ГРЫ́БНА,
возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна, за 46 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,8 км², даўж. 1,83 км, найб. шыр. 700 м, найб. Глыб. 1,2 м, даўж. берагавой лініі 5,4 км. Пл. вадазбору 19,6 км².
Схілы катлавіны выш. 4—5 м (на Пн да 11 м), параслі лесам і хмызняком, на ПнЗ разараныя. Берагі забалочаныя, сплавінныя, на Пн пясчаныя. Пойма шыр. да 200 м, забалочаная, тарфяністая. Дно выслана сапрапелем. Поўнасцю зарастае падводнай расліннасцю. Упадае ручай з воз. Званае, выцякае ручай у воз. Клетнае.
т. 5, с. 471
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБЕ́ЕЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сечна (правы прыток Зах. Дзвіны), якая выцякае з возера, за 7 км на ПдЗ ад г.п. Шуміліна. Пл. 2,31 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 3,6 м, даўж. берагавой лініі больш за 6 км. Пл. вадазбору 32 км². Схілы катлавіны невыразныя, на У выш. 4—5 м, разараныя. Берагі сплавінныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем, які здабываюць на ўгнаенне. У выніку меліярацыі ўзровень возера панізіўся на 1 м. Моцна зарастае. Злучана ручаём з азёрамі Круглік і Мошна.
т. 5, с. 556
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РАЎШЧЫНА,
возера ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Аршыца, за 17 км на Пн ад Оршы. Пл. 0,21 км2, даўж. каля 2,1 км, найб. шыр. 230 м, найб. глыб. 1 м, даўж. берагавой лініі каля 2,3 км. Пл. вадазбору каля 4 км2. Створана плацінай на невял. ручаі ў пач. 20 ст. Схілы катлавіны выш. 2—5 м, пераважна разараныя. Берагі выш. 0,2 м, месцамі зліваюцца са схіламі, у паўд. заліве сплавінныя. Дно выслана сапрапелем. Зарастае. Выцякае ручай у р. Міронаўка.
т. 9, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ХАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА, Вялікае Арэхаўскае,
у Беларусі, у Аршанскім раёне Віцебскай вобласці, у басейне ракі Аршыца, за 20 км на Поўнач ад Оршы. Плошча 2,11 км², даўжыня 3,93 км, найбольшая шырыня 1,08 км, найбольшая глыбіня 3,4 м, даўжыня берагавой лініі 10,8 км. Плошча вадазбору 33,4 км².
Схілы вышынёй 2—5 м, пад лесам, на Паўночным Захадзе вышынёй да 10—15 м. Берагі нізкія, параслі хмызняком, на Усходзе і Паўночным Усходзе высокія, стромкія. Востраў плошчай 2,4 га. Берагавая водмель пясчаная, дно выслана глеем і сапрапелем. Зарастае слаба. Упадае рака Чорная, выцякае рака Аршыца. Возера — вадаём-ахаладжальнік БелДРЭС.
т. 2, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІ́НАЎКА,
возера ў Беларусі, у Мёрскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Мёрыца, за 1 км на ПдЗ ад г. Мёры. Пл. 1,16 км², даўж. 3,85 км, найб. шыр. 0,52 км, найб. глыб. 7,5 м, даўж. берагавой лініі 9,7 км. Пл. вадазбору 31,1 км².
Схілы спадзістыя, на ПдУ і ПдЗ стромкія. Берагі нізкія, парослыя хмызняком, на ПнУ сплавінныя. Дно карытападобнае з упадзінамі і падняццямі. У паўн. частцы возера востраў пл. 0,8 га. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей — глей і сапрапель. Расліннасць утварае паласу шыр. да 25 м. Злучана пратокамі з азёрамі Ворань і Мёрскае.
т. 2, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДА́НАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Сенненскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Крывінка (выцякае з возера), за 5 км на ПдЗ ад г. Сянно. Пл. 1,19 км², даўж. 3,37 км, найб. шыр. 0,45 км, найб. глыб. 16,2 м, даўж. берагавой лініі каля 8 км. Пл. вадазбору 89,4 км².
Схілы катлавіны выш. 4—5 м, месцамі да 10 м, у верхняй частцы разараныя, у ніжняй пад лесам. Прыбярэжная частка дна пясчаная, глыбакаводная — глеістая. Амаль чвэрць плошчы дна пад расліннасцю. Упадаюць 2 ручаі, злучана пратокай з воз. Сянно. На ўсх. беразе археал. помнік — курганны могільнік.
т. 2, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РАЎНА, Боравенскае возера,
у Беларусі, у Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 2,5 км на У ад г. Лепель. Пл. 0,38 км², даўж. 1,15 км, найб. шыр. 610 м, найб. Глыб. 8,2 м, даўж. берагавой лініі 3,6 км. Пл. вадазбору 6,5 км².
Схілы катлавіны выш. да 5 м, пясчаныя і супясчаныя, часткова пад лесам. Берагі пясчаныя, зараслі водна-балотнай расліннасцю і хмызняком. Дно глеістае, мелкаводдзе ўздоўж берагоў пясчанае. Падводная расліннасць пашырана да глыб. 2—5 м. На Пд упадае ручай з воз. Глыбочыца, на ПдУ выцякае ручай у воз. Нюля.
т. 3, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Расонскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Свольна, за 24 км на ПнЗ ад г.п. Расоны. Пл. 3,01 км², даўж. 2,75 км, найб. шыр. 2,25 км, найб. глыб. 7,1 м, даўж. берагавой лініі 10,1 км. Пл. вадазбору 3,1 км².
Схілы выш. да 20 м, стромкія, на ПнЗ і ПнУ да 3—7 м, спадзістыя, пясчаныя, пад лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, ва ўсх. заліве больш высокія, тарфяністыя, пад лесам і хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, дно глыбей за 2 м выслана глеем і сапрапелем. Вада вельмі празрыстая. Бяссцёкавае. Расліннасць утварае паласу шыр. да 100 м.
т. 2, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Полацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Дахнарка, за 5 км на Пн ад г. Полацк. Пл. 1,09 км², даўж. 14,2 км, найб. шыр. 1,18 км, найб. глыб. 3,1 м, даўж. берагавой лініі 5,1 км. Пл. вадазбору 34,7 км².
Катлавіна рэшткавага тыпу, круглаватая, схілы спадзістыя, пясчаныя, на У і З пад лесам, астатнія разараныя. Берагавая лінія ўтварае некалькі заліваў і паўастравоў. Берагі сплавінныя, на Пн высокія, разбураюцца хвалямі, на Пд і ПдУ нізкія, пясчаныя. Дно плоскае, мелкаводдзе пясчанае. Зарастае да глыб. 2 м. Упадае канал Рабінаўка; злучана пратокай з воз. Чорнае. Месца адпачынку.
т. 2, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Полацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 14 км на ПнЗ ад г. Полацк. Пл. 1 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 19,6 м, даўж. берагавой лініі 6,2 км. Пл. вадазбору 1,8 км².
Катлавіна складанага тыпу, выцягнутая з ПдЗ на ПнУ. Схілы выш. да 25 м. Берагавая лінія ў зах. частцы ўтварае некалькі заліваў і паўастравоў. Берагі спадзістыя, пясчаныя. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей — заглеены пясок і глеі. Вада празрыстая. Бяссцёкавае. Падводная расліннасць пашырана да глыб. 8—12 м. Расце ахоўная расліна — палушнік азёрны. Месца адпачынку.
т. 2, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)