РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ БЯСПЕ́КА,

комплекс мерапрыемстваў па ахове чалавека ад шкоднага ўздзеяння іанізавальных выпрамяненняў. Пры працы з радыеактыўнымі рэчывамі, мед. абследаваннях і ў інш. выпадках уздзеяння іанізавальных выпрамяненняў прыроднага ці тэхнагеннага паходжання скіраваная на зніжэнне сумарнай дозы апрамянення арганізма да бяспечнага для здароўя чалавека ўзроўню (гранічна дапушчальнай дозы). Выключная роля адводзіцца Р.б. пры аварыях на АЭС і ліквідацыі іх наступстваў. На Беларусі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) радыяцыйна-экалагічнае становішча характарызуецца складанасцю і неаднароднасцю радыеактыўнага забруджвання тэрыторыі, наяўнасцю радыенуклідаў практычна ва ўсіх кампанентах экасістэмы і іх уцягваннем у геахім. і трафічныя цыклы міграцыі. Меры Р.б. ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з законам «Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва» (1998), які рэгламентуе нормы Р.б. з указаннем гранічна дапушчальных доз, дапушчальных узроўняў іанізавальных выпрамяненняў усіх відаў і інш. патрабаванні па абмежаванні радыеактыўнага ўздзеяння на насельніцтва.

У забруджаных раёнах больш за 70% сумарнай дозы апрамянення абумоўлена ўнутр. апрамяненнем арганізма, выкліканым ужываннем мясц. харч. прадуктаў (пераважна малака, ягад, грыбоў), якія маюць у сабе цэзій-137 і стронцый-90. Р.б. насельніцтва забяспечваецца правільнай арганізацыяй харчавання (напр., рэгулярнае ўжыванне пекцінавых прэпаратаў ачышчае арганізм ад цэзію-137) і с.-г. вытв-сці. Ахова ад знешняга апрамянення забяспечваецца правільным правядзеннем работ у забруджаных лясных масівах, нарыхтоўкі лесапрадуктаў, палявых работ (пры ўтварэнні пылу значна павялічваецца ўдзельная радыеактыўнасць паветра), арганізацыяй мерапрыемстваў па прадухіленні лясных і тарфяных пажараў, якія павышаюць радыяцыйны фон на значнай тэрыторыі. Для забеспячэння макс. эфектыўнасці Р.б. ажыццяўляецца радыяцыйны маніторынг навакольнага асяроддзя, а таксама радыеметрычны кантроль харч. прадуктаў і сістэматычныя мед. абследаванні жыхароў забруджаных раёнаў.

А.​М.​Дэвойна.

т. 13, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКІ ЦЭНТР,

цэнтральная зона населенага пункта або яго частак, у якой сканцэнтраваны ўстановы грамадскага, адм.-дзелавога, культ.-асв., гандл.-быт., спарт., рэкрэацыйнага і інш. прызначэння. У буйных гарадах грамадскія цэнтры ствараюцца паводле іерархічнага прынцыпу: агульнагар. цэнтр, цэнтры гар. раёнаў, жылых, вытв., рэкрэацыйных, а таксама мікрараёнаў, жылых і прамысл. комплексаў, спецыялізаваныя цэнтры — навук., навуч., мемар., мед. і інш.

Стараж. грамадскія цэнтры гарадоў фарміраваліся з будынкаў жылога і абарончага (замкі), культавага (храмы), гандл. прызначэння, устаноў самакіравання (ратушы) вакол плошчаў у межах абарончых крапасных умацаванняў. Кампазіцыя сучасных грамадскіх цэнтраў захоўвае традыцыі, адлюстроўвае новы сац.-грамадскі змест і дасягненні навук.-тэхн. прагрэсу. Пры развіцці і рэканструкцыі грамадскіх цэнтраў важнейшая задача — ахова гіст. спадчыны, помнікаў гісторыі, культуры, архітэктуры, горадабудаўніцтва. Сярод буйнейшых сучасных грамадскіх цэнтраў Еўропы і Амерыкі комплекс Дэфанс і Форум у Парыжы, грамадскі цэнтр у новым раёне ў Франкфурцена-Майне (Германія), цэнтры гарадоў-спадарожнікаў Харлаў, Стывенедж у Англіі, Велінгбю, Фарста ў Швецыі, Тапіёла ў Фінляндыі, адм. цэнтры гарадоў Таронта (Канада) Бостана (ЗША), «Лінкальн-цэнтр» у Нью-Йорку.

На Беларусі грамадскія цэнтры развіваюцца паводле праектаў рэгенерацыі, складзеных для ўсіх гіст. гарадоў (Мінска, Віцебска, Гродна, Брэста, Магілёва, Пінска і інш.). У іх ствараюцца ахоўныя зоны помнікаў гісторыі і культуры, свабодныя ад транспарту пешаходныя зоны і вуліцы. Грамадскія цэнтры новых гарадоў (Салігорска, Светлагорска, Наваполацка), пасёлкаў і буйных вёсак (в. Малеч Брэсцкай, Верцялішкі Гродзенскай, Акцябрскі Віцебскай, Сарачы Мінскай, Мышкавічы Магілёўскай абласцей) уяўляюць сабой сучасныя добраўпарадкаваныя грамадскія комплексы і арх. ансамблі.

Літ.:

Соколов Л.И. Административные центры городов. М., 1979;

Моисеев Ю.М., Шимко В.Т. Общественные центры. М., 1987;

Общественные нетры городских населенных мест БССР. Мн., 1991.

В.​І.​Анікін.

Да арт. Грамадскі цэнтр. Форум Цэнтральнага рынку ў Парыжы.
Грамадскі цэнтр у г. Салігорск.

т. 5, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т ТЭХНІ́ЧНАЙ КІБЕРНЕ́ТЫКІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1965 у Мінску на базе Ін-та матэматыкі і выліч. тэхнікі АН Беларусі (існаваў з 1959). У 1995 да ін-та далучаны Выліч. цэнтр АН Беларусі. З 1996 ін-т уваходзіць (як галаўная арг-цыя) у н.-д. аб’яднанне «Кібернетыка» Нац. АН Беларусі. З ін-та вылучаны навук.-інж. прадпрыемствы «Геаінфарм. сістэмы», «Інфарм. тэхналогіі», інж. прадпрыемства «Навук. прыладабудаванне» (1996). У ін-це 2 аддзяленні (19 лабараторый), інж. цэнтр (3 аддзелы), аспірантура, дактарантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.

Асн. кірункі навук. даследаванняў: аўтаматызацыя праектавання тэхн. сістэм; мадэляванне інтэлектуальных працэсаў і распрацоўка новых інфарм. тэхналогій; распазнаванне і апрацоўка сігналаў, відарысаў, мовы; матэм. кібернетыка Распрацаваны: тэорыя і сістэмы аўтам. праектавання для машына- і прыладабудавання, мікраэлектронікі; спосабы і сродкі ўводу, вываду, захоўвання і адлюстравання трафічнай інфармацыі; геаінфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі; аўтаматызаваныя сістэмы лічбавай картаграфіі, апрацоўкі сігналаў, відарысаў, у т. л. касм. здымкаў і даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі; новыя інфарм і сеткавыя тэхналогіі, аналізатары і сінтэзатары мовы, паралельныя структуры і нейракамп’ютэры; метады аптымізацыі, дэкампазіцыі экстрэмальных задач, тэорыі раскладаў, аналізу, сінтэзу і дыягностыкі дыскрэтных прылад, кіравання паралельнымі працэсамі, рашэння лагічных ураўненняў, штучнага інтэлекту і распазнавання вобразаў, аналізу і мадэлявання самаарганізавальных сістэм, экасістэм; сродкі аховы інфармацыі. Выдадзены зборнік «Мадэляванне і аўтаматызацыя інфармацыйных працэсаў» (1995); выдаюцца штогод «Лагічнае праектаванне», «Мадэляванне і інфармацыйныя тэхналогіі праектавання», «Комплексная ахова інфармацыі», «Лічбавая апрацоўка відарысаў», «Інтэлектуальныя сістэмы». Ін-т узнаг. ордэнам Прац Чырв. Сцяга (1984). У ін-це працуюць чл.-кар. Нац. АН Беларусі Г.К.Гаранскі, А.​Дз.Закрэўскі, Г.Р.Маньшын, Г.В.Рымскі, В.С.Танаеў (дырэктар з 1987); працаваў чл.-кар. АН Беларусі І.С.Кавалёў.

В.​С.​Танаеў, М.​П.​Савік.

т. 7, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л 1-ы (Міжнароднае Таварыства Рабочых),

першая масавая міжнар. арг-цыя рабочых у 2-й пал. 19 ст. Засн. 28.9.1864 у Лондане на міжнар. сходзе прадстаўнікоў рабочых Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краін. Знаходзіўся пад вырашальным уплывам ідэй марксізму. К.Маркс склаў яго Устаноўчы маніфест і Статут, пазней з’яўляўся аўтарам б.ч. адозваў, цыркуляраў і рашэнняў яго кіруючых органаў. Мэтамі рабочага руху былі абвешчаны звяржэнне капіталіст. ладу і заваяванне рабочым класам улады, непасрэднай задачай — з’яднанне рабочых розных краін у сумеснай барацьбе за свае правы (8-гадзінны рабочы дзень, ахова працы жанчын, стварэнне прафсаюзаў і інш.). Вышэйшы орган — штогадовы кангрэс, паміж кангрэсамі — Ген. савет, які знаходзіўся ў Лондане (з 1872 у Нью-Йорку). Пры Ген. савеце дзейнічаў пастаянны к-т. У сваёй дзейнасці І. 1-ы апіраўся на секцыі (рабочыя арг-цыі) у многіх краінах Еўропы, а таксама ў ЗША і Аўстраліі. Сувязь з секцыямі ажыццяўлялі сакратары-карэспандэнты, якія ўваходзілі ў склад Ген. савета. К.​Маркс займаў пасаду сакратара-карэспандэнта для Германіі і некаторых інш. краін, у т. л. Расіі. Рас. секцыя засн. ў Жэневе ў 1870, яе відным дзеячам з’яўляўся ўдзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі А.Д.Трусаў. На кангрэсах І. 1-га (1866 у Жэневе, 1867 у Лазане, 1868 у Бруселі, 1869 у Базелі, 1872 у Гаазе) К.​Маркс і Ф.Энгельс вялі непрымірымую барацьбу з немарксісцкімі плынямі ў рабочым руху — пруданізмам, ласальянствам, трэд-юніянізмам, анархізмам. Франка-пруская вайна 1870—71 і задушэнне Парыжскай камуны 1871, якую І. 1-ы актыўна падтрымаў, зрабілі немагчымай яго дзейнасць у Еўропе. На Гаагскім кангрэсе (1872) было вырашана перавесці Ген. савет у Нью-Йорк (ЗША). Фактычна дзейнасць І. 1-га як масавай арг-цыі на гэтым спынілася. Фармальна распушчаны па прапанове К.​Маркса ў 1876 на міжнар. рабочай канферэнцыі ў Філадэльфіі (ЗША).

М.​Г.​Нікіцін.

т. 7, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАЛЁТЫ ПТУ́ШАК,

штогадовыя рэгулярныя масавыя перамяшчэнні птушак з гнездавання ў месцы зімовак і наадварот; адна з форм міграцыі жывёл. Склаліся гістарычна і генетычна (спадчынна) замацаваны. Маюць зменлівы характар: папуляцыі аднаго віду могуць быць пералётнымі і аселымі (напр., галка ва Усх. Еўропе аселая, у Сібіры пералётная). Асн. прычыны П.п. — змена сезоннай і сутачнай фотаперыядычнасці, змены т-ры, прыстасаванне да сезонных ваганняў клімату і залежных фактараў (забеспячэнне кормам і інш.). Адлегласці, шляхі і скорасці П.п. розныя: ад 400 км (дразды, пуначкі і інш.) да 30 тыс. км у крачкі палярнай; за суткі пераадольваюць ад 30 км (сініцы) да 300 км (мухалоўкі, сітаўкі і інш.). На Беларусі сістэм. назіранні за П.п. вядуцца з 1960-х г.

Месцы гнездавання і зімовак птушак пастаянныя. Большасць еўрап. відаў зімуе ў Паўд, Паўд.-Зах. Еўропе і Афрыцы, заходнесібірскіх — у Зах. Азіі і ва ўсх. ч. Афрыкі, усходнесібірскіх і далёкаўсходніх — у Індыі, Аўстраліі, Амерыцы. У арыентацыі птушак вял. значэнне мае рэцэпторная сістэма, пачуццё геагр. размяшчэння, звязанае з магн. з’явамі на Зямлі і інш П.п. адбываюцца ўдзень (берасцянкі, буслы, жураўлі, шпакі), уначы (валасянкі, некат. кулікі, пастушкі), удзень і ўначы (гагары, гусі і інш.). Большасць птушак ляціць чародамі рознай канфігурацыі (гусі — ключом або клінам, жураўлі — клінам, качкі — шарэнгай, шпакі — шматслойнай чарадой), некат. віды — па адной ці невял. групамі. У час пералётаў птушкі ляцяць на выш. ад 100 да 1000 м, зрэдку большай. Вясной птушкі ляцяць хутчэй, чым восенню. Вывучаюць П.п. метадамі кальцавання птушак, радыёлакацыі, тэлеметрыі і інш. На пералётах мае вял. значэнне міжнар. ахова птушак.

Літ.:

Дольник В.Р. Таинственные перелеты. М., 1968;

Михеев А.В. Перелеты птиц. 2 изд. М., 1981;

Карри-Линдал К. Птицы над сушей и морем: Пер. со швед. М., 1984.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНЫЯ РЭСУ́РСЫ,

прыдатныя для гасп. выкарыстання аднаўляльныя паверхневыя воды, глебавыя воды і падземныя воды; адзін з найважнейшых відаў прыродных рэсурсаў. Асн. крыніцай водных рэсурсаў служаць прэсныя воды сушы, якія папаўняюцца за кошт ападкаў атмасферных і аднаўляюцца ў працэсе кругавароту вады на Зямлі.

Складаюцца з расходных элементаў воднага балансу рачных басейнаў — сцёку і выпарэння (гл. Водны баланс Зямлі) Рэсурсы сцёку вял. тэрыторый ці рачных вадазбораў вызначаюцца па велічыні паверхневага і падземнага сцёку, рэсурсы глебавай вільгаці — па велічыні выпарэння з сушы ў цёплы (вегетацыйны) перыяд года. Паводле сярэдніх шматгадовых паказчыкаў, рэсурсы сцёку сушы Зямлі складаюць 44,6 тыс. км³ за год, у т. л. Еўропы 3,2, Азіі 14,4, Афрыкі 4,6, Паўн. Амерыкі 8,2, Паўд. Амерыкі 11,8, Аўстраліі і Акіяніі 2,4 тыс. км³ за год. Найб. аб’ём сцёку мае Бразілія — 22% сусв. рэсурсаў (за кошт р. Амазонка). У якасці водных рэсурсаў у асобных мясцовасцях выкарыстоўваюць атм. вільгаць, марскую ваду (апрэсненую), ваду, атрыманую з ледавікоў, і інш. Зямля забяспечана воднымі рэсурсамі, іх дэфіцыт у некаторых краінах узнікае пераважна ў выніку антрапагеннага забруджвання і разбурэння прыродных экасістэм. Комплекснае выкарыстанне і ахова водных рэсурсаў — задача воднай гаспадаркі. Водныя рэсурсы эксплуатуюцца пры водакарыстанні і водазабеспячэнні. Адрозніваюць натуральныя (патэнцыяльныя) і змененыя (наяўныя) рэсурсы рачнога сцёку, натуральныя і эксплуатацыйныя (якія можна выкарыстаць) рэсурсы падземных вод.

Водныя рэсурсы Беларусі складаюцца з рачнога сцёку, глебавай вільгаці і падземных вод. За год выпадае 146 км³ атм. ападкаў, з іх 110 км³ ідзе на выпарэнне, астатняе — на сцёк. Сярэднешматгадовыя натуральныя рэсурсы сцёку (км за год): мясцовыя 36,4, агульныя (разам з прытокам з-за мяжы) каля 58, наяўныя мясцовыя каля 38,8, агульныя — 63. Прырост наяўных рэсурсаў адбыўся ў выніку гідрамеліярацыі ў вадазборы Прыпяці. Рэсурсы глебавай вільгаці складаюць каля 90 км³ за год. Натуральныя рэсурсы падземных вод складаюць 15,9, эксплуатацыйныя — 18,1, з іх разведаныя агульныя эксплуатацыйныя запасы — 2,31 км³ за год. Пытанні выкарыстання і аховы водных рэсурсаў рэгулююцца актамі воднага заканадаўства і інш.

В.​В.​Дрозд.

т. 4, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАІЗАЛЯ́ЦЫЯ (ад гідра... + ізаляцыя),

ахова канструкцый, будынкаў і збудаванняў ад пранікнення і шкоднага ўздзеяння вады і хімічна агрэсіўных вадкасцей. Для гідраізаляцыі выкарыстоўваюць гідраізаляцыйныя матэрыялы, ахоўныя пакрыцці, спец. канструктыўныя элементы або воданепранікальныя слаі паверхні збудаванняў, ушчыльненні дэфармацыйных швоў, стыкаў у зборных збудаваннях і інш. Адрозніваюць гідраізаляцыю проціфільтрацыйную (герметызавальную) і процікаразійную; у залежнасці ад віду асн. матэрыялу — бітумную, палімерную, металічную, армацэментную і інш.; ад віду ахоўнага пакрыцця — цвёрдую, абмазачную, пластычную, абклеечную, камбінаваную.

Проціфільтрацыйнай гідраізаляцыяй папярэджваюць пранікненне вады ў падземныя і падводныя збудаванні (падвалы, рэзервуары, шахты, тунэлі і інш.), прасочванне праз падпорныя гідратэхн. збудаванні (бетонныя плаціны), выцяканне яе (з рэзервуараў, адстойнікаў) і г.д. Процікаразійнай гідраізаляцыяй ахоўваюць канструкцыі ад грунтавых і сцёкавых вод, атм. вільгаці, а таксама ад блукальных токаў, што выклікаюць карозію (трубаправодаў, апор ЛЭП, падземных канструкцый і інш.). Цвёрдая гідраізаляцыя робіцца: пакрыццём ізалюемай паверхні слоем шчыльнага бетону або тынку, прыгатаваных з рознымі дабаўкамі-ўшчыльняльнікамі; жалязненнем (уціранне сухога цэменту ва ўвільготненыя або ў толькі што ўкладзеныя і змочаныя вадой бетонныя паверхні); таркрэтаваннем (нанясенне слоя цэментнага раствору або дробназярністага бетону на паверхню збудавання цэмент-пушкай, а на ўнутр. паверхню труб — цэнтрыфугаваннем). Абмазачная гідраізаляцыя ў выглядзе тонкага пакрыцця наносіцца на паверхню ў халодным або гарачым стане фарбавальнымі апаратамі (электрафарбапульты, распыляльнікі і інш.) ці пэндзлем. Бывае адна- і мнагаслойная, нармальнага і ўзмоцненага тыпу. Абклеечную гідраізаляцыю ствараюць у выглядзе воданепранікальнай масы з бітуму або асфальтавай масцікі, арміраванай слаямі шклотканіны, руберойду, мешкавіны, тканіны з узмацняльнай абгорткай і без яе, ліпкіх палімерных стужак і інш. Камбінаваная гідраізаляцыя — камбінацыя пералічаных тыпаў. Ужываецца таксама гідраізаляцыя, якая манціруецца (да канструкцый прымацоўваюць зваркай і склейваннем метал. або пластмасавыя лісты, сегменты і да т.п.), абліцовачная (воданепранікальнымі пліткамі, керамічнымі блокамі і інш. вырабамі, якія наклейваюцца з дапамогай масцік), насычальная (канструкцыі з порыстых матэрыялаў насычаюць вяжучымі рэчывамі), засыпная (у воданепранікальныя слаі і пустоты канструкцый засыпаюць гідрафобныя сыпкія матэрыялы). Тып гідраізаляцыі і неабходныя для яе гідраізаляцыйныя матэрыялы выбіраюць з улікам уласцівасцей гэтых матэрыялаў (старэнне, цеплаўстойлівасць, дэфармацыйная здольнасць і інш.), а таксама спецыфікі работы збудавання. Для забеспячэння нармальнай эксплуатацыі гідраізаляцыі ажыццяўляюць кантроль якасці пакрыцця знешнім аглядам, таўшчынямерамі, дэфектаскопамі, адгезіметрамі і інш.

А.​Я.​Вакар.

т. 5, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫЯ РАБО́ТЫ,

работы па раскрыцці і падрыхтоўцы радовішча, выманні карыснага выкапня і транспарціроўцы яго ў межах прадпрыемства, падтрыманні горных вырабатак у рабочым стане (горных мацаванняў, вентыляцыі, водаадліву і інш.). Адрозніваюць горныя работы адкрытыя (гл. Адкрытая распрацоўка радовішчаў), падземныя (гл. Падземная распрацоўка радовішчаў), падводныя (гл. Падводная здабыча), геатэхналагічныя (гл. Геатэхналогія) і інш.

Адкрытыя горныя работы — распрацоўка парод паслядоўнымі слаямі з зямной паверхні. Уключаюць падрыхтоўку паверхні кар’ернага поля, горна-капітальныя (стварэнне капітальных і разразных траншэй, частковае выдаленне раскрыўных парод), горна-падрыхтоўчыя, раскрыўныя і здабыўныя работы. Здабыўныя работы на кар’ерах вядуцца на ўступах і рабочых пляцоўках. Уступы пры распрацоўцы гарыз. і пакатых пакладаў перамяшчаюцца ад разразной траншэі да мяжы кар’ернага поля, пры распрацоўцы буйных нахіленых пакладаў развіваюцца ў глыбіню кар’ера. На Беларусі адкрытым спосабам здабываюць граніт, даламіт, мергель, вапну, торф (гл. Торфаздабыча), мел, буд. камень, гліну, будаўнічыя, сілікатныя, шкляныя і фармовачныя пяскі. Падземныя горныя работы вядуцца ў тоўшчы зямной кары, уключаюць раскрыццё, падрыхтоўку вырабаткі і ачышчальнае выманне выкапня. Для распрацоўкі руднага і калійнага радовішчаў падземным спосабам ствараецца горнае прадпрыемства, у склад якога ўваходзяць руднік, шахта і абагачальная ф-ка. Спосабы распрацоўкі вугальнага радовішча залежаць ад горна-геал. і горна-тэхн. фактараў (колькасці і магутнасці пластоў, глыбіні іх залягання, памераў шахтавага поля і інш.). Распрацоўка шахтавага поля ажыццяўляецца вертыкальнымі і нахіленымі шахтавымі стваламі, штольнямі, брэмсбергамі, лавамі, камерамі, камбінаваным спосабам. Ачышчальнае выманне выкапня вядзецца ў горных вырабатках, якія перамяшчаюцца ў напрамку залягання пакладу. На Беларусі падземным спосабам вядзецца здабыча калійных солей на ВА «Беларуськалій». Горныя работы праводзяцца з дапамогай горных камбайнаў, інш. машын і механізмаў, сродкаў гідрамеханізацыі і геатэхналогіі, буравых установак і буравых інструментаў і інш. Найважнейшыя ўмовы выканання горных работ — забеспячэнне бяспечных умоў працы, рацыянальнае выкарыстанне нетраў, ахова навакольнага асяроддзя. За горнымі работамі ўстаноўлены горны нагляд.

Літ.:

Брюховецкий О.С., Бунин Ж.В., Ковалев И.А. Технология и комплексная механизация разработки месторождений полезных ископаемых. М., 1989, Агошков М.И., Борисов С.С., Боярский В.А. Разработка рудных и нерудных месторождений. 3 изд. М., 1983.

Б.​А.​Багатаў, М.​І.​Беразоўскі.

Горныя работы: 1 — адкрытыя (здабыча будаўнічага каменю на Мікашэвіцкім радовішчы); 2 — падземныя (праходка тунэля ў моцнай пародзе).

т. 5, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫБНЫ́Я ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н, мікозы,

інфекцыйныя захворванні, якія выклікаюцца фітапатагеннымі грыбамі (паразітамі і паўпаразітамі). Пашкоджваюць вышэйшыя расліны, імхі, водарасці. Найб. страты прычыняюць с.-г. раслінам. Пад уздзеяннем грыбоў — узбуджальнікаў хваробы — у раслінах узнікаюць паталагічныя працэсы, якія суправаджаюцца зменай структуры і фізіял. функцый інфіцыраваных частак або цэлай расліны. Вонкавыя прыкметы грыбных хвароб раслін: завяданне раслін, гнілі, некрозы, плямістасці, пустулы, налёты, разбурэнне асобных органаў, муміфікацыі, пухліны і дэфармацыі. Грыбныя хваробы раслін перадаюцца насеннем, клубнямі, цыбулінамі, каранямі, чаранкамі, саджанцамі і інш. часткамі хворых раслін. Патагенныя грыбы могуць пранікаць у тканкі раслін праз вусцейкі (мілдзью вінаграду), вадзяныя поры, клеткі эпідэрмісу і кутыкулу (кіла капусты, рак бульбы), трэшчыны і раны, што ўзнікаюць ад граду, сонечных апёкаў (чорны рак яблыні).

Паводле спосабу паразітызму фітапатагенныя грыбы ўмоўна падзяляюць на біятрофы (экалагічна аблігатныя паразіты раслін, якія ўвесь інфекц. перыяд узаемадзейнічаюць з жывымі клеткамі і тканкамі расліны-гаспадара) і некратрофы (факультатыўныя паразіты, што выкарыстоўваюць рэчывы адмерлых тканак гаспадара). Пашырэнне патагенаў у тканках гаспадара можа быць лакальнае і сістэмнае (дыфузнае), напр., ва ўзбуджальнікаў галаўні злакаў, жоўтай іржы пшаніцы, несапраўднай мучністай расы цыбулі. Характар і ступень праяўлення ўстойлівасці расліны да патагеннага грыба залежыць ад вірулентнасці патагена, наяўнасці генаў устойлівасці, фізіял. стану расліны, глебава-кліматычных умоў яго вырошчвання.

У кліматычных умовах Беларусі, аптымальных для развіцця фітапатагенных грыбоў, найб. страты грыбныя хваробы раслін прычыняюць збожжавым культурам, часам знішчаюць да 20% ураджаю. Пры адсутнасці ахоўных мерапрыемстваў да 50% бульбы гіне ад фітафтарозу, 40% ад ранняй сухой плямістасці. Пашыраны мучністая раса (на злакавых культурах, парэчках, агрэсце, ружах, флоксах і інш.), ліставая і сцябловая іржа, спарыння (на жыце), пыльная і цвёрдая галаўня, гельмінтаспарыёзныя плямістасці (на ячмені), фітафтароз, бурая гніль (на бульбе, памідорах) і інш. Меры барацьбы: выкарыстанне агратэхн. прыёмаў для знішчэння крыніц інфекцыі, каранцінныя мерапрыемствы, вырошчванне ўстойлівых сартоў, хім. ахова.

Літ.:

Тарр С. Основы патологии растений. Пер. с англ. М., 1975;

Жизнь растений. Т. 2. М., 1976;

Проблемы иммунитета сельскохозяйственных растений к болезням. Мн., 1988.

В.​В.​Карпук.

т. 5, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФО́РМА ДЗЯРЖА́ЎНАЙ ВЁСКІ 1830—50-х ГАДО́Ў,

сістэма мер у Рас. імперыі, накіраваных на ўздым прыбытковасці дзярж. маёнткаў, прыпыненне працэсу абеззямельвання і збяднення дзяржаўных сялян, змяншэння сац. напружання ў вёсцы. Аўтар і распрацоўшчык рэформы граф П.​Дз.Кісялёў. Рэформа праводзілася па 3 асн. кірунках: перабудова кіравання, арганізацыя «апякунства» і люстрацыя 1840—50-х г. У выніку перабудовы кіравання дзяржаўнай вёскай агульнакіраўнічыя функцыі, раней сканцэнтраваныя ў дэпартаменце дзярж. маёмасцей мін-ва фінансаў, з 1.1.1838 перадаваліся новаму мін-ву дзярж. маёмасцей (міністр Кісялёў). Ніжэйшыя ступені кіравання фарміраваліся паводле «Устанаўлення аб кіраванні дзяржаўнымі маёмасцямі ў губернях» і «Палажэння аб люстрацыі дзяржаўных маёмасцей заходніх губерняў і Беластоцкай вобласці» ад 28.12.1839, якое ўлічвала мясц. асаблівасці. На Беларусі ўстанаўліваліся 3 адм. ярусы кіравання дзярж. вёскай: губерня — акруга — сельскае ўпраўленне. Функцыі валасной адміністрацыі ў бел. губернях былі размеркаваны паміж часовымі ўладальнікамі і сял. выбарнымі. Новы адм. апарат пачаў дзейнічаць з крас. 1840. У кампетэнцыю губ. органаў — палат дзярж. маёмасцей уваходзілі выбар форм кіравання дзярж. маёнткамі, правядзенне рэвізій, люстрацый, ахова грамадскага парадку, пытанні харч. і мед. дапамогі і інш. Акруговая адміністрацыя займалася непасрэднай арганізацыяй сельскіх грамад. Органы сельскіх упраўленняў (сельскія сход, управа, стараста) займаліся землеўладкаваннем, раскладкай падаткаў і збораў паміж сялянамі і інш. Абшчына, адроджаная ў дзярж. маёнтках Беларусі пасля далучэння да Расіі, у выніку рэформы была максімальна набліжана да агульнарас. ўзору. На Беларусі ўзнікла арэнда сялянамі зямельных угоддзяў. Палітыка «апякунства» над дзяржаўнымі сялянамі заключалася ў арганізацыі харч. дапамогі сялянам праз спец. хлебазапасныя магазіны. Для арганізацыі пачатковага навучання дзяцей дзярж. сялян у сельскіх грамадах адчыняліся прыходскія школы. Дзярж. маёнткі забяспечваліся фельчарамі, павітухамі, сялянам пачалі рабіць прышчэпкі. Люстрацыя 1840—50-х г. — асн. частка рэформы — мела на мэце правядзенне дакладнага ўліку сял. даходаў, раўнамернае надзяленне дзярж. сялян зямлёй, рэгламентацыю павіннасцей (перавод з паншчыны на грашовы аброк і інш.). Гал. вынік рэформы — адмова ад прыгоннай сістэмы і пераход на аброк. Адбыліся перамены і ў прававым становішчы дзярж. сялян (прызнаваліся грамадз. свабоды, што адрознівала іх ад памешчыцкіх падданых).

Літ.:

Конюхова Т.А. Государственная деревня Литвы и реформа ПД.​Киселева, 1840—1857 гг. М., 1975.

В.​Э.​Загарульская.

т. 14, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)