галіна тэхнікі, якая распрацоўвае і вырабляе сродкі аўтаматызацыі матэм. вылічэнняў, апрацоўкі інфармацыі і кіравання (напр., электронныя вылічальныя машыны, вылічальныя сістэмы, комплексы, іх перыферыйнае абсталяванне) у розных галінах дзейнасці чалавека; навука аб прынцыпах пабудовы, дзеяння і праектавання гэтых сродкаў. Вылічальная тэхніка пашырана ў вылічальных цэнтрах, сістэмах сувязі, сістэмах навігацыі плавальных і лятальных апаратаў, касм. аб’ектаў і інш., сістэмах аўтам. кіравання для збору, апрацоўкі і выкарыстання інфармацыі, інфарм. пошукавых сістэмах і інш. Сістэмы кіравання з выкарыстаннем вылічальнай тэхнікі бываюць вялікімі сістэмамі, што ахопліваюць усю краіну, раён, галіну прам-сці цалкам або групу прадпрыемстваў, і лакальнымі, якія дзейнічаюць у межах аднаго з-да або цэха. Кірункі сучаснай вылічальнай тэхнікі: фіз.-тэхн. асновы элементнай базы вылічальнай тэхнікі; архітэктура ЭВМ; матэматычнае забеспячэнневыліч. сістэм і комплексаў; выкарыстанне сродкаў вылічальнай тэхнікі (гл.Аўтаматызацыя вытворчасці, Аўтаматызаваная сістэма кіравання).
Першыя прыстасаванні для механізацыі вылічэнняў (абак, кітайскі суанпан, лічыльнікі і інш.) вядомыя з глыбокай старажытнасці, вылічальныя прыстасаванні (шкала Непера, лагарыфмічная лінейка, арыфм. машына франц. вучонага Б.Паскаля і інш.) — з 17 ст. У 19 ст.англ.вучоны Ч.Бэбідж прапанаваў праект «аналітычнай машыны» (гл.Вылічальная машына). У канцы 19 — пач. 20 ст. развіццё вылічальнай тэхнікі звязана з пабудовай аналагавых вылічальных машын. У 1944 у ЗША пабудавана першая лічбавая электронная вылічальная машына «МАРК-1» на эл.-магн. рэле, а першая хуткадзейная ЭВМ «ЭНІАК» — у 1946 (першая ў кантынентальнай Еўропе малая ЭВМ «МЭСМ» распрацавана ў 1950 у АН Украіны).
На Беларусі вылічальная тэхніка ў сваім развіцці прайшла шлях ад першай лямпавай ЭВМ да стварэння выліч. сістэм і аўтаматызаваных сістэм рознага прызначэння. Навук. даследаванні вядуцца ў БДУ, НДІЭВМ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, ін-тах матэматыкі, тэхн. кібернетыкі АН, Ваеннай акадэміі і інш. Першая ЭВМ «Прамень» распрацавана ў Ін-це фізікі і матэматыкі АН у канцы 1950-х г.Выліч. машыны М-3М асвоены Мінскім з-дам ЭВМ імя Арджанікідзе ў 1959; з 1960 пачаўся выпуск вылічальных машын «Мінск» 1-га і 2-га пакаленняў; з 1973 — машын 3-га пакалення адзінай сістэмы электронных вылічальных машын — ЕСЭВМ; у 1980-я г. распрацаваны высокапрадукцыйныя выліч. сістэмы ЕСЭВМ, а таксама комплексы на трансп. сродках; у 1990-я г. — новае пакаленне ЭВМ — сям’я «Мінск-9000» (ЕС-1230). За распрацоўку і асваенне сродкаў вылічальнай тэхнікі спец. прызначэння спецыялістам Мінскага з-да ЭВМ прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1985. За ўкараненне вылічальнай тэхнікі ў вытв. тэхналогію работнікам Брэсцкага эл.-мех. з-да прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1981. Стваральнікі ЕСЭВМ адзначаны Ленінскай прэміяй 1983, Дзярж. прэміямі СССР 1978, 1983.
Літ.:
Заморин А.П. Мячев А.А., Селиванов Ю.П. Вычислительные машины, системы, комплексы: Справ. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАПО́ТКІН (Пётр Аляксеевіч) (9.12.1842, Масква — 8.2.1921),
рускі вучоны-энцыклапедыст, дзеяч рас. і міжнар.рэв. руху, тэарэтык анархізму. Скончыў Пажскі корпус (1862). У 1864—66 падарожнічаў па раёнах Паўн. Маньчжурыі, паўн. схіле Усх. Саяна, даследаваў Патамскае нагор’е і Віцімскае пласкагор’е. З 1867 сакратар аддзялення фіз. геаграфіі Рус.геагр.т-ва ў Пецярбургу. Удзельнік анархісцкага (бакунінскага) крыла I Інтэрнацыянала (1872), народніцкага гуртка чайкоўцаў. У 1874 арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. З 1876 у эміграцыі ў Швейцарыі, Францыі і Англіі. З 1879 рэдактар штотыднёвіка анархістаў «Le Révolté» («Бунтар»). У чэрв. 1917 вярнуўся ў Расію, у жн. на Дзярж. нарадзе ў Маскве выступіў з заклікам да «сацыяльнага міру» і прапанаваў ператварыць Расію на ўзор ЗША у федэратыўную рэспубліку. У 1917—18 старшыня створанай у Маскве Лігі федэралістаў. Асн. палажэнні сацыялагічнага вучэння К., якое ён называў анархічным камунізмам, выкладзены ў творах «Прамова бунтаўшчыка» (1885), «Хлеб і воля» (1892), «Анархія, яе філасофія, яе ідэал» (1896), «Вялікая французская рэвалюцыя, 1789—1793» (1909), «Сучасная навука і анархія» (1913) і інш. Крытэрыем сац. прагрэсу К. лічыў вызваленне чалавека з-пад прыгнёту дзяржавы і яго поўную, нічым не абмежаваную свабоду, выступаў за стварэнне федэрацыі свабодных вытв. абшчын (камун) адразу пасля перамогі сац. рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, «калі кіруючыя класы сваёй сляпой упартасцю зробяць яе непазбежнай». У адрозненне ад П.Ж.Прудона, М.Бакуніна, М.Штырнера і інш. ідэолагаў анархізму ён бачыў у сац. рэвалюцыі не стыхійны бунт, а ўсвядомленае нар. дзеянне, накіраванае на ўсталяванне ў грамадстве гарманічных адносін салідарнасці, справядлівасці, самаахвярнасці і ўзаемадапамогі паміж людзьмі. Дзярж. федэралізм лічыў пераходнай формай да бездзярж. ладу (таксама як і розныя формы мясц. аўтаноміі, рэгіянальнага самакіравання) і сродкам тэр. і функцыянальнай дэцэнтралізацыі ўлады, больш поўнага ўліку нац. асаблівасцей і разнастайнасці быту. Для філас. поглядаў К. характэрны натуралізм, крытычныя адносіны да дыялект. метаду Г.Гегеля і К.Маркса, які ён прапанаваў замяніць «адзіна навуковым індуктыўным метадам». Анархічная дактрына К. непасрэдна звязана з яго прыродазнаўчанавук. ўяўленнямі. У галіне біялогіі ён выказаў ідэі аб узаемадапамозе і падтрымцы як фактары эвалюцыі, аб адсутнасці ўнутрывідавой барацьбы Распрацаваў схему араграфіі Паўн.-Усх. Азіі, выявіў сляды стараж. абледзянення і вулканізму на Усх. Саяне. У працы «Даследаванні пра ледніковы перыяд» (1876) прывёў доказы шырокага распаўсюджвання ў антрапагенны час мацерыковага абледзянення на тэр. Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі, выказаў думку аб геал. роднасці Канады і Сібіры. Удзельнічаў у падрыхтоўцы выдання «Зямля і людзі. Усеагульная геаграфія» Э.Рэклю.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—7. СПб., 1906—07, Дневник. М.;
Пг., 1923;
Великая Французская революция, 1789—1793. М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫСТО́ЦЕЛЬ (Aristotelĕs; 384, грэчаская калонія Стагір, Фракія — кастрычнік 322 да нашай эры),
старажытнагрэчаскі філосаф і вучоны-энцыклапедыст. Вучань Платона. У 367—347 удзельнік Акадэміі платонаўскай. З 343 пры двары македонскага цара Філіпа, выхавальнік Аляксандра Македонскага. У 335 стварыў у Афінах філасофскую школу Лікей. У 323 быў абвінавачаны ў злачынстве супраць рэлігіі, пакінуў Афіны. У сваёй навуковай дзейнасці Арыстоцель ахапіў і сістэматызаваў практычна ўсе існуючыя ў антычнасці галіны ведаў. Галоўныя творы Арыстоцеля: «Катэгорыі», «Аналітыкі» 1-я і 2-я, «Метафізіка», «Фізіка», «Гісторыя жывёл», «Пра душу», «Нікамахава этыка», «Палітыка», «Рыторыка», «Паэтыка». У сваёй філасофіі крытыкаваў вучэнне Платона пра ідэі. У аснове быцця бачыў 4 пачаткі: форму, матэрыю, крыніцу руху і мэту. Паводле Арыстоцеля, форма як прынцып рэчы ператварае матэрыю як чыстую магчымасць рэчы ў рэальны, канкрэтны прадмет. Першарухавіком свету і вышэйшай мэтай яго развіцця лічыў Бога. Погляды Арыстоцеля мелі аб’ектыўна-ідэалістычны характар. Працэс пазнання разумеў як рух адчуванняў да універсалій, паколькі «ўсякія навуковыя веды ёсць веды пра агульнае». У касмалогіі стаяў на пазіцыях геацэнтрызму, прызнаваў мэтазгоднасць у жывой прыродзе, апісаў шматлікія віды жывёл. Як палітык быў выразнікам поліснай ідэалогіі: мэта дзяржавы — забеспячэнне шчаслівага жыцця грамадзян, выхаванне ў іх дабрачыннасці. «Добрымі» формамі ўлады лічыў арыстакратыю, манархію, «палітыю» (памяркоўная дэмакратыя), найгоршымі — тыранію, алігархію, ахлакратыю (панаванне натоўпу). У эстэтычных трактатах развіў тэорыю мастацтва, якая збліжаецца з рэалізмам. Вучэнне Арыстоцеля моцна паўплывала на пазнейшае развіццё філасофскай думкі.
Ідэі Арыстоцеля пачалі пранікаць на ўсходнеславянскія землі ў часы Кіеўскай Русі разам з элементамі грэка-візантыйскай і балгарскай пісьменнасці. У 14—15 стагоддзях на Беларусі распаўсюджваліся зборнікі, якія ўключалі ўрыўкі твораў Арыстоцеля. У эпоху Адраджэння ў беларускай грамадскай думцы рэзка ўзмацнілася цікавасць да яго твораў. Гэтаму садзейнічала навучанне беларускай моладзі ў еўрапейскіх універсітэтах (Кракава, Прагі, Падуі, Вітэнберга і інш.), дзе вучэнне Арыстоцеля складала аснову вышэйшай адукацыі. Ф.Скарына пісаў пра неабходнасць злучэння «Саламонавай і Арыстоцелевай мудрасці». Ва ўмовах рэфармацыйнага руху, пашырэння гуманістычнай ідэалогіі, узмацнення класавага і нацыянальнага проціборства прадстаўнікі прагрэсіўнай грамадскай думкі Беларусі асаблівае значэнне надавалі сацыяльна-палітычным і этычным дактрынам Арыстоцеля (С.Будны, Л.Зізаній, А.Волан і інш.). Элементы філасофіі Арыстоцеля ў гэты перыяд сталі вывучаць у пратэстанцкіх і праваслаўных брацкіх школах на Беларусі. У 1586 Ян Ліцыній Намыслоўскі выдаў «Дапаможнік для авалодання вучэннем Арыстоцеля». У 17—18 стагоддзях, у перыяд панавання ў навучальных установах Беларусі «другой схаластыкі», вучэнне Арыстоцеля тлумачылася ў духу рэлігійна-каталіцкай артадоксіі, але значна вырасла цікавасць да яго прыродазнаўчанавуковых канцэпцый; эклектыкі імкнуліся злучыць ідэі Арыстоцеля з новай навукай. У канцы 18 стагоддзя навуковая думка Беларусі канчаткова адышла ад схаластызаванага арыстоцелізму (А.Скарульскі, С.Шадурскі, Б.Дабшэвіч, К.Нарбут).
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—4. М., 1976—83;
Риторика. Кн. 1—3 // Античные риторики. М., 1978;
Поэтика // Аристотель и античная литература. М., 1978.
Літ.:
Лосев А.Ф. История античной эстетики. Т. 4. Аристотель и поздняя классика. М., 1975;
Чанышев А.Н. Аристотель. 2 изд. М., 1987;
Бирало А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII — середине XVIII в. Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕТРАПЛА́ВАННЕ, аэранаўтыка,
лятанне на апаратах, якія лягчэй за паветра — аэрастатах (у адрозненне ад авіяцыі, дзе выкарыстоўваюцца апараты, цяжэйшыя за паветра, — самалёты, верталёты, планёры і інш.). Да пач. 1920-х г. пад П. разумелі перамяшчэнне па паветры наогул. Тэарэт. асновай П. з’яўляюцца аэрамеханіка і аэрастатыка.
Першыя спробы падняцца ў паветра на шары, напоўненым нагрэтым паветрам (дымам), рабіліся ў пач. 18 ст. ў Францыі, Расіі і інш. краінах. У 1783 Л.Эйлер вывеў формулы для разліку падымальнай сілы аэрастата. Франц. вынаходнікі браты Ж. і Э.Мангальф’е пабудавалі паветраны шар, на якім 21.11.1783 у Парыжы Пілатр дэ Разье і д’Арланд ажыццявілі першы 25-мінутны палёт. Франц.вучоны Ж.Шарль прапанаваў напаўняць паветр. шары вадародам. Палёт на такім шары здзейснілі Шарль і Н.Л.Рабер 1.12.1783 (2,5 гадз, дасягнута выш. 3400 м). У Расіі першыя палёты на паветр. шары адбыліся ў 1803 у Пецярбургу і Маскве. Праект кіравальнага аэрастата (з паветраным вінтом, які круціўся ўручную) прапанаваў у 1784 франц. інжынер Ж.Мёнье. Першы палёт на кіроўным апараце (дырыжаблі) з паравым рухавіком ажыццявіў у 1852 франц. інжынер А.Жыфар. У сярэдзіне 19 ст. побач са свабоднымі знайшлі выкарыстанне прывязныя аэрастаты (для вывучэння атмасферы, геагр. даследаванняў, ваен. мэт). Працягласць палётаў свабодных аэрастатаў складала некалькі гадзін, выш. да 4 тыс.м. Скорасць кіравальных аэрастатаў да канца 19 ст. дасягнула 15 км/гадз. У 1875 Дз.І.Мендзялееў прапанаваў ідэю стратастата для правядзення навук. даследаванняў у метэаралогіі, аэралогіі, астраноміі. У 1887 К.Э.Цыялкоўскі распрацаваў праект цэльнаметал. бескаркаснага дырыжабля, аб’ём якога мог мяняцца ў час палёту. У 1900 у Германіі ажыццёўлены першы палёт дырыжабля жорсткай сістэмы канструкцыі Ф.Цэпеліна, які стаў асновай для дырыжабляў, што будаваліся ў Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША у ваен. мэтах. З пач. 20 ст. атрымалі пашырэнне больш дасканалыя змейкавыя аэрастаты (створаныя ў 1893 немцам А.Парзевалем), выкарыстоўваліся для разведкі поля бою, карэкціроўкі артыл. стральбы, пазней і як загарода супраць самалётаў. У 1-ю сусв. вайну на ўзбраенні развітых краін былі розныя тыпы дырыжабляў для бамбардзіровак і далёкай разведкі (аб’ём ад 1500 да 68 тыс.м³, скорасць палёту 80—130 км/гадз, выш. да 5000 м). Пасля вайны ў ЗША, Францыі, Італіі, Германіі і інш. будаваліся дырыжаблі аб’ёмам да 184 тыс.м³ для перавозкі пасажыраў, грузаў і для ваен. мэт. У 1926 Р.Амундсен на дырыжаблі паўжорсткай сістэмы «Нарвегія» (канструкцыя італьян.інж. У.Нобіле) зрабіў беспасадачны пералёт з в-ва Зах. Шпіцберген праз Паўн. полюс на Аляску. У 1929 ням. дырыжабль «Граф Цэпелін» здзейсніў кругасветны пералёт за 21 сут з сярэдняй скорасцю 177 км/гадз. У 1931 бельгійцы А.Пікар і М.Кіпфер на стратастаце падняліся на выш. 15 780 м, сав. стратанаўты ў 1933 дасягнулі выш. 19 тыс.м, у 1934—22 тыс.м. У Вял.Айч. вайну шырока выкарыстоўваліся аэрастаты назірання і загараджэння. З 1950-х г. у многіх краінах створаны беспілотныя (аўтаматычныя) аэрастаты для вывучэння паветр. цячэнняў, геагр. і медыка-біял. даследаванняў, пад’ёму тэлескопаў і інш.
Літ.:
Жуковский Н.Е. Собр. соч.Т. 6. Теоретические основы воздухоплавания. М.; Л., 1950;
Анощенко НД. Воздухоплаватели. М., 1960;
Броуде Б.Г. Воздухоплавательные летательные аппараты. М., 1976.
У.М.Сацута.
Да арт.Паветраплаванне: 1 — дырыжабль А.Жыфара; 2, 3 — свабодны і прывязны аэрастаты (ЗША, 1980-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАНО́МІЯ (ад астра... + грэч. nomos закон),
навука пра рух, будову, паходжанне і развіццё касм. целаў, іх сістэм і Сусвету ў цэлым. Вывучае розныя аб’екты: планеты і іх спадарожнікі, каметы і метэорнае рэчыва, зоркі, зорныя сістэмы (галактыкі), міжзорны газ і дыфузнае рэчыва, рассеянае ў касм. прасторы, эл.-магн. выпрамяненне нябесных целаў. Асн. раздзелы астраноміі: астраметрыя, астрафізіка, зорная астраномія, касмагонія, касмалогія, нябесная механіка, пазагалактычная астраномія, радыёастраномія.
Астраномія ўзнікла ў глыбокай старажытнасці з практычных патрэб чалавецтва. Рух Месяца, планет і сузор’яў дапамагаў вызначаць прамежкі часу і змены пораў года, весці каляндар, арыентавацца на мясцовасці. Практычны характар астр. ведаў адлюстраваўся ў нар. назвах касм. аб’ектаў (напр., Млечны Шлях — «Птушыны Шлях», планета Венера — «Вечарніца» і інш.) і ў стварэнні найпрасцейшых аграрна-астр. «абсерваторый». Адно з такіх збудаванняў дахрысціянскіх часоў з арыентаваных валуноў выяўлена і на Беларусі каля воз. Янова ў Полацкім раёне. Астраномія паспяхова развівалася ў Вавілоне, Егіпце, Стараж. Грэцыі, Індыі і Кітаі. Стараж.-грэч.вучоны Пталамей распрацаваў у 2 ст.геацэнтрычную сістэму свету, якая была агульнапрынятай амаль 1,5 тыс. гадоў. У сярэднія вякі астраномія дасягнула значнага развіцця ў дзяржавах Усходу. У 15 ст. Улугбек пабудаваў паблізу Самарканда астр. абсерваторыю з дастаткова дакладнымі на той час вугламернымі інструментамі. Узнікненне сучаснай астраноміі звязана са стварэннем геліяцэнтрычнай сістэмы свету (М.Капернік, 16 ст.), вынаходствам тэлескопа (Г.Галілей, пач. 17 ст.), адкрыццём законаў руху планет (І.Кеплер, пач. 17 ст.) і сусветнага прыцягнення закону (І.Ньютан, канец 17 ст.).
У 18 — пач. 20 ст. назіральная астраномія атрымала шматлікія звесткі пра Сонечную сістэму, фіз. прыроду зорак і інш.касм. аб’ектаў, што спрыяла стварэнню навук. карціны свету. Выкарыстанне ў астр. даследаваннях метадаў спектраскапіі, фатаграфіі і фотаметрыі прывяло да ўзнікнення астрафізікі. Вялікае значэнне мела заснаванне многіх астранамічных абсерваторый, удасканаленне астранамічных інструментаў і прылад, складанне зорных каталогаў з указаннем дакладных каардынат зорак. Гэтыя дасягненні астраноміі звязаны з працамі У.Гершэля (Вялікабрытанія), Ж.Лагранжа, П.Лапласа, У.Левер’е (Францыя), М.В.Ламаносава, В.Я.Струве, Ф.А.Брадзіхіна (Расія), К.Доплера (Аўстрыя) і інш. Значны ўклад у назіральную астраномію і астрафіз. метады даследавання зрабілі астраномы Віленскай астранамічнай абсерваторыі і астраномы — выхадцы з Беларусі: С.М.Блажко, Дз.І.Дубяга, Г.А.Ціхаў, В.К.Цэраскі. Астр. даследаванні ў б.СССР звязаны з працамі В.А.Амбарцумяна, А.А.Белапольскага, С.У.Арлова, Я.К.Харадзе і інш. Даследаванні спектраў галактык дазволілі Э.Хаблу (ЗША) выявіць у 1929 агульнае расшырэнне Сусвету, прадказанае рас. вучоным А.А.Фрыдманам (1922) на падставе тэорыі гравітацыі А.Эйнштэйна (1915—16). Сярэдзіна 20 ст. характарызавалася з’яўленнем новых сродкаў назірання і выкарыстаннем касм. тэхнікі, што значна расшырыла магчымасці астр. даследаванняў. Стварэнне аптычных і радыётэлескопаў з высокай раздзяляльнай здольнасцю, выкарыстанне штучных спадарожнікаў Зямлі, ракет, а таксама аптычных і электронных сістэм, у стварэнні якіх бралі ўдзел вучоныя Беларусі, дало магчымасць у 1960—80 выявіць і даследаваць новыя касм. аб’екты: радыёгалактыкі, квазары, пульсары, крыніцы рэнтгенаўскага і нейтрыннага выпрамяненняў. Астраномія стала эксперыментальнай навукай, здольнай непасрэдна даследаваць касм. прастору, вывучаць Месяц і бліжэйшыя планеты. З дапамогай касм. апаратаў (напр., «Венера», «Марс», «Меркурый», «Рэйнджэр» і інш.) атрыманы фотаздымкі Месяца і амаль усіх планет Сонечнай сістэмы (акрамя Плутона), адкрыты новыя спадарожнікі планет, кольцы вакол планет-гігантаў, сфатаграфавана ядро каметы Галея.
Літ.:
Бакулин П.М., Кононович Э.В., Мороз В.И. Курс обшей астрономии. 5 изд. М., 1983;
Мартынов Д.Я. Курс обшей астрофизики. 4 изд. М., 1988;
Климишин И.А. Астрономия наших дней. 3 изд. М., 1986;
Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ.М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАХРАНАЛО́ГІЯ (ад геа... + храналогія),
геалагічнае летазлічэнне, вучэнне аб узросце і храналагічнай паслядоўнасці фарміравання горных парод зямной кары і геал. падзей у гісторыі Зямлі. Адрозніваюць адносную і абсалютную геахраналогію.
Адносная геахраналогія вызначае адносны ўзрост слаістых асадкавых, вулканічных (лаў) і піракластычных парод. У яе аснове прынцып паслядоўнасці напластаванняў, прапанаваны ў 17 ст. Н.Стэна (Данія), паводле якога ў непарушных асадкавых тоўшчах вышэйляжачы пласт заўсёды маладзейшы за ніжэйляжачы. Адносны ўзрост некаторых горных парод вызначаны ў канцы 18 — пач. 19 ст. У.Смітам (Вялікабрытанія) і Ж.Кюўе. Пра адносны ўзрост асадкавых тоўшчаў мяркуюць па выкапнёвых рэштках раслін і жывёл (вывучае палеанталогія). Узрост інтрузіўных і інш. неслаістых тоўшчаў вызначаюць па суадносінах са слаістымі. Паслядоўнасць напластавання горных парод даследуе стратыграфія, паводле яе даных і звестак палеанталогіі распрацавана геахраналагічная шкала, якая адлюстроўвае паслядоўнасць геал. гісторыі і развіцця жыцця на Зямлі. У гісторыі Зямлі вылучаюць 2 найб. геахраналагічныя этапы (эоны) — крыптазой і фанеразой. Крыптазойскі эон, які доўжыўся каля 4 млрд. гадоў, падзяляюць на 2 эры — архей (архейскую) і пратэразой (пратэразойскую). Фанеразойскі эон працягваўся 570 млн. гадоў, яго складаюць 3 эры — палеазойская, мезазойская і кайназойская, у якіх вылучаюць 12 перыядаў (ад кембрыйскага да чацвярцічнага). Кожны перыяд падзяляюць на 2 ці 3 эпохі (напр., ранне-, сярэдне- і познадэвонскія, міяцэнавая і пліяцэнавая ў неагенавым перыядзе), а кожную эпоху — на вякі (напр., кімерыйскі і акчагыльскі вякі пліяцэнавай эпохі). Кожнаму падраздзяленню геахраналагічнай шкалы адпавядае адзінка стратыграфічнай шкалы (эры — група, перыяду — сістэма, эпосе — аддзел, веку — ярус). Абсалютная геахраналогія (ядзерная, ізатопная, радыеметрыя) вызначае ўзрост горных парод і мінералаў у адзінках астр. часу (звычайна ў млн. гадоў); з’яўляецца часткай геахіміі. У пач. 20 ст. П.Кюры і Э.Рэзерфард прапанавалі выкарыстаць радыеактыўны распад хім. элементаў для вызначэння абс. ўзросту горных парод і мінералаў. Першыя вызначэнні паводле намнажэння свінцу ў мінералах зрабіў у 1907 амер.вучоны Б.Болтвуд (Канада). У даследаваннях па абс. геахраналогіі выкарыстоўваюць доўгажывучыя радыеактыўныя элементы пры дапушчэнні, што скорасць іх распаду на працягу гісторыі Зямлі заставалася нязменнай. Вымярэнні праводзяць па суадносінах у мінералах і горных пародах (або ў арган. рэчыве) колькасці мацярынскіх радыеактыўных элементаў і стабільных прадуктаў іх распаду. Найб. пашыраныя метады абс. геахраналогіі — свінцовы (уран-торый-свінцовы), калій-аргонавы, рубідый-стронцыевы, а таксама радыевугляродны, фторыевы і інш. Даныя абс. геахраналогіі выкарыстоўваюць для ўдасканалення геахраналагічнай і стратыграфічнай шкал. Метады абс. геахраналогіі развіваюцца, на іх выніках грунтуецца гіст. геалогія, палеагеаграфія, палеатэктоніка, планеталогія і інш. Выяўлена, што найб.стараж. пароды Зямлі маюць узрост каля 3,5 млрд. гадоў. З іх дапамогай вызначаны ўзрост Месяца, метэарытаў, розных геал. фармацый, эпох магматызму, рудаўтварэння, метамарфізму і інш.
На Беларусі метады абсалютнай геахраналогіі развіваюцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі з 1970-х г. Даследаванні вядуцца радыевугляродным (14C) метадам (Л.М.Вазнячук, А.І.Зімянкоў, І.Л.Коласаў). Распрацавана геахраналогія позняга антрапагену ў межах дасягальнасці радыевугляроднага метаду (50 тыс.г.). Атрыманы датаванні ў інш. краінах (Расіі, Украіне і інш.) для горных парод тэр. Беларусі — паводле уран-свінцовага ізахроннага метаду ўзрост парод крышт. фундамента (архей — ніжні пратэразой) у межах 2580—1700 млн. гадоў, паводле калій-аргонавага метаду верхнедэвонскія вулканічныя пароды ўтварыліся 358—354 млн.г. назад, паводле глаўканітавага метаду марскія адклады ніжняга алігацэну — каля 38 млн.г. назад.
Літ.:
Геохронология СССР. Т. 1—3. Л., 1973—74;
Шкала геологического времени: Пер. с англ.М., 1985;
Найденков И.В. Проблемы геологии раннего докембрия // Літасфера. 1995. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАНО́САЎ (Міхаіл Васілевіч) (19.11. 1711, в. Дзянісаўка, цяпер с. Ламаносава Халмагорскага р-на Архангельскай вобл., Расія — 15.4.1765),
рускі вучоны-прыродазнавец, паэт, мастак, гісторык, асветнік. Акад. Пецярбургскай АН (1745), чл.рас. Акадэміі мастацтваў (1763). Ганаровы чл. Шведскай (1760) і Балонскай (1764). Вучыўся ў Славяна-грэка-лац. акадэміі ў Маскве (1731—35), у акад. ун-це ў Пецярбургу (1735), у Германіі (1736—41). З 1742 у Пецярбургскай АН, праф. хіміі (з 1745). З 1748 працаваў у першай у Расіі хім. лабараторыі пры АН (створана па яго ініцыятыве), адначасова (з 1756) на заснаванай ім шкляной ф-цы. Навук. даследаванні па хіміі, фізіцы, астраноміі, геаграфіі, геалогіі, металургіі. Распрацаваў асновы карпускулярнага (атамна-малекулярнага) вучэння; малекулярна-кінетычную тэорыю цяпла і газаў, тэорыю колераў. Эксперыментальна даказаў закон захавання масы рэчыва ў хім. рэакцыях (1756), сфармуляваў прынцып захавання матэрыі і руху. Адзін з заснавальнікаў фіз. хіміі. Абгрунтаваў неабходнасць выкарыстання фіз. метаду ў хіміі, даў фіз. хіміі азначэнне, блізкае да сучаснага, напісаў «Увядзенне ў сапраўдную фізічную хімію» (1752). Прапанаваў канструкцыю шэрагу (каля 100) розных прылад, у т. л. аптычных. Адкрыў існаванне атмасферы на Венеры (1761). У працы «Першыя асновы металургіі або рудных спраў» (1763) апісаў уласцівасці металаў і практычныя метады іх атрымання. Выклаў асновы тэорыі геал. развіцця Зямлі і зямной кары. Растлумачыў паходжанне многіх карысных выкапняў і мінералаў. Быў кіраўніком Геагр. дэпартамента. З яго ўдзелам складаўся геагр. «Атлас Расійскі». Даследаваў марскія льды і даў іх першую класіфікацыю. Выказаў ідэю аб важнасці для Расіі даследавання Паўн. марскога шляху і асваення Сібіры. У 1755 па ініцыятыве Л. створаны Маскоўскі ун-т.
Л. — адзін з пачынальнікаў новай рус. л-ры, рэфарматар рус. вершаскладання. У «Лісце аб правілах расійскага вершаскладання» (1739, апубл. 1778) абгрунтаваў сілаба-танічную сістэму вершаскладання. Стваральнік новых літ. жанраў, у т. л.рус. оды філас. і высокага грамадз. гучання («На ўзяцце Хаціна», 1751, і інш.). Аўтар паэмы «Пётр Вялікі» (незавершаная, часткова апубл. 1760—61), трагедый у вершах «Таміра і Селім» (1750), «Дземафонт» (1752) і інш., вершаў на выпадак (надпісы, эпіграмы і г.д.). Яго сатыра «Гімн барадзе» распаўсюджвалася ў спісах (апубл. 1859). Асн. рысы паэзіі Л. — грамадзянскасць, патрыятызм, пачуццё ўласнай годнасці паэта. Перакладаў Гамера, Вергілія, Авідзія і інш.ант. аўтараў. Напісаў фундаментальныя філал. працы: «Кароткі дапаможнік красамоўства» (1748; першая рус. рыторыка), «Расійская граматыка» (1757; першая рус. граматыка), «Прадмова пра карысць кніг царкоўных у расійскай мове» (1758; першая спроба рус. стылістыкі). На дакумент. аснове склаў «Старажытную расійскую гісторыю ад пачатку расійскага народа да... 1054 года» (ч. 1—2, 1754—58, апубл. 1766), «Кароткі расійскі летапісец з радаводам» (1760), у якіх крытыкаваў нарманскую тэорыю. Вынайшаў і распрацаваў новы спосаб вырабу смальты для мазаік, заснаваў мазаічную майстэрню, у якой ствараліся партрэты, абразы, ландшафты («Вобраз Хрыста», 1753; пано «Палтаўская баталія», 1762—64).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАДЖЭ́ННЕ,
анаэробны ферментатыўны акісляльна-аднаўляльны працэс расшчаплення (катабалізму) арган. рэчываў, што адбываецца ў жывых арганізмах і эксперым. умовах пераважна пад уздзеяннем мікраарганізмаў або вылучаных з іх ферментаў. Зыходным субстратам для браджэння з’яўляюцца гал.ч. вугляводы, арган. к-ты, пурыны і пірымідзіны. Пры браджэнні ў выніку шэрагу спалучаных акісляльна-аднаўляльных рэакцый вызваляецца энергія, неабходная для жыццядзейнасці арганізмаў, і ўтвараюцца хім. злучэнні, што выкарыстоўваюцца імі для біясінтэзу амінакіслот, бялкоў, тлушчаў і інш. «будаўнічых» кампанентаў цела (некаторыя бактэрыі, мікраскапічныя грыбы і прасцейшыя жывуць толькі за кошт энергіі браджэння). Адначасова назапашваюцца канчатковыя прадукты браджэння: у залежнасці ад віду зброджвальнага субстрату і шляхоў яго метабалізму ўтвараюцца спірты (этанол і інш.), карбонавыя к-ты (малочная, алейная і інш.), ацэтон і інш.арган. злучэнні, вуглякіслы газ, у шэрагу выпадкаў — вадарод. Паводле ўтварэння асн. прадуктаў адрозніваюць браджэнне спіртавое, малочнакіслае, масленакіслае, прапіёнавакіслае, ацэтона-бутылавае, ацэтона-этылавае і інш. Характар і інтэнсіўнасць браджэння, колькасныя суадносіны канчатковых прадуктаў, а таксама кірунак залежаць ад асаблівасцяў яго ўзбуджальніка і ўмоў, пры якіх яно адбываецца (pH, ступень аэрацыі, від субстрату і інш.). Найб. вывучана спіртавое браджэнне.
Спіртавое браджэнне адкрыў франц.вучоны Каньяр дэ ла Тур (1836), які вызначыў, што яно звязана з ростам і размнажэннем дражджэй. Хім. ўраўненне спіртавога браджэння — C6H12O6∙2C2H5OH + 2CO2 выведзена франц. хімікамі А.Лавуазье (1789) і Ж.Гей-Люсакам (1815). Л.Пастэр (1857) вызначыў, што спіртавое браджэнне выклікаюць толькі жывыя дрожджы ў анаэробных умовах. Ням. хімік Э.Бухнер (1897) высветліў, што яго могуць ажыццяўляць таксама выцяжкі з дражджэй. Пры т-ры, роўнай або большай за 50 °C, працэс браджэння спыняецца. Вылучаны і ідэнтыфікаваны 11 метабалітаў гэтага працэсу — прамежкавых прадуктаў спіртавога браджэння глюкозы і 11 ферментаў, што паслядоўна каталізуюць усе рэакцыі і спіртавога браджэння (сумарнае ўраўненне якога C6H12O6 + 2H3PO4 + 2АДФ → 2CH3CH2OH + 2CO2 + 2АТФ). Існуе цесная сувязь паміж браджэннем і дыханнем мікраарганізмаў, раслін і жывёл. У прысутнасці кіслароду спіртавое браджэнне прыгнечваецца ці зусім спыняецца. Працэс ператварэння глюкозы ў жывых арганізмах (гліколіз) падобны да спіртавога браджэння і ідзе з удзелам тых жа ферментаў (адметныя рысы ён набывае на апошніх этапах). Зброджванне вугляводаў (глюкозы, ферментатыўных гідралізатаў крухмалу, кіслотных гідралізатаў драўніны) шырока выкарыстоўваецца ў многіх галінах прам-сці з мэтай атрымання этылавага спірту, гліцэрыну і інш.тэхн. і харч. прадуктаў. На спіртавым браджэнні заснаваны прыгатаванне цеста ў хлеба-пякарнай прам-сці, малочнакіслых прадуктаў, вінаробства і піваварэнне. Малочнакіслае браджэнне бывае гомаферментатыўнае (яго асн. прадукт — малочная к-та; выклікаецца бактэрыямі Streptococcus lactis, S. diacetilactis, Lactobacillus delbrückii) і гетэраферментатыўнае (акрамя малочнай утвараюцца бурштынавая і воцатная к-ты, этанол і інш.; выклікаецца бактэрыяй Escherichia coli — кішачнай палачкай). Малочнакіслае браджэнне выкарыстоўваюць пры вырабе кісламалочных прадуктаў, малочнай к-ты, у хлебапячэнні, квашанні агародніны, сіласаванні кармоў і інш. Масленакіслае браджэнне вугляводаў з утварэннем масленай к-ты ажыццяўляюць многія анаэробныя бактэрыі з роду Clostrobium; выкарыстоўваецца для атрымання масленай к-ты, пры вымочванні валакністых раслін (лёну, канапель, джуту і інш.). Ацэтона-бутылавае браджэнне вугляродаў з утварэннем бутылавага спірту і ацэтону (таксама невял. колькасці вадароду, вуглякіслага газу, воцатнай і масленай к-т і этылавага спірту) выклікае бактэрыя Clostridium acetobutilicum; выкарыстоўваюцца для прамысл. атрымання бутылавага спірту і ацэтону, неабходных для хім. і лакафарбавай прам-сці. Некаторыя бактэрыі з роду Clostridium (гніласныя анаэробы) здольныя зброджваць таксама амінакіслоты бялкоў. Гэты працэс мае вял. значэнне ў кругавароце рэчываў у прыродзе. Прапіёнавакіслае браджэнне вугляводаў з утварэннем вуглякіслага газу, прапіёнавай і воцатнай к-т выклікаюць некалькі відаў бактэрый з роду Propionibacterium. На гэтым працэсе заснавана сыраробства. Ёсць віды браджэння, якія суправаджаюцца і аднаўленчымі працэсамі, напр. зброджванне цукру плесневым грыбам Aspergillus niger, які да 90% засвоенага ім цукру ператварае ў лімонную к-ту, што выкарыстоўваецца ў харч. прам-сці для мікрабіял. сінтэзу лімоннай к-ты. Традыцыйна браджэнне называюць таксама кіслародныя акісляльныя працэсы, напр. воцатнакіслае і глюконавакіслае браджэнне, што ажыццяўляюць аэробныя бактэрыі з роду Acetobacter і некаторыя плесневыя грыбы, якія акісляюць этылавы спірт з утварэннем воцатнай, а глюкозу — глюконавай к-т.
Літ.:
Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ.Т. 2. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРАДЖЭ́ННЕ, Рэнесанс,
эпоха станаўлення ў Еўропе духоўнай культуры Новага часу (14—1-я пал. 17 ст.). Абумовіла прагрэс. змены ў эканам. і сац.-паліт. жыцці еўрап. краін: развіццё гарадоў, зараджэнне элементаў бурж. адносін і таварна-грашовай гаспадаркі, фарміраванне нац. дзяржаў і абсалютных манархій, актывізацыю антыфеад. рухаў і рэліг. барацьбы, секулярызацыю духоўнага жыцця грамадства. У паняцце «Адраджэнне» ўключаюць таксама грамадска-культ. рух у еўрапейскіх, у т. л. славянскіх, народаў, знітаваных агульным духоўна-культ. уздымам, вызв. барацьбой, абуджэннем нац. свядомасці і станаўленнем дзяржаўнасці (каралінгскае Адраджэнне, балгарскае Адраджэнне і інш.). М.Багдановіч, аўтар паняцця «беларускае Адраджэнне», уключаў у гэты працэс і нац.-культ. развіццё бел. народа ў 16 — пач. 20 ст. (гл.Адраджэнне нацыянальнае). Характэрная асаблівасць Адраджэння — зварот да культуры антычнасці як зыходнага пункта для фарміравання новай, пераважна свецкай, еўрап. культуры, апорай якой станавіліся гарады, двары і маёнткі феадалаў, багатых мяшчан, а выразнікамі — прадстаўнікі новай інтэлігенцыі, перадавыя грамадскія і паліт. дзеячы і інш. У іх асяроддзі фарміраваўся рэнесансава-гуманіст. светапогляд, аснову якога складалі тры вядучыя прынцыпы: вучэнне пра абсалютную свабоду (неабмежаваныя магчымасці чалавека ў яго адносінах да свету, самога сябе, пазнання і творчасці); уяўленне пра самакаштоўнасць чалавечага жыцця, або рэнесансавы антрапацэнтрызм; натуралізм як пераважны спосаб інтэрпрэтацыі прыродна-сац. рэчаіснасці і чалавека. У культуры і светапоглядзе рэнесансавых гуманістаў побач з раннебурж., саслоўна-класавымі сцвярджаліся вечныя, агульначалавечыя каштоўнасці; свецкія элементы цесна перапляталіся з рэліг., хрысціянскія — з язычніцкімі, натуралістычныя і навук. — з містычнымі і астралагічнымі, ідэі «агульнага дабра» — з гранічным індывідуалізмам і амаралізмам; вучэнне пра высокую годнасць чалавека. — з усведамленнем яго бяссілля ў існуючых грамадскіх умовах. Эпоха Адраджэння адметная вял.геагр. адкрыццямі, буйнымі дасягненнямі ў развіцці тэхнікі, навукі і мастацтва, узнікненнем кнігадрукавання.
У розных краінах Адраджэнне не супадала храналагічна і тыпалагічна. У адрозненне ад класічнага італьян. Адраджэння, рэнесансавую культуру ў некаторых краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы (Германія, Скандынаўскія краіны, Англія і г.д.) называюць Паўночным Адраджэннем, асаблівасці якога: кампраміс з сярэдневяковымі традыцыямі, сувязь з рэліг. і нац.-культ. рухамі, Рэфармацыяй і інш. Да такога тыпу належыць і ўсходнееўрап. Адраджэнне (Беларусь, Украіна, Літва), дзе інтэнсіўна развіваліся нац. самасвядомасць, навука і культура, значных поспехаў дасягнулі л-ра і мастацтва.
Навука і тэхніка. Адной з адметных рысаў эпохі Адраджэння было ўзнікненне навук. прыродазнаўства. Гэтаму спрыялі практычныя патрэбы грамадства (гандаль, мараплаванне, буд-ва, ваен. справа), а таксама ўзнікненне новага, антыдагматычнага светапогляду.
Найб. значныя адкрыцці ў астраноміі, геаграфіі, тэхніцы, Вялікія геаграфічныя адкрыцці (Х.Калумба, Васка да Гамы і інш.) пацвердзілі шарападобнасць Зямлі і стымулявалі станаўленне геалогіі, батанікі, заалогіі і этнаграфіі. Адкрыццё М.Капернікам геліяцэнтрычнай сістэмы свету дало новы імпульс развіццю дакладнага прыродазнаўства, што прывяло да стварэння ў канцы 17 ст. механікі І.Ньютана. Італьян.вучоны А.Везалій працай «Пра будову чалавечага цела» (1543) заклаў асновы анатоміі. Ісп.вучоны М.Сервет блізка падышоў да адкрыцця кругавароту крыві ў арганізме. Хім. даследаванні ўласцівасцяў розных мінералаў (Ф.Парацэльс і інш.) далі пачатак навук. фармакалогіі, садзейнічалі ўзнікненню клінічнай медыцыны і новых метадаў лячэння хваробаў. У выніку адкрыццяў у матэматыцы, механіцы і астраноміі знойдзены спосабы рашэння агульных ураўненняў 3-й і 4-й ступеняў (італьян. матэматыкі Дж.Кардана, Н.Тарталья, Л.Ферары), распрацавана сучасная літарная сімволіка (франц. матэматык Ф.Віет), уведзены дзесятковыя дробы і адкрыты закон раўнавагі сіл на нахільнай плоскасці (галандскі вучоны С.Стэвін). Эксперыментальна вывучаліся законы падзення целаў (Г.Галілей), руху планет (І.Кеплер), стваралася тэорыя простых механізмаў. Леанарда да Вінчы сканструяваў ткацкі станок, прадзільную і землечарпальную машыны, прапанаваў праекты лятальнага апарата, парашута і вял. гідратэхн. збудаванняў. Дасягненні матэматыкі і механікі спрыялі развіццю буд. справы, архітэктуры і караблебудавання. Вырабляліся машыны і механізмы для падымання грузаў і інш. работ, гідраўлічныя рухавікі, такарныя станкі, агнястрэльная зброя, удасканальваліся працэсы выплаўкі металаў і шліфавання шкла. Вынаходства падзорнай трубы і мікраскопа ўзбагаціла эксперым. метады даследаванняў. Усё гэта спрыяла аб’ектыўнаму пазнанню рэчаіснасці, развіццю філас. думкі, пашырэнню асветы і адукацыі.
Філасофія Адраджэння процістаяла схаластыцы, хоць і не парывала з сярэдневяковай традыцыяй. Вылучаліся яе этыка-гуманіст., неаплатанічная і натурфілас. лініі. Першая (Калуна Салютацы, Леанарда Бруні, Ларэнца Вала, Піка дэла Мірандала, Эразм Ратэрдамскі, Ф.Скарына, М.Мантэнь) вылучалася цікавасцю да чалавека, яго прызначэння, унутр. свету, магчымасцяў і свабоды, выкарыстаннем сац.-этычных ідэй памяркоўнага стаіцызму (у духу «грамадзянскага гуманізму») і эпікурэізму (у духу раннебурж. індывідуалізму). Для прадстаўнікоў Паўночнага Адраджэння характэрна спроба гуманіст. перапрацоўкі хрысц. этыкі (Эразм Ратэрдамскі, Скарына і інш.). Неаплатанічная лінія Адраджэння (М.Кузанскі, Марсіліо Фічына) знітавана з пастаноўкай радыкальных анталагічных праблем, стварэннем пантэістычнай карціны свету, распрацоўкай дыялектычных ідэй. Прадстаўнікі натурфілас. лініі (Ф.Парацэльс, Дж.Кардана, Б.Тэлезіо, А.Доні, Ф.Патрыцы, Дж.Бруна, Т.Кампанела) разглядалі свет і чалавека, зыходзячы пераважна з «уласных пачаткаў», абапіраючыся на вопыт, навук. дасягненні, гіст. практыку і нар. мудрасць. Найб. значны вынік філасофіі Адраджэння — натураліст. пантэізм (Бруна), і яго аналаг — містычны пантэізм (Т.Мюнцэр, Я.Бёме). У эпоху Адраджэння ўзнікла і новае прыродазнаўства (Леанарда да Вінчы, М.Капернік). Геліяцэнтрычнае вучэнне абумовіла радыкальны перагляд філас. уяўленняў пра сусвет. На яго падставе Бруна распрацаваў касмалагічнае вучэнне пра бясконцасць Сусвету. У той жа час рабілася намаганне аднавіць аўтэнтычнае вучэнне Арыстоцеля, скажонае схаластыкай і натуралістычнай інтэрпрэтацыяй арыстоцелізму (П.Пампанацы). Узнікла сац. утопія (Т.Мор, Кампанела, развівалася новая паліт. думка (Н.Макіявелі, Ж.Бадэн, А.Маджэўскі, А.Волан), у якой гісторыя трактавалася як вынік мэтанакіраванай дзейнасці людзей, дзярж. палітыка аддзялялася ад рэлігіі і маралі (Макіявелі) або шчыльна звязвалася з імі (Ж.Кальвін, Волан). Сац.-паліт. філасофія Адраджэння зыходзіла з перакананняў неабходнасці ўдасканальваць існуючае грамадства, дзяржаву, царкву, норавы. Рэнесансавыя ідэі адлюстраваліся ў рэфармац. вучэннях, у якіх сцвярджалася суверэннасць індывід.рэліг.-маральнай свядомасці чалавека (М.Лютэр, Скарына).
На Беларусі ў 15 — 1-й пал. 17 ст. ўжо існавалі пэўныя перадумовы для развіцця культуры Адраджэння: эканам. і сац.-паліт. ўзмацненне гарадоў, актывізацыя прагрэс. рэфармісцкага руху (агр., адм., суд., ваен. рэформы 1550—80-х г.), у выніку якіх адбывалася паліт. цэнтралізацыя і дзярж.-прававая стабілізацыя бел.-літоўскага грамадства. Сведчаннем Адраджэння на Беларусі было фарміраванне бел. народнасці і рост яе самасвядомасці, пашырэнне міжнар.культ. сувязяў, гуманіст. і рэфармацыйны рух. Секулярызацыя духоўнага жыцця тут выявілася ў развіцці адукацыі, кнігадрукавання, прытоку разнастайнай кніжнай прадукцыі з-за мяжы і камплектаванні айч. бібліятэк, мецэнацтва і ўзнікнення гуманіст. цэнтраў пры дварах буйных феадалаў (Слуцкіх, Радзівілаў, Хадкевічаў, Кішкаў, Глябовічаў і інш.), захапленні ант. культурай, станаўленні бел. л-ры і літ. мовы, развіцці гістарыяграфіі, філас. і грамадска-паліт. думкі, прававой тэорыі і практыкі, выяўл. мастацтва, архітэктуры, музыкі. На Беларусі Адраджэнне адбывалася ў спецыфічных умовах узаемадзеяння ўсх. і зах.рэліг.-царк. і духоўна-культ. тэндэнцый, станаўлення бел. культуры ў складзе поліэтн. і рознарэліг. дзярж. ўтварэння (ВКЛ, Рэчы Паспалітай), незавершанасці працэсаў нац. і дзярж. дыферэнцыяцыі бел., укр. і літ. народаў. Характэрнымі рысамі айч. Адраджэння была наяўнасць у ВКЛ адноснай рэліг. талерантнасці, узаемадзеянне і ўзаемапранікненне бел., укр., літ., польскай і рус. культур, развіццё і функцыянаванне рэнесансавай культуры ва ўмовах каталіцкай экспансіі і Контррэфармацыі. Рэнесансавы гуманізм тут часцей выяўляўся як «хрысціянскі гуманізм»: захоўваліся асн. прынцыпы хрысціянства і рэвізаваліся некаторыя яго традыцыйна-сярэдневяковыя ўяўленні і паняцці: фарміраваўся бел. менталітэт — спецыфічны спосаб светаўспрымання і светаадчування, які вызначаў нац. характар і своеасаблівасць духоўнай культуры Беларусі; развівалася айч.філас. і грамадска-паліт. думка, л-ра, архітэктура, выяўл. мастацтва, музыка, тэатр.
У развіцці айч. грамадскай думкі эпохі Адраджэння вылучаюць 3 перыяды: 1-ы (пач. 16 ст. — 1550-я г.; ад Скарыны да Рэфармацыі) звязаны з пранікненнем у грамадскую свядомасць ідэі аднаўлення; 2-і (сярэдзіна — канец 16 ст.) — з сінтэзам рэфармацыйна-гуманіст. тэорыі і сац.-дзярж. практыкі; 3-і (канец 16 ст. — 1-я пал. 17 ст.) — з рацыяналізацыяй рэнесансава-гуманіст. думкі і выхадам яе на агульнаеўрап. арэну (сацыніянства), акумуляцый рэнесансавых ідэй дзеячамі грамадска-рэліг. барацьбы, якая разгарнулася пасля Брэсцкай уніі 1596, культурай айч. барока. У галіне анталогіі, гнасеалогіі і метадалогіі ідэі Адраджэння выяўляліся пераважна ў рэліг.-тэалагічнай форме (рацыяналізм С.Буднага і інш.). Існаваў і ўласна філас. спосаб фармулёўкі асн. уяўленняў (С.Лован, К.Лышчынскі), у якіх аналізаваліся пытанні сутнасці Бога, натуры Хрыста, паходжання свету (Брэсцкая біблія, «Хроніка» М.Стрыйкоўскага), разуменне цудаў, несмяротнасці душы, замагільнага жыцця, суадносін ідэальнага і матэрыяльнага, пазнання, веры і розуму, багаслоўя і філасофіі і інш. Вучэнне айч. мысліцеляў пра мараль было заснавана на прызнанні натуральнай прыроды чалавека, перакананні ў магчымасці яе ўдасканалення праз індывід. намаганні. Гуманізаваліся і набліжаліся да рэальнага жыцця ідэі хрысц. этыкі, адраджаліся філас.-этычныя вучэнні стоікаў, Цыцэрона, эпікурэйцаў, па-новаму інтэрпрэтавалася платонаўскае і арыстоцелеўскае вучэнне пра мараль. У рамках праблемы чалавека, яго адносін да Бога, навакольнага асяроддзя, грамадства ўзнімаліся пытанні шчасця, сэнсу жыцця, агульнага і індывід. дабра, свабоды выбару, адказнасці, маральнага і інтэлектуальнага ўдасканалення, грамадз. абавязку і інш. (Скарына, М.Гусоўскі, М.Літвін, С.Кашуцкі, Волан, Якуб з Калінаўкі, М.Чаховіц, Сімяон Полацкі). Асн. праблема сац.-паліт. і прававой думкі айч. Адраджэння — удасканаленне грамадства і дзяржавы (Скарына, С.Будны, А.Валовіч, Л.Сапега, Волан). Геніяльным прадбачаннем Гусоўскага сталі ідэі экалагічнага выхавання чалавека. У працэсе станаўлення нац. самасвядомасці на 1-м этапе (16 ст.) пераважалі этнакульт. кампанент і секулярызаваная канцэпцыя нац. каштоўнасцяў (Скарына, С.Будны, В.Цяпінскі); на 2-м этапе (канец 16 — 1-я пал. 17 ст.) нац. свядомасць выяўлялася пераважна ў працэсе рэліг.-канфесіянальнага самавызначэння (С.Зізаній, М.Сматрыцкі, І.Пацей і інш.). Праблемы нац.-культ. суверынітэту бел. народа вырашаліся ў барацьбе за сцвярджэнне ў грамадстве і дзяржаве прынцыпу талерантнасці, верацярпімасці (С.Будны, Сапега, Сматрыцкі).
Літаратура. У адрозненне ад саслоўнай л-ры сярэднявечча, якая стваралася на мясц. дыялектах або на латыні, у эпоху Адраджэння ўзніклі першыя нацыянальныя (паводле мовы і значэння) літаратуры.
Росквіт італьян. л-ры ў 14—16 ст. (лірыка Ф.Петраркі, навелы Дж.Бакачыо, этычныя і паліт. трактаты палемістаў ад Петраркі да Н.Макіявелі, паэмы Л.Арыёста і Т.Таса) вылучылі італьян. культуру як трэцюю (побач з дзвюма антычнымі) класічную для інш. краін. У Германіі і Нідэрландах л-ра Адраджэння развівалася паралельна з Рэфармацыяй і знайшла ўвасабленне ў публіцыстыцы і антыклерыкальнай сатыры («Карабель дурняў» С.Бранта, «Пахвала дурасці» Эразма Ратэрдамскага, «Пісьмы цёмных людзей» У. фон Гутэна). Рэнесансавая л-ра Францыі акрамя антычнай і італьян. культуры абапіралася і на нар. «гальскую» традыцыю вальнадумства (лірыка Ф.Віёна, К.Маро); яе вяршыня — раман Ф.Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль», лірыка П.Рансара. Помнікам позняга Адраджэння (перыяду рэліг. войнаў 2-й пал. 16 ст.) сталі «Вопыты» М.Мантэня. Са слав. л-р Адраджэнне найб. яскрава праявілася ў паўд.-славянскай (т.зв. далмацінска-дуброўнідкае Адраджэнне) і ў польскай. У Дуброўніку і інш. вольных гарадах з канца 15 ст. развівалася далмацінская л-ра, блізкая да суседняй італьянскай. У Польшчы Адраджэнне звязана пераважна з узвышэннем шляхты ў 16 ст. і з Рэфармацыяй (абаронца шляхецкай дэмакратыі М.Рэй — аўтар першых твораў на польск. мове). У Англіі росквіт гуманіст. л-ры канца 16 ст. звязаны з творчасцю Ф.Сідні, Э.Спенсера, Дж.Лілі. Сусв. славу англ. Адраджэнню прынёс тэатр канца 16 — пач. 17 ст. Цікавасць да «тытанічнай» асобы, паэтызацыя нац. мінулага, народнасць ідэй, вольная форма драмы характэрныя драматургіі У.Шэкспіра. Фінальнай з’явай ісп. і ўсяго еўрап. Адраджэння стала творчасць М.Сервантэса, асабліва яго раман пра Дон Кіхота, заснаваны на трагікамічным канфлікце паміж гераічнай асобай і варожай яму сістэмай грамадскага жыцця.
Характэрная рыса літ. працэсу Беларусі эпохі Адраджэння — узаемадзеянне ўсх., візантыйска-праваслаўных і зах., лаціна-каталіцкіх традыцый, сярэдневяковых і рэнесансавых тэндэнцый. Побач з царк.-рэліг. л-рай у 15—16 ст. Усё больш выкарыстоўвалася жывая нар. мова, якая падрывала манаполію царк.-слав. мовы. З’явіліся бел. пераклады свецкіх твораў замежнай л-ры («Жыціе Аляксея, чалавека Божага», «Аповесць пра трох каралёў»), кніг Бібліі. Вял. ролю ў станаўленні нац. л-ры Беларусі адыграла свецкае дзелавое пісьменства на старабел. мове (матэрыялы велікакняжацкай і інш. канцылярый, дзярж. прывілеі, граматы, Статуты ВКЛ і інш.), новыя бел. летапісы («Беларуска-літоўскі летапіс 1446», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хроніка Быхаўца» і інш.), якія адначасова былі і гіст. аповесцямі. Высокімі літ.-маст. якасцямі вызначаліся «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага, Баркулабаўскі летапіс. Здабыткам бел. л-ры эпохі Адраджэння стала творчая спадчына паэтаў-лаціністаў пач. 16 ст. М.Гусоўскага («Песня пра зубра») і Я.Вісліцкага («Пруская вайна»). Важным этапам у развіцці айч. л-ры эпохі Адраджэння была дзейнасць Ф.Скарыны, заснавальніка ўсходнеслав. кнігадрукавання. Яго прадмовы і пасляслоўі да біблейскіх кніг — высокамаст. і арыгінальныя творы бел. л-ры пач. 16 ст. Яны сведчаць пра талент Скарыны як пісьменніка, паэта, гімнографа, рытара, мастака. На працягу 15 — пач. 17 ст. ў ВКЛ утварыўся шэраг культ.-асв. цэнтраў з буйнымі сховішчамі рукапісных і друкаваных кніг, скрыпторыямі, друкарнямі, школамі (Заблудаў, Брэст, Нясвіж, Заслаўе, Лоск, Вільня, Полацк, Слуцк, Любча і інш.), дзе працавалі кнігавыдаўцы, перакладчыкі, паэты, публіцысты. Тут выдаваліся тэалагічныя і літургічныя творы розных канфесій, гіст., філас., паліт. трактаты, творы ант. пісьменнікаў, падручнікі па граматыцы, рыторыцы, паэтыцы. Рэфармацыйна-гуманіст. рух, рэліг.-грамадская барацьба 16 — 1-й пал. 17 ст. спрыялі дзейнасці многіх таленавітых літаратараў, якія пісалі на бел., польск., лац. мовах (С.Будны, В.Цяпінскі, С.Кашуцкі, А.Волан, Л.Сапега, С. і Л.Зізаніі, І.Пацей, Л.Карповіч, М.Сматрыцкі, Я.Пашкевіч, І.Руцкі, Афанасій Філіповіч, Б.Будны, А.Рымша, Я.Радван, С.Грахоўскі, Я.Казаковіч, Л.Мамоніч, Г.Пельгжымоўскі, Ф.Іяўлевіч, Я.Пратасевіч, М.Сарбеўскі, Сімяон Полацкі і інш.). Росквіту дасягнула публіцыстыка — палемічная л-ра розных жанраў: ліст (пасланне), адказ (водпаведзь), слова (казанне), лямант (плач), прадмова. У паэзіі дамінаваў жанр эпіграмы, якой надавалася актуальнае маральнае і грамадскае гучанне, а таксама вершаваныя звароты да чытача, эпітафіі і інш. З’явіліся вершаваныя паэмы Рымшы «Дзесяцігадовая аповесць пра ваенныя справы... Крыштофа Радзівіла», Пельгрымоўскага «Пасольства да вялікага князя маскоўскага», Іяўлевіча «Лабірынт, або Заблытаная дарога», парадыйна-сатыр. творы, напісаныя сакавітай нар. мовай («Прамова Мялешкі»). Цікавасць да прыватнага жыцця чалавека абумовіла развіццё мемуарнай л-ры (Ф.Еўлашоўскі, Ф.Кміта-Чарнабыльскі, А.Каменскі-Длужык, Я.Цадроўскі і інш.). Разам са школьным тэатрам узнікла драма (Сімяон Полацкі). Зараджалася тэорыя вершаскладання (Л.Зізаній, Сматрыцкі). Помнікамі айч. прозы сталі трактаты па паэтыцы, рыторыцы, тэорыі л-ры выкладчыкаў бел. калегіумаў, віленскай акадэміі («Пра дасканалую паэзію» Сарбеўскага, «Практычнае красамоўства» С.Лаўксміна і інш.).
Выяўленчае мастацтва і архітэктура. Народжанае адмаўленнем сярэдневяковай умоўнасці і сімволікі, мастацтва Адраджэння несла ідэі гуманізму, узвышала чалавека-мысліцеля. У цэнтры яго — гарманічна развіты чалавек.
У перыяд ранняга Адраджэння (15 ст.) мастацтва Італіі развівалася ў рамках Фларэнційскай, Умбрыйскай, Падуанскай і Венецыянскай школ жывапісу. Мастакі гэтых школ у сваёй творчасці спалучалі ідэі ант. гуманізму і рэалізму, заснаваныя на вывучэнні натуры, уяўленні пра фіз. хараство і духоўную веліч чалавека. Яны ўзбагацілі мастацтва дакладным веданнем будовы чалавечага цела, перадачай перспектывы, ракурсаў, святлаценяў і г.д. Гэта найб. яскрава выявілася ў разнастайнай па характары творчасці жывапісцаў Мазачыо, Д.Гірландайо, А.Мантэнья, П’ера дэла Франчэска, С.Батычэлі, Анджэліка, П.Перуджына, сем’яў Беліні, Ліпі, скульптараў Л.Гіберці, Данатэла, Якопа дэла Кверча, Лука дэла Робія, А.Верок’ё. Апрача станковага жывапісу шырока развівалася мастацтва фрэскі. Рэалізм высокага Адраджэння (канец 15 — 1-я чвэрць 16 ст.) дасягнуў класічнай яснасці, манументальнасці вобразаў і абагульнення (Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Мікеланджэла, А.Карэджа, Тыцыян, Джарджоне, П.Веранезе, Я.Тынтарэта, Джуліо Рамана і інш.). У перыяд феад. рэакцыі і Контррэфармацыі (з пач. 16 ст.) у Італіі ўзнікла мастацтва маньерызму, якое вызначалася суб’ектывізмам, манернасцю, вытанчанасцю формы (Я.Панторма, А.Бранзіна, Ф.Парміджаніна, Б.Чэліні). У дэкар. мастацтве створаны ўзоры тканін, эмаляў, шкла, маёлікі, вырабаў з металу, кашт. камянёў і інш. З 15 ст. развіваецца мастацтва залочанай разьбы, «чартазіянская мазаіка». На новай аснове фарміравалася і архітэктура. Распрацоўваліся і ажыццяўляліся прынцыпы рэгулярнай забудовы гарадоў, у якіх акрамя культавых збудаванняў ствараліся характэрныя для італьян. Адраджэння манум. палацца, вілы, шпіталі, фантаны і інш.Ант. ордэрная сістэма ўзбагаціла тэктоніку будынкаў, унесла ў дойлідства лагічную суразмернасць і гарманічную яснасць (Ф.Брунелескі, Л.Б.Альберці і інш.). На пач. 16 ст. ў Рыме пачаў складвацца агульна-італьян.арх. стыль (Д.Брамантэ, Дж. да Віньёла, Дж.Вазары). У Венецыі працавалі арх. М.Санмікелі, Я.Сансавіна, А.Паладыо. У Нідэрландах мастацтва Адраджэння супала з росквітам позняй готыкі, узнікла грамадз. архітэктура.З сярэдзіны 16 ст. тут фарміраваўся арх. стыль, які арыентаваўся на ант. і італьян. дойлідства эпохі Адраджэння. У жывапісе развіваецца пераважна партрэт і пейзаж, асаблівая ўвага звяртаецца на перадачу навакольнага асяроддзя (Рагір ван дэр Вейдэн, Хуга ван дэр Гус, Г.Мемлінг, Лука Лейдэнскі, Х.Босх, К.Масейс). Ян ван Эйк залажыў асновы, на якіх пасля развівалася нідэрл. мастацтва. У Германіі мастацтва Адраджэння высокага росквіту дасягнула ў канцы 15 — пач. 16 ст., асабліва ў жывапісе і гравюры (А.Дзюрэр, А.Альтдорфер, Г.Гольбейн Малодшы і інш.). У франц. мастацтве Адраджэння адметна творчасць мастакоў Ж.Фуке, Клуэ, скульптараў Ж.Гужона, Ж.Пілона; для архітэктуры каралеўскіх і дваранскіх замкаў характэрны вытанчаны стыль (замак Шамбор). Своеасаблівыя рысы набыло мастацтва Іспаніі, Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Венгрыі.
Пад уплывам рэнесансавай культуры Зах. Еўропы ў выяўл. мастацтве Беларусі 16 — сярэдзіны 17 ст. склаліся асяродкі гуманіст. культуры (двары Жыгімонта Аўгуста ў Вільні, Радзівілаў у Нясвіжы, Алелькавічаў у Слуцку), развіваліся новыя віды і жанры мастацтва. У жывапісе пашыраўся партрэт, у якім праявілася рэнесансавае разуменне асобы чалавека. На аснове сінтэзу зах.-еўрап. формаў і візант.маст. спадчыны ўзнік нац. варыянт параднага партрэта (партрэт Міхаіла Барысавіча). Пэўны час ён існаваў побач з рэпрэзентатыўным (партрэт Ю.Радзівіла) і надзеленым рысамі псіхалагізму паўфігурным (партрэт К.Слуцкай-Радзівіл). Складваўся жанравы і батальны жывапіс (А.Вейдэ). Рэлігійнае мастацтва развівалася ў некалькіх кірунках. Алтарная карціна вызначалася пластычнасцю формаў, яркасцю палітры, элементамі лінейнай перспектывы, атрыбутамі гіст. моды («Пакланенне вешчуноў», пасля 1514). У іканапісе з яго поствізантыйскай традыцыяй з’явілася наватарская плынь: у сюжэтную канву ўводзіліся быт. і этнагр. дэталі, арх. краявіды («Тройца» з Дастоева, «Нараджэнне Марыі» з Маларыцкага р-на), узбагачаўся эмац. каларыт, арнаментыка фонаў («Параскева Пятніца», Слуцкі р-н; «Лука і Сымон», Лунінецкі р-н). Высокага ўзроўню дасягнула паліхромная драўляная скульптура і разьба алтароў (Іакім і Ганна, Жабінкаўскі р-н; Праабражэнскі касцёл у в. Новая Мыш, Баранавіцкі р-н). Пашыралася партрэтная пластыка надмагілляў (А.Гаштольда ў Вільні, М.К.Радзівіла ў Нясвіжы). Складалася медальерная школа (Я.Энгельгарт і інш.). Дасягнуў росквіту дрэварыт, з канца 16 ст. — медзярыт. Дасканаласцю выканання вылучаліся тытульныя лісты, застаўкі, ініцыялы, канцоўкі і ілюстрацыі ў выданнях Ф.Скарыны (Біблія, 1517—19), у Брэсцкай бібліі (1563), Статуце ВКЛ 1588. Узніклі графічныя партрэты (Скарыны, Жыгімонта III, М.Р.Радзівіла, В.Цяпінскага), геральдычныя кампазіцыі. Т.Макоўскі і інш. выконвалі арх. пейзажы, карты, ілюстрацыі да навук. трактатаў. З 16 — 1-й пал. 17 ст. дайшлі творы жывапісу, у якіх адлюстраваны тыповыя рысы еўрап. Адраджэння, асабліва ў пашыраным на бел. землях парадным (сармацкім) партрэце (Грызельда Сапега, Юрыя Радзівіла, Софіі Алелькаўны Радзівіл і інш.). У дэкар.-прыкладным мастацтве стылістыка Адраджэння выявілася ў арнаментацыі абкладаў абразоў (Будслаўская шата), царк. начыння і параднай зброі эмалямі, кашт. камянямі, літымі і чаканенымі накладкамі. З’явілася кафля з сюжэтнымі, гербавымі і партрэтнымі выявамі (Лагойск, Заслаўе), з каляровым глазураваным пакрыццём. З заснаваннем мануфактур (15 ст.) пашыраўся асартымент вырабаў са шкла. У бел. мастацтве 1-й пал. 17 ст. формы Адраджэння працягвалі суіснаваць з рысамі маньерызму, але ўсё больш саступалі месца стылістыцы барока.
У архітэктуры і горадабудаўніцтве Беларусі з эпохай Адраджэння звязаны спробы комплекснай рэканструкцыі гарадоў на аснове рэгулярнага плана, які формамі набліжаўся да прамавугольніка, авала, паўавала (Нясвіж, Быхаў, Слуцк). Цэнтрам яго кампазіцыі звычайна была плошча з ратушай і храмамі. Будаваліся таксама палацы, шпіталі, дамы цэхавых брацтваў і інш. Напачатку рысы рэнесансу спалучаліся з элементамі готыкі, але гатычныя формы збудаванняў пач. 17 ст. набывалі пластычны дэкор (Мірскі замак, Сынковіцкая царква-крэпасць, Мураванкаўская царква-крэпасць). Свецкая і культавая архітэктура паступова траціла суровыя абарончыя рысы: палацы афармляліся аркаднымі галерэямі (палац у Рагачове), з’явіліся храмы на ўзор ратонды з купалам (Смаргонскі кальвінскі збор), вежы некаторых храмаў аздабляліся дэкар. элементамі (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква). Інтэр’ер узбагачаўся разнымі алтарамі, скляпенні — ляпнымі нервюрамі, якія ўтваралі дэкар. ўзор (Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл, Вішнеўскі касцёл Марыі).
Тэатр. У еўрап. т-ры 2-й пал. 15—16 ст. адбываўся паступовы пераход ад аматарскіх тэатр. формаў, звязаных з патрэбамі каталіцкай царквы, да прафес.т-ра, які існаваў як самастойная эстэт. і эканам. сістэма і абапіраўся на здабыткі ант.тэатр. мастацтва і тэорыю драмы.
Першыя спробы аднаўлення тэатра на ант. ўзор (напачатку стараж.-рымскі) зрабілі італьян. гуманісты. З канца 15 ст. ў Рыме, Ферары, Фларэнцыі на лац., потым і на італьян. мове ставілі творы П.Тэрэнцыя, Ц.М.Плаўта, Л.А.Сенекі; на пач. 16 ст. — творы нац. драматургіі («Куфэрак» Л.Арыёста, «Каляндра» Б.Давіцы, «Мандрагора» Н.Макіявелі), якія былі першай формай арыгінальнага рэнесансавага т-ра — італьян. вучонай камедыяй. Потым у рэпертуары з’явіліся трагедыя і пастараль. Пры дварах арыстакратаў, дзе звычайна адбываліся тэатр. паказы, пачыналі ўзводзіць і першыя тэатр. будынкі, арыентаваныя на рэстаўрацыю рымскай традыцыі. Пад уплывам рэнесансавага жывапісу развіваліся перспектыўныя дэкарацыі. З канца 16 ст. фарміруецца прынцыпова новы тып сцэны — сцэна-скрыня, які развіўся ў тэатры барока. Ант. мастацтва паўплывала на традыцыйныя нар.тэатр. формы многіх краін Еўропы, найперш на т-р Італіі, дзе створана камедыя дэль артэ, якая, не маючы сваёй сталай драматургіі, абапіралася на стараж.-рымскія традыцыі імправізацыйнага т-ра масак. У Англіі і Іспаніі ўздым познарэнесансавага еўрап.т-ра звязаны з драматургіяй У.Шэкспіра, М.Сервантэса, Лопэ дэ Вэгі. Працэс стварэння нац.т-ра ў Францыі і на ням. землях ішоў запаволена. У эпоху Адраджэння (да пач. 17 ст.) склаліся асн. прынцыпы драматургіі, арганізацыі тэатр. прасторы, акцёрскага майстэрства, функцыянавання тэатр. труп, якія надоўга вызначылі еўрап.тэатр. традыцыі і ў многім захаваліся да сучаснасці.
На Беларусі першыя еўрап.тэатр. формы (літургічная драма, школьны тэатр) з’явіліся ў 16 ст. праз дзейнасць каталіцкай царквы. Пазней, у эпоху барока, яны разам з прыдворным т-рам сталі важнымі кампанентамі бел.тэатр. культуры.
Музыка. У 14 — 1-й пал. 17 ст. ў муз. мастацтве адбыліся істотныя змены.
З’явілася нотадрукаванне, павялічылася роля свецкіх жанраў (шансон, мадрыгал, мадрыгальная камедыя, у канцы 16 ст. — опера, балет), пашырылася аматарскае музіцыраванне, самастойнай стала інстр. музыка (харальныя апрацоўкі, рычэркары, канцоны, прэлюдыі, такаты, фантазіі); адрадзілася цікавасць да танц. мастацтва. У традыцыйных царк. жанрах месе і матэце побач з грыгарыянскімі сталі выкарыстоўваць свецкія мелодыі. З пашырэннем храматызму, фарміраваннем мажору і мінору, гарманічнай функцыянальнасці, устанаўленнем новай трохгучнай канцэпцыі вертыкалі зазнала істотныя змены тэхніка кампазіцыі. На аснове агульнастыліст. заканамернасцяў адбывалася актыўнае фарміраванне нац. школ — нідэрландскай (Г.Дзюфаі, І.Окегем, Я.Обрэхт, Жаскен Дэпрэ), італьян. (Палестрына, К.Джэзуальда ды Веноза, Л.Марэнцыо), франц. (К.Жанекен), ням. (Г.Фінк, Б.Рэзінарыус), англ. (Дж.Данстэйбл, У.Бёрд), ісп. (К. дэ Маралес, Т.Л. дэ Вікторыя), чэш. (Я.Т.Турноўскі, К.Гарант), польск. (Вацлаў з Шамотул, М.Гамулка). Тэорыю музыкі развівалі ў Італіі І.Тынкторыс, у Швейцарыі Гларэан, у Іспаніі Ф.Салінас і інш.
На Беларусі асн. асяродкамі муз. Адраджэння з’яўляліся брацкія школы, каталіцкія калегіумы, дзе была добра пастаўлена муз. адукацыя, практыкаваліся шматгалосыя харавыя спевы па 5-лінейнай нотнай сістэме. Асн. узорам новага нотнага запісу стаў псалтыр Яна Гуса, які засведчыў з’яўленне нотадрукавання. Пратэстанцкія канцыяналы, выдадзеныя ў Брэсце (зб. «Песні хвал боскіх», 1558), Нясвіжы і Любчы, побач з духоўнымі творамі змяшчалі свецкія песні. Сярод муз. дзеячаў Адраджэння на Беларусі — Вацлаў з Шамотул, Ц.Базылік, В.Бакфарк. У гэты час зарадзілася самабытная культура бел.канта, што стала значнай з’явай у прафес. свецкім і царк. мастацтве.
Літ.:
Культура эпохи Возрождения и Реформация. Л., 1981;
Лосев А.Ф. Эстетика Возрождения. М., 1978;
Баткин Л.М. Итальянские гуманисты: Стиль жизни и стиль мышления. М., 1978;
Культурные связи народов Восточной Европы в XVI в.: Проблемы взаимоотношений Польши, России, Украины, Белоруссии и Литвы в эпоху Возрождения. М., 1976;
Горфункель А.Х. Философия эпохи Возрождения. М., 1980;
Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990;
Конон В.М. От Ренессанса к классицизму: (Становление эстет. мысли Белоруссии в XVI—XVIII вв.). Мн., 1978;
Сокол С.Ф. Политическая и правовая мысль в Белоруссии XVI — первой половины XVII в. Мн., 1984;
Галенчанка Г.Я. Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Мн., 1993;
Голенищев-Кутузов И.Н. Итальянское Возрождение и славянские литературы XV—XVI веков. М., 1963;
Саверчанка І.В. Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палова XVII ст.Мн., 1992;
Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы: Первая половина XVI в. Мн., 1979;
Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925. Мн., 1926;
Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці. Мн., 1975;
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII ст.Мн., 1984;
Шрамкова Г. Искусство Возрождения: Италия, Нидерланды, Германия, Франция: [Альбом]. М., 1977;
Бенеш О. Искусство Северного Возрождения: Пер. с англ.М., 1973;
Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Мн., 1928;
Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1. Мн., 1987;
Чантурыя В.А. История архитектуры Белоруссии. 2 изд. Мн., 1977;
Трусов О.А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI—XVII вв. Мн., 1988;
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978;
Бернсон Б. Живописцы итальянского Возрождения: Пер. с англ.М., 1965;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. М., 1975;
Евдокимова Ю.К., Симакова Н.А. Музыка эпохи Возрождения. М., 1982.
С.А.Падокшын (агульная частка, філасофія, літаратура), А.Ю.Хадыка (выяўл. мастацтва і арх.), В.М.Арэшка (тэатр).
Да арт.Адраджэнне. С.Батычэлі. Вясна. Каля 1477-78.Да арт.Адраджэнне. Мікеланджэла. П’ета. 1498-1500.Да арт.Адраджэнне. Леанарда да Вінчы. Мадонна ў скалах. Каля 1497—1511.Да арт.Адраджэнне. Рафаэль. Мадонна з шчыглянём. 1507.Да арт.Адраджэнне. Джарджоне. Навальніца. 1506—07.Да арт.Адраджэнне. П.Перуджына. Мадонна з дзіцем і святымі. 1496.Да арт.Адраджэнне. Замак Шамбор у Францыі. Арх. Ж. і Д.Сурдо, П.Нево і інш. 1519—40.Да арт.Адраджэнне. Сабор Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі. Купал арх. Ф.Брунелескі. 1420—36.Да арт.Адраджэнне. Палац Дукале ва Урбіна (Італія). Унутраны двор. Каля 1470—1653.Да арт.Адраджэнне. Г.Гольбейн Малодшы. Партрэт Ш.Марэта. 1536.Да арт.Адраджэнне. А.Дзюрэр. Чатыры коннікі. «Апакаліпсіс». Гравюра на дрэве. 1498.Да арт.Адраджэнне. Апостал. Дрэва. Канец 16 ст. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.Да арт.Адраджэнне. Фрагмент арната з Пінска. Канец 15—16 ст.Да арт.Адраджэнне. Партрэт Грызельды Сапега. Невядомы мастак. 1630-я г. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.Да арт.Адраджэнне. Партрэт Юрыя Радзівіла. Мастак невядомы. 1590-я г. Нацыянальны мастацкі музей.Да арт.Адраджэнне. Тройца. Гравюра Ф.Скарыны з кнігі «Быццё». 1519.Да арт.Адраджэнне. Тэатральны паказ на плошчы ў Лувене (Бельгія). З гравюры 1594.Да арт.Адраджэнне. Кальвінскі збор у г. Смаргонь Гродзенскай вобласці. 16 ст. (злева); Спаса-Праабражэнская царква ў г. Заслаўе. 2-я пал. 16 ст.Да арт.Адраджэнне. Пацір. Канец 15 — пач. 16 ст. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі (злева); заслаўская кафля. Сярэдзіна 16 ст.Да арт.Адраджэнне. Майсей перад народам. Гравюра Ф.Скарыны з тытульнага ліста кнігі «Другі закон». 1519.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАС Якуб [сапр.Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч; 3.11.1882, в. Акінчыцы (цяпер у межах г. Стоўбцы) Мінскай вобл. — 13.8.1956], бел. паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, педагог, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў (з Я.Купалам) сучаснай бел. л-ры і ліг. мовы. Нар. паэт Беларусі (1926). Акад.АН Беларусі (1928). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902). У 1902—06 настаўнічаў у в. Люсіна (Ганцавіцкі р-н) і в. Пінкавічы (Пінскі р-н; абодва Брэсцкая вобл.), у Верхменскім нар. вучылішчы (Смалявіцкі р-н Мінскай вобл.). За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе 9—10.7.1906 у в. Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі р-н) звольнены з працы і аддадзены пад суд. Працаваў у газ. «Hama ніва» (1907), у прыватнай школе ў в. Сані (Талачынскі р-н Віцебскай вобл.; 1908). 15.9.1908 засуджаны на 3 гады турэмнага зняволення, якое адбываў у Мінскім астрозе. У 1912—14 настаўнік Пінскага прыходскага вучылішча. У вер. 1915 мабілізаваны ў армію. Пасля сканчэння Аляксандраўскага ваен. вучылішча (1916, Масква) у званні прапаршчыка служыў у запасным палку ў г. Перм. Летам 1917 у званні падпаручніка накіраваны на Румынскі фронт. З вер. 1917 у г. Абаянь (Курская вобл.), настаўнічаў. У 1918 дэмабілізаваны, У 1921 па выкліку ўрада БССР вярнуўся ў Мінск. Працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы, у літ. камісіі па збіранні вуснай нар. творчасці Інбелкульта, выкладаў у Белпедтэхнікуме, БДУ. З 1929 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. У Вял.Айч. вайну жыў у Клязьме (пад Масквой), Ташкенце (жн. 1941 — ліст. 1943), Маскве. З 1944 у Мінску.
Першыя літ. спробы К. адносяцца да часу вучобы ў настаўніцкай семінарыі (вершы на рус. мове, празаічны твор «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле»). Першы апублікаваны твор — верш «Наш родны край» (газ. «Наша доля», 1.9.1906). Першы зб. вершаў — «Песні-жальбы» (1910). Гал. герой зборніка — бел. мужык, які з пачуццём уласнай годнасці апавядае пра свой бяспраўны лёс, выказвае патрабаванні лепшай долі, раскрывае высокія маральныя якасці («Не бядуй!», «Мужык» і інш.). Эстэт. прынцыпы ўвасоблены ў вершах «Не пытайце, не прасеце...», «Пясняр», «Родныя песні», «Песняру» і інш. К. значна пашырыў жанравыя магчымасці бел. паэзіі, узбагаціў яе пейзажнай і філас. лірыкай («Нёман», «Першы гром», «Вясною» і інш.). У яго паэзіі арганічна знітаваны лірыка і эпас. Асобныя вершы нагадваюць кароткія, эмацыянальна афарбаваныя апавяданні («Асенні вечар», «Маці» і інш.). К. — адзін з пачынальнікаў маст. прозы ў бел. л-ры (апавяданне «Слабода»). Яго проза разнастайная і ёмістая паводле тэматыкі, ахопу жыццёвых з’яў, з мноствам характараў-тыпаў бел. сялян, вызначаецца непаўторным нац. каларытам (зб-кі «Апавяданні», 1912; «Родныя з’явы», 1914, і інш.). Майстэрства псіхал. аналізу К. ярка выявілася ў апавяданнях «Васіль Чурыла», «Малады дубок» і інш. Глыбокім філас. зместам і маст. дасканаласцю вызначаюцца яго алегарычныя апавяданні (цыкл «Казкі жыцця», выд. 1921). Пісьменнік сцвярджае ідэю вечнасці жыцця, бясконцасць форм яго праяўлення, імкненне чалавека да пазнання таямніц быцця і прыроды («Жывая вада», «Проці вады», «Даль» і інш.). У зб. вершаў «Водгулле» (1922) адлюстраваны складанасці часу, трывога за лёс Беларусі ў новых гіст. умовах. У эпічнай паэме «Новая зямля» (першыя раздзелы нап. ў турме ў 1911, апубл. ў 1923) філас. асэнсаванне цэлай эпохі ў жыцці бел. народа. У ёй праўдзіва адлюстравана становішча прац. сялянства на рубяжы 19—20 ст., выяўлена яго імкненне стаць гаспадаром на ўласнай зямлі. Характары і багацце ўнутр. свету герояў паэмы раскрыты ў рэальным побыце, у працы, у абрадах і звычаях, ва ўзаемаадносінах з інш. людзьмі. Важную кампазіцыйную ролю ў ёй адыгрываюць малюнкі прыроды, у з’явах якой аўтар шукае і знаходзіць аналогіі да лёсу чалавека і грамадства. Наватарства паэмы ў эстэтызацыі сял. побыту, паэтызацыі працы, услаўленні духоўнага багацця і маральнай прыгажосці чалавека працы (Міхал, Антось, Ганна). Сімвалічная ліра-эпічная паэма «Сымон-музыка» (1911—25) — твор аб нар. вытоках мастацтва, лёсе таленту з народа, духоўным адраджэнні нацыі. Трагічныя і драм. матывы ў ёй пераплятаюцца з жыццесцвярджальнымі і аптымістычнымі. Паэма вызначаецца гармоніяй зместу і формы, багаццем рытмікі, дасканаласцю паэт. радка, змястоўным выкарыстаннем фальклору. У публіцыстычным адступленні паэмы К. ставіць пытанне пра адметнасць нац. шляху Беларусі, якая апынулася на скрыжаванні розных культур, рэліг. канфесій, геапаліт. памкненняў. Выключнае значэнне для станаўлення жанру бел. рамана мелі «Палескія аповесці» («У палескай глушы», 1923, і «У глыбі Палесся», 1927, якія пазней увайшлі ў трылогію «На ростанях» як 1-я і 2-я яе часткі; завершана трылогія ў 1954). У трылогіі, напісанай на аўтабіягр. матэрыяле, шырокі ахоп падзей сац.-грамадскага жыцця Беларусі, створана галерэя партрэтаў нац. інтэлігенцыі, выхадцаў з народа, «адраджэнцаў», адлюстраваны побыт сялянства і інш. груп насельніцтва. У ёй яскрава раскрылася майстэрства К. пейзажыста: створаны пластычныя, аб’ёмныя, зрокава адчувальныя малюнкі бел. прыроды. Аповесць «На прасторах жыцця» (1926) прысвечана моладзі 1920-х г., яе вучобе, імкненню да пераўтварэння жыцця. Драматызм калектывізацыі адлюстраваны ў даволі схематызаванай аповесці «Адшчапенец» (1930—31). У аповесці «Дрыгва» (1933), п’есах «Вайна вайне» (1927—31, апошняя рэд. 1938), «У пушчах Палесся» (1938), няскончанай паэме «На шляхах волі» (1926—56) К. звяртаўся да паказу 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У вершах (зб-кі «Адпомсцім», 1942; «Голас зямлі», 1943), паэмах «Суд у лесе» (1943), «Адплата» (1945), публіцыстычных артыкулах перыяду Вял.Айч. вайны ён услаўляў патрыятызм, гераізм беларусаў, выкрываў чалавеканенавісніцкую сутнасць фашызму. За вершы ваен. гадоў Дзярж. прэмія СССР 1946. У 1947 К. завяршыў паэму «Рыбакова хата» (пачата ў 1939, Дзярж. прэмія СССР 1949), у якой на прыкладзе в. Петрушы паказаў жыццё і барацьбу за свае правы працоўных Зах. Беларусі. К. — адзін з пачынальнікаў бел. дзіцячай л-ры. Псіхалогія дзяцей тонка раскрыта ў паэмах «Новая зямля» і «Сымон-музыка», апавяданнях «Дзеравеншчына», «Сірата Юрка» і інш., у паэтычных творах для дзяцей «Рак вусач», «Міхасёвы прыгоды». Аўтар падручнікаў «Другое чытанне для дзяцей-беларусаў» (1909), «Методыка роднае мовы» (1926), публіцыстычных і літ.-крытычных артыкулаў па найб. актуальных праблемах грамадска-паліт., культ. і літ. жыцця. Плённа працаваў ён і ў галіне перакладу («Палтава» А.Пушкіна, некат. творы М.Лермантава, А.Міцкевіча, Т.Шаўчэнкі, П.Тычыны, Р.Тагора і інш.). З імем К. звязана станаўленне норм бел.літ. мовы. Ён адзін з рэдактараў «Руска-беларускага слоўніка» (1953). Творчасць К. вывучае коласазнаўства. Творы К. перакладзены на многія замежныя мовы. Паводле яго апавяданняў, аповесцей, трылогіі ў шматлікіх тэатрах ставіліся п’есы, трылогія «На ростанях» і інш. творы экранізаваны. Па паэме «Новая зямля» створана опера Ю.Семянякам, па аповесці «Дрыгва» — опера «У пушчах Палесся» Ю.Багатыровым. У 1959—65 прысуджалася Літ. прэмія імя Я.Коласа, з 1965 прысуджаецца Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа (за творы прозы і літ.-знаўства). Імем К. названы Ін-т мовазнаўства і Цэнтр.навук.б-каНац.АН Беларусі, драм.т-р у Віцебску, вытв.паліграф. прадпрыемства ў Мінску, б-кі, школы, плошчы і вуліцы ў многіх гарадах і населеных пунктах Беларусі. Працуюць Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей у Мінску (з філіялам, гл.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял), літ.-этнагр. музеі ў Люсіне і Пінкавічах, створаны Коласаўскі заказнік. Помнікі К. пастаўлены ў Мінску на плошчы яго імя і на магіле на Вайсковых могілках, на радзіме ў в. Мікалаеўшчына, у г. Навагрудак Гродзенскай вобл., в. Плоскае Талачынскага р-на. У Нац.АН Беларусі існуе мемарыяльны пакой К. 100-годдзе з дня нараджэння К. па рашэнні ЮНЕСКА адзначалася ў міжнар. маштабе. У 1996 створаны Міжнар. фонд К.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—7. Мн., 1952;
Зб. твораў. Т. 1—12. Мн., 1961—64;
Зб. твораў. Т. 1—14. Мн., 1972—78;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1-4. М., 1982—83.
Літ.:
Якуб Колас у літаратурнай крытыцы. Мн., 1926;
Адамовіч [Антон]. Якуб Колас у супраціве саветызацыі. Мюнхен, 1955;
Адамовіч А.М. Беларускі раман: Станаўленне жанра. Мн., 1961;
Казбярук У.М. Якуб Колас у школе. 2 выд.Мн., 1975;
Яго ж. Паэма Якуба Коласа «Новая зямля»: У святле’ славянскіх традыцый. Мн., 1979;
Пшыркоў Ю.С. Летапісец свайго народа: Жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа. Мн., 1982;
Рагойша В.П. Пераклаў Якуб Колас. Мн., 1972;
Навуменка І.Я. Якуб Колас: Духоўны воблік героя. 2 выд.Мн., 1981;
Кісялёў Г.В. З жыццяпісу Якуба Коласа: Дакументы і матэрыялы. Мн., 1982;
Лужанін М. Колас расказвае пра сябе. Мн., 1982;
Мушынскі М.І. Ад задумы да здзяйснення: Творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі». Мн., 1965;
Яго ж. Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1982;
Каласавіны: Зб.навук. прац з нагоды дня нараджэння нар. паэта Беларусі Я.Коласа. Мн., 1986;
Ярош М.Р. Янка Купала і Якуб Колас: Параўнальны аналіз творчасці. Мн., 1988;
Каласавіны: Тэз. дакл. і паведамленняў навук.канф., прысвеч. 107-й гадавіне з дня нараджэння нар. паэта Беларусі Я.Коласа і 30-годдзю адкрыцця музея песняра. Мн., 1989;
Каласавіны: Тэз. дакл. і паведамленняў навук.канф., прысвеч. 65-годдзю выхаду ў свет паэмы Я.Коласа «Сымон-музыка». Мн., 1990;
Жураўлёў В. Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана. Мн., 1991;
Якуб Колас у творчасці мастакоў. Мн., 1982;
Якуб Колас: Бібліягр. паказ. Мн., 1983;
Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўнік. Т. 3. Мн., 1994.
У.М.Казбярук.
Я.Колас. 1908.Я.Колас з жонкай і сынам. Перм. 1917.Я.Колас. 1948.Я.Колас (у цэнтры) і іншыя беларускія пісьменнікі ў гасцях у пісьменнікаў Ленінграда. 1947.Я.Колас з Я.Купалам, П.Броўкам, З.Бядулем. Масква. 1939.Да арт. Я.Колас. Думы пра Беларусь. Маст. С.Федарэнка. 1993.