ЛІНЕ́ЙНЫ АПЕРА́ТАР,

абагульненне паняцця лінейнага пераўтварэння на лінейныя прасторы. Л.а. F на лінейнай прасторы E наз. функцыя F(x), вызначаная для элементаў x гэтай прасторы, значэнні якой ёсць элементы лінейнай прасторы E1 і якая мае ўласцівасць лінейнасці: F(ax+by) = aF(x) + bF(y), дзе x, y — любыя элементы з E; a, b — адвольныя лікі. Прыклады Л.а. ў функцыянальнай прасторы — дыферэнцыяльны і інтэгральны аператар, Лапласа аператар. Гл. таксама Функцыянальны аналіз.

т. 9, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНК ((Penck) Вальтар) (30.8.1888, Вена — 29.9.1923),

нямецкі геолаг і геамарфолаг, адзін з заснавальнікаў ням. геамарфалагічнай школы. Сын А.Пенка. З 1914 у Лейпцыгскім ун-це, у 1915—18 праф. Стамбульскага ун-та. Вывучаў геамарфалогію і геалогію Андаў, Гавайскіх а-воў, Апенінаў, Сіцыліі. М. Азіі, Сярэдняй Еўропы і інш. рэгіёнаў. Навук. працы па ўплыве верт. рухаў зямной кары і дэнудацыйных працэсаў на фарміраванне рэльефу. Прапанаваў марфалагічны аналіз як адзін з метадаў вывучэння рэльефу.

т. 12, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗАНА́ТАР АКУСТЫ́ЧНЫ,

сістэма з вызначанай частатой уласных ваганняў, у якой пад уздзеяннем знешняга гукавога поля ўзнікае рэзананс. Прыклады Р.а.: камертон, мембрана, рэзанатар Гельмгольца, паветр. поласць. У Р.а., змешчаным у гукавым полі, узнікаюць гукавыя ваганні. Найб. амплітуду маюць тыя вымушаныя ваганні, частата якіх супадае з уласнай частатой Р.а. З дапамогай Р.а. можна зрабіць аналіз гуку і вызначыць яго спектральны састаў. Выкарыстоўваецца для ўзмацнення гукаў пэўных частот, прыглушэння шуму, гукаізаляцыі.

т. 13, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ХІМІ́КА-ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў Гродне ў 1966. Спецыяльнасці (1996/97 навуч. г.): электратэхніка; тэхналогія, абсталяванне і аўтаматызацыя машынабудавання; машыны і апараты хім. вытв-сці і прадпрыемстваў буд. матэрыялаў; хім. тэхналогія вытв-сці і перапрацоўкі неарган. матэрыялаў; аўтаматызацыя тэхнал. працэсаў і вытв-сці; ахова навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў. На камерцыйнай аснове — бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт; эканоміка і кіраванне прадпрыемствам. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 5, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ НАВУЧА́ЛЬНА-ВЫТВО́РЧЫ КО́МПЛЕКС «ПТВ-ТЭ́ХНІКУМ» Белкаапсаюза.

Засн. ў 1959 як Маладзечанскі ўлікова-планавы тэхнікум. У 1986 пры тэхнікуме створана прафес.-тэхн. вучылішча. У 1993 тэхнікум і вучылішча аб’яднаны ў комплекс. У 1998/99 навуч. г. ў тэхнікуме спецыяльнасці: эканоміка і кіраванне вытв-сцю; бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль; менеджмент. Прымае асоб з базавай (на платнай аснове) і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае. Вучылішча на базе поўнай сярэдняй адукацыі рыхтуе прадаўцоў. Навучанне дзённае.

т. 9, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ.

Засн. ў 1953 у Мінску як тэхнікум. З 1999 каледж. Рыхтуе спецыялістаў для швейнай прам-сці і быт. абслугоўвання. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): фатаграфія; бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль; цырульніцкае мастацтва і дэкар. касметыка; машыны і апараты лёгкай прам-сці і быт. абслугоўвання; тэхналогія і канструяванне швейных вырабаў. Прымаюцца асобы з базавай, сярэдняй адукацыяй, а таксама пасля заканчэння прафес.-тэхн. вучылішчаў на скарочаны тэрмін навучання. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 10, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАТЭКТО́НІКА,

мікраструктурны (петраструктурны) аналіз горных парод; дысцыпліна на мяжы тэктонікі і петраграфіі, вывучае структуры дынамаметамарфізаваных парод (тэктанітаў), інтрузіўных масіваў і дэфармаваных асадкавых тоўшчаў. Распрацавана ням. вучоным Б.​Зандэрам у 1930. У шліфах пад мікраскопам у вял. колькасці зерняў аднаго або некалькіх мінералаў вымяраюць арыенціроўку іх спайнасці, аптычныя восі або інш. крышталеграфічныя элементы. Вынікі аналізу наносяць на стэрэаграфічную сетку. Атрыманыя дыяграмы дазваляюць вызначаць характар тэктанічных рухаў, што абумовілі дэфармацыі і метамарфізм горных парод.

т. 12, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЬФЕ́ДЖЫО, сальфеджа (італьян. solfeggio ад назвы муз. гукаў соль і фа),

1) тое, што сальмізацыя.

2) Вучэбная дысцыпліна, прызначаная для развіцця муз. слыху і памяці. Уключае сальфеджыраванне (адна- ці шматгалосыя спевы з вымаўленнем назваў гукаў), муз. дыктант, аналіз на слых; існуюць абсалютная (фіксаваная до), рэлятыўная і лічбавая сістэмы С.

3) Зборнікі практыкаванняў для адна- ці шматгалосага сальфеджыравання ці аналізу на слых.

4) Спец. вак. практыкаванні для развіцця голасу (гл. Вакаліз).

Н.​Г.​Мазурына.

т. 14, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАГА́НСЕН ((Johannsen) Вільгельм Людвіг) (3.2.1857, Капенгаген — 11.11.1927),

дацкі біёлаг, адзін з заснавальнікаў сучаснай генетыкі. Чл. Шведскай АН, замежны чл.-кар. Рас. АН (1924). Праф. ін-та фізіялогіі раслін Капенгагенскага ун-та. Стварыў вучэнне пра чыстыя лініі, што стала асновай сучасных прынцыпаў селекцыі, вызначыла ролю спадчыннасці ў працэсах натуральнага адбору. Увёў тэрміны ген, генатып, фенатып і даў аналіз асн. паняццяў генетыкі ў працы «Элементы дакладнага вучэння пра спадчыннасць» (1909).

Літ.:

Гайсинович А.Е. Зарождение генетики. М., 1967. С. 138.

т. 7, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫЯТЫ́П (ад карыя... + тып),

храмасомны набор, сукупнасць адзнак храмасом (іх колькасць, памер, форма), характэрных для дадзенага віду. Нязменнасць К. падтрымліваецца заканамернасцямі дзялення ядра клеткі (мітозам — для аднаго арганізма і меёзам — у межах віду). Змена адбываецца праз геномныя і храмасомныя мутацыі. Дакладна ідэнтыфікавана каля 1500 генаў чалавека (1—5% ад іх агульнай колькасці). Апісанне храмасомнага набору ўключае падлік колькасці храмасом. марфаметрыю, ідэнтыфікацыю цэнтрамеры, ядзерцавага арганізатара, спадарожніка і інш. Параўнальны аналіз К. выкарыстоўваецца ў сістэматыцы.

Э.​В.​Крупнова.

т. 8, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)