машына, на якой паслядоўна набіраюцца і друкуюцца літара за літарай (літарадрукавальная машына) або радок за радком (радковадрукавальная машына) тэкставыя арыгіналы і фотаформы. Даюць высокую якасць узнаўлення шрыфту, выкарыстоўваюцца ў аператыўнай паліграфіі (для хуткага і простага размнажэння тэкставага арыгінала) і ў звычайных відах друку.
У Н.-Д.М. выкарыстоўваюць шрыфтавыя знакі друкарскага тыпу з рэльефным вочкам. У залежнасці ад спосабу набору і друкавання адрозніваюць індывідуальныя шрыфтаносьбіты, на якіх ёсць вочка аднаго ці некалькіх знакаў, і групавыя шрыфтаносьбіты, дзе размешчаны ўсе знакі аднаго камплекта шрыфту. Знакі размяшчаюцца на шрыфтавых калодках (рычагах), па акружнасці дыска, цыліндра, сферычнай паверхні шрыфтаносьбіта і інш. У адрозненне ад пішучых машынак у шрыфце Н.-Д.М. ёсць літары рознай шырыні (па сваім абрысе ён набліжаецца да друкарскага). Друкарскія формы вырабляюцца на спец. формных матэрыялах (фользе, васкоўках, паперах, плёнках і інш.).
Схемы наборна-друкавальных машын: 1 — аднашрыфтавой рычажнага тыпу; 2—3 хутказменнымі шрыфтаносьбітамі сферычнага тыпу; 3 — з хутказменнымі групавымі шрыфтаносьбітамі сегментнага тыпу; 4 — з шрыфтаносьбітамі пялёсткавага тыпу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАШ ШЛЯХ»,
грамадска-палітычны і літ. часопіс, орган Беларускага студэнцкага саюза. Выдаваўся ў 1922—23 у Вільні на бел. мове. З-за фінансавых цяжкасцей выходзіў нерэгулярна. Адказныя рэдактары Б.Туронак, Л.Мазалеўскі. Гал. мэта выдання — больш глыбокае пазнанне Беларусі, адраджэнне нац. свядомасці, змаганне задзярж. незалежнасць. Апубл. артыкулы А.Луцкевіча «Вялікае свята», «Студэнцкая моладзь у беларускім руху», канспект яго лекцыі «Развіццё палітычнай думкі ў Беларусі». Ідэйныя пошукі моладзі адлюстраваны ў арт. «Шляхі беларускай студэнцкай моладзі» М.Крывічонка (Туронка), «Наш шлях», «Аб нашым месіянізме» С.Радзіміча і інш. Актуальнасцю, творчым пошукам вылучаліся артыкулы і нарысы Ф.Маркотнага (Ф.Пяткевіча), М.М. (М.Марцінчыка). Інфармаваў пра культ.-асв. працу студэнтаў-беларусаў Віленскага ун-та, друкаваў хроніку з жыцця бел. студэнтаў у Маскве, Мінску, Празе, паведамляў пра лёс бел. асветы ў Латвіі. Змяшчаў вершы Н.Арсенневай, З.Верас, І.Дварчаніна, Г.Леўчыка, апавяданні Л.Леўскага, А.Пакуцкага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЦЯЖА́ЦЕЛІ,
рэлігійна-палітычная плынь у Расіі канца 15 — пач. 16 ст., прыхільнікі якой выступалі з патрабаваннем адмаўлення царквы ад «сцяжання» (набыццё зямельных і маёмасных каштоўнасцей), якое пярэчыць евангелічным ідэалам і шкодзіць аўтарытэту царквы. Гэта патрабаванне абгрунтавана ў працах Ніла Сорскага, Васіяна Патрыкеева, старца Арцемія і інш. У «Манастырскім статуце» Сорскі сцвярджаў, што набыццё ўласнасці несумяшчальна з манаскім зарокам, які абавязвае адмовіцца ад усяго свецкага, патрабуе весці строгі, аскетычны лад жыцця, карыстацца вынікамі ўласнай працы. Яго вучань Патрыкееў выступаў за канфіскацыю манастырскіх зямель і стварэнне манастырскага фонду для надзелу дробных і сярэдніх феадалаў. Несцяжацельства адпавядала інтарэсам буйнога баярства і ўдзельных князёў, якія імкнуліся захаваць свае ўладанні і задаволіць патрэбу велікакняжацкай улады ў зямлі для дваранства за кошт секулярызацыі царк. зямель. Супраць Н. выступалі іасіфляне на чале з Іосіфам Валоцкім, якія пераканалі Івана III адмовіцца ад падтрымкі несцяжацеляў як праціўнікаў палітыкі ўзмацнення велікакняжацкай улады. Н. зганьбаваны на царк. саборах 1503, 1531.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМЫ́ЛАК ТЭО́РЫЯ,
раздзел матэматычнай статыстыкі, дзе разглядаюцца праблемы колькаснай ацэнкі невядомых велічынь па выніках вымярэнняў. Асн. задачы: адшуканне законаў размеркавання выпадковых памылак (гл.Размеркаванне ў тэорыі імавернасцей), знаходжанне ацэнак вымераных велічынь па выніках вымярэнняў, вызначэнне хібнасцей такіх ацэнак і выключэнне грубых памылак.
У П.т. адрозніваюць сістэматычныя, грубыя і выпадковыя памылкі. Сістэматычныя памылкі пастаянна павялічваюць (памяншаюць) вынікі вымярэнняў і вынікаюць з розных прычын (напр., з-за няправільнай устаноўкі вымяральных прылад, уплыву навакольнага асяроддзя). Ацэнкі такіх памылак праводзяцца метадамі, якія выходзяць за межы матэм. статыстыкі. Грубыя памылкі ўзнікаюць у выніку праліку, няправільнага чытання паказанняў вымяральнай прылады і інш. Вынікі вымярэнняў з такімі памылкамі адрозніваюцца ад інш. вынікаў і звычайна добра адметныя. Выпадковыя памылкі абумоўлены рознымі выпадковымі прычынамі і пры кожным вымярэнні непрадбачаным чынам вядуць да павелічэння ці памяншэння яго вынікаў. Такія памылкі трактуюцца як выпадковыя велічыні і, калі іх размеркаванне блізкае да нармальнага, тады найлепшыя ацэнкі невядомых велічынь дае найменшых квадратаў метад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦЕ́ЖНЫ СРО́ДАК,
плацежныя дакументы (плацежныя даручэнні, плацежныя запатрабаванні, разліковыя чэкі і інш.), акрэдытывы, грошы, каштоўныя паперы, пры дапамозе якіх ажыццяўляюцца плацяжы. Плацежнае даручэнне — разліковы дакумент, які змяшчае даручэнне плацельшчыка банку аб пералічэнні (пераводзе) сродкаў з яго рахунку на рахунак атрымальніка. Пры дапамозе даручэнняў ажыццяўляюцца разлікі за атрыманыя тавары і аказаныя паслугі (выкананыя работы), разлікі па нетаварных аперацыях і інш.Плацежнае запатрабаванне — разліковы дакумент, які выкарыстоўваецца таксама пры безнаяўных разліках, калі атрымальнік сродкаў прадстаўляе ў банк патрабаванне да плацельшчыка аб уплаце выплаце* пэўнай сумы праз банк за таварна-матэрыяльныя каштоўнасці (работы, паслугі). Да запатрабавання можа дадавацца рахунак-фактура для расшыфроўкі характару патрабавання і сумы плацяжу. Разліковы чэк — пісьмовае распараджэнне ўладальніка разліковага або бягучага рахунку (чэкадаўца) банку аб уплаце выплаце* ў парадку безнаяўнага разліку пэўнай сумы грошай чэкатрымальніку. Бываюць неакцэптаваныя банкам і акцэптаваныя (сума чэка спісваецца банкам з рахунка чэкадаўца і дэпаніруецца на асобым рахунку для забеспячэння аплаты чэка), лімітаваныя (з указаннем пэўнай сумы сродкаў) і нелімітаваныя (без ліміту сродкаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЧАРД IЛьвінае Сэрца
(франц. Richard Coeur de lion, англ. Richard the Lion-heart; 8.9.1157, Оксфард, Вялікабрытанія — 6.4.1199),
кароль Англіі [1189—99]. З дынастыі Плантагенетаў. Выхоўваўся ў Аквітаніі, дзяцінства і юнацтва правёў на Пд Францыі. Меў добрую адукацыю, віртуозна валодаў зброяй, перамагаў на турнірах. Б.ч. жыцця правёў па-за межамі Англіі, удзельнічаў у бесперапынных войнах. У час 3-га крыжовага паходу 1189—92 захапіў в-аў Кіпр і крэпасць Акру ў Палесціне. Па дарозе назад каля Вены трапіў у палон да аўстр. герцага Леапольда V, які перадаў яго герм. імператару Генрыху VI; у 1194 адпушчаны завял. выкуп. З 1194 ваяваў зфранц. каралём Філіпам II Аўгустам, які імкнуўся адваяваць землі Плантагенетаў у Францыі. Смяротна паранены ў час аблогі Шамо.
Літ.:
Добиаш-Рождественская О.А. Крестом и мечом: Приключения Ричарда I Львиное Сердце. М., 1991;
Кесслер У. Ричард I Львиное Сердце: Король. Крестоносец. Авантюрист: Пер. с нем. Харьков;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯЧА́НКА, Свяча,
рака ў Сенненскім, Чашніцкім і Бешанковіцкім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток р.Ула (бас.р.Зах. Дзвіна). Даўж. 84 км. Пл. вадазбору 551 км². Выцякае звоз.Вял. Святое (Сенненскі раён) за 1,6 км на У ад в. Замошша, вусце за 1,8 км на З ад в. Броды Бешанковіцкага р-на. Прытокі: р. Свінка (злева), невялікія ручаі і меліярацыйныя каналы. Цячэ праз азёры Хотлінскае, Маеўскае, Сцержань (да ўпадзення ў гэтае возера рака наз. Свяча), Слабадское; ручаямі злучана звоз. Рыбакоўскае. Даліна амаль на ўсім працягу трапецападобная, каля вытоку і воз. Сцержань V-падобная; пераважная шыр. 200—400 м, каля азёр, праз якія цячэ С., пашыраецца да 1—1,5 км. Пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, шыр. 100—300 м, каля в. Вярхоўе і Броды Бешанковіцкага р-на адсутнічае; на вял. працягу забалочаная і парэзаная меліярац. каналамі. Рэчышча ад вытоку на працягу 10,6 км каналізаванае. Пераважная шыр. рэчышча 5—10 м, у ніжнім цячэнні да 15 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́НЬША,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Расонскім р-не Віцебскай вобл.Засн. ў 1996 для аховы унікальных прыродных ландшафтаў і азёрных экасістэм у вытоках р. Дрыса. Пл. 13,398 тыс.га. Водна-ледавіковы тып рэльефу забс.выш. 140—160 м, верхнія слаі антрапагенных парод прадстаўлены розназярністымі пяскамі. Шматлікія камавыя і озавыя формы, тэрмакарставыя катлавіны і лагчыны складзены з валунных марэнных суглінкаў і супескаў. У заказніку 21 возера, агульнай пл. 15 км². Іхтыяфаўна ляшчова-шчупаковая, 17 відаў рыб-абарыгенаў. Лясная расліннасць займае больш за 80% пл., у асн. хвойныя лясы. У флоры больш за 400 відаў вышэйшых раслін, з іх 5 відаў занесены ў Чырв. кнігу Беларусі: баранец звычайны, вадзяны арэх плывучы, гарлянка пірамідальная, мякатніца адналістая, гідрыла кальчаковая. Фауна таежнага комплексу (9 відаў земнаводных, 5 — рэптылій, 122 — птушак, 28 — млекакормячых). Шмат глушца, цецерука, рабчыка, вальдшнэпа, дзіка, казулі, лася, бабра, куніцы, норкі, лісоў. У Чырв. кнізе Беларусі мядзведзь буры, рысь, сыч касматаногі, няясыць даўгахвостая, дзяцел трохпальцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НТУ,
група народаў у Цэнтр. і Паўд. Афрыцы (буйнейшыя — руанда, макуа, шона, конга, малаві, рундзі, зулу і інш.). Больш за 150 млн.чал. (1987). Гавораць на мовах групы банту. Шырока рассяліліся (з 1-га тыс. да нашай эры да 19 ст.), асімілюючы карэннае насельніцтва (пігмеяў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРЭ́Я,
старажытны горад на Беларусі, які ўпамінаецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец 14 — пач. 15 ст.). Археолаг В.В.Сядоў атаясамлівае Астрэю зг.п. Астрына Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., за 1,5 км на ПдУ ад якога ёсць гарадзішча Кульбачына 11—14 ст.