адно з самых стараж. зледзяненняў у Еўропе. Вылучана Л.М.Вазнечуком у 1961—65 як зледзяненне, якое ўкрывала амаль усю Паўн. Еўропу. Атаясамлівалася з першым з 2 міндэльскіх зледзяненняў, з 1971 — з нараўскім зледзяненнем. З 1990-х г. з варажскім зледзяненнем звязваюць варажскі гарызонт эаплейстацэну, які адпавядае скандынаўскаму зледзяненню. На тэр. Беларусі азёрныя і рачныя адклады варажскага зледзянення (алеўрыты, супескі, пяскі з рэшткамі арктабарэальных раслін) найб. пашыраны на Палессі. У час варажскага зледзянення адбылася змена палеамагнітных эпох: адмоўна намагнічаныя пароды эпохі Матуяма змяніліся дадатна намагнічанымі пародамі сучаснай эпохі Брунас каля 730 тыс.г. назад (гл.Палеамагнетызм).
польскі публіцыст, гісторык, дыпламат. З 1896 дзеяч Польск. сацыяліст. партыі. Пасля яе расколу ў 1906 кіраўнік рэв. фракцыі. Рэдактар парт. выданняў «Przedświt» («Зара»), «Robotnica» («Работніца»). Друкаваўся пад псеўд. Л.Плахоцкі. У 1918—19 міністр замежных спраў Польшчы. З 1924 узначальваў Ін-т вывучэння навейшай гісторыі Польшчы, з 1929 рэдактар час. «Niepodległość» («Незалежнасць»). З 1931 старшыня Ін-та вывучэння нац.-вызв. спраў. У працах «Літва і яе народы» (1907), «Літва і Беларусь» (1912) і інш. даследаваў развіццё культуры і асветы, гісторыю бел. і літ.нац.-вызв. руху ў 19 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЁНАК (Яўген Пятровіч) (26.12.1917, г. Орша Віцебскай вобл. — 23.9.1973),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Магілёўскім пед. ін-це (1934—35). З 1935 працаваў у бел. газетах, у 1939—43 — на Д. Усходзе. З 1948 у Мінску, у 1958—66 гал. рэдактар час. «Нёман». Першы зборнік прозы «Зялёныя агні» (1954). У яго творах — жыццё рабочых-чыгуначнікаў, моладзі, маральна-этычныя праблемы. Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей і нарысаў «Прызванне» (1956), «Выпадковы прыпынак», «Розныя дарогі», драмы «Каралеўскі гамбіт» (усе 1957), «Вячэрняя размова» (1968), «На перагоне» (1973) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВАЎКАВЫСКЦЭМЕНТНАШЫФЕР»,
арэнднае прадпрыемства ў г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Створана ў 1914 як Краснасельскі цэментны з-д, які быў адным з буйнейшых у Расіі. У сав.час рэканструяваны, з 1973 Ваўкавыскі цэментны з-д «Перамога» — галаўное прадпрыемства ВА «Ваўкавыскцэментнашыфер». З 1990 сучасная назва. Уключае з-д азбестацэментавых вырабаў (працуе з 1972), вапнавы з-д (з 1973), «Ваўкавыскцэмбуд» (з 1987) і кар’ераўпраўленне (з 1988). Працуе на мясц. цэментных глінах і меле, азбест пастаўляюць прадпрыемствы Расіі. Асн. прадукцыя (1996): партландцэмент розных марак, шлакапартландцэмент, вапна для буд-ва, азбестацэментавыя лісты (шыфер) і трубы, грануляваны кармавы мел і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШКЕ́ВІЧ (Аляксандр Аляксандравіч) (28.8.1901, в. Белавеж Беластоцкага ваяв., Польшча — 22.4.1945),
Герой Сав. Саюза (1943), ген.-маёр (1945). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны. У Вял.Айч. вайну з лют. 1943 на Варонежскім, Сцяпным 2-м і 1-м Укр. франтах. Камандзір стралк. палка падпалк. Вашкевіч вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра. У ноч на 27.9.1943 каля в. Перавалочная Кішэнькаўскага р-на Палтаўскай вобл. полк пераправіўся, замацаваўся на плацдарме і паспяхова працягваў наступленне. У складзе 2-й арміі Войска Польскага ў жн. 1944 камандаваў пях. дывізіяй. Загінуў у час Берлінскай аперацыі 1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́ДА»,
навукова-літаратурны часопіс бел. эміграцыі. Выдаваўся ў 1951—54 у Нью-Йорку на бел. мове Крывіцкім (Беларускім) навук. т-вам Пранціша Скарыны. Гал. рэдактар Я.Станкевіч, рэдактар літ. аддзела А.Адамовіч. Друкаваў гіст., этнагр., мовазнаўчыя і інш.навук. матэрыялы, літ. творы бел. эмігранцкіх пісьменнікаў, інфармацыю пра грамадскае і культ. жыццё бел. асяродка ў Амерыцы і інш. У 1951 выйшла 5 сшыткаў, у 1952 — 12 нумароў у 10 сшытках, у 1953 — 10 нумароў у 4 сшытках, у 1954 — 1 нумар. Дадаткам да час. ў 1953 выдадзены творы У.Жылкі, успаміны Кветкі Вітан пра Л.Дубейкаўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́ЧНЫ МІР» 1686,
дагавор, падпісаны Расіяй і Рэччу Паспалітай у Маскве 6 мая аб сумесных дзеяннях супраць Турцыі і Крыма. Мір пацвердзіў правы Расіі на землі Левабярэжнай Украіны, Смаленскага і Чарнігаўскага ваяв., якія засталіся за ёй пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 паводле ўмоў Андросаўскага перамір’я 1667. Уласнасцю Расіі прызнаны ўсе вывезеныя ў час вайны каштоўнасці і палонныя, пацверджана яе права апекаваць праваслаўных у Рэчы Паспалітай. Заключэнне «Вечнага міру» для Рэчы Паспалітай было абумоўлена неабходнасцю абараніць свае паўд. межы ад турэцка-татарскай агрэсіі. Дагавор замацаваў Расію ў ролі наймагутнейшай дзяржавы Цэнтр. і Усх. Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ХАВІЦКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры барока. Пабудавана ў 1676 у в. Бухавічы (Кобрынскі р-н Брэсцкай вобл.) як касцёл дамініканцаў, з 1832 — Пакроўская царква. Першапачаткова прамавугольны ў плане выцягнуты па падоўжнай восі аб’ём, да якога з усх. боку далучалася прамавугольная апсіда, з зах. — вежа-званіца. Вуглы аб’ёмаў умацаваны контрфорсамі. Фасады расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі, апяразаны карнізам простага профілю. У час рэканструкцыі (1889) надбудаваны 3-і ярус званіцы — драўляны васьмярык з шатровым верхам і цыбулепадобнай галоўкай над 2-схільным дахам і васьмігранны драўляны барабан з цыбулепадобным купалам. У інтэр’еры драўляны іканастас 2-й пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЧЫ́НСКІ (Вінцэнцій) (17.3.1789, Беларусь — 29.3.1853),
бел. філосаф, тэолаг, крытык. Праф. філасофіі Полацкай езуіцкай акадэміі. У 1830—-40-я г. выкладаў філасофію і тэалогію ў навуч. установах Аўстрыі, з 1848 у Лувенскім ун-це (Бельгія). Заснавальнік і рэдактар першага на Беларусі літ.-навук. часопіса «Miesięcznik Połocki» («Полацкі штомесячнік», 1818—20). Палемізаваў з асветнікамі і езуітамі на старонках час. «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік») наконт паэмы Н.Мусніцкага «Палтава». Аўтар кн. «Філасофскія разважанні» (т. 1—3, Вена, 1843—44), у якой у якасці ілюстрацыйнага матэрыялу выкарыстоўваў прыклады з гісторыі ВКЛ і Польшчы. Шматлікая яго рукапісная спадчына даследавана мала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАВА АБЛО́ГА 1660—61.
Праводзілася казакамі і войскамі Рэчы Паспалітай у часвайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У снеж. 1659 Быхаў занялі рас. войскі (гл.Быхава абарона 1659). З 1660 рас. гарнізон безупынна асаджалі казацкі палкоўнік Дз.Мурашка і гетман С.Чарнецкі, што стаялі лагерам каля Баркалабаўскага манастыра. У асаджаных было 18 гармат і 2 пішчалі-бамбарды, не хапала ежы. 1.12.1661 да Быхава падышло войска Рэчы Паспалітай з 7 тыс. конных і пешых салдат з 11 гарматамі пад камандаваннем Чарнецкага. Рас. гарнізон аблогі не вытрымаў і праз некалькі дзён горад здаў.