АСТРАФІ́ЗІКА,

раздзел астраноміі, які вывучае фізічную будову, хімічны састаў і развіццё нябесных целаў. Узнікла ў сярэдзіне 19 ст. ў выніку выкарыстання ў астраноміі спектральнага аналізу, фатаграфіі і фотаметрыі, што дало магчымасць вызначаць т-ру атмасфер Сонца і зорак, іх магнітныя палі, скорасць руху ўздоўж праменя зроку, характар вярчэння зорак і інш. Асн. раздзелы астрафізікі: фізіка Сонца, фізіка зорных атмасфер і газавых туманнасцяў, тэорыя ўнутранай будовы і эвалюцыі зорак, фізіка планет і інш. Тэарэтычная астрафізіка вывучае асобныя нябесныя аб’екты (планеты, зоркі, пульсары, квазары, галактыкі, скопішчы галактык і інш.) і агульныя фіз. прынцыпы астрафіз. працэсаў з мэтай устанаўлення агульных законаў развіцця матэрыі ў Сусвеце. Практычная астрафізіка распрацоўвае інструменты, прылады і метады даследаванняў. Крыніцы атрымання інфармацыі пра нябесныя целы: эл.-магн. выпрамяненне (гама-, рэнтгенаўскае, ультрафіялетавае, бачнае, інфрачырвонае і радыёвыпрамяненне); касм. прамяні, якія дасягаюць атмасферы Зямлі і ўзаемадзейнічаюць з ёю; нейтрына і антынейтрына; гравітацыйныя хвалі, што ўзнікаюць пры выбухах масіўных зорак. Значны ўклад у развіццё Астрафізікі зрабілі А.А.Белапольскі, М.М.Гусеў, Ф.А.Брадзіхін, В.Я.Струвэ, Г.А.Ціхаў (Расія), Г.Фогель, К.Шварцшыльд (Германія), У.Кэмпбел, Э.Пікерынг, Э.Хабл (ЗША), А.Эдынгтан (Англія), В.А.Амбарцумян (СССР) і інш. Найб. значныя дасягненні сучаснай Астрафізікі — адкрыццё нябесных аб’ектаў з незвычайнымі фіз. ўласцівасцямі (нейтронныя зоркі, чорныя дзіркі, квазары).

Літ.:

Мартынов Д.Я. Курс обшей астрофизики. 4 изд. М., 1988;

Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.

Ю.М.Гнедзін.

т. 2, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫ́ЧНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ,

від метрычнага вершаскладання, заснаваны на раўнамерным чаргаванні доўгіх і кароткіх складоў у радках. Узнікла ў 8 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі, у 3 ст. да н.э. перайшло ў Рым. Асн. рытмічная адзінка антычнага верша — стапа з пэўным чаргаваннем доўгіх (-) і кароткіх (◡) складоў. Адзінка часу, неабходная для вымаўлення аднаго кароткага склада, наз. морай (у доўгім складзе былі 2 моры). Раўнамернае чаргаванне пэўных стоп стварала выразны метрычны малюнак, або метр; паўтарэнне той ці іншай колькасці аднолькавых стоп утварала памер вершаваны. Часам у вершаваных радках у строгай паслядоўнасці чаргаваліся розныя стопы (такія вершы наз. лагаэдамі).

Найб. важныя стопы: 3-морныя — ямб (◡ -), харэй (- ◡), трыбрахій (◡◡◡); 4-морныя — дактыль (- ◡◡), амфібрахій (◡-◡), анапест (◡◡ -), спандэй (- -); 5-морныя — бакхій (◡ - -), амфімакр (- ◡ -), антыбакхій (- - ◡) і 4 пеоны (- ◡◡◡, ◡ - ◡◡, ◡◡ - ◡, ◡◡◡ -), 6-морныя — молас (- - -), харыямб (- ◡◡ -), антыспаст, або ямбахарэй (◡ - - ◡), і 2 іонікі (◡◡ - - і - - ◡◡); 7-морныя — 4 эпітрыты (◡ - - -, - ◡ - -, - - ◡ -, - - - ◡.

Найб. пашыраныя вершаваныя памеры антычнага вершаскладання — гекзаметр і пентаметр. Антычныя аўтары не ведалі рыфмы, аднак строга вытрымлівалі ў радках чаргаванне аднатыпных клаўзул. Асобныя радкі ядналіся ў строфы (алкеева страфа, сапфічная страфа, элегічны двуверш). Антычнае вершаскладанне зрабіла вял. ўплыў на ўсю еўрап. паэзію. У сілаба-танічным вершаскладанні захаваліся асн. прынцыпы метрычнай арганізацыі стапы, радка і страфы (толькі замест доўгіх складоў — націскныя, а замест кароткіх — ненаціскныя). У бел. сярэдневяковай паэзіі на лац. мове сістэмай антычнага вершаскладання карысталіся Я.Вісліцкі, І.Іяўлевіч, антычным вершам напісана паэма М.Гусоўскага «Песня пра зубра».

В.П.Рагойша.

т. 1, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАКА́ЛІПСІС

(грэч. apokalypsis літар. адкрыццё),

1) адна з кніг Новага Запавета (Адкрыццё святога Іаана Багаслова). Напісана ў 68 — пач. 69 н.э. Іаанам Багасловам. У ёй у форме бачанняў, пасланых Богам, апісаны будучы лёс свету і чалавецтва. Гал. ідэя апакаліпсіса — чаканне страшнага Божага суда, калі на грэшнае чалавецтва абрынуцца сусв. катастрофы. Рэлігійна арыентаваныя тлумачальнікі разглядаюць апакаліпсіс як прарочую кнігу пра апошнія часы свету і здарэнні, што павінны адбыцца напярэдадні 2-га прышэсця Хрыста на зямлю. Праз увесь яго тэкст праходзіць сакральная лічба 7 (7 цэркваў, 7 зорак у руцэ Бога, 7 анёлаў, што выліваюць на грэшнікаў 7 чашаў Божага гневу, і г.д.). Сямікратнае памнажэнне бедстваў і катастрофаў прызначана выклікаць у чытача свяшчэнны жах перад непазбежным сканчэннем свету. Пасля Чарнобыльскай катастрофы шматлікія тлумачальнікі апакаліптычных прароцтваў, у т. л. на Беларусі, пачалі звязваць трубныя гукі трэцяга анёла, што апавяшчае аб падзенні на зямлю вялікай зоркі пад назвай «палын» (па-ўкраінску «чарнобыль»), з біблейскім прадказаннем гэтай самай згубнай у гісторыі чалавецтва катастрофы — нац. трагедыі бел. народа. Акрамя інтэрпрэтацыі апакаліпсіса як страшнага суда і канца свету яго яшчэ тлумачаць як абяцанне тысячагадовага шчасця пасля такога суда.

2) У шырокім сэнсе апакаліпсіс — буйнамаштабнае бедства, пагроза пагібелі чалавецтва, культуры, навакольнага асяроддзя. Апакаліпсіс часта асацыіруецца з крызісам або канцом цывілізацыі, эканам. катастрофамі, ядз. вайной.

Літ.:

Бабосов Е.М. Катастрофы: социол. анализ. Мн., 1995.

Я.М.Бабосаў.

т. 1, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАГО́Н (Aragon) Луі

(3.10.1897, Парыж — 24.12.1982),

французскі пісьменнік, паліт. дзеяч. Чл. Ганкураўскай акадэміі. Ганаровы д-р Маскоўскага і Пражскага ун-таў (1966). З 1915 вучыўся на мед. ф-це ў Парыжы. Удзельнік 1-й сусв. вайны, грамадзянскай вайны ў Іспаніі 1936—39, у 2-ю сусв. вайну — франц. Руху Супраціўлення. Раннія творы напісаны ў духу дадаізму (зб. вершаў «Феерверк», 1920; раман «Анісе, ці Панарама», 1921) і сюррэалізму (раман «Парыжскі селянін», 1926). На пачатку 1930-х г. перайшоў на пазіцыі рэалізму: зб-кі вершаў «Ура, Урал!» (1934), «Нож у сэрца» (1941), «Вочы Эльзы» (1942), цыкл раманаў «Рэальны свет» (1934—51), раман-эпапея «Камуністы» (т. 1—6, 1949—51, апошняя рэд. 1967—68), гіст. раман «Перадвелікодны тыдзень» (1958). Эпічны размах у спалучэнні з лірычнасцю і філас. роздумам характэрныя для раманаў «Пагібель усур’ёз» (1965), «Бланш, ці Забыццё» (1967), «Тэатр-раман» (1974). Апавяданні розных гадоў склалі зб. «Салгаць — праўду сказаць» (1980). У кн. «Савецкія літаратуры» (1955) Арагон уключыў раздзел пра бел. л-ру. Пераклаў на франц. мову вершы «А хто там ідзе?», «Я не паэта», урыўкі з паэмы «Над ракою Арэсай» Я.Купалы, верш П.Броўкі. Творы Арагона на бел. мову перакладалі Э.Агняцвет, Р.Барадулін, З.Колас, С.Ліхадзіеўскі, Н.Мацяш.

Тв.:

Choix de poèmes. Moscou, 1959;

Бел. пер. — Базельскія званы. Мн., 1937;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—11. М., 1957—61;

Поэзия. М., 1980.

Літ.:

Балашова Т.В. Творчество Арагона. М., 1964.

т. 1, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАРЫТА́РНАЙ АСО́БЫ КАНЦЭ́ПЦЫЯ,

сукупнасць тэарэтычных уяўленняў пра тып асобы, уласцівы таталітарным рэжымам. Яму характэрныя агрэсіўнасць і прага ўлады, нянавісць да інтэлігенцыі і прадстаўнікоў інш. этнічных груп, кансерватыўнасць і стэрэатыпнасць мыслення, канфармізм; сляпое падпарадкаванне аўтарытэту групы, дзяржавы, харызматычнага лідэра, асабліва заснаванаму на сіле і насіллі, спалучаецца ў ім з нянавісцю да ўсіх апанентаў і аўтсайдэраў. Паняцце ўведзена Э.Фромам, які даследаваў псіхал. падставы для распаўсюджвання нацысцкай ідэалогіі. Паглыбленне чалавека ў аўтарытарызм Фром разглядаў як адзін з асн. механізмаў «уцёкаў ад свабоды». Імкнучыся пераадолець пачуццё бяссілля, аўтарытарная асоба адмаўляецца ад незалежнасці, імкнецца зліцца з чым-небудзь больш моцным, здольным кампенсаваць недахоп упэўненасці ў сабе. Такі чалавек захапляецца ўладай і хоча падпарадкоўвацца, і ў той жа час сам імкнецца быць уладай, каб іншыя падпарадкоўваліся яму. Гэтая супярэчлівасць вядзе яго да супраціўлення ўладзе, нават той, якая дзейнічае ў яго інтарэсах, але ўяўляецца яму недастаткова моцнай. Барацьбу аўтарытарнай асобы супраць улады Фром лічыў бравадай бунтаўшчыка. У калект. працы Т.Адорна, Э.Фрэнкель-Бруксвік, Д.Левінсана і Р.Санфарда «Аўтарытарная асоба» (1950) зроблена спроба эмпірычнага абгрунтавання аўтарытарнай асобы канцэпцыі, распрацавана ф-шкала (шкала фашызму) для вымярэння аўтарытарнай асобы. Ідэі гэтай канцэпцыі далей развіты ў працах тэарэтыкаў франкфурцкай школы М.Хоркхаймера, Г.Маркузе, у аднамернага чалавека канцэпцыі.

Літ.:

Адорно Т. Типы и синдромы: Методол. подход: Пер. с англ. // Социол. исслед. 1993. № 3;

Фромм Э. Бегство от свободы: Пер. с англ. М., 1990.

А.В.Рубанаў.

т. 2, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЛЮСТРАВА́ННЕ МАСТА́ЦКАЕ,

спецыфічная форма асваення рэчаіснасці. Метадалагічнай асновай разумення сутнасці адлюстравання мастацкага з’яўляецца адлюстравання тэорыя, якая раскрывае агульныя заканамернасці і спосабы адэкватнага спасціжэння свету. Ужо ў антычнасці піфагарэйцы, а потым Платон і Арыстоцель сцвярджалі ідэю аб мімесісе (перайманні) як асн. эстэт. прынцыпе і сутнасці мастацтва. Наследаванне прыродзе было дамінантай у эст. трактоўках эпохі Адраджэння, класічнай эстэтыцы 16—17 ст. Гётэ выступаў супраць змешвання прыроды і мастацтва, недаацэнкі суб’ектыўнай творчасці «сапраўднага мастака». М.Г.Чарнышэўскі замацаваў у тэорыі мастацтва паняцце «ўзнаўленне». Сцвярджэнне ў мастацтве прынцыпу канкрэтна-гіст. ўзнаўлення абумоўлівае рэалістычнае адлюстраванне рэчаіснасці (гл. Рэалізм). Канцэпцыя актыўнага ўздзеяння мастацтва на духоўны свет чалавека праяўлялася ў адраджэнні ант. тэорыі мімесісу (М.К.Сарбеўскі), развівалася Ф.Скарынам, М.Гусоўскім, Сімяонам Полацкім і інш. У эпоху Асветніцтва элементы адлюстравання мастацкага выявіліся ў арыентацыі на пазнавальныя і выхаваўчыя функцыі мастацтва (А.Доўгірд, Л.Бароўскі). К.Каліноўскі, Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, Цётка, А. і І.Луцкевічы, А.Гарун і інш. развівалі ўяўленне пра маст. праўду як адлюстраванне праўды жыцця, гісторыі і самабытнай культуры бел. народа. Адлюстраванне мастацкае прадугледжвае асабістыя адносіны творцы да аб’ектаў, што пазнаюцца. Сэнс маст. абагульнення заключаны ў адборы істотнага і заканамернага, у раскрыцці тыповых характараў і сітуацый.

Літ.:

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Крюковский Н.И. Логика красоты. Мн., 1965;

Юлдашев Л.Г. Искусство: философские проблемы исследования. М., 1981;

Конан У. Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору. Мн., 1989.

т. 1, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРПЕТАЛО́ГІЯ

(ад грэч. herpeton паўзун + ...логія),

раздзел заалогіі, які вывучае паўзуноў і земнаводных. Раней аб’ектам вывучэння герпеталогіі былі паўзуны, а раздзел, што вывучаў земнаводных, наз. батрахалогіяй. Герпеталогія цесна звязана з праблемамі агульнай біялогіі, экалогіі, біягеацэналогіі, зоагеаграфіі, паразіталогіі і інш. Развіццё герпеталогіі як самаст. раздзела заал. навукі найб. прыкметнае з пач. 20 ст. Вялікі ўклад зрабілі рус. Вучоныя А.Р.Баннікаў, І.С.Дрэўскі, А.М.Нікольскі, П.В.Цярэнцьеў, С.А.Чарноў.

На Беларусі амфібіі і рэптыліі ўпамінаюцца ў працах 18—19 ст. (А.М.Нікольскі, П.Г.Жачынскі, П.Баброўскі, І.Зяленскі, А.С.Дамбавецкі). Сістэматызаваныя звесткі пра герпетафауну ёсць у працах А.В.Фядзюшына (1927—32) і Ю.Ф.Сапажэнкава (1961). Шэраг пытанняў аб стане амфібій і рэптылій краіны адлюстраваны ў працах Ю.В.Дзьякава, Б.З.Галадушкі, Т.М.Курсковай, І.В.Жаркова, М.М.Пікуліка і інш. Найб. развіццё герпеталагічныя даследаванні атрымалі ў 1976—97 у Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі (Пікулік, В.А.Бахараў, С.У.Косаў, С.М.Драбянкоў, А.У.Хандогій, Л.У.Косава, К.К.Рыжэвіч і інш.), праводзяцца таксама на кафедрах заалогіі ВНУ і навук. аддзелаў запаведнікаў і нац. паркаў. Дадзена характарыстыка сучаснага стану фауны амфібій і рэптылій Беларусі, параметраў яе біял. разнастайнасці, пашырэння межаў арэалаў відаў, біятыпічнага размеркавання і колькасці, асаблівасцей размнажэння, развіцця і ландшафтнай дыферэнцыяцыі дамінуючых відаў, некат. іншых экалагічных і эталагічных аспектаў. Сфарміраваны значны калекцыйны фонд (каля 20 тыс. экз.). Рэдкія віды занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Распрацаваны рэкамендацыі па ахове і рацыянальным выкарыстанні герпетафауны Беларусі.

Літ.:

Пикулик М.М. Герпетология // Институт зоологии Академии наук Беларуси Мн., 1992.

М.М.Пікулік.

т. 5, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРНА́ДСКІ Георгій Уладзіміравіч

(20.8.1887, С.-Пецярбург — 12.6.1973),

расійскі гісторык. Сын У.І.Вярнадскага. Праф. Пермскага (1917—18), Таўрычаскага (1918—20, Сімферопаль), Карлава (1922—27, Прага) і Іельскага (1927—56, з 1957 ганаровы праф., ЗША) ун-таў. Член Амер. акадэміі сярэдніх вякоў. Вучань В.В.Ключэўскага, С.Ф.Платонава, А.А.Кізеветэра, Дз.М.Петрушэўскага. Скончыў Маскоўскі ун-т (1910). У 1920 эмігрыраваў. З 1922 у Празе, удзельнічаў у працы Семінара (пазней Ін-та) імя Н.П.Кандакова. З 1927 у ЗША, выкладаў у Іельскім, Гарвардскім, Калумбійскім, Чыкагскім ун-тах. Адзін з аўтараў гіст. канцэпцыі еўразійства (асн. ідэя — узаемасувязь прыроды і грамадства як гал. рухавіка сусв.-гіст. працэсу). Своеасаблівасць нац. развіцця рус. народа бачыў у самаразвіцці сац. арганізма і ўплыве на грамадства прыродна-геагр. фактараў. Гэтаму прысвечаны яго працы «Нарысы рускай гісторыі» (Прага, 1927), «Пра гісторыю Еўразіі з сярэдзіны VI ст. да гэтага часу» (Берлін, 1934), «Звёны рускай культуры» (т. 1, Брусель, 1938), «Гісторыя Расіі» (т. 1—5, Нью-Хейвен, 1943—69).

Тв.:

Русское масонство в царствование Екатерины II. Пг., 1917;

Очерк истории права Русского государства XVIII—XIX вв. Прага, 1924;

Political and diplomatic history of Russia. Boston, 1936;

Рус. пер. — Древняя Русь. Тверь;

М., 1996;

«Соединение церквей» в исторической действительности // Вопр. истории. 1994. № 7;

Из воспоминаний // Там жа. 1995. №1,3.

Літ.:

Пашуто В.Т. Русские историки-эмигранты в Европе. М., 1992;

Раев М. Россия за рубежом: Исторня культуры рус. эмиграции, 1919—1939. М., 1994.

Н.К.Мазоўка.

т. 4, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАМБЁЎСКІ (Gołębiowski) Лукаш Іосіфавіч

(13.10.1773, в. Пагост Пінскага р-на Брэсцкай вобл. — 7.1.1849),

польскі гісторык, этнограф, архівіст. Скончыў манаскую школу ў Дубровіцы на Палессі. Працаваў бібліятэкарам у гісторыка Т.Чацкага. Удзельнік паўстання ў 1794. У 1818—23 бібліятэкар у Пулавах. З 1818 чл. Т-ва сяброў навук, у 1824—31 яго сакратар (звольнены пасля задушэння паўстання 1830—31). З 1827 праф. л-ры пед. ін-та. Аўтар адной з першых прац па гісторыі Варшавы «Гістарычна-статыстычнае апісанне горада Варшавы» (1826). У кн. «Люд польскі, яго звычаі, забабоны» (1830) змясціў свае назіранні над адзеннем беларусаў, апісанні вяселля, радаўніцы, інш. абрадаў і звычаяў, узятыя з прац З.Даленгі-Хадакоўскага, М.Чарноўскай і інш. Бел. матэрыялы і ў кн. «Гульні і забавы розных саслоўяў ва ўсім краі або ў некаторых толькі правінцыях» (1831). Упершыню ў этнагр. л-ры апісаў абрад «Куста» на Палессі, апублікаваў забаўлянку «Сарока-варона», дажынкавую песню, легенды пра папараць-кветку, ноты бел. купальскай і русальнай песень. З працы Чарноўскай запазычыў апісанні святкавання купалля і русалак. Апісваў побыт, нар. абрады, звычаі, святы, фальклор палякаў, беларусаў, украінцаў, рускіх. Аўтар прац «Гісторыя Польшчы» (т. 1—3, 1846—48), «Кабінет польскіх медалёў з часу панавання Станіслава Аўгуста» (1843; змешчана ў кн. Э.Рачынскага «Кабінет польскіх медалёў»), «Гісторыя польскай ваеннай справы» і інш. (многія ў рукапісах).

Літ.:

Васілевіч У.А. [Лукаш Галамбёўскі] // Каханоўскі Г.А., Малаш Л.А., Цвірка К.А. Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму. Мн., 1989. С. 61—64.

І.У.Саламевіч.

т. 4, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЬ Уладзімір Іванавіч

(22.11.1801, г. Луганск, Украіна — 4.10.1872),

рускі лексікограф, этнограф, пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН. Скончыў мед. ф-т Дэрпцкага ун-та (Тарту, 1829), быў ваен. урачом. Даследаваў мову і побыт рус. народа. Аўтар прац «Пра гаворкі рускай мовы» (1852), «Прыказкі рускага народа» (1861—62, частку працы Д. бел. фалькларыст І.І.Насовіч змясціў у сваім «Зборніку беларускіх прыказак», 1867), «Тлумачальны слоўнік жывой велікарускай мовы» (т. 1—4, 1863—66; больш за 200 тыс. слоў і 30 тыс. прыказак і прымавак; за яго атрымаў званне ганаровага акадэміка Пецярб. АН). У слоўніку шмат бел. нар. лексікі. Складаў слоўнікі бел. і ўкр. моў. Апрацоўваў казкі («Рускія казкі», 1832, «Быліцы і небыліцы», кн. 1—4, 1833—39), пісаў этнагр. нарысы («Падалянка», «Цыганка», «Балгарка», «Уральскі казак» і інш.), апавяданні і аповесці ў духу рус. натуральнай школы (пад псеўд. Казак Луганскі).

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—10;

СПб., М., 1897—98;

Толковый словарь живого великорусского языка. Т. 1—4. М., 1955;

Пословицы русского народа. М., 1957;

Повести. Рассказы. Очерки. Сказки. М.; Л., 1961.

Літ.:

Канкава М.В. Даль как лексикограф. Тбилиси, 1958;

Бессараб М.Я. Владимир Даль. 2 изд. М., 1972;

Булатов М.А, Порудоминский В.И. Собирал человек слова... М., 1969;

Порудоминский В.И. Даль. М., 1971;

Яго ж. Повесть о «Толковом словаре». М., 1981.

І.У.Саламевіч.

У.І.Даль. Партрэт мастака В.Пярова. 1872.

т. 6, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)