шырокая і плоская абпаленая цэгла. Вядомая ў Стараж. Рыме. Выкарыстоўвалася ў манум.буд-ве Візантыі, адкуль у 11 ст. трапіла на Беларусь. Найб. характэрна для пабудоў 11—12 ст.Полацкай школы дойлідства і Гродзенскай школы дойлідства. Аздаблялася рэльефнымі знакамі (трызубец, выява асобных літар, пяціканцовая зорка і інш.). Полацкая і віцебская П. мелі клеймы. Рады П. змацоўвалі цамянкай. Была пашырана муроўка «са схаваным радам», у якой чаргаваліся заглыбленыя і высунутыя наперад рады П. Такая муроўка наз. «паласатай», паверхня сцяны мела дэкар. выгляд у выніку чаргавання чырвоных палос П. і бледна-ружовых цамянкі. Часам у муроўцы чаргаваліся рады П. і каменю-вапняку. Для арх. дэталей (пілястраў, лапатак і інш.) выкарыстоўвалі фігурную ці лякальную (трапецападобную, паўкруглую і інш.) П. Выраблялі П. ў спец. формах з драўляным дном. Каб пазначыць сваю прадукцыю, цагельнікі пакідалі на П. знакі, клеймы або меткі; часам трапляюцца малюнкі ці надпісы. Абпальвалі П. ў спец. печах з цэглы. У 2-й пал. 13 ст. замест П. ў бел. дойлідстве выкарыстоўвалі буйнапамерную брусковую цэглу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІВІНІЛХЛАРЫ́Д (ПВХ),
сінтэтычны палімер, прадукт полімерызацыі вінілхларыду, [—CH2—CHCl—]n, мал. м. (1—15)∙104. Тэрмапласт. Бясколернае цвёрдае рэчыва. Вызначаецца добрымі мех. і электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, невысокімі тэрма- і святлоўстойлівасцю; пры t > 120 °C раскладаецца з вылучэннем хлорыстага вадароду. Перапрацоўваюць у цвёрдыя (вініпласт) і мяккія, ці пластыфікаваныя (пластыкат), матэрыялы, выкарыстоўваюць у вытв-сці полівінілхларыдных валокнаў.
Вініпласт — прадукт перапрацоўкі П. з дабаўкамі тэрма- і святлостабілізатараў, антыаксідантаў, мінер. напаўняльнікаў і інш. Выкарыстоўваюць як канстр. каразійнаўстойлівы матэрыял для вырабу хім. апаратуры і труб, ёмістасцей і бутэлек у харч. прам-сці, у буд-ве для пакрыцця падлогі, абліцоўкі сцен, цепла- і гукаізаляцыі (пенаполівінілхларыд). Пластыкат — тэрмапластычны марозаўстойлівы матэрыял. Акрамя кампанентаў, што дадаюць да П. пры атрыманні вініпласту, мае пластыфікатар (напр., дыбутылфталат, дыактыладыпінат). Выкарыстоўваюць для ізаляцыі правадоў і кабеляў, вырабу эластычных стужак, шлангаў, трубак, мембран і інш. У прам-сці пашыраны полівінілхларыдныя пластызолі — дысперсіі парашкападобнага (эмульсійнага) П. ў тых жа пластыфікатарах, што выкарыстоўваюць і для атрымання пластыкату. Выкарыстоўваюць ПВХ-пластызолі ў вытв-сці штучнай скуры, мыйных шпалер, пальчатак, абутку, дзіцячых цацак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАШЛЯКО́Ў (Аляксей Іванавіч) (18.2.1901, с. Галянішчава Сапажкоўскага р-на Разанскай вобл., Расія — 12.12.1973),
савецкі военачальнік. Маршал інж. войск (1961), Герой Сав. Саюза (1945). У арміі з 1920. Скончыў курсы ўдасканалення камсаставу (1931 і 1938), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1951). У 1933—38 служыў у інж. войсках БВА. З вер. 1939 нач.інж. войск 4-й арміі, у складзе якой удзельнічаў у вызв. паходзе сав. войск у Зах. Беларусь (вер. 1939), кіраваў работамі па інж. абсталяванні зах. граніцы СССР, буд-ву Брэсцкага ўмацаванага р-на, рэканструкцыі Дняпроўска-Бугскага канала. У пач.Вял.Айч. вайны арганізоўваў інж. забеспячэнне абароны сав. войск каля Бабруйска і Магілёва, у ліп. 1941 — студз. 1942 нам.нач.інж. ўпраўлення Цэнтр. і Бранскага франтоў. У 1942—45 нам. камандуючага — нач.інж. войск Паўд., Сталінградскага, Данскога, Цэнтр., Бел., 1-га Бел. франтоў. Удзельнічаў у забеспячэнні паспяховага фарсіравання Дняпра, Бярэзіны, Друці і Зах. Буга. Арганізаваў інж. забеспячэнне войск 1-га Бел. фронту ў Вісла-Одэрскай і Берлінскай аперацыях (1945). Пасля вайны на адказных пасадах у інж. войсках, у 1952—65 нач.інж. войск Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСКО́ЎСКІ КРЭМЛЬ, Кром,
помнік стараж.-рус. дойлідства ў г. Пскоў. Узведзены ў 13—16 ст. у цэнтры стараж.ч. горада на мысе пры зліцці рэк Вялікая і Пскава. Асн.буд. матэрыял — мясц. камень-плітняк. У плане — няправільны шматграннік, выцягнуты з Пн на Пд. Ад магутнай цыліндрычнай вежы ў ніжняй ч. Крома крапасная сцяна ўступамі злучана з высокай паўн. вуглавой вежай Куцякрома (1400) і цягнецца да паўд. Смердзяй вежы (перабудавана ў 19 ст.). У сярэдзіне 13 ст. ўзведзена паўд.ч. сцяны, т.зв. Першы, ці Персі (перабудавана ў 1337, 1393—94, 1400, 1425, рэстаўрыравана ў 1886). Крапасная сцяна 13 ст., што выходзіць да р. Вялікая, працягваецца ўмацаваннямі Даўмонтава і Сярэдняга гарадоў. Фартыфікацыйныя збудаванні П.к. належаць да Пскоўскай школы дойлідства. На тэр. П.к. захаваліся 4-стоўпны 5-купальны Троіцкі сабор (1682—99, перабудаваны ў 18—19 ст.), 7-гранная вежападобная званіца (канец 17 ст., верхні ярус і шпіль — пач. 19 ст.). У стараж. планіроўцы горада вылучаліся радыяльныя вуліцы, што былі працягам важных шляхоў, якія сыходзіліся да Крома.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСО́ЛАЎ (Міхаіл Міхайлавіч) (н. 9.10.1948, в. Кручполле Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),
рускі пісьменнік, вучоны. Акад.Рас. акадэміі славеснасці (1998). Д-рюрыд.н. (1991), праф. (1994). Скончыў Маскоўскі ун-т (1972).
З 1978 працаваў у Акадэміі грамадскіх навук пры ЦККПСС, з 1981 у Бабушкінскім райкоме КПСС Масквы, з 1986 у Ін-це марксізму-ленінізму, з 1988 у ЦККПСС, Вярх. Савеце СССР, ва ўрадзе Расіі, у 1993—98 нам. старшыні Вышэйшага атэстацыйнага камітэта Расіі, адначасова з 1992 заг. кафедры Маскоўскай юрыд. акадэміі. У раманах «Выканаўца» (1994), «Цяжкае раздарожжа» (1996), «Жнівеньскі зарапад» (1998), «На зямлі белых рос» (1999), «Сімвал маці» (2000) асэнсаванне некат. аспектаў гіст. развіцця сучаснай Расіі, падрабязнасці распаду СССР. Аўтар зб-каў прозы, паэзіі, драматургіі «Не забі» (1993), «Вершы і апавяданні» (1995), «Дрэва дабра і зла» (1996), «Мне прыснілася канюшына» (1997), «Граф Александрэ» (1999) і інш. Ініцыятар многіх гуманітарных акцый, у т. л. па адкрыцці карціннай галерэі ў г. Рагачоў, уклаў асабістыя сродкі ў буд-ва царквы ў в. Ціхінічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЖСКІ ДО́МСКІ САБО́Р, сабор Марас,
помнік сярэдневяковага дойлідства ў Рызе. Закладзены ў 1211 — каля 1215 як 3-нефавая раманская базіліка з манастыром для капітула (вышэйшага духавенства Лівоніі). Завершаны каля 1270 невядомым майстрам з г. Кёльн (Германія) па тыпу зальнага храма з вежай на зах. фасадзе. Каля 1300 сабор дабудаваны як базіліка, перакрыты гатычнымі скляпеннямі (выш. сярэдняга нефа 26 м). Часткова перабудоўваўся да канца 19 ст. Бакавыя капэлы — 13 (?) і 15 ст.; клуатр і зала капітула з разьбой на капітэлях — 1-я пал. 13 ст. У 1776 завяршэнне сабора набыло рысы барока. У інтэр’еры захаваліся скульпт. надмагіллі 14—17 ст., разны амбон 1641, жывапіс 18 ст., вітражы 19 ст.Буд-ва сабора паспрыяла пашырэнню ў архітэктуры Прыбалтыкі пераходных рамана-гатычных форм. Разам з манастыром і інш. пабудовамі 13—19 ст. сабор уяўляе сабой цэласны арх. комплекс; адна з асн. горадабуд. дамінантаў Старога горада. Пасля рэстаўрацыі 1959—60 сабор ператвораны ў канцэртную залу, дзе ўстаноўлены вял. арган, і музей. З 1989 дзеючы храм. Іл.гл. да арт.Латвія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАЛО́ГІЯ (ад грэч. rheos цячэнне, паток + ...логія),
навука, што вывучае з’явы дэфармацыі і цякучасці рэчываў, для якіх характэрны паўзучасць (гл.Паўзучасць матэрыялаў) і рэлаксацыя. Вылучылася ў самаст. галіну механікі суцэльных асяроддзяў у 2-й чвэрці 20 ст. Цесна звязана з гідрадынамікай, пругкасці тэорыяй.
Тэарэт. Р разглядае сувязь паміж напружанасцямі, дэфармацыямі і іх зменамі ў часе, вывучае паводзіны мнагафазных сістэм у залежнасці ад рэалагічных уласцівасцей іх кампанентаў. Адрозніваюць рэалагічныя ўласцівасці фундаментальныя (пругкасць, вязкасць, пластычнасць); складаныя (іх камбінацыі); тэхналагічныя (коўкасць, клейкасць, усмоктванне, покрыўная здольнасць фарбаў). Даследуе дысперсныя сістэмы — фарбы, нафтапрадукты, буд. матэрыялы, кляі, глебы, торф, смолы, цэлюлозу, крухмал, бялкі, тлушчы, шкло і інш. Метады Р. выкарыстоўваюцца ў металургічнай і палімернай вытв-сці, горнай справе, медыцыне і інш.
На Беларусі даследаванні па праблемах Р. праводзяцца ў Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН.
Літ.:
Лодж А.С. Эластичные жидкости: Введение в реологию конечнодеформируемых полимеров: Пер. с англ.М., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗАНА́НС (франц. resonance ад лац. resono адгукаюся),
рэзкае павелічэнне амплітуды ўсталяваных вымушаных ваганняў пры набліжэнні частаты знешняга гарманічнага ўздзеяння да частаты аднаго з уласных ваганняў сістэмы. Праяўляецца ў розных вагальных сістэмах: механічных (маятнік), электрычных (вагальны контур), акустычных (мембрана, струна) і інш.
Пры Р. магутнасць, якая перадаецца вагальнай сістэме знешняй гарманічнай сілай, дасягае максімуму, што вядзе да павелічэння амплітуды ваганняў у залежнасці ад уласцівасцей самой сістэмы (значэнне каэфіцыента затухання і інш.). З тэорыі гарманічных ваганняў вынікае, што пры імкненні каэфіцыента затухання да нуля амплітуда вымушаных ваганняў павінна імкнуцца да бясконцасці, аднак такая экстрапаляцыя няправільная, таму што з павелічэннем амплітуды ваганні перастаюць быць гарманічнымі (малымі). Вывучэнне заканамернасцей Р. неабходнае і для таго, каб пазбегнуць непажаданых вынікаў рэзкага павелічэння амплітуды ваганняў (напр., разбурэнне тэхн. канструкцый, узнікненне звыштокаў у радыё- і эл.-тэхн. прыладах, зніжэнне якасці апрацоўкі дэталей ад вібрацыі станкоў і інш.). З’ява Р. ўлічваецца ў буд-ве, электра- і радыётэхніцы, электроніцы і інш.Гл. таксама Мёсбаўэра эфект, Электронны парамагнітны, рэзананс, Ядзерны магнітны рэзананс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕТЛАГО́РСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «ХІМВАЛАКНО́» Буд-ва пачата ў 1960 у пас. Шацілкі Гомельскай вобл. як Шацілкаўскага з-да штучнага валакна. У 1961 са зменай назвы пасёлка на г. Светлагорск адпаведна змянілася назва з-да. У 1965 уведзена ў дзеянне 1-я, у 1967—2-я чарга кордавай вытв-сці, у 1969 — вытв-сць серавугляроду, у 1971 — доследна-прамысловая ўстаноўка па вытв-сці корду з розных тыпаў цэлюлозы, на якой у 1976 пасля рэканструкцыі атрымана нітка «Аксалон» для цеплаізаляцыйных вырабаў, у 1980 — участак па вытв-сці вугляродных матэрыялаў. З 1983 — сучасная назва. У 1992 рэканструявана 2-я кордавая вытв-сць, устаноўлены агрэгаты для фармавання віскознай тэкстыльнай ніткі. У 1994 арганізаваны вытв-сці нятканага матэрыялу «Спанбонд», мяшкоў з плёначных поліпрапіленавых нітак, у 1996 — вытв-сць карбаксіметылцэлюлозы. У складзе прадпрыемства з-ды: поліэфірнай тэкстыльнай ніткі, штучнага валакна; вытв-сці: палімерных і вугляродных матэрыялаў, тавараў нар. ўжытку. Асн. прадукцыя (2001): віскозная кордавая тканіна, віскозная і поліэфірная тэкстыльныя ніткі, нятканыя матэрыялы, поліпрапіленавыя мяшкі, тканіна, шпагат; тавары нар. ўжытку (спарт. касцюмы, камплекты для спальні і інш.), вугляродныя матэрыялы, аксалон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЙСМАЛО́ГІЯ (ад грэч. seismos ваганне, землетрасенне + ...логія),
раздзел геафізікі, які вывучае землетрасенні, будову глыбінных нетраў Зямлі. Падзяляецца на ўласна С., сейсмаметрыю і прыкладную С. Уласна С. аналізуе геагр. пашырэнне ачагоў землетрасення і сейсмаактыўных зон, выяўляе іх сувязі з унутрызямнымі працэсамі, вывучае ўнутр. будову Зямлі і вызначае межы падзелу яе «цвёрдых» абалонак (гл.Зямная кара, Мантыя і інш.), займаецца сейсмічным раянаваннем. Сейсмаметрыя распрацоўвае метады вывучэння пругкіх ваганняў слаёў Зямлі, выкліканых прыроднымі ці штучнымі сейсмічнымі з’явамі. Прыкладная С. займаецца пытаннямі сейсматрывалага буд-ва, прагназуе землетрасенні. Як навука сфарміравалася ў сярэдзіне 19 ст. з развіццём яе тэарэт., метадычнай і інструментальнай частак. Вял. ўклад у С. зрабілі вучоныя: рус. Б.Б.Галіцын, ням. Э.Віхерт і Б.Гутэнберг, англ. Дж.Мілн і інш. На Беларусі сейсмалаг. даследаванні пачаліся з 1965 на сейсмічнай станцыі «Мінск» у Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі. У 1979 у Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі створана Доследна-метадычная партыя, якая выконвае комплекс сейсмалагічных даследаванняў. Сейсмаметрычныя назіранні вядуцца на стацыянарных («Мінск», «Гомель», «Нарач», «Салігорск») і перасоўных сейсмічных станцыях.