мастацкая школа ў архітэктуры і жывапісе Паўн. Італіі (назва ад гіст. вобласці Ламбардыя) у 8—15 ст. У архітэктуры склалася на працягу 8—10 ст. Адыграла вырашальную ролю ў фарміраванні т.зв. першага раманскага стылю ў Італіі. Узор яе царк. архітэктуры — 3-нефавая базіліка са слаба выражаным трансептам, крыптай і кампанілай. У інтэр’еры строгае рытмічнае чляненне, падкрэсленае сістэмай скляпеністых перакрыццяў, тэктанічны ўзор вонкавых сцен з лапатак, аркатурных фрызаў і аркадных, т. зв. карлікавых галерэй (цэрквы Сант-Амброджа ў Мілане, асн.буд-ва ў 11—12 ст.; Сан-Дзена Маджорэ ў Вероне, 12 ст.). У росквіце было мастацтва разьбы на камені (майстры Нікалао, Бенедэта Антэламі і інш.). Готыка тут атрымала падкрэслена статычную інтэрпрэтацыю, набыла дэкар. характар (Міланскі сабор, пачаты ў 1386). Пабудовы эпохі Адраджэння (арх. А. Філарэтэ, Г. Салары, Дж. А. Амадэо) адметныя багаццем дэкар. уставак, якія падкрэсліваюць роўнядзь сцяны, наватарскімі па будове ўнутр. прасторы арх. кампазіцыямі (творчасць Д.Брамантэў).
Жывапіс у ламбардскага трэчэнта і ранняга кватрачэнта ўласцівы крохкая вытанчанасць форм, паэтычнасць. Ён развіваўся ў рэчышчы т. зв.інтэрнац. готыкі (мініяцюры ў рукапісных «гербарыях» і «лячэбніках», анімалістычныя малюнкі Дж. дэ Грасі). Значная роля ў развіцці жывапісу кватрачэнта належыць Пізанела. У 2-йпал. 15 ст. ўзмацніліся ўплывы фларэнтыйскага мастацтва і творчасці А.Мантэньі. У творах майстроў гэтага часу пераважалі пластычная яснасць кампазіцыі, змякчаны каларыт, святлоценявая мадэліроўка (В.Фопа, Іль Берганьёне, Браманціна, Брамантэ). У эпоху Высокага Адраджэння асноватворным стаў уплыў мастацтва Леанарда да Вінчы і яго школы. У 2-йпал. 16 ст. ўтварылася асобная брэшыянская школа, у якой спалучыліся традыцыі Л.ш. і венецыянскай школы жывапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́МУС (ад ням. Lehmhaus),
старадаўні тып гасп. пабудовы для захоўвання харч. прадуктаў, збожжа, адзення, каштоўнай маёмасці, прылад працы, а таксама для жылля ўлетку. Быў пашыраны ў Літве, Польшчы, некаторых раёнах Украіны. На Беларусі вядомы ў 2-йпал. 16 — 1-йпал. 20 ст. Будавалі з дрэва, цэглы, каменю або ў тэхніцы «прускага муру». Пад Л. рабілі паграбы. Л. былі 1—3-павярховыя (у ніжнім паверсе гасп. памяшканні, у верхніх — жылыя), прамавугольныя або квадратныя ў плане, завершаныя 2-схільнымі вальмавымі, шатровымі ці ламанымі дахамі. Сцены часам звонку атынкоўвалі.
Паводле кампазіцыі Л. падзяляліся на цэнтрычныя і франтальныя. Цэнтрычныя мелі квадратны ці шматвугольны (звычайна 8-гранны) план. 2-і і 3-і паверхі з балюстраднымі галерэямі па перыметры, якія кансольна навісалі над ніжнім паверхам або апіраліся на мураваныя ці драўляныя слупы (в.Вял. Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., Нова-Ясневічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.). Л. франтальнай кампазіцыі былі звычайна 2-павярховыя, мелі ў плане форму выцягнутага прамавугольніка (радзей квадрата), з галерэямі на гал. фасадзе (Гродзенскі лямус) або па перыметры ўсяго будынка. У некаторых замках 18 ст. (г. Камянец Брэсцкай вобл.) Л. размяшчалі над брамамі. У канцы 18—19 ст. пад уплывам стыляў класіцызму і ампір Л. набылі манум. выгляд: цэнтр гал. фасада вылучаўся прамавугольным парталам з калонамі дарычнага ці тасканскага ордэра, ашаляваныя звонку сцены былі ўпрыгожаны фрызамі з трыгліфамі і метопамі, над будынкам узвышаўся бельведэр (в. Дунілавічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.).
Ю.А.Якімовіч.
Лямус у вёсцы Вялікае Мажэйкава Шчучынскага раёна Гродзенскай вобл. 1970-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ МЫШ,
вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Мышанка, на аўтадарозе Мінск—Брэст. Цэнтр сельсавета. За 7 км на З ад г. Баранавічы, 212 км ад Брэста. 1669 ж., 691 двор (2000). Баранавіцкі філіял Брэсцкага дзяржплемпрадпрыемства, філіял Баранавіцкай ф-кі дзіцячых цацак «Брыг». ПТВ механізацыі сельскай гаспадаркі, пач. і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання. аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: Навамышскі Праабражэнскі касцёл, Праабражэнская царква (1859).
Вядома з 1-йпал. 15 ст. як сяло Мыш у Навагрудскім пав. У 1563 Жыгімонт ІІ Аўгуст перадаў сяло за ваен. заслугі Я.Хадкевічу. У дакументах 1566 згадваецца як мястэчка. У 16—17 ст. тут існаваў замак, у 17 ст. — касцёл, школа. У 2-й чвэрці 17—18 ст. належала Сяняўскім, Юдзіцкім, Масальскім, Несялоўскім. У пач. 18 ст. Масальскія заснавалі тут шкляную гуту. У 1725 у Н.М. больш за 100 двароў, школа, шпіталь. касцёл, царква, млын, карчма. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Слонімскай, з 1797 Літоўскай, з 1801 Гродзенскай губ. У 1886—1031 ж., 162 двары, школы. у т. л. 3 яўр. школы, цагельня, піваварня, вятрак, паравы млын, 21 крама, царква, касцёл. У 1921—39 у складзе Польшчы. цэнтр гміны Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр Навамышскага раёна Баранавіцкай вобл. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў Н.М. і раёне 1803 чал. З 1954 у Брэсцкай вобл. З 1957 цэнтр сельсавета Баранавіцкага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ НІ́ЖНІ ЗА́МАК, Стралецкі замак. Пабудаваны паводле загаду цара Івана IV Грознага пасля ўзяцця Полацкарус. войскамі ў 1563, прымыкаў да Полацкага Верхняга замка.
Пл. 6 га. З У і ПдЗ быў абгароджаны валам (вал Івана IV Грознага) даўж. каля 600 м, выш. да 10 м, шыр. у аснове да 30 м. Першыя звесткі пра замак і вал сустракаюцца ў пісьмовых крыніцах 2-йпал. 16 ст., калі пад кіраўніцтвам баярына П.І.Шуйскага ваяводы П.Зайцаў і Б.Шчокін значна ўмацавалі Полацк. У гэты час і насыпаны вал. Пры яго буд-ве быў выкарыстаны грунт аб’ёмам каля 230 тыс.м³. Частка грунту была ўзята з месца, дзе капалася новае рэчышча р. Палата (паміж стараж. полацкімі гарадзішчам і селішчам). Паводле плана 1579 С.Пахалавіцкага, на вале было 8 вежаў. У цэнтры замка стаяла вежа-данжон. У сярэдзіне —2-йпал. 17 ст. вежы і сцены замка заменены «тынам стаячым». З канца 16 ст. замак перастаў адыгрываць фартыфікацыйную ролю, у 1579 войскі С.Баторыя штурмавалі полацкія ўмацаванні з боку Верхняга замка. У пач. 17 ст.тэр. Ніжняга замка ўключана ў Полацкі Вялікі пасад. Археал. даследаванні П.Н.з. праводзілі Л.Д.Побаль (1959), Г.В.Штыхаў (1962, 1964), С.В.Тарасаў (1986, 1989, 1990). У 1984 на тэр. замка знойдзены скарб стараж. залатых рэчаў (гл.Полацкія скарбы).
Літ.:
Дэйніс І.П. Ніжні замак у Полацку // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1983. №2;
гл. таксама пры арт.Полацкі Верхні замак.
С.В.Тарасаў.
Да арт.Полацкі Ніжні замак. Полацкія замкі. З гравюры 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САТУ́РН,
планета Сонечнай сістэмы, шостая па парадку ад Сонца і другая па памерах і масе. Астр. знак . Адносіцца да класа планет-гігантаў.
Сярэдняя адлегласць ад Сонца 1.43 млрд.км (эксцэнтрысітэт арбіты 0,056). Перыяд абарачэння вакол Сонца 29,46 зямнога года. Экватарыяльны дыяметр 120 536 км; з прычыны хуткага вярчэння вакол восі (перыяд каля 10,53 гадз) С. значна сплюснуты — палярны радыус меншы за экватарыяльны прыблізна на 6500 км. Маса 5,68∙1026кг. Сярэдняя шчыльнасць — самая малая з усіх планет, 700 кг/м³ (прыблізна ўдвая менш за шчыльнасць Сонца). З Зямлі С. выглядае як жаўтаватая зорка, бляск якой мяняецца ад 0-й да 1-й візуальнай зорнай велічыні. С. з’яўляецца газавадкім целам у стане гідрастатычнай раўнавагі і не мае цвёрдай паверхні. Вонкавая газавая абалонка вадародна-геліевая, за ёй знаходзіцца абалонка ў асноўным з вадкага вадароду, потым — з металічнага вадароду. С. мае ўнутр. крыніцы энергіі і выпрамяняе ў 2,5 разу больш энергіі, чым атрымлівае ад Сонца; т-ра ў нетрах 12000 К. На С. назіраюцца воблакі, т-ра іх верхняй часткі каля -175 °C. Вось магн. поля амаль супадае з воссю вярчэння планеты. Напружанасць магн. поля на экватары роўная 0,7 зямной, унутр.магн. поле значна большае за зямное з-за вял. памераў. У сістэму С. ўваходзяць кольцы Сатурна і 18 спадарожнікаў (гл. Спадарожнікі планет); выяўлены радыяцыйныя паясы. Большасць звестак пра С. атрымана пры дапамозе аўтам. міжпланетных станцый «Піянер» і «Вояджэр».
Літ.:
Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́НІМСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НАК,
помнік архітэктуры барока і ракако ў г. Слонім Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 2-йпал. 17—2-йпал. 18 ст. з цэглы на б. Рыначнай пл. Пашкоджаны пажарам у 1790, адноўлены ў 1793. Комплекс быў абнесены магутнай мураванай сцяной з барочнай уязной брамай (не захавалася).
Кляштар засн. К.Юдзіцкай-Салятыцкай, А.Юдзіцкім, пры ўдзеле братоў З. і К. Працлаўскіх. З 1696 пры кляштары існавала брацтва св. Міхаіла. У 1830 сюды пераведзены бернардзінкі з Брэста. Пасля 1905 кляштар перададзены манашкам ордэна Бязгрэшнага Зачацця Дзевы Марыі (непакалянкам).
Касцёл пабудаваны ў 1664—70 ці 1670—96 на месцы драўлянага храма, які згарэў у 1656. 1-нефавы прамавугольны ў плане будынак з паўкруглай апсідай з рознавял. сакрысціямі і 3-яруснай чацверыковай вежай-званіцай пры ўваходзе. Верхні ярус вежы-званіцы дэкарыраваны здвоенымі лапаткамі, арачнымі нішамі, завершаны 4-схільным пакатым дахам. Сцены будынка расчлянёны масіўнымі слупамі-пілястрамі, капітэлі якіх дэкарыраваны стылізаваным расл. арнаментам. Інтэр’ер у 1751—64 упрыгожаны гал. 2-ярусным і 4 бакавымі алтарамі, амбонам, спавядальняй у стылі ракако (стукавыя арнаменты і скульптура выкананы майстрам І.Гедэлем паводле малюнкаў І.К.Глаўбіца); вылучалася барочная печ сакрысціі, абліцаваная зялёнай кафляй (17 ст., у 1970 знішчана). У 1764 да касцёла прыбудаваны 2-павярховы будынак жылога корпуса з замкнёным прамавугольным дваром (арх. І.Авадовіч). Фасады корпуса рытмічна расчлянёны пілястрамі, дэкарыраваны прафіляваным карнізам і поясам. Паўд.-зах. вугал будынка вылучаны рызалітам, умацаваным магутнымі контрфорсамі.
А.М.Кулагін, А.А.Ярашэвіч.
Слонімскі касцёл і кляштар бернардзінак. Выгляд касцёла з боку апсіды.Слонімскі касцёл і кляштар бернардзінак. Галоўны алтар касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТО́ЛІНСКАЯ СЯДЗІ́БА «МА́НЬКАВІЧЫ».
Існавала ў 18—1-йпал. 20 ст. ў б. сядзібе Радзівілаў у в. Манькавічы (цяпер у Столінскім р-не Брэсцкай вобл.). У пач. 18 ст. сядзібны комплекс уключаў жылыя дамы — 2 панскія (стары і новы), некалькі для прыслугі каля ўязной брамы, гасп. пабудовы і сад. У 2-йпал. 18 ст. пастаўлены дом аканома, гасп. пабудовы. У 1780-я г. ўзведзены драўляны палац, перабудаваны ў канцы 19 ст. паводле праекта арх. Вентцэля ў стылі несапраўднай готыкі. Прамавугольны ў плане будынак пад гонтавым дахам. У пач. 19 ст. каля палаца пабудавалі драўляны флігель пад гонтавым дахам, дом для прыслугі, кухню, конна-валовы млын, 3 гумны з прыбудаванымі ў тарцах свірнамі, саладоўню і інш. Пры ўездзе ў сядзібу пастаўлена манум. брама — 1-павярховы з мансардамі і цокалем прамавугольны ў плане будынак, накрыты складаным дахам. Дамінантай кампазіцыі была гранёная вежа, завершаная купалам з барабанам і шатром над ім. У 1885 вакол палаца, які стаяў на насыпной тэрасе, закладзены парк пейзажнага тыпу пл. 50 га (цяпер 27,9 га). Фарміраваўся ён пры садзейнічанні Марыі Радзівіл, пра што сведчыць надпіс на закладным камені (устаноўлены на ўзлеску цэнтр. паляны). Тэраса абмежавана земляным валам выш. да 1,5 м з кветнікамі і дэкар. кустамі. Астатняя ч. на раўнінным рэльефе. Пры ўездзе ў парк з боку Століна пабудаваны павільён і каваныя вароты. У Вял.Айч. вайну палац згарэў, дрэвы парку моцна пашкоджаны, вывезены вароты. Расце больш за 35 відаў дрэў і кустоў, ёсць вадаём з фантанам і лебедзямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЭЦЭ́СІЯ (лац. secessio ад secedo адыходжу),
1) у Стараж. Рыме форма барацьбы плебеяў супраць патрыцыяў за свае правы. Плебеі дэманстратыўна пакідалі рым. абшчыну і адыходзілі па-за межы горада (на Свяшчэнную гару ці Авенцінскі ўзгорак), які заставаўся фактычна без ваен. абароны, бо плебеі складалі асн. масу рым. арміі. Гэта прымушала патрыцыяў ісці на ўступкі. У выніку 1 -й С. (494 да н.э.) уведзена пасада нар. (плебейскага) трыбуна, у выніку 2-й С. (449 да н.э.) — далейшыя ўступкі патрыцыяў і фіксацыя Законаў 12 табліц.
2) У Зах. Беларусі — фракцыя ў ЦККПЗБ. Арганізацыйна аформілася восенню 1924 і адкрыта заявіла пра свае погляды на Другой канферэнцыі КПЗБ. Арганізатар і кіраўнік С. — М.І.Гурын-Маразоўскі, да яго далучыліся А.Тамашэўскі, Л.І.Родзевіч, А.Р.Капуцкі і інш. С. ставіла бел.нац. інтарэсы вышэй за класавыя. Выступала супраць падпарадкавання КПЗБ Кампартыі Польшчы, супраць лініі КПЗБ на паліт. і арганізац. размежаванне на левых і правых у бел.нац. фракцыі сойма. Лічыла мэтазгодным узняць у 1925 узбр.сял. паўстанне пад лозунгам далучэння Зах. Беларусі да БССР, нягледзячы на яго поўную бесперспектыўнасць. Свае патрабаванні выклала ў «Камунікаце». С. асуджана кіраўніцтвам КПЗБ, КПП і Камінтэрна, ініцыятары і кіраўнікі С. выключаны з партыі. Частка яе прыхільнікаў прызнала свае памылкі і была адноўлена ў КПЗБ (Родзевіч, Капуцкі і інш.). Выступленне С. з’явілася штуршком да перагляду далейшай тактычнай лініі КПЗБ, выпрацоўкі новага канцэптуальнага падыходу да развіцця нац.вызв. руху ў краі.
Літ.:
Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ: Воспоминания. Мн., 1983;
Ладысеў У. Цяжкі шлях выпрабаванняў // Бел.гіст. часол. 1994. №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯРЭДНЕДНЯПРО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён бронзавага веку, якія ў 2-йпал. 3-га — 1-йпал. 2-га тыс. да н. э. насялялі Верхняе і Сярэдняе Падняпроўе, у т. л.тэр. сучасных Гомельскай, Магілёўскай, часткова Мінскай і Віцебскай абл. Вылучаюць ранні (26—24 ст. да н.э.), сярэдні (23—18 ст. да н.э.) і позні (18—15 ст. да н.э.) этапы. На тэр. Беларусі С.к. пашырылася на сярэднім і познім этапах. Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля, дадатковыя — рыбалоўства, паляванне і збіральніцтва.
Паселішчы размяшчаліся на пясчаных дзюнах, узвышэннях поймы, на краях тэрас і на ўчастках карэннага берага. Жытлы наземныя слупавой канструкцыі і паўзямлянкі, унутры мелі агнішчы. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным стане на баку ў авальных або прамавугольных ямах і трупаспаленне на курганных могільніках. Насельніцтва С.к. вырабляла гаршкі, кубкі, слоікі, чашы з шара- і яйцападобным тулавам, слоікападобныя пласкадонныя пасудзіны і інш. У глінянае цеста дамешвалі пясок, шамот і дробны кварц. Верхняя частка посуду звычайна ўпрыгожвалася адбіткамі шнура, лінейнага і зубчастага штампа, наразнымі лініямі, уцісканнямі, зашчыпамі і інш. элементамі, якія ўтваралі гарыз. і дыяганальныя рады арнаментаў, трохвугольныя кампазіцыі. Плямёны С.к. карысталіся крамянёвымі і касцянымі прыладамі працы (сякеры, скрабкі, скоблі, нажы, сярпы, цёслы і інш.), меднымі і бронзавымі ўпрыгожаннямі (дыядэмы, шыйныя грыўні, бранзалеты, трубчастыя пранізкі, скроневыя кольцы, бурштынавыя падвескі). Найб. вядомыя помнікі С.к. на Беларусі Ксяндзова Гара, Струмень, Рудня-Шлягіна, Сябровічы, Ходасавічы.
Літ.:
Археалогія Беларусі. Т. 1. Мн., 1997.
А.Г.Калечыц.
Да арт.Сярэднедняпроўская культура: посуд 2-га (верхнія 3 рады) і 3-га этапаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕ́ДЗІН Канстанцін Аляксандравіч (24.2.1892, г. Саратаў, Расія — 15.7.1977),
рускі пісьменнік. Акад.АНСССР (1958). Герой Сац. Працы (1967). Чл.-кар. Германскай АМ (1958). Скончыў Маскоўскі камерцыйны ін-т (1914). З 1959 1-ы сакратар, з 1971 старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў СССР. Друкаваўся з 1913. Раманы «Гарады і гады» (1924) і «Браты» (1927—28) пра творчую інтэлігенцыю, «Выкраданне Еўропы» (кн. 1—2, 1933—35) і «Санаторый «Арктур» (1940) пра Зах. Еўропу напярэдадні 2-йсусв. вайны. У трылогіі — раманы «Першыя радасці» (1945), «Незвычайнае лета» (1947—48, Дзярж. прэмія СССР 1949), «Касцёр» (кн. 1 «Уварванне», 1961, кн. 2 «Час прыйшоў», 1965—67) — праблемы рэв. пераўтварэння жыцця і нараджэння рэв. мастацтва. Аўтар кніг «Пісьменнік, мастацтва, час» (1957), «Горкі сярод нас» (1968). Удзельнік 3-га пленума праўлення Саюза сав. пісьменнікаў СССР (1936) у Мінску. У сваіх дакладах звяртаўся да бел. л-ры. Паводле яго слоў, задума напісаць раман пра мастацтва і актрысу (пазней выявілася ў трылогіі) узнікла ў 1936 у Мінску (арт. «З нагоды дылогіі», 1949). У 1-й частцы рамана «Касцёр» узноўлены падзеі першых дзён Вял.Айч. вайны ў Брэсце, Жабінцы і інш. мясцінах Беларусі. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі У.Дамашэвіч, Я.Скрыган і А.Шарахоўская.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—10. М., 1969—73;
Собр. соч.Т. 1-42. М., 1982—86;
Бел.пер. — Сустрэча з мінулым. Мн., 1978.
Літ.:
Кузнецов М.М. Романы Константина Федина. 2 изд. М., 1980;
Воспоминания о Константине Федине: Сб. М., 1988;
Левинсон З.И. Романы Константина Федина. Тула, 1988;
Старков А.Н. Трилогия Константина Федина. М., 1989.