ЧАМЯРЫ́ЦА,
возера ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лукомка (прыток Улы), за 1,5 км на З ад в. Антаполле, за 26 км на ПдУ ад г. Чашнікі. Пл. 0,54 км², даўж. 1,52 км, найб. шыр. 460 м, найб. глыб. 2,5 м, даўж. берагавой лініі 3,58 км. Пл. вадазбору 4,2 км². Катлавіна рэшткавага тыпу, выцягнута з ПнУ на ПдЗ. Схілы катлавіны выш. 4—7 м, абрываюцца ўступам выш. 1,5—2,5 м, на Пд разараныя, на Пн пад лесам. Берагі нізкія, сплавінныя, парослыя хмызняком, на Пн пад лесам. Пойма затарфаваная і парослая хмызняком, на Пн пад лесам. Дно сапрапелістае, на Пд вузкая паласа пясчаных адкладаў, выслана падводнай расліннасцю. Выцякае ручай у воз. Чарэйскае.
т. 17, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)