плынь у рас. філасофіі канца 19 ст., заснаваная на новым тэарэт. абгрунтаванні ідэі славянафілаў аб процілеглым грамадскім развіцці Усходу і Захаду і асобай гіст. ролі славян, асабліва Расіі. Прадстаўнікі Н. (М.Данілеўскі, М.Страхаў, К.Лявонцьеў, У.Салаўёў) выступалі супраць ідэй франц. матэрыялістаў і рас.рэв. дэмакратаў, адмаўлялі прынцыпы дарвінізму, магчымасць развіцця Расіі па шляху еўрап. цывілізацыі, падтрымлівалі рас. самадзяржаўе, абгрунтоўвалі тэзіс пра «асаблівыя пачаткі» рас. гісторыі. Імкнуліся даказаць «богаабранасць Расіі», лічылі яе вольнай ад сац. варожасці і рэвалюцыянізму, сцвярджалі, што толькі моцная царская ўлада і рэліг.-этычны пачатак (праваслаўе) уратуюць краіну ад «згубнага ўплыву гніючага Захаду». Данілеўскі прапанаваў тэорыю адасобленых «культурна-гіст. тыпаў» (цывілізацый), якія развіваюцца на ўзор біял. арганізмаў і праходзяць празэтнагр., племянны (юнацтва), дзярж. (сталасць) і цывілізаваны (старасць, заняпад) перыяды. Якасна новым ён лічыў «славянскі» тып, паколькі Расія ўступіла ў перыяд росквіту, а еўрапейскі тып перажывае перыяд заняпаду, таму славянскае супольніцтва на чале з Расіяй будзе садзейнічаць «усяму высокаму» ў чалавецтве. Прыхільнікам ідэі месіянізму быў і Салаўёў. Лявонцьеў і Страхаў з пазіцый Н. прапагандавалі тэорыю «почвеніцтва», засн. на ідэі збліжэння народа («глебы») і «адукаваных саслоўяў». Ідэі Н. крытыкавалі М.Чарнышэўскі, Дз.Пісараў, М.Салтыкоў-Шчадрын, К.Ціміразеў і інш. прадстаўнікі рэв.-дэмакр. кірунку ў філасофіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕГАРЭ́ЛАЕ,
гарадскі пасёлак у Дзяржынскім р-не Мінскай вобл.. на р. Ператуць, чыг. ст. на лініі Мінск—Баранавічы. За 10 км на ПдЗ ад Дзяржынска, 48 км ад Мінска. Аўтадарогамі злучана з Мінскам, Дзяржынскам, Баранавічамі, Уздой, Стоўбцамі. 1,1 тыс.ж. (2000).
Вядома з 16 ст. як перасадачная і паштовая станцыя на конным тракце Мінск—Навагрудак у Мінскім пав.ВКЛ. У 1588 у складзе Койданаўскага графства, уласнасць Радзівілаў. У 1620 вёска, 41 двор. З 1793 у Рас. імперыі ў Койданаўскай вол. У 1831 уласнасць Ю.Абрамовіча, з 1879 — Э.Чапскага. У 1871 праз Н. прайшла Маскоўска-Брэсцкая чыгунка, адкрыта станцыя. З 1908 працавала нар. вучылішча. У 1921—39 сав. пагранічная станцыя. мела заставу, мытню. З 1924 у Койданаўскім р-не, з 1932 цэнтр сельсавета Дзяржынскага р-на. З 1938 гар. пасёлак у Мінскім, з 1939 — Дзяржынскім р-нах. З 29.6.1941 да 6.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў 1941—43 стварылі тут канцлагер, філіял Масюкоўшчынскага лагера смерці, дзейнічала група Дзяржынскага патрыятычнага падполля. З 1988 працуе музей гісторыі ст. Н.
З-д па вырабе вулляў, камбінат быт. абслугоўвання. Сярэдняя і муз. школы, кінатэатр, б-ка, музей гісторыі станцыі Негарэлае, паліклініка, аддз. сувязі, гандл.цэнтр. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла сав. ваеннапалонных, помнік землякам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГЛЫНА́ННЕ СВЯТЛА́,
змяншэнне інтэнсіўнасці аптычнага выпрамянення (святла) пры праходжанні яго праз рэчыва.
Апісваецца Бугера-Ламберта-Бэра законам, які выконваецца пры адносна невял. інтэнсіўнасцях святла. Залежнасць каэфіцыента паглынання рэчыва ад даўжыні хвалі святла наз. спектрам паглынання (гл.Спектры аптычныя). Спектр паглынання адасобленых атамаў (напр., разрэджаных газаў) складаецца з вузкіх ліній, якія адпавядаюць частотам уласных ваганняў электронаў у атамах. Малекулярны спектр вызначаецца ваганнямі атамаў у малекулах і складаецца са значна больш шырокіх абласцей даўжынь хваль з істотным П.с. (палос паглынання). П.с. ў цвёрдых целах характарызуецца шырокімі абласцямі паглынання і вял. значэннем каэфіцыента паглынання. У светлавых пучках вял. інтэнсіўнасці закон Бугера—Ламберта—Бэра П.с. парушаецца (нелінейнае П.с.), што абумоўлена вял. доляй паглынальных часціц ва ўзбуджаным стане, не здольных паглынаць святло. Калі ў паглынальным асяроддзі створана інверсія заселенасці (гл.Актыўнае асяроддзе), то кожны фатон зыходнага патоку святла мае большую імавернасць выклікаць выпрамяненне такога ж фатона, чым быць паглынутым самому (гл.Вымушанае выпрамяненне). На гэтым заснаваны прынцып работы квантавых генератараў і квантавых узмацняльнікаў. Працэс П.с. выкарыстоўваецца ў розных галінах навукі і тэхнікі, на ім заснаваны многія метады колькаснага і якаснага хім. аналізу, напр., абсарбцыйны спектральны аналіз, спектрафотаметрыя, колераметрыя.
Літ.:
Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Квантовая теория взаимодействия света и вещества. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЗІТАЦЭНО́З (ад паразіты + цэноз),
гістарычна складзеная сукупнасць паразітычных арганізмаў (паразітаў) і інш. сімбіёнтаў, якія насяляюць расліны, жывёлы і чалавека. Відавы склад П. і колькасныя суадносіны яго мікрапапуляцый могуць вар’іраваць нават у аднаго віду гаспадара. У П. могуць уваходзіць вірусы, бактэрыі, грыбы, прасцейшыя, гельмінты і некат. членістаногія. Паняцце «П.» увёў Я.Н.Паўлоўскі (1937). На Беларусі даследаванні па П. вядуцца ў Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі, Бел.НДІэксперым. ветэрынарыі, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны і інш.н.-д. установах.
Усе сучлены П. ўздзейнічаюць адзін на аднаго і на гаспадара. Узаемадзеянне паміж кампанентамі П. бывае непасрэднае (напр., прадуктамі выдзялення) і праз арганізм гаспадара (змена ўнутр. асяроддзя гаспадара або яго асобных органаў і інш.). Уздзеянне паразітычных арганізмаў — сучленаў П. — на гаспадара бывае сумарнае, калі яны не аказваюць значнага ўздзеяння адзін на аднаго (напр., аскарыды і паразітычныя нематоды на арганізм птушкі), сінергічнае, калі яны ўзаемна ўзмацняюць ўздзеянне на арганізм гаспадара, і антаганістычнае, калі ўздзеянне паразітаў адзін на аднаго зніжае іх шкоднасць для гаспадара. Даследаванні складаных узаемаадносін П. ці асобных яго кампанентаў з арганізмам гаспадара і інш. даюць магчымасць устанавіць сутнасць паразітарных і інфекц. хвароб, выбіраць метады іх лячэння і прафілактыкі. Вывучае П. паразітацэналогія. Гл. таксама Паразіталогія, Паразітызм.
Літ.:
Паразитоценология: Теоретич. и прикладные пробл. Киев, 1985.
тып лінгвістычнага апісання, у якім разглядаюцца дзве або некалькі моў з пункту гледжання наяўнасці агульных і спецыфічных рыс. Вылучаюць параўнальна-гістарычную граматыку (параўнальнае апісанне моў у дыяхранічным аспекце),
гал. мэта якой выяўленне генет. блізкасці моў праз дыяхранічны аналіз іх агульных рыс, і параўнальна-супастаўляльную граматыку (параўнальнае апісанне моў у сінхранічным аспекце; наз. таксама кантрастыўнай, канфрантатыўнай ці супастаўляльнай граматыкай або параўнальнай тыпалогіяй моў), якая разглядае падабенства і асаблівасць моў, што параўноўваюць незалежна ад іх генет. адносін. Традыцыйна пад паняццем П.г. разглядаюць параўнанне не толькі ўласна грамат. ладу супастаўляемых моў, але і іх фанетыкі, марфалогіі, словаўтварэння і сінтаксісу. П.г. мае не толькі тэарэтычны, але і прыкладны характар (пераклад, выкладанне і навучанне мовам). Першыя навук. працы па П.г. з’явіліся ў канцы 18 — пач. 19 ст. і звязаны з узнікненнем параўнальна-гістарычнага мовазнаўства. У ліку першых параўнальных усх.-слав. даследаванняў былі «Параўнальная граматыка славянскіх моў» В.К.Паржазінскага і «Уводзіны ў параўнальную граматыку славянскіх моў» А.М.Сялішчава (абодва 1914).
Літ.:
Гурскі М.І. Параўнальная граматыка рускай і беларускай моў. 2 выд.Мн., 1972;
Нехай О.А., Поплавская Т.В. Сравнительная типология английского и белорусского языков. Мн., 1983;
Гл. таксама да арт.Параўнальна-гістарычнае мовазнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ЗА́МКАВАЯ ЦАРКВА́.
Будаўніцтва вялося ў пач. 12 ст. (паводле меркавання Э.М.Загарульскага, паміж 1069 і 1073) на правым беразе р. Свіслач у раёне сучаснай пл. 8 Сакавіка ў Мінску (тэр.Мінскага замка); па невядомых прычынах не было скончана. Помнік даследавалі В.Р.Тарасенка (1949—51), Г.В.Штыхаў (1976). Мураваны храм пачалі будаваць з бутавага каменю пасля моцнага пажару, які знішчыў забудову дзядзінца горада і, верагодна, драўляную царкву, якая тут была раней. На яе месцы былі зроблены падмуркі, ніжнія ч. апсід, паўд. і зах. сцен. Паводле плана падмуркаў меркавалася паставіць кампактны 4-слуповы крыжова-купальны храм, амаль квадратны ў плане, з 3 паўавальнымі апсідамі. На ўнутр. сценах храма захавалася абліцоўка з добра апрацаваных плітак, вырабленых з наздраватага даламіту. На ПнУ ад царквы выяўлены яма для прыгатавання вапны (пл. 25 м²) і пляцоўка майстэрні, дзе абчэсвалі пліткі. Царква не мае аналагаў у стараж.-рус.манум. буд-ве. Амаль праз стагоддзе пасля спынення буд-ва царквы на яе месцы ўзнік хрысц. могільнік знатных гараджан. Выяўлена 21 пахаванне 13 ст. ў дамавінах скрынкавага тыпу з вял. хваёвых дошак на шыпах без цвікоў. Некат. векі дамавін абкладзены бяростай. У 1967 за 30 м ад падмуркаў М.з.ц. пабудаваны яе муляж. Самі падмуркі знаходзяцца ў некранутым выглядзе на глыбіні 0,5—2,1 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́МАНТ І́МПУЛЬСУ,
фізічная велічыня, якая характарызуе меру вярчальнага руху цела (сістэмы цел) адносна пункта або восі. Паняцце «М.і.» дастасавальнае таксама да эл.-магн., гравітацыйнага і інш. фізічных палёў. Выкарыстоўваецца пры рашэнні многіх задач механікі, фізікі і тэхнікі.
М.і. матэрыяльнага пункта з імпульсамі адносна цэнтра (полюса) O роўны вектарнаму здабытку:
, дзе — радыус-вектар пункта, праведзены з цэнтра O. Для сістэмы n такіх пунктаў
і адносна восі вярчэння выражаецца таксама праз вуглавую скорасць і момант інерцыіI дадзенай сістэмы (напр., цвёрдага цела) адносна гэтай восі:
. Змены М.і. сістэмы цел адбываюцца пад уздзеяннем толькі знешніх сіл і залежаць ад іх моманту (гл.Момант сілы). З 2-га закону Ньютана (гл.Ньютана законы механікі) вынікае
. Калі
будзе пастаянным і мае месца закон захавання М.і. (гл.Захавання законы). Роўнасць
мае таксама месца пры руху пункта (цела) ў полі цэнтральных сіл, пры гэтым яго рух падпарадкоўваецца закону плошчаў (гл.Кеплера законы), што выкарыстоўваецца ў нябеснай механіцы, тэорыі руху ШСЗ, касм. лятальных апаратаў і інш. Большасці элементарных часціц уласцівы ўласны, унутраны М.і. (гл.Спін). Адзінка М.і. ў СІ — кілаграм-метр у квадраце за секунду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́МСКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальнае ўладанне ў ВКЛ на землях вакол Лукомскага воз. Цэнтр — Лукомль. На думку гісторыка Л.В.Аляксеева, Л.к. магло ўзнікнуць як адзін з удзелаў Полацкай зямлі ў 12—13 ст., але ў тагачасных крыніцах не названы ніводны князь з яго ўладальнікаў. Верагодна, яно было падаравана кімсьці з вял.кн. літоўскіх заснавальніку роду князёў Лукомскіх у сярэдзіне — 2-й пал. 14 ст. У 2-й трэці 15 ст. значная частка княства зноў трапіла ва ўласнасць вял. князя або ў выніку згасання адной з галін князёў Лукомскіх, або праз канфіскацыю часткі іх уладанняў за падтрымку кн. Свідрыгайлы ў час яго барацьбы з Жыгімонтам Кейстутавічам. Гэта частка Л.к. была тады ж раздадзена інш. феадалам: паны Саковічы атрымалі Улу, Боліна і Свяда ў міжрэччы Улы і Эсы, паны Кезгайлы — землі ў вярхоўях Эсы, дзе пазней узнік маёнтак Халопенічы. Напэўна, тады ж Цяпіна стала цэнтрам маёнтка Амельяновічаў, а Чарэя — паноў Чарэйскіх. Рэшта княства з маёнткамі Лукомль, Гарадзец, Мялешкавічы, Шчыдуты, Пірошыцы і інш. засталася ва ўладанні князёў Лукомскіх. У выніку падзелаў паміж імі раздрабілася і фактычна перастала існаваць як адзінае цэлае ўжо ў 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЦЭ́НКА (Барыс Іванавіч) (н. 16.9.1937, г. Майкоп, Адыгея),
бел. рэжысёр, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1975). Нар.арт. Беларусі (1995). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967). У 1967—73 і 1981—82 рэжысёр Бел.т-ра імя Я.Купалы, у 1973—81 і з 1991 гал. рэжысёр Дзярж.рус.драм.т-ра Беларусі, у 1982—91 — Т-ра-студыі кінаакцёра. Адначасова з 1970 выкладае ў Бел.АМ. Творчую манеру вызначаюць імкненне да сцэн. метафарычнасці, псіхал. дакладнасць у абмалёўцы персанажаў, пошукі вобразнай выразнасці праз пластыку. Сярод лепшых пастановак: у т-ры імя Я.Купалы — «Традыцыйны збор» В.Розава (1967), «Рудабельская рэспубліка» паводле С.Грахоўскага (1968), «Памяць сэрца» А.Карнейчука (1970), «Раскіданае гняздо» Я.Купалы (1972); у рус. т-ры — «Макбет» (1974), «Гамлет» (1998) У.Шэкспіра, «Трохграшовая опера» Б.Брэхта (1976), «Апошнія» М.Горкага (1977, з У.Маланкіным), «Трагедыя чалавека» І.Мадача (1979); у т-ры-студыі кінаакцёра — «Глядзіце, хто прыйшоў» У.Аро, «Шчасце маё, або Папяровы тэлефон» А.Чарвінскага (абедзве 1983), «Саракавыя» паводле твораў В.Астаф’ева, Р.Барадуліна, В.Быкава, М.Кульчыцкага, А.Куляшова, А.Твардоўскага, І.Чыгрынава, М.Шолахава (1984), «Гамлет» (1988). Паставіў «Рэвізор» М.Гогаля ў «Максім Горкі Тэатэр» (1980, Берлін). На кінастудыі «Беларусьфільм» зняў кінастужку «Раскіданае гняздо» (1982), тэлеспектаклі «Зацюканы апостал» (1984), «Вяртанне ў Хатынь» (1985).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХА́МЕД, Магамет (каля 570, г. Мекка — 632),
арабскі рэліг. і паліт. дзеяч, заснавальнік ісламу. Тагачасных крыніц пра жыццё М. не захавалася. Паводле біяграфіі, складзенай у 9 ст., ён паходзіў з араб. роду Бану-хашым з племя курэйшытаў, рана асірацеў. Напачатку быў пастухом, потым прыказчыкам. У Аравіі і па-за яе межамі азнаёміўся з хрысц., іудзейскім і некат. інш.рэліг. і паліт. вучэннямі. Паводле мусульм. уяўленняў, М. — прарок і пасланнік Алаха, праз якога людзям перададзены тэкст свяшчэннай кнігі мусульман — Карана. Каля 610 М. выступіў з пропаведдзю ісламу. Вёў жорсткую барацьбу супраць традыцыйна язычніцкай Меккі, абапіраючыся на дапамогу некаторых плямён Ясрыба (Медыны). У 622 перасяліўся ў Ясрыб, дзе выбраны правіцелем горада, ваяводам і вярх. суддзёй (гэты год лічыцца пачаткам мусульм. эры). У Ясрыбе ён знішчыў апазіцыю з боку іудзеяў, усталяваў монатэізм ісламу і ўладу арабаў. Стварыў у Аравіі супольніцтва, заснаванае на прыналежнасці да адзінай веры, а не на кроўнай сувязі. З 631 амаль усе навакольныя плямёны падпарадкаваліся яму і перайшлі ў іслам. Утварылася магутная цэнтралізаваная тэакратычная дзяржава, якая пачала праводзіць захопніцкую палітыку ў розных кірунках. Памёр і пахаваны ў Медыне, яго грабніца стала другой (пасля Каабы) святыняй ісламу.
Літ.:
Панова В.Ф., Вахтин Ю.Б. Жизнь Мухаммеда. М., 1991.