КАЛДЫЧЭ́ЎСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў 1942 каля в. Калдычэва Баранавіцкага р-на Гродзенскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. На абнесенай дротам тэрыторыі лагера вязняў марылі голадам, непасільнай працай на торфараспрацоўках, катавалі і забівалі. Тут існавала 12 турэмных камер і спец. камера для катаванняў. У ноч на 30.6.1944 перад падыходам Чырв. Арміі гітлераўцы расстралялі вязняў, узарвалі памяшканні, зраўнавалі з зямлёй пахаванні і засеялі травой. У лагеры за час яго існавання закатавана больш за 22 тыс.чал. На месцы лагера помнік ахвярам фаш. тэрору.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́СНІК (Іван Іванавіч) (9.10.1932, в. Грычына Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 10.6.1979),
бел. паэт, публіцыст, перакладчык. Скончыў БДУ (1958), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1967). Працаваў у час. «Бярозка», «Маладосць», на Бел. радыё. З 1972 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1951. Зб-кі вершаў «Белыя каштаны» (1959), «Пяць сузор’яў» (1963), «Калі разам мы» (1967), «Інтэрнат» (1971), «Юнацтва» (1975) пра подзвігі народа ў Вял.Айч. вайну, мірную працу, каханне. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.Пракоф’ева, А.Суркова, Л.Украінкі, М.Нагнібеды, Т.Масэнкі, Я.Райніса, М.Ханінава, З.Нуры, П.Нэруды, І.Давыдкава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́НСКІ (Валянцін Аляксандравіч) (19.9.1907, г. Тула, Расія — 21.11.1975),
рускі архітэктар. Нар. архітэктар СССР (1970). Скончыў у Ленінградзе ін-т інжынераў прамысл.буд-ва (1931), выкладаў у ім (1931—39) і ў інж.-буд. ін-це (з 1941, праф. з 1959). У 1951—71 гал. архітэктар Ленінграда. Адзін з аўтараў праекта ген. плана развіцця горада на 1960—80, вялікай канцэртнай залы «Кастрычніцкая», эксперым. жылога раёна на Васільеўскім в-ве (абодва 1967). Кіраўнік праектаў планіроўкі і забудовы праспекта Стачак (1951—55), Камсамольскай пл. (1956), раёна Дачнае (з 1960) і інш. Ленінская прэмія 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́НСКІ (Васіль Васілевіч) (17.4.1884, каля г. Перм, Расія — 11.11.1961),
рускі паэт. Друкаваўся з 1904. Футурыст (гл.Футурызм). Быў блізкі да У.Маякоўскага. Яго «прывольны раман» «Сценька Разін» (1915) прасякнуты рамант. вальналюбствам. Раннія вершы пад уплывам футурыстычных поглядаў пазначаны слоўным эксперыментатарствам. У паэмах «Сценька Разін» (1912—20), «Емяльян Пугачоў» (1931), «Іван Балотнікаў» (1934) героям нададзены рысы былінна-песенных асілкаў. Аўтар аповесці «27 прыгод Хорта Джойса» (1924), рамана «Пушкін і Дантэс» (1928).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНІ́,
урочышча на паўд.-зах. беразе воз. Янова каля в. Бікульнічы Полацкага р-на Віцебскай вобл., адметнае наяўнасцю ўпарадкавана размешчаных валуноў.
Асобныя валуны размешчаны так, што ўтвараюць П-падобную фігуру (квадрат памерам 15 × 15 м), арыентаваную адкрытым бокам на ПнЗ, дзе знаходзіцца ўзгорак «Валатоўка». Лічыцца, што К. — старажытная абсерваторыя, якая дазваляла вызначаць пачатак святкавання Купалля — дзень летняга сонцастаяння. Калі Сонца, за якім назіралі праз адкрыты бок К., пры захадзе датыкалася да вяршыні Валатоўкі, наступала самая кароткая (купальская) ноч года.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́СЦЕНСКІ (Захарыя) (?, г. Перамышль, цяпер Пшэмысль, Польшча — 21.3.1627),
украінскі пісьменнік-палеміст, грамадска-культ. і царк. дзеяч. Вучыўся ў Львоўскай брацкай школе. З 1616 у Кіеўскім брацтве, з 1624 архімандрыт Кіева-Пячэрскай лаўры. Асн. твор — палемічны трактат «Палінодыя, або Кніга абароны...» (1621—22), накіраваны супраць каталіцызму і Брэсцкай уніі 1596. Аўтар трактатаў «Кніга пра веру адзіную...» (1619—21), «Кніга пра праўдзівае адзінства праваслаўных хрысціян...» (1623), царк. пропаведзей, прадмоў, перакладаў з грэч. мовы лаўрскіх выданняў. Высока ацэньваў бел. культуру, у прыватнасці дзейнасць Л.Карповіча.
Літ.:
Микитась В.Л. Українська література в боротьбі проти унії. Київ, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАРАЛІ́НСКАЯ ШКО́ЛА»,
адзін з кірункаў англ. паэзіі барока 17 ст. (разам з «метафізічнай школай»), Паслядоўнікі — «паэты-кавалеры» — імкнуліся да вытанчанасці формы, асаблівай маляўнічасці, складанай метафарычнасці і адначасова афарыстычнасці мовы. Культывавалі метафару-канцэпт як плён «высокай дасціпнасці». Эталонам для іх была паэзія Дж. Дона і Дж. Марына, драматургія Б.Джонсана. Найб. яскрава манера «К.ш.» выявілася ў творчасці Р.Герыка, Т.Кэр’ю, Р.Лаўлейса, Дж. Саклінга і інш.
Літ.:
Горбунов А.Н. Поэзия Джона Донна, Бена Джонсона и их младших современников // Английская лирика первой половины XVII в. М., 1989;
Мирский Д.П. Барокко и английская литература // Мирский Д.П. Статьи о литературе. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНІ́ЦКАЯ (па мужу Дырэнталь) Магдалена
(каля 1764, г. Паставы Віцебскай вобл. — ?),
танцоўшчыца. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза. Вучылася ў яго балетнай школе ў Паставах. У 1785—94 (з перапынкам) у складзе трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве. Выступала (з 1790 як Дырэнталь) на каралеўскай сцэне і ў Нац. т-ры, другая салістка (сярод партый Пастушка ў балеце «Лукас і Калінета»). Пасля 1794, відаць, працавала ў Варшаве ў трупе «Нацыянальныя танцоры» і антрэпрызе С.Гальніцкага і К.Аўсінскага, у 1795 выступала ў Гродне і Львове, з 1797 — у Варшаве ў антрэпрызе Т.Трускаляскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПАЧО́Ў (Яфрэм) (Афроім) Майсеевіч (10.7.1914, г. Трубчэўск Бранскай вобл., Расія —18.8.1988),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1970). Скончыў Варонежскі пед.ін-т (1937). У 1940—41 дырэктар Цэнтр.дзярж. архіва Літ. ССР. З 1946 дырэктар Цэнтр.дзярж. архіва Кастр. рэвалюцыі БССР, у 1953—85 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Навук. працы па сац.-эканам. развіцці гарадоў Беларусі 17—18 ст.
Тв.:
Феодальные юридики в королевских городах Белоруссии XVII—XVIII вв. // Сов. славяноведение. 1968. № 6;
Узнікненне і развіццё Слуцкай вотчыннай мануфактуры шаўковых паясоў // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1982. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПЕ́ЧАНКА (Васіль Васілевіч) (н. 7.1.1925, в. Будзішча Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1957). Працаваў у рэдакцыі магілёўскай раённай газеты, у 1959—87 дырэктар, нам. дырэктара Рэчкаўскай сярэдняй школы Магілёўскага р-на. Літ. дзейнасць пачаў у 1953. Аўтар кніг вершаў для дзяцей «Сонейка ўзышло» (1961), «Сандалікі-скакалікі» (1994), «Загадкі ў калядкі» (1997), «Крылаты будзільнік» (1998). У зб-ках «Споведзь збалелай душы», «Я родам з Будзішча» (абодва 1994), «Вярхом на ўрагане» (1996), «Боль», «Толькі з табою» (абодва 1998) раскрыў багацце, шматграннасць і непаўторнасць свету дзіцячых захапленняў. Пі ша байкі, гумарэскі.