РЭКАНСТРУ́КЦЫЯ,

1) у тэксталогіі — аднаўленне тэксту літаратурнага помніка на падставе аналізу асобных яго частак, што захаваліся, а таксама інш. блізкіх паводле складу, зместу, стылю твораў. Будуецца на комплексным даследаванні ўсіх крыніц і фактаў, што тычацца пэўнага помніка, яго ідэйна-маст. накіраванасці, месца і часу ўзнікнення, аўтарства і інш. У адрозненне ад кантамінацыі, у выніку якой ствараецца зводны, кампіляцыйны тэкст, Р. гіпатэтычна ўзнаўляе канкрэтны этап у гісторыі твора, па магчымасці дакладна рэальны тэкст. Найб. удалае аднаўленне помніка мінулага — Р. Троіцкага летапісу (пач. 15 ст.; рукапіс згарэў у час пажару Масквы ў 1812), зробленая рус. гісторыкам М.​Прысёлкавым. У бел. тэксталогіі Р. карыстаюцца пры аднаўленні, напр., згубленых частак «Хронікі Быхаўца», за аснову бяруць «Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі» М.​Стрыйкоўскага і Галіцка-Валынскі летапіс.

2) У лінгвістыцы — гіпатэтычнае аднаўленне моўных форм і сістэм, якія зніклі, на аснове іх больш позніх адлюстраванняў і з улікам магчымых шляхоў моўнага развіцця. Упершыню гэты метад ужыты ў сярэдзіне 19 ст. А.​Шлайхерам для Р. індаеўрап. прамовы. Р. аб’ядноўвае некалькі метадычных працэдур: знешнюю (ці «параўнальную») Р., унутраную Р. і філал. метад. Знешняя Р. аперыруе данымі шэрагу роднасных моў (напр., рэгулярнасць адпаведнасці паміж слав. b, герм. β, лац. f, грэч. φ, санскрыцкім bh, хецкім p у гістарычна тоесных каранях дазваляе рэканструяваць індаеўрап. bh, які па-рознаму развіваўся ў мовах). Унутраная Р. выкарыстоўвае даныя адной мовы; яна — адзін з асн. прыёмаў узнаўлення гісторыі мовы. Філалагічны метад Р. заключаецца ў сістэмным даследаванні стараж. пісьмовых помнікаў на мовах той ці інш. генет. агульнасці з устаноўкай на выяўленне больш архаічных моўных форм, чым тыя, якія прадстаўлены ў сучасных мовах; падыходзіць толькі для тых моўных сем’яў, дзе існуе стараж. пісьмовая традыцыя (для індаеўрап. моў гэта хецкая, стараж.-грэч., лац., стараслав. мовы, санскрыт і інш.).

Літ.:

Лихачев Д.С. Текстология. 2 изд. Л., 1983;

Сравнительно-историческое изучение языков разных семей: Теория лингвист. реконструкции. М., 1988.

В.​А.​Чамярыцкі (у тэксталогіі).

т. 13, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯДО́МАСЦЬ І СТЫХІ́ЙНАСЦЬ,

філасофскія катэгорыі, якія характарызуюць працяканне працэсаў у грамадстве і прыродзе. Свядомасць характэрна для дзейнасці чалавека і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пастаўленымі мэтамі, стыхійнасць — для спантанных, ненаўмысных дзеянняў. У дзейнасці людзей яны спалучаюцца. У штодзённай практыцы дзейнасць чалавека, калектыву ці арг-цыі, накіраваная на задавальненне патрэбнасцей, носіць свядомы характар. У маштабах грамадства ўвогуле развіццё набывае стыхійны характар у сувязі з несупадзеннем інтарэсаў асобных людзей, сац. груп і рознай накіраванасцю іх дзейнасці. Вынікі рознанакіраваных стыхійных працэсаў у грамадстве непрадказальныя і часам могуць прыводзіць да разбуральных працэсаў (эканам., экалагічныя, паліт., духоўныя і інш. крызісы, войны, тэрарызм, рост злачыннасці, нац. і рэліг. экстрэмізм і інш.). Уласцівае прыродзе стыхійнае развіццё паслужыла асновай для з’яўлення высокаарганізаваных відаў раслін, жывёл, а потым і чалавека. Кожны арганізм развіваецца стыхійна і адначасова ўпарадкавана (у адпаведнасці з праграмай, закладзенай у малекулах ДНК клетачных ядраў). Пазітыўныя стыхійныя працэсы часта характэрны і для грамадства. Стыхійнасць у прыродзе і грамадстве звязана з іх здольнасцю да самаарганізацыі. Згодна з даследаваннямі ў галіне сінергетыкі, павышэнне арг-цыі ў самаарганізавальных сістэмах адбываецца спантанна, у пераломныя моманты якасных пераўтварэнняў, пад уплывам выпадковых абставін прыводзіць да стварэння новых арганізаваных структур. Эвалюцыю самаарганізавальных працэсаў дакладна прагназіраваць немагчыма. Стыхійныя працэсы самаарганізацыі ў грамадстве стрымліваюцца дзярж. законамі. Значную ролю ў свядомым рэгуляванні грамадскімі працэсамі і скарачэнні элементаў стыхійнасці адыгрываюць мадэліраванне сацыяльнае, прагназіраванне сацыяльнае. Аднак кантраляваць і планаваць усе сац. працэсы немагчыма. Правільнае разуменне суадносін паміж С. і с. ў грамадскіх з’явах дазваляе пазбегнуць гранічнага фаталізму і суб’ектыўнага валюнтарызму ў пазнанні сац. працэсаў.

Літ.:

Пригожин И., Стенгерс И. Порядок из хаоса: Новый диалог человека с природой: Пер. с англ. М., 1986;

Князева Е.Н., Курдюмов С.П. Синергетика как новое мировидение: диалог с И.​Пригожиным // Вопр философии. 1992. № 12;

Самоорганизация и наука: Опыт филос. осмысления. М., 1994.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 14, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЦВЁРТЫ З’ЕЗД КП(б)Б [XI канферэнцыя КП(б)Б]. Адбыўся ў Мінску 25.2—2.3.1921

(паводле некат. крыніц завяршыў работу 1.3.1921). Прысутнічала 110 дэлегатаў з рашаючым і 42 з дарадчым голасам ад 6 павятовых арг-цый і армейскіх часцей, што размяшчаліся на тэр. ССРБ. Яны прадстаўлялі 3000 чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦК КП(б)Б (І.​А.​Вайнер),

Рэвіз. камісіі КП(б)Б, Кантрольнай камісіі КП(б)Б, ЦК ЛКСМБ (Кузняцоў); даклады: Сацыяліст. рэспубліка ў капіталіст. акружэнні (А.​Р.​Чарвякоў); прафсаюзы, іх роля і задачы; пытанні парт. будаўніцтва (В.​Г.​Кнорын); міліцыйная сістэма і Чырв. Армія; Галоўпалітасвета і агітац.-прапагандысцкая работа (Кнорын); выбары. З’езд адзначыў неабходнасць умацавання сав. улады ва ўмовах капіталіст. акружэння, наладжвання больш цеснай работы парт. арг-цый з саюзамі моладзі і ўсямернай дапамогі ім. Асаблівая ўвага звернута на ўмацаванне парт. дысцыпліны, абавязковасць для «ўсіх арганізацый бясспрэчна кіравацца Статутам, дакладна і своечасова выконваць усе распараджэнні ЦБ». З’езд канстатаваў, што Чырв. Армія працягвае заставацца апорай сав. улады, але яна павінна быць рэарганізавана, колькасна скарочана і якасна палепшана. Асн. задачай Галоўпалітасветы павінна стаць «масавая камуністычная прапаганда і агітацыя»; усе паліт.-асв. аддзелы пры наркаматах падлягалі скасаванню. Гал. рашэнні з’езда прымаліся на аснове матэрыялаў, распрацаваных у ЦК РКП(б) і апублікаваных як праекты рэзалюцый X з’езда РКП(б). У іх праглядаецца курс на барацьбу з апазіцыяй і іншадумствам у партыі. З’езд выбраў ЦК КП(б)Б з 11 чл. і 4 канд. у чл., Кантрольную камісію з 3 чл. і 2 канд. у чл., Рэвіз. камісію з 3 чл. і 2 канд. у чл., 5 дэлегатаў з рашаючым і 5 з дарадчым голасам на X з’езд РКП(б).

Літ.:

Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2 (1921—1966). Мн., 1967;

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. 1918—1927. Мн., 1983.

В.​Ф.​Кушнер.

т. 17, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУЖА́Я МО́ВА,

1) выказванне іншай асобы, выкладзенае аўтарам або апавядальнікам. У залежнасці ад лексіка-сінтакс. сродкаў і спосабаў перадачы Ч.м. адрозніваюцца прамая мова, ускосная мова і няўласна-прамая мова. Шырокае выкарыстанне Ч.м. — характэрная асаблівасць мастацкага стылю і размоўнага стылю.

Кожная з разнавіднасцей Ч.м. мае свае стыліст. асаблівасці. Прамая мова, якая дакладна адлюстроўвае мову персанажа, а таксама ўключае словы аўтара, дапамагае пісьменніку адлюстраваць моўныя асаблівасці герояў, іх паводзіны, характар, зрабіць вобраз больш жыццёвым. Ускосная мова, якая перадае чужое выказванне з пункта гледжання і ад імя аўтара ці апавядальніка, дазваляе больш яскрава выказаць аўтарскую ацэнку падзеі, з’явы, паведамлення. У няўласна-прамой мове захоўваюцца асн. лексічныя, сінтакс. і інш. асаблівасці Ч.м., нярэдка выяўляюцца і адносіны аўтара да таго, што думае, гаворыць, робіць персанаж. Прыклады Ч.м.: «Калі вобыск быў скончаны, ротмістр строга сказаў Лабановічу: «Калі вы ў трохдзённы тэрмін не выедзеце самі, дык я вас арыштую і адашлю этапам да месца вашага пражывання» (Я.​Колас; прамая мова); «Калі вобыск быў скончаны, ротмістр катэгарычна заявіў Лабановічу, каб ён пакінуў горад, калі не хоча быць высланым па этапе» (ускосная мова); «Ротмістр скончыў вобыск і катэгарычна заявіў: халі Лабановіч у трохдзённы тэрмін не выедзе сам, дык яго арыштуюць і адашлюць этапам да месца яго пражывання» (няўласна-прамая мова).

2) Замежная мова ў тэксце мастацкага, навук., публіцыстычнага і інш. твораў. У маст. л-ры Ч.м. звычайна — выказванне персанажа на роднай або характэрнай для яго і чужой аўтарскаму апавяданню мове. У навук.-публіцыстычнай л-ры Ч.м. — цытацыя або ўстойлівыя выразы на замежнай мове. Ч.м. перадаецца літарамі адпаведнага замежнага алфавіта або літарамі аўтарскай мовы. Пераклад Ч.м. звычайна даецца ў падрадковых спасылках. Гл. таксама Варварызм.

Літ.:

Будагов Р.А. Литературные языки и языковые стили. М., 1967;

Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.

Л.​А.​Антанюк, Г.​Ф.​Вештарт.

т. 17, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛА́КТЫКА (ад познагрэч. galaktikos малочны, млечны),

гіганцкая зорная сістэма, да якой належаць Сонца і ўся Сонечная сістэма разам з Зямлёй. У яе ўваходзяць не менш за 100 млрд. зорак (іх агульная маса каля 10​11 мас Сонца), міжзорнае рэчыва (газ і пыл, маса якіх каля 0,05 масы ўсіх зорак), касм. часціцы, эл.-магн. і гравітацыйнае поле.

Структура Галактыкі неаднародная. Адрозніваюць 3 асн. падсістэмы: сферычную (гала) — шаравыя скопішчы, чырвоныя гіганты, субкарлікі, пераменныя зоркі тыпу RR-Ліры, якія рухаюцца вакол цэнтра мас Галактыкі па выцягнутых арбітах у разнастайных напрамках і не ўдзельнічаюць у вярчэнні галактычнага дыска; прамежкавую (дыск) — большасць зорак галоўнай паслядоўнасці, у т. л. Сонца, зоркі-гіганты, белыя карлікі, планетарныя туманнасці; скорасць іх вярчэння мяняецца з адлегласцю ад цэнтра; узрост — некалькі млрд. гадоў; плоскую (тонкі дыск ці спіральныя рукавы) — маладыя зоркі, міжзорны газ і пыл, доўгаперыядычныя цэфеіды, пульсары, многія галактычныя крыніцы гама-, рэнтгенаўскага і інфрачырвонага выпрамянення; узрост гэтых зорак не большы за 100 млн. гадоў, яны не паспелі значна аддаліцца ад месцаў свайго нараджэння, таму спіральныя галіны Галактыкі лічаць месцам утварэння зорак. Цэнтральная вобласць Галактыкі (ядро) знаходзіцца ў напрамку сузор’я Стралец і заслонена ад зямнога назіральніка міжзорнымі воблакамі касм. пылу і газу. Памеры ядра Галактыкі больш за 1000 пк. Яно з’яўляецца крыніцай магутнага радыевыпрамянення, што сведчыць пра актыўныя працэсы, якія адбываюцца ў ім. Самая знешняя частка сферычнай падсістэмы — карона Галактыкі радыусам каля 70 кпк і масай, у 10 разоў большай за масу ўсёй астатняй Галактыкі. Сонца, знаходзіцца на адлегласці 8,5 кпк ад цэнтра, амаль дакладна ў плоскасці Галактыкі, і аддалена ад яе на Пн прыблізна на 25 кпк Скорасць вярчэння Сонца вакол цэнтра Галактыкі 230 км/с. Для зямнога назіральніка зоркі канцэнтруюцца ў напрамку плоскасці Галактыкі і зліваюцца ў бачную карціну Млечнага Шляху. Знаходжанне Сонца паблізу плоскасці Галактыкі ўскладняе даследаванне нашай зорнай сістэмы.

Літ.:

Марочник Л.С., Сучков А.А. Галактика. М., 1984;

Воронцов-Вельяминов Б.А. Очерки о Вселенной. 8 изд. М., 1980;

Климишин И.А. Открытие Вселенной. М., 1987.

Н.​А.​Ушакова.

Да арт. Галактыка. Млечны Шлях на небасхіле.

т. 4, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫЯ ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫЯ АНСА́МБЛІ,

устойлівыя групы народных музыкантаў, аб’яднаных сумесным выкананнем. Вядомы многім народам свету. Нар. вызначэнні на Беларусі — музы́кі, музы́ка, капэла, кампанія, гурт, скамарохі, вясёлыя людзі (вясельныя музыканты). Ансамблевая ігра, якая суправаджала многія каляндарныя і сямейныя абрады, нар. святкаванні (бяседы, вечарынкі), — адна з даўніх форм бел. нар. выканальніцтва. Традыцыйныя ансамблі звычайна невял. складу (2—4 інструменты). Некаторыя з папулярных у мінулым інстр. складаў (дуда і скрыпка, скрыпка і вугольнік, скрыпка і басэтля, 3 скрыпкі і інш.) зніклі. У наш час існуюць ансамблі з інструментаў адной групы (т. зв. «струнная музыка» — 2 скрыпкі, скрыпка і балалайка, скрыпка і цымбалы) і розных (скрыпка і бубен, гармонік і скрыпка, скрыпка і кларнет, гармонік і цымбалы; цымбалы, гармонік, скрыпка і турэцкі барабан і інш.). У цэнтр. і зах. раёнах Беларусі пашыраны ансамблі большага складу — «аркестры» (скрыпкі, гармонік, балалайка, кларнет, барабан і бразготка; скрыпкі, цымбалы, баян, кларнет, бубен і інш.). Існуюць нар. духавыя аркестры, якія часцей трапляюцца ў невял. гарадах. пасёлках, вял. вёсках і абслугоўваюць значную тэрыторыю. Іх рэпертуар уключае вясельныя маршы, традыц. і сучасныя танцы і песні. У ансамблі дакладна вызначаны функцыі кожнага выканаўцы: напр., у ансамблі з 2 скрыпак і бубна 1-ы скрыпач «трымае вярхі», другі «туруе» (суправаджае), бубніст «паддае тахціку» (адбівае такт), «выбівае рытм»; у ансамблі са скрыпкі і цымбалаў скрыпач «вядзе матыў», цымбаліст спалучае меладычна-падгалосачную, рытмічную і гарманічную функцыі. У Н.і.а. рэалізуюцца розныя прынцыпы спалучэння ансамблевых галасоў — поліфанічны (падгалосачнага, кантрастнага відаў) і гамафонна-гарманічны з элементамі скрытай поліфаніі, што фарміраваліся ў залежнасці ад мясц. традыцый песенна-хар. шматгалосся, тыпу ансамбля і жанру музыкі. У апошні час назіраецца тэндэнцыя да значнай рухомасці ансамблевых складаў, абумоўленая знікненнем многіх традыц. інструментаў, актыўным асваеннем нар. музыкантамі новых (баяна, акардэона, саксафона, электрагітары), спалучэннем у адным ансамблі традыц. інструментаў з прафесійнымі (напр., гармонік, труба, бубен), увядзеннем у склад нар. духавога аркестра скрыпкі і гармоніка, пашырэннем мяшаных вак.-інстр. ансамбляў.

Літ.:

Назіна І.​Дз. Беларускія народныя музычныя інструменты. Мн., 1997.

І.​Дз.​Назіна.

т. 11, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ДЗЯРЖА́ЎНАЕ РАЗМЕЖАВА́ННЕ САВЕ́ЦКІХ РЭСПУ́БЛІК СЯРЭ́ДНЯЙ А́ЗІІ Праводзілася ў 1924—25 Рас. камуніст. партыяй і сав. дзяржавай з мэтай удасканалення нац.-дзярж. структуры СССР у адпаведнасці з прынцыпам нац. і дзярж. самавызначэння народаў у складзе саюзнай дзяржавы. Сав. дзярж. ўтварэнні, што існавалі на кастр. 1924 на тэр. Сярэдняй Азіі і ч. Казахстана (Туркестанская АССР, Бухарская і Харэзмская сацыяліст. сав. рэспублікі) сфарміраваліся ў межах былых адм. утварэнняў Рас. імперыі (адпаведна Туркестанскага ген.губернатарства, Бухарскага эмірата і Хівінскага ханства), якія не супадалі з этнічнымі межамі сярэднеазіяцкіх народаў — узбекаў, казахаў, туркменаў, таджыкаў, кіргізаў і інш. Па ініцыятыве мясц. кампартый у 1924 пастаўлена пытанне пра нац.-дзярж. размежаванне. Пасля яго адабрэння Сярэднеазіяцкім бюро і Палітбюро ЦК РКП(б) (12.6.1924) разгарнулася растлумачальна-агітацыйная кампанія. Пасля абмеркавання на мясц. з’ездах і курултаях у 1924—25 на месцы скасаваных Туркестанскай АССР, Бухарскай і Харэзмскай сацыяліст. сав. рэспублік утвораны і размежаваны, у асн. паводле этн. прынцыпу, Узбекская ССР, Туркменская ССР (абедзве 27.10.1924), Таджыкская АССР (14.10.1924) у складзе Узбекскай ССР, Кара-Кіргізская аўт. вобласць (14.10.1924) у складзе РСФСР (25.5.1925 перайменавана ў Кіргізскую аўт. вобласць, 1.2.1926 у Кіргізскую АССР). Каракалпакская аўт. вобласць (утворана 16.2.1925) і раёны Туркестанскай АССР, населеныя казахамі, увайшлі ў Казахскую АССР (да крас. 1925 наз. Кіргізская АССР) у складзе РСФСР. У далейшым Таджыкская (у 1929), Казахская і Кіргізская АССР (абедзве ў 1936) пераўтвораны ў саюзныя сав. сацыяліст. рэспублікі, а Каракалпакская аўт. вобласць у Каракалпакскую АССР (у 1932) у складзе РСФСР, з 1936 — Узбекскай ССР. Этн. цераспалосіца ў Сярэдняй Азіі не заўсёды дазваляла дакладна вызначыць межы новых нац.-дзярж. і нац.-адм. утварэнняў, што стварыла ў рэгіёне крыніцу напружанасці і будучых канфліктаў. У той жа час у выніку нац.-дзярж. размежавання 1924—25 і наступных (да 1936) пераўтварэнняў асн. сярэднеазіяцкія нацыі — узбекі, казахі, туркмены, кіргізы, таджыкі, дагэтуль падзеленыя штучнымі межамі, набылі ўласную нац. дзяржаўнасць (у межах СССР), што стварыла перадумовы для ўтварэння пасля распаду СССР сучасных незалежных дзяржаў Сярэдняй Азіі.

Е.​Ф.​Саўчук.

т. 11, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙРАЛІНГВІ́СТЫКА,

навука, што склалася на стыку псіхалогіі, неўралогіі і лінгвістыкі (гл. Мовазнаўства); вывучае мазгавыя механізмы моўнай дзейнасці і змены ў моўных працэсах пры лакальных паражэннях мозга. Эпізадычныя назіранні афазіі (парушэнні маўленчых паводзін) вяліся ўжо ў сярэднявеччы. Сістэм. вывучэнне пачалося ў 1861 (праца франц. анатама П.​Брака па маторнай афазіі). У слав. лінгвістыцы адным з першых цікавасць да фактаў маўленчай паталогіі праявіў І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ («З паталогіі і эмбрыялогіі мовы», 1885). Ідэі Н. развіваліся ў працах Л.​Блумфілда, В.​Дарашэўскага, А.​Р.​Лурыі, Р.​В.​Якабсона і інш., дзе яе аб’ектам сталі не толькі афазіі, а моўныя паводзіны чалавека ў цэлым. Пры гэтым мова разглядаецца як сістэмная функцыя, а афазія — як сістэмнае парушэнне, звязанае з дэфектамі і функцыян. пабудовай работы мозга па кампенсацыі парушанай функцыі. Клінічныя назіранні дазволілі выявіць пашкоджанні асн. тыпаў нерв. структур, звязаных з моўным механізмам: маторная, сенсорная, семантычная і дынамічная афазіі, агнозіі, апраксіі і дызартрыі. Асн. метад даследаванняў у Н. — назіранні над маўленчымі паводзінамі хворага ў розных умовах: пераказы тэкстаў, расказы, чытанне, пісьмо, выкарыстанне розных тэстаў і інш. Па меры паглыблення навукі і ўдасканалення тэхн. сродкаў, інструментаў і рэактываў для назірання за мозгам узніклі новыя метады. З 2-й пал. 20 ст. Н. — адзін з аспектаў комплекснага вывучэння знакавых паводзін чалавека, структуры свядомасці, ступеней яе свабоды, суадносін фундаментальных прынцыпаў і ўласцівасцей самога чалавека і яго свядомасці і інш. Сучасная Н. аб’ядноўвае ў адной навук. парадыгме фундаментальныя прынцыпы і катэгорыі розных навук — мовазнаўства, нейрапсіхалогіі, нейрафізіялогіі, біялогіі, фізікі, псіхалогіі, псіхалінгвістыкі, філасофіі, матэматыкі, касмалогіі і інш. Даследаваная ў Н. структура слова і мовы ўключае ўсе вядомыя фундаментальныя іх элементы і структурныя ўласцівасці, дакладна адлюстроўвае будову мозга і асаблівасці ажыццяўлення мыслення ў ім, дае ўяўленне пра структуру свядомасці, тлумачыць структурнае падабенства генет. кода і прыроднай мовы, знаходзіць сваё пацвярджэнне ў асаблівасцях структуры планет, галактык, электрамагнітных і гравітацыйных узаемадзеянняў і інш.

Літ.:

Лурия А.Р. Основные проблемы нейролингвистики. М., 1975;

Гируцкий А.А., Гируцкий И.А. Основы нейролингвистики Мн., 1998;

Гируцкий А.А. Наука и религия. Мн., 1999.

А.​А.​Гіруцкі.

т. 11, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ПРАСЛЬСКІ РУ́КАПІС,

назва розных рукапісных зборнікаў — помнікаў усх.-слав. пісьменства. Да 19 ст. зберагаліся ў б-цы Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра (адсюль назва). Найб. вядомыя і каштоўныя: Зборнік жыцій і пропаведзяў 11 ст. Напісаны стараслав. мовай на пергаменце (285 лістоў). Месца ўзнікнення дакладна невядома. Мяркуюць, што рукапіс балг. паходжання. Уяўляе сабой чэццю-мінею (кнігу для чытання) на сакавік. Змяшчае 24 жыціі і 24 словы-павучанні, у т. л. 20 слоў Іаана Златавуста. Разам з Тураўскім евангеллем і інш. рукапісамі 11 ст. гэты зборнік — адзін з самых стараж. помнікаў усх.-слав. пісьменства. Адкрыў і даследаваў М.К.Баброўскі. У 19 ст. падзелены на 3 часткі, якія зберагаюцца ў Варшаве (151 ліст), Любляне (118 лістоў) і С.-Пецярбургу ў Рас. нац. б-цы (16 лістоў). У зарубежнай навук. л-ры гэты зборнік называюць Супрасльскім кодэксам (Codex Suprasliensis). Летапісны зборнік 1-й пал. 16 ст. Складаецца з рус. скарочанага летапісу, блізкага да Аўрамкі летапісу, кароткай летапіснай выбаркі па гісторыі Русі і ВКЛ пачынаючы з 862 і гіст. запісаў пра падзеі канца 15 — пач. 16 ст. на Беларусі, у Кіеве і на Валыні (гл. Валынскі кароткі летапіс). Упершыню апубл. ў 1836 М.​Я.​Абаленскім. Зберагаецца ў Маскве ў Рас. дзярж. архіве стараж. актаў. Зборнік 1519 змяшчае свецкія і рэліг. творы, у т. л. самы поўны спіс 2-й рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446 (гл. Супрасльскі летапіс), пераклад на бел. мову Вісліцкага статута польск. караля Казіміра III Вялікага, «Кіева-Пячэрскі пацярык» і інш. Перапісаны ва ўсх. Беларусі пісцом Рыгорам для кн. С.​Адынцэвіча, радаслоўе якога змешчана ў канцы рукапісу. Адкрыты Баброўскім. Зберагаецца ў архіве С.-Пецярбургскага філіяла Ін-та рас. гісторыі Рас. АН.

Літ.:

Супрасльская рукопись, содержащая Новгородскую и Киевскую сокращенныя летописи. М., 1836;

Бобровский П.О. Судьба Супрасльской рукописи, открытой... М.​К.​Бобровским. СПб., 1887;

Северьянов С. Супрасльская рукопись. Т. 1. СПб., 1904;

Супрасълски или Ретков сборник. Т. 1—2. София, 1982—83.

А.​В.​Чамярыцкі.

т. 15, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЛЬВА́РАК (польск. folwark ад ням. Vorwerk хутар),

від феад. зямельнага ўладання ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай: двор феадала з комплексам будынкаў і ўгоддзяў. Стварэнне Ф. найперш было выклікана значным ростам попыту на збожжа ў краінах Зах. Еўропы ў канцы 15 — пач. 16 ст. Каб скарыстаць спрыяльную сітуацыю і павялічыць вытворчасць таварнага збожжа, урад ВКЛ пачаў рэарганізацыю гаспадаркі, адной з састаўных частак якой стала пашырэнне старых панскіх двароў і стварэнне Ф. Умовы стварэння Ф. вял. кн. Жыгімонт II Аўгуст агаварыў ва «Уставе на валокі» 1557. Паводле гэтага дакумента Ф. уяўляў сабой феад. гаспадарку (панскі двор з жылымі і гасп. пабудовамі, ворныя і інш. ўгоддзі), заснаваную на працы прыгонных сялян і арыентаваную на вытв-сць збожжа на продаж. Велічыні фальварковага і сялянскага ворыва суадносіліся як 1:7. Кожная сялянская сям’я атрымлівала зямельны надзел памерам у валоку ці яе частку, з якой выконвала дакладна вызначаныя павіннасці. Найб. поўнае ўяўленне пра Ф. даюць інвентары — вопісы феад. уладанняў. У 16 ст. Ф. сталі асновай гаспадарання ў зах. і цэнтр. Беларусі (усх. Беларусь у час актыўнага правядзення агр. рэформы была ахоплена Лівонскай вайной 1558—83, і гал. павіннасцю дзярж. сялян тут была даніна для забеспячэння гарнізонаў і войск). У выніку пераводу феад. гаспадаркі на фальваркова-паншчынную сістэму значна вырасла вытв-сць збожжа і ВКЛ стала адным з асн. яго пастаўшчыкоў у Зах. Еўропу. Заняпад фальваркова-паншчыннай сістэмы на Беларусі адбыўся ў сувязі з войнамі сярэдзіны 17—пач. 18 ст., калі ў выніку страты значнай колькасці насельніцтва і цяглай жывёлы не было магчымасці для апрацоўкі значных абшараў панскага ворыва і сяляне пераводзіліся на грашовую рэнту. Новае яе пашырэнне адбылося ў сувязі з правядзеннем Тызенгаўза рэформы. Фальваркова-паншчынная сістэма гаспадарання пачала знікаць у дзярж. уладаннях з правядзеннем агр. рэформы П.​Дз.​Кісялёва ў 1830—50-х г., канчаткова спыніла сваё існаванне пасля сялянскай рэформы 1861. Пасля гэтага тэрмін «Ф.» ужываўся пераважна ў вузкім значэнні гэтага слова як назва паселішча ці сядзібы — панскага двара з пабудовамі.

В.​Ф.​Голубеў.

т. 16, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)