, аўтадарогамі злучаны з г.п. Акцябрскі і з аўтадарогай Калінкавічы—Пінск. 3,6 тыс. ж. (1998).

З сярэдзіны 16 ст. сяло ў Мінскім ваяв. ВКЛ, належала Яланскім. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Мазырскага пав. У 1863 секвестраваны, з 1868 належалі ген. Цылаву. У 1886—368 ж., 58 двароў, правасл. і рымска-каталіцкая цэрквы, яўр. школа і малітоўны дом, млын, 3 крамы. У 1897—1768 ж. У 1924—31 і 1935—62 цэнтр Капаткевіцкага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты загубілі ў К. і раёне 2897 чал., 17.1.1942 адбыўся Капаткевіцкі бой 1942. У 1931—35 і з 1962 у Петрыкаўскім р-не. У 1972—2,6 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, малітоўны дом евангелістаў, аддз. сувязі. Магілы ахвяр фашызму, помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 8, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАНЯМО́НЬ», Гродзенская сядзіба «Панямонь»,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры позняга барока ў г. Гродна. Створана ў 1771 на ўсх. ускраіне горада, на правым беразе р. Нёман як загарадная рэзідэнцыя караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (арх. Ю.​Аляхновіч), перабудавана ў 19 ст. ў стылі класіцызму. Уключае сядзібны дом, парк, флігель, з Пд ансамбль абмежаваны ракой, з У і Пн — глыбокім ярам. Сядзібны дом 1-павярховы мураваны (пазней частка разбураных сцен заменена драўлянымі). Захаваўся фрагмент вуглавога эркера плаўнага абрысу з тонкім прафіляваным карнізам, здвоенымі пілястрамі з ляпнымі капітэлямі, гарыз. рустоўкай. У цэнтры гал. фасада — 4-калонная навісь (ранейшы порцік). Дваровы фасад упрыгожаны 4-калонным порцікам на высокім цокалі. Дом і адкрыты перад ім партэр размешчаны ў глыбіні пейзажнага парку, над стромкім берагам, умацаваным падпорнымі сценкамі тэрас. Парк разбіты перад палацам і па схілах яра. Уезд пазначаны капліцай рэтраспект.-гатычнага стылю (сярэдзіна 19 ст.). Гасп. і службовыя пабудовы вынесены па-за межы параднай часткі ансамбля і пастаўлены ў рад з зах. боку дома.

А.​М.​Кулагін.

Гродзенская сядзіба «Панямонь». З малюнка Н.​Орды. 19 ст.

т. 12, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАХЕ́ЦКІ СЯДЗІ́БНА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва сярэдзіны 19 ст. ў б. маёнтку Чахец (цяпер в. Каштанаўка Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.). У 1853—1939 належаў памешчыку А.​Ф.​Кернажыцкаму і яго нашчадкам па жаночай лініі Дзяконскім (з 1873). Мураваны сядзібны дом складаецца з 2 аб’ёмаў, мае рысы позняга класіцызму. Гал. аб’ём 1-павярховы, у плане выцягнуты прамавугольнік, пад 2-схільным дахам. Уваход аформлены 4-калонным порцікам. З боку паркавага фасада тэраса. Справа да гал. аб’ёму прымыкае 2-павярховы корпус. Дом моцна пашкоджаны. Парк (пл. 12 га) пейзажнага тыпу на раўнінным рэльефе. Перад домам партэрная ч. парку, за ім — ландшафтная, заканчваецца вадаёмам. Пераважаюць мясц. пароды дрэў, з экзотаў растуць хвоя веймутава, вяз амерыканскі, лістоўніца сібірская, бук лясны. Ансамбль знаходзіцца на тэр. Пружанскага агр.-тэхн. каледжа.

Літ.:

Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1975;

Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989;

Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. 2 wyd. Wrocław etc., 1992. T. 2. S. 31—32.

Ю.​В.​Бажэнаў.

Чахецкі сядзібна-паркавы ансамбль Сядзібны дом. Фота 1939.

т. 17, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯКЕ́ТАЎ Аляксей Мікалаевіч (3.3.1862, г. Харкаў, Украіна — 23.11.1941),

украінскі архітэктар, педагог. Засл. дз. маст. Украіны (1941). Сын М.М.Бякетава. Скончыў Пецярбургскую АМ (1885), яе акадэмік з 1894. Выкладаў у Харкаўскім буд. ін-це (з 1898 праф.). Працаваў у традыцыях рус. класіцыстычнай архітэктуры. Пабудаваў у Харкаве больш за 30 будынкаў, у т. л. забудова пл. Цевялёва (1898—1907), будынкі Зямельнага (1898) і Маскоўскага (1900) банкаў, юрыд. (1892) і с.-г. (1907—12) ін-таў, б-кі імя У.​Г.​Караленкі (1898), уласны дом (цяпер Дом вучоных, 1910). У 1930-я г. стварыў тыпавыя праекты жылых дамоў, школ і дамоў адпачынку для гарнякоў Данбаса.

т. 3, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСО́НСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры канца 19 — пач. 20 ст. ў г.п. Расоны Віцебскай вобл. Сядзібны дом пабудаваны памешчыкам Гласкам у стылі несапраўднай готыкі на беразе воз. Расона. Мураваны будынак складанай асім. аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі з рознавял. прамавугольных аб’ёмаў, гранёных эркераў, рызалітаў. Асн. 2-павярховы аб’ём завершаны ў цэнтры высокім ступеньчатым шчытом з люкарнай, да яго паўн. боку прылягае 3-ярусная вежа з поясам машыкуляў у завяршэнні, а паўд. — 1-павярховы аб’ём са ступеньчатым франтонам на тарцы. Аконныя праёмы, нішы і ліштвы маюць стральчатыя, паўцыркульныя і лучковыя арачныя завяршэнні. Фасады аздоблены рустам, аркатурай, фрызамі, гранёнымі вежачкамі з зубцамі.

А.​М.​Кулагін.

Расонская сядзіба. Сядзібны дом.

т. 13, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЕ́ЛЮБСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва ў в. Уселюб Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Пл. 11 га. Складаецца з участкаў рэгулярнай (канец 18 ст.) і пейзажнай (канец 19 — пач. 20 ст.) планіроўкі. На ПнУ на ўзвышшы стаяў сядзібны дом (не захаваўся). На У ад яго была рэгулярная ч. парку, на З — пейзажная з вял. лугам, вадаёмамі, дэкар. групамі і асобнымі дрэвамі. На беразе вял. штучнага вадаёма ў канцы 19 — пач. 20 ст. пастаўлены новы сядзібны дом, разбіты пладовы сад. Кампазіцыя парку засн. на кальцавых дарожках-маршрутах. Растуць пераважна дрэвы мясц. парод, з экзотаў — арэх шэры, лістоўніца еўрапейская.

В.​Р.​Анціпаў.

т. 16, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВО́НПАЛБСКАЯ СЯДЗІ́БА помнік сядзібна-паркавай архітэктуры барока ў в. Лявонпаль Міёрскага р-на Віцебскай вобл. Створана ў 1750 на левым беразе Зах. Дзвіны на заказ брэсцкага ваяводы М.​Лапацінскага. Арх. А.​Гену

(магчыма, Т.​Жаброўскі). У час паўстання 1831 пашкоджана. У 1919 сядзібны дом адрамантаваны і прыстасаваны пад касцёл (унутр. планіроўка зменена). Ансамбль мае сіметрычна-восевую кампазіцыю. На восі сядзібы пастаўлена брама з элементамі дарычнага ордэра. Сядзібны дом — мураваны 1-павярховы будынак з сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай структурай і 2-павярховай цэнтр. часткай, накрытай 2-схільным дахам з фігурнымі франтонамі на тарцах. Бакавыя выцягнутыя крылы з 2-схільнымі дахамі выступаюць на гал. і дваровым фасадах глыбокімі рызалітамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. У дэкар. аздобе выкарыстана ордэрная пластыка: канеліраваныя пілястры, прафіляваныя карнізы і абрамленні прамавугольных аконных праёмаў (мелі дэкор у стылі ракако),

рустоўка і інш. За домам і паўадкрытым дваром, які ўтваралі 2 мураваныя 2-павярховыя флігелі (захаваўся заходні), размешчаны прамавугольны фрагмент рэгулярнага тэраснага парку, абмежаванага каналамі; меліся лабірынты і звярынец, дэкар. скульптура. У 1791 у парку пастаўлена мемар. калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая. У 19 ст. паркавыя насаджэнні набылі пейзажную арг-цыю.

А.​М.​Кулагін.

Лявонпальская сядзіба. Сядзібны дом.

т. 9, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)