ПРЫБЫ́ТКІ,

вёска ў Гомельскім р-не, на р. Вуць, каля аўтадарогі Гомель—Церахоўка. Цэнтр сельсавета. За 22 км на ПдУ ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Зябраўка. 549 ж., 250 двароў (2000). Клуб, б-ка, бальніца, цырульня. Царква Раства Прасвятой Багародзіцы. Брацкая магіла сав. лётчыкаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1640 як сяло (9 дымоў) у Гомельскім старостве ВКЛ. Адносілася да Гомельскага замка, якім валодаў кн. Чартарыйскі. З 1772 у Рас. імперыі. У 1773 пабудавана правасл. царква Раства Багародзіцы. У пач. 19 ст. цэнтр маёнтка, які належаў М.​А.​Бардоўскаму. У 1853 у П. 267 рэвізскіх душ, нар. вучылішча (з 1856), у 1864—64 рэвізскія душы мужч. полу, сукнавальня і крупадзёрка, што належалі М.​Бетулінскай, у 1877 засн. маслабойня. У 1886 у П. 581 ж., 98 двароў, царкоўнапрыходская школа, млын, хлебазапасны магазін, у 1909—989 ж., 160 двароў, у Насовіцкай вол. Гомельскага пав., у 1926—878 ж., 179 двароў, школа 1-й ступені, цэнтр сельсавета Насовіцкага раёна Гомельскай акр., з 26.7.1930 — Гомельскага р-на. У Вял. Айч. вайну ў вер. 1943 ням. фашысты спалілі 143 двары, загубілі 17 жыхароў.

В.​В.​Віталёва.

т. 13, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРВІ́НСКІ Павел Іванавіч (псеўд. Сава; 1841, г. Горкі Магілёўскай вобл., паводле інш. звестак Віцебская губ. — 19.3.1864),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Літве. З дваран. У пач. 1860-х г. вучыўся ў Ін-це горных інжынераў і Тэхнал. ін-це ў Пецярбургу, быў звязаны з арг-цыяй «Зямля і воля». У пач. 1863 у маёнтку Марыенгаўзен Віцебскай губ., дзе была друкарня «Зямлі і волі», удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання. Вясной 1863 зняволены ў Дынабургскую крэпасць, 19.6.1863 пазбаўлены правоў і засуджаны на 4 гады катаргі. 1.7.1863 уцёк з-пад варты і далучыўся да атрада Э.​Вжаснёўскага, які дзейнічаў у Вількамірскім і Панявежскім пав. Ковенскай губ. У кастр. 1863 узначаліў асобны паўстанцкі атрад у Вількамірскім пав. (Анікшты, Андронішкі, Віжуны, Ушполь), атрымаў некалькі перамог над урадавымі войскамі. За мужнасць К.​Каліноўскі надаў Ч. званне паручніка і прызначыў яго паўстанцкім ваен. начальнікам Новааляксандраўскай акр. 3.1.1864 яго атрад разбіты, паранены Ч. трапіў у палон. Часовым палявым аўдытарыятам прыгавораны да смяротнага пакарання, павешаны ў мяст. Ушполь. Браты Ч.: Ян — кіраўнік паўстанцкага атрада — расстраляны ў Кіеве; Раймонд, які змагаўся ў атрадзе Звяждоўскага, загінуў на Магілёўшчыне.

Г.​В.​Кісялёў, Я.​Я.​Янушкевіч.

т. 17, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧАДРЫ́Н,

вёска ў Жлобінскім р-не Гомельскай вобл., на аўтадарозе Жлобін—Парычы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 48 км на З ад г. Жлобін, 131 км ад Гомеля, 18 км ад чыг. ст. Чырвоны Бераг. 781 ж., 302 двары (2003). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму.

Вядома з 18 ст. як вёска ў Бабруйскім пав. Мінскага ваяв. З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 1885 у Ш. школа, 3 малітоўныя дамы, 3 крамы. З 1890 сяло ў Стэпскай вол. Бабруйскага пав. У 1897—4022 ж., 429 двароў. цагельня, аптэка. заезны дом, 8 яўр. малітоўных дамоў, 50 крам; у сядзібе Ш. — 255 ж., 27 двароў, школа, паштова-тэлегр. аддзяленне, крама, яўр. малітоўны дом. У 1924—30 цэнтр сельсавета ў Парыцкім р-не Бабруйскай акр., з 1938 Палескай вобл.; з 1935 мястэчка, з 1938 зноў вёска. У Вял. Айч. вайну 8.3.1942 ням. фашысты загубілі 1,2 тыс. жыхароў. У 1941—43 дзейнічала Шчадрынскае камсамольска-маладзёжнае падполле. З 1954 цэнтр сельсавета ў Парыцкім, з 1961 — у Светлагорскім, з 1962 — у Жлобінскім р-нах Гомельскай вобл. У 1959—791 жыхар.

С.​В.​Марцэлеў.

Р.К.Шчадрын.

т. 17, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕШАНКО́ВІЧЫ,

гарадскі пасёлак у Беларусі, цэнтр Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл., прыстань на Зах. Дзвіне. За 51 км ад Віцебска, 38 км ад чыг. ст. Чашнікі на лініі Орша—Лепель. Вузел аўтадарог на Віцебск, Шуміліна, Улу, Лепель, Чашнікі, Сянно. 9,1 тыс. ж. (1995).

У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца пад 1447 (паводле А.​П.​Сапунова) або 1460 (паводле В.​В.​Турчыновіча). З пач. 16 ст. вёска Бешанковічы ўваходзіла ў Полацкае ваяв. З пач. 17 ст. мястэчка, з 1634 мелі магдэбургскае права. Са стараж. часоў вядома бешанковіцкая кераміка. З сярэдзіны 18 ст. Бешанковічы — горад, 5—6 тыс. ж. У канцы 18 ст. мястэчка ў Лепельскім пав. Паводле перапісу 1897 у Бешанковічах 4423 ж. У пач. 20 ст. цэнтр воласці. З крас. да вер. 1918 цэнтр Бешанковіцкага пав. З 1924 цэнтр раёна у Віцебскай акр. (да 1930), з 27.9.1938 гар. пасёлак у Віцебскай вобл. 4,3 тыс. ж. (1939). З 6.7.1941 да 25.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Бешанковічах і раёне 10 276 чал. У 1969 — 4,7 тыс. ж.

Прадпрыемствы лёгкай і харч. прам-сці. Бешанковіцкі гісторыка-краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Бешанковіцкі палацава-паркавы ансамбль, Бешанковіцкая Ільінская царква. Курган Славы на ўшанаванне памяці сав. воінаў, партызанаў і землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Брацкая магіла сав. воінаў, магілы ахвяраў фашызму.

т. 3, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ САМАПО́МАЧ (БНС),

грамадская нац. арг-цыя на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Створана 22.10.1941 паводле загаду ген. камісара Беларусі В.​Кубэ. БНС узначальвалі І.​Ермачэнка, Ю.​Сабалеўскі. Кіруючы орган — Цэнтр. рада (Цэнтраль, складалася з 13 аддзелаў-рэфератаў), якой падпарадкоўваліся акруговыя, раённыя і валасныя аддзелы. Паводле статута, БНС ставіла сабе за мэту «памагаць пацярпелым беларусам ад ваенных дзеянняў, бальшавіцкага і польскага праследавання, памагаць адбудаваць зруйнаваны чужынцамі беларускі край, пашыраць і развіваць беларускую культуру». Займалася зборам грашовых і матэрыяльных каштоўнасцяў, прадуктаў харчавання, абутку і зімовай вопраткі, аказвала матэрыяльную дапамогу пацярпелым ад вайны. Кіраўнікі БНС імкнуліся надаць арг-цыі і паліт. функцыі, змяніць зацверджаны акупац. ўладамі статут. У сак. 1943 на з’ездзе Цэнтр. рады і акр. кіраўнікоў БНС прыняты мемарандум, які патрабаваў у ням. улад поўнай аўтаноміі Беларусі, стварэння бел. ўрада і бел. арміі. Падкрэслівалася, што «ўрад абвесціць аддзяленне Беларусі ад СССР і аб’явіць яму вайну як ворагу беларускага народа». Аднак гэта не спадабалася ням. адміністрацыі. У чэрв. 1943 БНС рэарганізавана ў Бел. самапомач, дзейнасць якой была абмежавана зборам ахвяраванняў, матэрыяльнай дапамогай, вярбоўкай новых членаў. У 1942 пры садзеянні БНС ствараўся Беларускі корпус самааховы. 1.3.1944 перададзена ў падпарадкаванне Беларускай цэнтральнай рады.

А.​М.​Літвін.

т. 2, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ САЮ́З СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫХ КАЛЕКТЫ́ВАЎ, Белкалгасцэнтр,

рэспубліканская кааператыўная арг-цыя ў 1928—32. Створаны ў Мінску на 2-м Усебел. з’ездзе калгасаў як Усебел. саюз с.-г. калектываў (Белкалгассаюз), у студз. 1930 перайменаваны ў Белкалгасцэнтр. Меў на мэце стварэнне, кіраўніцтва і арганізац.-гасп. абслугоўванне калгасаў. Яго органамі кіраўніцтва былі Усебел. з’езд с.-г. калектываў, савет і праўленне, якія выбіраліся з’ездам. Напачатку складаўся з сакратарыята і 4 аддзелаў (арганізац.-інструктарскі, планава-вытв., нарыхтоўчы і крэдытна-фін.), з 1930 з 7 аддзелаў. З перайменаваннем у Белкалгасцэнтр пашыраны і яго функцыі. Кантраляваў гасп. дзейнасць калектываў, перапрацоўку і збыт імі сваёй прадукцыі, культ.-масавую работу, распрацоўваў правілы ўнутр. распарадку, спагнанняў з калгасаў запазычанасці па збожжанарыхтоўках. Яго фінансаванне вялося з дзярж. бюджэту і не залежала ад вынікаў дзейнасці гаспадарак, якія ён аб’ядноўваў. Ва ўмовах цэнтралізаванага размеркавання крэдытаў, с.-г. тэхнікі і інш. сродкаў, недахопу кваліфікаваных спецыялістаў гэты фактар стаў прычынай поўнай залежнасці вытв. калектываў ад вышэйшых органаў. Апарат Белкалгассаюза і падпарадкаваныя яму акр. саюзы практыкавалі ўмяшанне і ў арганізац. і ў дробныя гасп. пытанні. На пач. 1930-х г., калі вёскі сталі калгаснымі і ўзмацнілася цэнтралізацыя, Белкалгасцэнтр стаў непатрэбным элементам адм.-загаднай сістэмы і ў кастр. 1932 ліквідаваны. Яго функцыі перададзены Наркамату земляробства БССР.

С.​М.​Ходзін.

т. 2, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ПЕЛЬ Яўхім Яўсеевіч (7.1.1896, в. Байлюкі Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 27.7.1969),

бел. грамадска-паліт. дзеяч. Скончыў БДУ (1926). З 1915 у рас. арміі, з 1918 у Чырв. Арміі; у 1919—20 удзельнік баёў на сав.-польскім фронце. З 1921 у Мінску, чл. Навук.-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасветы БССР. З 1926 сакратар аддзела прыроды і нар. гаспадаркі Ін-та бел. культуры. У кастр. 1929 выключаны з аспірантуры БДУ, у чэрв. 1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», у крас. 1931 высланы на 5 гадоў у Вяцкую вобл.; паўторна арыштаваны ў снеж. 1935 і зняволены на 5 гадоў. Пасля вызвалення настаўнічаў у г. Саратаў. У пач. 1942 мабілізаваны ў дзеючую Чырв. Армію. адкуль дэзерціраваў. З чэрв. 1942 у Мінску. супрацоўнічаў з ням.-фаш. ўладамі: чл. Інспектарыята бел. школ пры ген. камісарыяце Беларусі, чл. Мінскай акр. рады Бел. нар. самапомачы (БНС), з 1943 у аддзеле культуры БНС, адзін з рэдактараў газ. «Голас вёскі», з 1944 кіраўнік навук. аддзела Беларускай цэнтральнай рады, на Другім Усебеларускім кангрэсе 1944 выбраны яго старшынёй. З сярэдзіны 1944 у Германіі. З 1950 у ЗША, з 1951 уваходзіў у Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі. Успаміны К. захоўваюцца ў архіве Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Рэабілітаваны ў 1988.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 8, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАШЭ́ЎСКІ Аляксандр Восіпавіч (Сташэўскі-Стасевіч; 24.3.1889, в. Думічы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 11.12.1938),

дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Мінскі Бел. пед. ін-т (1920). У 1911—14 выкладаў у Рэчыцкім прыходскім вучылішчы. З 1916 у рас. арміі. З 1918 удзельнік бел. нац. руху, чл. арг-цыі «Маладая Беларусь». Удзельнік антыпольскага падп. і партыз. руху на Міншчыне, у студз. 1920 адзін з ініцыятараў стварэння Беларускай камуністычнай арганізацыі, чл. яе ЦК. У жн. 1920 кааптаваны ў склад КП(б)Б. У 1921 абраны сакратаром ЦВК і СНК БССР. З 1924 старшыня Полацкага акр. выканкома, спрыяў правядзенню палітыкі беларусізацыі. З 1926 нарком унутр. спраў БССР, з 1928 нарком юстыцыі і пракурор БССР. Чл. ЦВК БССР у 1921—31 і яго Прэзідыума ў 1921—24 і 1927—31. Чл. Рэвіз. камісіі КП(б)Б у 1924—25, чл. ЦКК КП(б)Б у 1929—31. 28.1.1931 абвінавачаны ва ўдзеле ў «антыпартыйнай групе Ігнатоўскага—Жылуновіча», зняты з пасады і прызначаны старшынёй Бабруйскага райвыканкома, 18.2.1931 выведзены са складу ЦКК КП(б)Б. З восені 1931 заг. рабфака БДУ, са снеж. 1931 дырэктар Гомельскага с.-г. пед. ін-та. 27.4.1937 арыштаваны, 29.10.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 15, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУКА́ЙЛА Паўлюк (Павел Захаравіч; 1904, в. Лапенеўцы Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. — 14.4.1939),

бел. пісьменнік. Праф. (1933). З 1926 вучыўся ў БДУ, скончыў Камуніст. акадэмію ў Маскве (1930). У пач. 1920-х г. удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, чл. КПЗБ. З 1924 у БССР. Быў сакратаром Расонскага райкома КП(б)Б, удзельнічаў у рабоце полацкай філіі «Маладняка». У 1925 у Слуцку, рэдактар акр. газеты, арганізатар філіі «Маладняка». З 1926 у Мінску, ініцыятар стварэння «Беларускай літаратурна-мастацкай камуны», рэдактар час. «Росквіт». З 1928 у Маскве. У 1930—31 палітрэдактар у Галоўліце СССР, заг. кафедры метадалогіі мастацтва Ін-та кінематаграфіі. Да 1931 кіраўнік бел. секцыі Маскоўскай асацыяцыі пралет. пісьменнікаў. У вер. 1930 арыштаваны, праз месяц вызвалены. З 1932 у Ленінградзе, віцэ-прэзідэнт Дзярж. акадэміі мастацтваў. З 1936 у Маскве. У 1938 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1959. Друкаваўся з 1925. Першая і адзіная кніга паэзіі — «Акрываўленая зямля» (1930), у якую ўвайшлі вершы, паэмы «Акорды дзён» і «Партызанка Люба». У крытычных артыкулах арыентаваўся на ідэйна-эстэт. платформу час. «Новый ЛЕФ», займаў ваяўнічую і непрымірымую бальшавіцкую пазіцыю, зыходзячы з якой крытыкаваў паэзію А.​Вольнага, А.​Дудара, У.​Жылкі, Т.​Кляшторнага, В.​Маракова, Я.​Пушчы, П.​Труса і інш.

У.​М.​Міхнюк.

т. 17, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУЦКО́Р (фін. suojeluskunta, швед. skyddskår ахоўны корпус),

масавая ваенізаваная арг-цыя і рух у Фінляндыі ў 1918—44. Узнік пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Расіі як мясц. ахоўныя атрады (у некат. мясцовасцях наз. пажарныя каманды). У час грамадз. вайны ў Фінляндыі (гл. Фінляндская рэвалюцыя 1918) — урадавыя войскі (каля 70 тыс. чал., каманд. К.Г.Э.Манергейм). У 1919 атрымаў статус добраахвотнай арг-цыі, што забяспечвала абарону краіны (колькасць яе чл. стабілізавалася на ўзроўні амаль 100 тыс. чал.).

Меў акр. арг-цыі (22) па ўсёй Фінляндыі і аддзяленні ў многіх вёсках. У 1921 створана жаночая арг-цыя Ш. «Лота Свярд» (у 1930-я г. аб’ядноўвала каля 170 тыс. жанчын). З 1929 існавалі дзіцячыя атрады Ш. (каля 30 тыс. падлеткаў). Паводле закону аб ахове ад 22.12.1927 Ш. абвешчаны дапаможнай ч. нац. абароны. Займаўся таксама фізкульт.-спарт. і культ. дзейнасцю. У паліт. адносінах яго чл. прытрымліваліся нацыяналіст. і антыкамуніст. пазіцый. У 2-ю сусв. вайну з 1940 фармальна ўваходзіў у склад узбр. сіл (галоўнакаманд. Л.​Малмберг), удзельнічаў у баях супраць сав. войск. Распушчаны паводле ўмоў сав.-фінл. перамір’я, падпісанага 19.9.1944 у Маскве.

Літ.:

Юссила О., Сеппо Х., Юкка Н. Политическая история Финляндии, 1809—1995: Пер. с фин. М., 1998.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 17, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)