А́ЎГІЕВЫ СТА́ЙНІ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі вялікія і вельмі забруджаныя стайні цара Эліды Аўгія. Геракл ачысціў Аўгіевы стайні за адзін дзень, пусціўшы ў іх ваду рэк Алфея і Пенея, і гэтым здзейсніў адзін з 12 сваіх подзвігаў. У пераносным сэнсе Аўгіевы стайні — вельмі бруднае месца ці запушчаная работа.

т. 2, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ХМІСТР, ахмістрыня,

адміністрацыйная пасада ў гаспадарках магнатаў і шляхты ў сярэдневяковай Польшчы і ВКЛ; кіраўнік панскага двара. Кіраваў гаспадаркай маёнтка: вёў кантроль за сяўбой, зборам і захаваннем ураджаю, доглядам жывёлы, аховай панскага лесу, межаў маёнтка, спагнаннем павіннасцяў. З сярэдзіны 15 ст. назва паступова выцеснена тэрмінам аканом.

т. 2, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВЕ́ЖСКІ,

пасёлак у Беларусі, у Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 25 км на З ад Камянца, 50 км ад Брэста, 9 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск. 2200 ж., 628 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, лазнева-пральны камбінат, аддз. сувязі.

т. 2, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРМАМЫ́Т,

плато на паўн. схіле Вял. Каўказа, за 35 км на ПдЗ ад г. Кіславодск, у Расійскай Федэрацыі. Асноўнае плато Вялікі Бермамыт выш. да 2591 м. Малы Бермамыт выш. да 2643 м. Належыць да сістэмы куэсты Скалістага хрыбта. Паверхня вяршыні складзена з верхняюрскіх вапнякоў. Развіты карст.

т. 3, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ГНАР-РЫ́ДЖЫС (Bognor Regis),

прыморскі кліматычны курорт у Вялікабрытаніі. За 40 км на З ад г. Брайтан, на У ад г. Портсмут, на беразе Ла-Манша. Асн. спрыяльныя для адпачынку і лячэння фактары — мяккі марскі клімат, цёплае мора; выкарыстоўваюць для аэрагелія- і таласатэрапіі пры неспецыфічных хваробах дыхання.

т. 3, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЯ́БРСКІ,

горад у Башкортастане, на р. Ік, за 25 км ад чыг. ст. Туймазы. Узнік у сувязі з адкрыццём у 1937 Туймазінскага радовішча нафты. 107,3 тыс. ж. (1992). Цэнтр нафтаздабыўной прам-сці. Машынабудаванне (нафтавае абсталяванне, аўтапрылады і інш.) і металаапрацоўка, лёгкая прам-сць. Вытворчасць буд. матэрыялаў.

т. 1, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬФО́НС XII (Alfonso; 28.11.1857, Мадрыд — 25.11.1885),

кароль Іспаніі [1874—85]. З дынастыі Бурбонаў. У час рэвалюцыі 1868—74 выхоўваўся ў Вене і Сандхерсце (Англія). Каралём абвешчаны пасля дзярж. перавароту супраць рэспублікі ген. Мартынеса Кампаса (28.12.1874). У 1876 спыніў карлісцкія войны. За клопат пра ўнутр. мір атрымаў мянушку «міратворац».

т. 1, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕНЕМХЕ́Т I,

егіпецкі фараон [каля 1991—1962 да н.э.]. Заснавальнік XII дынастыі (Сярэдняе царства). Вёў барацьбу за аслабленне ўлады мясц. правіцеляў-манархаў, здзейсніў паход у Палесціну, у вайне з лівійцамі заваяваў вобласць Вават. Загінуў у час палацавага перавароту. Захавалася «Павучанне» Аменехета I яго сыну Сенусерту I.

т. 1, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАШКЕ́ВІЧ (Фёдар Кузьміч) (1922, в. Казігорка Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 4.3.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). У Вял. Айч. вайну на фронце з кастр. 1941. Камандзір гарматы ст. сяржант Анташкевіч вызначыўся ў баях за г. Губен (Германія); разлік гарматы Анташкевіча адбіў 8 варожых контратак. Загінуў у баі.

т. 1, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРЖО́НКА,

возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Акунёўка, за 9 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 0,21 км², даўж. 700 м, найб. глыб. 1,5 м, даўж. берагавой лініі 1,7 км. Пл. вадазбору 6,25 км². Злучана ручаём з воз. Пагошча.

т. 3, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)