галіна паліўна-энергетычнага комплексу, якая ўключае разведку, распрацоўку і эксплуатацыю радовішчаў газаў прыродных, вытв-сць штучных газаў, комплексную перапрацоўку, транспарціроўку па магістральных газаправодах, захоўванне, пастаўку розным галінам прам-сці і для камунальна-быт. гаспадаркі. Газ выкарыстоўваецца як крыніца энергіі і хім. сыравіна. Значная колькасць яго спажываецца ў хім., металургічнай, маш.-буд. прам-сці, у буд. індустрыі. На газаперапрацоўчых з-дах з прыроднага газу (у т. л. і са спадарожнага пры здабычы нафты) атрымліваюць газавы кандэнсат, які выкарыстоўваецца як паліва для рухавікоў (стабільны кандэнсат) і як хім. сыравіна, сухі і звадкаваны газ, сыравіну для вытв-сці азотных угнаенняў і інш.
Выкарыстанне прыродных гаручых газаў («вечных агнёў») вядома са стараж. часоў у Дагестане, Азербайджане, Іране і інш. краінах. Газавая прамысловасць пачала фарміравацца ў канцы 18 — пач. 19 ст., калі газ сталі выкарыстоўваць для асвятлення вуліц і памяшканняў. У 1-й пал. 19 ст. з’явіліся ўстаноўкі для выпрацоўкі штучнага газу — газагенератары. Газ атрымлівалі з вугалю, асабліва пашырылася яго вытв-сць пры вырабе коксу. Здабыча прыроднага газу пачалася ў 2-й пал. 19 ст. (1870, ЗША). З сярэдзіны 19 ст. прыродныя газы выкарыстоўваюцца як тэхнал. паліва.
Асновай сучаснай газавай прамысловасці з’яўляецца прыродны газ, вытв-сць штучнага газу з вугалю і сланцаў не расце, у невял. аб’ёме газ атрымліваюць метадам падземнай газіфікацыі вугалю. У свеце здабываецца каля 2,1 трлн. м³ прыроднага газу (1993). Найб. запасы маюць: краіны б.СССР — Расія, Туркменія, Узбекістан, Азербайджан і інш. (больш за 17 трлн. м³, самыя вял.Астраханскае радовішча, Газлінскае радовішча, Урэнгойскае радовішча, Ямбургскае радовішча і інш.); Іран (10,5 трлн. м³, буйное радовішча Ахваз, Персідскага заліва нафтагазаносны басейн і інш.); ЗША (5,6 трлн. м³, Ілінойскі нафтагазаносны басейн, Каліфарнійскія нафтагазаносныя басейны, Паўночнай Аляскі нафтагазаносны басейн і інш.); Алжыр (3,2 трлн. м³, Алжыра-Лівійскі нафтагазаносны басейн); Канада (2,6 трлн. м³, радовішча Пембіна і інш.); Мексіка (2,2 трлн. м³, Мексіканскага заліва нафтагазаносны басейн); Саудаўская Аравія (2 трлн. м³, Сафанія); Нідэрланды (1,6 трлн. м³, Паўночнага мора нафтагазаносная вобласць, усе даныя на пач. 1980-х г.). Пра буйнейшых вытворцаў газу гл. ў табл. 1. <TABLE>
Транспарціроўка газу ад радовішча да спажыўца ажыццяўляецца па магістральных газаправодах (з дапамогай устаноўленых на іх газаперапамповачных агрэгатаў), агульная працягласць якіх у свеце 750 тыс.км (канец 1970-х г.), а водным шляхам — спец. танкерамі метанавозамі-газавозамі. Найб. агульную працягласць газатрансп. сістэм маюць ЗША (442 тыс.км), самыя працяглыя сістэмы ў краінах СНД — шматнітачная Урэнгой—Ухта—Таржок—Мінск—Івацэвічы—Даліна (11 тыс.км) і ў Паўн. Амерыцы Аляска—Канада—ЗША (7,7 тыс.км). Захоўваецца газ у наземных (газгольдэры), паверхневых падземных (участкі газаправодаў з павышаным ціскам) і падземных сховішчах. Найб. выкарыстоўваюцца падземныя сховішчы, якія ствараюць у выпрацаваных газавых ці нафтавых радовішчах (газ запампоўваюць праз свідравіны ў спустошаны прадуктыўны пласт).
На Беларусі газавая прамысловасць развіваецца з 1960-х г. на базе прывазнога прыроднага газу (пасля будаўніцтва магістральнага газаправода Дашава—Мінск). Адзінае Старасельскае радовішча прыроднага газу не распрацоўваецца. У 1995 даўжыня магістральных газаправодаў склала 5534 км. Здабываецца спадарожны газ на нафтавых промыслах. Для яго перапрацоўкі пабудаваны Беларускі газаперапрацоўчы завод. Дынаміку выкарыстання газу ў газавай прамысловасці Беларусі гл. ў табл. 2. <TABLE>
Прыродны газ паступае з Расіі па газаправодзе Таржок—Мінск—Івацэвічы—Кобрын. У 1995 імпартавана 14 млрд.м³ — амаль увесь спажываны газ. Прыродны газ у эканоміцы Беларусі выкарыстоўваецца для атрымання электраэнергіі, як паліва і хім. сыравіна (напр., на ВА «Азот» у Гродне для выпрацоўкі азотных тукаў), спадарожны пасля перапрацоўкі ідзе на паліва на Светлагорскай ЦЭЦ і ў кватэрах Рэчыцы і Светлагорска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭВААПРАЦО́ЎЧАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна прамысловасці па мех. і хім.-мех. апрацоўцы драўніны. Уключае 3 гал. групы вытв-сці: лесапільную; клееных матэрыялаў і пліт; вырабаў з драўніны. Асн. сыравінай для лесапільнай вытворчасці служаць бярвёны; асн. прадукцыя — піламатэрыялы, дадатковая — тэхнал. трэскі, якія атрымліваюць здрабненнем кавалкавых адходаў. Асн. сыравінай клееных матэрыялаў і пліт служаць лясныя сартыменты, драўнінныя адходы і кляі; прадукцыя — клееныя паўфабрыкаты і вырабы (фанера, фанерныя пліты, клееныя буд. канструкцыі, драўнянаслаістыя пластыкі, драўнянастружкавыя і драўнянавалакністыя пліты і інш.). Для вырабаў з драўніны зыходная сыравіна — драўніна і драўнінныя матэрыялы, пластмасы, металы, шкло, тканіны, кляі, лакі і інш.; прадукцыя — сталярна-буд. вырабы, драўняныя дамы, мэбля, муз. інструменты, тара, спарт. інвентар, гасп. тавары, сувеніры, абсталяванне сродкаў транспарту і інш.
У Рас. імперыі Д.д. узнікла ў саматужнай і рамеснай форме ў пач. 18 ст. Інтэнсіўна развіваецца з 2-й пал. 19 ст.Удз. в. Беларусі ў агульным аб’ёме Д.д. Расіі ў 1913 складала 6,5%. Пераважала лесапілаванне (59,1% валавой прадукцыі). Лясная сыравіна і паўфабрыкаты ішлі ў асноўным за мяжу. Працавалі: Бабруйскі, Гомельскі і Мазырскі лесапільныя з-ды, запалкавыя і фанерныя прадпрыемствы ў Пінску, Барысаве, Гомелі і інш.
У СССР развіццё Д.п. было звязана з ростам капітальнага буд-ва, машынабудавання, вытв-сці тавараў шырокага ўжытку. У 1920—30-я г. працавалі: дрэваапр.з-д у Мінску, Гомельскія лесакамбінат (на базе лесапільных з-даў) і дрэваапр. камбінат, Бабруйскі лесакамбінат і Бабруйскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, Віцебскі фанерны з-д і інш. Да Айч. вайны ў Беларусі былі 3 дрэваапр. камбінаты, 26 леса- і 16 фанерных з-даў, 5 мэблевых, 4 запалкавыя ф-кі. Аб’ём выпуску прадукцыі ў 1940 больш як у 6,5 раза перавышаў узровень 1913. Выпуск клеенай фанеры склаў 34,8%, запалак — 28,6% агульнасаюзнага аб’ёму. Пасля вайны побач з адноўленымі пабудаваны новыя прадпрыемствы Д.п. Маючы 0,7% лясоў СССР, у канцы 1980-х г. Беларусь выпускала 10,6% фанеры, каля 8% драўнянавалакністых і 7% драўнянастружкавых пліт, 6% мэблі, 3,4% паперы ад усесаюзнага аб’ёму.
Найбольшымі і тэхнічна развітымі прадпрыемствамі з’яўляюцца Бабруйская мэблевая фабрыка, Гомельскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырская мэблевая фабрыка, «Мінскпраектмэбля», Пінская дрэваапрацоўча-фанерная фабрыка, «Івацэвічдрэў», Мастоўскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, «Рэчыцадрэў» і інш., якія ўваходзяць у канцэрн «Беллеспаперапрам». У 1991—95 аб’ёмы выпуску прадукцыі паступова зніжаліся. Яе стабілізацыя пачалася з 2-й пал. 1990-х г. Да гэтага часу створана больш за 100 малых і сумесных прадпрыемстваў розных формаў уласнасці, пераважна мэблевых; дзейнічаюць таксама прадпрыемствы ў сістэме лясной гаспадаркі, мясц. прам-сці, быт. абслугоўвання насельніцтва, буд-ва, с.-г. прадпрыемстваў і інш. Каля 70% усёй прадукцыі выпускаюць прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам». Значная частка ідзе на экспарт, пераважна ў Расію.
Д.п. шырока развіта ў многіх краінах свету, у т. л. ў ЗША, Швецыі, Фінляндыі, Нарвегіі, Канадзе, з якіх шмат прадукцыі экспартуецца. Высокаразвітая Д.п. Германіі і Японіі ў асноўным працуе на прывазной сыравіне. Высокі ўзровень Д.п. ў Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Швейцарыі, Даніі, Бельгіі, Славеніі і інш., якія таксама імпартуюць сыравіну і паўфабрыкаты. Д.п. развіваецца ў Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Румыніі, Венгрыі, Балгарыі, краінах - Прыбалтыкі. З краін СНД найб. развітая ў Расіі, якая мае вял. запасы драўніны і забяспечвае ляснымі рэсурсамі многія краіны свету, на Украіне.
Тэхн. прагрэс у Д.п. цесна звязаны з н.-д. дзейнасцю, вывучэннем яе фізіка-мех. уласцівасцей, распрацоўкай новых матэрыялаў, тэхналогій і абсталявання, канструяваннем мэблі і інш. вырабаў. Гэтыя работы выконваюцца ў Бел.дзярж.тэхнал. ун-це, НВА «Мінскпраектмэбля», буйнейшымі дрэваапр. аб’яднаннямі.
Літ.:
Экономика Советской Белоруссии, 1917—1967. Мн., 1967;
Барташевич А.А., Богомазов В.В. Технология изделий из древесины. Мн., 1995;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІДЭРЛА́НДСКІЯ АНТЫ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ (Nederlandse Antillen),
уладанне Нідэрландаў у Вест-Індыі, на 5 астравах з групы Малых Антыльскіх астравоў. Афіцыйна лічацца часткай Каралеўства Нідэрланды, карыстаюцца аўтаноміяй ва ўнутр. справах. Пл. 800 км². Нас. 207,8 тыс.чал. (1999). Афіц. мова — нідэрландская, вельмі пашырана мясц. крэольская мова «папіямента» (на аснове ісп. і партуг. моў). Адм. ц. — г.Вілемстад на в-ве Кюрасао. 5 адм. адзінак (на кожным востраве мясц. органы ўлады). Нац. свята — Дзень Каралевы (30 крас.).
Прырода. 2 найб. а-вы — Кюрасао (пл. 444 км²) і Банайрэ (пл. 288 км²) — знаходзяцца каля ўзбярэжжа Венесуэлы, 3 дробныя — Сен-Мартэн (падзелены паміж Францыяй і Нідэрландамі), Сінт-Эстатыус і Саба (агульная пл. 68 км²) — на Пн, на У ад в-ва Пуэрта-Рыка. Астравы ўзгорыстыя і раўнінныя, в-аў Саба — патухлы вулкан (выш. 862 м). З карысных выкапняў ёсць фасфарыты (в-аў Кюрасао), пемза, буд. матэрыялы. Клімат трапічны, засушлівы. Сярэднія месячныя т-ры 26—28 °C. Ападкаў на Пд каля 500 мм за год. Расліннасць складаецца пераважна з сухіх хмызнякоў і кактусаў. Жывёльны свет бедны. Мора багатае рыбай, малюскамі, ракападобнымі.
Насельніцтва. Жывуць мулаты (85%), негры (10%), выхадцы з Нідэрландаў, Венесуэлы, Бразіліі, краін Усх. Азіі. Сярод вернікаў пераважаюць католікі і пратэстанты. Сярэднегадавы прырост каля 1 %. Сярэдняя шчыльн. 260 чал. на 1 км². Каля 95% насельніцтва засяроджана на паўд. а-вах, дзе шчыльн. 300—350 чал. на 1 км². У гарадах жыве больш за 70% насельніцтва. Большая ч. насельніцтва занята ў абслуговых галінах, каля 28% — у прам-сці і гандлі.
Гісторыя. Астравы адкрыты іспанцамі ў канцы 15 ст. У 1630—40 іх занялі галандцы (у 1634 нідэрл. Вест-Індская кампанія ў пошуках баз заняла а-вы Кюрасао, Арубу, Банайрэ); пасля неаднаразова акупіравалі іспанцы, англічане, французы. У 1807—16 Падветраныя (Банайрэ, Кюрасао, Аруба) і ў 1810—16 Наветраныя (Сен-Мартэн, Сінт-Эстатыус, Саба) астравы — брыт. ўладанне. У 1816 адышлі да Нідэрландаў. У 1863 тут адменена рабства. Эканам. ўздым пачаўся ў 1920-я г. з пабудовай заводаў па перапрацоўцы венесуэльскай нафты. У 1954 атрымалі статус федэрацыі з унутр. самакіраваннем. У 1977 насельніцтва в-ва Аруба прагаласавала за стварэнне самаст. дзяржавы; з 1.1.1986 востраў — асобная тэр. ў складзе Каралеўства Нідэрландаў. Спробы нідэрл. ўрада змяніць статус інш. астравоў адхілены насельніцтвам (рэферэндумы 1993 і 1994).
На в-ве Кюрасао дзейнічаюць Нац.нар. партыя, Новы антыльскі рух, Дэмакр. партыя, Рабочы фронт вызвалення. На Банайрэ вядучая партыя — Патрыят. саюз, на Сен-Мартэне — Дэмакр. партыя.
Гаспадарка. У эканоміцы гал. ролю адыгрываюць абслугоўванне замежных турыстаў і прам-сць. Штогадовы даход на 1 чал. каля 11,5 тыс. долараў. У абслуговых галінах атрымліваюць 84% валавога ўнутр. прадукту, у прам-сці — 15%, у сельскай гаспадарцы — 1%. Астравы з’яўляюцца важным раёнам турызму. Сухі і цёплы клімат, выдатныя пляжы, арх. і гіст. помнікі 17—19 ст. прыцягваюць больш за 1 млн. турыстаў штогод (пераважна з ЗША, Канады, Зах. Еўропы). Найб. турыстаў бывае на а-вах Кюрасао і Сен-Мартэн. У прам-сцінайб. развіта перапрацоўка імпартнай нафты (пераважна з Венесуэлы і Мексікі) на нафтаперапр. з-дзе на в-ве Кюрасао (штогод каля 15—20 млн.т). Працуюць 3 транзітныя нафтавыя тэрміналы па перагрузцы нафты і нафтапрадуктаў на буйнатанажныя танкеры Буйны цэнтр суднарамонту, на в-ве Кюрасао дзейнічае сухі док, які можа абслугоўваць судны водазмяшчэннем да 155 тыс. т. Вытв-сць электраэнергіі 1,4 млрд.кВт∙гадз (1996). Ёсць прадпрыемствы тэкст., харч., цэлюлозна-папяровай, тытунёвай, лікёра-гарэлачнай (вядомы лікёр «Кюрасао») прам-сці. Праводзіцца зборка электронных кампанентаў з імпартаваных дэталей. Невял. здабыча фасфарытаў (в-аў Кюрасао), пемзы (в-аў Сінт-Эстатыус), солі з марской вады. Саматужныя промыслы (выраб сувеніраў, капелюшоў-панам). У сельскай гаспадарцы з-за недахопу вады выкарыстоўваецца толькі 8 тыс.га зямлі (10% тэр.). Асн. культуры — алоэ, сорга, бабовыя, цукр. трыснёг, бавоўнік, агародніна, фрукты. Малочная жывёлагадоўля і птушкагадоўля. Рыбалоўства і марскія промыслы. Астравы з’яўляюцца афшорнай зонай, на іх тэр. дзейнічаюць філіялы замежных банкаў і кампаній, што прыносіць краіне дадатковы прыбытак. Унутр. транспарт аўтамабільны, на астравах 600 км аўтадарог. Марскі флот абслугоўвае знешнегандл. перавозкі. Да партоў (Вілемстад, Кралендэйк, Філіпсбург) прыпісаны гандл. флот водазмяшчэннем больш за 1 млн.т. 5 аэрапортаў, у т. л. 3 міжнар. на а-вах Кюрасао, Банайрэ, Сен-Мартэн. А-вы Кюрасао і Банайрэ злучаны з нафтавымі радовішчамі Венесуэлы падводнымі нафтаправодамі. У 1997 экспарт склаў 268,2 млн.дол., імпарт — 1,4 млрд. долараў. Экспартуюць нафтапрадукты (больш за 90% кошту экспарту), электронныя вырабы, лікёр, фасфарыты, алоэ і інш.; імпартуюць нафту, разнастайныя харч. і прамысл. прадукты. Гал.гандл. партнёры: ЗША (28% экспарту, 16% імпарту), Венесуэла (34% імпарту), Мексіка (16% імпарту), Нідэрланды, Бельгія і інш. Краіна атрымлівае дапамогу ад Нідэрландаў. Грашовая адзінка — нідэрландскі антыльскі гульдэн (фларын).
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ КАЛЕДО́НІЯ (Nouvelle Calédonie),
уладанне Францыі ў паўд.-зах. частцы Ціхага ак., у Меланезіі. Складаецца з гал. в-ва Н.К. (пл. 16,8 тыс.км²), а-воў Луаятэ (2 тыс.км²) і інш.Пл. 19,1 тыс.км². Нас. 197,4 тыс.чал. (1999). Адм. і эканам. ц., гал. порт — г.Нумеа. Афіц. мова — французская. Падзяляецца на 3 правінцыі. Нац. свята — Дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).
Прырода. Большую ч. в-ва Н.К. займае пласкагор’е, на якім узнімаюцца асобныя горныя вяршыні да 1628 м. На астатніх астравах пераважае нізкагорны рэльеф. Карысныя выкапні: руды нікелю (запасы металу 45 млн.т, каля 20% сусветных), кобальту, медзі, хрому, жалеза, марганцу, сурмы. Ёсць радовішчы золата, серабра, свінцу. Клімат трапічны. Сярэдняя т-растудз. 24—26 °C, ліп. 20 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 3000 мм на ўсх. схілах да 700 мм на заходніх. Летам бываюць трапічныя ўраганы. Рэкі невялікія і парожыстыя. У раслінным покрыве шмат эндэмікаў. Пераважаюць рэдкалессі з дрэва ніяулі і высакатраўі. Пад лесам і хмызнякамі 39% пл. Дрэвы кауры, агатыс, новакаледонская хвоя і араўкарыя маюць каштоўную драўніну. Жывёльны свет астраўнога тыпу, вельмі бедны, шмат птушак.
Насельніцтва. Карэнныя жыхары — канакі, або новакаледонцы, адзін з меланезійскіх народаў, складаюць 42,5%, размаўляюць на 27 блізкароднасных мовах і дыялектах. Да карэнных жыхароў адносяцца таксама меланезійцы і палінезійцы а-воў Луаятэ (3,8%). Некарэннае насельніцтва — французы (37,1%), выхадцы з франц. уладанняў у Ціхім ак. (8,4%), інданезійцы (3,6%), в’етнамцы (1,6%) і інш. Карэннае насельніцтва жыве пераважна ў вёсках і звязана з сельскай гаспадаркай, прышлае жыве ў гарадах і пасёлках пры гарнарудных прадпрыемствах. Сярод вернікаў католікаў 60%, пратэстантаў 30%. Сярэднегадавы прырост каля 1,6%. Сярэдняя шчыльн. 10,3 чал. на 1 км². Больш шчыльна населена паўд.ч. вострава, дзе знаходзіцца адзіны значны горад Нумеа (каля 70 тыс.ж., 1998). У сельскай гаспадарцы занята 20% эканамічна актыўнага насельніцтва, у апрацоўчай прам-сці — 16%, у горназдабыўной — 4%, у абслуговых галінах — 60%.
Гісторыя. Н.К. заселена продкамі сучасных меланезійцаў у 2-м тыс. да н.э. На момант з’яўлення еўрапейцаў карэнныя жыхары (канакі) не мелі дзярж. утварэнняў, хоць знаходзіліся на больш высокім узроўні развіцця. чым інш. меланезійцы. Адкрыта ў 1774 англ. мараплаўцам Дж.Кукам. У пач. 19 ст. тут з’явіліся хрысц. місіянеры. У 1853 Н.К. абвешчана ўладаннем Францыі, з 1860 асобная калонія. У 1864—96 месца ссылкі злачынцаў з Францыі (больш за 40 тыс.чал.). Уціск калан. улад выклікаў у 1878 паўстанне канакаў. З 1946 «заморская тэр.» Францыі. У 1956 створана тэр. асамблея. У 1980-я г. адбыўся шэраг выступленняў за незалежнасць Н.К. У 1988 паміж лідэрамі Н.К. і франц. ўладамі дасягнута пагадненне аб мірным урэгуляванні канфлікту. У 1998 усеагульны рэферэндум ухваліў новае пагадненне, паводле якога Н.К. атрымае незалежнасць у бліжэйшыя 15—20 гадоў.
Гаспадарка. Н.К. — краіна з развітой гарнаруднай прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт у 1996—2,1 млрд.дол. (11,4 тыс.дол. на 1 чал.), у т. л. ў прам-сці ствараецца 25%, у сельскай гаспадарцы — 3%, у абслуговых галінах — 72%. У прам-сцігал. значэнне маюць здабыча руд нікелю, кобальту, хрому, жалеза і інш. металаў. Здабыча нікелевых руд вядзецца адкрытым спосабам вакол 4 гарнарудных цэнтраў Непуі, Пора, Куауа і Тыо. Працуюць 2 з-ды па перапрацоўцы нікелевых руд (адначасова атрымліваюць і кобальт). Усе гарнарудныя прадпрыемствы належаць франц. кампаніі «Ле нікель». Вытв-сць феранікелю каля 70 тыс.т за год. Вытв-сць электраэнергіі 1,1 млрд.кВтгадз (1996). ЦЭС даюць 70% электраэнергіі, ГЭС — 30%. З прадпрыемстваў харч. прам-сці піваварныя і кансервавыя з-ды, па перапрацоўцы какосавых арэхаў, апрацоўцы кавы, млыны; з інш. галін — з-ды мылаварныя, пластмасавых вырабаў, буд. матэрыялаў, лесапільныя, мэблевыя, па рамонце і буд-ве невялікіх суднаў. Сельская гаспадарка задавальняе патрэбы насельніцтва на 30%, мае спажывецкі характар. У с.-г. карыстанні каля 230 тыс.га, пераважаюць жывёлагадоўчыя ўгоддзі. У гаспадарках еўрап. каланістаў каля 100 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы мяснога кірунку. Мясц. насельніцтва гадуе свіней і коз. Птушкагадоўля. На экспарт вырошчваюць какосавыя арэхі і каву, на свае патрэбы — бульбу, сланечнік, пшаніцу, кукурузу, ямс, тара, батат, маніёк, агародніну. Трапічнае садоўніцтва. Рыбалоўства. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Транспарт аўтамаб. і марскі. На астравах 5,6 тыс.км аўтадарог, у т. л. 1 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Ёсць падвесныя канатныя дарогі для вывазу руд металаў да ўзбярэжжа. Знешнія сувязі абслугоўваюць марскі флот і авіяцыя. 5 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Нумеа. У 1996 экспарт склаў 500 млн.дол., імпарт 845 млн.дол.Гал. тавары экспарту — феранікель (95% кошту), абагачаныя руды нікелю, кобальту, хрому і інш. металаў, копра, кава; імпарту — харч. прадукты і прамысл. вырабы, паліва. Гал.гандл. партнёры: Францыя (29% экспарту, 45% імпарту), Японія (31% і 4%), Аўстралія (7% і 18%), ЗША (12% экспарту), Сінгапур, Тайвань, Новая Зеландыя. Дадатковыя даходы краіна атрымлівае ад міжнар. турызму. Грашовая адзінка — франк франц. кантор у Ціхім ак.
Літ.:
Меликсетова И.М. Новая Каледония: Прошлое и современность. М., 1968.
Рэспубліка Мадагаскар (малагасійскае Repoblikani Madagasikara, франц. République de Madagascar), дзяржава на в-ве Мадагаскар і суседніх дробных а-вах у Індыйскім ак. на У ад Афрыкі Пл. 595,8 тыс.км², у т. л. в-ва Мадагаскар 590 тыс.км² (чацвёрты па велічыні ў свеце). Нас. 14463 тыс.чал. (1998). Дзярж. мовы — малагасійская і французская. Сталіца — г.Антананарыву. Падзяляецца на 6 фарытані (правінцый). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (26 чэрв.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, прынятая на рэферэндуме ў 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць парламенту, які складаецца з 2 палат: Нац. сходу (выбіраецца насельніцтвам на 4 гады) і Сената (частку сенатараў назначае прэзідэнт, частку выбіраюць выбаршчыкі ад тэр. аб’яднанняў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, выбраным Нац. сходам.
Прырода. Цэнтр. і ўсх. часткі вострава займае Высокае або Цэнтральнае, плато выш. 1000—1800 м, складзенае з крышт. і метамарфічных парод. Найвыш. пункт — г. Марумукутру (2876 м) у вулканічным масіве Царатанана на Пн. Уздоўж усх. ўзбярэжжа — прыморская нізіна. На З ад плато — узгорыстыя раўніны, якія прыступкамі паніжаюцца да зах. ўзбярэжжа. Ёсць патухлыя вулканы, бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: храміты, графіт, слюда, кварц, цыркон, берыл, руды нікелю і кобальту, каменны вугаль, баксіты, паўкаштоўныя камяні і інш. Клімат трапічны, на ПнЗ экватарыяльных мусонаў. На нізінах сярэднямесячныя т-ры ад 13—20 °C (у ліп.) да 27—33 °C (у студз.). На Высокім плато клімат умераны, з мяккім летам. Ападкаў ад 3000 мм за год на ўсх. схілах гор да 1000—500 мм на З і Пд. Найб. ападкаў летам. Рачная сетка густая. Расліннасць і жывёльны свет уключаюць шмат эндэмічных відаў. На ўсх. узбярэжжы трапічныя лясы, у цэнтр. раёнах і на З — ксерафітавыя лясы і саванны, на ПдЗ — паўпустыні. Пад лесам і хмызнякамі 40% тэрыторыі. З жывёл характэрны лемуры (35 відаў), насякомаедныя, дробныя драпежнікі, паўзуны і інш.Нац. паркі Ісалу, Мантань-д’Амбр, 32 запаведнікі. Аб’яднаны прыродны запаведнік Цынжы-дзю-Бемараха і раён Ананалава ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. 99% складаюць малагасійцы — народ малайска-палінезійскай моўнай групы. Падзяляюцца на некалькі этн. груп, якія адрозніваюцца гіст. мінулым і спосабам вядзення гаспадаркі. Жывуць таксама невял. групы французаў, выхадцаў з Індыі і Пакістана, кітайцы, арабы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць прыхільнікі мясц. традыцыйных культаў (47%), католікі (26%), пратэстанты (23%); ёсць мусульмане і інш. Сярэднегадавы прырост 28,2% (1997). Сярэдняя шчыльн. 24,3 чал. на 1 км², найб. — на Высокім плато (да 300 чал. на 1 км²), найменшая — на Пд (каля 5 чал. на 1 км²). У гарадах жыве 26% насельніцтва. Найб.г. Антананарыву — 1053 тыс.чал. (1997). Больш за 100 тыс.ж. у гарадах Туамасіна, Фіянаранцуа, Махадзанга. У сельскай гаспадарцы занята 86% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і абслуговых галінах — па 7%.
Гісторыя Этнагенез насельніцтва М. да канца не высветлены. Паводле адной версіі, М. спачатку быў заселены афрыканцамі — банту, а з 2—4 ст. тут сталі сяліцца выхадцы з Інданезіі; паводле іншай, афрыканцы з’явіліся значна пазней, у выніку склалася змешанае ў расавых адносінах насельніцтва. Ранняя гісторыя М. малавядома. З 7 ст. М. наведвалі арабы і суахілі. У 14 ст. ў цэнтр.ч. вострава склалася дзярж. ўтварэнне народа мерына — Імерына. У 16—17 ст. заснаваны дзяржавы народаў сакалава (на зах. узбярэжжы), бецымасарака (на ўсх. узбярэжжы), бецыляў (у цэнтр. горнай ч.). Першымі еўрапейцамі, якія наведалі М., былі партуг. мараплаўцы Б.Дыяш (1500) і Ф.Суарыш (1506). У сярэдзіне 17 ст. на М. праніклі французы, з якімі сапернічалі англічане і галандцы. У канцы 18 ст. адзін з правадыроў мерына — Андрыянампуйнімерына [1787—1810] аб’яднаў б. частку М. ў адзіную дзяржаву. Яго сын Радама I [1810—28] абвясціў сябе каралём М. У 2-й пал. 19 ст. пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Райнілаярывуні дзяржава рэарганізавана на еўрап. ўзор, створана рэгулярнае войска, адчынены школы з навучаннем на малагасійскай мове. У выніку франка-малагасійскіх войнаў (1883—85 і 1894—95) Францыя ліквідавала каралеўства М. і абвясціла яго ў 1896 франц. калоніяй. У 1946 засн. Дэмакр рух малагасійскага адраджэння (ДРМА), які выступаў за самакіраванне. Антыкаланіяльнае паўстанне 1947—48 жорстка задушана, а ДРМА забаронены. З 1956 дзейнічала Сацыял-дэмакр. партыя (СДП) на чале з Ф.Цырананам.
У кастр. 1958 абвешчана аўт. Малагасійская рэспубліка (МР) у складзе франц. Супольнасці на чале з Цырананам. 26.6.1960 абвешчана яе незалежнасць. Урад Цырананы праводзіў палітыку супрацоўніцтва з Францыяй і ЗША і прыцягнення замежнага капіталу. Эканам. цяжкасці вясной 1972 выліліся ў масавыя бунты, што прымусіла ўрад перадаць уладу ген. Г.Рамананцуа. Пасля некалькіх няўдалых спроб дзярж. пераваротаў у чэрв. 1975 улада перайшла да Вярх.рэв. савета (ВРС) на чале з Д.Рацыракам (са снеж. 1975 прэзідэнт). На рэферэндуме ў снеж. 1975 ухвалена хартыя Малагасійскай сацыяліст. рэвалюцыі і прынята канстытуцыя Дэмакр. рэспублікі М. Адзінай паліт. арг-цыяй застаўся створаны ў 1976 Нац. фронт абароны сацыяліст. рэвалюцыі. Быў нацыяналізаваны шэраг прыватных кампаній. У канцы 1980-х г. краіну ахапілі масавыя выступленні за дэмакратызацыю. У сак. 1990 дазволена шматпартыйнасць. На рэферэндуме ў жн. 1992 прынята новая канстытуцыя, краіна перайменавана ў Рэспубліку М. На выбарах у сак. 1993 лідэр апазіцыі А.Зафі выбраны прэзідэнтам М. У выніку канфлікту паміж заканад. і выканаўчай уладамі ў чэрв. 1996 парламент аб’явіў імпічмент Зафі. На выбарах у лют. 1997 прэзідэнтам М. зноў выбраны Рацырака. М. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963). Дзейнічаюць паліт. рухі і партыі: Стоўп і апора для выратавання М., Эканам. лібералізм і дэмакр. дзеянне для нац. адраджэння, Партыя кангрэса незалежнасці М. — адноўленая.
Гаспадарка. М. — эканамічна адсталая агр. краіна. Штогадовы даход на 1 чал. каля 700 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае 33% валавога нац. прадукту, прамысловасць — 15%, абслуговыя галіны — 52%. Для с.-г. выкарыстання прыдатныя каля 10 млн. га. Апрацоўваецца каля 3 млн. га. Пад пашу выкарыстоўваюцца прасторы саваннаў, рэдкастойных лясоў і хмызнякоў агульнай пл. больш за 34 млн. га. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі, ёсць плантацыі замежных і мясц. кампаній. Гал. экспартныя культуры (1994, тыс. т): кава — 80, гваздзіка — 7, ваніль — 2,8 (1-е месца ў свеце), сізаль — 20, перац.
На свае патрэбы вырошчваюць (1994, млн. т): рыс — 2,3, маніёк — 2,3, батат. — 0,5, кукурузу — 0,2, цукр. трыснёг — 2, бульбу, фасолю, арахіс, бавоўнік, тытунь. Рыс вырошчваюць на арашальных землях на Высокім плато і ў суседніх раёнах, клубневыя культуры — пераважна на У. Развіты агародніцтва і садоўніцтва. На Высокім плато значныя плошчы пад яблынямі, грушамі, персікамі, абрыкосамі. Жывёлагадоўля характарызуецца нізкай прадукцыйнасцю. Пагалоўе: буйн. раг. жывёлы — 10 млн. галоў (больш за 90% складаюць зебу), коз і авечак — каля 3 млн. галоў, свіней — 1,4 млн. галоў. Птушкагадоўля.
Лясная гаспадарка і рыбалоўства. У год вылоўліваюць каля 100 тыс. т рыбы, крэветак, крабаў, вустрыц, лангустаў. Прам-сць прадстаўлена дробнымі і сярэднімі прадпрыемствамі, пераважна горназдабыўной і харч. прам-сці. Здабываюць храміты — 146 тыс. т, графіт — 14 тыс. т, слюду — 1 тыс. т. Невял. здабыча кварцу, цыркону, берылу, танталіту, паўкаштоўных камянёў (аметыст, турмалін, тапаз). У харч. прам-сці пераважаюць прадпрыемствы: мукамольныя, рысаачышчальныя, цукр., тытунёвыя, мясакансервавыя, алейныя (перапрацоўка соі, арахісу, пальмавых ядраў). Вытв-сць электраэнергіі 595 млн. кВт гадз (1995), на невял. ЦЭС (працуюць на імпартнай нафце) і ГЭС. Іншыя галіны прам-сці прадстаўлены асобнымі прадпрыемствамі: з-ды нафтаперапр., па вытв-сці ўгнаенняў (Туамасіна), 2 аўтазборачныя (Антананарыву), 2 цэм. (Махадзанга і Анцырабе), суднабуд. (Манандзары), суднарамонтны (Анцэранана), фармацэўтычны (Фіянаранцуа); ёсць прадпрыемствы радыё- і электратэхнічныя, лакафарбавыя, дрэваапр., гарбарна-абутковыя, тэкст., па вытв-сці пластмас. Развіты саматужныя промыслы — выраб тканін, адзення, абутку, мэблі, керамікі і інш.Асн. цэнтры прам-сці — гарады Антананарыву, Туамасіна, Фіянаранцуа, Махадзанга. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, марскі. Аўтадарог 49,8 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5,7 тыс. км, у краіне 48 тыс. легкавых і 34 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Даўж. чыгунак (каляя — 1 м) 883 км. Марскі флот адыгрывае вял. ролю ва ўнутр. перавозках і знешнім гандлі. У краіне больш за 20 марскіх партоў, галоўныя — Туамасіна (больш за 40% аб’ёму знешняга гандлю), Махадзанга, г. Анцэранана. Авіяц. транспарт базіруецца на 105 аэрапортах (1996). Міжнар. аэрапорты каля г. Антананарыву і Махадзанга. У 1996 экспарт склаў 493 млн.дол., імпарт — 612 млн. долараў. М. экспартуе каву (45% па кошце), ваніль (20%), гваздзіку, крэветкі, тэкстыль, храміты, графіт, слюду; імпартуе машыны і абсталяванне, паўфабрыкаты, нафту, тавары шырокага ўжытку, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры Францыя (41% экспарту, 40% імпарту), Японія, ЗША, Германія, Паўд.-Афр. Рэспубліка. М. атрымлівае фін. дапамогу ад Францыі і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — малагасійскі франк.
І.І.Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Мадагаскара.Да арт.Мадагаскар. Панарама г. Антананарыву.Да арт.Мадагаскар. На рацэ ў раёне ўсходняга ўзбярэжжа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́І,
тлушчы, атрыманыя з пладоў і насення розных раслін. Складаюцца на 95—97% з сумесі трыгліцэрыдаў (поўных эфіраў гліцэрыны) вышэйшых насычаных і ненасычаных тлустых кіслот, пераважна C16 і C18, і свабодных тлустых кіслот, фасфатыдаў, воску, токаферолаў, вітамінаў, пігментаў і інш. Не маюць у сабе халестэрыну. У залежнасці ад саставу тлустых кіслот падзяляюцца на высыхальныя (ільняны алей, канапляны алей, тунгавы алей), паўвысыхальныя (соевы і макавы алеі) і невысыхальныя (какосавы алей, пальмавы алей).
Алеі — вадкія, мазепадобныя ці цвёрдыя афарбаваныя рэчывы, некаторыя з іх таксічныя. Палімерызуюцца пры t 250—300 °C ці пад уздзеяннем кіслароду паветра (паглынаюць да 30%, чым тлумачыцца «прагарканне» алеяў). Атрымліваюць са здробненага насення, мякаці пладоў алейных раслін, у т. л.алейных культур, прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі з ачысткай, адстойваннем, фільтрацыяй, апрацоўкай вадой (гідратацыя), растворамі шчолачаў (рафінацыя), адсарбентамі ці глінамі (адбельванне), вадзяной парай пад вакуумам «(дэзадарацыя). Падзяляюцца на сырыя, рафінаваныя і нерафінаваныя. Выкарыстоўваюцца як харч. прадукты, для прыгатавання кансерваў, маянэзаў, гідрыраваныя алеі — для маргарынаў; у вытв-сці мыла, гліцэрыны, тлустых кіслот, алкідных смолаў, пакостаў, алейных лакаў і фарбаў, сікатыву; як вяжучае мед. мазяў, касметычных сродкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНО́ЎНЫ КАПІТА́Л,
галоўны элемент пастаяннага прадукцыйнага капіталу, які па меры паступовага зношвання ў вытв. працэсе часткамі пераносіць сваю вартасць на новы прадукт і часткамі вяртаецца са сферы абарачэння да прадпрымальніка, што авансаваў гэты капітал. У асноўны капітал уваходзіць вартасць вытв. будынкаў, збудаванняў, машын, абсталявання, унутрызаводскага транспарту і інш. Найважнейшы элемент матэрыяльна-тэхн. базы капіталізму, паказчык узроўню яго эканам. развіцця. У працэсе вытв-сці ён узаемадзейнічае з абаротным капіталам, з’яўляецца матэрыяльнай асновай эканам. цыкла.
Зах. эканамісты-тэарэтыкі суб’ектывісцкага кірунку адносяць асноўны капітал да доўгачасовых «ускосных даброт», якія маюць здольнасць узнаўляцца і паступова выкарыстоўвацца ў якасці сродку шматразовага задавальнення адной і той жа патрэбы — вырабу «прамых даброт». Для прадпрымальніка-прамыслоўца асноўны капітал — грашовая вартасць, укладзеная ім у сродкі працы і адлюстраваная ў бухгалтарскім рахунку фірмы. Яна існуе ў 2 частках: адна (асноўная) — у сродках працы («ускосныя даброты»), другая — у вырабленых таварах («прамыя даброты»). Прайшоўшы сферу абарачэння, таварная форма вартасці змяняецца на грашовую, частка якой ідзе ў амартызацыйны фонд. Гэта паўтараецца кожны вытв. цыкл, пакуль не зносяцца ўсе матэрыяльныя элементы асноўнага капіталу.
У сацыяліст. эканоміцы асноўны капітал — асноўныя вытворчыя фонды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУШЭ́ЎСК,
гарадскі пасёлак у Беларусі, у Сенненскім раёне Віцебскай вобласці. За 37 км ад Сянна, 42 км ад Віцебска. Чыг.ст. Багушэўская на лініі Віцебск—Орша, аўтадарогамі злучаны з Сянном, Віцебскам, Оршай. 4,5 тыс.ж. (1995).
У 19 ст. вядомы як фальварак Багушэўка, дзе ў 1854—84 працаваў бровар. З пабудовай чыгункі Віцебск—Жлобін (1903) — чыг. ст. Багушэўская, вакол якой вырасла мяст. Багушэўск (Серакаротненская вол. Аршанскага пав.). З 1924 мястэчка Аршанскай акр. У 1926 у Багушэўску 1176 ж., у 1939 дзейнічалі арцель гнутай мэблі «Праца» (44 рабочыя) і вінзавод (34 рабочыя). З 27.9.1938 гар. пасёлак у Віцебскай вобл., у 1939 было 3,3 тыс.ж. З ліп. 1941 да 25.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў сувязі з блізкасцю да лініі фронту ператварылі Багушэўск у 1943 у апорны вузел абароны; тут адбыўся Багушэўскі бой 1941. У 1924—31, 1935—60 цэнтр Багушэўскага раёна, з 1960 у Сенненскім раёне.
Прадпрыемствы дрэваапр., харч. прам-сці і па сац.-быт. абслугоўванні. Брацкія магілы сав. воінаў і партызанаў. Помнік у гонар войскаў 20-й арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СЬ»,
дзяржаўнае кніжнае выдавецтва ў Мінску. Засн. ў студз. 1921 як Дзярж.выд-ваБССР на базе створанага ў 1920 Бел. аддзялення Дзярж.выд-ва РСФСР, якому акрамя падрыхтоўкі ўласных выданняў было даручана рэгуляванне ўсёй выдавецкай дзейнасці на Беларусі, улік і размеркаванне паперы, распаўсюджванне друкаваных твораў. З 1922 у складзе Дзярж. трэста выдавецкай справы і паліграф. прам-сці Беларусі (Белтрэстдрук). У 1924 на базе Белтрэстдруку і кааператыўнага выд-ва «Савецкая Беларусь» створана Бел.дзярж.выд-ваБССР (ДВБ). У Вял. Айч. вайну з 1942 працавала ў Маскве [да 1943 як выд-ваЦККП(б)Б «Савецкая Беларусь»], з 1944 у Мінску. Назва «Беларусь» з 1963. Выпускае грамадска-паліт., мастацка-публіцыстычную, краязнаўчую, вытворча-тэхн., мед., мастацтвазнаўчую і муз. л-ру, маст. альбомы, плакаты, паштоўкі, адрыўныя календары. У першыя гады існавання выпускала таксама перыяд. выданні, да 1951 навукова-пед., да 1961 с.-г., да 1972 маст. і дзіцячую л-ру, крытычныя і літ.-знаўчыя творы. З яго вылучыліся выд-вы: у 1951 «Народная асвета», у 1961 «Ураджай», у 1972 «Мастацкая літаратура».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОБР,
гарадскі пасёлак у Беларусі, у Крупскім р-не Мінскай вобл., на р. Бобр. За 10 км ад Крупак, 2 км ад чыг. ст. Бобр на лініі Мінск—Орша, на аўтадарозе Мінск—Масква. 1509 ж., 740 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, аддз. сувязі.
Вядомы з 1516. З 1559 уласнасць Хадкевічаў, Гаштольдаў, Пацаў, Камароў, Сапегаў, Агінскіх і інш. У 1573 мястэчка Аршанскага пав. У 1614 — 172 дамы, млын. У 1762 атрымаў магдэбургскае права, герб. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Сенненскага пав. У 1863 у Бабры 1113 ж., у 1885 — 2 царквы, касцёл, капліца, сінагога, лячэбніца, нар. вучылішчы, 4 школы, 2 млыны, 22 крамы, 3 кірмашы на год, у 1904 — 2 цагельні. З 1919 у РСФСР, з 1924 у БССР, мястэчка ў Крупскім р-не. З 1938 вёска, з 17.2.1941 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну гітлераўцы расстралялі 961 ж. У 1969 — 3 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы лёгкай, дрэваапр., харч. прам-сці. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяраў фашызму (за 1,5 км ад пасёлка).