ПІСА́РА (Pizarro) Франсіска (каля 1479, г. Трухільё, Іспанія — 26.6.1541),

іспанскі канкістадор. Удзельнік экспедыцыі А. дэ Ахеды да берагоў Паўд. Амерыкі (1509) і заваявання тэр. Панамы (1510). У 1513 разам з В.Нуньесам дэ Бальбоа перасек Дар’енскі (цяпер Панамскі) перашыек і дасягнуў берагоў Ціхага акіяна. У 1532—36, выкарыстаўшы міжусобную барацьбу сярод інкаў, заваяваў і знішчыў іх дзяржаву Таўантынсую. У 1535 заснаваў г. Ліма. Жорстка задушыў паўстанне індзейцаў (1535—37). Забіты прыхільнікамі Д.Альмагра.

М.​К.​Багадзяж.

т. 12, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКУГАРЭ́ЎСКАЯ Алена Іванаўна (н. 13.12.1938, г. Краснадар, Расія),

бел. вучоны ў галіне псіхіятрыі і наркалогіі. Д-р мед. н. (1991), праф. (1993). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1962), дзе і працуе. Асн. навук. працы па праблемах наркалогіі, сацыяльна-псіхалагічных пытаннях.

Тв.:

Эмоции и алкоголизм. Мн., 1987;

Экологический аспект в оценке алкогольной зависимости // Экологическая антропология. Мн., 1999;

Медико-социальный аспект агрессии неокультов (разам з А.​А.​Скугарэўскім) // Беларусь: вчера, сегодня, завтра. Мн., 2001.

т. 14, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́РЛІНГ (Starling) Эрнест Генры (17.4.1866, Лондан — 2.5.1927),

англійскі вучоны ў галіне фізіялогіі. Скончыў Лонданскі ун-т (1886). У 1899—1923 праф. гэтага ун-та. Працаваў у Брэславе, Парыжы. Навук. працы па кровазвароце, лімфаўтварэнні, інервацыі і маторыцы кішэчніка, функцыі нырак, сакрэцыі падстраўнікавай залозы. У 1902 разам з англ. фізіёлагам У.​Бейлісам адкрыў гармон сакрацін і ўвёў у навуку тэрмін «гармон» (1905).

Тв.:

Рус. пер. — Основы физиологии человека. Т. 1—2. М.; Л., 1931—33.

т. 15, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛЬТРАМІКРАХІМІ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,

сукупнасць метадаў якаснага аналізу і колькаснага аналізу для даследавання вельмі малой колькасці рэчыва. Маса проб цвёрдых рэчываў для У.а. 10​−6г і менш (пры аналізе іх раствараюць у аб’ёмах 10​−3—10​−6 мл, калі ўтвараюцца растворы прынятых аналіт. канцэнтрацый). Усе аперацыі У.а. выконваюцца на прадметным століку мікраскопа ў спец. капілярах пры дапамозе мікраманіпулятараў. Пры ультрамікрааналізе разам з хім. выкарыстоўваюць фіз. метады лакальнага аналізу (напр., атамна-флуарэсцэнтны і атамна-абсарбцыйны аналіз).

т. 16, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІЯЛАГІ́ЧНЫЯ РЫ́ТМЫ,

змена інтэнсіўнасці і характару працэсаў, што перыядычна паўтараюцца ў клетках, тканках або ва ўсім арганізме. Напр., рытмічная актыўнасць нейронаў і мозга, скарачэнні страўніка і перыстальтыка кішэчніка, рытмы дзялення клетак, эстральны і менструальны цыклы і інш. Рытмічны характар мае большасць фізіял. працэсаў з перыядам ад мілісекунд да месяцаў і больш. Высокачастотныя рытмы мадулююцца больш нізкачастотнымі (многагадзіннымі, сутачнымі, гадавымі) і разам складаюць рытмічную сістэму арганізма. Ф.р. — аснова большасці біялагічных рытмаў.

А.​С.​Леанцюк.

т. 16, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАПІ́РА Майсей Навумавіч (14.4.1884, Мінск — 29.6.1970),

бел. хірург, траўматолаг, артапед. Д-р мед. н., праф. (1939). Засл. дз. навук Беларусі (1940). Скончыў Казанскі ун-т (1909). У 1927—41, 1945—57 у Мінскім мед. ін-це, адначасова ў 1930—41 у клініцы артапедыі і траўматалогіі Бел. НДІ фтызіятрыі, артапедыі і неўралогіі (у 1945—50 дырэктар). Працы па пытаннях хірургіі, траўматалогіі, артапедыі.

Тв.:

Эпидемический детский паралич. 2 изд. Мн., 1957 (разам з М.​А.​Хазанавым).

т. 17, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНГ, Ганга,

рака ў Азіі, у Індыі і Бангладэш. Даўж. 2700 км, пл. бас. 1120 тыс. км². Пачынаецца ад зліцця 2 вытокаў (Бхагіратхі і Алакнанда) з ледавікоў у Гімалаях на выш. 4500 м. Прарэзаўшы горы Сівалік (ніжэй горада Хардвар), выходзіць на Інда-Гангскую раўніну, якую перасякае ў паўд.-ўсх. напрамку. Упадае ў Бенгальскі заліў, утвараючы разам з Брахмапутрай велізарную дэльту (пл. больш за 80 тыс. км²). Асн. прытокі: Джамна, Сон, Дамодар (справа), Гоматы, Гхагхра, Гандак, Косі (злева). У вярхоўях Ганга цячэ сярод гор па цесных каньёнападобных далінах, мае вял. падзенне рэчышча, утварае шэраг вадаспадаў. У сярэднім і ніжнім цячэнні — павольная і мнагаводная рака. Дэльта Ганга мае густую і складаную сетку рэк, каналаў і азёр, укрыта ўрадлівымі глебамі, шчыльна заселена; нізоўі яе затоплены, заняты джунглямі. Рэжым мусонны, летнія паводкі з пад’ёмамі ўзроўню вады да 15 м; частыя і моцныя навадненні. Сярэдні расход вады 13 тыс. м³/с, каля вусця разам з Брахмапутрай 38 тыс. м³/с. Гадавы сцёк 1200 км³ (3-е месца пасля Амазонкі і Конга). Вада мутная; цвёрды сцёк больш за 200 млн. т наносаў за год. У ніжнім цячэнні ўплыў марскіх прыліваў. Суднаходная на 1450 км (ад г. Хардвар да вусця). Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Гангу буйныя гарады — Алахабад, Варанасі, Патна, у дэльце — марскі порт Калькута (Індыя). Ганг — свяшчэнная рака індусаў, па берагах — месцы рэліг. паломніцтваў (гл. Ганга).

т. 5, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛА́М (Salam) Абдус (29.1.1926, Джханг, Пакістан — 21.11.1996),

пакістанскі фізік-тэарэтык. Чл. Пакістанскай АН (1954), Лонданскага каралеўскага т-ва (1959). Замежны чл. АН СССР (1971), Нац. АН ЗША (1979) і інш. Скончыў Пенджабскі (1946) і Кембрыджскі (1949) ун-ты. З 1951 праф. Пенджабскага ун-та і Урадавага каледжа (г. Лахор). З 1954 у Кембрыджскім ун-це, у 1957—93 праф. Імперскага каледжа навукі і тэхналогіі Лонданскага ун-та. Адначасова ў 1964—93 дырэктар Міжнар. цэнтра тэарэт. фізікі (г. Трыест, Італія). У 1972—78 віцэ-прэзідэнт Міжнар. саюза тэарэт. і прыкладной фізікі. Навук. працы па квантавай электрадынаміцы, тэорыі элементарных часціц, гравітацыі. Паказаў (незалежна ад Л.​Д.​Ландау, Лі Цзундао і Янга), што ў слабым і эл.-магн. узаемадзеяннях захоўваецца камбінаваная цотнасць. Прапанаваў тэорыю двухкампанентнага нейтрына (1956). Развіў ідэю аб’яднання слабага і эл.-магн. ўзаемадзеянняў (1958; разам з аўстрал. фізікам Дж.​Уордам), распрацаваў адзіную тэорыю гэтых узаемадзеянняў (1968, незалежна ад С.​Вайнберга). Прапанаваў гіпотэзу глюонаў (1973) і ідэю Вялікага аб’яднання (1973—74). Каралеўскі медаль Лонданскага каралеўскага т-ва (1978). Вялікі залаты медаль імя Ламаносава АН СССР (1984). Нобелеўская прэмія 1979 (разам з Ш.​Л.​Глэшаў і Вайнбергам).

Тв.:

Рус. пер. — Фундаментальная теория материи // Успехи физ. наук. 1969. Т. 99, вып. 4;

Калибровочное объединение фундаментальных сил // Там жа. 1980. Т. 132, вып. 2.

М.​М.​Касцюковіч.

А.Салам.

т. 14, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛІЧЫНЯ́ ў матэматыцы,

колькасная характарыстыка матэрыяльных аб’ектаў, з’яў, працэсаў, іх прыкмет і адносін; адно з асноўных матэм. паняццяў, змест якога мяняўся з развіццём матэматыкі. Паходзіць ад першапачатковага выяўлення колькасных адрозненняў аднародных паняццяў (даўжыняў, плошчаў, аб’ёмаў і інш.), якія можна параўноўваць паміж сабой і выконваць з імі арыфметычныя дзеянні. Разам з паняццямі лік, мноства, функцыя і інш. можа разглядацца як канкрэтнае ўвасабленне філас. катэгорыі колькасці. У залежнасці ад спосабу выражэння велічыні з дапамогай пэўнай колькасці сапраўдных лікаў і яе геаметрычнай інтэрпрэтацыі адрозніваюць скаляры, вектары і тэнзары. Тэрмін «велічыня» выкарыстоўваецца таксама як сінонім паняцця фізічная велічыня.

А.​І.​Болсун.

т. 4, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРТ Зіновій Яфімавіч (21.9.1916, Масква — 18.11.1996),

расійскі акцёр тэатра і кіно. Нар. арт. СССР (1990). З 1945 у Цэнтр. т-ры лялек пад кіраўніцтвам С.​Абразцова, з 1988 у Маскоўскім т-ры імя М.​М.​Ярмолавай. Вострахарактарны, пераважна камедыйны акцёр. Майстар эпізоду. У яго творчасці спалучаліся сумны гумар, іронія і скептыцызм з тонкай лірыкай. З 1958 у кіно. Здымаўся ў фільмах: «Фокуснік», «Залатое цяля», «Печкі-лавачкі», «Аўтамабіль, скрыпка і сабака Клякса», «Уцёкі містэра Мак-Кінлі», «Казкі, казкі... казкі старога Арбата», «Ключ без права перадачы», «Біндзюжнік і кароль», «Фауст» і інш. Аўтар п’есы «Пацалунак феі» (разам з М.​Львоўскім).

т. 5, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)