ПУ́ШКІНСКІЯ ГО́РЫ,

пасёлак гар. тыпу ў Пскоўскай вобл. ў Расіі. Засн. ў 16 ст. 7,1 тыс. ж. (1998). Ільноапр., хлеба- і масларобны з-ды, харч. камбінат і інш. Радовішчы вапняку, гліны. Музей-запаведнік А.​С.​Пушкіна, у склад якога ўваходзяць сёлы Міхайлаўскае, Трыгорскае, Пятроўскае, гарадзішчы Вароніч і Саўкіна Горка, Святагорскі манастыр (засн. ў 1569), магіла паэта. Штогадовае Пушкінскае свята. Турызм.

т. 13, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗЮКІ́,

вёска ў Шаркаўшчынскім р-не Віцебскай вобл., каля р. Бярозаўка, на аўтадарозе Шаркаўшчына — Глыбокае. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 5 км на Пд ад гар. пас. і чыг. ст. Шаркаўшчына, 213 км ад Віцебска. 588 ж., 249 двароў (2001). Прадпрыемства па пашыве скуранога адзення. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКАНА́ЎЧЫ КАМІТЭ́Т (выканком) Савета дэпутатаў,

выканаўчы і распарадчы орган мясц. кіравання агульнай кампетэнцыі ў Рэспубліцы Беларусь і некаторых краінах СНД. На Беларусі ўтвараецца на тэр. вобласці, раёна, горада, раёна ў горадзе, пасёлка, сельсавета на тэрмін паўнамоцтваў адпаведнага Савета. Старшыня абл. і Мінскага гар. выканаўчага камітэта назначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь з наступным зацвярджэннем на сесіі абл. (Мінскага гарадскога) Савета. Старшыні ніжэйстаячых выканаўчых камітэтаў адносна абл. і Мінскага гар. выканаўчых камітэтаў назначаюцца старшынямі вышэйстаячых выканаўчых камітэтаў у тым жа парадку. У склад выканаўчага камітэта ўваходзяць намеснікі старшыні выканаўчага камітэта, кіраўнік спраў (сакратар) і члены выканаўчага камітэта, якія назначаюцца старшынёй адпаведнага выканаўчага камітэта па ўзгадненні з вышэйстаячым выканаўчым і распарадчым органам. У склад выканаўчага камітэта мясц. Савета могуць уваходзіць дэпутаты гэтага Савета. Выканаўчы камітэт падсправаздачны і падкантрольны вышэйстаячаму выканаўчаму і распарадчаму органу, а таксама падсправаздачны адпаведнаму мясц. Савету па пытаннях, аднесеных да кампетэнцыі Савета. Парадак дзейнасці і кампетэнцыі выканаўчых камітэтаў розных узроўняў вызначаны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» ад 20.2.1991 з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі і інш. нарматыўнымі актамі.

Г.​А.​Маслыка.

т. 4, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА АМА́ТАРАЎ ПРЫРОДАЗНА́ЎСТВА, ЭТНАГРА́ФІІ І АРХЕАЛО́ГІІ.

Існавала ў 1912—15 у Мінску. Яго праграма прадугледжвала навук. вывучэнне прыроды краю, гісторыка-археал. даследаванні, ахову помнікаў прыроды, пашырэнне прыродазнаўча-гіст. і геагр. ведаў на тэр. Мінскай губ. Размяшчалася ў памяшканні Мінскай губ. земскай управы і гімназіі К.​В.​Фальковіча, з 1913 — у Мінскім гарадскім музеі. Кіравалася радай з 6 чал. 1-ы старшыня — дырэктар Мінскай балотнай доследнай станцыі А.​Ф.​Флёраў, члены: урачы А.​П.​Грацыянскі і С.​М.​Урванцоў, інж.-тэхнолаг, чл. гар. управы Ф.​Цывінскі, кіраўнік Упраўлення земляробства і дзярж. маёмасцей Мінскай губ. І.​М.​Шэмігонаў, старшыня губ. казённай палаты Ф.​М.​Ястрэмскі і інш. Члены т-ва займаліся навук. работай, чыталі даклады па медыцыне, геалогіі, глебазнаўстве, флоры і фауне Беларусі, праблемах зберажэння нар. багаццяў. Т-ва падтрымлівала сувязі з шэрагам ун-таў і т-ваў. У 1914 выдала навук. зб. «Весці». Сабрала калекцыі стараж. кніг, манет, мінералаў, бел. нац. адзення, гербарыі, якія захоўваліся ў створаным т-вам гар. музеі. Спыніла дзейнасць у сувязі з падзеямі 1-й сусв. вайны.

З.​В.​Шыбека.

т. 10, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСВІ́ЦІСЫ (Nasvytis),

літоўскія архітэктары, браты (н. 8.4.1928, г. Каўнас, Літва). Нар. архітэктары Літвы (1982). Скончылі Маст. ін-т Літвы (1952). Альгімантас, засл. будаўнік Літвы (1965). З 1961 у Ін-це праектавання гар. буд-ва, з 1980 выкладае ў інж.-буд. ін-це ў Вільнюсе. Адзін з аўтараў праектаў дэталёвай планіроўкі і забудовы Вільнюса (грамадскі цэнтр на правым беразе р. Нярыс, 1964; цэнтр горада, 1974; Дом быту, 1975; зона з пл. Тарыбу на левым беразе р. Нярыс, 1980). Дзярж. прэмія Літвы 1965. Вітаўтас, засл. дз. маст. Літвы (1965). З 1953 выкладчык Маст. ін-та Літвы, з 1960 у Ін-це праектавання гар. буд-ва ў Вільнюсе. У сааўт. стварыў праект вучэбнага корпуса Маст. ін-та Літвы (1981). Разам з братам працуюць над праектаваннем і рэканструкцыяй грамадскіх будынкаў і іх інтэр’ераў: кавярня «Нярынга» (1956—59), будынак Вярх. Савета Літвы (1976—81), гасцініца «Летува» (1976—83), рэканструкцыі будынкаў гасцініцы «Нярынга» (1960), паштамта (1969), Т-ра драмы Літвы (1974—81) у Вільнюсе і інш. Пабудовы Н. вызначаюцца рацыянальнасцю планіроўкі, утульнасцю і стрыманасцю каларыту інтэр’ераў. Абодвум Дзярж. прэмія Літвы 1971, Дзярж. прэмія СССР 1983.

т. 11, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСТА́ЎНІЦКІЯ ІНСТЫТУ́ТЫ,

педагагічныя навуч. ўстановы ў 1872—1918, якія рыхтавалі настаўнікаў для гар. вучылішчаў, з 1912 — для вышэйшых пач. вучылішчаў. Існавалі Н.і.: Віленскі хрысц. (з 1873), Віленскі яўр. (з 1875), Віцебскі (з 1910), Магілёўскі (з 1913), Мінскі (з 1914). У Н.і. прымаліся мужчыны правасл. (а ў яўрэйскія — іудзейскага) веравызнання, якія працавалі настаўнікамі пач. школ не менш за 2 гады. Тэрмін навучання — 3 гады. Пры ін-тах існавалі ўзорныя гар. вучылішчы, дзе навучэнцы Н.і. праходзілі пед. практыку, з 1915 дзейнічалі аднагадовыя пед. курсы, куды прымалі і жанчын. У 1918—19 Н.і. рэфармаваны ў пед. ін-ты. Н.і. наз. таксама пед. навуч. ўстановы, у якіх у 1930—50-я г. рыхтавалі настаўнікаў для 5—7-х класаў 7-гадовых і сярэдніх школ. Яны ствараліся ў сувязі з пераходам да ўсеагульнага 7-галовага навучання ў СССР. На Беларусі ў 1936 Н.і. арганізаваны ў Мінску. (у 1947 пераведзены ў Маладзечна), Віцебску, Гомелі, Оршы, Рагачове, у 1937 — у Магілёве, у 1940 — у Баранавічах, Гродне, Пінску, у 1945 — у Брэсце. У 1950-я г. пераўтвораны ў пед. ін-ты або пед. вучылішчы.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 11, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́СПЛУНД ((Asplund) Эрык Гунар) (22.9.1885, Стакгольм — 20.10.1940),

шведскі архітэктар. Вучыўся ў Каралеўскім тэхнал. ін-це і ў АМ у Стакгольме (да 1909). Збудаванні Асплунда 1920-х г. (Гар. б-ка ў Стакгольме, 1924—27) — узоры неакласіцызму. У 1930-я г. пачынальнік функцыяналізму ў Швецыі (Бактэрыялагічны ін-т у Стакгольме, 1933—37). Асплунд спалучаў класічную раўнавагу кампазіц. вырашэнняў будынкаў і ансамбляў з выкарыстаннем сучасных канструкцый і буд. матэрыялаў.

т. 2, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХІЧХА́ТРА,

старажытна-індыйскі горад у даліне р. Ганг (штат Утар-Прадэш, Паўн. Індыя). Паводле эпасу «Махабхарата», быў сталіцай Паўдн. Панчалаў. Даўжыня гар. валоў, пабудаваных каля 500 да нашай эры, каля 5,6 км. Раскопкамі выяўлена 9 буд. гарызонтаў, верхні датуецца канцом 11 — пач. 12 ст. У ніжніх гарызонтах выяўлены збудаванні з сырцовай цэглы, некалькі храмаў эпохі Гупта (4—6 ст.). У 9—11 ст. Ахічхатра заняпала.

т. 2, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛБЖЫХ (Wałbrzych),

горад на ПдЗ Польшчы, у Судэтах. Адм. ц. Валбжыхскага ваяводства. Гар. правы атрыманы каля 1400. 140,3 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр Ніжнесілезскага кам.-вуг. басейна. Коксахімія, маш.-буд., шкларобная прам-сць. ЦЭС. 2 тэатры, філармонія. Горны музей. Сярэдневяковы замак, палацы і касцёлы 17—19 ст. Каля Валбжыха — горны бальнеакліматычны курорт Шчаўна-Здруй.

Старажытная гандлёвая плошча ў цэнтры г. Валбжых.

т. 3, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЧАРЫ́НКА, вечарына,

у беларусаў даўні звычай сялянскай моладзі збірацца вечарамі, асабліва ў нядзелю або свята, на танцы і гульні. Наладжвалі вечарынкі пераважна зімой у прасторнай хаце або карчме. У грамадскім побыце дарэв. вёскі — найбольш даступная магчымасць сустрэч моладзі. Бытавалі вечарынкі і ў гар. асяроддзі. На пач. 20 ст. ў гарадах і мястэчках вечарынкі выкарыстоўвалі аматарскія гурткі для папулярызацыі бел. л-ры і мастацтва (т.зв. Беларускія вечарынкі).

т. 4, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)