БАКАШЫ́ЙНЫЯ ЧАРАПА́ХІ (Pleurodira),

падатрад паўзуноў. 2 сям.: пеламедузавыя і змеяшыйныя чарапахі, 13 родаў, 45 відаў. Пашыраны ў прэсных водах Паўд. Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі, а-воў Мадагаскара і Новай Гвінеі.

Даўж. панцыра 30—77 см. Шыя доўгая; могуць выгінаць яе ўбок і закладваць пад панцыр. Ногі пераважна пляскатыя, на пальцах плавальныя перапонкі. Кормяцца дробнымі рыбамі. Мяса і яйцы некаторых выкарыстоўваюць у ежу.

Бакашыйныя чарапахі пеламедузавыя: 1 — махрыстая чарапаха, або матамата; 2 — арау, або тартаруга; 3 — аўстралійская змеяшыйная чарапаха; 4 — афрыканская пеламедуза.

т. 2, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРУЖНА́Я Святлана Арцёмаўна (н. 26.1.1947, г. Чарнаўцы, Украіна),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1991). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1969). Працуе ў Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Выконвае ролі лірыка-драматычныя, востракамедыйныя, характарныя: Дачка («Зацюканы апостал» А.​Макаёнка), Люська («Радавыя» А.​Дударава), Анютка («Улада цемры» Л.​Талстога), Галя Чацвяртак («А зоры тут ціхія» паводле Б.​Васільева), Катрын («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.​Брэхта), Люсі Мерыкур («Будзьце здаровы!» П.​Шэно), Франка («Хам» паводле Э.​Ажэшкі) і інш.

С.А.Акружная.

т. 1, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРЫЛА́ТЫ,

вытворныя акрылавай кіслаты, складаныя эфіры ці яе солі. Акрылаты (эфіры) — бясколерныя вадкасці (напр., метылакрылат CH2=CH-COOCH3, tкіп 80 °C). Акрылаты (солі) — крышт. рэчывы. Лёгка палімерызуюцца пры дзеянні святла, цяпла, кіслароду і пераксідаў (захоўваюцца з інгібітарамі).

У прам-сці акрылаты метылавага і этылавага спіртоў атрымліваюць з этыленцыянгідрыну і адпаведнага спірту: 2CH2OHCH2CN + 2ROH + H2SO4 → CH2 = CHCOOR + (NH4)2SO4, вышэйшых спіртоў — рэакцыяй пераэтэрыфікацыі, а солі — нейтралізацыяй акрылавай к-ты. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці палімераў, каўчукоў, як дабаўкі ў друкарскіх фарбах, лаках.

т. 1, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫ́ЎНАЯ ЛЕ́КСІКА,

частка слоўнікавага складу сучаснай мовы, якая свабодна ўжываецца ў штодзённых зносінах ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Проціпастаўляецца пасіўнай лексіцы. Актыўная лексіка ўключае агульнаўжывальныя словы і тэрміны, прафесіяналізмы, эмацыянальна-экспрэсіўную лексіку і інш. Па-за межамі яе знаходзяцца архаізмы і неалагізмы. У працэсе развіцця грамадства і мовы словы могуць пераходзіць з актыўнай лексікі ў пасіўную і наадварот. Ад актыўнай лексікі мовы неабходна адрозніваць актыўную лексіку асобнага носьбіта мовы, якая залежыць ад яго прафесіі, адукацыі і інш.

П.​П.​Шуба.

т. 1, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛА́ДАВА Алена Васілеўна (22.5.1907, г. Пружаны — 29.5.1986),

бел. мастацтвазнавец. Засл. дз. маст. Беларусі (1966). Жонка М.І.Аладава. Скончыла БДУ (1928). З 1937 працавала ў музеях Мінска. У 1944—77 дырэктар Дзярж. маст. музея Беларусі. Яе намаганнямі ў пасляваен. гады адноўлены фонд музея, сабраны творы бел., рус., зарубежнага мастацтва (у 1977 больш за 15 тыс. экспанатаў), арганізаваны шматлікія экспазіцыі і выстаўкі. Аўтар кніг пра творчасць І.​Ахрэмчыка, П.​Гаўрыленкі, В.​Цвіркі, пра Дзярж. маст. музей Беларусі (1958), бел. жывапіс (1978) і інш.

т. 1, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕА́РЫЙ [Olearius; сапр. Эльшлегер

(Ölschläger)] Адам (16.8.1603, Саксонія — 23.2.1671),

нямецкі вучоны, падарожнік. Вучыўся, потым выкладаў у Лейпцыгскім ун-це. Прыдворны матэматык і бібліятэкар у герцага Фрыдрыха III Шлезвіг-Гальшнтэйнскага. Ведаў рус. і араб. мовы. Наведаў Расію ў складзе пасольства герцага ў 1633—34. Аўтар «Апісання падарожжа ў Масковію...» (выд. 1647, рус. пер. 1906) са звесткамі па геаграфіі, гісторыі Расіі, яе населеных пунктах, народах і іх звычаях; мае шмат картаў і малюнкаў. У 1654 выдаў на ням. мове зб-кі перс. і араб. паэтаў.

т. 1, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-ФРА́НКА-РУ́СКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1915 аб пралівах,

сакрэтнае пагадненне, заключанае ў 1-ю сусв. вайну. Аформлена ў выглядзе абмену памятнымі запісамі і нотамі ў крас.—маі 1915. Прадугледжвала пасляваенны падзел Турцыі (саюзніцы Германіі): са згоды Англіі і Францыі да Расіі (у выпадку яе ўдзелу ў вайне да перамогі над герм. кааліцыяй) павінны былі перайсці г. Канстанцінопаль (цяпер Стамбул), пралівы Басфор, Дарданелы і сумежныя з імі раёны еўрап. і азіяцкай часткі Турцыі. Практычных вынікаў для Расіі не мела, бо анулявана Дэкрэтам аб міры 1917.

т. 1, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕЎ Васіль Васілевіч (3.1.1861, г. Бежацк Цвярской вобл. — 26.12.1918),

рускі музыкант, балалаечнік-віртуоз. У 1838 1888 заснаваў у Пецярбургу першы аркестр рус. нар. інструментаў (з 1923 імя Андрэева), канцэртаваў з ім па Расіі, краінах Зах. Еўропы, ЗША. Пры яго ўдзеле ўдасканалена нар. балалайка, створаны яе аркестравыя разнавіднасці; арганізаваны многія аркестры рус. нар. інструментаў. Зацвердзіў балалайку як канцэртны інструмент. Аўтар каля 40 п’ес для балалайкі і аркестра, школы ігры на балалайцы (1894).

Літ.:

В.​В.​Андреев: Материалы и документы. М., 1986.

т. 1, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРАЦО́ЎЧАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

уключае галіны вытв-сці па перапрацоўцы прамысл. і с.-г. сыравіны. Да яе адносяцца прадпрыемствы па вытв-сці чорных і каляровых металаў, пракату, хім. і нафтахім. прадуктаў, машын і абсталявання, вырабаў дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці, цэменту і інш. буд. матэрыялаў, прадпрыемствы па рамонце прамысл. вырабаў, цеплаэлектрастанцыі, тэкстыльная, мясная, цукр. прам-сць і інш. Доля апрацоўчай прамысловасці ва ўсёй прамысл. прадукцыі адлюстроўвае ступень індустр. развіцця краін і прагрэсіўнасць галіновай структуры прам-сці. У структуры прам-сці Беларусі пераважае апрацоўчая прамысловасць.

т. 1, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРНІТО́З (ад арніта... + ...оз), псітакоз,

вострая інфекцыйная хвароба дзікіх і свойскіх птушак, млекакормячых жывёл і чалавека. Узбуджальнік — хламідыя Chlamidia psittaci. У птушак суправаджаецца пашкоджаннем парэнхіматозных органаў, кішэчніка, паветраносных мяшкоў, ц. н. с. Крыніца інфекцыі — хворыя і перахварэлыя птушкі, асабліва ўспрымальны да яе маладняк. У мэтах прафілактыкі ўводзяць каранцін на птушкафермах, робяць дэзінфекцыю. Жывёлы і чалавек заражаюцца ад птушак і праз інфіцыраваныя яйцы. Характэрныя прыкметы: слабасць, санлівасць, панос, адсутнасць апетыту, дрыжыкі, выдзяленні з носа, цяжкае дыханне, кан’юнктывіт, паралічы, запаленне лёгкіх. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 1, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)