ГУМО́ЎСКІ ((Gumowski) Марыян) (30.9.1881, в. Красценка-над-Дунайцам Новасандэцкага ваяв., Польшча — 1.11.1974),

польскі нумізмат, гісторык, музеязнаўца. З 1900 дырэктар музея Чапскіх і хавальнік Нац. музея (Кракаў). У 1909—19 рэдактар час. «Wiadomości Numizmatyczno-Archeologiczne» («Нумізматычна-археалагічныя паведамленні»). У 1919—32 дырэктар Велікапольскага музея ў Познані. Пасля 2-й сусв. вайны выкладаў у Торуньскім ун-це нумізматыку і стараж. гісторыю (да 1955). Аўтар каля 400 прац і паведамленняў з галіны нумізматыкі, сфрагістыкі, геральдыкі, гісторыі і мастацтва («Медалі Ягелонаў», 1906; «Пячаткі польскіх каралёў», 1910; «Падручнік польскай нумізматыкі», 1914; «Гербы польскіх гарадоў», 1960; манаграфіі па гісторыі польскіх манетных двароў і інш.).

т. 5, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕДЭМА́Н (Ота Магнусавіч) (29.4.1887, в. Мнішчызна Рэчыцкага пав. Мінскай губ. — 16.5.1937),

бел. гісторык, краязнавец, прыродазнавец, педагог. Скончыў Гомельскую гімназію; з Кіеўскага ун-та выключаны за ўдзел у рэв. руху. З 1922 працаваў настаўнікам у Браславе, з 1928 у Вільні. Збіраў матэрыялы па гісторыі Браслаўшчыны, вывучаў магдэбургскае права, развіццё гандлю і рамёстваў, сац. структуру і маёмасныя адносіны насельніцтва ў гарадах Сярэдняга Падзвіння, лясныя промыслы і водныя шляхі на Беларусі 17—18 ст., гісторыю Белавежскай пушчы. Даследаваў гісторыю гарадоў і мястэчак Беларусі.

Тв.:

Historja powiayu Brasławskiego. Wilno, 1930;

Dawne puszcze i wody. Wilno, 1934.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 5, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА,

ваенна-адм. адзінка, тэр. агульнавайсковае аб’яднанне, у якое ўваходзяць злучэнні, часці, ваенна-навучальныя і розныя мясц. ваенныя ўстановы. Падзел тэр. краіны на ваенныя акругі практыкуецца ў многіх дзяржавах і мае на мэце забяспечыць правядзенне мерапрыемстваў, звязаных з падрыхтоўкай краіны і ўзбр. сіл на выпадак вайны, больш мэтанакіравана арганізаваць падрыхтоўку войск і штабоў. Бываюць прыгранічныя і ўнутраныя В.а., звычайна іх называюць па найменнях гарадоў або мясцовасці, дзе дыслацыруюцца іх упраўленні. У СССР (паводле стану на 1991) існавала 16 ваенных акруг, адной з якіх была Беларуская ваенная акруга, на базе якой створаны Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь.

т. 3, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́КІНГІ,

скандынавы — удзельнікі марскіх гандл. і заваёўніцкіх паходаў у канцы 8 — сярэдзіне 11 ст. ў краіны Еўропы. Напачатку займаліся пераважна гандл. абменам і рабаўніцтвам. У 10 ст. ўзніклі трывалыя дружыны вікінгаў, якія на мяжы 10 і 11 ст. ўвайшлі ў дзярж. механізм скандынаўскіх дзяржаў, што ў той час складваліся. Як сац. група вікінгі зніклі ў 11 ст. ў сувязі са стабілізацыяй феад. дзяржаў, умацаваннем гарадоў і купецтва, якое супрацьстаяла вікінгам. У Зах. Еўропе вікінгаў называлі нарманамі, на Русі — варагамі.

Судна вікінгаў. Рэканструкцыя паводле рэшткаў судна з кургана ў Гокстадзе (Нарвегія, 9 ст.).

т. 4, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ННАЯ МАНАПО́ЛІЯ,

выключнае права дзяржавы на выраб спіртных напіткаў і гандаль імі. Займае важнае месца ў сістэме падаткаабкладання даходаў на карысць дзяржавы за кошт тавараў усеагульнага спажывання. У ВКЛ выключнае права на выраб і продаж спіртных напіткаў належала вял. князю, які перадаваў яго пэўным феадалам і мяшчанству гарадоў. У Расіі вінная манаполія вядома з 16 ст., канчаткова замацавалася ў канцы 19 ст., калі з 1894 па ініцыятыве міністра фінансаў С.​Ю.​Вітэ пачала праводзіцца піцейная рэформа (з 1897 у Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губ.). У СССР частковая вінная манаполія дзейнічала з 1923.

т. 4, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПАЧО́Ў (Яфрэм) (Афроім) Майсеевіч (10.7.1914, г. Трубчэўск Бранскай вобл., Расія —18.8.1988),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1970). Скончыў Варонежскі пед. ін-т (1937). У 1940—41 дырэктар Цэнтр. дзярж. архіва Літ. ССР. З 1946 дырэктар Цэнтр. дзярж. архіва Кастр. рэвалюцыі БССР, у 1953—85 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Навук. працы па сац.-эканам. развіцці гарадоў Беларусі 17—18 ст.

Тв.:

Феодальные юридики в королевских городах Белоруссии XVII—XVIII вв. // Сов. славяноведение. 1968. № 6;

Узнікненне і развіццё Слуцкай вотчыннай мануфактуры шаўковых паясоў // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1982. № 3.

т. 8, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́СКА (Cuzco, Cusco),

горад на Пд Перу, на пласкагор’і Пуна, на выш. каля 3400 м. Адм. ц. дэпартамента Куска. Адзін з найстарэйшых гарадоў Амерыкі (паводле арх. звестак заснаваны раней 11 ст.). 275 тыс. ж. (1990). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Аэрапорт. Гандл. цэнтр с.-г. раёна. Прам-сць: тэкст., харч., гарбарна-абутковая. Саматужныя промыслы. Ун-т (1692). Музеі, у т. л. музей Ін-та археалогіі Нац. ун-та (стараж. і калан. мастацтва), Музей віцэ-каралеўства. Руіны інкскіх палацаў і храмаў, сабор (16—17 ст.), манастыры, цэрквы, жылыя дамы (16—18 ст.). Турыстычны цэнтр. К. ўключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.

т. 9, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛІ (Мікалай Джэмсавіч) (Якаўлевіч; 17.8.1894, Масква — 3.12.1966),

расійскі архітэктар. Правадз. чл. Акадэміі архітэктуры СССР (з 1950) і Акадэміі буд-ва і архітэктуры СССР (з 1957). Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве (1922). У 1920—41 выкладаў у маскоўскіх вышэйшым тэхн. вучылішчы імя Баўмана, арх. ін-це. Сярод работ: асн. збудаванні Днепрагэса (у сааўт.) і жылыя кварталы ў г. Запарожжа (1927—31) на Украіне, станцыі метро «Кіраўская» (1935) і «Павялецкая-кальцавая» (1949) у Маскве, праекты аднаўлення гарадоў Цвер (1945), Рыга (1946) і інш. Адзін з аўтараў «Эскіза планіроўкі Мінска» (1944), праекта стадыёна «Дынама» ў Мінску (1947—54).

т. 8, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗДЗІ́ТАЎ,

старажытны горад. Упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252. Найб. верагодна, што першапачаткова горад размяшчаўся за 4 км на Пд ад сучаснай в. Здзітава Бярозаўскага р-на, каля в. Старамлыны, дзе на правым беразе р. Ясельда захаваліся рэшткі гарадзішча 11—13 ст. Гарадзішча займала ізаляваны ўзгорак пл. больш за 1 га ў нізіннай, месцамі забалочанай пойме ракі. З усх. і зах. бакоў да яго прымыкае стараж. селішча пл. каля 3 га. У выніку археал. раскопак (1971, Я.​Г.​Звяруга) на гарадзішчы выяўлены прадметы, блізкія да матэрыяльнай культуры гарадоў Тураўскай зямлі і Бел. Панямоння.

Я.​Г.​Звяруга.

т. 7, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́НІЯ (Iónia),

каланізаваная іанійцамі ў 11—9 ст. да н.э. вобласць у цэнтр. ч. зах. ўзбярэжжа М. Азіі (з прылеглымі астравамі) паміж гарадамі Факея і Мілет. Зручныя гавані садзейнічалі развіццю гандлю і рамяства ў гарадах І., якія знаходзіліся на перакрыжаванні шляхоў паміж Усходам і Захадам. Высокая культура гарадоў І. паўплывала на культ. развіццё ўсёй Грэцыі. У 6 ст. да н.э. тэр. І. заваявана Лідыяй, пасля 546 — персамі, у 4 ст. да н.э. пад уладай Македоніі, з 2 ст. да н.э. — Рыма. Радзіма філосафаў Фалеса, Анаксімандра, Анаксімена, паэтаў Гамера, Анакрэонта, гісторыкаў Герадота, Дыянісія Галікарнаскага.

т. 7, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)