ЗЛАЧЫ́НСТВЫ У СФЕ́РЫ ПРАДПРЫМА́ЛЬНІЦТВА І І́НШАЙ ГАСПАДА́РЧАЙ ДЗЕЙНАСЦІ,
злачынствы, якія парушаюць правільнае функцыянаванне нар. гаспадаркі, прадпрымальніцтва, сферы гандлю, аказання паслуг, выкарыстання прыродных рэсурсаў і інш.
Паводле КК Рэспублікі Беларусь да гэтых злачынстваў адносяцца: перадача або адпраўка спажыўцу недабраякаснай, некамплектнай або нестандартнай прадукцыі; рэалізацыя прадукцыі, забруджанай радыенуклідамі больш за дапушчальныя ўзроўні; ілжэпрадпрымальніцтва; выманьванне крэдыту або датацый; ілжывае банкруцтва; злоснае банкруцтва; спекуляцыя; парушэнне парадку ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці; парушэнне антыманапольнага заканадаўства; нядобрасумленная канкурэнцыя; незаконнае карыстанне таварнымі знакамі; дыскрэдытацыя ці незаконнае выкарыстанне дзелавой рэпутацыі канкурэнта; распаўсюджванне лжывай інфармацыі аб прадукцыі; зрыў публічных таргоў; камерцыйны подкуп; падман пакупнікоў і заказчыкаў; выпуск у продаж недабраякасных тавараў; выраб, захоўванне з мэтай продажу або продаж моцных спіртных напіткаў хатняй выпрацоўкі; парушэнне правіл гандлю; парушэнне ветэрынарных правіл; занятак забароненымі відамі прадпрымальніцкай дзейнасці; утойванне ці заніжэнне прыбытку і даходаў; браканьерства і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПЕНСА́ЦЫЯ (ад лац. compensatio ураўнаважванне, замена) у біялогіі, 1) рэакцыя арганізма на парушэнне яго жыццядзейнасці, пры якой здаровыя органы і сістэмы бяруць на сябе функцыю пашкоджаных структур. Напр., замяшчальная гіперфункцыя здаровай ныркі пасля выдалення ці выключэння хворай — вырашальны фактар выдзялення прадуктаў абмену з арганізма; кампенсатарная гіперфункцыя сэрца пры яго пароках ці пры гіпертаніі забяспечвае нармальнае паступленне крыві да тканак. Працяглая замяшчальная гіперфункцыя суправаджаецца гіпертрафіяй органа, які працуе інтэнсіўна, і можа выклікаць яго знясіленне. К. функцый — адзін з механізмаў гамеастазу.
2) Аднаўленне нармальнага развіцця арганізма пасля яго парушэння на адной з папярэдніх стадый. Напр., пры недастатковым харчаванні маладых лічынак насякомых зніжаецца іх рост, што можа кампенсавацца ўзмоцненым харчаваннем і паскарэннем росту на наступных стадыях іх развіцця. К. наз. таксама працэсы ў філагенезе, звязаныя з функцыян. замяшчэннем аднаго органа (яго часткі) інш. органам (яго часткай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́БКА ПЕРАДА́Ч, каробка скарасцей,
механізм, з дапамогай якога рэгулююць частату вярчэння выхаднога вала ў сілавых перадачах трансп. машын, станкоў і інш. Размяшчаецца ў асобным корпусе (каробцы) ці ў агульным з інш. механізмамі. Бывае бесступеньчатая (варыятар), ступеньчатая (мае зубчастыя перадачы) і камбінаваная. Канструкцыя залежыць ад прызначэння К.п., спосабу пераключэння перадач і тэхн. характарыстык машыны ці станка. К.п., прызначаная для змены падачы (перамяшчэння інструменту адносна апрацаванай загатоўкі) у металарэзных, дрэваапрацоўчых і каменярэзных станках, наз. каробкай падач.
В.А.Сяргеенка.
Схема трохступеньчатай каробкі перадач: 1 — вядучы вал; 2 — вядучая шасцярня пастаяннага зачаплення; 3 — кулачковая муфта; 4 — шасцярня 2-й перадачы; 5 — шасцярня 1-й перадачы і задняга ходу; 6 — выхадны вал; 7 — прамежкавая шасцярня задняга ходу; 8, 9, 10 — вядучыя шасцерні задняга ходу, 1-й і 2-й перадач; 11 — прамежкавы вал; 12 — выхадная шасцярня пастаяннага зачаплення.
мембрана, што аддзяляе цытаплазму клеткі ад навакольнага асяроддзя ці ад абалонкі клеткі (у раслінных клетках); арганоід клеткі. Адыгрывае важную ролю ў абмене рэчываў паміж клеткай і навакольным асяроддзем, пры рухомасці і счапленні клетак паміж сабой. Мае станоўчы зарад звонку, рознасць патэнцыялаў 20—100 мВ, таўшчыня — 7—10 нм (пра будову К.м. гл. ў арт.Біялагічныя мембраны). Паўпранікальная: праз яе свабодна праходзіць вада, скорасць дыфузіі інш. рэчываў прама прапарцыянальная іх растваральнасці ў ліпідах і адваротна прапарцыянальная іх малекулярнай масе. Для высокамалекулярных рэчываў амаль непранікальная (пра перанос праз К.м. гл. ў арт.Транспарт рэчываў). Знутры К.м. знаходзіцца слой скарачальных мікрафіламентаў, які забяспечвае змену яе формы (напр., пінацытозціфагацытоз, розныя тыпы міжклетачных кантактаў і інш.). У спецыялізаваных клетак мае дадатковыя функцыі (напр., К.м. нейрона здольная да адваротнай дэпалярызацыі пры правядзенні імпульсу нервовага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАСЦЯБЛО́ВЫЯ ІМХІ́, сапраўдныя імхі (Bryopsida, або Musci),
клас мохападобных. 3 падкл.: андрэевыя імхі, брыевыя імхі і сфагнавыя імхі. Каля 15 тыс. відаў (паводле інш. звестак да 25 тыс.). На Беларусі каля 315 відаў. Пашыраны ўсюды, асн. дамінанты ніжняга яруса балотных, лясных, лугавых фітацэнозаў, першасныя глеба і торфаўтваральнікі. Ствараюць суцэльнае мохавае покрыва.
Шматгадовыя, радзей аднагадовыя расліны з радыяльна або двухбакова аблісцелым сцяблом (даўж. 1 мм — 60 см), прымацаваныя да субстрату рызоідамі (акрамя сфагнавых). Лісце сядзячае, суцэльнае, рознае па анат. будове. Размнажэнне вегетатыўнае, палавое і бясполае. Спарагоны на ножках, верхавінкавыя ці бакавыя. Каробачка ад цыліндрычнай да грушападобнай, прамастойная ці гарызантальная, з каўпачком. Споры аднаклетачныя. Маюць водаахоўнае значэнне ў жыцці лесу; часам спрыяюць забалочванню мясцовасці, значна ўплываюць на агульную забяспечанасць сушы вільгаццю.
Літ.:
Жизнь растений. Т. 4. Мхи. Плауны, хвощи, папоротники, голосеменные растения. М., 1978;
Водоросли, лишайники и мохообразные СССР. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУСКАЎНІ́ЦА (Pholiota),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. страфарыевых. Каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных шыротах, некат. ў тропіках і субтропіках. На Беларусі каля 10 відаў. Найб. вядомыя Л.: вуглялюбная, або агнёўка вуглялюбная (P. carbonaria), звычайная (P. squarrosa), вогненная (P. flammans), залацістая (P. aurivella). Агульная нар. назва іх — воўчы грыб. Паўпаразіты, актыўна разбураюць драўніну, трапляюцца на ствалах мёртвых і жывых дрэў, ламаччы і інш. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп.—верасні.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. да 12 см, ад паўшарападобнай да распасцёртай, з лускавінкамі або голая, клейкая ці сухая. Агульнае пакрывала рана знікае. Пласцінкі зыходныя па ножцы або прырослыя. Ножка з лускавінкамі, з кольцам ці без яго. Мякаць мяккая, бураватая, у некат. горкая, мае слабы пах рэдзькі. Споры гладкія, пераважна ржава-жоўтыя. Грыбы неядавітыя, ёсць ядомыя, але не спажываюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮМІНЕСЦЭ́НТНЫ АНА́ЛІЗ,
сукупнасць якасных і колькасных метадаў аналізу, заснаваных на назіранні люмінесцэнцыі. Пры гэтым рэгіструюць уласнае свячэнне атамаў або малекул, якія ўваходзяць у аб’ект, што даследуецца, або свячэнне спецыяльна ўведзенага люмінафору. Рэчыва ўзбуджаюць найчасцей ультрафіялетавым святлом і наглядаюць люмінесцэнцыю візуальна ці з дапамогай фатометраў.
Хімічны Л.а. заснаваны на характарыстычнасці свячэння кожнага рэчыва. Ім карыстаюцца для ідэнтыфікацыі рэчываў, вызначэння структуры малекул, кантролю чыстаты хім. прадукцыі, вызначэння канцэнтрацыі рэчываў і інш. Сартавы Л.а. дае магчымасць сартаваць шкло. насенне, раздзяляць разнародныя часцінкі, вызначаць шляхі перамяшчэння вадкасці (падземнае цячэнне, кровазварот), нябачныя надпісы, сляды бясколерных рэчываў (пры экспертызе). Люмінесцэнтныя мікраскапія і дэфектаскапія заснаваны на люмінесцэнцыі мікрачасцінак (пераважна біялагічных) у спец. мікраскопах і свячэнні люмінафораў у мікрарасколінах дэталей ці люмінафораў, якія прасачыліся праз парушэнні герметычнасці.
Літ.:
Люминесцентный анализ. М., 1961;
Божевольнов Е.А. Люминесцентный анализ неорганических веществ. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАМАЛЕ́КУЛА (ад макра... + малекула),
малекула палімера. Складаецца з аднолькавых або розных структурных адзінак — састаўных звёнаў (атамаў ці груп атамаў), злучаных паміж сабой кавалентнымі сувязямі ў ланцуг, які характарызуецца колькасцю звёнаў (ступенню полімерызацыі) ці адноснай малекулярнай масай (гл. таксама Высокамалекулярныя злучэнні).
Асн. стэрэахім. характарыстыкай М. з’яўляецца канфігурацыя. Пэўнай канфігурацыі М. адпавядае набор канфармацый, што ўзнікаюць з-за мікраброўнаўскага цеплавога руху ў выніку абмежаванага вярчэння атамаў (груп атамаў) адносна простых валентных сувязей. Ступень свабоды гэтага вярчэння вызначае гібкасць М. — адну з асн. характарыстык, з якой звязаны каўчукападобная эластычнасць, здольнасць палімераў да ўтварэння надмалекулярных структур, многія фіз. і хім. ўласцівасці палімераў. Лінейныя М. складанай будовы здольныя да ўтварэння другасных структур (упарадкаваны стан М., які ўзнікае ў выніку спецыфічных між- і ўнутрымалекулярных узаемадзеянняў), якія дасягаюць высокай ступені дасканаласці і спецыфічнасці ў М. важнейшых біяпалімераў — бялкоў і нуклеінавых кіслот.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРГАРЫ́Н (франц. margarine),
штучна прыгатаваны цвёрды харч. тлушч. Па знешнім выглядзе, каларыйнасці, засваяльнасці арганізмам блізкі да сметанковага масла.
Атрымліваюць эмульгаваннем сумесі саламасу (гідрагенізаваны алей, рыбін тлушч; гл.Гідрагенізацыя), жывёльных тлушчаў, какосавага і інш.алеяў з вадой, малаком (цалкам ці часткова сквашаным), смакавымі і пахучымі дабаўкамі, фарбавальнікамі. Вырабляюць М. малочны і кулінарны, ці безмалочны. Малочны М. (сметанковы, сталовы, экстра і інш.), які мае 82—84% тлушчу, спажываюць у ежу, а таксама выкарыстоўваюць у кулінарыі ў асн. для выпечкі (перашкаджае чарсцвенню мучных вырабаў). Кулінарны М. паводле паходжання зыходнай сыравіны падзяляюць на раслінны (напр., гідратлушч) і камбінаваны (найб. пашыраны маргагуселін — сумесь 70% гідратлушчу, 20% свінога шмальцу, 10% алею, араматызаваная алейнай выцяжкай цыбулі). Выкарыстоўваюць для смажання, тушэння, прыгатавання фрыцюру, выпечкі кандытарскіх вырабаў.
На Беларусі асн. вытворцы М. — Мінскі маргарынавы завод і Гомельскі тлушчавы камбінат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ДЫЯ,
гістарычная вобласць, пазней дзяржава ў паўн.-зах. абласцях Іранскага нагор’я. Летапісныя звесткі пра мідыйцаў адносяцца да 2-й пал. 9 ст. да н.э., калі яны вялі ўпартую барацьбу з Асірыяй, якая захапіла частку іх зямель. З 770 да н.э. царства са сталіцай у г. Экбатана. У часы праўлення Кіяксара [625 ці 624—584 да н.э.] — найвялікшая дзяржава Стараж. Усходу. Заваявала Мінейскае царства, у саюзе з Вавілоніяй разграміла Асірыйскую дзяржаву, падпарадкавала Урарту і інш. землі. У М. вялася шырокая здабыча меднай руды (слова «Медзь» у слав. мовах паходзіць ад назвы гэтай краіны). У 550 ці 549 да н.э. заваявана персамі, у якасці сатрапіі ўвайшла ў склад Ахеменідаў дзяржавы. У апошняй чвэрці 4 ст. да н.э. самастойнасць М. была адноўлена, але яна займала толькі частку б. тэрыторыі ў паўд. Азербайджане і называлася Малой М. (Мідыйскай Антрапатэнай).