Джавані Балонья (Giovanni Bologna; сапр.Жан дэ Булонь; Jean de Boulogne; 1529, г. Дуэ, Францыя — 13.8.1608), італьянскі скульптар, прадстаўнік маньерызму. У 1554 або 1555 прыехаў у Рым, дзе, верагодна, вучыўся ў Мікеланджэла. Працаваў у Фларэнцыі пры двары Медычы, а таксама ў Балонні, Генуі. Выконваў багата дэкарыраваныя фантаны, скульпт. групы і статуі, статычныя конныя помнікі («Нептун», Балоння; «Козіма I Медычы», 1593, Фларэнцыя). Развіваючы ідэі Б.Чэліні, імкнуўся да стварэння «ідэальна круглай» скульптуры з уласцівай ёй прасторавай свабодай і магчымасцю ўсебаковага агляду (спіралепадобная па кампазіцыі група «Выкраданне сабінянак», 1583, Фларэнцыя), да арган. сувязі з прыродным асяроддзем («Алегорыя Апенін», Праталіна). Манерная вытанчанасць прапорцый і рухаў, дынамічнасць кампазіцыі, віртуозная дакладнасць апрацоўкі матэрыялу («Меркурый», 1564, Балоння, і 1580, Фларэнцыя) спалучаюцца ў Дж. з натуралістычнымі эфектамі (статуі птушак для грота вілы ў Кастэла, Фларэнцыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЛІ́НІЧЫ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ герба «Корчак» у ВКЛ. Паходзілі, магчыма, з правасл. баярства Северскай зямлі. У сярэдзіне 15 ст. вядомы Яцка І., які атрымаў ад вял. князя Казіміра пацвярджэнне «отчины и дедины» ў Старадубскім і Радагошчанскім пав., с. Пожанка ў Клецкім княстве. Верагодна, яго братам быў Іван I. (? — каля 1490), намеснік драгічынскі (каля 1475), віцебскі (1482), смаленскі (1487). У канцы жыцця набыў Мір. Меў сыноў Мікалая і Юрыя, ад якіх пайшлі дзве галіны роду. Мікалай (? — каля 1500) быў намеснікам мінскім (1494), маршалкам гаспадарскім (1495), намеснікам смаленскім (1499). Юрый (? — 1527) быў маршалкам гаспадарскім і намеснікам лідскім (1500, паўторна прызначаны ў 1510), брэсцкім (1510), ковенскім (1514), маршалкам дворным (1519). Каля 1510 пабудаваў Мірскі замак. Яго ўнук Юрый (каля 1535 — каля 1565), апошні прадстаўнік роду І., з 1555 карыстаўся тытулам графа на Міры. Асн. маёнткі роду перайшлі да Радзівілаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ПАВА ПЯЧО́РА, Капавая пячора, Шульган-Таш,
адна з найб. пячор на Паўд. Урале, на правым беразе р. Белая, у Башкортастане. Агульная даўжыня больш за 2 км. Утварылася ў вапняках і даламітах дэвонскага ўзросту. Калідоры і гроты размешчаны двума паверхамі. Кальцытавыя нацёчныя ўтварэнні. У 1959 заолаг А.В.Румін выявіў тут малюнкі эпохі палеаліту. У 1960—71 гэтыя выявы вывучаў О.М.Бадэр. На 2-м паверсе К.п. маюцца малюнкі мамантаў, коней, насарогаў. Даўж. фігур ад 44 да 112 см. Выявы ўяўляюць сабой цалкам зафарбаваныя чырв. фарбай сілуэты або грубыя контуры. Наяўнасць фігур мамантаў і насарогаў дазваляе датаваць малюнкі гэтага паверха эпохай верхняга палеаліту. У задніх залах 1-га паверха К.п. выяўлены выявы геам. характару ў выглядзе лесвіц (хацін?), трохвугольнікаў, касых ліній і антрапаморфных фігур; яны, верагодна, таксама адносяцца да эпохі палеаліту.
Выявы мамантаў, коней і насарога ў Капавай пячоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЙСКАЯ МО́ВА,
мова карэйцаў, верагодна, адна з алтайскіх моў. Пашырана ў Карэі (КНДР, Рэспубліка Карэя), Кітаі (Яньбянь — Кар.аўт.акр.), Японіі, ЗША, таксама ва Узбекістане, Казахстане, Рас. Федэрацыі і інш. Мае 6 дыялектаў; паўн.-ўсх, паўн.-зах., цэнтр., паўд.-ўсх., паўд.-зах., дыялект в-ва Чэджудо.
К.м. аглюцінатыўная (з элементамі фузіі).
У фанетыцы перавага галосных і дыфтонгаў, наяўнасць 3 радоў шумных зычных, націск сілавы або музычны; у марфалогіі адсутнасць асабовых форм дзеяслова, адносных займеннікаў, катэгорыі грамат. роду, наяўнасць развітога разраду прэдыкатываў; у сінтаксісе шырокае ўжыванне дзеепрыметнікаў, дзеепрыслоўяў, інфінітываў, прэпазіцыя залежных слоў, адсутнасць дапасавання. Шмат запазычанняў з санскрыту, кіт., яп., манг., а таксама з рус., англ. і інш.еўрап. моў. Першыя кар. эпіграфічныя помнікі на ханмуне датуюцца пач. 5 ст. (гл.Кітайскае пісьмо). З сярэдзіны 15 ст. развіваецца літ. К.м. (гл.Карэйскае пісьмо).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛА,
ва ўсходнеславянскай міфалогіі гал. персанаж свята летняга сонцастаяння, магчыма, бажаство (гл.Купалле). К. называлі ляльку або чучала (жанчыны ці мужчыны); у бел. рытуалах К. наз. таксама Марай, у рус. песнях — ведзьмай (у рытуалах «ведзьму», конскі чэрап або косці жывёлы спальваюць на вогнішчы). У час свята К. топяць у вадзе. Назва К., магчыма, паходзіць ад агульнаіндаеўрап. кораня «куп» або «коп», галоўны сэнс якога — «укупе», «разам», і паказвае на яднанне (сукупленне) людзей з прыродай і аднаго з адным. Верагодна таксама, што гэтая назва паходзіць ад дзеясловаў «купаць», «кіпець», (роднасна лац. cupido, Купідон — імкненне, палкасць), паказвае на суадносіны купальскіх рытуалаў з агнём (зямным і нябесным) і вадой, што выступаюць у купальскіх міфах як брат і сястра. Тры віды чароўных траў і кветак у купальскіх песнях суадносяцца з матывамі трох змей і трох дачок К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІГУ́РЫ (лац. Ligures),
зборная назва стараж. плямён, якія насялялі ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э.паўн.-зах. Італію і паўд.-ўсх. Галію. Мяркуюць, што ў 2-м — сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. Л. насялялі б.ч. Італіі, потым іх адцяснілі на ПнЗіталікі. У 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. Л. займаліся жывёлагадоўляй і земляробствам, жылі ва ўмацаваных гарадзішчах, якія паступова ператварыліся ў гандл.-рамесніцкія цэнтры. Грамадскі лад Л. меў характар ваен. дэмакратыі, доўгі час захоўвалася сельская абшчына. У розны час на Л. нападалі кельты і этрускі, з 328 да н.э. яны — аб’ект рым. агрэсіі. Канчаткова падпарадкаваны Рымам толькі пры Аўгусце (14 да н.э.). Большасць сучасных лінгвістаў лічаць мову Л. індаеўрапейскага паходжання. Верагодна, ім належаць наскальныя малюнкі ў Прыморскіх Альпах. Ад Л. атрымала назву гіст. вобласць на ПнЗ Італіі — Лігурыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СКАВІЧЫ, Маскаўцы,
гарадзішча днепра-дзвінскай культуры, штрыхаванай керамікі культуры і 11—13 ст. каля в. Маскавічы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. на беразе воз. Дзерба. На рубяжы н.э. было ўмацавана драўляным частаколам, у 11—12 ст. — сценамі з тоўстых бярвён. У 12—13 ст. памежная крэпасць на паўн.-зах. ускраіне Полацкага княства. Культурны пласт 0,2—1,2 м. Рэшткаў пабудоў не выяўлена, але аэрафотаздымак сведчыць пра комплексную забудову гарадзішча: жытлы, верагодна, былі наземныя, зрубныя, па форме блізкія да квадрата. Гідраархеалагічнымі разведкамі і падводнымі раскопкамі на воз. Дзерба выяўлены пасад, які з цягам часу апынуўся пад вадой возера. Знойдзены прылады працы, конская збруя і рыштунак конніка, рыбалоўныя снасці, вырабы з косці, жаночыя ўпрыгожанні, 4 энкалпіёны, больш за 100 абломкаў касцей жывёл з надпісамі і малюнкамі. Мяркуюць, што надпісы звязаны з рунічным пісьмом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗАЗЕ́МНЫЯ ЦЫВІЛІЗА́ЦЫІ,
высокаарганізаваныя формы жыцця (аб’яднанні разумных істот), якія могуць існаваць ці, магчыма, існавалі ў Сусвеце па-за межамі Зямлі.
Здаўна лічылася, што існуюць планеты, населеныя разумнымі істотамі. Развіццё навукі, палёты міжпланетных касм. апаратаў паказалі, што планеты Сонечнай сістэмы не маюць прыкмет жыццядзейнасці. Імавернасць існавання П.ц. на планетных сістэмах інш. зорак пакуль што не можа быць ацэнена верагодна. У 1960-х г. заснавана міжнар. праграма SETI (Search for ExtraTerrestrial Intelligence — пошук пазаземных цывілізацый), якая дапускае магчымасць рэалізацыі ўмоў жыцця, падобных да зямных (умераныя т-ра і вільготнасць, пастаянная яркасць Сонца і інш.), у інш. месцах Галактыкі. Спробы пошуку іншапланетных цывілізацый не далі канкрэтных вынікаў. Іншы шлях пошуку П.ц. — вывучэнне міфалогіі народаў Зямлі і гіст. помнікаў, якія маглі б сведчыць пра наведванне Зямлі іншапланецянамі. Аднак бясспрэчных доказаў кантакту з прадстаўнікамі П.ц. на Зямлі не знойдзена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.
Існаваў у 1498—1832 у г. Полацк Віцебскай вобл. Адзін з першых 4 кляштараў ордэна бернардзінцаў у ВКЛ. Засн.вял.кн.ВКЛ Аляксандрам на Запалоцці пры ўпадзенні р. Палата ў Зах. Дзвіну з мэтай схілення праваслаўных у каталіцтва. Верагодна, у гэтым кляштары атрымаў пач. адукацыю Ф.Скарына. Драўляны касцёл кляштара пабудаваны ў 1502. У час Лівонскай вайны 1558—83 ён спалены ў 1563. У 1696 ваявода Д.Слушка зноў запрасіў бернардзінцаў у Полацк і размясціў іх у слабадзе Кабак. Пасля пажару 1758 пабудаваны мураваны касцёл Маці Божай Марыі Нябеснай (асвячоны ў 1769) і жылы корпус. Касцёл быў аднанефавы, з трансептам і 2-вежавым фасадам, памерамі 42 × 25 локцяў. У 1772 было 10 манахаў, школа філасофіі. У 1832 кляштар скасаваны, касцёл ператвораны ў правасл. царкву (значна пашкоджаны ў 1930-я г.). Жылы корпус захаваўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА, Рэ,
у старажытнаегіпецкай міфалогіі і рэлігіі бог сонца. Яго ўяўлялі сокалам, на галаве якога сімвал бажаства — сонечны дыск. Паводле пашыранага міфа Р. ўдзень плыве па нябесным Ніле на барцы Манджэт і асвятляе зямлю, увечары перасаджваецца ў барку Месектэт і сплывае ўніз, у царства нябожчыкаў, дзе плыве па падземным Ніле, а раніцай зноў з’яўляецца на гарызонце. Культ Р. ўзнік, верагодна, ў пач. 3-га тыс. да н.э., у сярэдзіне 3-га тыс. яго пачалі шанаваць як цара і бацьку багоў, творцу сусвету і людзей. Егіп. фараоны прымалі тытул «сын Ра». Пазней Р. атаясамлівалі з Амонам (Амон-Ра), Горам (Ра-Гарахуці) і інш. багамі, над выявамі якіх пачалі змяшчаць сонечны дыск.
Цэнтрам культу Р. быў г. Он (грэч. Геліопаль).
Ра ў вобразе сокала, які нясе сонечны дыск. Малюнак з «Кнігі мёртвых» Анхаі. Каля 1100 да н.э.