ПРАТЭРАЗО́Й (ад грэч. proteros больш ранні + zōē жыццё),
пратэразойская акратэма (акрон), верхняя частка геал. утварэнняў дакембрыю і адпаведны адрэзак часу (акрон) іх фарміравання. Залягаюць на ўтварэннях архею, перакрываюцца адкладамі фанеразою. Пачаўся каля 2,5 млрд.г. назад і закончыўся 570 млн.г. назад. Тэрмін «П.» прапанаваў амер. геолаг Э.Эманс у 1888. Розныя краіны маюць свае стратыграфічныя схемы П.; у СССР з 1977 (цяпер і ў краінах СНД) падзяляюць П. на ніжні (карэлій) і верхні (рыфей і венд) з мяжой на ўзроўні 1650 ± 50 млн. г.
Да пачатку П. завяршылася кратанізацыя зямной кары. Скучванне яе глыб прывяло да ўтварэння гіганцкага адзінага кантынента Пангея-0 (гл.Пангея). На працягу карэлію развіваліся протагеасінкліналі, якія падзялілі Пангею-0 на вял. колькасць протаплатформ. У канцы карэлію (1,8—1,7 млрд.г. назад) протагеасінкліналі моцна спаялі протаплатформы складкавымі сістэмамі. Утварыўся суперкантынент Пангея-1, які ў познім рыфеі распаўся на суперкантыненты Гандвану і Лаўразію.
Пароды П. разам з архейскімі складаюць фундамент стараж. платформ і выходзяць на паверхню на шчытах (Украінскі, Балтыйскі, Алданскі і інш.) і ў сярэдзінных масівах. Паводле саставу, ступені метамарфізму і характару складкавасці пароды ніжняга П. падобныя на архейскія, пераважна адпавядаюць амфібалітавай і зялёнасланцавай фацыям метамарфізму, у меншай ступені праявіліся гранітызацыя і мігматызацыя; часцей трапляюцца карбанатныя пароды, розныя гнейсы і сланцы. Пароды ніжняга П. прарваны інтрузіямі гранітаў і габроідаў. Для завяршальнага этапу магматызму ў П. на Балтыйскім шчыце і ў фундаменце Рускай пліты характэрны граніты рапаківі, прымеркаваныя да мяжы карэлію і рыфею. Пароды верхняга П. больш блізкія да палеазойскіх і прадстаўлены неметамарфізаванымі і слабаметамарфізаванымі тэрыгеннымі (пясчанікі, кварцыты, кангламераты, гліны, аргіліты), карбанатнымі (вапнякі, мармур) і вулканагеннымі адкладамі. У асадкавых пародах П. пашыраны (пераважна ў верхнім П.) арган. рэшткі — прадукты жыццядзейнасці бактэрый, цыянабактэрый і сіне-зялёных водарасцей (страматаліты, анкаліты, фіталіты). У познім рыфеі прысутнічаюць рэшткі мікрафлоры, у вендзе — мнагаклетачных бесшкілетных жывёлін — чарвей, медузоідаў і інш., што сведчыць пра павелічэнне ў марской вадзе долі свабоднага кіслароду. З адкладамі П. звязаны радовішчы жалеза, марганцу, медзі, нікелю, хрому. кобальту, тытану, урану і інш.
На Беларусі ў крышт. фундаменце адклады П. прадстаўлены гнейсамі, амфібалітамі і сланцамі аколаўскай серыі ў цэнтры краіны (Аколаўская грабен-сінкліналь) і сланцамі і вулканітамі жыткавіцкай серыі ў межах Мікашэвіцка-Жыткавіцкага выступу, іх прарываюць гранітоіды жухавіцкага, бабаўнянскага. жыткавіцкага, а таксама габроіды і дыябазы русінаўскага, нагорнаўскага комплексаў і інш. У аколаўскай серыі выяўлена некалькі калчаданных, жалезных (гл.Аколаўскае радовішча жалезных рудаў) рудапраяўленняў. З пародамі, што перасякаюць жыткавіцкую серыю, звязаны руды рэдкіх металаў.
Літ.:
Семихатов М.А. Стратиграфия и геохронология протерозоя. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛАДАБУДАВА́ННЕ,
комплекс галін прам-сці па вытв-сці сродкаў вымярэнняў, аналізу, апрацоўкі і прадастаўлення інфармацыі, прылад і прыстасаванняў кантролю і рэгулявання тэхнал. працэсаў, сродкаў аўтаматызацыі вытворчасці, сістэм кіравання і навук. даследаванняў. У залежнасці ад тэхнал. асаблівасцей адрозніваюць П. дакладнай механікі і электрамеханікі, аптычнае, оптаэлектроннае і лазернае, электроннае. Найб. пашыраны прылады вымярэння мех. (вуглавых і лінейных памераў і перамяшчэнняў, масы, сілы, вібрацыі, цвёрдасці, дэфармацыі, трываласці), эл. і магн. (напружання, току, магутнасці, частаты, супраціўлення, ёмістасці), цеплаэнергет. (т-ры, ціску, расходу рэчыва, узроўню), аптычных, радыяцыйных і інш. велічынь. Сродкі вымяральнай тэхнікі ў спалучэнні з рэгулюючымі, вылічальнымі і выканаўчымі прыстасаваннямі складаюць тэхн. базу аўтаматызаваных сістэм кіраваннятэхнал. працэсамі.
Значнае месца ў П. займаюць: прылады і прыстасаванні вылічальнай тэхнікі, што выкарыстоўваюцца для механізацыі і аўтаматызацыі працэсаў вылічэнняў і апрацоўкі інфармацыі пры рашэнні інж. і навук. задач; аналітычныя прылады для вызначэння саставу і канцэнтрацыі рэчываў у розных асяроддзях, матэрыялах і прадуктах (электрахім., ультрагукавыя, аптычныя, ядзерныя і інш. аналізатары); сродкі тэлемеханікі для перадачы інфармацыйных сігналаў і кіроўных імпульсаў на вял. адлегласці; прылады і прыстасаванні выпрабавальнай тэхнікі, аргтэхнікі. Стварэнню кампактных надзейных прылад, вымяральных, вылічальных і інш. сродкаў тэлемеханікі і аўтаматыкі садзейнічала развіццё мікраэлектронікі. оптаэлектронікі, мікрамеханікі і г.д., выкарыстанне матэрыялаў з асаблівымі ўласцівасцямі (плёнак, вадкіх крышталёў, магн. вадкасцей і да т.п.), новых тэхналогій.
Прадукцыя П. шырока выкарыстоўваецца ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі і быту.
У 19 ст. ў Расіі было некалькі невял. прадпрыемстваў, якія выпускалі тэрмометры, вагі. манометры, вадамеры і інш. найпрасцейшыя прылады. У СССРпрамысл.вытв-сць прадукцыі П. пачалася ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. З 1965 існавала Мін-ва прыладабудавання, сродкаў аўтаматызацыі і сістэм кіравання. Найбольшыя спецыялізаваныя прадпрыемствы пабудаваны ў Маскве, Ленінградзе, на Украіне, Беларусі, у рэспубліках Прыбалтыкі.
На Беларусі ў 1789—93 дзейнічала Беражанская гадзіннікавая мануфактура, з канца 19 ст. — ф-ка ў Віцебску, якая вырабляла акуляры, фіз., аптэкарскія і хірург. інструменты, і некалькі майстэрняў па рамонце нескладаных прылад. У 1920-я г. адзін з цэхаў мінскага з-да «Энергія» вырабляў вагі. У 1930 створаны вагавы з-д «Ударнік». У пач. 1950-х г. пачата вытв-сць больш складаных і дакладных прылад. Як асобная галіна П. сфарміравалася ў 1950—60-я г. з уводам у дзеянне Гомельскага завода вымяральных прылад і інш. Разнастайныя прылады прамысл., энергет. і быт. прызначэння выпускаюць Брэсцкі электрамеханічны завод, Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Электравымяральнік», Віцебскі прыладабудаўнічы завод, Гродзенскі завод «Радыёпрылада», Магілёўскі завод «Электрарухавік», Мінскае вытворчае аб’яднанне вылічальнай тэхнікі, Мінскі гадзіннікавы завод, Мінскі прыборабудаўнічы завод і інш.Н.-д. і доследна-канструктарскія работы ў галіне П. вядуцца ў Мінскім навукова-даследчым прыборабудаўнічым інстытуце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́БЛІЯ (грэч. biblia літар. кнігі),
зборнік твораў стараж. пісьменства, св. пісанне іудзейскай (Стары запавет) і хрысц. (Стары і Новы запаветы) рэлігій. Першая анталогія выбраных кніг (кн. пра станаўленне Сусвету і чалавечага грамадства, хронікі, кодэксы, паэт. медытацыі, маральна-філас. трактаты, прароцтвы, прытчы, афарызмы, апіяграфіі, малітвы, гімны і інш.), аб’яднаных у адным пераплёце паводле храналагічнага і тэматычнага прынцыпаў, зместу і сімвалічнага сэнсу. Складалася на працягу 1-га тыс. да н.э. — 2 ст.н.э. на тэр. Палесціны (стараж. Ізраільска-Іудзейскае царства) і ў месцах яўрэйскай дыяспары на арамейскай, стараж.-яўрэйскай і стараж.-грэч. мовах. Поўная Біблія складаецца з 2 частак — Старога запавету (50 кніг, з іх 39 кананічных, якія выкарыстоўваюцца ў літургічнай службе, і 11 некананічных, прызнаных хрысц. царквой карыснымі для духоўнага выхавання) і Новага запавету [27 кніг; 4 Евангеллі (паводле Матфея, Марка, Лукі, Іаана), зборнік з 22 твораў пад агульнай назвай Апостал, Апакаліпсіс (Адкрыццё Іаана Багаслова)]. Паводле багаслоўскага тлумачэння, слова «запавет» азначае наказ Бога «выбранаму народу» (стараж. яўрэям), а праз яго — усяму чалавецтву. Іудзейская Біблія складаецца з 39 кананічных кніг: Закон, або Пяцікніжжа, прыпісваецца Майсею, Прарокі (кн. Ісаі, Ераміі, Езекііль, Данілы і 12 «малых прарокаў», кн. Ісуса Навіна, Суддзяў, 4 кнігі Царстваў), Пісанні (кн. Руф, 1-я і 2-я Параліпаменом, Ездры, Неяміі, Эсфір, Іова, Псалтыр, Прытчы Саламона, Эклезіяст, Песня песням, Плач Ераміі). Старазапаветная частка хрысц. (праваслаўнай і каталіцкай) Бібліі ў дадатак да кананічных уключае таксама некананічныя кнігі: 1—3-ю Ездры, Тавіта, Юдзіф, Прамудрасць Саламона, Прамудрасць Ісуса Сірахава, прарока Баруха, 1—3-ю кн. Макавеяў. Кананічныя кн. Старога запавету напісаны стараж.-яўр. і часткова арамейскай мовамі, некананічныя — стараж.-грэч. мовай. На т.зв. александрыйскай гаворцы стараж.-грэч. мовы напісаны Новы запавет, за выключэннем Евангелля паводле Матфея, напісанага на сірыйска-халдзейскай гаворцы стараж.-яўр. мовы. У Бібілію не ўвайшлі апокрыфы. Першы збор старазапаветнай часткі Бібіліі стварылі ў 2 ст. да н.э. ў Александрыі на стараж.-грэч. мове 70 перакладчыкаў (Септуагінта — семдзесят — стаў асн. крыніцай пазнейшых выданняў біблейскіх кніг). У 386—406 багаслоў Еранім зрабіў лац. пераклад Бібліі-Вульгату (агульнадаступная), якая легла ў аснову каталіцкай рэдакцыі Бібліі. У Бібліі адлюстраваны драм. шлях развіцця чалавечай духоўнасці. Яна пачынаецца з кн. Быццё (сімвалічная выява ўзнікнення Сусвету, рассялення народаў, станаўленне грамадства і дзяржавы), а заканчваецца Апакаліпсісам — сімвалічным малюнкам «канца свету». У аснове біблейскай філасофіі гісторыі тэадыцэя (апраўданне жыцця і яго крыніцы — Бога перад тварам сусветна-гіст. зла); правідэнцыялізм (гіст. падзеі, з’яўляючыся выяўленнем людской волі, на касм. узроўні прадвызначаныя Богам), месіянства (вера ў прыход Збавіцеля, у яго царства на Зямлі, упэўненасць у тым, што пакліканыя Богам народы і людзі аб’ектыўна выконваюць боскае прадвызначэнне), эсхаталагізм (перакананне ў тым, што гіст. працэс меў свой пачатак і будзе мець сваё завяршэнне). Большасць кніг Старога запавету ёсць гісторыя стараж. ізраільска-іудзейскай тэакратычнай дзяржавы (часткова інш. рэгіёнаў Блізкага Усходу), стараж.-яўр. культуры і старазапаветнай царквы. Новы запавет — гэта аповесць пра зямное жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста, яго апосталаў, пра станаўленне хрысц. царквы і прароцтва пра богачалавецтва пасля канца гісторыі.
У 4—13 ст. узніклі шматлікія рэгіянальныя пераклады Бібіліі. У 9 ст.слав. асветнікі браты Кірыла і Мяфодзій пераклалі Біблію на стараслав. мову. Гэты пераклад лёг у аснову рукапісных біблейскіх кніг, што бытавалі на ўсх.-слав. землях, у т. л. на Беларусі. Першы рукапісны звод Бібіліі на царк.-слав. мове ўкладзены ў Ноўгарадзе (1499) па ініцыятыве архіепіскапа Генадзія («Генадзіеўская біблія»). Першую друкаваную Біблію ў слав. свеце выдалі чэхі (1488). На Беларусі спісы біблейскіх кніг з’явіліся пасля хрышчэння Русі (988). Некаторыя з іх, верагодна, рыхтаваліся Рагнедай Рагвалодаўнай, Ефрасінняй Полацкай. Свае скрыпторыі (цэнтры па перапісцы кніг) мелі бел. гарады, манастыры, епіскапскія кафедры. Пра біблейска-выдавецкую традыцыю сярэдневяковай Беларусі сведчаць высокамаст. ілюстраваныя помнікі рукапісных евангелляў і псалтыроў. Першым зборам царкоўнаслав. рукапісных кніг Бібліі на Беларусі стаў багата аздоблены «Дзесятаглаў», створаны ў 1502—07 у Вільні і Супраслі асветнікам Мацеем Дзесятым. Разам з «Пяцікніжжам», перапісаным дзякам Фёдарам у 1514, «Дзесятаглаў» склаў поўны збор Бібліі. У 1517—19 Ф.Скарына выдаў 23 ілюстраваныя кнігі першай бел. Бібліі пад агульнай назвай «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцка, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». Каля 1522 Скарына надрукаваў у Вільні «Малую падарожную кніжку», у якой аб’яднаны Псалтыр, Часасловец (малітвы), урачыстыя гімны (каноны і акафісты, некаторыя з іх — паэт. творы Скарыны). У 1525 ён жа выдаў «Апостал». Напісаныя Скарынам 50 прадмоў і 62 пасляслоўі да сваіх кніг — першыя на Беларусі каментарыі да Бібліі, у якіх тлумачыцца паходжанне кожнай кнігі, іх аўтарства, асаблівасці зместу, вобразаў і сімвалаў, іх значэнне для рэліг., маральнага і грамадскага выхавання. Свецкае выданне Бібліі Скарынам паўплывала на развіццё кніжна-выдавецкай біблейскай традыцыі на Беларусі (гл.Брэсцкая біблія). Прадаўжальнікам кнігавыдавецкай справы Скарыны быў В.Цяпінскі. Каля 1580 ён пераклаў на старабел. мову і выдаў «Евангелле» (паводле Матфея, Марка і частку Евангелля паводле Лукі). Вопыт Скарыны выкарысталі І.Фёдараў і П.Мсціславец, якія выдалі ў Маскве «Апостал» (1564). У 1566 яны пераехалі на Беларусь, на сродкі Р.Хадкевіча выдалі «Евангелле вучыцельнае» (Заблудаў, 1568—69); Фёдараў выдаў таксама «Псалтыр з Часаслоўцам» (1569). Мсціславец выехаў у Вільню і ў друкарні Мамонічаў выдаў «Евангелле напрастольнае», «Псалтыр» і «Часоўнік» (1575—76). Фёдараў у канцы 1572 — пач. 1573 пераехаў у Львоў, выдаў там «Апостал» (1574), пазней у друкарні К.Астрожскага ў Астрогу — «Псалтыр» і «Новы запавет» (1580), а таксама поўную слав. друкаваную кірылічным шрыфтам «Астрожскую біблію» (1581). У канцы 16—17 ст. Вільня і мяст. Еўе (каля Вільні) заставаліся асяродкамі выдання біблейскіх кніг на царк.-слав. мове. З 2-й чвэрці 17 ст. дзейнічалі новыя цэнтры выдання біблейскіх кніг — друкарні: Куцеінскага манастыра пад Оршай, С.Собаля ў Буйнічах пад Магілёвам, магілёўская М.Вашчанкі, брацкая Магілёва, Супрасльскага манастыра. У канцы 18 ст. віленскія друкарні перадрукавалі з маскоўскіх выданняў «Евангелле» (1790), «Евангелле вучыцельнае» (1794), «Псалтыр» 1795 (2-е выд. 1796). З канца 18 ст. да 1917 на Беларусі біблейскія кнігі не друкаваліся. Толькі уніяцкая царква выдала шэраг катэхізісаў, малітоўнікаў і падручнікаў, якія знаёмілі вернікаў са зместам Бібліі. Першыя практычныя крокі да перакладу Новага запавету на сучасную бел. мову зроблены ў Зах. Беларусі і Польшчы. Традыцыя перакладу і выдання Бібліі аднавілася ў Зах. Беларусі (пераклад і выданне на бел. мове Новага запавету прапаведнікам Л.Дзекуць-Малеем і А.Луцкевічам у 1920—30-я г.), за мяжой [выданне ксяндза П.Татарыновіча ў 1954 у Рыме, выданне бел. Бібліі ў перакладзе гісторыка і філолага Я.Станкевіча ў Нью-Йорку (1950—60-я г., 1970, 1973)], замежныя выданні біблейскіх кніг у перакладзе пастара Я.Пятроўскага (Гейневіл, 1984, 1987). У 1990—95 апублікаваны бел. пераклады біблейскіх кніг В.Сёмухі, А.Клышкі; выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя» ажыццёўлена факсімільнае перавыданне «Бібліі» Скарыны (т. 1—3, 1990—91).
Біблія — адзін з самых багатых і складаных помнікаў сусв. культуры, многія старонкі якога насычаны глыбокай жыццёвай мудрасцю і вызначаюцца вял.маст. сілай. Асаблівасцямі Бібліі як помніка культуры з’яўляюцца сінкрэтызм (адзінства рэальнасці і міфа, гісторыі і тэалогіі, гіст. фактаў і цудаў, філасофіі і паэзіі, даследавання і прароцтва, навук. і аксіялагічнага падыходаў да ацэнкі ідэй, фактаў, ідэалаў) і сімвалізм (погляд на гіст. падзеі як на знакавае выяўленне духоўных сэнсаў). Біблія паўплывала на экзістэнцыялісцкую філасофію гісторыі. Біблейскія сюжэты, матывы, вобразы і сімвалы шырока выкарыстоўвае сусв.л-ра, выяўл., тэатр., муз. мастацтва і кіно. У бел. л-ры вобразныя і сімвалічныя сістэмы Бібліі выявіліся ў 12—18 ст. у творчасці Кірылы Тураўскага, Скарыны, М.Сарбеўскага, М.Сматрыцкага, І.Пацея, братоў Л. і С.Зізаніяў, А.Філіповіча і універсальная — у паэзіі і аратарскай прозе Сімяона Полацкага. Біблейскія матывы фалькларызаваліся ў нар. творчасці (чарадзейныя казкі, абрадавыя песні, легенды), у тэатр. і інш. мастацтве, бел. л-ры (творчасць Я.Купалы, З.Бядулі, У.Караткевіча, інш.бел. пісьменнікаў).
Біблія ці яе часткі перакладзены больш як на 1250 моў і дыялектаў практычна ўсіх краін свету. Існуе шырокая сетка т-ваў, аб’яднанняў, асацыяцый, агенцтваў па вывучэнні Бібліі, яе перакладзе, выданні, распаўсюджванні. Вывучэннем Бібліі займаюцца біблеістыка, герменеўтыка, тэалогія і інш. навукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІПР (грэч. Kypros, тур. Kibris),
Рэспубліка Кіпр (грэч. Kypriakē Dēmokratia, тур. Kibris Cumhuriyeti), дзяржава ў Зах. Азіі на аднайм. востраве ва ўсх.ч. Міжземнага м.Пл. 9251 км². Нас. 752,8 тыс.чал. (1997), у т. л. ў тур. частцы на Пн вострава каля 180 тыс.чал. (разам з 80 тыс. перасяленцамі з Турцыі). Дзярж. мовы — грэч. і турэцкая. Сталіца — г.Нікасія Падзяляецца на 6 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 кастр.). Паўн.ч. вострава (3355 км²) кантралюецца Турцыяй. На Пд вострава пад суверэнітэтам Вялікабрытаніі 2 ваен. базы пл. 280 км².
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Член Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1960. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Пасаду прэзідэнта займае прадстаўнік грэчаскай, віцэ-прэзідэнта — прадстаўнік турэцкай часткі насельніцтва. Прэзідэнт і віцэ-прэзідэнт ствараюць урад, падсправаздачны ім. Вышэйшы орган заканад. улады — Палата прадстаўнікоў, якую выбірае насельніцтва на 5 гадоў (у яе складзе 70% прадстаўнікоў ад грэкаў і 30% — ад туркаў). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту, віцэ-прэзідэнту і ўраду.
Прырода. Уздоўж вострава цягнуцца 2 горныя ланцугі: паўночны — горы Кірэнія (да 1023 м) і Карпас, паўднёвы — горы Траодас (да 1951 м). Паміж імі ўзгорыстая раўніна. З карысных выкапняў ёсць медныя і жал. руды, азбест, буд. матэрыялы і інш. Клімат субтрапічны, міжземнаморскі. Сярэднія т-ры на раўніне і ўзбярэжжах у лют. каля 12 °C, у жн. да 28 °C. Ападкаў да 600 мм на ўзбярэжжах, да 1000—1300 мм у гарах (выпадаюць пераважна зімой). Рэчышчы запаўняюцца вадой толькі пасля зімовых дажджоў. Расліннасць: да выш. 500 м вечназялёныя хмызнякі (маквіс, фрыгана), вышэй — лясы (займаюць 18% тэрыторыі) з дубу, кіпарысу, алепскай хвоі. Некалькі рэзерватаў і ахоўных тэрыторый.
Насельніцтва 78% складаюць грэкі, 18% — туркі. Жывуць таксама армяне, арабы і інш. Вернікі — праваслаўныя (грэкі) і мусульмане (туркі). Сярэднегадавы прырост каля 1,1%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 81 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раўніны і ўзбярэжжы. У гарадах 55% насельніцтва (1997). У г. Нікасія 186,4 тыс.ж. (1994). Значныя гарады — Лімасол (больш за 100 тыс.ж.), Фамагуста, Ларнака. У прам-сці занята 26% працаздольнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 12,5, у абслуговых галінах — 61,5%.
Гісторыя. На тэр. К. выяўлены рэшткі неалітычных пасяленняў (6-е тыс. да н.э.). У канцы 15—11 ст. да н.э. востраў каланізаваны ахейцамі, у 9 ст. да н.э. — фінікійцамі; быў адным з цэнтраў мікенскай культуры. У канцы 8 ст. да н.э. падпарадкаваны Асірыяй, каля 560 да н.э. Егіптам, у сярэдзіне 6 ст. — дзяржавай Ахеменідаў. У 333—323 да н.э. ў складзе дзяржавы Аляксандра Македонскага, у 294—58 — дзяржавы Пталамеяў, у 58 да н.э. заваяваны Стараж. Рымам У канцы 4 ст.н.э. адышоў да Візантыі, у 648 заваяваны арабамі, у 965 — Візантыяй. У 1191 востраў захапілі крыжакі і стварылі Кіпрскае каралеўства, якім у 1192—1297 валодала дынастыя Лузіньянаў, потым Антыёхаў-Лузіньянаў. З 1485 К. належаў Венецыі, у 1571 заваяваны Асманскай імперыяй. У 19 ст. тут зарадзіўся рух грэкаў-кіпрыётаў за аб’яднанне К. з Грэцыяй (энозіс). У час Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29 туркі абвінавацілі правасл. духавенства ў падтрымцы паўстанцаў і арганізавалі разню хрысц. насельніцтва ў г. Нікасія, канфіскавалі ўласнасць манастыроў. У 1878 Вялікабрытанія на падставе падпісанай з Турцыяй сакрэтнай канвенцыі акупіравала К., а ў пач. 1-й сусв. вайны (1914) анексіравала яго, што паводле Лазанскага дагавора 1923 прызнана Турцыяй. У 1925 К. атрымаў статус брыт калоніі. У 1930-я г. тут адбываліся антыбрыт хваляванні, папулярнасць набыла ідэя ўз’яднання К. з Грэцыяй У 1950 архіепіскап Макарыяс III стаў кіраўніком кіпрскай правасл. царквы і ўзначаліў рух за энозіс. У 1955 створана Кіпрская арг-цыянац. вызвалення (ЭОКА), мэтай якой была ўзбр. барацьба за вызваленне К. з-пад брыт. улады і далучэнне да Грэцыі. У сваёй дзейнасці яна выкарыстоўвала тэрарыст. метады, што прывяло да ўвядзення на К. надзвычайнага становішча. Адначасова абвастрыўся канфлікт паміж грэч. і тур. абшчынамі вострава, у якім актыўна ўдзельнічалі Грэцыя і Турцыя. Барацьба кіпрыётаў завяршылася падпісаннем Цюрыхска-Лонданскіх пагадненняў 1959, якія прадугледжвалі прадастаўленне дзярж. незалежнасці К., вызначылі асновы яго дзярж. ладу, але абмежавалі суверэнітэт: Грэцыя і Турцыя атрымалі права трымаць на востраве свае войскі, Вялікабрытанія — 2 вайск. базы.
16.8.1960 К. абвешчаны незалежнай рэспублікай. Першым прэзідэнтам абраны архіепіскап Макарыяс III, віцэ-прэзідэнтам — прадстаўнік тур. абшчыны Ф.Кучук. Канстытуцыя 1960 вызначыла прынцыпы сумеснага пражывання на востраве грэч. і тур. абшчын, але ў 1963 паміж імі пачаліся адкрытыя сутычкі. У 1964 ААН увяла на К. свае войскі. З вяртаннем у 1971 на востраў лідэра ЭОКА ген. Г.Грываса ўзмацніўся паліт. націск грэч. ўрада з мэтай далучэння К. да Грэцыі. У 1974 адбылася спроба дзярж. перавароту, падтрыманага грэч.ваен. хунтай. У адказ Турцыя пад выглядам аднаўлення канстытуцыйнага ладу і абароны туркаў-кіпрыётаў увяла на востраў свае войскі, акупіравала 37% яго тэр.. што прывяло да фактычнага расколу К. на 2 адасобленыя часткі. У 1975 на акупіраванай Турцыяй тэр. абвешчана Федэратыўная тур. дзяржава Рэспубліка К. У 1977 прэзідэнтам К. абраны С.Кіпрыяну. У 1983 ААН заклікала Турцыю вывесці свае войскі з К. У адказ тур. бок ператварыў акупіраваную частку К. ў Тур. рэспубліку Паўночнага К. на чале з прэзідэнтам Р.Дэнкташам. Абвяшчэнне сепаратысцкай дзяржавы туркаў-кіпрыётаў асудзіў Савет Бяспекі ААН. У 1984 туркі-кіпрыёты ўвялі ўласную валюту і пашпарты. Прэзідэнт Рэспублікі К. з 1993 Г.Клірыдыс. К. — чл.ААН (з 1960), Садружнасці (з 1961). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 9.4.1992. Дзейнічаюць партыі: Дэмакр. збор, Партыя лібералаў, Прагрэс. партыя працоўнага народа К., Дэмакр. партыя, Адзіны дэмакр. саюз цэнтра і інш.
Гаспадарка. К. — індустр.-агр. краіна з моцна развітой сферай міжнар. турызму і адпачынку. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 7,8 млрд.дол., больш за 10 тыс.дол. на 1 чал. Палітыка кіраўніцтва краіны накіравана на ператварэнне К. ў гандл., фін. і турыстычны цэнтр Усх. Міжземнамор’я з прыцягненнем замежных капіталаўкладанняў. Апрацоўчая прам-сць дае каля 17% даходаў, сельская гаспадарка — каля 8, сфера паслуг (у т. л. замежны турызм) — каля 47%. У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы. Здабыча медных, жал. і хромавых руд, азбесту, кухоннай солі, гіпсу, вохры, мармуру. Вытв-сць электраэнергіі 2,6 млрд.кВт∙гадз (1995). ЦЭС працуюць на імпартнай нафце. Развіта харчасмакавая (віны, аліўкавы алей, кансерваваныя фрукты, агародніна, тытунёвыя вырабы) і лёгкая (тэкст., швейная, дрэваапр., парфумерная, гарбарна-абутковая) прам-сць. Асобныя прадпрыемствы машынабудавання. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў, хімікатаў. У г. Ларнака нафтаперапр.з-д. У г. Лімасол выраб він і каньякоў. Саматужна-рамесніцкія промыслы (кераміка, метызы), вытв-сць сувеніраў. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 600 тыс.га зямель, у т. л. пад ворывам каля 350 тыс.га (каля 100 тыс.га арашаецца). Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі (2/3 пасяўных зямель). Існуюць збытавыя, крэдытныя і спажывецкія кааператывы. Некаторыя з іх маюць невял. прамысл. прадпрыемствы. На свае патрэбы вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень, авёс), бабовыя, агародніну. Экспартныя культуры: цытрусавыя (апельсіны, лімоны, грэйпфруты), вінаград, ранняя бульба. Тэхн. культуры: тытунь, бавоўна, лён. Садоўніцтва: вырошчваюць яблыкі, грушы, міндаль, персікі, грэцкія арэхі, ражкі (плады ражковага дрэва). Жывёлагадоўля развіта слаба (авечкі, козы, свінні). Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Марскія промыслы. Пчалярства і шаўкаводства. Вял. роля ў эканоміцы належыць замежнаму турызму і адпачынку. К. прываблівае турыстаў мяккім кліматам, выдатнымі пляжамі, цёплым морам, горнымі курортамі, шматлікімі помнікамі гісторыі і культуры, развітой сеткай пансіянатаў і атэляў. Штогод краіну наведвае каля 2,5 млн. замежных грамадзян. У 1994 замежны турызм і адпачынак прынеслі краіне 1,7 млрд.дол. даходу. Найб. турыстаў бывае з Вялікабрытаніі, Германіі, рэспублік б.СССР, арабскіх краін. На К. дзейнічаюць 17 тыс. афшорных кампаній, якія карыстаюцца падатковымі льготамі і прыносяць краіне штогадовы даход каля 200 млн. долараў. Транспарт аўтамабільны, марскі, паветраны. Працягласць аўтадарог каля 12 тыс.км. У краіне 220 тыс. легкавых аўтамабіляў, 104 тыс. грузавікоў і аўтобусаў (1995). К. належыць да краін адкрытай рэгістрацыі марскога флоту. Замежным мараходным кампаніям выгадна рэгістраваць свае судны ў К. (абкладаюцца нізкім падаткам), таму фармальна К. мае гандл. флот у 18 млн. рэг. т. Гал. парты: Ларнака, Фамагуста, Лімасол. К. — вузел міжнар.авіяц. шляхоў. У міжнар. аэрапорце Ларнака перакрыжоўваюцца паветр. лініі, якія злучаюць блізкаўсх., паўн.-афр. і еўрап. краіны. У 1995 экспарт склаў 1,23 млрд.дол., імпарт — 3,69 млрд. долараў. К. экспартуе цытрусавыя, прадукцыю вінаробства, горназдабыўной і лёгкай прам-сці; імпартуе нафтапрадукты, спажывецкія тавары, машыны і абсталяванне. Гал.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, Расія, Італія, Японія, Ліван. Грашовая адзінка — кіпрскі фунт. Для тур. часткі вострава характэрна скарачэнне прамысл. вытв-сці і аб’ёмаў капіталаўкладанняў, рост бюджэтнага дэфіцыту. Асн. ролю ў эканоміцы адыгрывае сфера паслуг — 70% ВУП, доля сельскай гаспадаркі складае 7,5, прам-сці — 13,5, турызму — 5%. Узровень жыцця значна ніжэйшы, чым на Пд. У 1984 тур. ліра аб’яўлена афіц. грашовай адзінкай на тур.ч. вострава.
Літ.:
Шпаро О.Б. Захват Кипра Англией. М., 1974;
Анисимов Л.Н. Проблема Кипра: Ист. и междунар.-правовой аспекты. М., 1986.
Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Кіпра.Да арт.Кіпр. Ландшафт у цэнтральнай частцы вострава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНСК,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Пінскага р-на Брэсцкай вобл., у сутоках р. Піна і Прыпяць. Чыг. ст. на лініі Брэст—Лунінец, вузел аўтадарог на Іванава, Івацэвічы, Лунінец, Столін. Рачны порт. За 180 км на У ад Брэста. 131 тыс.ж. (2000).
П. (летапісны Пинеск, Пиньск) упершыню ўпамінаецца пад 1097. Назва ад р. Піна. Стараж. П. складаўся з дзядзінца, вакольнага горада (гл.Пінскія ўмацаванні) і гар. пасада. Пры археал. раскопках знойдзены сашнік, сярпы, косы, наканечнікі стрэл, шпоры, упрыгожанні, каляровыя керамічныя пліткі, каменны абразок з выявай Спаса Эмануіла (12 ст.), высокамастацкая касцяная капавушка, рэчы з надпісамі. Да сярэдзіны 12 ст. горад уваходзіў у Тураўскае княства, з 2-й пал. 12 ст. цэнтр удзельнага Пінскага княства. У 13 ст. ўтворана Пінская праваслаўная епархія.
З пач. 14 ст. П. у складзе ВКЛ, з 15 ст. ў Трокскім ваяв. З 1-й пал. 16 ст. цэнтр Пінскага староства, з 1565—66 — Пінскага павета Берасцейскага ваяв. У 1581 П. атрымаў магдэбургскае права і герб — у чырв. полі залатыя лук са стралой і напятай цецівой. У 1596—1795 існавала Пінска-Тураўская уніяцкая епархія. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 у вер. 1648 паўстанцы П. разам з казацкім атрадам А.Нябабы аказалі супраціўленне войску вял. стражніка ВКЛ Р.Мірскага. У сярэдзіне 17 ст. ў П. каля 10 тыс.ж. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у вер. 1655 П. заняты атрадам Ф.Ф.Валконскага, разрабаваны і спалены. У час Паўночнай вайны 1700—21 у маі 1706 войскі шведскага караля Карла XII захапілі і разрабавалі горад. У 1-й пал. 18 ст. ў П. працавала друкарня (належала езуітам). Пінская кангрэгацыя 1791 зрабіла спробу ўтварыць асобную арг-цыю правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) П. у Рас. імперыі, цэнтр павета Мінскай губ. У 1794 у горадзе 3716 ж., 548 дамоў. У сярэдзіне 19 ст. працавалі медзеапрацоўчы з-д, тытунёвая ф-ка, 2 гарбарні, піваварня, млыны і інш. У 1858 адкрыта гімназія (з 1872 Пінскае рэальнае вучылішча). У 1882 праз П. прайшла паўд. ветка Палескіх чыгунак. У канцы 19 ст. ў горадзе дзейнічала 27 прадпрыемстваў, найб. з іх — майстэрні Палескіх чыгунак, суднабудаўнічы з-д, ф-кі — шпілечна-фанерная, тытунёвая, запалкавая «Прагрэс-Вулкан», 3 лесапільні, маслабойня і інш. У 1897 у П. 28 368 ж. У час рэвалюцыі 1905—07 тут адбываліся забастоўкі рабочых, усеагульная стачка 1905 задушана карнай экспедыцыяй ген. Арлова. З 15.9.1915 да 25.1.1919 горад акупіраваны герм. войскамі. У 1921—39 П. у складзе Польшчы, цэнтр павета Палескага ваяв., база Пінскай (Рачной) флатыліі ВМФ Польшчы. У 1925—39 існавала Пінская рымска-каталіцкая епархія. З ліст. 1939 П. у складзе БССР, база Дняпроўскай ваеннай флатыліі. З 4.12.1939 цэнтр Пінскай вобласці, з 15.1.1940 — Пінскага раёна. У 1939 у П. 35,9 тыс.ж. У 1940 працавалі суднарамонтны і 2 фанерныя з-ды, запалкавая ф-ка «17 Верасня» і інш.; 19 школ, настаўніцкі ін-т, пед. вучылішча, муз. і фельчарская школы, абл.драм. тэатр, б-кі, 8 дзіцячых садоў, абл. і гар. бальніцы, паліклінікі, база Пінскай ваеннай флатыліі. 5.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі. У час Вял.Айч. вайны дзейнічала Пінскае патрыятычнае падполле. Ням.-фаш. захопнікі знішчылі ў П. 59 084 чал., з іх 20 тыс. ваеннапалонных. Вызвалены 14.7.1944 у ходзе Беларускай аперацыі 1944. У 1947—51 база Дняпроўскай ваен. флатыліі апошняга фарміравання, у 1951—93 тут існаваў вучэбны цэнтр сав. (з канца 1991 рас.) ВМФ. З 8.1.1954 П. — раённы цэнтр Брэсцкай вобл. У 1959 у П. 41,5 тыс.ж., у 1986—112,6 тыс. жыхароў.
Працуюць (2000) прадпрыемствы маш.-буд. (Пінскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод, Пінскі ліцейна-механічны завод, з-ды доследна-мех., сродкаў малой механізацыі і металаканструкцый і інш.), лёгкай (Пінскі завод штучных скур, Пінскі камбінат верхняга трыкатажу, Пінская фабрыка мастацкіх вырабаў «Крыніца Палесся», прамысл,гандл.трыкат. прадпрыемства «Дынама», ільнозавод і інш.), дрэваапр. (Пінская запалкавая фабрыка, Пінскі фанерны завод), буд. матэрыялаў, мікрабіял. (Пінскі завод кармавых вітамінаў), харч. (Пінскі кансервавы завод, масласырбаза, мясакамбінат, хлебазавод і інш.) прам-сці. Дзейнічаюць Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж, Пінскі сельскагаспадарчы каледж, Пінскі тэхнікум мясной і малочнай прамысловасці, Пінскі банкаўскі каледж, Пінскае вучылішча мастацтваў, Музей Беларускага Палесся. Мемарыяльны комплекс вызваліцелям на брацкай магіле сав. воінаў, маракоў Дняпроўскай ваеннай флатыліі і партызан. Стэла на месцы знішчэння сав. грамадзян ням.-фаш. захопнікамі. Помнікі: Айч. вайны 1812, у гонар буд-ва шашы Пінск—Брэст, воінам-вызваліцелям, маракам Дняпроўскай флатыліі, В.З.Харужай, у гонар 40-годдзя вызвалення Пінска. Археал. помнік — гарадзішча старажытнага Пінска (археал. запаведнік).
У 16 ст. на месцы стараж. дзядзінца размяшчаўся драўляны старосцінскі замак. На месцы б. вакольнага горада сфарміраваліся 2 паўкальцы: унутр. і вонкавае, абнесенае землянымі ўмацаваннямі. На Пн ад замка ва ўнутр. паўкальцы знаходзілася гандл. плошча (Стары рынак). Паводле інвентара 1660-х г., у горадзе вылучаліся 2 раёны: асн. (паблізу замка) і па р. Ясельда, у паўн. частцы паселішча. Былі 2 масты — Троіцкі і Спаскі, 6 брам на асн. магістральных напрамках — Віленская, Берасцейская, Спаская, Парканавая, Гарадская, Уладычная. Найб. вуліца — Вял. Спаская, утварала гал. вось горада ўздоўж р. Піна. Тут знаходзіліся 143 пляцы мяшчанскіх сядзіб, францысканскі кляштар, карчма, гай, агароды. У сярэдзіне 17 ст. горад вырас, у выніку рэгулявання планіроўкі арх.-планіровачная структура яго была ўпарадкавана. Утварыліся 3 асн. магістральныя напрамкі: зах., усх. і паўночны. Мяркуюць, што ў гэты час склалася квартальная планіроўка. У сярэдзіне 16 ст. ў горадзе было 14 правасл. цэркваў (у замку знаходзіліся Дзмітраўская саборная і Афанасьеўская), Пінскі касцёл і кляштар францысканцаў, касцёл і кляштар дамініканцаў (засн. ў 1542), 2 правасл. манастыры (у горадзе і прадмесці Лешча—Пінскі Лешчанскі манастыр). У 2-й пал. 16 ст. пабудаваны правасл. Богаяўленскі манастыр. У 17—18 ст. сфарміраваўся сучасны цэнтр горада. Паводле плана 1798 П. меў складаную планіроўку. Цэнтр. месца займаў замак з земляным валам, за ім знаходзілася плошча з крамамі і каморамі. спіхлерамі, важніцай, гандл. радамі. Сярод правасл. цэркваў у 16—17 ст. былі простыя збудаванні (без вярхоў і купалаў), якія нагадвалі хаты або клеці (царква св. Духа, Манастырская царква на Полазаўшчыне і інш.), і складаныя па кампазіцыі шматкупальныя (напр., Дзмітраўская царква мела 4 прытворы. званіцу з 5 званамі). Сярод манум. мураваных і драўляных пабудоў Пінскі касцёл і калегіум езуітаў, кляштары францысканцаў, кармелітаў (1734), марыявітак (1746), Пінскі палац (канец 18 ст.). У канцы 16 ст. на У ад П. ўзнікла прадмесце Каралін, забудаванае паводле рэгулярнага плана, узведзены Пінскі Каралінскі замак. У 18 ст. тут пабудаваны Пінскі касцёл і кляштар бернардзінцаў і Пінскі касцёл Карла Барамеуша з кляштарамі. Першы праектны план забудовы П. (1800) прадугледжваў ліквідацыю паўкальцавых магістралей, упарадкаванне вулічнай сеткі, узбуйненне гар. кварталаў і пракладку 2 новых радыяльных вуліц, каб злучыць цэнтр з дарогамі на Брэст і Нясвіж (ажыццёўлены ў агульных рысах). Да 1860-х г. у паўн. частцы пабудавана некалькі кварталаў, царква на могілках (1823, цяпер па вул. Спакойнай), гімназія (1858). У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзведзены грамадскія будынкі і жылыя дамы ў духу эклектыкі (т-р «Казіно»), Рост прам-сці з 1880-х г., пракладка чыгункі паўплывалі на арх. аблічча горада. Пасля Вял.Айч. вайны П. забудоўваўся паводле генплана 1952 («Белдзяржпраект», арх. Я.Косціч, М.Андросаў), які прадугледжваў упарадкаванне планіроўкі пры захаванні веернай сістэмы магістралей, якія сыходзіліся да цэнтральнай плошчы. Горад развіваўся ўздоўж Піны, структурна падзяляўся на паўн. (адмежаваны чыгункай), цэнтр., зах. і ўсх. планіровачныя раёны. У 1950-я г. горад пазбаўлены гал. дамінанты — разабраны езуіцкі касцёл, знесены гандл. рады, на месцы цэнтр.гіст. плошчы ўтворана пл. Леніна, забудаваная тыпавымі 4—5-павярховымі дамамі. У 1950—60-я г. пастаўлены жылыя і адм. будынкі, у дэкоры якіх выкарыстаны класічныя ордэрныя формы. У 1970—80-я г. масавае жыллёвае буд-ва вялося ў паўн., усх. і зах. раёнах горада. Створаны зоны адпачынку — набярэжныя рэк Піна і Прыпяць, некалькі сквераў, дзіцячыя паркі. Запланавана стварэнне водна-зялёнага дыяметра ў межах П., прыгарадных зон адпачынку. У 1990 распрацаваны праект дэталёвай планіроўкі цэнтр. раёна горада з прапановамі па рэгенерацыі гіст. ядра (арх. Л.Зайцава). Праект рэалізуецца з улікам захавання, рэстаўрацыі помнікаў і будынкаў гіст. забудовы.
Лысенко П.Ф. Древний Пинск, XI—XIII вв. Мн., 1997;
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Пінска. Мн., 1998.
Ю.А.Якімовіч, С.Ф.Самбук (архітэктура).
Пінск. Панарама раёна вуліцы М.Горкага.Пінск. Тэатр «Казіно». Фота пач. 20 ст.Пінск: панарама горада (уверсе), жылыя дамы 19—1-й пал. 20 ст.Набярэжная ў горадзе Пінск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДНА,
горад, цэнтр Гродзенскай вобл. і раёна, прыстань на р. Нёман. За 300 км на З ад Мінска. Вузел чыгунак на Вільню, Масты, Беласток, аўтадарога на Вільню, Ліду, Ваўкавыск. Порт, аэрапорт. 303,6 тыс.ж. (1997).
Гісторыя. Паводле археал. даследаванняў, горад узнік у канцы 10 ст. на т.зв. Замкавай гары пры ўпадзенні р. Горадня (Гараднічанка) у Нёман на ятвяжскай тэр. як умацаваны пункт і цэнтр паўн.-зах. каланізацыі дрыгавічоў і валынян. Упершыню Гродна (Горадзен, Гародня, Горадня) упамінаецца ў Іпацьеўскім, Лаўрэнцьеўскім і Радзівілаўскім летапісах пад 1127. Да сярэдзіны 16 ст. вядома ў крыніцах як Горадзен (Городень). Сярод гісторыкаў 19 ст. існавалі розныя меркаванні аб месцы знаходжання летапіснага Гродна. Слушнае абгрунтаванне тоеснасці Горадзена з сучасным Гродна даў Я.Ф.Арлоўскі ў 1893. У 12—13 ст. існавала ўдзельнае Гродзенскае княства. З сярэдзіны 13 ст. ў складзе ВКЛ. Цярпела ад нападаў крыжакоў Тэўтонскага ордэна, якім у 1300—26 паспяхова процістаяў кашталян гродзенскага замка Давыд Гарадзенскі. З 1376 уладанне кн. Вітаўта, у 1390 было арэнай феад. вайны паміж ім і польскім каралём Ягайлам. Гродзенская харугва ўдзельнічала у Грунвальдскай бітве 1410. У 1391 горад атрымаў магдэбургскае права (напачатку няпоўнае, у 1444 поўнае, у 1496 дапоўненае спец. прывілеем). З 15 ст. праводзіліся кірмашы. З 1413 у складзе Трокскага ваяв., з сярэдзіны 16 ст. цэнтр Гродзенскага павета. З 1540 мела пячатку з гербам на ўзор люблінскага (казёл на задніх нагах абгрызае вінаградную лазу). Пазней гербам горада стала выява ў блакітным полі аленя з залатым крыжам паміж рагамі (алень св.Губерта), які пераскоквае цераз агароджу. Паводле інвентара 1560 у Гродна было каля 4 тыс.ж., 716 дамоў, 33 вуліцы, 3 рынкі, замак, велікакняжацкі (каралеўскі) дом, 9 цэркваў, 2 касцёлы, сінагога, ратуша, звярынец. У 1576—86 — рэзідэнцыя караля польскага і вял. князя ВКЛ Стафана Баторыя. З гэтага часу і да канца 18 ст. Гродна — велікакняжацкі горад. У 1589—1796 цэнтр Гродзенскай эканоміі. Напярэдадні Брэсцкай уніі 1596 у Гродна дзейнічалі 7 правасл. Цэркваў, 3 касцёлы, у 1-й пал. 17 ст. — Гродзенскі езуіцкі калегіум, ордэны бернардзінцаў, дамініканцаў, кармелітаў, францысканцаў, 9 касцёлаў, 2 уніяцкія манастыры. З 1678 месца правядзення заканадаўчых генеральных сеймаў (кожны трэці сейм Рэчы Паспалітай з гэтага часу праходзіў у Гродна). У 17—18 ст. значна пацярпеў у час войнаў Рэчы Паспалітай з Расіяй і Швецыяй. Гродзенскі сейм 1793 зацвердзіў 2-і падзел Рэчы Паспалітай. У 1793—95 цэнтр Гродзенскага ваяводства. У час паўстання 1794 у жн.—кастр. тут дзейнічала Цэнтральная дэпутацыя ВКЛ — выканаўчы орган паўстанцаў на тэр. Літвы і Зах. Беларусі. З 1795 у Рас. імперыі, 1796 цэнтр павета, з 1802 — Гродзенскай губерні. У час вайны 1812 у чэрв.—снеж. акупіраваны напалеонаўскім войскам. У час паўстання 1830—31 аб’яўлены на ваен. становішчы. У 1862 праз горад пракладзена першая у Беларусі чыгунка — участак лініі С.-Пецярбург — Варшава. Напярэдадні і ў час паўстання 1863—64 у Гродна і губерні дзейнічала Гродзенская рэв.-дэмакр.арг-цыя. У 1897 у Гродна 46,7 тыс.ж. У канцы 19 — пач. 20 ст. працавалі Гродзенскае педагагічнае таварыства, Гродзенскае таварыства сельскай гаспадаркі, Гродзенскае таварыства ўрачоў, Гродзенскі гурток беларускай моладзі і інш., дзейнічалі рэв. арг-цыі: Гродзенскі рэв. гурток, Гродзенская рабочая арг-цыя, арг-цыі РСДРП, Бунда, ППС і інш. У рэвалюцыю 1905—07 у Гродна адбыліся ў сак.—крас. 1905 выступленні салідарнасці рабочых з палітвязнямі, у крас.—жн. 1905 забастоўкі на прамысл. прадпрыемствах, у кастр.—снеж. 1905 выступленні салдат гарнізона, паліт. стачкі і інш. З 1915 акупіравана герм. войскам. 19.11.1918 у Гродна створана Бел. рада, у снеж. 1918 сюды пераехаў урад БНР на чале з А.Луцкевічам, пачалося фарміраванне бел. войска. Культ.-асв. дзейнасць праводзіла Грамада Беларускай моладзі ў Гродне. У студз.—крас. 1919 дзейнічаў Гродзенскі Савет рабочых дэпутатаў. 27.4.1919 герм. войскі пакінулі горад, і ён перайшоў пад уладу Польшчы. Пасля заняцця Гродна 19.7.1920 Чырв. Арміяй (3-і конны корпус Г.Гая) устаноўлена сав. ўлада (да кастр. 1920). Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у складзе Польскай Рэспублікі, цэнтр павета Беластоцкага ваяводства. У 1920—30-я г. ў горадзе дзейнічалі паліт., грамадскія і культ.-асв.бел. арг-цыі: ТБШ, БСРГ, КПЗБ, КСМЗБ. Адбываліся антыўрадавыя дэманстрацыі, мітынгі, забастоўкі, у т. л.Гродзенскія выступленні працоўных 1936. З вер. 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Гродзенскага раёна Беластоцкай вобл. У Вял.Айч. вайну з 24.7.1941 да 16.7.1944 акупіравана ням.-фаш. войскамі і пад назвай Garten (Гартэн) непасрэдна ўключана ў склад Германіі. Разбурана на 43%, у Гродна і раёне загублена 51 438 чал. Дзейнічала Гродзенскае патрыятычнае падполле. Горад вызвалены 16—24.7.1944 у ходзе Беластоцкай аперацыі 1944 і Вільнюскай аперацыі 1944. З 20.9.1944 цэнтр Гродзенскай вобласці. У 1970 — 132,5 тыс. жыхароў.
Гаспадарка. Прамысл. аблічча стаў набываць у 1-й пал. 19 ст. У 1840-я г. ў Гродна было больш як 40 прадпрыемстваў, у т. л. цагельныя, фланелевыя, свечачныя, вінакурныя, піваварныя і інш. Штогод праводзіўся кірмаш. Важнае значэнне мелі водны шлях па р. Нёман, які звязаў Гродна з рознымі рынкамі, і пракладзеная праз горад чыгунка. У 1861 засн.Гродзенская тытунёвая фабрыка. З 1876 у горадзе працуе водаправод. У 1884 узніклі ліцейна-мех. майстэрні (гл.Гродзенскі завод аўтамабільных агрэгатаў). Крэдытна-фін. паслугі аказвалі аддзяленні Дзярж. і Віленскага камерцыйных банкаў, Т-ва ўзаемнага крэдыту, банкаўскія канторы. У канцы 19 ст. ў Гродна было больш за 70 прамысл. прадпрыемстваў (больш за 2 тыс. рабочых); колькасць гандл. устаноў павялічылася з 252 у 1861 да 748 у 1900. Працавалі 4 друкарні. У 1914 у Гродна 99 прадпрыемстваў (2287 рабочых). У выніку 1-й Сусв. і грамадз. войнаў, ням. і польскай акупацыі, знаходжання Гродна ў складзе Польшчы прам-сць заняпала. У 1940 у Гродна дзейнічалі 33 прадпрыемствы, у т. л. 2 тытунёвыя ф-кі, веласіпедны з-д, Гродзенская абутковая фабрыка «Нёман», Гродзенскі шклозавод, 3 лесазаводы, 2 гарбарныя, цагельна-кафляны з-ды, швейная, абутковая ф-кі і інш., на якіх працавала 3,5 тыс.чал. У гады 2-й сусв. вайны амаль уся прам-сць Гродна была разбурана. У 1945 працавала 7 прадпрыемстваў. За пасляваенныя гады ў Гродна створаны новыя галіны прам-сці — тэкст., харч.; хутка нарошчвалася вытв-сць лёгкай, шкляной, будматэрыялаў прам-сці.
Сучаснае Гродна — адзін з вядучых прамысл. цэнтраў Беларусі. У 1996 у горадзе 109 прадпрыемстваў, з іх 31 дзяржаўнае. Найб. развіты лёгкая (Гродзенскае вытворчае тонкасуконнае аб’яднанне, Гродзенскае вытворчае прадзільна-нітачнае аб’яднанне, ф-кі швейных спарт. вырабаў «Дынама», пальчаткавых вырабаў, дзіцячых цацак і галантарэі), хім. (Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Азот», Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно»), харч. (кансервавы з-д і інш.), маш.-буд. і металаапр. (гродзенскі завод «Радыёпрылада», з-дтэхнал. аснасткі, гродзенскі завод «Белтапаз», Гродзенскі завод гандлёвага машынабудавання, Гродзенскі завод карданных валоў) прам-сць, прадпрыемствы электраэнергетыкі, дрэваапр., гарбарнай, буд. матэрыялаў (з-ды зборнага жалезабетону, жалезабетонных канструкцый, домабудаўнічы, вапны і сілікатных вырабаў, Гродзенскі камбінат будматэрыялаў) прам-сці.
Асвета і культура. Паводле археал. даследаванняў, пісьменнасць у Гродзенскім княстве існавала ў 12 ст. Школы былі пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах, дзе па царк. кнігах вучыліся дзеці маёмных бацькоў. У 13 ст. пісьменнасць пранікла ў асяроддзе гараджан, рамеснікаў, купцоў. У 14—15 ст. школы ствараліся і ў буйных маёнтках; навучаннем дзяцей займаліся таксама настаўнікі-самавукі. З 1591 у Гродна існавалі брацкія школы, з 1625 — Гродзенскі езуіцкі калегіум. У 1774—76 дзейнічаў Гродзенскі кадэцкі корпус. У 1770—80-я г. адчынены школы: мед. (гл.Гродзенская медыцынская акадэмія), вет., чарчэння і малявання, бухгалтэрыі і рахункаводства, каморніцкая, будаўнічая. У 1773 на базе езуіцкага калегіума засн. ваяводская школа, з 1783 акруговае вучылішча, пераўтворана ў 1797 у дамініканскае (з 1825 гімназія). У 1834 яна рэарганізавана ў губернскую свецкую гімназію. У 1860 адчынена жаночая Марыінская гімназія (гл.Гродзенскія гімназіі). У 2-й пал. 19 ст. створаны Аляксандраўскае рамеснае 3-класнае, 2 мужч. і 2 жан. павятовыя прыходскія, 2 евангелічна-лютэранскія прыходскія вучылішчы, у 1852 — прыватнае яўр. вучылішча (у 1906 рэарганізавана ў 4-класную прагімназію). У 1907 створана Гродзенскае рэальнае вучылішча. У 1907—14 існавала Гродзенскае педагагічнае таварыства, у 1912—20 у Гродна працавала Гродзенская цэнтральная беларуская вучыцельская рада, у 1920—21 — Беларуская школьная рада. У 1920—39 у Гродна 5 гімназій, у т. л. 2 дзяржаўныя. У 1930-я г. польскія ўлады закрылі ў Гродна ўсе бел. школы; пасля аб’яднання Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) яны зноў пачалі працаваць. У 1940 засн.Гродзенскі настаўніцкі інстытут, рэарганізаваны ў 1944 у пед.ін-т, на базе якога ў 1978 створаны Гродзенскі універсітэт. У гады Вял.Айч. вайны большасць школ і культ.-асв. устаноў разбурана. 1.7.1945 у Гродна 9 агульнаадук. школ, пед.ін-т, чыг. і фізкультурнае вучылішчы, 2 мед. школы, 3 дзіцячыя дамы, 6 дзіцячых ясляў. У 1951 засн.Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, у 1956 — Гродзенскі політэхнічны тэхнікум, у 1958 — Гродзенскі медыцынскі інстытут. У 1996/97 навуч.г. ў Гродна 92 дашкольныя ўстановы (каля 20 тыс. дзяцей), у т. л. цэнтр развіцця дзіцяці, 79 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, эстэтыка і інш.), санаторны сад (для дзяцей з захворваннямі лёгкіх), сад для дзяцей з парушэннямі зроку, сад для дзяцей з парушэннямі слыху. 39 агульнаадук. школ (каля 48 тыс. вучняў), у т. л. 1 ліцэй, 3 школы з ліцэйскімі класамі, школа-гімназія, школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку, дапаможная школа (для дзяцей з затрымкай псіхічнага развіцця) і інш. Акрамя таго ў Гродна ёсць школа з польскай мовай навучання, санаторная школа «Нёман», 2 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу (па 6 дзяцей у кожным), 10 дзіцяча-юнацкіх спарт. школ (9 з іх школы алімпійскага рэзерву), 2 школьныя вучэбна-вытв. камбінаты, 5 цэнтраў, у т. л. 2 дзіцяча-падлеткавыя, тэхн. творчасці моладзі, сац.-псіхал. дапамогі моладзі, падлеткам і дзецям-інвалідам, цэнтр прафарыентацыі моладзі, абл. Палац дзіцяча-юнацкай творчасці, 18 клубаў для работы з дзецьмі. У 10 праф.-тэхн. вучылішчах займалася больш за 6 тыс. навучэнцаў. Дзейнічаюць 9 сярэдніх спец.навуч. устаноў (больш за 5 тыс. студэнтаў), у т. л.Гродзенскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум, Гродзенскі навучальна-вытворчы комплекс «ПТВ-тэхнікум», палітэхнікум, тэхн. каледж, вучылішчы: пед., мед., мастацтваў, муз., алімпійскага рэзерву. У Гродна 3 дзярж.ВНУ — ун-т, мед., с.-г. ін-ты, Гродзенскі філіял недзярж. ін-та сучасных ведаў, Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя. У Гродна 14 масавых б-к, у т. л. 6 дзіцячых, 2 мяшанага тыпу, польскай л-ры, Гродзенская абласная з дзіцячым аддзяленнем. Дзейнічаюць Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі, Гродзенскі гісторыка-археалагічны запаведнік, Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей.
Архітэктура. У 12 ст. на беразе Нёмана пабудаваны Гродзенскі княжацкі церам, на мысе — абарончая Каменная сцяна; у цэнтры замка (гл.Гродзенскі Стары замак) узведзена Гродзенская Ніжняя царква, на яе руінах ў 14 ст. — Гродзенская Верхняя царква. У 12 ст. пабудаваны таксама Гродзенская Барысаглебская царква, Гродзенская Прачысценская царква, у канцы 12 ст. — Васкрасенская і т.зв. Малая цэрквы. У выніку ў 12 ст. тут склалася самабытная Гродзенская школа дойлідства. У 15 ст. цэнтр горада змясціўся з дзядзінца на рыначную плошчу, дзе былі дамы заможных гараджан і гандляроў. У 1494 на ёй пабудавана драўляная ратуша, закладзены Гродзенскі фарны касцёл. Своеасаблівае аблічча горада ў 17—18 ст. утваралі касцёлы і праваслаўныя храмы, пабудаваныя пераважна ў стылі барока (гл.Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, Гродзенскі кляштар езуітаў, Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, Гродзенскі кляштар брыгітак, Гродзенскі кляштар францысканцаў, Гродзенскі манастыр базыльянак, Гродзенскі кляштар дамініканцаў). У 2-й пал. 18 ст. будаваліся палацы, ствараліся сядзібна-паркавыя ансамблі (Гродзенскі Новы замак, сядзібы ў прадмесці Аўгустава, «Панямонь», Станіславоўская сядзіба). З заснаваннем у Гродна і яго ваколіцах гродзенскім старостам А.Тызенгаўзам каралеўскіх мануфактур пашырыліся межы горада, у яго паўн.-ўсх. частцы забудоўвалася прадмесце Гарадніца. У 2-й пал. 18 — 19 ст. ствараліся жылыя і адм. будынкі ў стылі класіцызму: кантрольная палата (1750), Гродзенскі дом Агінскага, ратуша з гандл. радамі (1807, усе не захаваліся), Гродзенскі дом віцэ-губернатара, будынак мужчынскай гімназіі (1735) і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ўзведзены будынкі розных арх. стыляў: эклектыкі — жылы дом купца Мураўёва (1914; цяпер б-ка імя Карскага), Гродзенскага акруговага суда будынак; у стылі мадэрн — Гродзенскага пазямельна-сялянскага банка будынак, жылыя дамы па вуліцах Ажэшкі, Замкавай; у псеўдарус. стылі — Гродзенская Пакроўская царква. Існавалі таксама збудаванні прамысл. архітэктуры — вежа пажарнага дэпо, Гродзенскія воданапорныя вежы і будынак піваварнага з-да (1877). Сучасны горад развіваецца ў паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. напрамках, вядзецца масавае буд-ва жылых раёнаў (Паўночна-заходні, Паўднёва-заходні, Прынёманскі, Усходні). Сярод сучасных адм. і грамадскіх будынкаў: Дом тэхнікі (арх. В.Бажко, У.Праабражэнскі), гасцініцы «Беларусь» (арх. Л.Вільчко, «Гродна» і «Турыст» (арх. У.Лытаў, І.Абухаў), Гродзенскі абласны драматычны тэатр, гал. корпус медінстытута (арх. Вільчко, У.Давыдзёнак), Ін-т біяхіміі АН Беларусі (І.Мазнічка), аэравакзал (арх. У.Еўдакімаў, Л.Маскалевіч і інш.).
У Гродна брацкія магілы: сав. воінаў і партызан; сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму; чырвонаармейцаў; сав. ваеннапалонных; магілы польскіх воінаў. Помнікі: Э.Ажэшка, Вітаўту Вялікаму, Я.Купалу, В.Д.Сакалоўскаму, А.Тызенгаўзу, В.Урублеўскаму, у гонар 850-годдзя горада і інш.
Літаратурнае жыццё. У 15—16 ст. у Гродна ствараліся рукапісныя кнігі («Трыёдзь», 1466; Евангеллі), пашыраліся афарызмы і казанні К.Бекеша, які тут жыў. У 16—17 ст. развівалася дзелавое пісьменства на бел. мове — від тагачаснай публіцыстычнай л-ры, распаўсюджваліся ў рукапісах бел.літ. песні, польскамоўная барочная паэзія. З 2-й пал. 17 ст. ствараліся школьныя драмы (У.Нарэвіч, К.Гаршвіла, В.Нармунт, М.Сіповіч, С.Макоўскі, Ф.Ідвель), інтэрмедыі (Я.Пылінскі; гл.Школьны тэатр); у калегіумах працавалі філосафы-публіцысты і перакладчыкі А.Кярсніцкі, І.Сцірпейка, Ф.Андрушкевіч, І.Ляхніцкі, Я.Зноска, Ю.Мышкоўскі, М.Дамашэвіч, Б.Мажэйка і інш. У 18 ст. з Гродна звязана творчасць польскіх паэтаў С.Трамбецкага і Я.Ясінскага, байкапісца С.Кубліцкага. У Гродзенскай друкарні выдаваліся кнігі паэта Ф.Карпінскага, польскія пераклады Вальтэра, Мальера. У Гродна нарадзіліся славісты Я.Замыслоўскі і І.Казлоўскі, публіцыст А.Жышкевіч, паэт Л.Найдус, вучыўся паэт І.Легатовіч, працаваў публіцыст і літ.-знавец Я.Фалькоўскі, жылі паэт-рамантык Т.Зан, пісьменніца і перакладчыца В.Касцялкоўская-Зындрам, бывалі паэты Ю.Нямцэвіч, В.Каратынскі (1862). У 1861 К.Каліноўскі і В.Урублеўскі стварылі тут рэв.-дэмакр. арг-цыю, у якую ўваходзіў паэт Ф.Ражанскі. У 1869—1910 у Гродна жыла Э.Ажэшка, стварыла тут свае найб. значныя творы. Да яе прыязджалі М.Канапніцая, У.Рэймант, Я.Карловіч, часта бываў Ф.Багушэвіч. Этнограф і фалькларыст Е.Раманаў, які працаваў у Гродна ў 1890-я г., апублікаваў у «Гродненских губернских ведомостях» (1894, №71) адну з першых рэцэнзій на зб. Багушэвіча «Дудка беларуская». У 1867—73 тут працаваў М.А.Дзмітрыеў. У Гродна ў 1892—96 праходзіла дзяцінства М.Багдановіча. Яго бацька А.Я.Багдановіч друкаваўся ў гродзенскай прэсе, маці дэбютавала як празаік. У 1896 у Гродна выдадзена паэма «Тарас на Парнасе». У канцы 19 — пач. 20 ст. выйшлі літ.-знаўчыя работы мясц. аўтараў А.Турчыновіча і І.Астравумава, кнігі гісторыка і краязнаўца Я.Арлоўскага. Працавалі т-вы літ.-муз. (1883—1904), пед. (1907—14, мела гісторыка-філал. секцыю) і аматараў драм. і муз. мастацтва «Муза» (1907—14). У Гродна нарадзіліся бел. і лат. пісьменнік і перакладчык У.Пігулеўскі, польскі філолаг М.Аляхновіч; у гар. гімназіях вучыліся пісьменніца З.Верас, філолаг К.Пушкарэвіч, публіцыст А.Бергман (нарадзілася ў Гродна). У 1918—20 тут у гімназіі выкладаў С.Рак-Міхайлоўскі. У 1909—14 працаваў Гродзенскі гурток беларускай моладзі, які выдаў літ. альманах «Колас беларускай нівы» (1913). У 1919—21 пад кіраўніцтвам П.Мядзёлкідрам. гурток Грамады бел. моладзі перакладаў для сваіх пастановак п’есы рус. аўтараў, прапагандаваў бел. паэзію. У 1920—30-я г. дзейнічала польскае т-ва сяброў л-ры і мастацтва імя Э.Ажэшкі. З Гродна звязана творчая дзейнасць Л.Родзевіча, польскай пісьменніцы З.Налкоўскай, у 1930-я г. — Б.Тарашкевіча, П.Пестрака, І.Дварчаніна, В.Таўлая, у 1930—33 тут жыў бел. паэт С.Крывец. У пасляваен. час у горадзе жылі пісьменнікі М.Васілёк, А.Міронаў, А.Астрэйка, З.Бандарына (нарадзілася ў Гродна), М.Дуброўскі, В.Тарас, А.Цяжкі, А.Макаёнак (напісаў тут свае першыя гумарэскі і п’есы). У Гродзенскім пед. ін-це вучыліся пісьменнікі А.Карпюк, М.Грынчык, У.Дадзіёмаў, П.Макаль, Ф.Янкоўскі, Г.Юрчанка, Д.Бічэль-Загнетава, філолагі П.Сцяцко і І.Лепешаў. З Гродна звязана творчае станаўленне пісьменнікаў П.Місько, В.Блакіта, В.Іпатавай. У 1947—49 і 1955—78 у Гродна жыў і працаваў В.Быкаў. Тут адбыўся яго літ. дэбют (1949), напісаны многія аповесці пра Вял.Айч. вайну, якія прынеслі аўтару сусв. вядомасць. У 1960-я г. ў горадзе штогод праходзіў абл.літ. семінар. У 1960—70-я г. Гродна наведалі дэлегацыі рус., літ., узб., арм. і тадж. пісьменнікаў, у 1980-я г. — рус., літ., эст., у 1988 — польскіх. З 1946 дзейнічае аддзяленне (з 1964 абласное) Саюза бел. пісьменнікаў.
Друк, радыё, тэлебачанне. У канцы 18 ст. дзейнічала Гродзенская друкарня (каралеўская), якая акрамя разнастайнай кніжнай, інфармацыйна-юрыд. і рэкламнай прадукцыі друкавала перыядычныя выданні: «Gazeta Grodzieńska» («Газэта Гродзеньска», 1776—83, першая на тэр. сучаснай Беларусі), «Wiadomości Grodzieńskie» («Вядомосьці Гродзеньске», «Гродзенскія ведамасці», 1792), «Kurier Litewski» («Кур’ер Літэвскі», «Літоўскі веснік», 1796—97), штогоднік «Kalendarz Gospodarski...» («Гаспадарчы каляндар...», 1776—1800). У пач. 19 ст. ў Гродна з’явіліся прыватныя друкарні (у сярэдзіне 1860-х г. іх было 5, у 1915—10). У 1820—1915 дзейнічала Гродзенская губернская друкарня, якая акрамя матэрыялаў урадавых і губ. органаў друкавала час. «Ondyna druskienickich źródeł» («Андына», 1844—46), даведнікі-штогоднікі «Памятная кніжка Гродзенскай губерні» (1857—1915) і «Агляд Гродзенскай губерні» (1880—1914); газеты «Гродненские губернские ведомости» (1838—1915), «Торговый вестник Западного края» (1822) і інш. У 1905—06 група рэвалюцыйна настроеных навучэнцаў выдавала час. «Школа», Гродзенская ваен.-рэв.арг-цыяРСДРП — газ. «Солдатская воля» (1906). Выдаваліся газеты ліберальна-дэмакр. кірунку «Гродненские отголоски» (1905) і «Голос Гродны» (1906), «Гродненская копейка» (1912), «Гродненское эхо» (1914). У пач. 1910-х г. выдаваліся газ.«Наше утро» (1912—15), «Северо-Западная жизнь» (1912—13), «Гродненские епархиальные ведомости» (1901—14; з 1992), «Педагогическое дело» (1911—14), альманах «Колас беларускай нівы» (1913). З вер. 1915 да 1919, калі горад быў акупіраваны герм. войскамі, выходзілі польскія і ням. газеты «Gazeta Grodzieńska» («Гродзенская газета»), «Grodnoer Zeitung» («Гродзенская газета»), «Zeitung des Grodnoer Soldatenrates» («Газета Гродзенскага салдацкага Савета»). У 1919 у час акупацыі горада польскімі войскамі выходзілі газеты рознай паліт. арыентацыі: «Набат», «Зорка», «Беларусь», «Бацькаўшчына», «Беларускі народ», «Родны край», «Dziennik Grodzieński» («Гродзенскі дзённік», замест закрытай уладамі газ. «Echo», «Рэха»); гандлёвы час. «Голас Гродны». У 1920-я г. выдаваліся штодзённыя газ. «Беларускае слова» (1920—21), «Echo Grodzieńskie» («Гродзенскае рэха», 1920), «Беларускі шлях» (1922), «Сялянская гутарка» (1923), газеты-аднадзёнкі «Выстрал» і «Гудок» (1924). У 1927 бел.т-ва «Аб’яднанне» выдавала штодзённую газ.«Беларуская доля». У 1930—32 выходзіў штотыднёвы грамадска-літ. і с.-г.час.«Беларуская думка». Найб. радыкальнай у 1920—30-я г. была штотыднёвая газ. «Postęp» («Прагрэс»), якая вяла барацьбу за сац. справядлівасць і дэмакратыю. Большасць газет гэтага часу — афіц. выданні, якія былі рупарам урадавых колаў: «Dziennik kresowy» («Газета ўскраіны»), «Przegląd Kresowy» («Ускраінны агляд»), «Nowe źycie» («Новае жыццё») і інш. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у Гродна ў 1939—41 выходзіла грамадска-паліт.газ. «Свабодная Беларусь» (на бел. і рус. мовах). У 1944 падпольна друкавалася антыфаш. выданне «За Советскую Родину».
Выдаюцца газеты «Гродзенская праўда» (з 1939, абласная, мяняла назвы), «Сельская навіна» (з 1939, раённая, мяняла назвы), «Glos znad Niemna» («Глос з-над Немна», «Голас з-над Нёмана», з 1989), «Молодёжный курьер» (з 1991) і інш., з 1994 выходзіць час. «Свіцязь». Дзейнічае абл.арг-цыяБел. саюза журналістаў (з 1958). Радыёвяшчанне з 1944. Абл. студыя тэлебачання з 1968.
Мастацкае жыццё. Гродна здаўна было цэнтрам ювелірнага, ткацкага, ганчарнага і інш. рамёстваў. Гродзенскія майстры на высокім узроўні выконвалі дэкар. аздабленне сваіх вырабаў ужо ў канцы 11—12 ст. З 14 ст. выраблялі гродзенскую кафлю; у 16—17 ст. Гродна — буйны цэнтр кавальства і маст. ліцця, у 18 ст. — вытв-сці маст. вырабаў. На гродзенскіх каралеўскіх мануфактурах атрымалі развіццё маст. промыслы: Гродзенскае шкло, Гродзенскае ткацтва, Гродзенскія дываны, Гродзенскія паясы. Замалёўкі Гродна 16 ст. пакінулі мастакі Г.Адэльгаўзер, М.Цюнт. У 17 ст. тут працавалі жывапісцы Ф.Лякштыцкі, Г.Хаецкі. Мясц. майстры зрабілі разны шматфігурны алтар у касцёле Гродзенскага кляштара езуітаў, аздобілі яго інтэр’ер скульптурай, фрэскамі, арх. пластыкай. Маст.-дэкар. аздабленне інтэр’ераў касцёла Гродзенскага кляштара бернардзінцаў належыць мастакам А.Грушэцкаму і Ф.Міхалкевічу. Пры ўдзеле мясц. мастакоў і рамеснікаў аздоблены інтэр’ер касцёла Гродзенскага кляштара францысканцаў, залы Гродзенскага Новага замка. У тэхніцы сграфіта выкананы дэкар. фрыз касцёла Гродзенскага кляштара брыгітак. У канцы 19 ст. мастак В.Гразноў зрабіў замалёўкі фрэсак, якімі быў упрыгожаны алтар Гродзенскай Барысаглебскай царквы. У 1946 у Гродна створаны маст. майстэрні (з 1971 абл.арг-цыяБел. саюза мастакоў). З 1967 дзейнічае Выставачная зала, дзе праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы па прапагандзе выяўл. і прыкладнога мастацтваў. У Гродна адбыліся персанальныя выстаўкі бел. мастакоў В.Галубкінай, А.Гаршкавоза, У.Голуба, А.Захарава, А.Коха, А.Кузняцова, Г.Мазурава, У.Мурахвера, Л.Мягковай, Л.Налівайкі, М.Плужніка, І.Пушкова, К.Пятрова, В.Савіцкага, А.Салятыцкага, У.Сушкевіча, У.Церабуна, В.Шчарбакова і інш. Сярод тэматычных выставак: «Зямля і людзі», да 850-годдзя Гродна (1978), «Малююць дзеці», мастакоў шклозавода «Нёман», «Песня пра зубра» (усе 1983), «Нёманскі край» (1990), «Творчасць маладых» (1993), «Акварэлі мастакоў Ліды» (1996) і інш.
Тэатральнае жыццё. Першыя звесткі пра тэатр. жыццё звязаны з дзейнасцю Гродзенскага школьнага тэатра (16 ст.). У 1780-я г. ў Гродна пабудавана памяшканне т-ра. У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. ў ім выступалі пастаянныя і вандроўныя польскія трупы. У рэпертуары былі камічныя оперы, камедыі, творы замежных («Паштальён з Ланжумо» А.Адана, «Фра-Д’ябала» Ф.Абера, «Папялушка» Н.Ізуара, «Тарцюф» Мальера, «Гамлет» і «Макбет» У.Шэкспіра, «Каварства і каханне» і «Разбойнікі» Ф.Шылера, «Эмілія Галоці» Г.Э.Лесінга) і польскіх («Апошняя варшаўская латарэя» С.Манюшкі, «Вяртанне пасла» Ю.Нямцэвіча, «Генрых VI на паляванні» і «Уяўны цуд, ці Кракаўцы і горцы» В.Багуслаўскага, «Помста» і «Муж і жонка» А.Фрэдры) аўтараў. Працаваў Гродзенскі тэатр Дэшнер. З пач. 19 ст. пашыраны аматарскі т-р. У 1883 арганізавана Літ.-муз.т-ва (узначальваў К.Дабравольскі), якое наладжвала канцэрты і драм. спектаклі, літ. чытанні і муз. вечары. З 2-й пал. 19 ст. вядучае месца ў тэатр. жыцці горада належала рус.тэатр. калектывам; працавалі антрэпрызы П.Паўлава, В.Дарашэнкі, А.Даніловіча, Л.Нікольскага, М.Агарова; т-вы артыстаў пад кіраўніцтвам А.Шчарбакова (у складзе трупы П.Арленеў), Н.Арбеніна (у складзе трупы В.Стрэльская, К.Варламаў, М.Ходатаў), П.Ленскага, Г.Фядотавай, М.Савінай і інш. У рэпертуары т-раў пераважалі вадэвілі, камедыі, меладрамы, п’есы А.Астроўскага, А.К.Талстога, Л.Талстога, А.Сухаво-Кабыліна, А.Чэхава. У 1907—14 дзейнічала Гродзенскае т-ва аматараў драм. і муз. мастацтва «Муза». 19.2.1910 адбыўся першы спектакль на бел. мове «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага ў пастаноўцы Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. Бел. вечарыны (са спектаклямі, маст. чытаннем, спевамі) наладжвалі ў Гродна і навакольных вёсках і мястэчках удзельнікі гэтага гуртка ў 1910—13, а ў 1919—21 — Гродзенскага драм. гуртка Грамады бел. моладзі. Тэатр. жыццё горада з 1860-х г. рэгулярна асвятлялася ў газ. «Гродненские губернские ведомости». У 1926—29 у Гродна (і Вільні) працаваў польскі т-р Ю.Астэрвы «Рэдута». У 1920—30-я г. дзейнічаў мясц. польскі т-р, у 1934—38 — польскі т-р імя Э.Ажэшкі. У 1940—41 у Гродна працавалі Дзяржаўны польскі тэатр БССР пад кіраўніцтвам А.Венгеркі і Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР пад кіраўніцтвам У.Ярэмы. У 1945—47 у Гродна знаходзіўся рус.драм.т-рБССР (гл.Дзяржаўны акадэмічны драматычны рускі тэатр Беларусі). З 1947 цэнтрам тэатр. жыцця стаў Гродзенскі абласны драматычны рускі тэатр. У 1980 створаны Гродзенскі абласны тэатр лялек. Дзейнічаюць самадз. калектывы. У горадзе гастраліруюць т-ры з Беларусі і інш. краін. Праходзілі фестывалі: 3-і рэсп. т-раў лялек (1968), аматараў т-раў Прыбалтыкі і Беларусі «Рампа дружбы» (1988), 2-і Бел. тэатральны (1989).
Музычнае жыццё. Найб. раннія звесткі пра муз. культуру Гродна адносяць да 12 ст., часу, якім датуюцца археал. знаходкі на тэр. горада: калок ад струннага муз. інструмента і фрагмент звона, а таксама ўпамінанне пра «трубы гарадзенскія» ў «Слове пра паход Ігараў». У 1543 у Гродна засн. адзін са старэйшых арк. калектываў на тэр. Беларусі, т.зв.«Літоўская капэла». З канца 16 ст. цэнтрам муз. культуры стала правасл. брацтва. Музыка займала значнае месца ў спектаклях школьнага т-ра пры езуіцкім калегіуме (1650—1754). Зберагліся праграмы спектакляў, з якіх відаць, што пастаноўкі 1720-х г. уключалі інстр., вак. (сольныя і харавыя) і танц. нумары. У 1730 існавала «касцельная музыка», якая абслугоўвала богаслужэнні і свецкія мерапрыемствы. У 1730—90-я г. значнае месца ў муз. жыцці горада займалі інстр. і вак.-інстр. капэлы, у т. л.Гродзенская капэла езуіцкай бурсы, Гродзенская капэла Тызенгаўза і інш. Асабліва вылучаліся выглядам і рэзкім гучаннем янычарскія капэлы, у т. л. капэла янычарскай харугвы ВКЛ (1768) і інш. У 18 ст. разам з аркестравым развівалася і сольнае выканальніцтва. Тут працаваў арганіст, арганны і фартэпіянны майстар Ю.Рудзінскі, выступалі спявачкі і піяністкі-аматаркі У.Тарноўская, Грабоўская і інш.Вял. аматарам музыкі быў А.Тызенгаўз (напісаў месу і, магчыма, кантату, меў вял. калекцыю струнных муз. інструментаў). У 1795 у Гродна выступаў рагавы аркестр, да гэтага часу належаць і найб. раннія звесткі пра існаванне на Беларусі балалайкі і гармоніка. У 19 ст. цэнтрамі муз. жыцця былі муз.навуч. ўстановы — пансіён Фінжана і ўзорны пансіён; у 1840-я г. аркестрам гімназіі кіраваў І.Дабравольскі. Тут пачынала кар’еру Т.Юзафовіч-Бароўская, працаваў І.Глінскі. У 1883 у Гродна створана літ.-муз.т-ва, гастраліравалі рус. і інш. буйныя музыканты (В.Давыдава, Есіпава, С.Рахманінаў і інш.). Значнае ажыўленне ў муз. жыцці выклікалі пастаноўкі муз.-сцэн. твораў С.Манюшкі: у 1841 пастаўлены вадэвіль «Апошняя варшаўская латарэя» Ф.Корвін-Мілеўскага на муз. Манюшкі, у 1856, 1861 і ў 1870-я г. ішла яго опера «Галька». У 1905 у Гродна існавалі 3 «хары духавой музыкі» (аркестры пажарнікаў і 2 ваенныя). У 1907—14 працавала аматарскае т-вамуз. і драм. мастацтва «Муза». Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у Гродна пабывала брыгада бел. кампазітараў у складзе М.Аладава, С.Палонскага, П.Падкавырава, Дз.Лукаса. Яна праводзіла тут сходы, рэгістрацыю муз. работнікаў, садзейнічала стварэнню. муз. школы, канцэртнага і духавога аркестраў, арганізацыі муз. аддзела. У 1939 у Гродна засн.пед. вучылішча з дысцыплінай муз. выхаванне (з 1956 муз.-пед., у 1966 створана муз. аддзяленне, у 1969 на яго аснове адкрыта муз. вучылішча). Кафедра музыкі і спеваў існавала ў пед. ін-це (да 1978). З 1944 тут працаваў бел. ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р.Шырмы, рэарганізаваны ў 1950 у Дзярж. хор БССР (з 1952 у Мінску; гл.Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь). Арганізацыяй канцэртнай дзейнасці з 1975 займалася гастрольна-канцэртнае аддзяленне Бел. філармоніі, у 1987 створана Гродзенская абласная філармонія, у 1992 — «Гродзенская капэла». У 1997 у Гродна працуюць: муз. і муз.-пед. вучылішчы, 2 муз. школы. Развіта муз. самадзейнасць; больш як 20 муз. і харэагр. калектываў маюць званне народных і ўзорных.
Літ.:
Кудряшев В.И. Гродно. М., 1960;
Пашкин Ю.А. Русский драматический театр в Белоруссии XIX в. Мн., 1980;
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Гродзенская вобл.Мн., 1986;
Гродно: Энцикл. справ. Мн., 1989;
Пяткевіч А. Літаратурная Гродзеншчына: Мясціны. Людзі. Кнігі. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАМАСТА́ЦТВАкіно,
від экраннага мастацтва, творы якога зроблены на тэхн. базе кінематаграфіі, а таксама з дапамогай інш.тэхн. сродкаў аўдыёвізуальнай камунікацыі (тэлебачанне, відэакасеты, відэадыскі, камп’ютэр і інш.). Асн. творы К. — фільмы — ствараюцца шляхам кіназдымак рэальных, спецыяльна інсцэніраваных падзей рэчаіснасці або ўзноўленых сродкамі анімацыі. У К. сінтэзуюцца эстэт. ўласцівасці л-ры, т-ра, выяўл. мастацтваў, музыкі (гл.Кінамузыка) на аснове спецыфічных сродкаў выразнасці. Кінематограф і К. як яго частка ўзніклі на мяжы 19—20 ст. у выніку развіцця навукі і тэхнікі. Кінематограф фарміраваўся як частка тэхнагеннай культуры, для якой характэрна спалучэнне унікальнасці яе прадукцыі з тыражаваннем. Папярэднікамі кіно акрамя традыц. відаў мастацтва былі: фатаграфія, кірмашовы атракцыён, фанограф, грамафон, патэфон, радыё (як папярэднік гукавога кіно), перыяд. выданні (як папярэднікі хранікальных фільмаў), відовішчы, якія стваралі ілюзію рэальнасці (панарама, дыярама, кругавая праекцыя — папярэднікі шырокаэкраннага, шырокафарматнага, кругавога, варыяэкрана). Прырода сінтэзу кіно дваістая: сінтэз у працэсе нараджэння К. як віду мастацтва і сістэмы яго сродкаў выяўлення, а таксама сінтэз як узаемадзеянне і ўзаемаўплыў мастацтваў на кожным этапе існавання К. і пры стварэнні кожнага канкрэтнага твора. Вынік сінтэтычнасці К. — калектыўнасць стварэння фільма. Кампаненты фільма і адпаведна асн. кінематаграфічныя прафесіі: кінадраматургія — сцэнарыст; рэжысура — рэжысёр; мантаж — мантажор; выява — мастак, аператар; гук — кампазітар, гукарэжысёр; акцёрская творчасць — акцёр, каскадзёр. Гал. роля ў працэсе стварэння фільма звычайна належыць рэжысёру. У сувязі з калектыўнасцю стварэння фільмаў у К. праблема аўтарства спецыфічная. У працэсе яго гіст. развіцця паступова адбывалася станаўленне індывідуальнай аўтарскай свядомасці, што прывяло да ўзнікнення тэрміна «аўтарскае кіно» і вылучэння яго як асобнай з’явы ў процілегласць жанраваму кіно. К. найб. натуральна і адэкватна адлюстроўвае масавую псіхалогію. Сістэма вобразнага засваення свету аўдыёвізуальным К. мае 2 узроўні: выяўленчы (сама кінавыява) і вобразны (вобразны сэнс, які нясе кінавыява). Аснова кінавобразнасці — выяўленчасць. Адносна К. існуе азначэнне «самае безумоўнае з мастацтваў», аднак фатаграфічная прырода К. не адмяняе асобай кінематаграфічнай умоўнасці. Мова К. — гукапластычная мова экраннай выявы, якая рухаецца. К. валодае сістэмай сродкаў адлюстравання, многія з якіх суадносяцца са сродкамі інш. мастацтваў (святло, колер, рытм, лейтматыў, слова і інш.), а некаторыя з’яўляюцца спецыфічнымі і вызначальнымі: кадр, або мантажны кадр, план (адносны маштаб выявы ў кадры), ракурс (пункт погляду камеры, які дапамагае адлюстраваць погляд героя або аўтара на падзеі), мантаж. Вылучаюць віды К.: ігравое кіно (гл.Мастацкі фільм), анімацыйнае кіно, дакументальнае кіно, навукова-папулярнае кіно. Прынцыпамі падзелу кіно на віды з’яўляюцца прадмет экраннага ўвасаблення, спосабы экраннай матэрыялізацыі задумы ў адпаведнасці з запатрабаваннямі ўспрыняцця гледачоў. Існуе тэндэнцыя стварэння фільмаў на стыку ігравога, дакумент. і анімацыйнага кіно. З развіццём К. фарміравалася яго жанравая сістэма. К. выкарыстоўвала жанры інш. мастацтваў (л-ры, т-ра, фальклору і інш.) і выпрацоўвала свае (гл. ў арт.Жанр). Для сучаснага К. характэрна тэндэнцыя да змешвання жанраў (поліжанрызм К.) і відаў К. Найб. пашырана спалучэнне т. зв. «нізкіх», або традыц. відовішчных жанраў К. ў сувязі з аднолькавым узроўнем умоўнасці (авантурны фільм у розных варыяцыях, меладрама, камедыя). На сістэму жанраў дакумент. кіно зрабіла ўплыў літ. публіцыстыка, навук.-папулярнага — навук. літаратура. Паводле паходжання многія кінажанры маюць літ. назвы, але па сутнасці яны не ідэнтычныя.
Гістарычна К. ўзнікла разам з кінематографам. Асобныя фільмы канца 19 ст. (пераважна камічныя, феерычныя, меладрам. стужкі) па сваёй прыродзе належалі да сферы маст. творчасці, хаця цалкам творамі К. іх лічыць нельга. Ад спрошчанага засваення вопыту інш. мастацтваў К. шляхам паступовага назапашвання маст. знаходак распрацоўвала і спецыфічныя сродкі выяўлення (сістэмы планаў, ракурсаў, рухаў камеры, форм мантажу, муз. суправаджэння). Ускладняліся кінадраматургія і акцёрская творчасць. У перыяд фарміравання К., які звычайна датуюць ад узнікнення кінематографа да заканчэння 1-й сусв. вайны, значны ўклад у яго развіццё зрабілі кінематаграфісты Францыі (браты Люм’ер, Ж.Мельес, дзейнасць фірмы «Фільм д-Ар»), ЗША (Э.Портэр, Т.Х.Інс, Д.У.Грыфіт, Ч.Чаплін), Італіі, Даніі, Швецыі, Расіі і інш. Да 1908 у Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, паказваліся фільмы выключна замежнай вытв-сці. Пазней зарадзілася ўласная кінавытв-сць, у якой вызначыліся асн. тэматычныя і жанравыя кірункі: экранізацыя класікі, крымінальна-прыгодніцкія, быт., камічныя фільмы, салонныя меладрамы. Першым рас. фільмам уласцівы запаволенасць экраннага апавядання, павышаны псіхалагізм (творчасць У.Гардзіна, Я.Баўэра, Я.Пратазанава). Першаадкрывальнікам аб’ёмнай анімацыі быў рас. кінематаграфіст бел. паходжання У.Старэвіч. У канцы 1910-х г. кіно сфарміравалася як від мастацтва (гл.Нямое кіно). Крызіс класічнага маст. мыслення ў канцы 19 ст. адначасова з мадэрнізмам спарадзіў масавую культуру, якая захавала жыццепадабенства і агульнадаступнасць, але змяніла пазнавальна-выхаваўчую арыентацыю на кампенсаторна-забаўляльную. Да яе належаў і кінематограф «асн. патоку». Мадэрнізм яскрава праявіўся ў К. 1920-х г.: ням. кінаэкспрэсіянізм (Ф.Ланг, Ф.Мурнаў) і франц. кінаімпрэсіянізм (Л.Дэлюк), кінаавангард (Р.Клер, Л.Буньюэль, Ф.Лежэ), сав.рэв. кінапаэзія і інш. З дасягненняў К. ЗША найб. значнасць мае эксцэнтрычная кінакамедыя. Праявілася спецыфіка неігравога кіно як сферы К., якое акрамя інфарм., рэпартажнай функцыі адкрыла новыя маст. магчымасці. Сярод найб. значных дасягненняў у сусв. неігравым кіно — творчасць сав.рэж. Дз.Вертава, амер.рэж. Р.Флаэрці і інш., у творах якіх дасягнута арган. зліццё жыццёвага матэрыялу з аўтарскай трактоўкай у кінематаграфічнай форме. У СССР у 1920-я г. ствараліся класічныя творы сав.рэв. кінаавангарда — «тыпажна-мантажнага», «паэтычнага» мастацтва, што вылучыла сав. кіно на адно з першых месцаў у сусв. кінематографе (творчасць С.Эйзенштэйна, У.Пудоўкіна, А.Даўжэнкі і інш.). У гэтым рэчышчы ствараліся і лепшыя бел. фільмы (Ю.Тарыч). З канца 1920-х г. пачало развівацца гукавое кіно, хоць на пачатковым яго этапе тэхн. складанасці гуказапісу абмяжоўвалі сферу выкарыстання сродкаў выразнасці, адкрытых у нямым кіно. Вял. ўклад у яго развіццё зрабілі франц. «паэтычны рэалізм», якому ўласцівы глыбокі псіхалагізм і рамант атмасфера дзеяння (фільмы Ж.Рэнуара, Ж.Фейдэра, Ж.Дзювіўе, М.Карнэ), удзел у кіно майстроў англ. сцэны. Замацавалася ўстойлівая сістэма кінажанраў, асабліва ў кінематографе ЗША У неігравым кіно найб. значныя работы нідэрл. дакументаліста І.Івенса ў жанры эксперым. лірычных кінабалад, англ.дакумент. школа Дж.Грырсана і інш. У СССР гукавое кіно пашырылася з 1930-х г. Лепшыя фільмы вызначаліся спалучэннем эстэтыкі тыпажна-мантажнага К. і магчымасцей гукавога кіно (М.Ром, С.Юткевіч, А.Зархі, І.Хейфіц, Ю.Райзман, Р.Аляксандраў, І.Пыр’еў; у бел. кіно — Ю.Тарыч і У.Корш-Саблін). У гэты час у СССР адзіным творчым метадам быў абвешчаны сацыялістычны рэалізм. Перад 2-й сусв. вайной кансерватыўна-традыцыяналісцкія тэндэнцыі пашырыліся ў К. практычна ўсіх краін, нягледзячы на адрозненні ідэалаг. і эканам. плана. У гады 2-й сусв. вайны ў кіно ўзмацнілася агітацыйнасць, павялічылася роля дакумент. публіцыстыкі. У гэтым жанры працавалі і рэжысёры ігравога кіно (Дж.Форд, Ф.Капра ў ЗША, Райзман, Даўжэнка ў СССР і інш.). Ставіліся фільмы, пабудаваныя на суадносінах дакумент. і ігравых пачаткаў (англ.рэж. Х.Джэнінгс). У сярэдзіне 1940 — пач. 1950-х г. пераважалі фільмы традыц. апавядальнай стылістыкі, на аснове якой К. асімілявала тэхн. навінкі: каляровую выяву (з 1930-х г.), розныя прапорцыі экрана (з 1950-х г. шырокі экран, шырокі фармат і інш.). На першы план вярнулася эстэтыка быт. падабенства, што найб. увасобілася ў тэорыі і практыцы італьян. неарэалізму (Ч.Дзаваціні, Р.Раселіні, В.Дэ Сіка, Дж. Дэ Сантыс, П.Джэрмі і інш.). У СССР у пасляваен. гады складанасці ў становішчы К. былі абумоўлены эканам. цяжкасцямі і ўзмацненнем жорсткасці паліт. рэжыму. Было прынята рашэнне аб скарачэнні кінавытв-сці, што адмоўна адбілася на стане кінематографа рэспублік з невял. кінавытв-сцю, у т. л. Беларусі. З сярэдзіны 1950-х г. на развіццё К. пачала ўплываць канкурэнцыя з боку тэлебачання, што ў канцы 1950-х г. прывяло да крызісу кінематографа галівудскага тыпу (акцёрска-прадзюсерскага) і ўздыму еўрап. кіно, якое менш закранула ўздзеянне тэлебачання. З’явілася аўтарскае кіно ў Італіі (Ф.Феліні, Л.Вісконці, М.Антаніёні, П.П.Пазаліні), Швецыі (І.Бергман), Японіі (А.Курасава), Іспаніі (Буньюэль) і інш., франц. «новая хваля» (А.Рэнэ, Ф.Труфо, Ж.Л.Гадар), «польская школа» (А.Вайда, А.Мунк), «чэшская школа» (М.Форман, І.Менцэль), «кіно адлігі» ў СССР. Пэўны ўздым К. адбыўся ў краінах Лац. Амерыкі, Азіі, Афрыкі. На змену традыц. форме кінаапавядання прыйшлі новыя прынцыпы пабудовы фільма, разнастайныя формы відавога і жанравага сінтэзу. У 1960-я г. ў ЗША акцёрска-прадзюсерскі тып кіно змяніўся рэжысёрскім (С.Кубрык, Дж.Франкенхеймер і інш.). На сусв. К. ўплывалі структуралізм, псіхааналіз, ідэі аўтарскага кіно, эстэтыка франц. «новай хвалі», андэграўнду. Пашырылася т. зв. незалежнае кіно. У СССР у 1960-я г. пашырылася кінавытв-сць, прыйшло новае пакаленне кінематаграфістаў (Р.Чухрай, С.Бандарчук, Л.Куліджанаў, С.Растоцкі, А.Таркоўскі, В.Шукшын, Э.Клімаў, І.Таланкін, на Беларусі — В.Тураў, І.Дабралюбаў, Б.Сцяпанаў і інш.). У К. праявіліся лірычнасць, рамантычнасць, адначасова ўзмацнілася аналітычнасць. Узбагаціліся вобразная мова экрана і яго жанрава-стылявая палітра. Асн. кірункі жанрава-стылявых пошукаў — «дакументальнае» і «жывапісна-паэтычнае» кіно. «Новая хваля» ўласціва і развіццю сусв.дакумент. К., у якім выявіліся сацыялагічная тэндэнцыя, пошукі новых спосабаў адлюстравання рэчаіснасці (творчасць групы «Свабоднае кіно» ў Вялікабрытаніі, «Групы трыццаці» і кірунку «сінема верытэ» ў Францыі). Дакумент. К. ў пэўнай ступені паўплывала на развіццё ігравога кіно. Лепшыя стужкі сав.дакумент. кіно вызначаліся тонкім раскрыццём псіхалогіі чалавека (В.Лісаковіч, Г.Франк і інш.), навук.-папулярнага — паглыбленым імкненнем да вырашэння эстэт. задач, да паэт. раскрыцця навук. пошуку і псіхалогіі творчасці (В.Архангельскі, Б.Загражскі, У.Кобрын, «кіеўская школа» навук.-папулярнага кіно, асабліва Ф.Собалеў). У канцы 1960 — пач. 1970-х г. адрадзілася кіно галівудскага тыпу, адбыўся зварот да жанравага кіно, традыц. форм кінаапавядання. Гэтыя тэндэнцыі найб. ярка выявіліся ў кіно ЗША, якое зноў пачало лідзіраваць у сусв. кінематографе (фільмы Ф.Ф.Копалы, С.Спілберга, Дж.Лукаса, М.Скарсезе і інш.). Разам з тэлебачаннем канкурэнцыю традыц. кінапракату пачалі складаць відэаіндустрыя, новыя формы экраннага мастацтва, не звязаныя з традыц. кінематаграфічнай тэхнікай (у СССР гэтыя працэсы пачаліся пазней), што выклікала змены ў выкарыстанні сродкаў адлюстравання ў К., ужыванне камп’ютэрнай тэхнікі для стварэння спецэфектаў і інш. У 1970 — пач. 1980-х г. у К. СССР выявіліся крызісныя, застойныя з’явы. Лепшым фільмам былі ўласцівы крытыка грамадскіх хібаў, пошукі ў галіне кінамовы, складаныя драматургічныя канструкцыі, зварот да дакументалізму і ўмоўна-метафарычнага пачатку, фалькл., міфалагічных матываў, суб’ектыўнага эпасу ў гіст. творах (творчасць Л.Шапіцька, М.Міхалкова, С.Параджанава, В.Абдрашытава, С.Салаўёва, А.Германа, Г.Панфілава, у бел. кіно В.Нікіфарава, М.Пташука, В.Рубінчыка, В.Рыбарава, В.Чацверыкова і інш.).
З 1980-х г. на сусв. К. пачалі ўплываць тэндэнцыі постмадэрнізму (адлюстраванне крызісу маст. культуры 20 ст.), якія па-рознаму выявіліся ў еўрап. і амер. кіно (творчасць Д.Джармена, П.Грынуэя, прадстаўнікоў франц. «новай хвалі», амер. рэжысёраў пакалення «япі» і інш.). У неігравым кіно ў сярэдзіне 1980-х г. развіваліся маст. традыцыі сусв. і сав.дакумент. К., кінематаграфісты Г.Рэджыо (ЗША), А.Сакураў, А.Касакоўскі (Расія), В.Дашук (Беларусь) і інш. імкнуліся да пошукаў новай формы, спосабаў і метадаў маст. асэнсавання хранікальнага матэрыялу, рэальных падзей. У сав. ігравым кіно пашырылася т.зв. «кіно чорнай хвалі» («чарнушнае кіно») і імкненне да відовішчнасці. У 1990-я г. кіно Расіі, Беларусі і інш. краін, што ўтварыліся пасля распаду СССР, з-за цяжкага фін.-эканам. становішча і спаду вытв-сці перажывае глыбокі крызіс. К. пост-сав. краін практычна не ўпісваецца ў сістэму сусв. К., у якім таксама назіраюцца крызісныя з’явы.
Літ.:
Аристарко Г. История теорий кино: Пер. с итал. М., 1966;
Красинский А.В. Экран земли белорусской. М., 1973;
Нечай О.Ф. Становление художественного телефильма. Мн., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЯ У́НІЯ 1596,
акт пра арганізацыйнае аб’яднанне правасл. царквы з каталіцкай на тэр. Рэчы Паспалітай, абвешчаны 9.10.1596 на царк. саборы ў Брэсце (праходзіў 6—10.10.1596). Зацверджана каралём Жыгімонтам III Вазай. Паводле Брэсцкай уніі правасл. царква прызнавала вяршэнства папы рымскага і каталіцкі догмат аб зыходжанні Св. Духа не толькі ад Бога-айца, але і ад Бога-сына (з часам прынята і іншая каталіцкая дагматыка) і ператваралася ў грэка-каталіцкую (уніяцкую) царкву. Аднак уніяцкая царква захоўвала ўласную арганізац. структуру і іерархію, многія правасл. абрады, царк.-слав. і бел. мовы (на Украіне — укр.) у богаслужэнні, рэліг. л-ры, казаннях. Прыняцце Брэсцкай уніі праводзілася на аснове Фларэнційскай уніі 1439, якую спрабаваў увесці ў ВКЛ у сярэдзіне 15 ст. мітрапаліт Грыгорый Балгарын. Гал. прычынай заключэння уніі было імкненне да кансалідацыі царк. і свецкіх феадалаў ВКЛ і Польшчы пасля Люблінскай уніі 1569. Правасл. іерархі ВКЛ не жадалі падпарадкоўвацца маск. патрыярху, які прыняў гэты тытул у 1589 і меў намер пашырыць сваю ўладу на ўсю тэр.б. Кіеўскай Русі. Адначасова яны разлічвалі атрымаць усе прывілеі каталіцкіх біскупаў, абаперціся на падтрымку каталіцкай царквы ў нарастаючым канфлікце з брацтвамі і ў барацьбе з рэфармацыйным рухам. Папства праз Брэсцкую унію імкнулася пашырыць свой уплыў на Усход. Гал. тэарэтыкам уніі быў польскі езуіт П.Скарга, які абгрунтаваў сваю задуму ў кнізе «Пра еднасць касцёла Божага» (1577). Непасрэднымі ініцыятарамі падпісання Брэсцкай уніі сталі епіскап уладзімірскі і берасцейскі І.Пацей і епіскап луцкі і астрожскі К.Цярлецкі, якія ў 1595—96 наведалі Рым і падрыхтавалі з папам Кліментам VIII тэкст уніі. Унію падтрымала большасць іерархаў, у т. л. мітрапаліт кіеўскі М.Рагоза, які захаваў свой тытул. Аднак частка духавенства і свецкіх феадалаў на чале з кн. К.Астрожскім не прыняла Брэсцкую унію і правяла ў Брэсце свой сабор адначасова з уніяцкім. Правасл. царква ў Рэчы Паспалітай захавалася як самастойная побач з грэка-каталіцкай. Частка насельніцтва (асабліва мяшчане) змагаліся супраць уніі, аднак у канцы 18 ст. уніятамі было ўжо 75% жыхароў Беларусі. Брэсцкая унія скасавана ў Рас. імперыі Полацкім царкоўным саборам 1839 (за выключэннем Люблінскай, Сувалкаўскай і Сядлецкай губ., дзе уніяцтва існавала да 1875), у 1946 — у зах. абласцях Украіны (б. Галіцыя, знаходзілася ў складзе Аўстра-Венгрыі). Пра гісторыю уніяцтва гл. ў арт.Беларуская грэка-каталіцкая царква, Украінская грэка-каталіцкая царква.
Літ.:
Коялович М.О. Литовская церковная уния. Т. 1—2. СПб., 1859—61;
Жукович П.М. Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией. Вып. 1—6. СПб., 1901—12;
Мараш Я.Н. Роль Ватикана в подготовке и утверждении Брестской унии 1596 г. // Вопросы истории религии и атеизма: Сб. ст.М., 1963. Т. 11;
Никольский Н.М. История русской церкви. Мн., 1990;
Likowski E. Dzieje kościoła unickiego na Litwie I Rusi w XVIII і XIX wieku. Cz. 1. 2 wyd. Warszawa, 1906;
Panucevič V. Bierasciejskaja vunija. Chicago, 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТРАЭНЕРГЕ́ТЫКА,
галіна энергетыкі, звязаная з распрацоўкай тэарэт. асноў, метадаў і тэхн. сродкаў для ператварэння ветравой энергіі ў эл., мех. і цеплавую. Займаецца таксама вызначэннем галін і маштабаў мэтазгоднага выкарыстання энергіі ветру ў нар. гаспадарцы. Ветраэнергетыка абапіраецца на аэралагічныя даследаванні, на базе якіх распрацоўваецца ветраэнергет. кадастр (па ім выяўляюць раёны са спрыяльным ветравым рэжымам). Аснова ветраэнергетыкі — ветраэлектрычныя станцыі (ВЭС).
Першыя ветрарухавікі (барабаннага тыпу) выкарыстоўваліся ў Стараж. Егіпце і Кітаі, у 7 ст.н.э. персы будавалі больш дасканалыя — крыльчатыя. Мяркуюць, што ветракі з’явіліся ў Еўропе і на Русі ў 8—9 ст., пашырыліся з 13 ст. (асабліва ў Галандыі, Даніі і Англіі), з 15 ст. — на Беларусі. Выкарыстоўваліся для пад’ёму вады, размолу зерня, прывода розных машын. У пач. 20 ст. М.Я.Жукоўскі распрацаваў тэорыю быстраходнага і высокапрадукцыйнага ветрарухавіка, пачалася прамысл.вытв-сць сродкаў ветраэнергетыкі. Былі пабудаваны першыя ВЭС: у Расіі каля Курска (1930, магутнасць 8 кВт), на Украіне каля Севастопаля (1931, 100 кВт), у Казахстане (пач. 1950-х г., 400 кВт). У канцы 1960-х г. у СССР створаны уніфікаваныя быстраходныя ветраэнергет. агрэгаты ВБЛ-3, ВПЛ-4, «Беркут» і інш., прызначаныя ў асноўным для пад’ёму вады на жывёлагадоўчых фермах, аддаленых пашах і інш. Перспектыўным лічыцца стварэнне магутных ветраэнергет. комплексных сістэм, якія спалучаюцца з дзейнымі энергасістэмамі і маюць эфектыўныя ветраагрэгаты (іх асаблівасць — паваротная вежа з двума ветраколамі, якія маюць 50-метровы размах лопасцей).
На Беларусі работы ў галіне ветраэнергетыкі пашырыліся з 1986. Уведзена ў дзеянне больш як 25 ветраэнергетычных установак (ВЭУ). Распрацавана ВЭУ малой магутнасці БВ-305 (5,5 кВт, дыяметр ветраротара 8 м, макс. скорасць яго вярчэння 100 аб/мін, дыяпазон рабочых скарасцей ветру 3,5—20 м/с, гадавая выпрацоўка электраэнергіі 12—15 МВт∙гадз); доследная партыя зроблена на Мінскім НВП «Ветрамаш». Распрацоўваюцца ВЭУ магутнасцю 30 кВт для ацяплення аўтаномных аб’ектаў, ветрамех. ўстаноўка для перапампоўвання вадкасці з свідравін. Перспектыўныя ветраагрэгаты серыі ВТН (навук.-вытв. фірмы «Ветэн», Расія), прызначаныя для электразабеспячэння аўтаномных аб’ектаў: ВТН8-4 магутнасцю 4 кВт, для раёнаў з сярэднегадавой скорасцю ветру v ≥ 3,5 м/с; ВТН8-8 — 8 кВт, v ≥ 5 м/с; ВТН16-30 — 30 кВт, v ≥ 5 м/с. Эканам. работа ВЭУ забяспечваецца пры сярэднегадавых скарасцях ветру больш за 3,5 — 4 м/с на вышыні 10 м (на Беларусі 3—3,5 м/с у паўд.ч., 4—4,5 м/с у цэнтр., 4—5 м/с зімой у цэнтр. і паўн.-зах.ч.). Патрэбнасць Беларусі ў сродках ветраэнергетыкі на бліжэйшую перспектыву ацэньваецца ў 150 шт. агульнай магутнасцю 900 кВт. Найб. мэтазгодна камбінаванае выкарыстанне энергарэсурсаў — у гібрыдных устаноўках, дзе спалучаецца выкарыстанне энергіі ветру з энергіяй сонца, бія- і арган. паліва і інш.
Літ.:
Энергия ветра: Оценка технич. и экон. потенциала: Пер. с англ.М., 1982;
Шефтер Я.И. Использование энергии ветра. 2 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ.
Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у Віцебску і прыгарадзе ў Вял.Айч. вайну. Аб’ядноўвала каля 1,5 тыс.чал., 66 падп. груп. Адным з першых узніклі групы ў мед. установах (кіраўнікі К.С.Акаловіч, М.Л.Мурашка, Р.Ф.Махноў), Стадыённым пасёлку (А.Я.Белахвосцікаў), Маркаўшчыне (В.А.Вярбіцкі), электрападстанцыі (У.А.Казлоўскі), на вузле сувязі (А.Г.Канаплёў, пазней Л.Дз.Бярозкіна), Чэпінскім лесаскладзе (М.А.Купалаў), чыг. вузле (Ф.К.Мехаў, А.А.Гагуля), торфапрадпрыемстве (Л.І.Хрыпач), таракамбінаце (В.Дз.Шалуха) і інш. Да канца 1941 у горадзе было больш за 20 груп, у 1942 — 56. З сак. 1942 падполле дзейнічала пад кіраўніцтвам падп. абкомаў КП(б)Б (1-ы сакратар І.А.Стулаў) і ЛКСМБ (В.І.Лузгін). Падпольшчыкі вялі антыфаш. агітацыю сярод насельніцтва, прымалі па радыё зводкі Саўінфармбюро, распаўсюджвалі лістоўкі, рабілі дыверсіі на ваен. аб’ектах, здабывалі зброю, узрыўчатку, боепрыпасы, вялі разведку, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных (зімой 1941—42 каля 3 тыс.чал.) і выводзілі іх з горада. У вер. 1942 для ўзмацнення кіраўніцтва падполлем у Віцебск паслана група з 17 чал. на чале з В.Харужай. Падпольшчыкі мелі больш за 50 канспіратыўных кватэр і явак, у некаторых з іх хавалі зброю, боепрыпасы, л-ру. З утварэннем у лютым 1942 Віцебскіх «варот» была наладжана сувязь з сав. тылам; падпольшчыкі дапамагалі закінутым на акупіраваную тэр.сав. спецгрупам выконваць іх заданні. У барацьбе з акупантамі дапамогу падполлю аказвалі ням. і чэшскія антыфашысты. З пач. 1942 актыўна дзейнічалі групы І.А.Бекішава, Г.К.Грабяньковай, М.Я.Нагібава, А.І.Ліпці, Т.А.Ламаносенка і інш. За 1942 падпольшчыкі зрабілі 102 дыверсіі, пусцілі пад адхон 14 эшалонаў, знішчылі 36 чыг. цыстэрнаў з гаручым, 32 аўтамаб. і 2 чыг. масты і інш. У канцы 1942 — пач. 1943 патрыёты правялі шэраг буйных дыверсій у горадзе і прылеглых раёнах, на чыгунцы і інш. аб’ектах праціўніка, у лют. — ліст. 1943 кожныя 3 дні ў горадзе адбываліся дыверсіі або тэрарыстычныя акты. Падпольшчыкі садзейнічалі пераходу да партызан у лютым 1943 волгататарскага батальёна, які прыбыў для ўдзелу ў карных аперацыях. Спрабуючы знішчыць падполле і разграміць партыз. рух, з канца 1942 гітлераўцы праводзілі буйныя карныя экспедыцыі супраць партызан і адначасова засылалі ў падполле правакатараў. У выніку іх дзейнасці разгромлены многія падп. групы. Але на працягу 1943 створана 10 новых груп пераважна з сав. ваеннапалонных. З набліжэннем лініі фронту з вер. 1943 гітлераўцы пачалі эвакуацыю. Па ўзгадненні з падп. кіраўніцтвам і партызанамі падпольшчыкі з кастр. паступова пакідалі горад і ўліваліся ў партыз. атрады. У барацьбе з гітлераўцамі загінуў кожны трэці віцебскі падпольшчык. У гонар падпольшчыкаў у Віцебску пастаўлены помнік.