БЯЛЯ́НКІН Віталь Сцяпанавіч (н. 30.4.1937, г. Джума Самаркандскай вобл., Узбекістан),
бел. архітэктар. Засл. арх. Беларусі (1991). Скончыў БПІ (1963). З 1968 у «Белдзяржпраекце» (гал. архітэктар праектаў). Адначасова з 1989 кіраўнік творчай майстэрні пры Саюзе архітэктараў Беларусі. Асн. работы: 15-павярховы інтэрнат Бел. тэхналагічнага ін-та (1975, у сааўт.), Мінскі палац моладзі (1986) і спецыялізаваная агульнаадук. школа (1988; абодвух кіраўнік аўтарскага калектыву), 2-я чарга буд-ва Нацыянальнага маст. музея Беларусі (праект 1991, у сааўт.) у Мінску, Мемарыял воінскай славы на Лудчыцкай вышыні ў Быхаўскім р-не (1984, у сааўт.; Дзярж. прэмія Беларусі 1986).
т. 3, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СЕЎ Валянцін Іванавіч (6.5.1911, с. Александрыя Стаўрапольскага краю, Расія — 17.7.1983),
бел. архітэктар, педагог. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1936). З 1936 выкладчык БПІ, у 1959—78 у Бел. тэатр.-маст. ін-це. У творах выкарыстоўваў кампазіцыйныя прыёмы і формы класічнай архітэктуры. Асн. работы: Дом афіцэраў у Бабруйску, ф-ка піяніна ў Барысаве (абодва 1937), пасёлкі пры торфапрадпрыемствах у Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай абл. (1937—39); праекты аднаўлення і рэканструкцыі разбураных у Айч. вайну акруговага Дома афіцэраў, жылых дамоў і адм. будынкаў у Мінску (1945—46), забудова праспекта Кірава ў Віцебску.
т. 5, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ЧЫ (Gucci) Санці (каля 1530, г. Фларэнцыя, Італія — да 3.2.1600),
італьянскі архітэктар і скульптар позняга Адраджэння. Да 1558 прыехаў у Польшчу як прыдворны архітэктар. Кіраваў у г. Пінчаў скульпт. майстэрняй. Асн. творы: надмагіллі караля Жыгімонта II Аўгуста (1573), каралевы Ганны Ягелонкі (1574—75), Стафана Баторыя (1594—95) — усе ў каралеўскім замку на Вавелі ў Кракаве, капэла і надмагілле Гучы і А.Браніцкіх у касцёле ў Непаламіцах (1596; Кракаўскае ваяв.). Удзельнічаў у буд-ве замкаў у Непаламіцах (1567—68) і Баранаве-Сандамерскім (1579—1602; Жэшаўскае ваяв.), палаца «Міраў» у Ксёнжы-Велькім (1585—95).
т. 5, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛДАКО́Ў Анатоль Уладзіміравіч (н. 18.5.1929, г. Уладзікаўказ, Паўночная Асеція),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1954). Працаваў у ін-це «Валгаірадграмадзянпраект». З 1970 у ін-це «Белдзіпрагандаль», з 1990 кіраўнік творчай майстэрні Саюза архітэктараў Беларусі. Асн. работы на Беларусі: Мінскі крыты рынак «Камароўскі» (1980, у сааўт.), універсамы «Рыга» (1980) і «Талін» (1982), службова-гасп. корпус СМ Беларусі (1981), будынкі Мін-ва гандлю і Мін-ва спорту і турызму (1980), праект комплексу магазінаў па вул. Няміга (1981) — усе ў Мінску; крыты рынак у Брэсце (1987). Аўтар шэрагу грамадскіх будынкаў у Валгаградзе і Бранску.
т. 6, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІГФРЫ́ДАН Іван (Зігфрыд Іаган),
бел. архітэктар. З 1772 губернскі архітэктар Полацкай, з 1796 Віцебскай, з 1799 Беларускай губерняў. Яго творчасць была пераходнай ад барока да класіцызму. Асн. работы: палац віцэ-губернатара і дом каменданта ў Віцебску (абодва 1780; не захаваліся); у Полацку — комплекс жылых і адм. будынкаў на гал. плошчы (1783—86) і план-чарцёж горада (1793). Яго тыпавыя праекты казённых дамоў (суд, магістрат, магазіны) у 1780—95 сфарміравалі ансамблі цэнтраў Дрысы (цяпер г. Верхнядзвінск), Рэжыцы (цяпер г. Рэзекне, Латвія), Гарадка і інш. Пабудовы, створаныя ім, вылучаюцца манументальнасцю і рацыянальнасцю планіровачных вырашэнняў.
т. 7, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛНІНЬШ Альберт Пятровіч (н. 30.9.1928, Мінск),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1980). Скончыў БПІ (1958). Працаваў у БелНДІдзіпрасельбудзе (да 1988; з 1976 кіраўнік арх. майстэрні). Асн. работы: генплан і праект дэталёвай планіроўкі г. Чавусы (1963—67), праекты планіроўкі і забудовы вёсак Леніна Горацкага (1965—75), Сяменча Жыткавіцкага (1970—78), Сноў Нясвіжскага (1970—80), Расна Камянецкага (1975—80) р-наў; комплексны праект в. Усакіна Клічаўскага і пас. Жамчужны Баранавіцкага (абодва 1979—85) р-наў; мемарыял Вязень-Сялец у Клічаўскім р-не (1985). Аўтар тэарэт. работ па пытаннях архітэктуры і капітальнага буд-ва на вёсцы.
С.А.Сергачоў.
т. 7, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКАРЭ́ВІЧ Леанід Васілевіч (н. 5.4. 1939, в. Быцень Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1999). Скончыў БПІ (1969). З 1969 працуе ў Баранавіцкім арх.-канструктарскім аддзеле ін-та «Брэстграмадзянпраект». Асн. работы: у г. Баранавічы — кінатэатр «Кастрычнік» (1970), Дом Саветаў (1973), шматкватэрныя жылыя дамы (1977, 1982, 1989), Дом піянераў, будынак упраўлення КДБ (абодва 1984), царква Аляксандра Неўскага (1996); школа ў пас. Жамчужны Баранавіцкага р-на (1985), гасцініца Брэсцкага аблвыканкома (1986), цэрквы прападобнага Серафіма Сароўскага ў г. Белаазерск Бярозаўскага р-на, у в. Святая Воля Івацэвіцкага р-на (абедзве 1992) і інш.
т. 9, с. 530
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫНА́ЛЬДЗІ (Rinaldi) Антоніо (каля 1710—10.4.1794),
італьянскі архітэктар. Вучыўся ў Л.Ванвітэлі. З 1751 працаваў у Расіі, у 1756—90 прыдворны архітэктар. Збудаванні Р. адлюстроўвалі пераход ад складанай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі і пластычнага багацця дэталей архітэктуры барока (палацы Пятра III, 1758—62, Кітайскі, 1762—74, у г. Ламаносаў Ленінградскай вобл.), мудрагелістай дэкаратыўнасці ракако (інтэр’еры Кітайскага палаца) да характэрных класіцызму стрыманага вонкавага аблічча будынкаў, прастаты чляненняў і выразнасці аб’ёмаў (палацы Гатчынскага палацава-паркавага ансамбля, Мармуровы ў Пецярбургу, 1768—85). Работы Р. адметныя высокім майстэрствам унутр. аддзелкі, увядзеннем у арх. кампазіцыю жывапісных і скульпт. пано.
т. 13, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСЕ́ЙНАЎ Мікаэль Алескеравіч (н. 19.4.1905, Баку),
азербайджанскі архітэктар, гісторык архітэктуры. Акад. АН Азербайджана (1945). Нар. архітэктар СССР (1970). Вучыўся ў Азерб. політэхн. ін-це (1922—29), выкладаў у ім у 1930—70. З 1948 дырэктар Ін-та архітэктуры і мастацтва Азербайджана. Да 1946 працаваў сумесна з С.Дадашавым. Асн. работы ў Баку: комплекс будынкаў АН (1951—66), Рэсп. публічная б-ка імя М.Ахундава (1960), станцыя метрапалітэна імя Н.Нарыманава (1967), гасцініцы «Азербайджан» (1969) і «Масква» (1978). Дзярж. прэмія СССР 1941.
Тв.:
Памятники азербайджанского зодчества. М., 1951;
История архитектуры Азербайджана. М., 1963 (разам з Л.Братаніцкім, А.Саламзадэ).
т. 16, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАХО́ЎСКІ Міхаіл Іосіфавіч (1763 — пасля 1825 ?),
бел. архітэктар; прадстаўнік класіцызму. З 1804 працаваў у Мінску, у 1817—25 Мінскі губ. архітэктар. Аўтар праектаў урадавай установы, павятовага і ніжняга земскага судоў у г. Чэрвень (1803—06), устаноў гар. праўлення ў гарадах Мазыр (1804), Вілейка, Бабруйск, Слуцк, Пінск (усе 1806), Барысаў (1817), дома гараднічага ў Пінску (1806), моста цераз р. Свіслач у Мінску (1812), дваранскага дома ў Бабруйску (1814) і інш. Сярод інш. работ: буд-ва духоўнай семінарыі (з А.Мельнікавым) і дома К.Шэмета па вул. Францысканскай (1803), праект частковай рэканструкцыі Мінскай Петрапаўлаўскай царквы (1824) у Мінску.
В.Ф.Марозаў.
т. 17, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)