АЛМАСЗАДЭ́ (Гамэр Гаджы Ага кызы) (н. 10.3.1915, Баку),

азербайджанская артыстка балета, балетмайстар. Нар. арт. СССР (1959). Пачала выступаць у 1930, была першай азерб. балерынай. Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1936). Салістка, з 1953 гал. балетмайстар Азерб. т-ра оперы і балета. Сярод партый: Гюльянак («Дзявочая вежа» А.​Бадалбейлі), Гюльшэн («Гюльшэн» С.​Гаджыбекава, Дзярж. прэмія СССР 1952), Айша («Сем прыгажунь» К.​Караева). Паст.: «Гюльшэн» (1950), «Чырвоная кветка» Р.​Гліэра (1954), «Шур» Ф.​Амірава (1968) і інш.

т. 1, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНКА́РТ, банкарт (ням. Bankart),

назва пазашлюбнага дзіцяці на Беларусі ў 16 — 1-й пал. 19 ст. Прававое становішча банкарта рэгулявалася Статутамі ВКЛ. Банкарты не мелі права быць спадкаемцамі бацькі, атрымліваць у спадчыну шляхецкія правы, аднак маглі быць спадкаемцамі маці, што адпавядала норме рымскага права. Пры ўмове, калі бацька банкарта возьме законны шлюб з яго маці, правы банкарта падлягалі легітымацыі (узаконенню). Гэта норма была анулявана ў час праўлення Стафана Баторыя [1575—86], аднак на практыцы ажыццяўлялася праз набілітацыю.

т. 3, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІКЛА́ГА, баклага,

бандарны выраб; у беларусаў і інш. слав. народаў двухдонная пляскатая пасудзіна на 5—10 л для дастаўкі вады, квасу і інш. напіткаў. Рабілася з дубовых сцягнутых абручамі клёпак, у 1,5—2 разы карацейшых за дыяметр днішча; у адной клёпцы была адтуліна, затыкалася коркам. Пераносілі на рэмені, што мацаваўся ў спец. гнёздах (вушках). Шырока бытавалі на Беларусі амаль да сярэдзіны 20 ст.

В.​С.​Цітоў.

Біклага. Канец 19 — пач. 20 ст.

т. 3, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛОС БЕДНЯКА́»,

газета, орган Віцебскага губвыканкома. Выходзіла штотыднёва з 29.7 да 9.12.1918 у Віцебску на рус. мове. Выданне газеты было абумоўлена пераходам улад да палітыкі «ваеннага камунізму» і ўзмацненнем антысав. настрояў сярод сялян. Была разлічана ў асноўным на бяднейшае сялянства, мела на мэце распаўсюджванне ў яго асяроддзі камуніст. ідэалогіі. Публікавала матэрыялы ідэйна-асветніцкага і інструкцыйна-арганізац. характару. Давала практычныя парады па правядзенні харчразвёрсткі, арганізацыі на месцах камбедаў і інш. Выйшла 15 нумароў.

т. 5, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЕ́ЧНЫЯ МЕ́ЖЫ (засечныя лініі, засекі),

сістэма абарончых умацаванняў на паўд. і паўд.-ўсх. ускраінах Рус. дзяржавы ў 16—17 ст. дзеля аховы ад качэўнікаў. Складаліся з засек, валоў, равоў, частаколаў; выкарыстоўваліся і прыродныя перашкоды (рэкі, яры). Мелі апорныя пункты (астрогі і гарады-крэпасці). Найбольшай была Вялікая З.м. (ад Разані да Тулы). З перамяшчэннем меж Расіі на Пд паступова страцілі сваё значэнне. У 18 ст. вопыт буд-ва З.м. выкарыстоўвалі пры ўзвядзенні пагран. умацаваных ліній.

т. 6, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ДАЛ (ад грэч. eidōlon вобраз, падабенства),

матэрыяльны прадмет, які з’яўляецца аб’ектам рэліг. пакланення. На Беларусі І. — каменныя, драўляныя або металічныя скульпт. выявы язычніцкіх багоў (напр., Шклоўскі ідал). Лакальныя назвы — багі, балваны, каменныя бабы, куміры, стоды, ёлупы. У час язычніцтва І. ставілі на капішчах як аб’екты пакланення. Пасля ўсталявання хрысціянства большасць І. была знішчана, закапана ў зямлю ці ўтоплена; на многіх выбівалі крыжы ці надавалі ім форму крыжа. У пераносным сэнсе — прадмет сляпога пакланення.

т. 7, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАНЧА́ (цюрк., ад араб. крэпасць),

вежавая частка будынка супрацьпажарнай аховы ці асобнае вежавае збудаванне ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Верхні ярус К. быў адкрыты для лепшага агляду мясцовасці, меў звон, сігнальную мачту. Будавалі К. з цэглы, дрэва, металічных рэек. Драўляная К. звычайна мела каркасную канструкцыю, якую абшывалі дошкамі ці пакідалі адкрытай. К. заўсёды была адметным элементам сілуэтнай кампазіцыі горада. З развіццём сродкаў сувязі і інфармавання роля К. зменшылася.

С.​А.​Сергачоў.

т. 7, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПА́,

1) часовая ўкладка сена ці саломы ў кучу.

2) У беларусаў, палякаў, рускіх і ўкраінцаў адзінка лічэння, роўная 60 (60 снапоў, яек, агуркоў і інш.).

3) Грашовая адзінка, якая адпавядала 60 грошам. Была пашырана ў Беларусі ў 14—18 ст. У 17 ст. адпавядала 75 польскім грошам або 50 рус. капейкам.

4) На Беларусі і Украіне ў часы феадалізму сход сялян, які разглядаў суд. справы (гл. Копны суд) і зямельныя спрэчкі.

т. 8, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСА́НДРА,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі прарочыца, дачка траянскага цара Прыяма і Гекубы. Атрымала прароцкі дар ад Апалона, які дамагаўся яе кахання, але, адвергнуты ёю, зрабіў так, што яе прароцтвам перасталі верыць. Траянцы не паверылі словам К. пра тое, што выкраданне Парысам спартанскай царыцы Алены прывядзе г. Трою да пагібелі, што нельга ўводзіць у горад драўлянага каня і інш. Пасля падзення Троі К. трапіла да Агамемнана і разам з ім з рэўнасці была забіта яго жонкай Клітэмнестрай.

т. 8, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТЭСПА́Н,

вялізная пячора на ПдЗ Францыі, у перадгор’ях Пірэнеяў (дэпартамент Верхняя Гарона) з рэшткамі культуры позняга палеаліту. Адкрыта ў 1923 франц. археолагам Н.​Кастэрэ. Ва ўнутр. частках пячоры выяўлены выгравіраваныя на сценах выявы бізонаў і коней, а таксама вылепленая з гліны фігура мядзведзя без галавы (замест яе да фігуры мацаваўся мядзведжы чэрап). На глінянай падлозе пячоры захаваліся сляды ног старых людзей і падлеткаў. М. была месцам культавых і магічных абрадаў (магчыма, і абрадаў ініцыяцыі).

т. 10, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)