РЭГТА́ЙМ (англ. ragtime ад rag урывак + time час, тэмп, такт),

стыль фп. ігры і звязаны з ім жанр танц. п’есы, які распаўсюдзіўся ў ЗША з пач. 20 ст. Для Р. характэрны сінкапіраваная мелодыя, якая звычайна выконваецца ў хуткім тэмпе ў спалучэнні з рытмічна дакладным акампанементам. Паўплываў на стыль ранняга джаза і танц. культуру 1910—20-х г. (ад танца Р. паходзяць тустэп, уанстэп, факстрот і інш.). Сярод вядучых прадстаўнікоў Р. кампазітар С.Джоплін, піяніст Дж.​Р.​Мортан, кампазітар і піяніст Ю.​Блэйк.

т. 13, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́СЕЛ, Расел (Russell) Генры Норыс (25.10.1877, г. Ойстэр-Бей, ЗША — 18.2.1957), амерыканскі астраном. Скончыў Прынстанскі ун-т (1900), дзе і працаваў з 1911, у 1912—47 дырэктар астр. абсерваторыі гэтага ун-та. Навук. працы па астрафізіцы, зорнай астраноміі і касмалогіі. Вызначыў залежнасць паміж свяцільнасцю і спектральнымі класамі зорак (гл. Герцшпрунга—Рэсела дыяграма). Аўтар адной з першых гіпотэз аб эвалюцыі зорак.

Тв.:

Рус. пер. — Солнечная система и ее происхождение. М.; Л., 1944.

Літ.:

Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966.

т. 14, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́РАК’ЮС, Сіракузы (Syracuse),

горад на ПнУ ЗША, штат Нью-Йорк. Засн. ў 1786, горад з 1847. 152,2 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 700 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на канале Эры (злучае Вялікія азёры з Атлантычным ак.). Аэрапорт. Прам-сць: чорная (высакаякасныя сталі і сплавы) і каляровая (пракат і ліццё алюмінію) металургія, эл.-тэхн., радыёэлектронная, аўтамаб., па вытв-сці цеплавога і інш. прамысл. абсталявання, хім. (шчолачы, хлор, фармацэўтычныя прэпараты), харчасмакавая, у т. л. лікёра-гарэлачная. Ун-т.

т. 14, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРСЕ́ЗЕ (Scorsese) Марцін (н. 17.11.1942, г. Флашынг, штат Нью-Йорк, ЗША),

амерыканскі кінарэжысёр. Скончыў кінафакультэт Нью-Йоркскага ун-та. Лепшыя фільмы С. адметныя аўтабіяграфічнасцю, дакладнай абмалёўкай асяроддзя, увагай да псіхалогіі персанажаў. Сярод фільмаў: «Злыя вуліцы» (1973), «Аліса тут больш не жыве» (1974), «Таксіст» (1976), «Нью-Йорк, Нью-Йорк», (1977), «Апошні вальс» (1978), «Шалёны бык» (1980), «Колер грошай» (1980), «Кароль камедыі» (1982), «Апошняе спакушэнне Хрыста» (1988), «Казіно» (1995) і інш. Творчасці С. прысвечаны дакумент. фільм «Кіно — гэта маё жыццё» (1978, рэж. П.​Хейдэн).

т. 14, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́ЛАДЗІ,

глебы, што ўтвараюцца пераважна з саланцоў пры іх пераўвільгатненні і рассаленні. Фарміруюцца ва ўмовах перыяд. прамыўнога рэжыму, які вядзе да разбурэння калоідаў верхняга гарызонту, памяншэння колькасці ў іх 2—3-валентных металаў (пераважна жалеза і марганцу) і павелічэння крэменязёму (працэс асалоджвання). Характарызуюцца развіццём элювіяльнага асаладзелага гарызонту на глыб. 5—20 см, слабакіслай рэакцыяй гумусавага гарызонту (мае 2—8% гумусу), глыбокім пранікненнем гумусу па профілі, агляеннем глебы. Сустракаюцца плямамі ў Зах. Сібіры, Паўн. і Цэнтр. Казахстане, ЗША, Аўстраліі. Выкарыстоўваюць пад сенажаці.

т. 15, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАКА́Н, Спакен (Spokane),

горад на ПнЗ ЗША, каля парогаў на р. Спакан (бас. р. Калумбія), у штаце Вашынгтон. Засн. ў 1881. 184,1 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 350 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: каляровая металургія (выплаўка і пракат алюмінію), радыёэлектронная, у т. л. вытв-сць ЭВМ; прыладабуд., харч., паліграф., хім., дрэваапр.; вытв-сць прамысл. абсталявання. ГЭС. Ун-т. Турызм. У 1974 у С. адбылася Сусв. выстаўка па праблеме аховы прыроднага асяроддзя «Экспа-74».

т. 15, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАКО́ЎСКІ (Stokowski) Леапольд (18.4.1882, Лондан — 13.9.1977),

амерыканскі дырыжор. Паляк па паходжанні. Вучыўся ў Каралеўскім муз. каледжы ў Лондане, атрымаў ступень бакалаўра муз. мастацтва ў Каледжы каралевы ў Оксфардзе (1903). З 1905 жыў пераважна ў ЗША. Кіраваў Філадэльфійскім (1912—36). Х’юстанскім (1949—60), Амер. (Нью-Йорк, 1961—73) сімф. аркестрамі. Прапагандаваў музыку 20 ст., у т. л. С.​Рахманінава, С.​Пракоф’ева, М Мяскоўскага. Здымаўся ў кіно.

Тв.:

Рус. пер. — Музыка для всех нас. М., 1963.

Літ.:

Птица К. Три «мимолетности» // Сов. музыка. 1980. № 4.

т. 15, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЭ́СІ, Трэйсі (Tracy) Спенсер (5.4.1900, г. Мілуокі, ЗША — 10.6.1967), амерыканскі кінаакцёр. Скончыў Амер. акадэмію драм. мастацтва. З 1922 у т-ры, з 1930 у кіно. Стварыў псіхал. тонкія вобразы «простых амерыканцаў». Зняўся ў фільмах «Адважныя капітаны» і «Горад хлопчыкаў» (прэмія «Оскар» адпаведна 1937 і 1938). Лепшыя ролі ў фільмах рэж. С.Крамера: «Пажнеш буру», «Нюрнбергскі працэс», «Гэты шалёны, шалёны, шалёны, шалёны свет», «Адгадай, хто прыйдзе да абеду»; таксама ў фільмах «Ярасць», «Сёмы крыж», «Пэт і Майк», «Стары і мора» і інш.

т. 16, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФО́НДА (Fonda) Джэйн (н. 21.12.1937, Нью-Йорк),

амерыканская кінаактрыса. Дачка Г.Фонды. Вучылася ў нью-йоркскай акцёрскай студыі. Працавала манекеншчыцай, іграла ў т-ры. З 1960 у кіно. Лепшыя ролі ў фільмах «Пагоня» (1965), «Загнаных коней прыстрэльваюць, ці не так?» (1969), «Клют» (1971, прэмія «Оскар»), «Лялечны дом» (1973), «Сіняя птушка» (1976, СССР—ЗША), «Вяртанне дадому» (1979, прэмія «Оскар»), «Кітайскі сіндром» (1979), «З дзевяці да пяці» (1982), «Наступнай раніцай» (1986), «Стэнлі і Айрыс» (1990) і інш. Вядомая грамадскай, у т. л. антываен., дзейнасцю.

т. 16, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ФМАН (Hoffmann) Джэфры (н. 1944, Нью-Йорк),

касманаўт ЗША. Д-р н. у галіне астрафізікі (1971). Скончыў Гарвардскі ун-т (1971). Працаваў у НАСА. У 1978—97 у групе касманаўтаў НАСА. Здзейсніў 5 палётаў (як спецыяліст па аперацыях на арбіце) у складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 12—19.4.1985 — на КК «Дыскаверы», 2—11.12.1990 і 22.2—9.3.1996 — на КК «Калумбія», 31.7—8.8.1992 — на КК «Атлантыс», 2—12.12.1993 — на КК «Індэвар». У космасе правёў 50,9 сут. 5 медалёў НАСА «За касмічны палёт».

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 17, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)