РАКІ́ТНЫ Мікола (сапр. Новікаў Мікалай Ісакавіч; 15.4.1920, в. Петрыцкае Брагінскага р-на Гомельскай вобл. — 2.8.2000),
бел. пісьменнік. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1940).
З 1946 працаваў у газ. «Звязда», у 1949—80 у час. «Беларусь». Друкаваўся з 1944. Аўтар зб-каў апавяд. «Ранняй вясною» (1952), «Вячэрнія зоры» (1956), «Селькоры» (1958), «Пад адным дахам» (1961), «Была вясна...» (1964), «Сярод людзей сваіх» (1967), «Вясковыя навелы» (1969), «Засмужаная далеч» (1979), «У буйным свеце лотаці» (1989). Апавяданні вызначаюцца псіх. дакладнасцю, цэласнасцю задумы, выразнай мовай герояў. Аўтар нарысаў, фельетонаў.
Тв.:
Выбранае. Мн., 1972;
Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1980.
т. 13, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЛАЎ Ілья Аляксандравіч (18.4.1834, г. Пенза, Расія — 6.1.1903),
рускі пісьменнік. Скончыў Пензенскую гімназію. З пач. 1850-х г. служыў чыноўнікам у Маскве, пазней жыў у Саратаўскай губ. Літ. дзейнасць пачаў з п’ес і перакладаў франц. меладрам. У апавяданнях, рамане «Бутузка» (1864) асуджэнне прыгонніцтва. Апавяданні 1870—80-х г. пераважна пра паслярэформенную вёску. У аповесці «Грачоўскі кракадзіл» (1879) гісторыя прапагандысткі-рэвалюцыянеркі. Аўтар рамана «Утульны куток» (1894), аповесці «Практыка жыцця» (1895), п’ес «Залатая рыбка», «Стэпавы асілак» (абедзве 1886), «Дармаедка» (1888) і інш. Творчасці С. ўласцівы праўдзівыя побытавыя і партрэтныя замалёўкі.
Тв.:
Грачевский крокодил: Повести и рассказы. М., 1984.
т. 14, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ТЭ́КА ВІЛЕ́НЬСКА»
(«Teka Wileńska» «Віленскі зборнік»),
часопіс дэмакр. кірунку. Выдаваўся ў 1857—58 у Вільні на польскай мове раз у 2 месяцы. Рэдактар-выдавец А.Кіркор. Змяшчаў матэрыялы, тэматычна і праблемна звязаныя з Беларуссю, у т. л. паэт. творы А.Адынца, пераклады з рус. і чэш. паэзіі В.Каратынскага, аповесць А.Плуга «Пястуха», апавяданні Г.Пузыны «Што можа любасць», гісторыка-краязнаўчы нарыс У.Сыракомлі «Мінск». Меліся быць апублікаваны бел. паэмы А.Вярыгі-Дарэўскага. Выйшла 6 нумароў. Закрыты ўладамі. Матэрыялы, падрыхтаваныя да наступных нумароў, выдадзены пад назвай «Pismo zbiorowe Wilerískie» («Віленскі альманах», т. 1—2, 1859—60).
У.І.Мархель.
т. 16, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УА́ЙБ (Wiebe) Рудзі Генры (н. 4.10.1934, Спідуэл, Канада),
канадскі пісьменнік. Вывучаў тэалогію і філасофію ва ун-тах прав. Альберта (Канада), г. Цюбінген (Германія), штата Аява (ЗША). Піша на англ. мове. У раманах «Мір зруйнуе шмат каго» (1962), «Першая і жывучая свечка» (1966), «Сінія горы Кітая» (1970), «Спакушэнні Вялікага Мядзведзя» (1973), «Людзі Выпаленага Лесу» (1977), «Мой мілы вораг» (1983), зб. «Анёл смаляных пяскоў» і іншыя апавяданні» (1970) праблемы сац. адаптацыі рэліг. і расавых меншасцей разглядаюцца з вял. пачуццёвасцю, у рэчышчы супрацьпастаўлення любові да бліжняга радыкальным рэв. метадам змянення грамадскага ладу.
Л.П.Баршчэўскі.
т. 16, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРАМШЫ́НА Марка (сапр. Семанюк Іван Юр’евіч; 13.6.1874, с. Кабакі Косаўскага р-на Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 25.4.1927),
украінскі пісьменнік. Д-р юрыд. н. (1906). Скончыў Венскі ун-т (1901). З 1912 адвакат у г. Снятын. Першае апавяд. «Кормчы» (1896) пра жыццё плытагонаў. Для ранніх твораў характэрны ўплыў мадэрнізму (цыкл вершаў у прозе «Лісткі», 1898), для больш позніх — крытычнага рэалізму (цыкл навел з жыцця гуцульскіх сялян у зб. «Карбы», 1901). Аўтар зб-каў навел «Сяло гіне» (1925), «Верхавіна» (выд. 1929). На бел. мову некат. яго творы пераклаў В.Рабкевіч.
Тв.:
Бел. пер. — Апавяданні. Мн., 1982;
Рус. пер. — Избранное. М., 1973.
т. 17, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САВЕ́ЦКАЯ БЕЛАРУ́СЬ»,
штодзённая грамадска-паліт. газета. Выдавалася з 1.2.1920 у Смаленску, з 15.8.1920 да 21.3.1933 у Мінску на бел. мове. Першыя 10 нумароў выдаваліся 2 разы на тыдзень Бел. рэд. калегіяй ЦК КП(б) Літвы і Беларусі як 2-тыднёвы часопіс. З 15.8.1920 орган Рэўкома БССР, з 19.12.1920 — ЦВК БССР, з 16.1.1930 — ЦВК і СНК БССР. Адказныя рэдактары ў розныя гады: С.Булат, З.Жылуновіч (Ц.Гартны), У.Ігнатоўскі, М.Кудзелька (М.Чарот) і інш. Адлюстроўвала сац. і грамадска-паліт. працэсы, развіццё эканомікі, літ. руху і маст. культуры БССР у 1920 — пач. 1930-х г. Збірала вакол сябе раскіданыя па краіне літ. сілы, спрыяла творчаму супрацоўніцтву старэйшых і маладых пісьменнікаў. Друкавала творы А.Бабарэкі, Я.Бобрыка, П.Броўкі, З.Бядулі, А.Вечара, А.Вольнага, М.Гарэцкага, У.Дубоўкі, А.Дудара, М.Зарэцкага, Я.Коласа, К.Крапівы, А.Куляшова, Я.Купалы, М.Лынькова, Я.Пушчы, Л.Родзевіча, П.Труса, К.Чорнага і інш. пісьменнікаў, літ.-знаўцаў, публіцыстаў і краязнаўцаў. Наладжвала літ.-маст. вечары і дыскусіі (пра БДТ-1, творчасць Ц.Гартнага, М.Чарота, М.Грамыкі), асвятляла тэатр. і муз. жыццё рэспублікі. маст. і этнагр. выстаўкі, садзейнічала ахове помнікаў прыроды, гісторыі і культуры. У 1930—33 ва ўмовах рэпрэсій, пашырэння вульгарна-сацыялагічнай крытыкі са старонак газеты зніклі лірычныя вершы, апавяданні, аб’ектыўныя навук. і крытычныя матэрыялы пра бел. нац. культуру, партрэты пісьменнікаў і мастакоў. Публікаваліся пераважна юбілейныя творы, апавяданні і нарысы на вытв. тэму, вульгарна-сацыялагічныя артыкулы і інш. Выдавала літ. дадаткі-часопісы «Радавая рунь» (1924), «Чырвоная краіна» (1927, 1929), «Літаратурны дадатак да газеты «Савецкая Беларусь» (1928).
У.М.Конан.
т. 14, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАФУ́Р ГУЛЯ́М (сапр. Гулямаў Гафур Гулямавіч; 10.5.1903, Ташкент — 10.7.1966),
узбекскі пісьменнік. Нар. паэт Узбекістана (1963). Акад. АН Узбекістана (1943). Друкаваўся з 1923. У творах крытыкаваў перажыткі мінулага ў свядомасці і побыце людзей, сцвярджаў новую сав. рэчаіснасць (зб-кі вершаў «Дынама», 1931; «Іду з Усходу», 1943, Дзярж. прэмія СССР 1946; «Агні Узбекістана», 1947; «Шчасце роднай зямлі», 1951; «Вынік», апубл. 1967, Ленінская прэмія 1970; кн. прозы «Гумарыстычныя апавяданні», 1931; «Хітрыкі шарыяту», 1953 і інш.). На бел. мову творы Гафура Гуляма перакладалі Э.Агняцвет, А.Астрэйка, С.Гаўрусёў і інш.
Тв.:
Бел. пер.: — у кн.: Спявае Узбекістан. Мн., 1962;
Сонца ў арыках. Мн., 1966;
Вясёлка над арыкам. Мн., 1986.
т. 5, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫ́ГАДЭРЭ (Brigadere) Ганна Крыш’янаўна (1.10.1861, воласць Тэрветэ, Латвія — 25.6.1933),
латышская пісьменніца. Скончыла аднагадовыя пед. курсы (1885). Пісала вершы, апавяданні, п’есы-казкі. Асаблівае месца ў творчасці Брыгадэрэ адведзена жанчыне як захавальніцы маральнай чысціні грамадства. Рэаліст. карціны рэчаіснасці, таленавітае раскрыццё жаночых характараў спалучаны з рэліг. ідэямі, філасофіяй пакоры пакутам. Найб. значныя творы: п’есы «Прынцэса Гундэга і кароль Брусубарда» (1912), «Мая і Пая» (1921), «Чароўная птушка Лаліты» (1926; у п’есах выкарыстоўвала фалькл. сюжэты), аўтабіягр. трылогія «Бог, прырода, праца», «У суровых вятрах», «У каменнай клетцы» (1926—33). На бел. мову асобныя творы Брыгадэрэ пераклаў А.Рыбак (зб. «Песня Даўгавы», 1986).
Тв.:
Raksti. Sēj. 1—20. Rīga, 1912—39.
Э.Кнопе.
т. 3, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́НАЎ Сяргей Пятровіч (н. 3.5.1915, С.-Пецярбург),
рускі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі аўтадарожны ін-т (1938). Аўтар зб-каў апавяданняў і нарысаў «Па дарогах ідуць машыны» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Мірныя людзі» (1950), аповесцяў «Зялёны дол» (1953—54), «Парожні рэйс» (1960), «Разарваны рубель» (1966), «Царская саракоўка» (1969), кніг «Лісты пра апавяданне» (1964), «Ад першай асобы. Апавяданні пра пісьменнікаў, кнігі і словы» (1973) і інш., прысвечаных сціплым людзям-працаўнікам, адметныя маральнай праблематыкай, лірызмам. Па аповесцях Антонава «Паддубенскія прыпеўкі» (1950), «Справа была ў Пянькове» (1956), «Алёнка» (1960) пастаўлены маст. фільмы.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—3. М., 1983—84.
С.Н.Чубакоў.
т. 1, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАНКЕ́ВІЧ Іван Міхайлавіч (1888, в. Трасцівец Быхаўскага р-на Магілёўскай вобласці — 27.6.1942),
празаік, нарысіст, перакладчык. Пісаў на рус. мове. Удзельнік рэв. 1905—07. У 1931 і 1941 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1982. Друкаваўся з 1913. У 1914 супрацоўнік час. «Вестник Могилевского земства», у 1923—25 — газ. «Соха и молот» («Магілёўскі селянін»), дзе друкаваў апавяданні і нарысы пра жыццё вёскі. Перакладаў на рус. мову творы Я.Коласа, К.Чорнага, М.Зарэцкага.
Тв.:
Н. Ленин. Пг., 1919;
Старый Нил. М., 1920.
Літ.:
Скалабан В. Под псевдонимом «Белорус»: История одного поиска // Неман. 1983. № 12;
Яго ж. Сцежкі вяртання // Братэрства-83. Мн., 1983.
В.У.Скалабан.
т. 2, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)