ХА́РТЛАЙН (Hartline) Холдэн Кефер (22.12.1903, г. Блумсберг, ЗША — 17.3.1983),

амерыканскі вучоны ў галіне фізіялогіі і біяфізікі. Чл. Нац. АН ЗША. чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Замежны чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў ун-т Дж.​Хопкінса (г. Балтымар, 1927). З 1931 у Пенсільванскім ун-це (г. Філадэльфія), з 1949 ва ун-це Хопкінса, у 1954—74 у Ракфелераўскім ун-це (Нью-Йорк). Навук. працы па вывучэнні функцыян. арганізацыі адзіночных нейронаў сятчаткі пазваночных, першасных нейрафізіял. працэсаў зроку — біяэл. патэнцыялаў асобных нерв. клетак сятчаткі. Нобелеўская прэмія 1967 (з Р.Гранітам і Дж.Уолдам).

В.​Ф.​Ермакоў.

Х.К.Хартлайн.

т. 16, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРЫТАНО́ВІЧ Фёдар Мікалаевіч (19-9.1905, в. Нача Крупскага р-на Мінскай вобл. — 13.9.1985),

бел. вучоны ў галіне лесаводства. Д-р с.-г. н., праф. (1954). Скончыў Харкаўскі с.-г. ін-т (1926). У 1937—41 дырэктар Укр. НДІ агралесамеліярацыі (г. Харкаў). З 1948 ва Усесаюзным НДІ лесаводства і механізацыі лясной гаспадаркі. З 1969 у Гомельскім ун-це (заг. кафедраў). Навук. працы па біял. і экалагічных асаблівасцях дрэвавых і кустовых парод, заканамернасцях іх росту і аднаўлення, полеахоўных лясных палос.

Тв.:

Биология и экология древесных пород. М., 1968;

Биология и экология лиственных кустарников. Мн., 1975.

т. 16, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАХЛО́Ў Аляксей Гаўрылавіч (н. 24.11.1917, р.п. Ртутны Руднік Данецкай вобл., Украіна),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1988), праф. (1990). Скончыў БДУ (1953). У 1935—38 настаўнік, на культ.-асв. рабоце ў Курскай і Арлоўскай абл. Удзельнік Вял. Айч. вайны. З 1952 рэферэнт, з 1953 вучоны сакратар Савета па каардынацыі навук. дзейнасці Прэзідыума АН БССР. З 1964 у політэхн. ін-це (з 2002 Бел. нац. тэхн. ун-т). Даследуе гісторыю Беларусі 1917—25.

Тв.:

Коммунистические части особого назначения в Белоруссии. Мн., 1974;

Крах.антисоветского бандитизма в Белоруссии в 1918—1925 гг. Мн., 1981.

т. 16, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХМЯЛЬНІ́ЦКІ Аляксандр Ільіч (н. 10.6.1954, г. Смалявічы Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне біяфізікі. Канд. фіз.-матэм. н. (1985), дац. (1988). Скончыў БДУ (1976). З 1976 у НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ, з 1986 у БДУ (з 1989 заг. лабараторыі). Навук. працы па вывучэнні біясенсараў, спектраскапіі біяструктур, праводнасці двухслойных ліпідных мембран, мембраннай біяфізіцы. Дзярж. прэмія Беларусі 2000.

Тв.:

Одиночные ионные каналы и макроскопическая проводимость бислойных липидных мембран (у сааўт.) // Биофизика. 1989. Т. 34, № 1;

Биофизические механизмы функционального отклика клеток (у сааўт.) // Выбр. навук. працы БДУ. Мн., 2001. Т. 7. Біялогія. Геаграфія.

А.​Б.​Самаль.

т. 17, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ЛІ (Holley) Роберт Уільям (28.1.1922, г. Эрбана, ЗША — 11.2.1993),

амерыканскі вучоны ў галіне біяхіміі. Чл. Нац. АН ЗША (1968), Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Д-р філасофіі (1947). Скончыў Ілінойскі (1942) і Корнелскі (1947) ун-ты. З 1947 у Вашынгтонскім, з 1948 у Корнелскім ун-тах. З 1966 у Ін-це Солка, адначасова з 1968 ва ун-це Каліфорніі (г. Сан-Дыега). Навук. працы па расшыфроўцы будовы індывід. транспартных РНК (тРНК). Атрымаў (1962) высокаачышчаныя прэпараты 3 прыродных тРНК і вызначыў (1965) поўную структуру адной з іх — аланінавай. Нобелеўская прэмія 1968. (з Х.Г.Каранам, М.У.Нірэнбергам).

В.​Ф.​Ермакоў.

Р.У.Холі.

т. 17, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ПКІНС, Гопкінс (Hopkins) Фрэдэрык Гоўленд (20.6.1861, г. Істбарн, Вялікабрытанія — 16.5.1947), англійскі вучоны ў галіне біяхіміі; адзін з заснавальнікаў вітаміналогіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1905, у 1930—35 яго прэзідэнт). Замежны ганаровы чл. АН СССР (1934). Скончыў Лонданскі ун-т (1894), дзе і працаваў. З 1898 у Кембрыджскім ун-це (з 1914 праф.). Навук. працы па біяхіміі азоцістага абмену ў арганізме. Адкрыў трыптафан (1901), у складзе малака — вітаміны (A і D), што стымулююць рост, глутатыён (1921). Сфармуляваў палажэнне аб незаменных фактарах харчавання — незаменных амінакіслотах (1906). Нобелеўская прэмія 1929 (з Х.Эйкманам).

В.​Ф.​Ермакоў.

Ф.Г.Хопкінс.

т. 17, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́РАВА Святлана Аляксееўна (н. 5.1.1943, г. Ішым Цюменскай вобл., Расія),

расійскі і бел. вучоны ў галіне фізіялогіі. Д-р н. (1992), праф. (1995). Скончыла Томскі ун-т (1965). З 1968 у Ін-це біялогіі і біяфізікі Томскага ун-та (з 1992 нам. дырэктара), з 1996 у Бел. Нац. тэхн. ун-це. Навук. працы па праблемах індывід. устойлівасці арганізма да ўздзеяння фактараў навакольнага асяроддзя і павышэння рэзістэнтнасці праз рэгуляцыю асн. жыццёвых функцый.

Тв.:

Нейрогуморальная регуляция процессов срочной адаптации организма. Томск, 1993 (разам з М.​А.​Мядзведзевым);

Natural and nuclear anomalies and life protection. Vilnius, 1998 (у сааўт.).

т. 17, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІВО́ Пётр Піліпавіч (н. 1.9.1941, в. Чарняўка Крупскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне аграхіміі і аграэкалогіі. Д-р с.-г. н. (1996). Скончыў БСГА (1970). З 1970 у Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства. Навук. працы па пытаннях павышэння эфектыўнасці хімізацыі меліяратыўнага земляробства, распрацоўцы экалагічна бяспечных тэхналогій выкарыстання азотных і вадкіх арган. угнаенняў.

Тв.:

Эффективное использование бесподстилочного навоза. Мн., 1988 (разам з С.​Г.​Дробатам);

Нитраты: слухи и реальность. Мн., 1990 (разам з Л.​А.​Саскевіч);

Тяжелые металлы и экология. Мн., 1996 (разам з І.​Г.​Быцко);

Радыяцыя, нітраты і чалавек. 2 выд. Мн., 1998 (у сааўт.).

т. 17, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІМАШЭ́НКА Аляксандр Вікенцьевіч (н. 5.12.1958, в. Побалава Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне біяфізікі. Д-р біял. н. (1998). Скончыў БДУ (1980), дзе і працаваў. З 1999 у Ін-це фотабіялогіі Нац. АН Беларусі. З 2001 у Канадзе. Навук. працы па вывучэнні біял. ролі монааксіду азоту, лекцінаў расл. і жывёльнага паходжання, працэсаў трансмембраннай перадачы сігналаў у нармальных і пухлінных клетках, малекулярных механізмаў міжклетачных узаемадзеянняў. Дзярж. прэмія Беларусі 2000.

Тв.:

Применение эндогенных лектинов в клинической диагностике // Мед. новости. 1997. № 4;

Биофизика живых систем: от молекулы к организму. Мн., 2002 (у сааўт.).

А.​Б.​Самаль.

т. 17, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІ́ШЧАНКА Мікалай Апанасавіч (24.2.1925, с. Чарноцічы Сосніцкага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 8.1.1996),

бел. вучоны ў галіне анкалогіі. Д-р мед. н. (1971), праф. (1973). Скончыў Адэскі мед. ін-т (1952). З 1959 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1973 праф., у 1982—92 заг. кафедры). Асн. працы па дыягностыцы і лячэнні пухлін страўнікава-кішачнага тракту, падстраўнікавай залозы, жоўцевых шляхоў. Распрацаваў і ўкараніў метады радыкальных аперацый пры метастазах рака на шыі.

Тв.:

Клинико-рентгенологические методы диагностики опухолей в панкреато-дуоденальной зоне // Здравоохранение Белоруссии. 1964. № 12;

Клиника и дифференциальная диагностика механических желтух. Мн., 1973.

т. 17, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)