ПА́ЦЕРКІ,

дробныя ўпрыгожанні са скразнымі адтулінамі, нанізаныя на нітку або шнурок. Носяць на шыі ў выглядзе караляў, паасобныя П. выкарыстоўваюць для ўпрыгожання вопраткі, галаўных убораў, абутку. Вядомы ў многіх народаў з эпохі неаліту, часта ім надавалі магічнае значэнне. У старажытнасці разнастайныя паводле формы і колеру П. выраблялі з зерня раслін, пладовых костачак, зубоў звяроў, бурштыну і інш., пазней — з металаў, шкла, каштоўных і паўкаштоўных камянёў. У наш час П. вырабляюць з розных матэрыялаў прадпрыемствы маст. прам-сці, ювеліры, мастакі дэкар.-прыкладнога мастацтва, нар. майстры.

т. 12, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСЕФО́НА, Кора,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі багіня ўрадлівасці і падземнага царства мёртвых. Лічылася дачкой Зеўса і Дэметры. Бог падземнага царства Аід выкраў яе і зрабіў сваёй жонкай. Няўцешная Дэметра наслала на зямлю засуху і неўраджай. Зеўс загадаў Аіду адпусціць П. да маці, але П., якую Аід прымусіў з’есці чароўнае гранатавае зерне, штогод імкнецца да мужа ў царства мёртвых, дзе праводзіць трэць года. Дэметра ў гэты час зноў пакутуе, прырода на зямлі замірае. У міфе пра П. адбіўся штогадовы працэс замірання і ажывання прыроды. Стараж. рымляне шанавалі П. пад імем Празерпіны.

т. 12, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАКЛАСТЫ́ЧНЫЯ ПАРО́ДЫ, піракласты (ад грэч. pyr агонь + klaō ламлю, разбіваю),

абломкавыя горныя пароды, якія ўтварыліся ў выніку намнажэння выкінутага з жарала або асаджанага з вогненных хмар і лавін абломкавага матэрыялу (вулканічныя брэкчыі, туфы і інш.) у час вывяржэння вулканаў. Да П.п. адносяцца таксама адклады, якія ўтвараюцца пры зацвярдзенні гразевых патокаў, што суправаджаюць вулканічныя вывяржэнні. Пасля адкладання П.п. спякаюцца ці падвяргаюцца дыягенезу. На Беларусі П.п. ёсць у складзе вендскай (ратайчыцкая світа, базальтавыя туфы і інш.) і верхнедэвонскай (шчолачна-трахітавыя і трахітабазальтавыя туфы і інш.) вулканічных фармацыях платформавага чахла.

т. 12, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАШЧАНО́СНАЯ Я́ШЧАРКА (Chlamidosaurus kingi),

паўзун сям. агам; адзіны від аднайменнага роду. Пашырана на Пн і ПнЗ Аўстраліі і в-ве Новая Гвінея. Жыве пераважна на дрэвах, па зямлі можа бегаць на задніх нагах.

Даўж. да 80 см. Мае шырокую лускаватую складку скуры ў выглядзе каўняра—«плашча» (адсюль назва) шыр. да 15 см. У самцоў на каўняры каляровыя плямы; грудзі і горла чорныя. Раскрывае «плашч» пры абароне, небяспецы, узбуджэнні, у час гону. Корміцца пераважна насякомымі, а таксама інш. беспазваночнымі, дробнымі паўзунамі і млекакормячымі.

Плашчаносная яшчарка.

т. 12, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАРО́Г (ад санскр. сварга — неба),

вобраз стараж. міфалогіі ўсх. славян, божаства Неба, нябеснага агню, бацька Сварожыча і Дажбога. Паводле стараж. міфа, злучыў неба і зямлю, навучыў людзей каваць жалеза (у час яго ўладарства нібыта з неба на зямлю ўпалі клешчы і людзі пачалі каваць зброю). Яму прыпісваецца ўвядзенне манагамнага шлюбу і кары за парушэнне гэтага звычаю (парушальнікаў быццам бы кідаў у вогненную печ). Паступова С. страціў значэнне гал. божаства, ім стаў Дажбог, потым Пярун. З пашырэннем хрысціянства рысы С. як апекуна шлюбу нададзены Кузьме.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 14, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАЛЯ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў ліп. 1941—чэрв. 1944 у в. Смаляны Аршанскага р-на Віцебскай вобл., з чэрв. 1943 дзейнічала пад кіраўніцтвам Аршанскага падп. райкама КП(б)Б; састаўная частка Аршанскага патрыятычнага падполля. Аб’ядноўвала 16 чал. (кіраўнік Л.​І.​Красноўскі). Падпольшчыкі вялі агітработу сярод насельніцтва, прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, збіралі і перадавалі партызанам звесткі пра падрыхтоўку акупантамі карных аперацый. За час дзеяння загінулі 10 падпольшчыкаў.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 569.

т. 15, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭ́НДЭР-ПЕ́ТЭРСЕН (Stender-Petersen) Адольф (21.7.1893, С.-Пецярбург — 16.4.1963),

дацкі славіст. Чл. Польскай АН (з 1962). Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. З 1923 праф. Тартускага ун-та, з 1931 — ун-та ў Орхусе (з 1941 заг. кафедры славістыкі). Заснавальнік Т-ва сканд. славістаў (1951). У 1954—63 рэдактар час. «Scando-Slavica» («Сканда-Славіка»). Даследаванні ў галіне славяна-германскіх запазычанняў, рус. мовы. Аўтар прац пра польскі т-р, рус. класічную л-ру. У «Гісторыі рускай літаратуры» (ч. 1—3, 1952), імкнучыся раскрыць заканамернасці літ. працэсу, аналізаваў форму і стыль, прыцягваў сацыялагічныя звесткі.

т. 15, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́МЕК (Tomek) Вацлаў Уладзівай (31.5.1818, г. Градзец-Кралаве, Чэхія — 12.6.1905),

чэшскі паліт. дзеяч, гісторык. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1878). Вучань Ф.Палацкага. У час рэвалюцыі 1848—49 дэп. аўстр. рэйхстага, у 1861—95 — чэш. сейма. З 1860 праф. гісторыі Аўстрыі ў Пражскім ун-це. З 1885 пажыццёвы чл. палаты паноў. Выступаў з пазіцый аўстраславізму. Аўтар прац «Гісторыя Пражскага універсітэта» (1849), «Гісторыя горада Прагі» (ч. 1—12, 1855—1901), «Гісторыя чэшскага народа» (1865), «Ян Жыжка» (1879) і інш. Творы Т. багатыя фактычным матэрыялам і выкарыстаннем малавядомых крыніц.

т. 15, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УТРЭ́ХЦКАЯ У́НІЯ 1579,

ваенна-паліт. саюз 7 (спачатку 5) паўн. правінцый гіст. Нідэрландаў (Галандыя, Зеландыя, Утрэхт, Гелдэрн, Аверэйсел, Фрысландыя, Гронінген) у час Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. Заключана 23.1.1579 у г. Утрэхт пасля Араскай уніі 1579. Мела на мэце захаванне рэв. заваяванняў і аб’яднанне сіл правінцый для паспяховага завяршэння імі нац.-вызв. вайны супраць Іспаніі; прадугледжвалася вядзенне агульнай знешняй палітыкі, стварэнне адзіных армій, манетнай сістэмы, федэратыўнае паліт. ўладкаванне і інш. Садзейнічала вызваленню паўн. Нідэрландаў ад ісп. панавання і заклала аснову самаст. дзярж. існавання Рэспублікі Злучаных правінцый (папярэднік сучаснай нідэрл. дзяржавы).

т. 16, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЦІ́НСКАЯ БІ́ТВА 1673.

Адбылася 11 ліст. каля замка Хацін на Днястры (цяпер г. Хацін Чарнавіцкай вобл., Украіна) паміж войскам Рэчы Паспалітай пад камандаваннем вял. кароннага гетмана Я.​Сабескага (каля 40 тыс. чал.) і войскам Турцыі на чале з Гусейнам-пашою (каля 35 тыс. чал.) у час вайны 1672—76 супраць Турцыі. У выніку бітвы тур. армія знішчана (яна атабарылася за ўмацаваннямі старога лагера войска Рэчы Паспалітай, што застаўся з часоў Хацінскай бітвы 1621). Перамога садзейнічала абранню ў 1674 на трон Рэчы Паспалітай Сабескага (гл. Ян III Сабескі).

В.​С.​Пазднякоў.

т. 16, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)