ЗЯЛЁНА-ГУ́РА (Zielona Góra),

горад на З Польшчы. Адм. ц. Зеленагурскага ваяв. 116 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: маш.-буд. (вытв-сць таварных вагонаў, тэкст. машын, электравымяральнай апаратуры), тэкст., харч., мэблевая. Інжынерны і пед. ін-ты. Тэатр. Філармонія. Гіст. музей. Маст. галерэя. Арх. помнікі 15—17 ст.: познагатычны касцёл (1372—94), фрагменты муроў і бастыёнаў.

У 13 ст. ўмацаванае пасяленне на скрыжаванні гандл. шляхоў. Гар. правы з 1323 (ням. назва Грунберг). З 1331 васал Чэхіі. З 1490 належала польск. каралям. З 1506 у складзе Чэхіі. У 15—16 ст. хутка развівалася эканоміка горада (сукнаробства, вінаградарства, выраб він), існавалі манетны двор і водаправод. З 1742 у складзе прускай дзяржавы, вялася планамерная германізацыя. У 19 ст. развівалася вінаробства, выраб шэрсці, існавала вагонная ф-ка. З 1945 у складзе Польшчы пад сучаснай назвай, з 1950 цэнтр ваяводства.

Н.​К.​Мазоўка (гісторыя).

т. 7, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ ЗЯМЛЯ́ гістарычная вобласць у бас. Зах. Дзвіны, Бярэзіны, Віліі. Назва «П.з.» выкарыстана ў Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1128 пры апісанні падзей 980 як сінонім Полацкага княства. Гэта тэрыторыя ў Іпацьеўскім летапісе пад 862 названа воласцю Полацка, а ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1092 — яго вобласцю. У Лаўрэнцьеўскім летапісе П.з. названа «отчиной» Рагнеды, яе сына Ізяслава і іх нашчадкаў (у сэнсе бацькаўшчына, зямля продкаў). Тут склалася Полацкае княства-дзяржава з дынастыяй Ізяславічаў (Рагвалодавічаў). З 1392 вярх. правіцелем П.з. стаў вял. князь ВКЛ. У 14—15 ст. захоўвалася ўнутр. аўтаномія П.з. як асобнай адм. адзінкі ВКЛ. Паводле прывілеяў, што вызначалі прававы стан П.з., вярх. ўлада гарантавала непадзельнасць яе тэрыторыі, абавязвалася прызначаць у горад велікакняжацкіх намеснікаў толькі са згоды мясц. баяр і мяшчан. У грамадска-паліт. жыцці П.з. вял. ролю адыгрывала веча. На аснове П.з. ў 1504 утворана Полацкае ваяводства. Г.​В.​Штыхаў.

т. 12, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІЛО́ВІЧ Ігнат Мікалаевіч (10.8.1787, в. Грынявічы Бельскага пав. Падляшскага ваяводства, Польшча — 12.7.1843),

гісторык, правазнавец, адзін з першых даследчыкаў летапісных і заканадаўчых помнікаў Беларусі і Літвы. Праф. (1822). Скончыў Віленскі ун-т (1812), дзе ў 1814—24 выкладаў права. Пасля раскрыцця т-ва філаматаў звольнены з працы. У 1825—29 праф. Харкаўскага ун-та; у 1830—35 працаваў у Пецярбургу ў камісіі М.​М.​Спяранскага па падрыхтоўцы законаў для зах. губерняў. У 1835—42 выкладаў права ў Кіеўскім і Маскоўскім ун-тах. Займаўся зборам, вывучэннем і публікацыяй пісьмовых крыніц па гісторыі Беларусі і Літвы. Упершыню апісаў усе рукапісныя і друкаваныя экз. Статутаў ВКЛ, падрыхтаваў першае навук. выданне Статута ВКЛ 1529 (выд. у 1841), апублікаваў бел.-літ. летапіс 1446 паводле Супрасльскага рукапісу. Апісаў, пераказаў змест і часткова апублікаваў каля 2500 розных пісьмовых крыніц па гісторыі Беларусі і Літвы. Працы Д. сталі пачаткам навук. даследавання бел.-літ. летапісання.

В.​А.​Чамярыцкі.

І.М.Даніловіч. Партрэт работы Р.​Жукоўскага. 1846.

т. 6, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШМЯ́НСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 16—20 ст. Цэнтр — г. Ашмяны. У часы ВКЛ у складзе Віленскага ваяводства. У 16—17 ст. неаднаразова быў тэатрам ваен. дзеянняў. Земскія і гродскія суды Ашмянскага павета знаходзіліся ў Ашмянах і Мядзеле, з 1775 — у Ашмянах і Паставах. У 1791 падзелены на Ашмянски павет (з цэнтрам у Ашмянах) і Завілейскі пав. (з цэнтрам у Паставах). У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 усх. частка павета адышла да Рас. імперыі. З 1795 Ашмянскі павет у Віленскай губ. Складаўся з 7 валасцей (праўленні ў Ашмянах, Бакштах, Дзевянішках, Крэве, Лошы, Смаргоні, Трабах), у канцы 19 — пач. 20 ст. з 23 валасцей, тэр. 6196,5 кв. вёрст, нас. 233 559 чал. З кастр. 1920 Ашмянскі павет у складзе Сярэдняй Літвы, з сак. 1922 да вер. 1939 у Віленскім ваяв. Польшчы. У 1931 тэр. 2352 км², нас. 101 542 чал. У 1940 на яго тэр. ўтвораны Ашмянскі, Астравецкі і Смаргонскі р-ны БССР.

А.​Р.​Каранеўскі.

т. 2, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЧАЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ,

з 17 ст. Крычаўскае староства, буйны дзяржаўны маёнтак у ВКЛ у 15—18 ст. Вылучылася, верагодна, у канцы 15 ст. са складу Мсціслаўскага княства. Паводле адм. рэформы 1565—66 увайшла ў Мсціслаўскае ваяводства. На працягу 16—17 ст. з яе вылучыўся шэраг дробных прыватных і дзярж. маёнткаў, у выніку чаго тэр. воласці набыла шматковы выгляд. У пач. 17 ст. ўключала каля 40 паселішчаў, якімі валодалі буйныя феадалы пераважна на ўмовах закладу, і яны фактычна не адрозніваліся ад прыватнага ўладання. Сярод старостаў прадстаўнікі родаў Саламярэцкіх, Лукомскіх, Мірскіх, Пацаў, Рудамінаў-Дусяцкіх; з сярэдзіны 17 ст. ў валоданні 3 пакаленняў нясвіжскіх Радзівілаў. У К.в. адбылося Крычаўскае паўстанне 1743—44. У гэты час у воласці было каля 130 паселішчаў, яна падзялялася на 5 войтаўстваў. У 1760 перайшла да магната Е.​А.​Мнішака. З 1772 у Рас. імперыі. У 1776 перададзена кн. Р.​А.​Пацёмкіну і канчаткова ператварылася ў прыватную латыфундыю — Крычаўскае графства.

В.​Л.​Насевіч.

т. 8, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛЬШТЫН (Olsztyn),

горад на Пн Польшчы, у Вармінска-Мазурскім ваяводстве. Каля 180 тыс. ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: шынная, харч., мэблевая, машынабудаўнічая. Арх. помнікі 14—16 ст. Паблізу, на Пд ад О. — месца Грунвальдскай бітвы 1410.

Узнік вакол паселішча каля замка Вармінскай капітулы, згадваецца з 1348. У 1353 атрымаў гар. права (ням. назва Аленштайн). У 1440—54 уваходзіў у Прускі саюз (аб’ядноўваў апазіцыйныя Тэўтонскаму ордэну гарады). У 1454 разам з Вармінскім біскупствам далучаны да Польшчы. У 1516—19 адміністратарам уладанняў капітулы быў М.Капернік, які ў 1521 у час польска-крыжацкай вайны кіраваў абаронай замка. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) О. у складзе Прусіі. У канцы 19 ст. пачалася германізацыя насельніцтва. Па выніках плебісцыту 1920 горад застаўся ў межах Германіі. Пасля ўсталявання фаш. дыктатуры А.​Гітлера ў О. пачалася новая хваля германізацыі і дэпартацыі польскага насельніцтва. У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны. Вызвалены 22.1.1945, увайшоў у склад Польшчы. У 1946—99 цэнтр Альштынскага ваяводства.

т. 11, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДАМ (Radom),

горад у цэнтр. ч. Польшчы, у Мазавецкім ваяводстве. Каля 250 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Значны прамысл. цэнтр. Прам-сць: маш.-буд. (швейныя і пішучыя машынкі, тэлефоны і інш.), хім., гарбарна-абутковая, шкляная, харч. і харчасмакавая. Арх. помнікі 14—18 ст.

У раннім сярэднявеччы Р. знаходзіўся на гандл. шляху з Русі і ВКЛ ў Малапольшчу і Сілезію. Упершыню згадваецца ў 1155. Гар. права да 1350. З 15 ст. развіваўся як рамесніцкі цэнтр і месца з’ездаў шляхты. Тут была прынята Радамская канстытуцыя 1505. У 1767 у Р. паводле ініцыятывы рас. пасла М.​Рапніна створана ген. Радамская канфедэрацыя пад кіраўніцтвам К.С.Радзівіла, скіраваная супраць караля і прыхільнікаў рэформ. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) пад уладай Аўстра-Венгрыі. З 1809 у складзе Варшаўскага герцагства, з 1815 — Польскага Каралеўства, з 1843 — Радамска-Келецкай (з 1867 Радамскай) губ. У 1939 акупіраваны ням. фашыстамі. Вызвалены ў 1945 войскамі 1-га Бел. фронту. У 1975—99 адм. цэнтр Радамскага ваяводства.

т. 13, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫЖЭ́ЎСКІ Аляксандр Леанідавіч (26.1.1897, г. Цехановец, Падляскае ваяводства, Польшча — 20.12.1964),

расійскі біяфізік, адзін з заснавальнікаў геліябіялогіі. Скончыў Маскоўскі археал. ін-т (1917) і Маскоўскі камерцыйны ін-т (1918), вучыўся на фіз.-матэм. (1915—19) і мед. ф-тах Маскоўскага ун-та, дзе і працаваў у 1917—27. З 1925 у Лабараторыі зоапсіхалогіі Наркамата асветы Расіі, з 1931 заг. Цэнтр. н.-д. лабараторыі іанізацыі. З 1937 заг. лабараторыі Упраўлення буд-вам Палаца Саветаў. Навук. працы па даследаванні ўплыву касм. фізічных фактараў і ўздзеяння паветр. іонаў (аэронаў) на жывыя арганізмы, што выкарыстоўваецца ў т.зв. «люстры Ч.» Устанавіў залежнасць паміж цыкламі сонечнай актыўнасці і многімі з’явамі ў біясферы. Аўтар успамінаў «Усё жыццё» (1974) і зб. «Вершы» (1987).

Тв.:

Аэроионификация в народном хозяйстве. М., 1960;

Земное эхо солнечных бурь. 2 изд. М., 1976;

Космический пульс жизни: Земля в объятиях солнца. Гелиотараксия. М., 1995.

Літ.:

Ягодинский В.Н. А.​Л.​Чижевский, 1897—1964. М., 1987.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 17, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫ́РКАВІЧЫ, Чырковічы,

вёска ў Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., на р. Чырка, каля р. Бярэзіна. Цэнтр сельсавета і камунальнага с.-г. унітарнага прадпрыемства. За 9 км на ПнЗ ад г. Светлагорск, 119 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Светлагорск-на-Бярэзіне. 998 ж., 398 двароў (2003). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў. За 2 км на ПнЗ ад вёскі помнік маракам Дняпроўскай ваен. флатыліі.

У пісьмовых крыніцах згадваецца з 1560 як сяло дзярж. маёмасці ў Бабруйскім старостве ВКЛ. З 1565 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяводства. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. імперыі. У 1886 сяло і маёнтак у Парыцкім пав. Мінскай губ., 611 ж., 92 двары, школа, 2 царквы. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета Парыцкага р-на Бабруйскай акругі, з 20.2.1938 у Палескай вобл. У Вял. Айч. вайну фашысты часткова спалілі вёску. З 20.9.1944 у Бабруйскай, з 8.1.1954 у Гомельскай абл., з 29.7.1961 у Светлагорскім р-не.

т. 17, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСЦЕ́ЙСКАЯ ЗЯМЛЯ́,

гістарычная вобласць у 10—16 ст. у бас. сярэдняга цячэння рэк Зах. Буг і Нараў. Найб. гарады: Бельск, Берасце (Брэст), Драгічын над Бугам, Камянец, Кобрын, Мельнік. З 10 ст. ў складзе Кіеўскай Русі, з канца 11 да сярэдзіны 12 ст. ва ўладанні тураўскіх, пасля — валынскіх князёў. У 11—13 ст. тут сутыкаліся інтарэсы кіеўскіх, тураўскіх, пінскіх, менскіх, галіцка-валынскіх, а з пач. 14 ст. і князёў ВКЛ з інтарэсамі польскіх феадалаў. Польскія князі Казімір II у 1179 і 1182, Конрад Мазавецкі і Лешка Кракаўскі ў 1210 часова захоплівалі Берасцейскую зямлю Драгічынскую воласць захапілі ням. рыцары, якіх у 1237 разбіў валынскі кн. Даніла Раманавіч. Паводле ўскосных звестак Іпацьеўскага летапісу, у 1240 у Берасцейскую зямлю з Пд уварваліся манголы. З пач. 14 ст. Берасцейская зямля ў складзе ВКЛ, ва ўладанні вял. князя Кейстута. У 1349 на некат. час Берасцейскую зямлю захапіў польскі кароль Казімір III. У 1382 кн. Януш Мазавецкі асадзіў Берасце, захапіў Драгічын, Мельнік і інш. З 1413 Берасцейская зямля ў складзе Трокскага ваяв. У 1566 створана Берасцейскае ваяводства.

т. 3, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)