ПО́ЛЬСКАЯ МО́ВА,

адна з заходнеславянскай групы славянскіх моў, мова палякаў, дзярж. мова Польшчы. Мае 5 дыялектаў: велікапольскі, малапольскі, мазавецкі, шлёнскі, або сілезскі, кашубскі.

У фанетыцы: захаванне насавых [о], [э]; адсутнасць рэдукцыі галосных; чаргаванні ’e—’o, ’e—’a, ę—ą, ’er—’ar і інш.; палаталізаваныя зычныя p’, b’, m’, f’, v’; палатальныя n’, l’, j’, c’, dz’, s’, z’, k’, g’, ch’, якім (апрача j) адпавядаюць цвёрдыя; замена t’, d’, r’ на c’, dz’ rz’; наяўнасць альвеалярнага l (перад a, o, e, u і зычнымі) побач з цвёрдымі ł ([ł] або [u]) і мяккім l’ (у спалучэнні li); 8 шыпячых зычных; сталы націск на перадапошнім складзе. У марфалогіі: ужыванне асабовых паказчыкаў у 1-й і 2-й асобах адз. л. прошлага часу ў дзеясловах miałem — «я меў», miałeś — «ты меў», miał — «ён меў»; наяўнасць энклітык і праклітык; ужыванне дзеяслоўнай звязкі być («быць») у цяперашнім часе. П.м. флектыўная, мае 7 склонаў (з клічным), 2 лікі, 3 роды (у мн. л. — 2 з-за катэгорыі адушаўлёнасці-неадушаўлёнасці мужчынскай асобы); 3 скланенні з 5 маюць мяккую і цвёрдую разнавіднасці; дзеясловам уласцівы катэгорыі трывання, часу, стану, ладу, асобы, ліку, дзеяслоўным формам і дзеепрыметнікам на ł — катэгорыі роду і асобы-неасобы. У сінтаксісе — асаблівы парадак слоў: група дзейніка стаіць перад групай выказніка, дапасаванае азначэнне ва ўстойлівых зваротах знаходзіцца пасля азначаемага слова і інш. Узбагачэнне лексікі адбывалася за кошт запазычанняў з лац., ням., італьян., франц., рус. (асабліва пасля 2-й сусв. вайны), а таксама бел. моў (duha — «дуга», boćwina — «бацвінне», borowik — «баравік» і інш.). У бел. лексіку трапіла шмат запазычаннях з П.м. (гл. Паланізм).

Літ. мова склалася на аснове велікапольскіх, малапольскіх і, пазней, мазавецкіх гаворак. Найб. прынятая перыядызацыя літ. мовы: старапольскі (сярэдзіна 12 — пач. 16 ст.), сярэдняпольскі (пач. 16 — сярэдзіна 18 ст.), навапольскі (з сярэдзіны 18 ст. — 1945), сучасны польскі перыяды. Пісьменства з 13 ст.: рэліг. песня «Багародзіца», Свентакшыскія казанні, Фларыянскі псалтыр (14 ст.) на аснове лацінскага алфавіта.

Літ.:

Тихомирова Т.С. Курс польского языка. М., 1988;

Кіклевіч А.К., Кожынава А.А., Кур’ян І.У. Польская мова. Мн., 2000.

І.​І.​Лучыц-Федарэц.

т. 12, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЕКТЫ́ЎНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,

раздзел геаметрыі, што вывучае ўласцівасці фігур, якія не змяняюцца пры праектыўных пераўтварэннях. Такія ўласцівасці наз. праектыўнымі, напр., датычнасць прамой і лініі, парадак лініі. Існуюць таксама непраектыўныя ўласцівасці, напр., паралельнасць ці перпендыкулярнасць прамых, роўнасць адрэзкаў і вуглоў. Асн. тэарэмы класічнай П.г.: Брыяншона тэарэма, Дэзарга тэарэма, Паскаля тэарэма.

Асновы П.г. закладзены Ж.Дэзаргам у сувязі з развіццём вучэння аб перспектыве і Б.Паскалем пры вывучэнні ўласцівасцей канічных сячэнняў. Як самастойная дысцыпліна выкладзена франц. матэматыкам Ж.​Панселе, які вылучыў праектыўныя ўласцівасці фігур у асобны клас і вызначыў адпаведнасці паміж іх метрычнымі і праектыўнымі ўласцівасцямі. Пры праектаванні (гл. Праекцыя) пунктаў адной плоскасці П на другую П’ не кожны з іх мае вобраз на П’ і наадварот — не кожны пункт П мае правобраз на П. Гэта прывяло да неабходнасці дапаўнення эўклідавай плоскасці бясконца аддаленымі элементамі (няўласнымі пунктамі і няўласнай прамой; гл. Праектыўная плоскасць), што зрабіла праектаванне ўзаемна адназначным. Аналагічна эўклідава прастора пераўтвараецца ў праектыўную прастору. Паняцці «пункт» і «прамая» ў П.г. звязаны паміж сабою адным з асн. паняццяў — інцыдэнтнасцю: пункт і прамая інцыдэнтныя, калі пункт належыць прамой ці (што тое самае) прамая праходзіць праз пункт. Прынцып дваістасці сцвярджае: калі справядліва выказванне ў дачыненні пунктаў, прамых і суадносін інцыдэнтнасці паміж імі, то справядліва і дваістае выказванне, атрыманае з зыходнага, калі памяняць месцамі словы «пункт» і «прамая», напр., двум розным пунктам інцыдэнтная прамая (і прытым толькі адна); двум розным прамым інцыдэнтны пункт (і прытым толькі адзін). Гэты прынцып адлюстроўвае фундаментальную ўласцівасць праектыўнай плоскасці: прамыя і пункты на ёй — цалкам раўнапраўныя геам. аб’екты. П.г. знаходзіць дастасаванні ў намаграфіі, квантавай тэорыі поля, канструяванні пячатных схем і інш.

Літ.:

Хартсхорн Р. Основы проективной геометрии: Пер. с англ. М., 1970;

Ефимов Н.В. Высшая геометрия. 6 изд. М., 1978;

Алгебра и аналитическая геометрия. Ч. 2. Мн., 1987.

А.​А.​Гусак.

Да арт. Праектыўная геаметрыя. Цэнтральнае праектаванне акружнасці, якая ляжыць у плоскасці П, з пункта S на плоскасць П′: прамыя AQ і AP праектуюцца ў паралельныя прамыя q і p, акружнасць — у парабалу, датычная да акружнасці QN — у датычную да парабалы.

т. 12, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКЛЁНЫ, кленічы, кляты,

устойлівыя па прынцыпах пабудовы і імправізацыйныя па рэалізацыі (адпаведна выпадку) формулы вербальнай (слоўнай) магіі шкадлівага характару. Адна з праяў архаічнай свядомасці чалавека, яго веры ў магічныя сродкі ўздзеяння на чалавека, жывёлу, аб’екты нежывой прыроды, а найперш у дзейсную сілу слова. Найчасцей выказваюцца ў адказ на рэальнае ці ўяўнае праяўленне агрэсіі, варожасці ў дзеяннях і словах. У іх назіраецца імкненне «адвярнуць» шкадлівае дзеянне на крыніцу яго спараджэння, магічным спосабам адпомсціць за нейкае зло, знішчыць крыўдзіцеля і яго род, дабрабыт і інш.

Разбурэнне міфалагічнай сістэмы ператварыла формулы П. у бясшкодныя выслоўі. Напр., забыты страх пра дэмана Кадука, што зжыраў немаўлят і тым асуджаў род на выміранне, ператварыў праклён «Каб на цябе Кадук» у нейтральны папрок, які бабулі часта адрасавалі дзецям (тыпу «А няхай вас качкі стопчуць!»). Для ўзмацнення дзейнасці П. выкарыстоўваліся магічныя атрыбуты, сакральныя мясціны, урочны час. Найб. моцнымі лічыліся матчыны П., бо яны павінны былі няўхільна споўніцца (іншыя можна было нейтралізаваць). Цывілізаванасць праяўлялася ў тым, што забаранялася праклінаць дзяцей непрыяцеля, хоць зацятасць спараджала П. на 10 пакаленняў. Матывы П. выкарыстоўваліся ў нар. творчасці, міфалагічных сюжэтах, баладах і інш. творах (у выніку П. моладзец ператвараецца ў явар, нявестка — у рабіну ці каліну, вяселле — у каменне ці ў ваўкалакаў). П. вымаўляліся часта ва ўзбуджаным стане, у парыве гневу, крыўды, жадання адпомсціць. Тады яны складваліся ў доўгія нізкі з пералічэннем усіх нягод непрыяцелю. Мова П. вызначаецца экспрэсіўнасцю, вобразнасцю, рытмічнасцю. У П. заўсёды прысутнічае параўнанне, узважванне шкоды і расплаты за яе. П. грунтуюцца на стараж. звычаёвым праве продкаў. Формаю яны блізкія да зневажальных выслоўяў.

Публ.: Выслоўі / Склад. М.​Я.​Грынблат. Мн., 1979.

Літ.:

Нікіфароўскі М.Я. Напаўпрыказкі-напаўпрымаўкі // Зап. аддз. гуманіт. навук. Кн. 4. Пр. катэдры этнаграфіі. Мн., 1928. Т. 1, сш. 1;

Federowski M. Lud białoluski. T. 1. Kraków, 1897;

Pietkiewicz Cz. Kultura duchowa Polesia Rzeczyckiego. Warszawa, 1938;

Moszyński K. Kultura ludowa słowian. T. 2: Kultura duchowa. Cz. 1. 2 wyd. Warszawa, 1967.

Л.​М.​Салавей.

т. 12, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСЛАВА́НСКАЯ МО́ВА, агульнаславянская мова,

мова старажытных славян перыяду іх адноснага адзінства. У 2-й пал. 1-га тыс. н.э. распалася на асобныя славянскія мовы. На думку некат. вучоных, паміж індаеўрап. і праслав. перыядамі існаваў перыяд балтаславянскай прамовы, з якой П.м. вылучылася ў канцы 1-га тыс. да н.э. Разам з прабалт., індаіран. і армянскай П.м. належыць да групы satem індаеўрапейскіх моў. Носьбіты П.м. змянілі тэр. жыхарства (слав. прарадзіму) у Цэнтр. і Усх. Еўропе; верагодна ў 1-м тыс. да н.э. тэр. прарадзімы славян (да гэтага часу размяшчаліся больш на З і Пн) ахоплівала Прыпяцкае Палессе. П.м. зведала дыялектнае чляненне. Адна са стараж. дыялектных ’яе рыс — адрозненне выбухнога і фрыкатыўнага вымаўлення «г». Перад распадам П.м. вылучаліся паўн. і паўд., зах. і ўсх. дыялектныя зоны. За час існавання зазнала істотныя змены. У фанетыцы пры вылучэнні з індаеўрап. адзінства мяккія заднеязычныя зычныя ператварыліся ў свісцячыя, супалі прыдыхальныя і непрыдыхальныя зычныя, у пэўных пазіцыях s перайшло ў «х», адбылася дэлабіялізацыя галосных. Фанет. працэсы праходзілі ў 2 гал. кірунках: узыходнай гучнасці (манафтангізацыя дыфтонгаў, узнікненне насавых галосных, станаўленне закона адкрытага складу і інш.) і гармоніі (палаталізацыя заднеязычных зычных, змена гукаў побач з j і інш.) складу. У марфалогіі адбывалася перабудова сістэмы часцін мовы (падзел імені на назоўнікі і прыметнікі, узнікненне ўмоў для вылучэння лічэбнікаў, рост прыслоўяў), тыпаў скланення, утварэнне новага імперфекта ў дзеяслова, станаўленне апазіцыі незакончанага і закончанага трывання. Пашырылася прэфіксальнае словаўтварэнне дзеясловаў, суфіксальнае — назоўнікаў і прыметнікаў, замацоўваўся слав. тып простага сказа, ствараліся перадумовы для развіцця складанага сказа. Лексіка П.м. значна ўзбагацілася ўласнымі новаўтварэннямі, часткова запазычаннямі з балт., германскіх, іранскіх і інш. моў. П.м. не мела пісьмовай фіксацыі. Стан і развіццё яе рэканструююцца параўнальна-гістарычным мовазнаўствам. П.м. як продка ўсіх сучасных слав. моў вывучае славянскае мовазнаўства.

Літ.:

Чекман В.Н. Исследования по исторической фонетике праславянского языка. Мн., 1979;

Супрун А.Е., Калюта А.М. Введение в славянскую филологию. Мн., 1981;

Мартынов В.В. Становление праславянского языка по данным славяно-иноязычных контактов. Мн., 1982;

Этимологический словарь славянских языков: Праславянский лексический фонд. Вып. 1—25. М., 1974—99.

А.​Я.​Супрун.

т. 13, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭЛЮ́ДЫЯ, прэлюд (позналац. praeludium ад лац. praeludo раблю ўступ, іграю папярэдне),

невялікая муз. п’еса імправізацыйнага характару пераважна для аднаго інструмента.

Найб. раннія яе ўзоры ўзніклі ў 15 ст. Напачатку П. — кароткі ўступ да асн. інстр. п’есы ці харала. адметны свабодным стылем з фігурацыйным развіццём, элементамі поліфанічнага і акордавага складу; стварала танальны, вобразна-эмацыянальны настрой, палягчала ўступ галасоў. У 17 ст. П. называліся ўступы ў франц. оперы, сюіце ці сюітападобным цыкле побач з фугай і інш. п’есамі. З 18 ст. самаст. п’еса. З імем І.​С.​Баха звязана зацвярджэнне цыкла П. — фуга, у якім абедзве п’есы, аб’яднаныя танальна, дапаўняюць адна адну кантрастам характару, спосабу выкладання. Пазней падобныя цыклы стварылі Дз.​Шастаковіч, Р.​Шчадрын, П.​Хіндэміт і інш. У 20 ст. тэрмін «П.» трактуецца шматпланава: 2-часткавы цыкл П. — фуга пашырыўся да 3-часткавага («Прэлюдыя, харал і фуга» С.​Франка); уступы да оперы і яе асобных актаў (оперы Дж.​Вердзі, Р.​Вагнера, Дж.​Пучыні); самастойны, пераважна фп. ці аркестравы, твор («Прэлюды» Ф.​Ліста); узнікае тып цыкла П. звычайна ва ўсіх танальнасцях (Ф.​Шапэн, С.​Рахманінаў, А.​Скрабін, К.​Дэбюсі, Дз.​Шастаковіч, Дз.​Кабалеўскі).

У бел. музыцы жанр П. ўвасоблены ў разнастайных цыклах вобразна-канкрэтных мініяцюр для фп. (6 прэлюдый Г.​Вагнера, 2 — Р.​Суруса, прэлюдыі С.​Каргэса, І.​Лучанка, В.​Помазава, У.​Браілоўскага), у класічных цыклах («24 П» для фп. П.​Падкавырава), у традыц. «парным» цыкле (П. і фуга для струн. аркестра з фп. В.​Іванова). Створаны П. для нар. інструментаў самаст. п’есы (П. для цымбалаў і фп. М.​Аладава, П. для аркестра нар. інструментаў А.​Мдывані), ці ч. «парнага» цыкла (П. і канцэрціна Л.​Свердэля). Своеасабліва пераўтвораны жанр П. ў буйных цыклічных формах (імправізацыйна-рэчытатыўная экспрэсіўная П. ў 3-й санаце -для скрыпкі і фп. Л.​Абеліёвіча, ролю П. выконваюць інтрады ў неакласіцысцкай 2-й сімфоніі Г.​Вагнера, у пераасэнсаванні будовы класічнай сюіты «Мемарыял» для камернага аркестра У.​Дарохіна) і інш. Пры стварэнні П. некат. бел. кампазітары выкарыстоўваюць сучасную тэхніку кампазіцыі (5 дадэкафонных прэлюдый Р.​Суруса).

Літ.:

Панкратова В. Малые инструментальные формы: (Прелюдия, ноктюрн, этюд). М., 1962.

А.​У.​Валадковіч.

т. 13, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДНАСЦЬ МОЎ,

наяўнасць у мовах агульных рыс і рэгулярных суадносін на розных узроўнях моўных сістэм. Р.м. апіраецца на падабенства каранёў, словаўтваральных суфіксаў, грамат. форм, марфал. характарыстык, сінтакс. канструкцый. Яе паказчыкам можа быць і падобная сістэма лічэбнікаў. Роднасныя мовы паходзяць або з адной мовы-асновы (напр., пасля распаду стараж. праслав. мовы ўзнікла старажытнаруская мова, на аснове якой да 14—15 ст. склаліся ўсходнеславянскія мовы, у т. л. беларуская мова), або дзвюх моў, з якіх адна шляхам паступовага развіцця ўзнікла з другой (напр., роднасць англ. і яе папярэдніцы стараж.-саксонскай мовы). Бел. мова разам з рускай мовай і ўкраінскай мовай (усх.-слав. мовы) уваходзіць у групу славянскіх моў, якая ўключае таксама зах.-слав. (чэш., польская, славацкая і інш.) і паўд.-слав. (балгарская, сербская і інш.) мовы. Яны звязаны заканамернымі гукавымі адпаведнасцямі: бел. «варона», «сон», «чужы», «польскае» wrona, sen, cuzdy, балгарскае «врана», «сън», «чужд» і г.д. Некат. групы выяўляюць больш аддаленую роднасць (меншы аб’ём матэрыяльнай агульнасці) і аб’ядноўваюцца ў больш буйныя сем’і моў. Да слав моў найб блізкая група балтыйскіх моў. Слав. і балт. мовы разам з герм., раманскімі, індаіранскімі, грэчаскай і інш. мовамі складаюць сям’ю індаеўрапейскіх моў. Чым меншы аб’ём матэрыяльнай агульнасці і менш празрыстыя рэгулярныя гукавыя адпаведнасці, тым складаней узвядзенне моў, што параўноўваюцца, да агульнай прамовы. Наяўнасць пэўнай агульнасці лексічнага складу, сінтакс. канструкцый, асобных фанетычных рыс і тыпалагічных характарыстык без рэгулярных гукавых адпаведнасцей можа быць вынікам больш позніх збліжэнняў (гл. Моўны саюз, Моўныя кантакты, Запазычанні). Вывучае Р.м. параўнальна-гістарычнае мовазнаўства. Праблематыка, звязаная з Р.м., распрацоўвалася на Беларусі ў працах П.​А.​Бузука, І.​В.​Ваўка-Левановіча, С.​П.​Мікуцкага, пазней — у работах М.​Г.​Булахава, І.​С.​Козырава, Р.​У.​Краўчука, В.​У.​Мартынава. А.​Я.​Супруна, Г.​А.​Цыхуна, В.​М.​Чэкмана, П.​Я.​Юргелевіча і інш.

Літ.:

Иванов В.В. Генеалогическая классификация языков и понятие языкового родства. М., 1954;

Ходова К.И. Языковое родство славянских народов. М., 1960;

Гамкрелидзе Т.В., Иванов В.В. Индоевропейский язык и индоевропейцы. [Кн.] 1—2. Тбилиси, 1984.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МСКІ САБО́Р СВЯТО́ГА ПЯТРА́, Сан-П’етра,

помнік архітэктуры эпохі Адраджэння ў Рыме. Узведзены ў 1506—1614 на месцы аднайм. 5-нефавай базілікі 324—349 (перабудавана; з 1452 арх. Б.​Раселіна). Задуманы і пачаты арх. Д.​Брамантэ як цэнтрычная кампазіцыя. Праект неаднаразова перапрацоўваўся (пераважна са зменай кампазіцыі на падоўжную): арх. Фра Джаконда, Дж. да Сангала, Рафаэль (1516), Б.​Перуцы, А. да Сангала Малодшы; у 1546—64 Мікеланджэла вярнуўся да цэнтрычнай кампазіцыі: узмацніў гал. апоры, узвёў апсіды і цэнтр. ч. да барабана. У 1564—85 узведзены 2 пярэднія купалы (арх. Дж.​Віньёла), у 1586—93 — гал. купал (арх. Дж. дэла Порта), у 1607—14 створаны гал. фасад, 3 новыя нефы (арх. К.​Мадэрна). На фасадзе з вял. цэнтр. порцікам — 9 балконаў (сярэдні наз. Лоджыя Дабравешчання, адсюль папа рымскі звяртаецца да вернікаў). Праз 5 манум. бронз. брам (адна з іх — Свяшчэнная, адчыняецца самім папам рымскім раз у 25 гадоў) з мармуровымі калонамі ўздоўж фасада — уваход у б. атрый (двор, абкружаны порцікамі; арх. Мадэрна). Грандыёзны манум. інтэр’ер — узор гарманічнага зліцця стыляў рэнесансу і барока. У апсідзе месца спавядання (т.зв. канфесія) пазначана адкрытай крыптай (1600, арх. Мадэрна). Гал. алтар увянчаны лёгкім і манум. бронз. балдахінам (1624—33, арх. Л.​Берніні). У інтэр’еры творы Мікеланджэла (скульпт. група «Аплакванне Хрыста», ці «П’ета», каля 1498—99), Берніні (кафедра св. Пятра, 1657—66, надмагіллі), Дж.​Манцу (манум. бронз. «Брама Смерці», 1947—64) і інш. У рызніцы (канец 18 ст.) створаны музей (зборы рэліквій і скарбаў сабора). Пад саборам вял. падзямелле — т.зв. Свяшчэнныя гроты, дзе сабраны дахрысц. грабніцы, а таксама магілы рымскіх пал і каралёў ( у 1935—50 гроты перароблены ў 3-нефавы могілкавы храм). Перад саборам — барочная авальная пл. святога Пятра (1657—63, арх. Берніні), абкружаная 2 паўкруглымі каланадамі і галерэямі са 140 статуямі святых; у цэнтры — стараж.-егіп. абеліск, фланкіраваны 2 фантанамі. Сабор уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Рымскі сабор святога Пятра.
Рымскі сабор святога Пятра. Фрагмент інтэр’ера.

т. 13, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫПІ́НСКІ (Аляксандр Феліксавіч) (1811, в. Кукавячына Віцебскага р-на — 1900?),

бел. і польскі паэт, фалькларыст, графік, кнігавыдавец. Скончыў Віцебскую гімназію. У 1829—30 вучыўся ў школе прапаршчыкаў у Дынабургу (цяпер Даўгаўпілс, Латвія), дзе блізка сышоўся з В.Кюхельбекерам. Удзельнік паўстання 1830—31. З 1832 у Парыжы, зблізіўся з А.Міцкевічам, абраны чл. Франц. акадэміі прам-сці, сельскай гаспадаркі, рамёстваў і гандлю. Выдаў фалькларыстычна-этнагр. даследаванне «Беларусь» (Парыж, 1840), у якім упершыню ў гісторыі беларусістыкі сістэматызаваў вусную творчасць бел. народа па жанрах і тэматыцы. У кнізе змешчана вял. колькасць абрадавых твораў, даюцца апісанні і характарыстыка абрадаў, звесткі па гісторыі л-ры і муз. культуры Віцебшчыны, апублікаваны нар. рэліг. песні кніжнага паходжання, макаранічныя бел.-польскія мініяцюры Ф.​Рысінскага(?), уласныя творы, стылізаваныя пад нар. песні. З 1846 у Лондане, дзе займаўся выдавецкай і творчай дзейнасцю, выкладаў мовы, матэматыку і маляванне. Сам афармляў уласныя кнігі, выявіў выключныя здольнасці да маст. фатаграфіі, стаў адным з піянераў фотамастацтва. У 1852 разам з І.​Яцкоўскім заснаваў вольную друкарню, у якой выдаў свае паэт. кнігі на польскай мове з уласнымі ілюстрацыямі («Паэтычныя творы», 1853; «Сяржант-філосаф...», 1854) і бел. рамант. баладу «Нячысцік» (1853, адна з першых у бел. л-ры, у аснову яе пакладзены фалькл. ўзоры). З кастр. 1852 у ёй друкавалася эмігранцкая газ. «Demokrata Polski» («Польскі дэмакрат»). У 1859, пасля царскай амністыі, вярнуўся на радзіму. Працаваў над гісторыяй бел. л-ры, стварыў шэраг біяграфій пісьменнікаў-беларусаў: Я.​Баршчэўскага, Г.​Марцінкевіча, В.​Рэута, Ф.​Рысінскага, Т.​Заблоцкага (не захаваліся). Перапісваўся з А.Плугам, у 1860 пакінуў вершаваны і празаічны запісы на бел. і польскай мовах у «Альбоме» А.​І.​Вярыгі-Дарэўскага. У творчасці Р. пераважала маральна-этычная праблематыка. Яго паэзіі ўласціва фалькл.-рамант. скіраванасць у спалучэнні з дыдактычнасцю і сентыменталісцкім стылем. Беларусь разглядаў як правінцыю Польшчы.

Літ.:

Пачынальнікі. Мн., 1977;

Штэйнер І. Аляксандр Рыпінскі (1810—1900) // Беларуская літаратура. Мн., 1985. Вып. 13;

Піятуховіч М. Рукапісы А.​Рыпінскага // Шляхам гадоў. Мн., 1990.

У.​І.​Мархель.

А.Ф.Рыпінскі.

т. 13, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1848—49 У ІТА́ЛІІ,

адна з рэвалюцый 1848—49 у Еўропе. Спалучала мэты скасавання феад.-абсалютысцкага ладу з барацьбой супраць прыгнёту Аўстрыі і за аб’яднанне краіны. Пачалася з паўстання 12.1.1848 на Сіцыліі. Пад уплывам рэвалюцыі 1848 у Францыі ў лют.-сак. 1848 у Сіцылій абедзвюх каралеўстве, Вял. герцагстве Таскана і Папскай вобласці былі абвешчаны канстытуцыі і створаны канстытуцыйныя ўрады. 17 сак. пачалося антыаўстр. паўстанне ў Венецыі, дзе 22 сак. абвешчана незалежная рэспубліка. Адначасова ў герцагствах Парма і Модэна скінуты прааўстр. правіцелі. Кароль П’емонта Карл Альберт абвясціў ліберальную канстытуцыю (т.зв. Альберцінскі статут). На хвалі нац. ўздыму ён абвясціў 24 сак. вайну Аўстрыі з мэтай вызвалення італьян. зямель Ламбардыі і Венецыі, якія знаходзіліся пад яе ўладай. Але пасля паражэння 22 ліп. войск П’емонта пры Кустоцы Карл Альберт быў вымушаны падпісаць перамір’е, якое вяртала Ламбардыю і Венецыю пад уладу Аўстрыі. Восенню пачаўся новы ўздым рэвалюцыі, гал. цэнтрамі якой сталі Таскана, Венецыя і Папская вобласць. У выніку паўстання 16.11.1848 у Рыме да ўлады прыйшоў свецкі ўрад. 8.2.1849 абвешчана Рымская Рэспубліка 1849, якую ўзначалілі Дж.Мадзіні, Дж.Гарыбальдзі і інш. рэвалюцыянеры; праведзены шэраг прагрэс. рэформ: нацыяналізацыя царк. зямель, увядзенне прагрэс. падатку, скасаванне саляной і тытунёвай манаполій і інш. Новы ўздым рэвалюцыі падштурхнуў урад П’емонта аднавіць 20 сак. ваен. дзеянні супраць Аўстрыі. Але ўжо 23 сак. п’емонцкія войскі былі разбіты пры Навары, што прымусіла Карла Альберта спыніць барацьбу і адрачыся ад прастола на карысць свайго сына Віктара Эмануіла. Пасля перамогі над П’емонтам Аўстрыя разгарнула дзеянні супраць рэв. урадаў Сярэдняй і Паўд. Італіі. У крас. 1849 аўстр. войскі аднавілі на прастоле Тасканы свайго стаўленіка Леапольда П, да мая — уладу неапалітанскіх Бурбонаў у Каралеўстве абедзвюх Сіцылій. 3.7.1849 аб’яднаныя войскі Францыі, Аўстрыі і Іспаніі ліквідавалі Рымскую Рэспубліку, абаронай якой кіраваў Гарыбальдзі. 22.8.1849 пала Венецыянская Рэспубліка. Нягледзячы на паражэнне, рэвалюцыя моцна пахіснула феад.-абсалютысцкія рэжымы Італіі. Захаваўся ліберальны рэжым у П’емонце, які стаў у 1860—70-я г. ядром аб’яднання краіны.

Літ.:

Канделоро Дж. История современной Италии: Пер. с итал. Т. 3. М., 1962;

Берти Дж. Демократы и социалисты в период Рисорджименто: Пер. с итал. М., 1965.

П.​А.​Тупік.

т. 13, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНЕ́Т (італьян. sonetto ад правансальскага sonet песенька),

адна з цвёрдых форм верша; верш з 14 радкоў: двух катрэнаў (4-радкоўяў) і двух тэрцэтаў (3-радкоўяў). Памер — 5-стопны, радзей 4- ці 6-стопны ямб. Радкі ў катрэнах рыфмуюцца па схемах: абба абба ці абаб абаб, у залежнасці ад іх рыфмы ў тэрцэтах размяшчаюцца: ввг дгд ці ввг ддг. Першы катрэн — экспазіцыя, у ім намячаецца тэма верша, развіццё якой складае змест другога 4-радкоўя. На першы тэрцэт прыпадае кульмінацыя, на заключны — развязка. Асаблівая роля належыць апошняму радку, т. зв. санетнаму замку — своеасабліваму ідэйнаму ключу ўсяго верша. У класічнай форме С. дапускаецца ўжыванне аднаго і таго ж слова (за выключэннем службовых) толькі адзін раз.

С. узнік у Італіі ў 1-й пал. 13 ст., росквіту дасягнуў у творчасці Дантэ, Ф.​Петраркі, развіўся ў ісп., партуг., франц., англ. і інш. зах,еўрап. л-рах. У рус. паэзію ўведзены В.​К.​Традзьякоўскім. Карысталіся гэтай формай В.​Жукоўскі, А.​Пушкін і інш. Музычнасцю мовы вызначаюцца «Крымскія санеты» А.​Міцкевіча. Напачатку С. належаў да інтымнай лірыкі. У.​Шэкспір напоўніў яго філас. зместам, абнавіў форму.

У бел. паэзію С. увёў Я.​Купала («Жніво», «Па межах родных і разорах», «Запушчаны палац», усе нап. 1910). Пэўны ўклад у развіццё С. зрабіў М.​Багдановіч. У арт. «Санет» ён разглядаў не толькі страфічную структуру гэтага тыпу верша, але і яе сэнсавыяўленчыя магчымасці. Узорам у бел. л-ры лічыцца С. Багдановіча «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі». С. — пашыраная форма верша ў бел. паэзіі. Вядомыя санеты З.​Бядулі («Тут неба — даль бязбрэжная, як мора»), У.​Жылкі («Сёмуха», «Каханне», «Хараство»), П.​Труса («Над кубкам возера»), М.​Танка («Санет», «У век рэвалюцыйны, штармавы», «Трэска з дома Шэкспіра»), У.​Дубоўкі («Ля Мядзела ёсць возера адно»), А.​Звонака («Паэзія», «Вернасць», «Слава», «Жаданне») і інш. С. сустракаецца ў паэзіі Р.​Барадуліна, Э.​Валасевіча, С.​Грахоўскага. Хв.Жычкі, К.​Кірэенкі, Я.​Сіпакова, М.​Федзюковіча і інш.

Літ.:

Барычэўскі А. Тэорыя санету. Мн., 1927.

А.​А.​Майсейчык.

т. 14, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)