БЕТАНАВО́З,

аўтамабіль для перавозкі бетоннай сумесі. Мае кузаў каўшовага або бункернага тыпу. Кузаў бетанавоза можа быць тэрмаізаляваны ці мець прыстасаванне для абагравання. Бетанавоз з бетонамяшалкамі, якія бесперапынна дзейнічаюць у час перавозкі, наз. аўтабетонамяшалкамі.

Да арт. Бетанавоз. Аўтабетонамяшалка.

т. 3, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАМА́НТ (ад дыплом),

1) асоба, узнагароджаная ганаровым дыпломам за высокую якасць выканання работы, ролі і інш. на конкурсе, фестывалі, выстаўцы і г.д. 2) Студэнт выпускнога курса ін-та, тэхнікума, каледжа, які выконвае або абараняе дыпломную работу.

т. 6, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАНСТРА́ЦЫЯ (ад лац. demonstratio паказванне),

1) шэсце, мітынг і інш. формы выказвання грамадскіх настрояў.

2) Наглядны спосаб азнаямлення з якой-н. з’явай, прадметам.

3) Дзеянне, якое падкрэслена выказвае пэўныя пачуцці або пратэст, непрыязнасць, варожасць і інш.

т. 6, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНДЛЁВАЯ НАДБА́ЎКА,

надбаўка, якая вызначаецца гандл. прадпрыемствам да адпускных цэн прадпрыемстваў-вытворцаў пры продажы тавараў насельніцтву. Прызначаецца для пакрыцця выдаткаў гандл. прадпрыемстваў і атрымання пэўнага сярэдняга прыбытку. Можа мець абмежаваныя памеры (па рашэнні ўрада або органаў цэнаўтварэння).

т. 5, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРМАНІ́ЧНАЯ ПРАПО́РЦЫЯ,

прапорцыя, сярэднія члены якой аднолькавыя, апошні член уяўляе сабой рознасць паміж першым і сярэднім: a/b=b(a-b). Раскладанне ліку а на 2 складаемыя b і (a-b) наз. гарманічным дзяленнем або залатым сячэннем.

т. 5, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ФЫ (ад ням. Haff лагуна, возера),

назва лагун ў вусцевых участках рэк на паўд. узбярэжжы Балтыйскага м. Утвараюцца ў выніку дзейнасці прыбярэжных цячэнняў і прыбою. Маюць выгляд паўзамкнёнага лімана, які аддзелены ад мора астравамі або пясчанымі косамі.

т. 5, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУКАЛЮМІНЕСЦЭ́НЦЫЯ,

свячэнне ў вадкасці пры акустычнай кавітацыі. Вельмі слабае, робіцца бачным пры значным узмацненні або ў поўнай цемнаце. Узнікае пры моцным награванні газу і пары ў кавітацыйным пузырку, якое адбываецца ў выніку адыябатычнага сціскання пры яго захлопванні.

т. 5, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ХАД пункт захаду,

адзін з 4 гал. пунктаў гарызонту (старон свету); пункт перасячэння матэм. (сапраўднага) гарызонту з нябесным экватарам (гл. Нябесная сфера). Размяшчаецца злева ад назіральніка, які стаіць тварам на Пн. Абазначаецца літарамі З або W.

т. 7, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕНІ́ТНАЯ АДЛЕ́ГЛАСЦЬ,

вуглавая адлегласць нябеснага свяціла або зямнога прадмета ад зеніту; адна з каардынат у гарыз. сістэме нябесных каардынат. Абазначаецца Z; адлічваецца ўздоўж круга вышынь ад 0° да 180°. З выш. h звязана суадносінамі Z=90°-h.

т. 7, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПАРТМЕНТАЛІЗА́ЦЫЯ клеткі,

раздзяленне клеткі на кампартменты (адсекі), якія адасабляюцца ад астатняй ч. клеткі пранікальнай мембранай і набываюць спецыфічныя марфал. ці біяхім. ўласцівасці. Адлюстроўвае структурную або біяхім. спецыялізацыю асобных фрагментаў клеткі і забяспечвае прасторавую арганізацыю метабалічных працэсаў.

т. 7, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)