УЛЬЯ́НАЎ Мікалай Паўлавіч (1.5.1875, г. Ялец, Расія — 5.5.1949),

расійскі мастак. Чл.-кар. АМ СССР (1949). Засл. дз. маст. Расіі (1932). Вучыўся ў маскоўскім Вучылішчы жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1889—1901) і ў майстэрні В.​Сярова (1899—1902). Чл. аб’яднанняў: Саюз рус. мастакоў, «Свет мастацтваў», «Чатыры мастацтвы», удзельнік выставак пры час. «Золотое руно». Пісаў пераважна партрэты: серыя «А.​С.​Пушкін у жыцці» (1930-я г.), «Ларыстон у стаўцы ў Кутузава» (1945), «К.​С.​Станіслаўскі за работай» (1947). Працаваў таксама і як тэатр. мастак («Дні Турбіных» М.​Булгакава ў Маскоўскім маст. акад. т-ры, 1926, і інш.). Творы вылучаюцца некат. умоўнасцю форм і колеравай гамы, драматызмам. Дзярж. прэмія СССР 1948.

М.Ульянаў. К.​С.​Станіслаўскі за работай. 1947.

т. 16, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УША́ЦКАЯ ГРУ́ПА АЗЁР Ва Ушацкім, Полацкім і Лепельскім р-нах Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка. Уключае больш за 60 азёр агульнай пл. больш за 75 км². Найбольшыя: Чарсцвяцкае, Павульскае, Атолава, Паўазер’е, Янова, Бярозаўскае, Крывое, Гамель. Вадазбор 803 км², пераважна разараны, прадстаўлены комплексам ледавіковых і водна-ледавіковых форм рэльефу. Спалучэнне розных тыпаў азёрных катлавін, озавых град, якія іх акружаюць, і камавых узвышшаў, часта парослых лесам, стварае маляўнічы ландшафт. Азёры злучаны невял. шматлікімі рэкамі, ручаямі, канавамі, праз шэраг азёр цячэ р. Дзіва. З пабудовай плаціны перад воз. Гомель узровень У.г.а. зарэгуляваны. У некат. азёрах вугры, ракі. Па берагах азёр выяўлены стаянкі першабытнага чалавека Месца адпачынку і турызму. Воз. Крывое (эталон чыстых мезатрофных вадаёмаў) — азёрны заказнік.

т. 16, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́МСКАЯ СУКО́ННАЯ ФА́БРЫКА Дзейнічала ў 1798—1838 у мяст. Хомск Кобрынскага пав.

(цяпер вёска ў Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл.). У 1808 пастаўляла для арміі салдацкае сукно па 5 тыс. аршынаў за год. У 1828 ф-ка размяшчалася ў 13 мураваных і драўляных будынках. Мела паравую машыну, 12 стрыгальных, 35 прадзільных, 14 крэмплавальных, 2 шліхтавальныя, 4 кардавальныя, 54 ткацкія машыны, фарбавальню (9 катлоў),

плывучы мост для мыцця воўны. Працавала каля 550 чал., выраблялі да 50 тыс. аршынаў за год тонкага сукна высокай якасці з уласнай воўны. Фарбу набывалі ў Пецярбургу і Рызе. На Усерасійскай прамысл. выстаўцы (Пецярбург, 1829) прадукцыя адзначана малым залатым медалём. У 1838 ф-ка пераведзена ў маёнтак Альбярцін.

т. 17, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІМАШЭ́НКА Іван Архіпавіч (н. 18.11.1924, в. Навінкі Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

поўны кавалер ордэна Славы. Скончыў Кіеўскае танк. тэхн. вучылішча (1958). У Чырв. Арміі з 1942. У Вял. Айч. вайну з 1944 на 2-м і 3-м Укр. франтах. Механік-вадзіцель танка ст. сяржант Ц. вызначыўся ў баях на тэр. Зах. Еўропы: 23.9.1944 у баі за вышыню каля г. Турда (Румынія) экіпаж яго танка знішчыў 2 процітанк. гарматы і бронетранспарцёр праціўніка; у снеж. 1944 каля г. Шагі (Чэхаславакія) не дазволіў ворагу ўзарваць мост цераз р. Іпель да падыходу сав. войск; 30.3.1945 у баі за нас. пункт Шмейц (Аўстрыя) захапіў 2 гарматы, мінамёт, паранены не пакінуў поля бою. Да 1970 у Сав. Арміі.

т. 17, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРА́ЛЬНЫ МУЗЕЙ УЗБРО́ЕНЫХ СІЛ (ЦМУС). Засн. ў Маскве 23.12.1919 як выстаўка-музей «Жыццё Чырвонай Арміі і Флоту». З 1924 — Цэнтр. ваен. музей. Сучаснае памяшканне пабудавана ў 1965. Ваен.-гіст. калекцыі складаюць больш за 750 тыс. экспанатаў

(1999),

у т. л. каля 50 тыс. твораў выяўл. мастацтва, 10 тыс. адзінак зброі і тэхнікі, 30 тыс. баявых сцягоў. У б-цы больш за 100 тыс. тамоў. У 1990-я г. фонды папоўнены прадметамі і дакументамі па гісторыі рас. арміі, войск белага руху, Узбр. сіл Рас. Федэрацыі і інш. Пры музеі дзейнічае Міжрэгіянальная асацыяцыя ваен.-гіст. клубаў. Выдае метадычную літ. ў дапамогу вайск. (флоцкім) музеям. Гл. таксама Музей ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь.

т. 17, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯ́ЖКІЯ МІНЕРА́ЛЫ,

мінералы, якія маюць шчыльнасць больш за 2,8 г/см³. Складаюць невял. частку абломкавых горных парод, але вельмі разнастайныя (некалькі дзесяткаў мінер. відаў) і маюць рознае паходжанне. Асн. маса Ц.м. мае шчыльнасць 2,8—5 г/см³.

Паводле распаўсюджанасці ў зямной кары падзяляюцца на 3 групы: вельмі пашыраныя (амфіболы, гранаты, ільменіт, цыркон, эпідот — доля кожнага з іх 10—20% ад цяжкай фракцыі абломкавых парод); умерана пашыраныя (біятыт, ліманіт, магнетыт, турмалін, апатыт, піраксены, рутыл, стаўраліт, 1—10%); рэдкія — менш за 1% і ў выглядзе адзінкавых зерняў (дыстэн, сфен, лейкаксен, сіліманіт, мускавіт, тапаз, манацыт, глаўканіт і інш.). Аналіз колькасці Ц.м. у пародах праводзіцца пры пошукавых работах і палеарэканструкцыях.

У.​Я.​Бардон.

т. 17, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАМЯРЫ́ЦА,

возера ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лукомка (прыток Улы), за 1,5 км на З ад в. Антаполле, за 26 км на ПдУ ад г. Чашнікі. Пл. 0,54 км², даўж. 1,52 км, найб. шыр. 460 м, найб. глыб. 2,5 м, даўж. берагавой лініі 3,58 км. Пл. вадазбору 4,2 км². Катлавіна рэшткавага тыпу, выцягнута з ПнУ на ПдЗ. Схілы катлавіны выш. 4—7 м, абрываюцца ўступам выш. 1,5—2,5 м, на Пд разараныя, на Пн пад лесам. Берагі нізкія, сплавінныя, парослыя хмызняком, на Пн пад лесам. Пойма затарфаваная і парослая хмызняком, на Пн пад лесам. Дно сапрапелістае, на Пд вузкая паласа пясчаных адкладаў, выслана падводнай расліннасцю. Выцякае ручай у воз. Чарэйскае.

т. 17, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́РНАЯ У́РАДА Возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дзіва, за 1 км на У ад в. Вялічкаўцы, за 22 км на ПдУ ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 0,53 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 430 м, найб. глыб. 3,9 м, даўж. берагавой лініі 4,3 км. Пл. вадазбору 93,7 км². Катлавіна рэшткавага тыпу, выцягнутая з Пн на Пд, яе схілы выш. 5—8 м, спадзістыя, пераважна разараныя, на Пн і Пд месцамі забалочаныя. Берагі нізкія, спадзістыя, пясчаныя або забалочаныя, на Пд сплавіна шыр. 10—15 м. Дно сапрапелістае, на мелкаводдзі месцамі заіленыя пяскі. Моцна зарастае. Упадаюць ручай Пракса і р. Бельская, злучана ручаём з воз. Атолава.

т. 17, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШО́ША,

рака ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна. Даўж. 30 км. Пл. вадазбору 304 км². Выцякае з воз. Шо за 1,4 км на ПдУ ад в. Надазер’е, упадае ў воз. Пліса з У, за 2 км на ПдЗ ад в. Прудаўё. Цячэ па Ушацка-Лепельскім узв., у вярхоўі і сярэднім цячэнні па лясістай мясцовасці. Асн. прытокі: Чысцянка і Лучайка (злева). Даліна скрынкападобная, звілістая, шыр. 500 м — 2 км, месцамі да 4 км. Пойма вузкая, чаргуецца па берагах, месцамі адсутнічае. Рэчышча звілістае, слабаразгалінаванае, шыр. ад 3—5 м у верхнім цячэнні да 12 м у сярэднім і ніжнім. Берагі стромкія, абрывістыя. У сярэднім цячэнні прымае сцёк з меліярац. каналаў.

т. 17, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭФЕНДЫ́ЕЎ Ільяс Магамед аглы (25.6.1914, г. Фізулі, Азербайджан — 3.10.1996),

азербайджанскі пісьменнік. Засл. дз. маст. Азербайджана (1960). Нар. пісьменнік Азербайджана (1979). Скончыў Бакінскі пед. ін-т (1938). Аўтар зб-каў аповесцей і апавяд. «Лісты з вёскі» (1939), «Ясныя ночы» (1945), раманаў «Вербы над арыкам» (1958), «Кізілавы мост» (1960), «Тры сябры за гарамі» (1964), п’ес «Светлыя шляхі» (1947), «Песня засталася ў гарах» (1971), псіхал. драм пра праблемы тагачаснай рэчаіснасці «Ты заўсёды са мной» (1965), «Мая віна» (1969), «Вынішчаныя дзённікі» (1970), нарысаў, літ.-крытычных артыкулаў. Дзярж. прэмія Азербайджана 1972. На бел. мову яго асобныя творы пераклалі У.​Анісковіч, М.​Ракітны, Т.​Шамякіна.

Тв.:

Рус. пер. — Ивы над арыком. М., 1967;

Любовь за семью горами. М., 1973.

т. 18, кн. 1, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)