ФАМ ВАН ДОНГ (Pham Van Dông; 1.6.1906, прав. Куангнам, В’етнам — 29.4.2000),

дзяржаўны дзеяч В’етнама. Вучыўся ў Ханойскім ун-це. З 1925 чл. Т-ва рэв. моладзі В’етнама, з 1929 чл. яго ЦК. У 1929 арыштаваны франц. ўладамі, у 1930 у турме далучыўся да Камуніст. партыі Індакітая (КПІК, з 1951 — Партыя працоўных В’етнама, ППВ; з 1976 — Камуніст. партыя В’етнама, КПВ). У 1941—45 удзельнічаў ва ўзбр. антыяп. барацьбе. З 1945 міністр фінансаў Час. ўрада Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (ДРВ), з 1946 надзвычайны прадстаўнік КПІК у Паўд. В’етнаме. З 1951 чл. Палітбюро ЦК ППВ—КПВ. У 1949—54 нам. прэм’ер-міністра, у 1955—61 міністр замежных спраў ДРВ. З 1956 прэм’ер-міністр ДРВ, пасля аб’яднання краіны (1976) — Сацыяліст. Рэспублікі В’етнам. У 1986 падаў у адстаўку з усіх партыйных, у 1987 — дзярж. пасад.

т. 16, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАРЭ́Т (у свеце Вахрамееў Кірыла Варфаламеевіч, н. 21.4.1935, Масква),

праваслаўны царкоўны дзеяч Беларусі. Скончыў маскоўскія духоўныя семінарыю (1957) і акадэмію (1961). У 1959 прыняў манаства, у 1961 пасвячоны ў іераманаха. У 1965 епіскап ціхвінскі, у 1966—73 епіскап дзмітраўскі, рэктар маскоўскіх духоўных акадэміі і семінарыі. З 1971 архіепіскап, з 1975 мітрапаліт. З 1978 мітрапаліт мінскі і беларускі; адначасова да 1984 займаў пасаду патрыяршага экзарха Зах. Еўропы, у 1981—89 старшыня аддзела знешніх сувязей Маскоўскага патрыярхата. З 16.10.1989 патрыяршы экзарх усяе Беларусі, пастаянны чл. Сінода Рус. правасл. царквы, старшыня Сінода Бел. экзархата. З 1992 поўны тытул мітрапаліт мінскі і слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, свяшчэнна-архімандрыт Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра.

Тв.:

Богословие добрососедства. Киев, 2002.

Літ.:

Нефедов В.В. Беседы с митрополитом Филаретом. Мн., 1992.

Філарэт.

т. 16, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛАТАВО́ДЗЕЦ,

ваенна-марскі дзеяч, военачальнік, які паспяхова ажыццяўляе кіраўніцтва ВМФ (ВМС) дзяржавы або іх значнай часткай (звычайна флотам) у час вайны. Валодае якасцямі палкаводца, а таксама майстэрствам падрыхтоўкі і кіраўніцтва сіламі флоту пры вырашэнні стратэг. або аператыўна-стратэг. задач.

У часы грабнога флоту як Ф. праславіліся Фемістокл і Перыкл (Стараж. Грэцыя), Дуілій (Стараж. Рым). У эпоху паруснага флоту прызнанымі Ф. былі Лі Сунсін (Карэя), М.​Ройтэр (Галандыя), Ф.Дрэйк і Г.Нельсан (Вялікабрытанія), Ф.Ф.Ушакоў і П.С.Нахімаў (Расія) і інш. Сярод Ф. эпохі паравога флоту С.В.Макараў (Расія), Х.​Тога (Японія) і інш. Важкі ўклад у развіццё ваен.-марскога майстэрства ў гады 2-й сусв. вайны зрабілі сав. Ф. С.Г.Гаршкоў, І.С.Ісакаў, М.Г.Кузняцоў, В.П.Дрозд і інш., а таксама Ф. і палкаводцы саюзнікаў Д.Макартур, Ч.​Німіц (ЗША), Д.​Тові (Вялікабрытанія) і інш.

т. 16, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУ́ЛЕР (Fuller) Джон Фрэдэрык Чарлз (1.9.1878, г. Чычэстэр, Вялікабрытанія — 10.2.1966),

брытанскі ваенны дзеяч, гісторык і тэарэтык. Ген.-маёр (1930). Скончыў Акадэмію Генштаба, служыў у арміі на штабных пасадах. Удзельнік англа-бурскай вайны 1899—1902 і 1-й сусв. вайны. Спланаваў 1-ю ў гісторыі войнаў масіраваную танкавую атаку каля франц. г. Камбрэ (20.11.1917). З 1926 пам. нач. Генштаба. З 1933 у адстаўцы. Аўтар ваен.-гіст. і ваен.-тэарэт. прац, у якіх у 1920—30-я г. абагульняў вопыт 1-й сусв. вайны і распрацоўваў тэорыю стварэння невял. высокамеханізаванай арміі, здольнай масіраванымі ўдарамі танкаў і авіяцыі вырашыць зыход вайны. У 1940—50-я г. выдаў шэраг прац па гісторыі 2-й сусв. вайны і інш. ваен.-гіст. праблемах.

Тв.:

Рус. пер. — Вторая мировая война 1939—1945 гг. М., 1956.

т. 16, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕНГ САМРЫ́Н (н. 25.5.1934, в. Как, Камбоджа),

палітычны і дзярж. дзеяч Камбоджы (у 1976—89 Кампучыя). Чл. Нар. (да 1991 Нар.-рэв.) партыі Камбоджы з 1959; чл. яе Выканкома (з 1977), ген. сакратар (1981—91), ганаровы старшыня (з 1991) ЦК. Удзельнік узбр. барацьбы супраць праамер. рэжыму ген. Лон Нола (з 1970), пасля яго падзення (1975) у арміі рэжыму «чырвоных кхмераў»: паліт. камісар і камандзір дывізіі, нам. нач. штаба Усх. ваен. зоны (1976—78). У 1978 узначаліў паўстанне вайск. часцей (падтрымана в’етн. войскамі) супраць улады Пол Пота. З канца 1978 старшыня ЦК Адзінага фронту нац. выратавання Кампучыі. Старшыня Нар. рэв. савета (1979—81), Дзярж. савета (1981—91) Камбоджы. Ва ўмовах фактычнага кантролю В’етнама над краінай і зацяжной грамадз. вайны з прыхільнікамі Пол Пота праводзіў курс на пабудову сацыялізму на в’етн. ўзор.

т. 17, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫГЕЛЬНІ́ЦКАЯ Фаня Абрамаўна (парт. псеўд. Фейгла, Валя; 22.3.1906, г. Беласток, Польшча —7.11.1988),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Удзельнік Вял. Айч. вайны. Жонка А.А.Альшэўскага. Скончыла Мінскую школу КПЗБ (1925), Камуніст. ун-т імя Свярдлова ў Маскве (1930). У 1923—25 кіраўнік Цэнтр. парт. сувязі КПЗБ. З 1926 сакратар Пінскага, Баранавіцкага, у пач. 1930-х г. — Слонімскага акр. к-таў КПЗБ. У 1927—28 чл. Часовага краявога сакратарыята ЦК КПЗБ, у 1932—33 упаўнаважаны ЦК КПЗБ па Віленскім краі і чл. Краявога сакратарыята ЦК КПЗБ. У 1933 прыгаворана польскімі ўладамі да 7 гадоў турмы. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР з 1939 на сав. рабоце ў Беластоку. Дэп. Нар. сходу Зах. Беларусі (28—30.10.1939, Беласток). У 1944—63 на парт. і сав. рабоце ў Гродне і Гродзенскай вобл.

І.​А.​Карпюк.

т. 17, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРТАРЫ́ЙСКІ Канстанцін Адам (Аляксандр Казімір; 28.10.1773, Варшава — 20.3.1860),

польскі і рас. вайск. і дзярж. дзеяч. З роду Чартарыйскіх. У 1795 разам з братам А.Е.Чартарыйскім адпраўлены ў Пецярбург і залічаны афіцэрам у лейб-гвардыі Ізмайлаўскі полк, потым — камер-юнкерам. З 1796 ад’ютант вял. князя Канстанціна Паўлавіча ў чыне ген.-маёра. У 1798 атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму і пасяліўся ў маёнтку Пулавы. У час аўстра-франц. вайны 1809 змагаўся на баку Напалеона I як генерал Варшаўскага княства; у вайну 1812 вызначыўся ў Смаленскай бітве, цяжка кантужаны пад Барадзіном. Пасля ўтварэння Каралеўства Польскага з 1815 каралеўскі ген.-ад’ютант пры імператару Аляксандру I. З 1828 у Вене. У час паўстання 1830—31 выконваў дыпламат. місію ад А.​Е.​Чартарыйскага да К.​Метэрніха. Меў маёнткі на Беларусі (Воўчынскі і Рэчыцкі ключы).

А.​У.​Ерашэвіч.

т. 17, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЖА́О ЦЗЫЯ́Н (н. 17.10.1919, Пав. Хуа, прав. Хунань, Кітай),

кітайскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1950 па адказных пасадах у Паўд.-кіт. бюро ЦК Камуніст. партыі Кітая (КПК).З 1965 1-ы сакратар Гуандунскага правінцыяльнага к-та КПК. У час «культурнай рэвалюцыі» пацярпеў ад парт. чысткі і накіраваны па «перавыхаванне» ў вёску (1967—71); з 1971 зноў на парт. рабоце, у 1975 рэабілітаваны, з 1975 1-ы сакратар Сычуаньскага правінцыяльнага к-та КПК, набыў вядомасць эканам. рэформамі ў сельскай гаспадарцы. Чл. Палітбюро (1979—89), Пастаяннага к-та Палітбюро (1980—89) ЦК КПК. У 1980—88 старшыня Дзярж. савета Кітая. З ліст. 1987 ген. сакратар ЦК КПК. Садзейнічаў паляпшэнню адносін з СССР. У чэрв. 1989 зняты з усіх пасад за няздольнасць спыніць студэнцкія выступленні ў Пекіне.

В.​У.​Адзярыха.

т. 17, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧОН ДУ ХВАН (н. 18.1.1931, прав. Кёнсан-Намдо, Рэспубліка Карэя),

дзяржаўны і ваен. дзеяч Рэспублікі Карэя. Ген. (1978). Скончыў Карэйскую ваен. акадэмію (1955), служыў у арміі. Камандаваў паўд.-кар. войскамі ў Паўд. В’етнаме ў 1960-я г. Кіраваў расследаваннем забойства прэзідэнта Пак Чжон Хі (26.10.1979), што выкарыстаў для расправы з паліт. канкурэнтамі. У маі 1980 узначаліў дзярж. пераварот, жорстка падавіў нар. паўстанне ў г. Кванчжу. У жн. 1980 прымусіў парламент выбраць сябе прэзідэнтам Рэспублікі Карэя (1980—88). Працягваў эканам. палітыку Пак Чжон Хі, якая спрыяла хуткаму росту эканомікі, паступова змякчаў паліцэйскі рэжым. З 1988 у адстаўцы. У 1995 арыштаваны і прыгавораны да смяротнага пакарання (заменена пажыццёвым зняволеннем) за масавыя забойствы у г. Кванчжу ў 1980 і карупцыю ў час яго прэзідэнцтва. Памілаваны ў 1998.

В.​У.​Адзярыха.

т. 17, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧХЕІ́ДЗЕ Мікалай (Карла) Сямёнавіч (1864, с. Путы Зестафонскага р-на, Грузія — 1926),

расійскі і груз. паліт. дзеяч, адзін з лідэраў меншавікоў, журналіст. У с.-д. руху з канца 1890-х г. Дэп. 3-й (1907—12) і 4-й (1912—17) Дзярж. дум, старшыня меншавіцкай фракцыі ў 4-й Думе. У 1-ю сусв. вайну цэнтрыст, прыхільнік удзелу рабочых у ваенна-прамысловых камітэтах. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. Часовага камітэта Дзяржаўнай думы 1917, старшыня Выканкома Петраградскага Савета і ВЦВК Саветаў 1-га склікання. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Грузіі. У лют.—чэрв. 1918 старшыня Закаўказскага сейма з правамі прэзідэнта Закаўк. Дэмакр. Федэратыўнай Рэспублікі (распалася ў чэрв. 1918), з сак. 1919 старшыня Устаноўчага сходу (парламента) Груз. Дэмакр. Рэспублікі. З 1921 у эміграцыі (Францыя). Скончыў самагубствам.

т. 17, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)