пашыраная ў свеце леварадыкальная ідэйна-паліт. плынь, якая кіруецца ў сваёй дзейнасці поглядамі К.Маркса і У.І.Леніна на сацыялізм і камунізм і мае на мэце пабудову ў свеце камуніст. грамадства, першая фаза якога — сацыялізм. Аб’ядноўвае камуніст. і ідэйна блізкія да іх сацыяліст. і рабочыя партыі. Узнік у 1840—50-я г. амаль адначасова з марксізмам як састаўная частка міжнар. рабочага руху. Першай камуніст. арг-цыяй быў створаны ў 1847 Саюз камуністаў, які аб’ядноўваў камуніст. і карэспандэнцкія к-ты шэрагу зах.-еўрап. краін. У напісаным для Саюза Марксам і Ф.Энгельсам «Маніфесце Камуністычнай партыі» (1848) выкладзена праграма міжнар.рэв. рабочага руху і абгрунтавана неабходнасць стварэння паліт. партыі пралетарыяту. Камуніст. (марксісцкая) плынь дамінавала ў Інтэрнацыянале 1-м (1864—76), у с.-д. і сацыяліст. партыях, што стварылі Інтэрнацыянал 2-і (1889—1922). Да канца 19 — пач. 20 ст.камуніст. рух і сацыял-дэмакратыя развіваліся на агульнай аснове марксізму як паралельныя плыні ў рамках с.-д. і сацыяліст. партый, потым адзіны сусв.сацыяліст. рух распаўся на 2 самаст. плыні — сацыял-дэмакр. і камуністычную, якія разышліся ў поглядах на стратэгію і тактыку заваявання паліт. улады, сутнасць, шляхі і спосабы пабудовы сацыялізму. Сацыял-дэмакраты (Э.Бернштэйн і інш.) прыйшлі да высновы, што асобныя палажэнні марксізму не пацвердзіліся часам або ўстарэлі. Прадстаўнікі камуніст. плыні працягвалі адстойваць марксісцкія палажэнні аб выключна рэв. шляху дасягнення сацыялізму як першай стадыі камунізму праз класавую барацьбу і дыктатуру пралетарыяту ў якасці абранага гісторыяй класа. Найб. відным выразнікам гэтай плыні ў пач. 20 ст. стаў лідэр рас.бальшавікоў Ленін. Пасля 1-й сусв. вайны с.-д. і сацыяліст. партыі канчаткова раскалоліся, з іх выйшлі прадстаўнікі рэв. марксізму, якія сталі называць сябе камуністамі і пачалі ствараць уласныя камуніст. партыі. Гэтаму працэсу спрыяла Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 у Расіі. Няўдалай спробай прымірыць і аб’яднаць сацыяліст. рух з камуністычным было стварэнне і непрацяглае існаванне т. зв.«Інтэрнацыянала 2 1/2» (1921—23). Але ў 1919, са стварэннем Камуністычнага Інтэрнацыянала (Камінтэрна), рашэнні кіруючых органаў якога былі абавязковымі для партый-членаў, М.к.р. аформіўся ў самаст.паліт. сілу. У 1920—50-я г. фактычным цэнтрам усяго М.к.р. быў СССР. Грамадска-паліт. з’явы, якія мелі месца ў гэтай краіне (паліт. рэпрэсіі, культ асобы І.В.Сталіна, абмежаванасць паліт. правоў асобы, празмерная роля дзяржавы ў грамадстве і інш.) негатыўна адбіваліся на ўсім камуніст. руху. У 1920-я г. з М.к.р. вылучылася леваэкстрэмісцкая плынь — трацкізм (ад імя Л.Д.Троцкага), прадстаўнікі якога ў 1938 стварылі т. зв.«Інтэрнацыянал 4-ы». Станоўчая роля камуністаў у барацьбе супраць фашызму за свабоду і незалежнасць сваіх краін у гады 2-й сусв. вайны забяспечыла значны рост колькасці кампартый, узмацненне іх уплыву ў асобных краінах і ў свеце ў цэлым. У 14 краінах Еўропы, Азіі і Лац. Амерыкі (Куба) кампартыі заваявалі паліт. ўладу. Склалася Сусв.сацыяліст. сістэма. У 1980-я г.камуніст. і блізкія да іх рабочыя партыі дзейнічалі больш як у 90 краінах і аб’ядноўвалі больш за 80 млн. членаў. СССР пад кіраўніцтвам КПСС дамогся поспехаў у развіцці эканомікі і культуры. У 1960—70-я г.СССР, насельніцтва якога складала 6% ад насельніцтва зямнога шара, даваў 1/5 сусв.прамысл. вытворчасці. Пасля роспуску Камінтэрна (1943) прадпрымаліся новыя спробы каардынацыі М.к.р. У 1947—56 у Бялградзе (да 1948) і Бухарэсце (з 1948) працавала Інфарм. бюро камуніст. і рабочых партый з правам каардынацыі іх дзейнасці (уваходзілі партыі 9 краін Еўропы). Вял.значэнне для згуртавання М.к.р. мелі нарады прадстаўнікоў камуністычных і рабочых партый (маскоўскія 1957, 1960, 1969, шматлікія рэгіянальныя). У 1958—90 у Празе выдаваўся тэарэт. і інфарм. часопіс «Проблемы мира и социализма». З канца 1940-х г. спробы КПСС навязваць кампартыям інш. краін свой вопыт барацьбы за ўладу і сацыяліст. будаўніцтва сустракалі нарастаючае супраціўленне з іх боку. На гэтай глебе М.к.р. перажыў шэраг новых расколаў. У 1948 адмовілася ад сав. мадэлі пабудовы сацыялізму і адасобілася ад М.к.р. Камуніст. партыя Югаславіі, у 1961 выступіла супраць крытыкі культу асобы Сталіна і фактычна выйшла з М.к.р. Албанская партыя працы. Найб. значны раскол у М.к.р. унесла ўзнікненне ў канцы 1950 — пач. 60-х г. мааізму (левадагматычны ўхіл у Кампартыі Кітая і шэрагу інш. партый у Азіі і дробных груповак у розных рэгіёнах свету, ад імя Мао Цзэдуна). У 2-й пал. 1970 — пач. 80-х г. у кампартыях Зах. Еўропы пашырыліся тэорыі «еўракамунізму». Іх прыхільнікі выступалі за мадэрнізацыю марксізму-ленінізму ў адпаведнасці з зах.-еўрап.эканам. і сац.-паліт. рэчаіснасцю, за плюралістычную мадэль сацыялізму. «Еўракамунізм» быў асуджаны КПСС і кампартыямі сацыяліст. краін. Зніжэнне тэарэт. ўзроўню дзейнасці камуніст. партый, дагматызацыя марксізму, недастатковая ўвага да распрацоўкі новых ідэй, акасцянеласць арганізац. структуры, форм і метадаў работы кампартый, адмова ад плюралізму ў меркаваннях, праследаванне іншадумства, адсутнасць шырокай сац. базы, сапраўднай сувязі з рабочым рухам, патрэбнага ўзаемадзеяння, а часта і варожасць да інш. левых сіл абумовілі крызіс М.к.р. ў канцы 1980 — пач. 90-х г., у выніку якога арганізаваны і каардынаваны М.к.р. фактычна перастаў існаваць. У выніку эканам. і паліт. крызісу (1989—91), абумоўленага пралікамі і дэфармацыямі ў дзейнасці КПСС і інш.камуніст. партый, камуністы страцілі ўладу ў краінах Усх. Еўропы і СССР. Распад СССР і забарона КПСС прывялі да спынення фін. падтрымкі, якую яна аказвала кампартыям многіх краін. У 1989—91 спынілі існаванне навук. і навуч.нац. і міжнар. цэнтры, што займаліся распрацоўкай камуніст. праблематыкі, перасталі выходзіць або пераймяноўваліся і змянілі накіраванасць камуніст.тэарэт. выданні. Ва ўсім свеце знізіўся ўплыў камуніст. партый, скарацілася іх колькасць і парушылася ўнутр. адзінства партый, рэзка зменшылася колькасць членаў. Асобныя кампартыі змянілі свае назвы, статуты, праграмы і ператварыліся ў сацыял-дэмакратычныя (у Італіі, Венгрыі, Польшчы, Славакіі, Балт. краінах). Кампартыя Францыі ўяўляе сабой гібрыд сацыял-дэмакратызму і камунізму. Камуніст. партыі Расіі, Украіны, Беларусі (гл.Камуністычная партыя Беларусі і Партыя камуністаў беларуская), Сербіі, з істотнымі агаворкамі таксама Румыніі і Чэхіі сталі на шлях абнаўлення пры захаванні вернасці марксізму-ленінізму. Кампартыі Вялікабрытаніі, Іспаніі, ЗША не адыгрываюць прыкметнай ролі ў жыцці сваіх краін. Аднак камуніст. погляды не страцілі сваёй прыцягальнасці ў значнай часткі насельніцтва шэрагу краін свету. Кітай, Куба, В’етнам, Паўн. Карэя працягваюць ісці па шляху сацыялізму. Правячая Камуністычная партыя Кітая налічвае 58 млн. членаў (1997), Камуніст. партыя Рас. (КПРФ) — 530 тыс. членаў, аб’яднаных у 24 тыс. пярвічных арг-зацый. На прэзідэнцкіх выбарах 1996 яе кандыдат атрымаў каля 30 млн. галасоў выбаршчыкаў. На выбарах 1999 у Дзярж. думу Расіі камуністы атрымалі (па парт. спісах) найб. колькасць галасоў выбаршчыкаў (24,3% ад агульнай колькасці тых, хто галасаваў). М.к.р. імкнецца ісці па шляху абнаўлення, пераадолення лжэсацыялізму, развіцця марксісцка-ленінскай тэорыі ў новых умовах. У чэрв. 1999 на міжнар. сустрэчы прадстаўнікоў камуніст. і рабочых партый у Афінах (Грэцыя) былі прадстаўлены 55 партый з 50 краін.
Літ.:
Партии и партийные системы современной Европы. М., 1994;
Социализм и демократия для XXI в. М., 1997;
Егоров А.Н. Есть ли у Республики Беларусь социалистическая перспектива? // Весн. Бел.дзярж. экан. ун-та. 1997. № 2;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПУА—НО́ВАЯ ГВІНЕ́Я (Papua New Guinea), Незалежная дзяржава Папуа—Новая Гвінея (Independent State of Papua New Guinea),
дзяржава на ПдЗ Ціхага ак. Займае ўсх.ч. в-ва Новая Гвінея з суседнімі астравамі (агульная пл. каля 400 тыс.км²), архіпелаг Бісмарка, у т. л. а-вы Новая Брытанія (пл. 36,6 тыс.км²) і Новая Ірландыя (пл. 8,6 тыс.км²), паўн.ч. Саламонавых а-воў, у т. л.в-аўБугенвіль (пл. 10 тыс.км²). На в-ве Новая Гвінея мяжуе з Інданезіяй. Абмываецца морамі Ціхага ак.: Новагвінейскім, Саламонавым, Каралавым. Пл. краіны 461,7 тыс.км². Нас. 4705,1 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — англійская. Сталіца — г.Порт-Морсбі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (16 вер.).
Дзяржаўны лад. П.—Н.Г. — канстытуцыйная парламенцкая манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1975. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога ў краіне прадстаўляе ген.-губернатар, назначаны на 6 гадоў паводле прадстаўлення ўрада. Заканад. орган — аднапалатны Нац. парламент (109 дэпутатаў, выбіраюцца ўсеагульным галасаваннем на 5 гадоў). Урад краіны — Нац. выканаўчы савет на чале з прэм’ер-міністрам, які прызначаецца ген.-губернатарам і падсправаздачны парламенту.
Прырода. Пераважае горны рэльеф. На Новай Гвінеі горы цягнуцца з ПнЗ на ПдУ, дасягаюць 4508 м (г. Вільгельм). На Пд вострава нізіны і раўніны. Большасць інш. астравоў гарыстыя. Есць 18 дзеючых вулканаў, бываюць землетрасенні. З карысных выкапняў найб.значэнне мае медная руда (в-аў Бугенвіль), ёсць запасы золата, нафты і прыроднага газу, цынкавых, хромавых і нікелевых руд. Клімат экватарыяльны (на Пн) і субэкватарыяльны (на Пд). Сярэднія т-ры ўвесь год на ўзбярэжжы і раўнінах каля 26 °C. У гарах вышынная пояснасць. Ападкаў ад 1000 мм на ўзбярэжжы, да 6500 мм у гарах. Год падзяляецца на дажджлівы (снеж.—крас., менш акрэслены на Пн) і сухі сезоны. Шмат мнагаводных рэк, найб. Флай і Сепік. Лясы і хмызнякі займаюць 92,9% тэрыторыі. На раўнінах і ніжніх схілах гор пашыраны вільготныя трапічныя лясы з пальмамі, бамбукамі, дрэвападобнымі папарацямі, панданусамі і інш. На выш. 1000—2000 м пераважаюць вільготныя трапічныя лясы з араўкарыямі і паўд. букам, на вяршынях гор — высакагорныя лугі і хмызнякі. У асобных раёнах на Пд участкі саваннаў. Жывёльны свет астраўнога тыпу, прадстаўлены пераважна эндэмікамі. Захаваліся асобныя віды кенгуру, яхідна і праяхідна, дрэвавыя кускусы, шэрстахвосты, бандыкуты. Шмат кажаноў, птушак, паўзуноў, насякомых. Нац. паркі Варырата, Мак-Адам, ёсць рэзерваты.
Насельніцтва. Жыве бальш за 700 народаў і плямён. Больш за 85% складаюць папуасы, якія жывуць пераважна ва ўнутр. частках Новай Гвінеі і на вялікіх астравах; на ўзбярэжжах месцамі жывуць меланезійцы (каля 14%). У гарадах невял. групы англа-аўстралійцаў. Вернікі пратэстанты (44%), католікі (22%), прыхільнікі мясц.рэліг. культаў (34%). Сярэднегадавы прырост насельніцтва 2,3% (1999). Сярэдняя шчыльн. каля 10,2 чал. на 1 км². На ўзбярэжжы і ў гарах на выш. 1200—2000 мшчыльн. дасягае 50—100 чал. на 1 км². У гарадах жыве 16% насельніцтва. Найб. горад Порт-Морсбі (каля 200 тыс.ж.; 2000), каля 30—40 тыс.ж. у гарадах Рабаул, Маданг, Лаэ. У сельскай гаспадарцы занята 64% насельніцтва.
Гісторыя П. — Н.Г. заселена продкамі сучасных папуасаў каля 30 тыс.г. назад. Каля 5 тыс.г. назад у прыбярэжных раёнах пасяліліся продкі меланезійцаў. Першым з еўрапейцаў Новую Гвінею наведаў партуг. капітан Ж.Мінезіш. У 1545 ісп. капітан І.О.Рэтэс даў востраву назву Новая Гвінея. У 1700 брыт. мараплавец У.Дампір адкрыў паўн. ўзбярэжжа П. — Н.Г. і в-аў Новая Брытанія, які ў 18—19 ст. даследавалі брыт. і франц. мараплаўцы (Дж.Кук, Л.А.Бугенвіль і інш.). У 1870—80-я г. сярод жыхароў паўн.-ўсх.ч. П. — Н.Г. жыў рус. вучоны-этнограф М.М.Міклуха-Маклай. У 1884 паўн.-ўсх.ч. Новай Гвінеі абвешчана герм. пратэктаратам Новая Гвінея, а паўд.-ўсх.ч. — брыт. пратэктаратам Папуа (з 1888 калонія); усх.ч. вострава адышла да Нідэрландаў (цяпер — прав. Інданезіі Ірыян-Джая). У 1906 Вялікабрытанія перадала Папуа пад кіраванне Аўстраліі. У 1-ю сусв. вайну Аўстралія акупіравала герм.ч. Новай Гвінеі і атрымала ў 1912 ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ёю (з 1946 падапечная тэр.ААН пад кіраваннем Аўстраліі). У 2-ю сусв. вайну б.ч. П. — Н.Г. акупіравалі яп. войскі, тут адбыўся шэраг важных бітваў. У ліп. 1949 тэр. Папуа і Новая Гвінея аб’яднаны ў адзіную адм. адзінку «Тэр. Папуа і Новая Гвінея» (з 1971 П. — Н.Г.). У 1951 створаны мясц.Заканад. савет, у 1964 — Тэр. асамблея. У 1973 атрымала ўнутр. самакіраванне.
16.9.1975 абвешчана незалежнасць П. — Н.Г. У краіне ўсталяваўся парламенцкі лад са шматпартыйнай дэмакратыяй, для якога характэрны няўстойлівыя парламенцкія кааліцыі і блокі. Гал. мэта ўсіх урадаў — пераадоленне адсталасці краіны, б.ч. насельніцтва якой вядзе прымітыўны лад жыцця. Дзейнічаюць паліт. партыі: «Пангу парці», Нар.-дэмакр. рух, Нар.-прагрэс. партыя П. — Н.Г. — чл.ААН (з 1975), Садружнасці.
Гаспадарка. Краіна параўнальна нізкага ўзроўню развіцця. Валавы нац. прадукт (ВУП) на 1 чал. — каля 2,4 тыс.дол. за год. Гал. галіна — сельская гаспадарка. У апошнія дзесяцігоддзі развіваецца гарнарудная прам-сць. У сельскай гаспадарцы ствараецца 28% ВУП, у прам-сці (пераважна гарнаруднай) — 35%, у абслуговых галінах — 37%. У сельскай гаспадарцы пераважаюць натуральныя і паўнатуральныя гаспадаркі пл. да 0,5—1 га, развіваецца кааператыўны рух, ёсць плантацыі, якія належаць англа-аўстралійцам. Гаспадаркі мясц. насельніцтва заснаваны на выкарыстанні ручной працы, пашырана лядна-агнявое земляробства. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 500 тыс.га, пад лугамі і пашай каля 100 тыс.га. На плантацыях вырошчваюць какосавую пальму (штогод атрымліваюць каля 150 тыс.т копры), каву, какаву, каўчуканосы, бананы; у гаспадарках мясц. насельніцтва — сорга, тара, ямс, батат, маніёк, цукр. трыснёг, хлебнае дрэва, агародніну. Жывёлагадоўля развіта слаба, гал. галіна — свінагадоўля. У 1997 буйн. раг. жывёлы 105 тыс. галоў, свіней 1,5 млн. галоў. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (тунец), лоўля крабаў і крэветак. Паляўніцтва. Нарыхтоўка дзікарослай сагавай пальмы, каштоўнай драўніны. У прам-сці гал. роля належыць здабычы меднай руды на в-ве Бугенвіль (каля 200 тыс. меднага канцэнтрату штогод). Здабываюць таксама золата (горныя раёны в-ва Новая Гвінея, каля 15 т штогод), серабро, цынк, нафту. Здабычу карысных выкапняў вядуць замежныя кампаніі. У 1996 атрымана 1,7 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі (71% даюць цеплавыя электрастанцыі, 29% — ГЭС). Гал. прадпрыемствы апрацоўчай прам-сці: ф-кі па абагачэнні меднай руды, фанерныя з-ды, лесапілкі, па апрацоўцы какосавых арэхаў, кавы, какавы, чаю, тытуню, алейныя, піваварныя. Ёсць з-ды бетонных вырабаў, прадпрыемствы па выпуску харч. прадуктаў, суднабуд. і суднарамонтныя, металаапр. майстэрні і інш. Шырока развіты саматужныя промыслы: выраб керамікі, драўляных прадметаў хатняга ўжытку, традыц. лодак, сувеніраў і інш. Развіваецца замежны турызм. Транспарт аўтамабільны, унутр. водны, марскі. У краіне 19,6 тыс.км аўтадарог, з іх 0,7 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, 10,9 тыс.кмунутр. водных шляхоў, 19 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Порт-Морсбі і Рабаула. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам. Гал. парты: Порт-Морсбі, Рабаул, Лаэ, Маданг. У 1997 экспарт склаў 2,2 млрд.дол., імпарт — 1,5 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць канцэнтрат медзі, золата, нафта (разам 72% кошту экспарту), драўніна, копра, пальмавы алей, кава, какава, чай, крабы, крэветкі; у імпарце — машыны і трансп. сродкі, спажывецкія і харч. тавары, паліва, хімікаты. Гал.гандл. партнёры: Аўстралія, Японія, ЗША. Краіна атрымлівае дапамогу ад Аўстраліі, Японіі, Новай Зеландыі і інш. Грашовая адзінка — кіна.
В.М.Сасноўскі (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Папуа—Новай Гвінеі.Да арт.Папуа—Новая Гвінея. Сталіца краіны г. Порт-Морсбі.Да арт.Папуа—Новая Гвінея. Тыповая папуаская вёска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАДЗЕ́ЙНАЕ ХАРЭАГРАФІ́ЧНАЕ МАСТА́ЦТВА,
аматарская творчасць у галіне харэаграфічнага мастацтва (гл.Харэаграфія). Вядома ў многіх краінах свету. Вытокі бел. С.х.м. ў нар. абрадах і гульнях, карагодах. Да пач. 20 ст. развівалася ў рэчышчы муз. і тэатр. самадзейнасці. У 1900—20-я г.нар. танцы ў выкананні аматараў уключаліся ў праграмы беларускіх вечарынак, вял.значэнне мела дзейнасць Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, у канцэртных праграмах якой выконваліся многія нар. танцы. Найб. пашырылася з 1920-х г. з пачаткам сістэм. вывучэння і практычнага выкарыстання нац. харэагр. фальклору ў прафес. і аматарскіх калектывах. У рэпертуар танц. гурткоў уключаліся папулярныя ў народзе танцы, якія выконваліся ў іх фалькл. выглядзе. Паступова выпрацоўваліся метады і спосабы сцэн. інтэрпрэтацыі ўзораў харэагр. фальклору. У 1927 арганізаваны адзін з першых самадз. харэагр. калектываў — Ансамбль танца Мінскага клуба КІМ пад кіраўніцтвам К.Алексютовіча. У яго рэпертуары былі па-мастацку апрацаваныя, трансфармаваныя ў адпаведнасці з патрабаваннямі сцэны танцы «Мяцеліца», «Таўкачыкі», «Юрачка», «Мікіта», «Лянок»; на аснове нар. песні створаны танец «Бульба», які набыў вял. папулярнасць у пастаноўцы І.Майсеева. У 1930-я г. створаны ансамбль песні і танца ў калгасе «Ленінскі шлях» Дзяржынскага р-на, танц. калектыў торфарцелі імя 16 партызан Пухавіцкага р-на, ансамбль песні і танца будаўнікоў Мінска і інш. У творчай практыцы калектываў бел. танец набыў больш яркую сцэн. форму. Пасля Вял.Айч. вайны адноўлены раней створаныя самадз.танц. калектывы і ўзнікла шмат новых, сярод якіх пераважалі ансамблі танца і ансамблі песні і танца: з 1945 — нар. ансамбль танца «Крыжачок» БДУ; з 1954 — узорны ансамбль песні і танца «Прыбужжа» СШ №5 г. Брэста (засн. і маст. кіраўнік засл. настаўніца Беларусі В.Верамюк), з 1956 — нар. ансамбль танца «Вясёлка» Рэсп. Палаца культуры (ПК) прафсаюзаў (кіраўнік засл. работнік культ. Беларусі В.Ямінскі), з 1958 — узорныя ансамблі танца «Равеснік» Рэсп. ПК прафсаюзаў (з 1999 кіраўнік Т.Зубік) і «Лянок» прадпрыемства «Культсэрвіс» Мінскага трактарнага з-да (засн. Г.Чысцякова, з 1990-х г. кіраўнік І.Чысцякоў), з 1961 — узорны вак.-харэагр. ансамбль «Зорка» культурна-дзелавога цэнтра «КІМ» г. Віцебска (кіраўнік Н.Чарнюк). У 1960—80-я г. ўзніклі новыя самабытныя калектывы, выраслі іх масавасць і выканальніцкі ўзровень, іх цікавасць да нац. фальклору. Уклад у развіццё С.х.м. зрабілі нар. артысты Беларусі М.Бяльзацкая, А.Нікалаева, А.Рыбальчанка, А.Вараб’ёў, Я.Штоп, засл. артысты Беларусі М. і Р. Красоўскія, засл. дз. культ. Беларусі С.Грабеншчыкоў, М.Кіракозаў, Л.Ляшэнка, І.Серыкаў, М.Чысцякоў, В.Партной, Н.Залеўская, засл. работнікі культ. Беларусі Л.Барадулька, М.Лапша, І.Смірноў, Р.Чарахоўская, Ч.Клячко, а таксама Л.Тушынскі, З.Чарняўскі, А.Быковіч і інш. Лепшым дарослым і дзіцячым калектывам нададзены адпаведна найменні «народны» (з 1960) і «ўзорны» (з 1978) (гл.Народныя самадзейныя калектывы, Народныя хары, ансамблі, аркестры). У 1990-я г. ў самадз. мастацтва прыйшло шмат таленавітых балетмайстраў, пад кіраўніцтвам якіх створаны новыя калектывы з арыгінальным рэпертуарам: нар. ансамбль танца «Крупіца» Крупіцкага цэнтра культуры Мінскага р-на (з 1982; кіраўнік засл. работнік культуры Г.Чорны); нар.вак.-харэагр. ансамбль «Гомій» Гомельскага гар. цэнтра культуры (з 1982; кіраўнік засл. работнік культ. П.Свярдлоў); нар. харэагр. ансамбль «Рунь» Дома культуры (ДК) тэкстыльшчыкаў Магілёўскага прадпрыемства «Магатэкс»; нар. ансамбль танца «Белая Русь» Рэсп. цэнтра маст. творчасці навучэнцкай моладзі «Юнацтва» (з 1989; кіраўнік А.Карповіч; лаўрэат у 1997 I Міжнар. фестывалю харэаграфіі «Сожскі карагод»; у 1994, 1997, 2001 фестываляў нар. творчасці Мінска); нар. ансамбля танца «Пінская шляхта» Пінскага вучылішча мастацтваў (з 1992; кіраўнік В.Жыльцоў); нар. ансамбль-майстэрня абрадавай творчасці «Спас» Мінскага вучылішча мастацтваў (з 1995; кіраўнік В.Ямпольскі; у 1999 лаўрэат II Міжнар. фестывалю харэаграфіі «Сожскі карагод») і інш.
У наш час С.х.м. — шматжанравая галіна маст. культуры. Яна ўключае ансамблі і студыі нар. класічнага, эстр., бальнага танца: калектывы сістэмы мін-ваў культуры, адукацыі, Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай. На 1.1.2001 у дзярж. установах культуры Беларусі налічваецца 2575 самадз. харэагр. калектываў, з іх 2044 дзіцячых, у т. л. па абласцях: у Брэсцкай 397 (з іх 333 дзіцячых), у Віцебскай 432 (з іх 354 дзіцячых), у Гомельскай 533 (з іх 346 дзіцячых), у Гродзенскай 279 (з іх 242 дзіцячых), у Магілёўскай 404 (з іх 321 дзіцячых), у Мінскай 539 (з іх 448 дзіцячых), сістэмы Федэрацыі прафсаюзаў — 68, сістэмы Мін-ва адукацыі — 32 калектывы. Адметная рыса творчай дзейнасці лепшых аматарскіх калектываў — выкарыстанне нац. харэагр. фальклору ў самых розных формах сцэн. інтэрпрэтацыі: ад традыц. ў жанры нар.-сцэн. танца да фольк-мадэрна. Плённае развіццё дзіцячай харэагр. самадзейнасці найперш звязана з масавым адкрыццём дзіцячых харэагр. школ і школ мастацтваў. Сярод лепшых дзіцячых калектываў узорны вак.-харэагр. ансамбль «Камарыкі» ПК вытв. аб’яднання «Нафтан» г. Наваполацк (з 1970; кіраўнік Клячко; у 1983 лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў); узорны ансамбль танца «Светлячок» ДК энергетыкаў г. Новалукомль (з 1977; кіраўнік Н.Тамашава; у 1998 лаўрэат міжнар. фестывалю маст. творчасці народаў СНД); узорны ансамбль танца «Лялечкі» Абухаўскага цэнтр. ДК Гродзенскага р-на (з 1978; кіраўнік Н.Урукіна); узорны ансамбль танца «Весялушкі» ДК чыгуначнікаў г. Орша (з 1981; кіраўнік І.Стамінская; у 1999 лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў); узорны ансамбль «Весялушка» Мінскай дзіцячай харэагр. школы (з 1981; кіраўнікі С. і І. Дарохіны; у 1995 лаўрэат Міжнар. фестывалю «Голас дзяцінства»); узорны ансамбль танца «Зубраня» ПК. «Аўтазаводзец» г. Мінск (з 1983; кіраўнік Я.Гутман; у 1994, 1997, 2001 лаўрэат фестываляў нар. творчасці Мінска «Сузор’е»); узорны ансамбль танца «Жавароначкі» ПК т-ва «Сукно» Мінска (з 1985; кіраўнік С.Аляксандраў; у 1994 лаўрэат фестывалю нар. творчасці Мінска); узорны ансамбль танца «Чабарок» мінскага Палаца дзяцей і моладзі (з 1987; кіраўнік Н.Дзягель; у 1994 і 1997 лаўрэат фестываляў нар. творчасці Мінска); узорны харэагр. ансамбль танца «Раўніца» СШ №2 г. Барысаў (кіраўнік А.Цюцюноў) і інш. Значных поспехаў дасягнулі ансамблі эстр. танца, у іх ліку «Гарэзлівыя агеньчыкі» Мінскага ПК і спорту чыгуначнікаў (з 1979; кіраўнік В.Буры; у 1997 і 2001 лаўрэат фестываляў нар. творчасці Мінска «Сузор’е»); ансамблі бальнага танца, у іх ліку ансамбль «Мара», прадпрыемства «Культсэрвіс» Мінскага трактарнага з-да (з 1966; кіраўнік засл. работнік культ. Беларусі Л.Лазарава; у 1994. 1997, 2001 лаўрэат фестываляў нар. творчасці Мінска «Сузор’е»). Выяўленню самабытных калектываў і выканаўцаў, павышэнню маст. ўзроўню іх рэпертуару і выканальніцкага майстэрства, папулярызацыі танц. мастацтва садзейнічаюць фестывалі і конкурсы ў галіне харэагр. мастацтва, якія стымулююць развіццё існуючых і стварэнне новых калектываў розных жанраў: Міжнар. фестывалі харэаграфіі «Сожскі карагод» у Гомелі і сучаснай харэаграфіі «IFMC» у Віцебску; фестываль фальклору «Пінскі карагод»; абласны фестываль «Свята танца» ў Гродне; фестывалі дзіцячых і юнацкіх танц. калектываў «Танцуючы Фламінга» ў Гомелі і інш. Праводзяцца агляды самадз. харэагр. калектываў у рамках розных форумаў, прысвечаных нар. творчасці, у т. л. фестывалі нар. мастацтва Беларусі «Беларусь — мая песня», нар. творчасці «Сузор’е», студэнцкай маст. творчасці «Студэнцкая вясна» і інш. Харэагр. калектывы — актыўныя ўдзельнікі фестываляў фальклору за мяжой. Кадры кіраўнікоў харэагр. калектываў (балетмайстраў, педагогаў-харэографаў) рыхтуюць у Бел. ун-це культуры (кафедра харэаграфіі), у вучылішчах мастацтваў (аддзяленні харэаграфіі) у Мінску, Віцебску, Гродне, Гомелі, Пінску, Магілёве.
С.В.Гуткоўская, Ю.М.Чурко.
Да арт.Самадзейнае харэаграфічнае мастацтва. Народны ансамбль танца «Пінская шляхта» Пінскага вучылішча мастацтваў.Да арт.Самадзейнае харэаграфічнае мастацтва. Узорны ансамбль танца «Зубраня» Палаца культуры «Аўтазаводзец» г. Мінск.Да арт.Самадзейнае харэаграфічнае мастацтва. Народны ансамбль танца «Белая Русь» Рэспубліканскага цэнтра мастацкай творчасці навучэнцкай моладзі «Юнацтва».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЯНАЗНА́ЎСТВА,
комплексная навук. дысцыпліна, якая вывучае паходжанне, гісторыю, культуру і мовы слав. народаў як састаўных частак наднацыянальнай слав. этнакульт. супольнасці. Узнікла ў 2-й пал. 18 ст. паралельна з фарміраваннем нац. гістарыяграфіі і філалогіі ў асобных слав. краінах; адначасова ўзнік і тэрмін «С.», або «славістыка». Як вучэнне і навука С. аформілася ў Чэхіі і Славакіі, дзе ля яго вытокаў стаялі І.Добраўскі, І.Юнгман (1773—1847), Я.Колар, Ф.Чэлакаўскі (1799—1852), Ф.Палацкі, П.І.Шафарык, твор якога «Славянскія старажытнасці» стаў асновай развіцця С. ў інш.слав. краінах. У Балгарыі С. звязана з імем Паісія Хілендарскага (1722—98), у Сербіі — І.Раіча і В.Караджыча, у Славеніі — В.Копітара У польскай і бел. гістарыяграфіі значны ўклад у развіццё С. зрабілі Я.Патоцкі, С.Б.Ліндэ, В.Суравецкі (1769—1827), З.Даленга-Хадакоўскі, А.Міцкевіч, І.Лялевель, В.А.Мацяёўскі (4 апошнія вызначылі месца Беларусі ў слав. свеце). Станаўленню С. ў Расіі спрыяла дзейнасць М.В.Ламаносава, В.М.Тацішчава, М.М.Карамзіна, А.Х.Вастокава, Ю.І.Вянеліна (1802—39) і інш. У 1-й пал. 19 ст. ўзніклі першыя кафедры С. ва ун-тах Зах. Еўропы — у Парыжы, Вене, Лейпцыгу, Берліне і інш.Вял.значэнне для развіцця С. на Захадзе мела дзейнасць І.Г.Гердэра, які разглядаў славянства, па аналогіі з герм. светам, як адзіную паліт. раздробленую вял. нацыю. У 2-й пал. 19 ст. склалася ў агульнапрызнаную навук. дысцыпліну. Цэнтр развіцця С. з гэтага часу перамясціўся ў Расію, дзе яго развіццю спрыялі працы М.П.Пагодзіна, В.М.Бадзянскага, І.А.Сразнеўскага, В.І.Грыгаровіча, Ф.А.Буслаева, А.А.Патабні, М.Н.Спяранскага, А.А.Шахматава, А.А.Сабалеўскага, М.К.Любаўскага і інш. Побач з развіццём інтэгральнай агульнаслав. праблематыкі ішоў працэс дыферэнцыяцыі навук. кірункаў, праблема суадносін якіх з цэласнай сістэмай С. выклікала палеміку і застаецца дыскусійнай да нашага часу. Некат. гісторыкі трактуюць С. толькі як сукупнасць гуманіт. навук пра асобныя слав. краіны, адмаўляюць існаванне агульнаслав. этнакульт. супольнасці. У сав. перыяд праблемы С. даследавалі Б.Дз.Грэкаў, М.П.Грацыянскі, М.С.Грушэўскі, М.С.Дзяржавін, М.М.Ціхаміраў, Б.А.Рыбакоў, П.М.Л.Траццякоў, Ю.У.Брамлей, У.Д.Каралюк, В.В.Сядоў і інш. Цэнтрам даследаванняў па С. ў Расіі з’яўляецца Ін-т С. і балканістыкі Рас.АН у Маскве. З 1965 выдаецца час. «Славяноведение» (да 1992 «Советское славяноведение»). Праблемы С. даследавалі З.Неедлы (Чэхаславакія), У.Геаргіеў (Балгарыя), І.Лер-Сплавінскі, Г.Лаўмянскі, І.Чалакоўскі (Польшча); у Зах. Еўропе і ЗША — Г.Шцёкль, М.Фларынскі, Г.У.Вярнадскі, Р.Якабсон, Э.Фром і інш.
На Беларусі ў 2-й пал. 19 ст. тэматыка С. суправаджала развіццё нац.гуманіт. навук, а заходнярус. школа, ідэйна блізкая да рус. славянафільства, разглядала гісторыю і культуру Беларусі ў агульнарас. і агульнаслав. кантэксце. Працы І.І.Грыгаровіча, М.В.Каяловіча, І.І.Насовіча, П.М.Жуковіча, А.П.Салунова, М.В.Доўнар-Запольскага, Я.Ф.Карскага, Е.Р.Раманава, П.А.Бяссонава і інш. заклалі асновы бел. С. Станаўленне нац.бел. дзяржаўнасці, заснаванне тут універсітэта і Акадэміі навук, а потым і разгалінаванай сістэмы навук. і навуч. устаноў узнялі бел. С. на агульнаеўрап. ўзровень. На Беларусі працавалі вучоныя-славяназнаўцы У.А.Пічэта, У.М.Перцаў, А.П.П’янкоў, І.В.Воўк-Левановіч, А.М.Ляўданскі і інш.
У наш час праблемы С. даследуюцца ў БДУ (кафедры тэарэт. і слав. мовазнаўства, замежнай л-ры, слав. л-р, гісторыі паўд. і зах. славян, гісторыі Расіі, гісторыі міжнар. адносін і інш.), Ін-це мовазнаўства Нац.АН Беларусі (аддзел слав. і тэарэт. мовазнаўства), Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі, Гродзенскім ун-це. Сярод прац кафедры тэарэт. і слав. мовазнаўства БДУ: «Славянскія лічэбнікі» (1969), «Лексічная тыпалогія славянскіх моў» (1983), «Палабская мова» (1987), «Эвалюцыя сістэмы часцін мовы ў славянскіх мовах» (1988), «Стараславянская мова» (1991) і «Праславянская мова» (1993) А.Я.Супруна, «Фальклорныя элементы ў фразеалогіі сучасных славянскіх моў» К.М.Гюлумянц (1978), «Балгарская мова» Б.Ю.Нормана (1980), «Чэшская мова» Н.В.Івашынай і Б.А.Плотнікава (1985), «Раннія ўсходнеславянскія граматыкі» (1984) і «Славенская мова» (1991) Н.Б.Мячкоўскай, «Сербскахарвацкая мова» Л.В.Лявонавай (1988), «Польская мова» А.К.Кіклевіча, А.А.Кожынавай і І.У.Кур’ян (2000), сумесны зборнік славістаў БДУ і ун-та ў г. Бохум (Германія) «Славяна-германскія моўныя паралелі» (1996), а таксама даследаванні У.Б.Жураўля, А.В.Зінкевіча, А.М.Калюты, А.М.Рудэнкі і інш. Славістычны кірунак у літ.-знаўстве прадстаўлены ў БДУ працамі І.В.Шаблоўскай (праблемы кампаратыўнага вывучэння слав. л-р у манаграфіі «Самай высокай мерай», 1984), І.А.Чароты і М.В.Труса («Югаславянскія літаратуры і культуры», 1999). У Ін-це мовазнаўства Нац.АН Беларусі найб. значныя працы ў галіне С.: «Славяна-германскае лексічнае ўзаемадзеянне пазнейшай пары» В.У.Мартынава (1963), «Сінтаксіс займеннікавых клітык у паўднёваславянскіх мовах», «Энкліза і пракліза ў структуры славянскага сказа» (абедзве 1968), «Тыпалагічныя праблемы балканаславянскага моўнага арэала» (1981), «Арэальная тыпалогія славянскіх моў: Прынцыпы і напрамкі даследавання» (1988) і «Арэальныя аспекты фарміравання славянскіх літаратурных норм» (1993) Г.А.Цыхуна і інш. У галіне С. працавалі і працуюць: М.П.Антропаў, Г.Ф.Вештарт, Л.Ц.Выгонная, В.Л.Вярэніч, Р.У.Краўчук, І.І.Лучыц-Федарэц, Мартынаў, А.Я.Міхневіч, А.С.Сакалоўская, Цыхун, В.М.Чэкман і інш. У Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі вядуцца даследаванні па матэрыяльнай і духоўнай культуры бел. і інш.слав. народаў. Найб. значныя працы: «Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя» Г.А.Барташэвіч (1985), «Беларуская казка ў казачным эпасе славян» (1968), «Беларуска-рускія фальклорныя сувязі», «Узаемадзеянне ўсходнеславянскіх фальклорных традыцый на сучасным этапе» (абедзве 1988) К.П.Кабашнікава, творы Л.М.Салавей і інш. Значным укладам у С. з’явіліся працы М.Г.Булахава «Развіццё беларускай літаратурнай мовы ў XIX—XX стст. ва ўзаемаадносінах з іншымі славянскімі мовамі» (1958), «Усходнеславянскія моваведы» (т. 1—3, 1976—78). У Гродзенскім ун-це дзейнічае кафедра польскай філалогіі (стваральніца С.П.Мусіенка). Праблемы гіст. С. на Беларусі даследуюць І.В.Аржахоўскі, Н.А.Гусакова, Э.М.Загарульскі, Р.Р.Лазько, Л.В.Лойка, Д.Б.Мельцэр, Л.Л.Міхайлоўская, С.В.Пазняк, А.П.Салькоў, Л.П.Сушкевіч, Н.А.Царук, В.М.Чарапіца, М.Э.Часноўскі, А.А.Яноўскі і інш. Каардынацыйны цэнтр С. на Беларусі — Славістаў беларускі камітэт, які ўваходзіць у Славістаў міжнародны камітэт. У 1976 ЮНЕСКА стварыла Міжнар. асацыяцыю па вывучэнні і распаўсюджванні слав. культур, у рамках якой працуе яе бел.нац.к-т. У 1982 у Мінску праведзена міжнар.навук. канферэнцыя «Славянскія культуры і сусветны культурны працэс».
Літ.:
Советское славяноведение. М., 1963;
Очерки истории исторической науки в СССР. Т. 1—5. М., 1955—85;
Славяноведение в дореволюционной России: Биобиблиогр. словарь. М., 1979;
Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989;
Позняк С.В., Яновский О.А. Преподавание истории славянских стран в Белорусском государственном университете (1921—1997 гг.) // Вісн. Київськ. ун-та. Історія. 1998. Вип. 37.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́ЎНІК,
даведачнае выданне, у якім даецца апісанне групы слоў (марфем, словазлучэнняў і інш.), размешчаных у пэўным парадку. С. часам называюць лексіку якой-н. мовы або яе асобныя лексічныя пласты (гл.Лексікаграфія). Асн. грамадскія функцыі С.: інфармацыйная (лінгвістычныя слоўнікі і энцыклапедычныя слоўнікі), камунікацыйная (перакладныя С., або двухмоўныя слоўнікі), нарматыўная (лексікаграфічныя працы кадыфікацыйнага характару пры дапамозе стыліст. памет стабілізуюць лексічныя і інш. нормы мовы).
С. вядомы з глыбокай старажытнасці. У б-цы асірыйскага цара Ашурбаніпала ў Ніневіі выяўлены гліняныя клінапісныя таблічкі, на якіх занатаваны тэматычна згрупаваныя словы шумерскай і акадскай моў 7 ст. да н.э. Першыя С. ў Еўропе створаны ў Стараж. Грэцыі ў 1 ст. да н.э. (збор грэч. слоў, выкарыстаных Гамерам. складзены філосафам Апалоніем). Першы С. лац. мовы — «De Verborum Siqnificate» («Значэнне слоў») В.Флакуса (1 ст.н.э.). Пасля 5 ст.н.э. з’явіліся першыя спец. С. па батаніцы, медыцыне. астраноміі на санскрыце, а таксама шматмоўныя С. (уключалі словы санскрыцкай. тыбецкай. манг. і кіт. моў). Першымі друкаванымі С. былі англ. «Свет слоў» (1598) Дж.Флорыя. у якім італьян. словы перакладзены на англ. мову, і «Алфавітны спіс» (1604) Р.Коўдры, дзе лац. і інш. запазычаныя тэрміны тлумачацца па-англійску. У 17—18 ст. у многіх краінах Еўропы выдадзены першыя акад. С. нац. моў. якія нармалізавалі (кадыфікавалі) слоўнікавы склад літ. мовы: італьян. «Слоўнік Акадэміі Круска» (1612). франц. (1694). ісп. «Слоўнік Аўтарытэтаў» (1739). рус. «Словавытворны слоўнік» (т. 1—6. 1789—94).
Першыя ўсх.-слав. С. бяруць пачатак ад ананімных рукапісных даведнікаў. што дадаваліся да сербскіх рэліг. твораў, якія з’явіліся ў Стараж. Русі з прыняццем хрысціянства. Ў такіх даведніках звычайна тлумачыліся незразумелыя словы грэч. і стараж.-яўр. моў («Речь жидовского языка преложена на русскую, неразумно на разум и в Евангелиях и Апостолах, и в Псалтыри и Паремии и в прочих книгах» у Ноўгарадскай кормчай 1282; Ноўгарадскі слоўнік 1431, які дадаваўся да твора Іаана Лесвічніка «Тлъкование неудобь познаваемом в писанных речем, понеже положены суть речи в книгах от начальных преводних ово Словенскы и ино Сръбскы и другая Блъгарскы и Гръчьскы их же неудоволишася преложити на Рускыи»). Усх.-слав.азбукоўнікі паслужылі крыніцамі пры стварэнні першых друкаваных С. усх. славян. Л.Зізаній надрукаваў як дадатак да царк.-слав. буквара перакладны слоўнік «Лексис, сиречь речения вкратце собраны и из словенского языка на просты русский диялект истолкованы» (Вільня, 1596), у якім перакладзена і растлумачана 1061 слова з царкоўнаслав. і інш. моў. «Лексикон славеноросскій и именъ тлъкование» П.Бярынды (Кіеў, 1627; 2-е выд., 1653, Куцейна каля Оршы) змяшчае 6982 лексічныя адзінкі, у т. л. больш за 4 тыс. царкоўнаславянізмаў, каля 2 тыс. іншамоўных запазычанняў і некалькі соцень мясц. (старабел. і стараўкр.) слоў. Да ранняга перыяду развіцця С. на Беларусі адносяцца рукапісныя і друкаваныя азбукоўнікі, лексісы, лексіконы, а таксама створаныя на працягу 17—19 ст. С. бел. дыялектныя К.Ф.Калайдовіча, Ф.С.Шымкевіча, Я.Чачота, С.П.Мікуцкага, П.М.Шпілеўскага, Е.Р.Раманава, П.В.Шэйна і інш., гіст. С. старабел. мовы І.І.Грыгаровіча, І.П.Навіцкага. М.І.Гарбачэўскага, І.І.Насовіча і інш.Асн. іх функцыя — апісанне лексічных багаццяў нац. мовы. Складзены Насовічам «Слоўнік беларускай мовы» (1870) меў многія ўласцівыя для тагачасных акад. С. лексікаграфічныя параметры (нарматыўны, стылістычны, дэфініцыйны, ілюстрацыйны, грамат. і інш.). З пач. 20 ст. на Беларусі пачаўся перыяд навук. лексікаграфіі. Выдаваліся тэрміналагічныя С., універсальныя, галіновыя і рэгіянальныя энцыклапедыі; распрацаваны лексікаграфія дыялектная, гіст., перакладная, энцыклапедычная, тэрмінаграфія і інш., у рамках якіх створана па некалькі дзесяткаў С. розных тыпаў. Існуюць і інш. лексікаграфічныя кірункі: лексікаграфія грамат., камп’ютэрная. лінгвакраіназнаўчая, тэалагічная, ідэаграфія, канцэптаграфія і г.д., што прадстаўлены адзінкавымі С. Ін-т мовазнаўства Нац.АН Беларусі падрыхтаваў акад. «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84, больш за 105 тыс. слоўнікавых артыкулаў), 1-томны «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» (1996; 5-е выд. 2001, 65 тыс. слоў). Бібліяграфія бел. С. ўключае больш за 1 тыс. назваў. У залежнасці ад таго, якія адзінкі мовы ў С. апісваюцца, вылучаюцца С. марфем («Марфемны слоўнік беларускай мовы» А.М.Бардовіча, Л.М.Шакуна, 1975; «Словаўтваральны слоўнік беларускай мовы» Бардовіча, М.М.Круталевіча, А.А.Лукашанца, 2000, і інш.); уласна С., ці С. лексем (пераважная большасць айч. даведнікаў); С. паняццяў (тэрміналагічныя, энцыклапедычныя і інш. даведнікі); С. словазлучэнняў («Слоўнік эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы» М.Пазнякова, 1988), фразеалагізмаў («Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» І.Я.Лепешава, т. 1—2, 1993), скарачэнняў, параўнанняў, перыфраз, асацыяцый і да т.п. Асобную групу складаюць парэміялагічныя С., у якіх падаюцца (часам з тлумачэннямі і ілюстрацыямі з маст., публіцыст., навук. і інш. твораў) завершаныя сказы на бел. мове. Да гэтай групы адносяцца С. прыказак і прымавак («Слоўнік беларускіх прыказак» Лепешава і М.А.Якалцэвіч, 1996), крылатых выразаў і афарызмаў («Крылатыя словы і афарызмы» Ф.М.Янкоўскага, 1960), цытат і да т.п. У залежнасці ад таго, якія ўласцівасці слоў апісваюць С., яны падзяляюцца на частотныя («Частотны слоўнік беларускай мовы» Н.С.Мажэйкі і А.Я.Супруна, вып. 1—5, 1976—92); арфаграфічныя (гл.Арфаграфічны слоўнік), у якіх падаецца напісанне і акцэнталагічная характарыстыка слоў бел. мовы; дыялектныя (гл.Дыялектны слоўнік); гістарычныя (гл.Гістарычны слоўнік); этымалагічныя (гл.Этымалагічны слоўнік); перакладныя, якія падаюць іншамоўныя адпаведнікі да бел. слоў; С. іншамоўных слоў (гл.Іншамоўных слоў слоўнік); С. мовы пісьменніка (гл.Слоўнік мовы пісьменніка).
Асобную групу складаюць т.зв. сінанімічныя С. (гл.Сінонімаў слоўнік), у якіх уласцівасць слова апісваецца шляхам вызначэння яго суадносін з інш. словамі (сінонімамі, антонімамі, амонімамі, паронімамі, аднакарэннымі словамі, паралексамі і г.д.). Напр., у «Слоўніку сінонімаў і блізказначных слоў» М.К.Клышкі (2-е выд., 1993) апісана каля 1900 сінанімічных радоў з 11 тыс.бел. слоў; у «Слоўніку амонімаў беларускай мовы» В.Дз.Старычонка (1991) тлумачыцца 2 тыс. пар ці груп амонімаў, аднолькавых па гучанні, але розных па значэнні. Слоўнік «Цяжкія выпадкі ўжывання блізкіх па гучанню слоў» (1977) і «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» (1994) С.М.Грабчыкава праз тлумачэнні і ілюстрацыі высвятляюць узаемаадносіны паміж словамі-паронімамі. блізкімі па гучанні, але рознымі па значэнні.
Вылучаюць С. агульналітаратурнай мовы, у якія з кожнай галіны навукі і вытворчасці ўключаецца па некалькі дзесяткаў найб. вядомых тэрмінаў са спец. стыліст. паметамі абмежавальнага характару. Тэрміны і наменклатурныя назвы найб. поўна і сістэмна апісваюцца ў спец.тэрміналагічных С. У адпаведнасці з мэтамі, якія ставіць перад сабой карыстальнік, вылучаюцца бел. С. актыўнага тыпу (спрыяюць пабудове чытачом свайго тэксту); С пасіўнага тыпу (дапамагаюць зразумець чужы тэкст); універсальныя С. (разлічаны на ўсе катэгорыі чытачоў), аспектныя С., якія падаюць толькі пэўны тып інфармацыі пра слова (большасць С. бел. мовы) і інш.
Літ.:
Словари, изданные в СССР: Библиогр. указ., 1918—1962. М., 1966;
Библиогр. указатель словарей изд-ва «Сов. Энциклопедия», 1928—1966. М., 1967;
Dictionaries: An International encyklopedia of lexicography. Vol. 1—3. Berlin; New York, 1989—91.
В.К.Шчэрбін.
Да арт.Слоўнік. Беларускія слоўнікавыя выданні 1980—90-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕФІ́ЛЬМ, тэлевізійны фільм,
ігравы, дакумент. ці дакумент.-ігравы фільм, створаны для паказу па тэлебачанні ці прагляду на відэакасетах. У яго маст. структуры сінтэзуюцца вобразная мова кіно (план, ракурс, кампазіцыя, мантаж) і тэлебачання (павялічанае значэнне буйных планаў, працяглае развіццё дзеяння, цыклічныя, серыйныя формы, спалучэнне з кантэкстам тэлепраграм). У 1960-я г. здымаўся на кінастужцы, з 1970-х г. — на відэастужцы, што пашырыла вобразныя магчымасці мовы экрана дзякуючы відэатэхніцы. На Беларусі выпуск Т. пачаўся з 1964 у аб’яднанні «Тэлефільм» Рэсп. студыі тэлебачання, з 1968 — у аб’яднанні «Тэлефільм» кінастудыі «Беларусьфільм», з 1989 — у Рэсп. унітарным прадпрыемстве «Белвідэацэнтр» Мін-ва культуры Беларусі.
У 1960-я г. пераважалі камерныя псіхал. фільмы з лакальнымі сюжэтамі: «Зімовы дуб» (рэж. М.Кожын), «Снежны конь» (рэж. Ю.Дубровін, абодва 1963), «Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў» (рэж. В.Рубінчык), «Бераг прынцэсы Люські» (рэж. В.Нікіфараў), «Вясковыя канікулы» (рэж. В.Рыбараў, усе 1969). На «Тэлефільме» тэлекіно грунтавалася на традыцыях нац. л-ры, кола аўтараў склалі бел. пісьменнікі: У.Караткевіч («Камлючок», 1967, рэж. М.Калінін), І.Сяркоў («Мы — хлопцы жывучыя», 1974, рэж. У.Станкевіч), І.Пташнікаў («Родам адсюль», 1969, рэж. У.Арлоў; «Тартак», 1974, рэж. В.Карпілаў), А.Кудравец («Восеньскія яблыкі», 1975, рэж. У.Унукаў), В.Карамазаў («Зялёныя фрэгаты», 1976, рэж. Я.Шабан), А.Вялюгін («Рэха ў пушчы», 1977, рэж. Дз.Ніжнікоўская), А.Дудараў («Кола», 1977; «Бусляня», 1980; «Купальская ноч», 1982, рэж. усіх В.Басаў; «Суседзі», 1979, рэж. В.Панамароў), Я.Сіпакоў («Госць», 1979, рэж. Басаў), А.Жук («Паляванне на Апошняга Жураўля», 1980, рэж. В.Анісенка), Шабан («Варыянты», 1981, рэж. Басаў; «Дзень на лясным возеры», 1983, рэж. І.Калоўскі), Г.Марчук («Вясковы эрудыт», 1985, рэж. У.Траццякоў), В.Іпатава («Памяць па сходнай цане», 1985, рэж. Басаў). Экранізаваліся творы бел. класікаў: Я.Купалы — маст. Т. «Па шчасце, па сонца» (1971, рэж. В.Раеўскі), «Пасля кірмашу» (1972, рэж. Ю.Цвяткоў), «Гусляр» (рэж. Б.Бахціяраў), «На куццю» (рэж. Н.Арцімовіч), дакументальныя «Паклон мой народу за песні» (рэж. Калоўскі, усе 1982), «Ніколі я не паміраў» (1992) і «Імша на Купалу» (1993, рэж. абодвух У.Бокун), «Знойдзеш Бацькаўшчыну блізка» (1998, рэж. М Якжэн), «Янка Купала» (2002, рэж. С.Гайдук); Я.Коласа — маст. «І смех, і бяда» (1973, рэж. Шабан), «Сымон-музыка» (1978) і «Новая зямля» (1982, рэж. абодвух Траццякоў); І.Мележа — Т. і тэлесерыял «Людзі на балоце» (адпаведна 1965, рэж. А.Гутковіч; 1984, рэж. В.Тураў); У.Караткевіча — «Званы Віцебска» (1974, рэж. В.Мазынскі), «Ладдзя Роспачы» (1982, рэж. Л.Тарасава), «Чорны замак Альшанскі» (1984, рэж. М.Пташук). У Т. знаходзяць сваё ўвасабленне і творы пісьменнікаў рус.: І.Тургенева («Жыццё і смерць двараніна Чартапханава», 1972, рэж. Тураў; «Гамлет Шчыгроўскага павета», 1975, рэж. Рубінчык; «Зацішша», 1981, рэж. В.Чацверыкоў; «Бацькі і дзеці», 1984, рэж. Нікіфараў), А.Пушкіна («Дуброўскі», 1988, рэж. Нікіфараў), Ф.Дастаеўскага («Вечны муж», 1990, рэж. Я.Маркоўскі), І.Буніна («Няспешная вясна», 1990, рэж. У.Талкачыкаў); польскіх: паводле Э.Ажэшкі («Хам», 1991, рэж. Дз.Зайцаў), С.Жаромскага («Пракляты ўтульны дом». 1998, рэж. Арлоў); амерыканскіх: Дж.Лондана («Час-Не-Чакае», 1975, рэж. Чацверыкоў), Р.Уорэна («Уся каралеўская раць», 1971, рэж. Ю.Дубровін). У 1970-я г. пачаўся выпуск серыялаў пераважна на гіст., гіст.-рэв. і ваен. тэматыку, часта са спалучэннем хронікі і маст. вобразаў (дакумент. «Біяграфія маёй рэспублікі», 1968, рэж. І.Рудамётаў, В.Карпілаў, І.Вейняровіч, А.Ястрабаў; маст. «Дзяржаўная граніца», 1980—87, рэж. Б.Сцяпанаў, Нікіфараў). У дакументальна-маст. серыяле В.Шавялевіча ў кантэксце гісторыі слав. народаў разглядаецца мінулае і сучаснасць Беларусі, абнаўляецца паэтыка-метафарычная мова кіно: «Па дарогах «Слова аб’ палку Ігаравым» (1986), дылогіі «Да вас, сучаснікі мае» (1989—90) і «Прыйдзі і віждзь» (1992); «Пастка для зубра» (1995) і «Беларусь на крыжы стагоддзяў» (2000). Падзеям Вял.Айч. вайны прысвечаны серыялы «Белая зямля» (1970), «Доўгія вёрсты вайны» (паводле В.Быкава, 1975, рэж. абодвух Карпаў), «Руіны страляюць» (1972, рэж. Чацверыкоў), «Парашуты на дрэвах» (1973, рэж. І.Пікман), «Нас выбраў час» (1976—78, рэж. Пташук). Асабістая трагедыя чалавека ў час вайны адлюстравана ў маст. Т. «Фруза» (паводле Быкава, 1981, рэж. Нікіфараў), «Сведка» (паводле В.Казько, 1985, рэж. Рыбараў) Галерэю партрэтаў удзельнікаў вайны стварылі рэжысёры-дакументалісты Басаў («Імгненні Перамогі», «Салдаты Перамогі», абодва 1975; «Дзякуй, салдат», 1984; «Курган», 1995), В.Жыгалка («Дзеці Брэсцкай крэпасці», «Ім не было і 16», абодва 1978; тэлесерыял «Пасля Перамогі», 1994, «Апошні з групы «Джэк», 2000), Т.Вашчанка («Адзін з многіх», 2000).
Т. выконвае рэпрадукцыйную функцыю, стварае экранны летапіс маст. культуры. Багацце і самабытнасць бел.нар. творчасці адлюстраваны ў дакумент. фільмах В.Каралёва («Палескі карагод», 1991; «Беларускі вясельны каравай», 1993; «Штукар Ямеля з Хальчы», 1996), Ю.Лысятава («Галасы зямлі маёй», 1994; «Дудка», «Труба і рог», абодва 1995), Ю.Гарулёва («Грай, скрыпка, грай», 1994), В.Купрыянава («На крылах фальклору Палесся», 1990; «Калядны сувенір», «Народныя майстры», абодва 1994), А.Суханавай («Іосіф і яго брат Пётр», 1994; «Бубен і барабан», 1997), Гайдука («Неглюбскі лістапад», 1994; «Масленіца», «Рассыпушка», абодва 1995), А.Шклярэўскага («Карагод», 1995; «Эй, гуляю я», 1996), І.Волах «Калядныя цары», 1997), Р.Грыцковай («Валянціна Каралёва — вясёлая ўдава», 1998). Створаны цыклы дакумент.біягр. Т.-партрэтаў дзеячаў бел. мастацтва: выяўл. — «Мастак Арлен Кашкурэвіч» (1976, рэж. С.Адаменка), «Напалеон Орда» (1990, рэж. Л.Гедравічус), «Фантазіі Драздовіча» (1997, рэж. С.Агеенка), «А.А.Анікейчык» (2000, рэж. Ю.Войніч); муз. — «Песні Ігара Лучанка» (1972), «Харошкі» (1978, рэж. абодвух Басаў), «Урыўкі з ненапісанага. Я.Глебаў» (рэж. Арлоў), «Анісімаў» (рэж. В.Шышоў, абодва 1999); тэатральнага і юнамастацтва — «Купалаўцы» (1968, рэж. А.Колас), «Кінарэжысёр Віктар Тураў» (1995, рэж Цвяткоў), «Паўлінка» (1997, рэж. Шышоў) і інш. У экранны фонд увайшлі і Т.-спектаклі драм. і муз. т-раў (гл. ў арт.Тэлевізійны тэатр). Для дзяцей створаны прыгодніцкія серыялы («Корцік», 1973, «Бронзавая птушка», 1974, рэж. абодвух Калінін; «Апошняе лета дзяцінства». 1974, рэж. Рубінчык), фільмы-казкі («Гора баяцца — шчасця не бачыць», рэж. Тураў; «Пастух Янка», рэж. Цвяткоў, абодва 1973), тэлемюзіклы («Прыгоды ў горадзе, якога няма», 1974, «Прыгоды Бураціна», 1975, «Пра Чырвоную Ша пачку», 1977, «Прададзены смех», 1981, «Казка пра Зорнага хлопчыка», 1983, «Рыжы, сумленны, закаханы», 1984, «Пітэр Пэн», 1987, рэж. усіх Л.Нячаеў). У 1990-я г. ў Т. дамінуе экалагічная праблематыка маст. фільм «Бліскавіцы» (1990, рэж. Траццякоў), дакумент. цыклы «Бярэзінскі запаведнік» (1994, рэж. Гедравічус), «Нараўлянскія эцюды» (1996, рэж. Басаў), «Чырвоная кніга. Фауна і флора Беларусі» (2000, рэж. І.Бышнеў) і інш. На мяжы 20—21 ст. у тэлекіно ўваходзіць хрысц. тэматыка: «Уладыка» (1993), «Полацкая Сафія» (1995), «Пад крыламі Ефрасінні» (1996), «Дабро стварай» (1998, рэж. усіх Шавялевіч), «Святыні зямлі беларускай» (2000, рэж. Каралёў) і інш.
В.Ф.Нячай.
Кадр з тэлефільма «Прыгоды Бураціна». 1975.Кадр з тэлефільма «Дзяржаўная граніца» (фільм 2-і) 1981.Кадр з тэлефільма «Хам». 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕННЫ ВЕК
Палеаліт і мезаліт. Першабытны чалавек на тэр. Беларусі з’явіўся ў палеаліце. Пра гэта сведчаць найб. архаічныя крамянёвыя вырабы, выяўленыя як выпадковыя знаходкі на Гомельшчыне і Пд Магілёўшчыны. Належалі яны чалавеку неандэртальскага антрапалагічнага тыпу, які мог патрапіць сюды ў любое з пацяпленняў у прамежку 100—40 тыс. гадоў назад. Час і характар першапачатковага засялення Беларусі можна будзе больш пэўна вызначыць толькі з адкрыццём саміх паселішчаў неандэртальцаў. Наступныя спробы асваення тэр. Беларусі прыпадаюць на позні палеаліт, калі людзі сучаснага антрапалагічнага тыпу — краманьёнцы — на даволі працяглы перыяд (30—20 тыс. гадоў назад) аселі на паўд.-ўсх. Беларусі. Іх стаянкі выяўлены і даследаваны каля вёсак Юравічы і Бердыж на Гомельшчыне. Жыхары Юравіцкай і Бердыжскай стаянак умелі вырабляць больш разнастайны крамянёвы інвентар, чым у папярэднія эпохі. Свае жытлы яны будавалі з біўняў і рэбраў маманта, з чарапоў і касцей іншых жывёл, накрывалі іх звярынымі шкурамі, што давала магчымасць выжыць тут чалавеку ва ўмовах амаль бязлеснай зоны прыледавікоўя. Вынайдзенае краманьёнцамі кап’ё з крамянёвым востраканечнікам стала эфектыўнай зброяй пры паляванні і самаабароне. З часу іх распаўсюджання можна гаварыць і аб першабытным мастацтве ў разнастайных яго формах, а таксама пра розныя сістэмы светапогляду, выяўленыя найперш у рэлігіі. На тэр. Беларусі вядомы толькі арнаментаваны абломак пласцінкі з мамантавага біўня са стаянкі Юравічы (калі толькі ён не трапіў у юравіцкую калекцыю з іншага помніка). Каля 20—18 тыс. гадоў назад, калі ледавік зноў заняў Пн Беларусі і клімат стаў надзвычай суровы, яе тэр. абязлюдзела. У самым канцы старажытнакаменнага веку, у так званым фінальным палеаліце (12—10 тыс.г. назад), ва ўмовах прыкметнага і хуткага пацяплення пачалося новае асваенне чалавекам тэр. Беларусі. Гэта было звязана са з’яўленнем у Панямонні і на Прыпяці плямён лінгбійскай і свідэрскай культур, а ў Падняпроўі — грэнскай культуры. Насельніцтва фінальнапалеалітычнага часу вяло рухомы лад жыцця, што было звязана з сезоннымі міграцыямі паўн. аленяў — асн. здабычы тагачасных паляўнічых, узброеных лукамі і коп’ямі. Сярод крамянёвых вырабаў таго часу вылучаюцца доўгія лістападобныя наканечнікі стрэл.
Каля 10 тыс. гадоў назад на тэр. Беларусі пачаўся сярэднекаменны век — мезаліт. Клімат, раслінны і жывёльны свет к гэтаму часу набылі сучасны выгляд, а ў канцы эпохі (каля 7 тыс. гадоў назад) прыродныя ўмовы сталі нават больш спрыяльныя, чым цяпер. Ва ўмовах суцэльнай залесенасці тэр. Беларусі, наяўнасці тут вялікіх лясоў, густой рачной сеткі і тысяч азёр змяніліся заняткі і побыт тагачаснага чалавека. Асн. паляўнічай здабычай былі лясныя жывёлы, але ўсё большае месца адводзілася рыбалоўству, якое дасягнула росквіту ў канцы эпохі, працягвалася і збіральніцтва. Чалавечае жыццё станавілася ўсё больш аселым і ўпарадкаваным. Развівалася і ўдасканальвалася крэменеапрацоўка. У познім мезаліце пашырыўся выраб мікралітаў, асабліва геаметрычных форм, якія былі часткамі састаўных прылад. Значных поспехаў дасягнула апрацоўка рогу і косці. З іх майстравалі наканечнікі коп’яў і стрэл, кінжалы, гарпуны, праколкі, востраканечнікі з пазамі для мацавання мікралітычных уставак. Некаторыя касцяныя вырабы ўпрыгожваліся арнаментамі. У мезалітычную эпоху тэр. Беларусі была заселена плямёнамі некалькіх археал. культур — кунды культуры на Пн, яніславіцкай на 3, кудлаеўскай на Пд, грэнскай (позні этап) і сожскай (днепра-дзяснінскай) на У і ПдУ.
Неаліт. На тэр. Беларусі неаліт пачаўся 7 тыс. гадоў назад. Ён адметны найперш вынаходніцтвам глінянага абпаленага посуду, што вымагалася гасп. і побытавымі патрэбамі тагачасных людзей. Неалітычнае насельніцтва па-ранейшаму аддавала перавагу прысвойвальным формам гаспадарання. Аднак у параўнанні з папярэднім познамезалітычным часам пабольшала значэнне рыбалоўства, асабліва з дапамогай чаўноў і сетак; існавала і збіральніцтва. У пачатку неаліту на Пд Беларусі зарадзіліся земляробства і жывёлагадоўля. На Пн краіны гэтыя формы гаспадарання пачалі культывавацца толькі ў познім неаліце. У новым каменным веку пачалося прадзенне і ткацтва, удасканальваўся выраб крамянёвых прылад і зброі, яны станавіліся больш разнастайнымі. У Падзвінні і часткова Падняпроўі стрэлы і коп’і асаджвалі лістападобнымі наканечнікамі, апрацаванымі з двух бакоў. На З і Пд краіны наканечнікі коп’яў апрацоўваліся амаль выключна з аднаго боку, а наканечнікі стрэл рабілі трохвугольнай шыпастай формы. У канцы неаліту на ПдЗ пачалі выкарыстоўваць і прышліфоўку лёзаў некаторых сякучых прылад. Як і ў папярэдні час, у неаліце шырока ўжываліся вырабы з косці і рогу. Аднак прылады з пазамі ўжо не вырабляліся. Гарпуны сталі рэдказубымі. З’явілася мноства касцяных рыбалоўных кручкоў. Шырока выкарыстоўвалася на розныя патрэбы і дрэва. Распаўсюджанне земляробства суправаджалася высечкай лясоў, для чаго была патрэбна вял. колькасць сякер. У сувязі з гэтым у канцы неаліту на З Беларусі пачалася здабыча крэменю з зямных глыбінь, пра што сведчаць краснасельскія і інш. крэменездабыўныя шахты. У неаліце больш істотна, чым у папярэднія часы, развіваўся абмен. Так, на Сярэдняе і Ніжняе Падзвінне з Панямоння і Пасожжа паступаў крэмень, а з Прыбалтыкі на тэр. Беларусі ў познім неаліце трапляў бурштын. Значных поспехаў дасягнула і першабытнае мастацтва. Гліняны посуд і касцяныя вырабы ўпрыгожваліся разнастайнымі густоўнымі арнаментамі. З косці, рогу і дрэва майстравалі рэалістычныя выявы людзей, звяроў і птушак, цела і вопратка аздабляліся ўпрыгожаннямі з косці і бурштыну. Існавала і музыка, пра што сведчаць знаходкі на тарфянікавых стаянках жалеек з касцей птушыных канечнасцей. Сярод неалітычнага насельніцтва Беларусі існавалі разнастайныя рэліг. вераванні, звязаныя як з паляўніча-рыбалоўнымі, так і земляробча-жывёлагадоўчымі культамі. Аб гэтым сведчаць пахаванні нябожчыкаў і творы мастацтва — абстрагаваныя арнаментальныя фігуры на посудзе. Пашырэнне земляробства і жывёлагадоўлі, удасканаленне прылад працы, вынаходніцтва глінянага посуду зрабілі больш прадукцыйнай чалавечую працу, спрыялі павелічэнню спосабаў здабычы харчавання, уразнастаілі ежу тагачасных жыхароў, значна палепшылі ўмовы побыту. Усё гэта вяло да прыкметнага павелічэння колькасці насельніцтва. Узбярэжжы вадаёмаў гусцей пакрываліся паселішчамі, засяляліся меншыя рачныя прытокі і азёры. У канцы неаліту на паселішчах пачалі будаваць хаціны з двухсхільнымі стрэхамі. Тэр. Беларусі ў неаліце засялялі плямёны розных археал. культур. У ранні перыяд гэта былі плямёны верхнедняпроўскай, днепра-данецкай, нарвенскай, прыпяцка-нёманскай культур. Пры гэтым нарвенская культура ўваходзіла ў этнакультурную супольнасць паўд.-ўсх. Прыбалтыкі, а астатнія — у днепра-данецкую супольнасць, якая ахоплівала таксама цэнтральную і паўд.-ўсх. Украіну. У сярэднім і познім неаліце ў этнаплемянным складзе насельніцтва Беларусі адбываліся істотныя змены. На Пн краіны з Прыбалтыкі пранікалі носьбіты культуры грабеньчата-ямкавай керамікі, на З прасочваліся ўплывы з Павіслення і Пабужжа. У канцы неаліту на З Беларусі пранікалі рухомыя групы носьбітаў культуры шарападобных амфар. Гэтыя перасяленні, пранікненні і ўплывы садзейнічалі трансфармацыі большасці мясцовых культур. На бел. Паазер’і спачатку фарміравалася познанарвенская культура, потым пачаўся этап паўночнабеларускай культуры, на З складвалася нёманская культура. На большай частцы тэр. Еўропы, у т. л. і Беларусі, каменны век закончыўся ў канцы 3 — пач. 2-га тыс. да н.э.
Літ.:
Археалогія Беларусі. Т. 1. Мн., 1997;
Encyklopedia historyczna świata. T. 1 Kraków, 1999.
М.М.Чарняўскі.
Фрагмент рэшткаў 3-га жытла з паселішча-1 Бердыж. Раскопкі 1938.Агульны выгляд паселішча-1 Юравічы. Раскопкі 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХОВА ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ СПАДЧЫНЫ
Ахова гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі ўключае: навукова-даследчую работу па выяўленні, вывучэнні, класіфікацыі, публікацыі і папулярызацыі найб. адметных матэрыяльных аб’ектаў і нематэрыяльных праяў чалавечай творчасці; арганізацыю ўліку аб’ектаў спадчыны (надання ім статусу гісторыка-культ. каштоўнасці, вядзенне Дзярж. спісу гісторыка-культ. каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і фарміраванне Банка звестак аб гісторыка-культ. спадчыне, аднесеных да катэгорыі інфарм. рэсурсаў дзярж. значэння); падрыхтоўку і ўдасканаленне заканадаўчых актаў, што рэгламентуюць парадак распрацоўкі і зацвярджэння навукова-праектнай дакументацыі, выкананне вытв. мерапрыемстваў, зберажэнне і выкарыстанне каштоўнасцей, кантроль за выкананнем заканадаўства па ахове гісторыка-культ. спадчыны.
Адным з першых актаў у сферы аховы гіст. спадчыны ў БССР была пастанова ЦВК ад 24.12.1923 «Аб рэгістрацыі, узяцці на ўлік і ахове помнікаў мастацтва, даўніны і прыроды, якія знаходзяцца ва ўласнасці ўстаноў, таварыстваў і прыватных асоб», якая забараняла вываз помнікаў культуры за мяжу, перадачу іх інш. асобам; перамяшчэнне аб’ектаў спадчыны павінна было ўзгадняцца з навукова-экспертнай камісіяй, створанай Наркаматам асветы БССР. У адпаведнасці з пастановай СНКБССР ад 5.7.1926 шэраг помнікаў мастацтва, архітэктуры, быту і прыроды былі нацыяналізаваны. Абавязкі па ахове помнікаў культуры ўскладаліся на акруговыя, раённыя, гар. і сельскія Саветы.
На працягу 1920—30-х г. органы аховы помнікаў неаднаразова рэарганізоўваліся. У 2-й пал. 1940-х г. гэтыя функцыі аднесены да кампетэнцыі К-та па справах архітэктуры пры СНКСССР і адпаведных органаў дзярж. кіравання саюзных рэспублік. У выніку ўдасканалення сістэмы ўліку помнікаў з канца 1940-х г. ў Беларусі, як і ва ўсім СССР, аб’екты гіст. спадчыны падзяляліся на помнікі саюзнага, рэсп. і мясц. значэння. Да канца 1960-х г пытанні іх аховы ў Беларусі рэгуляваліся нарматыўнымі актамі ўрада або паўнамоцных органаў дзярж. кіравання. У 1960-я г. ў саюзных рэспубліках утвораны добраахвотныя т-вы аховы помнікаў гісторыі і культуры. У Беларусі дзейнасць адпаведнай грамадскай арг-цыі была скіравана пераважна на ўшанаванне памяці абаронцаў Айчыны ў Вял.Айч. вайну. Яна займалася таксама фінансаваннем работ па рэстаўрацыі Сафійскага сабора ў Полацку, падрыхтоўкай праектнай дакументацыі на рэстаўрацыю Мірскага замка і інш. аб’ектаў спадчыны.
У 1969 Вярх. Савет Беларусі прыняў закон «Аб ахове помнікаў культуры», у 1978 — закон «Аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры», у 1992 — закон «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны». У наш час дзярж. палітыка ў галіне ўліку і аховы гісторыка-культ. спадчыны вызначаецца Нац. сходам Рэспублікі Беларусь і ажыццяўляецца Саветам Міністраў, Мін-вам культуры Рэспублікі Беларусь і яго прадстаўнікамі ў мясц. выканаўчых і распарадчых органах. Гэтыя функцыі ўскладзены на ўпраўленні культуры абласных і Мінскага гар. выканаўчых к-таў, аддзелы культуры раённых і гар. выканкомаў. Выпрацоўку навукова-метадычнай палітыкі ў галіне ўліку, аховы, зберажэння, выкарыстання і аднаўлення гісторыка-культ. спадчыны ажыццяўляе Бел.рэсп. навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культ. спадчыны пры Мін-ве культуры.
Закон забараняе дзейнасць, што стварае пагрозу пагаршэння стану або знікнення нерухомых матэрыяльных каштоўнасцей, абмяжоўвае або забараняе дзейнасць, у выніку якой ствараецца пагроза існаванню ці тэхн. стану каштоўнасцей. Усе віды работ у зонах аховы нерухомых матэрыяльных каштоўнасцей могуць праводзіцца толькі з пісьмовага дазволу Мін-ва культуры. Асн. правы ўласнікаў каштоўнасцей рэгулююцца Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь і адпаведнымі артыкуламі закона «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» (1992). Фінансаванне аховы і зберажэння гісторыка-культ. спадчыны ажыццяўляецца за кошт дзярж. выдаткаў, сродкаў уласнікаў ці карыстальнікаў каштоўнасцей, а таксама сродкаў, што спаганяюцца з парушальнікаў рэжыму захоўвання каштоўнасцей і патрабаванняў закона. Вінаватыя ў наўмысным разбурэнні і пашкоджанні помніка (каштоўнасці) прыцягваюцца да адм. або крымінальнай адказнасці.
У 1996 у Беларусі было зафіксавана каля 16 тыс. аб’ектаў, якія валодаюць прыкметамі гісторыка-культ. каштоўнасцей. Яны былі ўключаны ў Дзярж. спіс помнікаў гісторыі і культуры рэсп. значэння, спісы помнікаў мясц. значэння і «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (выдадзены ў 1984—88 у 8 кнігах), які паводле пастановы ўрада меў статус афіц. дакумента па ахове спадчыны. У наш час дзеючым заканадаўствам прадугледжана фарміраванне новага Дзярж. спіса гісторыка-культ. каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. На 1.5.2004 у яго ўключаны 4813 аб’ектаў, з іх 51 адносіцца да катэгорыі духоўных каштоўнасцей (пераважна стараж. гербы бел. гарадоў), 59 з’яўляюцца рухомымі каштоўнасцямі (скарбы, калекцыі посуду, царк. інвентару, абразы, карціны, кнігі; складаюцца з больш як 6 тыс. прадметаў); 1655 аб’ектаў архітэктуры і горадабудаўніцтва, 1788 аб’ектаў археалогіі, 303 помнікі мастацтва, 1067 помнікаў абаронцам Айчыны, памятных мясцін, звязаных са знакавымі асобамі і гіст. падзеямі.
Для кожнага асобнага аб’екта, групы ці комплексу каштоўнасцей, гіст. цэнтра горада ўстанаўліваецца ахоўная зона. Кансервацыю і рэстаўрацыю гісторыка-культ. каштоўнасцей, выяўл. і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва праводзіць любая юрыд. або фіз. асоба, што валодае вызначанай кваліфікацыяй і мае адпаведны дазвол на правядзенне работ. Са сродкаў рэсп. бюджэту ажыццяўляецца фінансаванне мерапрыемстваў па развіцці прававой базы аховы спадчыны і рэстаўрацыі, дзейнасці па фарміраванні Банка звестак аб гісторыка-культ. спадчыне Рэспублікі Беларусь, рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ найб. знакавых матэрыяльных каштоўнасцей, напр., замкавы комплекс «Мір», палацава-паркавы ансамбль у г. Нясвіж, будынак Нац. акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь і інш. Пры выкананні рэстаўрацыйных работ выкарыстоўваюцца і сродкі мясц. бюджэтаў, якія накіроўваюцца на выкананне розных мерапрыемстваў па зберажэнні забудовы аб’ектаў спадчыны, што знаходзіцца ў камунальнай уласнасці. У 1991 створана рэсп. спецыялізаваная навук.арг-цыя — Дзярж. гісторыка-культ. экспедыцыя па выратаванні помнікаў гісторыі і культуры Беларусі ў раёнах, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986). Дзейнічаюць і грамадскія аб’яднанні: Бел. добраахвотнае т-ва аховы помнікаў гісторыі і культуры, Бел. фонд культуры, Бел.к-тміжнар. рады па помніках і мясцінах (ІКАМОС) і інш.
На міжнар. узроўні пытанні аховы спадчыны рэгулююцца дакументамі, распрацаванымі ЮНЕСКА. Беларусь ратыфікавала 3 канвенцыі ЮНЕСКА, што разглядаюць пытанні аховы помнікаў культуры ў выпадку ўзбр. канфліктаў (1954), забароны незаконнага вывазу каштоўнасцей (1964), аховы аб’ектаў сусв.культ. і прыроднай спадчыны (1972). У адпаведнасці з апошнім дакументам фарміруецца Спіс сусв.культ. і прыроднай спадчыны, у які ўключаны Белавежская пушча і замкавы комплекс «Мір». Сярод інш. дакументаў, прынятых ЮНЕСКА, асаблівае значэнне для Беларусі маюць рэкамендацыі, скіраваныя на рэгламентацыю археал. даследаванняў, у т. л. падводнай археалогіі (1954), эфектыўных мер забеспячэння агульнадаступнасці музеяў (1960), захаванне адметнасці краявідаў (1962), аховы рухомых каштоўнасцей (1978) і інш. Актыўную пазіцыю ў справе захавання спадчыны, даследавання культ. каштоўнасцей, падрыхтоўкі спецыялістаў займаюць няўрадавыя арг-цыі ІКАМОС, Міжнар. рада музеяў (ІКОМ), міжнар. даследчы цэнтр захавання і рэстаўрацыі культ. набытку (ІККРОМ). Гэтыя арганізацыі падрыхтавалі шэраг метадычных дакументаў па ахове спадчыны, якія істотна дапаўняюць нормы нац. заканадаўства. У дзейнасці, скіраванай на зберажэнне гісторыка-культ. каштоўнасцей, спецыялісты карыстаюцца «Міжнароднай хартыяй захавання і рэстаўрацыі помнікаў і мясцін» (Венецыя, 1964), «Міжнароднай хартыяй зберажэння гістарычных садоў» (Фларэнцыя, 1982), «Міжнароднай хартыяй захавання гістарычных гарадоў і гарадскіх абшараў» (Вашынгтон, 1987), «Міжнароднай хартыяй кіравання археалагічнай спадчынай» (1990), Нарскім дакументам аб аўтэнтычнасці (1994). Рыжская хартыя (2000), якая датычыць правядзення рэканструкцыі гіст. аб’ектаў, распрацоўвалася пры актыўным удзеле бел. спецыялістаў.
Літ.:
Советское законодательство о памятниках истории и культуры: Сб. док. и материалов (1917—1972 гг.). Мн., 1972;
Конвенции и рекомендации ЮНЕСКО по охране культурного наследия. Мн., 2000;
Мартыненко И.Э. Законодательство об охране историко-культурного наследия и прокурорский надзор за его исполнением. Мн., 2001;
Несцярчук Л.М. Ахова гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСЬ У ПЕРЫЯД ЛЮТАЎСКАЙ І КАСТРЫЧНІЦКАЙ РЭВАЛЮЦЫЙ 1917
Абвастрэнне ў ходзе 1-й сусв. вайны праблем і супярэчнасцей, якімі было абцяжарана рас. грамадства, прывяло ў 1917 да выбуху новай рэвалюцыі. 23.2(8.3). 1917 у сталіцы Рас. імперыі Петраградзе з-за перабояў у гандлі хлебам пачаліся пагромы булачных, узніклі стыхійныя мітынгі і дэманстрацыі. 25 лют. сталіца была паралізавана ўсеагульнай паліт. забастоўкай. 27 лют. рух перарос ва ўзбр. паўстанне з удзелам салдат Петраградскага гарнізона, што забяспечыла перамогу рэвалюцыі ў сталіцы імперыі. У час паўстання прадстаўнікі ліберальнай думскай апазіцыі (акцябрысты і кадэты) сфарміравалі Часовы камітэт Дзярж. думы, які абвясціў аб узяцці ўлады ў краіне. Але адначасова ў ходзе паўстання ўтварыўся Петраградскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў на чале з меншавікамі і эсэрамі. Савет здолеў устанавіць кантроль над часцямі Петраградскага гарнізона. Гэта прымусіла кіраўнікоў думскага Часовага к-та пайсці на перагаворы з лідэрамі Савета, у выніку чаго быў сфарміраваны Часовы ўрад Расіі на чале з кн. Г.Я.Львовым. Дамінуючыя пазіцыі ва ўрадзе занялі кадэты. Часовы ўрад абавязваўся забяспечыць дэмакратызацыю краіны і склікаць Устаноўчы сход, якому належала канчаткова вызначыць дзярж. лад Расіі.
Цара Мікалая II рэвалюцыя заспела ў Стаўцы Вярх. галоўнакамандуючага ў Магілёве. Яго спроба падавіць паўстанне ў Петраградзе з дапамогай карнай экспедыцыі правалілася, і 2(15).3.1917 Мікалай II падпісаў адрачэнне ад трона.
Насельніцтва Беларусі і салдаты Зах. фронту ў большасці з энтузіязмам сустрэлі факт перамогі рэвалюцыі. Паліцыя і жандармерыя былі раззброены, царскі дзярж. апарат паралізаваны. Каб забяспечыць парадак і бяспеку насельніцтва, па ініцыятыве гар. дум і земстваў, палітычна актыўных груп інтэлігенцыі на месцах ствараліся камітэты грамадскай бяспекі — часовыя калегіяльныя органы кіравання. На працягу сакавіка 1917 яны ўзніклі ва ўсіх губ. і павятовых гарадах, многіх мястэчках усх. (неакупіраванай) Беларусі. Аднак, з’яўляючыся паводле спосабу ўтварэння грамадскімі арганізацыямі, к-ты не атрымалі ўсёй паўнаты ўлады на месцах. Паступова іх роля звялася да грамадскай падтрымкі губ. і павятовых камісараў Часовага ўрада, якія перанялі функцыі ранейшых губернатараў, павятовых спраўнікаў і земскіх начальнікаў.
Поруч з агульнадэмакр. органамі кіравання па прыкладу Петраграда на месцах ствараліся класавыя арганізацыі працоўных — Саветы рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. Адным з першых на Беларусі ў сак. 1917 утварыўся Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, затым — Гомельскі, Віцебскі, Магілёўскі, Бабруйскі, Полацкі, Слуцкі і інш. Саветы сял. дэпутатаў арганізоўваліся ў крас.—ліп. 1917 у ходзе правядзення губ. і павятовых сял. з’ездаў. З сакавіка па ліпень 1917 на Беларусі ўзнікла каля 150 Саветаў розных назваў. Партыйны склад Саветаў вызначаўся абсалютнай перавагай у іх меншавікоў, бундаўцаў, эсэраў. Адносна ўплывовая бальшавіцкая група склалася толькі ў Мінскім Савеце. Саветы Беларусі па прыкладу Петраградскага падтрымлівалі Часовы ўрад і яго органы на месцах пры ўмове, што іх дзейнасць не супярэчыць усталяванню дэмакр. ладу. Для каардынацыі працы Саветаў у агульнарас. маштабе ў Петраградзе былі скліканы 1 Усерас. з’езд Саветаў сял. дэпутатаў (май 1917) і Усерас. з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў (чэрв. 1917), якія сфарміравалі адпаведныя цэнтр. выканаўчыя к-ты (ЦВК).
Ва ўмовах небывалай для Расіі дэмакратыі, што ўсталявалася ў ходзе Лютаўскай рэвалюцыі, актывізавалася дзейнасць шматлікіх паліт. партый — агульнарасійскіх і нацыянальных. На Беларусі, у адрозненне ад іншых нац. рэгіёнаў, з прычыны невысокай нац. самасвядомасці беларусаў і змяншэння на працягу вайны іх долі ў складзе насельніцтва пераважным уплывам на паліт. арэне завалодалі агульнарас. партыі. У першыя месяцы рэвалюцыі вядучую ролю спрабавала адыгрываць партыя кадэтаў (Партыя народнай свабоды, ПНС), якая выступала за мадэрнізацыю Расіі на зах.-еўрап. ўзор (прававая дзяржава, рыначная эканоміка, грамадзянская супольнасць). Разам з тым кадэты былі праціўнікамі ўтварэння дзяржаўнасці нярускіх народаў (нават у форме аўтаноміі), настойвалі на працягу вайны да поўнай перамогі Расіі, што супярэчыла настроям асн. часткі насельніцтва. Таму яны не атрымалі масавай падтрымкі; на Беларусі ўлетку 1917 функцыянавала не больш за 10 іх парт. арг-цый.
Найб. сугучнай спантанным памкненням народа да справядлівага ладу аказалася ідэалогія сацыяліст. партый, самай шматлікай сярод іх стала Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР, эсэры). Яна выступала за сацыялізацыю зямлі і ўраўняльнае размеркаванне яе паміж сялянамі, за пераўтварэнне Расіі ў федэратыўную рэспубліку з тэр. і нац.-культ. аўтаноміяй народаў. У бел. губернях дзейнічалі не менш чым 22 эсэраўскія арганізацыі, на Зах. фронце ў арг-цыях ПСР налічвалася больш за 30 тыс.чал. Эсэры дамінавалі ў Саветах сял. дэпутатаў, займалі моцныя пазіцыі ў Саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў, гар. думах, зямельных і харчовых к-тах.
Шырокай папулярнасцю карысталіся таксама сацыял-дэмакраты (меншавікі-абаронцы, меншавікі-інтэрнацыяналісты, бальшавікі-ленінцы). На Беларусі моцную сац. апору меў Бунд, які прымыкаў да меншавіцкага крыла РСДРП. Усе сацыял-дэмакраты, за выключэннем бальшавікоў, лічылі немагчымым непасрэдны пераход краіны да сацыяліст. рэвалюцыі, выступалі за паступовае рэфармаванне грамадскіх адносін пры захаванні асноў капіталістычнай эканомікі і прынцыпаў парламенцкай дэмакратыі. Таму яны былі прыхільнікамі кааліцыі з ліберальна-бурж. партыямі і падтрымлівалі Часовы ўрад. У процівагу гэтаму бальшавікі ўзялі курс на перарастанне бурж.-дэмакратычнай рэвалюцыі ў сацыялістычную. Яны адмовіліся падтрымліваць Часовы ўрад і абвясцілі лозунг «Уся ўлада Саветам!». На Беларусі і Зах. фронце ўлетку 1917 лінію бальшавіцкага кіраўніцтва падтрымлівалі каля 4 тыс. сацыял-дэмакратаў, супраць яе выступалі 14 тыс. членаў с.-д. арг-цый.
Поруч з агульнарасійскімі на Беларусі і Зах. фронце дзейнічалі польскія, яўрэйскія, латышскія, літоўскія, украінскія і інш.нац. партыі і арг-цыі. Значна актывізаваўся ў ходзе рэвалюцыі і бел.нац. рух. З’езд бел. дзеячаў у Мінску [25—27.3(7—9.4). 1917] выпрацаваў асн. праграмнае палажэнне бел. руху ў новых умовах — дасягненне дзярж.-тэр. аўтаноміі Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай дэмакр. рэспублікі. Для ажыццяўлення гэтай ідэі з’езд утварыў Бел.нац. камітэт на чале з Р.Скірмунтам. Пра неабходнасць для Беларусі аўтаноміі ў складзе агульнарас. федэрацыі заявілі адноўленая Бел. сацыялістычная грамада (БСГ), новаўтвораныя Бел. народная партыя сацыялістаў, Бел. народная грамада, Хрысціянска-дэмакратычная злучнасць беларусаў. Аднак Часовы ўрад, зыходзячы з эканам. і геапаліт. інтарэсаў Расіі, не падтрымаў аўтанамісцкай платформы. На Беларусі супраць яе выступілі арганізацыі агульнарас. партый, а таксама мясц. групоўкі, што кіраваліся дактрынай заходнерусізму. Пад іх уплывам некаторыя сял. і настаўніцкія з’езды бел. губерняў прынялі ў 1917 рэзалюцыі супраць аўтаноміі Беларусі і развіцця самабытнай бел. культуры.
Выразнай дамінантай на паліт. ландшафце Беларусі выступаў Зах. фронт рас. армій, у якіх у 1917 налічвалася больш за 1,6 млн. вайскоўцаў. Паводзіны гэтай масы ўзброеных людзей сур’ёзна ўплывалі на перспектывы рас. рэвалюцыі ў цэлым і на далейшы лёс Беларусі. Гал. тэндэнцыяй вайсковага жыцця ў час рэвалюцыі стала яго імклівая палітызацыя. Паводле загада № 1 Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў ад 1(14).3.1917 ва ўсіх падраздзяленнях (ротах, батальёнах, палках, дывізіях, карпусах і арміях) выбраны органы салдацкага самакіравання — вайсковыя камітэты. Стварэнне агульнафрантавой сістэмы салдацкіх арг-цый завершана на 1 з’ездзе ваенных і рабочых дэпутатаў Зах. фронту (крас. 1917, Мінск). З’езд выбраў Выканаўчы к-тЗах. фронту (Франтавы к-т), які размясціўся ў Мінску і, дзякуючы наяўнасці ўзбр. апоры ў асобе салдат, атрымаў вял. магчымасці ўплываць на ход падзей на Беларусі. Фарміраванне на фронце сістэмы салдацкага самакіравання не стасавалася з прынцыпам адзінаначалля ў войску. Вайсковыя к-ты ўмешваліся ў дзейнасць камандзіраў, часта выказвалі ім недавер па паліт. матывах і дамагаліся адхілення ад пасад. Палітызацыя фронту няўхільна вяла да зніжэння кіруемасці, развалу дысцыпліны і баяздольнасці вайск. часцей.
Тым не менш Часовы ўрад, захоўваючы вернасць саюзнікам па Антанце, трымаўся курсу на працяг вайны, хоць яна выклікала ўсё большую незадаволенасць сярод насельніцтва. Улетку 1917 урад і камандаванне арганізавалі наступленне супраць немцаў, спадзеючыся пераламаць ход вайны на карысць Расіі. Аднак першы і гал. ўдар па праціўніку ў чэрв. 1917 сіламі Паўд.-Зах. фронту на Украіне скончыўся няўдачай. Гэта, аднак, не адмяніла прызначанага наступлення Зах. фронту на тэр. Беларусі. Асн. ўдар 9—10 ліп. наносіла тут 10-я армія ў напрамках на Слонім і Вільню. Амаль не сустрэўшы супраціўлення, часці 10-й арміі прайшлі 2—3 лініі ням. акопаў, пабывалі на непрыяцельскіх батарэях, знялі прыцэлы з гармат і вярнуліся назад. Нежаданне салдат працягваць вайну, масавае дэзерцірства, братанне з праціўнікам прывяло да поўнага правалу наступлення.
Няўдачы на фронце, а таксама канфлікт з нац.-вызв. рухамі нярускіх народаў выклікалі ліпеньскі крызіс Часовага ўрада. 3—4 ліп. сотні тыс. салдат, матросаў і ўзбр. рабочых, узбуджаныя антыўрадавай прапагандай бальшавікоў і анархістаў, выйшлі на вуліцы Петраграда з патрабаваннямі адхілення Часовага ўрада і перадачы ўсёй улады Саветам. Сутычкі з вернымі ўраду часцямі прывялі да чалавечых ахвяр. З мэтай прадухіліць паўтарэнне на месцах петраградскіх эксцэсаў, палітычна актыўныя сілы ў Беларусі і на Зах. фронце (Саветы, вайсковыя к-ты, парт. і нац. арг-цыі) не дапусцілі тут масавых выступленняў. Часовы ўрад, які ўзначаліў сацыяліст А.Ф.Керанскі, 9 ліп. быў абвешчаны цэнтральнымі органамі Саветаў «урадам выратавання рэвалюцыі» з шырокімі прэрагатывамі. На фронце ўводзіліся смяротная кара і ваенна-рэв. суды. Узмацніўся адм. націск у адносінах да нац. рухаў.
Адзін са шляхоў стабілізацыі ўнутрыпаліт. становішча кіруючыя колы бачылі ў правядзенні дэмакр. выбараў органаў гар. і земскага самакіравання, якія адбыліся ў 2-й пал. 1917. Упершыню ў Беларусі, як і ва ўсёй імперыі, уводзілася ўсеагульнае, роўнае, прамое і тайнае галасаванне. Большасць месцаў у гар. думах Беларусі заваявалі агульнарасійскія сацыялістычныя партыі. Пэўнае прадстаўніцтва атрымалі нац. арг-цыі: бел., яўрэйскія, польскія. Адначасова пацвердзіўся невысокі рэйтынг ліберальнай Партыі нар. свабоды. У адрозненне ад гараджан, большасць вяскоўцаў фактычна праігнаравала выбары ў земствы. Сяляне з падазронасцю ставіліся да тайнай працэдуры галасавання, выявілі неразуменне дэмакр. механізмаў.
З мэтай спынення дэструктыўных працэсаў кансерватыўныя і ліберальныя сілы (генералітэт, дваранства, частка буржуазіі) патрабавалі згортвання рэвалюцыі, ліквідацыі Саветаў і вайсковых к-таў, задушэння нац.-вызв. рухаў і ўсталявання цвёрдай улады. У якасці правадніка такой лініі і магчымага будучага дыктатара разглядаўся Вярх. галоўнакамандуючы ген. Л.Г.Карнілаў, які 25—31.8(7—13.9).1917 узняў мяцеж. Сумеснымі дзеяннямі левых сіл (эсэраў, меншавікоў, бальшавікоў) мяцеж быў хутка і практычна бяскроўна ліквідаваны. Пасля гэтага ў грамадстве адбыўся яшчэ большы зрух улева. Кадэты, замешаныя ў падрыхтоўцы мяцяжу, цалкам страцілі аўтарытэт і адышлі ў цень. Гал. роля на паліт. сцэне перайшла да сацыяліст. партый. Але сярод іх адсутнічала адзінства поглядаў на далейшыя шляхі развіцця краіны. Большасць эсэраў і меншавікоў лічылі, што ўлада павінна абапірацца не толькі на рабочых і сялян, але на ўсе пласты насельніцтва, у т. л. на буржуазію, без падтрымкі якой немагчыма справіцца з эканам. праблемамі. Фарміраванне агульнанар. улады бачылася ім праз дэмакр. выбранне Устаноўчага сходу, які разглядаўся як вяршыня рэвалюцыі.
Бальшавікі працягвалі кіравацца пастулатам аб дыктатуры пралетарыяту і шлях да яе ўсталявання бачылі праз пераход усёй улады ў рукі Саветаў. Рабочыя, сяляне, салдаты, якія страцілі надзею дачакацца ад Часовага ўрада сацыяльных рэформ, вырашэння пытанняў аб міры і зямлі, усё больш траплялі пад уплыў бальшавікоў. Пра гэта сведчыць хуткі рост бальшавіцкіх арг-цый, асабліва на фронце. Калі на I Паўн.-Зах. абласной канферэнцыі РСДРП(б) у Мінску [15—18.9(28.9—1.10).1917] было прадстаўлена 9,2 тыс. членаў партыі і спачувальнікаў (з іх 69% — у франтавых арганізацыях), то на II канферэнцыі [5—7(18—20). 10.1917] — ужо 56,4 тыс. бальшавікоў (з іх 94% — франтавікі). Па патрабаванні бальшавікоў на канец кастр. 1917 у Петраградзе быў прызначаны II Усерас. з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які ў адпаведнасці з ленінскай задумай павінен быў легітымізаваць вынікі запланаванага на тыя ж дні бальшавіцкага ўзброенага паўстання.
Паглыбленне агульнарасійскага сац.-паліт. крызісу ўзмацняла сярод нярускіх народаў краіны цягу да стварэння ўласнай нац. дзяржаўнасці. Гэтая тэндэнцыя ўсё больш выразна праяўлялася і на Беларусі. Паколькі Бел.нац. камітэт не змог дамагчыся аўтаноміі Беларусі, на з’ездзе нац. арганізацый і партый у Мінску [8—10(21—23).7.1917] ён быў скасаваны і заменены Цэнтральнай радай бел. арг-цый, у якой дамінуючая роля належала БСГ. Кола ўдзельнікаў бел.нац. руху паступова пашыралася: да яго далучалася вучнёўская моладзь, рабочыя, бежанцы. Асабліва важнае значэнне мела падтрымка нац. лозунгаў беларусамі-вайскоўцамі. 18—24.10(31.10—6.11).1917 у Мінску адбыўся з’езд воінаў-беларусаў Зах. фронту з удзелам прадстаўнікоў ад інш. франтоў і Балтыйскага флоту. З’езд выказаўся за аўтаномію Беларусі і прызнаў неабходным стварэнне бел. войска. Для арганізацыі нац. войска была выбрана Цэнтр.бел. вайсковая рада (ЦБВР) на чале з С.Рак-Міхайлоўскім. Адначасова Цэнтр. рада бел. арг-цый была рэарганізавана ў Вялікую Беларускую раду (ВБР) пад старшынствам В.Адамовіча, у склад якой увайшоў і выканаўчы камітэт ЦБВР. ВБР разглядалася як зародак вышэйшага органа дзярж. улады аўтаномнай Беларусі. Аднак у канкрэтна-гіст. абставінах тагачаснай Беларусі з яе размытай этнакультурнай ідэнтычнасцю і глыбокай інтэграванасцю ў агульнарас. арганізм гэтыя нац.-дзяржаўніцкія памкненні выглядалі досыць лакальна, яны патаналі ў агульным супрацьстаянні сацыяльна-паліт. сіл і інтарэсаў у маштабах усёй ахопленай крызісам Рас. дзяржавы.
Скарыстаўшы няздольнасць дэмакр. сіл сфарміраваць устойлівыя ўладныя структуры, што змаглі б давесці краіну да Устаноўчага сходу, бальшавікі арганізавалі 24—26.10(6—8.11). 1917 у Петраградзе новае ўзбр. паўстанне і дамагліся звяржэння кааліцыйнага Часовага ўрада. II Усерас. з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў [25—27.10(7—9.11).1917, Петраград], на якім бальшавікі мелі колькасную перавагу, зацвердзіў вынікі паўстання. Не з’яўляючыся органам агульнанар. прадстаўніцтва (дэлегатаў ад самай шматлікай часткі насельніцтва — сялянства — амаль не было), з’езд тым не менш прыняў рашэнне канстытуцыйнага ўзроўню: абвясціў аб пераходзе ўсёй улады ў краіне ў рукі Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. Для атрымання лаяльнасці з боку салдацкіх і сял. мас вял. палітычна-прапагандысцкае значэнне мелі зацверджаныя з’ездам Дэкрэт аб міры (утрымліваў прапанову да ўсіх дзяржаў—удзельніц сусв. вайны неадкладна пачаць перагаворы аб міры на ўмовах адмаўлення ад анексій і кантрыбуцый) і Дэкрэт аб зямлі (абвяшчаў зямлю «ўсенародным набыткам» і абяцаў размеркаванне яе паміж сялянамі на прынцыпах ураўняльнага землекарыстання). З’езд утварыў новы, «рабоча-сялянскі» ўрад Расіі — Савет Народных Камісараў (старшыня У.І.Ленін). 2(15).11.1917 СНК прыняў «Дэкларацыю правоў народаў Расіі», у якой абвяшчалася роўнасць і суверэннасць народаў і іх права на самавызначэнне аж да аддзялення і ўтварэння самастойных дзяржаў.
На Беларусі і Зах. фронце адным з найважнейшых цэнтраў барацьбы за ўладу з’яўляўся Мінск. 26.10(8.11).1917 бальшавікі — члены прэзідыума Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў ад імя яго выканкома выдалі загад № 1 «Да насельніцтва горада Мінска і яго ваколіц», у якім абвясцілі пра пераход улады да Саветаў. У той жа дзень яны прынялі рашэнне аб арганізацыі надзвычайнага органа па правядзенні ўзбр. паўстання — Ваенна-рэвалюцыйнага к-та (ВРК) Зах. фронту (старшыня К.І.Ландар). Абапіраючыся на вызваленых з турмы і гаўптвахт салдат, сабраных у І-ы Рэвалюцыйны імя Мінскага Савета полк, і інш. часці гарнізона, бальшавікі Мінска накіравалі свае патрулі на чыгунку, пошту, тэлеграф і ў штаб Зах. фронту. Спроба захопу ўлады выклікала процідзеянне з боку іншых паліт. сіл. 25—27.10(7—9.11).1917 у Мінску прадстаўнікамі Выканаўчага к-таЗах. фронту, гар. думы, сялянскіх, прафесійных, нац. арг-цый быў створаны надзвычайны кааліцыйны орган улады — Камітэт выратавання рэвалюцыі Заходняга фронту, у якім пераважалі эсэры, правыя і левыя меншавікі, бундаўцы. Камітэт не прызнаў вынікаў Петраградскага ўзбр. паўстання і выказаўся за фарміраванне ўлады на аснове шырокага левага блока. Вайсковыя сілы К-та выратавання рэвалюцыі напачатку шматразова пераўзыходзілі сілы бальшавікоў Мінска, што прымусіла апошніх заявіць аб падпарадкаванні камітэту. Але адначасова яны, выкарыстоўваючы дэкрэты аб міры і зямлі, разгарнулі ў часцях Зах. фронту інтэнсіўную агітацыю і здолелі дамагчыся падтрымкі з боку значнай колькасці салдат. Гэта дазволіла падцягнуць да Мінска ўзбр. падмогу, у т. л. браніраваны цягнік, і змяніць суадносіны сіл у горадзе на карысць бальшавікоў. 2(15).11.1917 на пашыраным пасяджэнні Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў было абвешчана аб поўным пераходзе ўлады ў яго рукі.
У Віцебску мясц. Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў не падтрымаў Петраградскае ўзбр. паўстанне і не прызнаў створаных у выніку яго перамогі цэнтр. органаў улады. У адказ бальшавікі Віцебска выйшлі з кіраўніцтва Савета і з апорай на салдат гарнізона стварылі Ваенна-рэвалюцыйны камітэт. ВРК ануляваў паўнамоцтвы дзеючага Савета і адміністрацыйна-сілавым шляхам скамплектаваў новы, т.зв. Рэвалюцыйны Савет салдацкіх дэпутатаў. У канцы ліст. 1917 было абвешчана аб усталяванні ў Віцебску і павеце сав. улады, аднак найвышэйшым уладным органам заставаўся ВРК.
Вынікі барацьбы за ўладу ў Магілёве, дзе знаходзілася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага, мелі не толькі мясцовае, але і агульнарас. значэнне. Паліт. і грамадскія арг-цыі Магілёва адмоўна паставіліся да Кастрычніцкага ўзбр. паўстання ў Петраградзе. Пасля звестак аб звяржэнні Часовага ўрада прадстаўнікі гар. думы, паліт. партый, нац., прафесійных арг-цый Магілёва ўтварылі Камітэт грамадскай бяспекі, які заклікаў да захавання парадку і падрыхтоўкі да выбараў ва Устаноўчы сход. Магілёўскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў 28.10(10.11).1917 асудзіў выступленне бальшавікоў і выказаўся за ўтварэнне «аднароднага сацыялістычнага ўрада» (ад бальшавікоў да народных сацыялістаў). 9(22). 11.1917 петраградскі СНК адхіліў ад пасады в.а. Вярх. галоўнакамандуючага ген. М.М.Духоніна і накіраваў для заняцця Стаўкі экспедыцыйныя атрады салдат і матросаў на чале з бальшавіком прапаршчыкам М.В.Крыленкам. З набліжэннем іх да Магілёва выканком Магілёўскага Савета прыняў 18 ліст. (1 снеж.) рэзалюцыю аб прызнанні бальшавіцкага ўрада і ўтварыў Ваенна-рэв. камітэт, да якога перайшла ўлада ў горадзе і павеце. Паводле яго загаду Духонін быў узяты пад хатні арышт, а ў час заняцця Стаўкі сав. войскамі загінуў у выніку матроскага самасуду.
Выступаючы пад лозунгам «Уся ўлада Саветамі», бальшавікі ў большасці выпадкаў не дапускалі пераходу ўлады да рэальна існаваўшых Саветаў, паколькі ў іх мелі перавагу эсэры, меншавікі, бундаўцы і інш. памяркоўныя сацыялісты. Як у губернскіх, так і ў павятовых цэнтрах, інш. гарадах і мястэчках Беларусі захоп улады ажыццяўляўся, як правіла, праз ваенна-рэв. к-ты, якія фарміраваліся бальшавікамі пераважна з вайскоўцаў, што перайшлі на бальшавіцкія пазіцыі. ВРК займалі стратэгічна важныя аб’екты (арсеналы, тэлеграф, чыг. станцыі, штабы), затым дамагаліся перавыбараў эсэра-меншавіцкіх Саветаў з тым, каб большасць у іх атрымалі бальшавікі і левыя эсэры. Пасля гэтага Саветы ў новым складзе зацвярджалі меры, фактычна ўжо ажыццёўленыя ваенна-рэв. камітэтамі. Дзейнасць апошніх у кастр.—ліст. 1917 каардынаваў ВРКЗах. фронту ў Мінску.
Устанаўленне сав. улады на Беларусі і Зах. фронце было аформлена скліканымі ў Мінску III з’ездам Саветаў сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ. [18—20.11(1—3.12).1917], з’ездам Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Зах. вобласці (19—21.11(2—4.12).1917] і II з’ездам армій Зах. фронту [20—25.11(3—8.12).1917], З’езды выбралі свае выканаўчыя органы, якія 26.11 (9.12). 1917 аб’ядналіся і разам з прадстаўнікамі прафсаюзаў сфарміравалі вышэйшы орган улады — Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў Зах. вобласці і фронту (Аблвыкамзах; старшыня М.У.Рагазінскі, са студз. 1918 А.Ф.Мяснікоў), у якім абсалютная большасць месц (100 са 187) належала прадстаўнікам фронту. Органам выканаўчай улады стаў Савет народных камісараў Зах. вобласці і фронту (старшыня К.І.Ландар). Паводле спосабу фарміравання і асабовага складу гэта былі пераважна франтавыя органы, укамплектаваныя вайскоўцамі розных нацыянальнасцей Расіі, але пры амаль поўнай адсутнасці беларусаў. Кампетэнцыя Аблвыкамзаха не распаўсюджвалася на Віцебскую і Магілёўскую губ., там дзейнічалі Віцебскі губ. Савет сял., салдацкіх, рабочых і батрацкіх дэпутатаў і Магілёўскі губ. Савет рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. Кіраўніцтва Аблвыкамзаха і СНКЗах. вобласці і фронту фактычна адмаўляла права бел. народа на самавызначэнне і стварэнне сваёй нац. дзяржаўнасці.
Для вырашэння пытання аб самавызначэнні па ініцыятыве Вял.Бел. рады (Мінск) і Бел. абласнога к-та (Петраград) 5—18(18—31).12.1917 у Мінску адбыўся першы ў гісторыі агульнанац. форум бел. народа — Усебеларускі з’езд. У ім удзельнічалі 1872 дэлегаты ад земстваў, гар. дум, Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, Саветаў сял. дэпутатаў Беларусі, бел.паліт. партый, бежанскіх, прафесійных і інш. арг-цый. Выпрацаваная з’ездам канцэпцыя дэмакр. шляху да бел. дзяржаўнасці прадугледжвала ўтварэнне Усебеларускага Савета сял., салдацкіх і рабочых дэпутатаў, якому даручалася скліканне Бел. Устаноўчага сходу для канчатковага вызначэння дзяржаўна-палітычнага статусу Беларусі і фарміравання легітымных органаў улады. Такая перспектыва супярэчыла імкненням бальшавікоў Зах. фронту да ўстанаўлення сваёй манаполіі на ўладу на Беларусі. Паводле загаду СНКЗах. вобласці і фронту ў ноч на 18(31) снежня Усебел. з’езд быў разагнаны ўзбр. салдатамі.
З паліт. курсам бальшавікоў на ўсталяванне ў краіне класавай пралетарскай дыктатуры не стасавалася і скліканне Усерас. Устаноўчага сходу як агульнанароднага дэмакр. прадстаўнічага органа. На выбарах ва Устаноўчы сход (ліст.—снеж. 1917) у бел. губернях і на Зах. фронце 50,7% галасоў атрымалі бальшавікі, 32,2% — эсэры, астатнія галасы размеркаваліся паміж інш. партыямі. Аднак у цэлым па Расіі 62% выбаршчыкаў прагаласавалі за эсэраў і меншавікоў, 25% — за бальшавікоў, 5% — за кадэтаў. За адмову на пасяджэнні 5.1.1918 прыняць ультыматыўнае патрабаванне бальшавікоў аб прызнанні дэкрэтаў сав. улады Устаноўчы сход быў разагнаны, а дэманстрацыя ў Петраградзе ў яго падтрымку расстраляна. Працэс станаўлення ў Расіі парламентарызму быў гвалтоўна перапынены.
Лінія бальшавіцкага ўрада Расіі на падаўленне паліт. апазіцыі выявілася таксама ў прыняцці 27.10(9.11). 1917 Дэкрэта аб друку, паводле якога быў закрыты шэраг небальшавіцкіх газет; у забароне 28.11(11.12).1917 дзейнасці партыі кадэтаў; у разгоне ў студз. 1918 Усерасійскага Устаноўчага сходу; у паступовай ліквідацыі органаў мясц. самакіравання — земстваў і гар. дум. Фактычна была знішчана ранейшая судовая і праваахоўная сістэма, замененая партыйна-класавымі «рэвалюцыйнымі трыбуналамі». Новай сістэме ўлады былі ўласцівы цэнтралізацыя, аўтарытарызм, выкарыстанне дыктатарскіх метадаў кіравання. Пачалі ажыццяўляцца захады па стварэнні новай мадэлі эканомікі, заснаванай на «грамадскай», фактычна — дзяржаўнай уласнасці на сродкі вытворчасці. У ліст. 1917 пачалося ўвядзенне рабочага кантролю над вытворчасцю, размеркаваннем і фінансавай дзейнасцю. Да лют. 1918 рабочы кантроль устаноўлены на 67 найбуйнейшых прадпрыемствах Беларусі. Гэту меру бальшавікі разглядалі як важны крок да нацыяналізацыі прадпрыемстваў. У снеж. 1917 сав. ўлада нацыяналізавала ўсе прыватныя банкі, канфіскавала грашовыя сродкі насельніцтва, набытыя «непрацоўным шляхам». Нацыяналізацыі падлягалі чыгункі, чыг. майстэрні, пошта і тэлеграф, лесапільныя заводы, млыны, торфапрадпрыемствы. У лют. 1918 пачалася нацыяналізацыя кніжных кіёскаў, аптэк, кафэ, рэстаранаў і інш. У адпаведнасці з Дэкрэтам аб зямлі сав. ўлада пачала аграрныя пераўтварэнні. У канцы 1917—пач. 1918 у бел. вёсцы было экспрапрыіравана каля 13 тыс. прыватнаўласніцкіх гаспадарак.
Радыкальныя паліт. і сац.-эканам. эксперыменты бальшавіцкай улады на большай частцы Беларусі перапыніла наступленне германскай арміі ў лютым 1918.
Літ.:
Великая Октябрьская социалистическая революция в Белоруссии: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1957;
Победа советской власти в Белоруссии. Мн., 1957;
Игнатенко И.М. Беднейшее крестьянство — союзник пролетариата в борьбе за победу Октябрьской революции в Белоруссии (1917—1918). Мн., 1962;
Яго ж. Февральская буржуазно-демократическая революция в Белоруссии. Мн., 1986;
Яго ж. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;
Башко П.К. Советы рабочих, солдатских и крестьянских депутатов Белоруссии (март—октябрь 1917 г). Мн., 1987;
Смольянинов М.М. Революционное сознание солдат Западного фронта в 1917 г.Мн., 1991;
Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;
Сяменчык М.Я. Грамадска-палітычнае жыццё на Беларусі ў перыяд Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый (сакавік 1917 — сакавік 1918 гг.). Ч. 1—2. Мн., 2001;
Рудовіч С. Час выбару: Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 г.Мн., 2001.
С.С.Рудовіч.
Маніфестацыя ў Мінску ў час Лютаўскай рэвалюцыі 1917.Беларускія дэлегаты на 1-м Усерасійскім з’ездзе сялянскіх дэпутатаў. 1917.Мітынг у Лунінцы. Лістапад 1917.Выканком Магілёўскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Лістапад 1917.Загад №1 выканкома Мінскага Савета ад 25.10.1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДУ́РАС, Андурас (Honduras), Рэспубліка Гандурас (República de Honduras),
дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. На З мяжуе з Гватэмалай, на ПдЗ — з Сальвадорам, на У — з Нікарагуа; на Пн абмываецца Карыбскім м., на Пд — зал. Фансека Ціхага ак. Падзяляецца на 18 дэпартаментаў. Пл. 112 тыс.км². Нас. 6 млн.чал. (1995). Сталіца — г.Тэгусігальпа. Дзярж. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Гандурас — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1982. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Вышэйшы заканадаўчы орган — аднапалатны Нац. кангрэс (128 дэпутатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць Кабінету міністраў.
Прырода. На большай ч. краіны горы і ўзвышшы. Цэнтр.ч. займае складкава-глыбавае нагор’е выш. да 2865 м. Вялікае значэнне маюць міжгорныя басейны і катлавіны з слабахвалістай паверхняй. У горных раёнах бываюць разбуральныя землетрасенні. Уздоўж узбярэжжаў нізіны, самая вялікая з іх — Маскітавы бераг. Ёсць радовішчы золата, серабра, медзі, свінцу, цынку, жал. руды, вугалю і інш. Клімат трапічны, пасатны, на нізінах і ў далінах гарачы (сярэднія месячныя т-ры ад 22 да 26 °C), на нагор’і цёплы (ад 10 да 24 °C). Ападкаў за год на паўн.-ўсх. схілах гор больш за 3000 мм, на ўчастках, заслоненых гарамі ад пасату, каля 1000 мм. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Пад лесам 34% тэрыторыі. На нізінах і ніжніх схілах гор (да выш. 700 м) трапічныя лясы. Вышэй, у далінах і міжгорных басейнах, на горных схілах, закрытых ад вільготных вятроў, вечназялёныя субтрапічныя і дубова-хваёвыя лясы. У найб. сухіх раёнах — травяністая расліннасць саваннаў. Нац. паркі: Ла-Тыгра, Рыо-Платана; ёсць рэзерваты і лясныя заказнікі.
Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва гандурасцы, народ, які сфарміраваўся ад змяшання іспанцаў з мясц. індзейскім насельніцтвам. Індзейцы (7%, плямёны ленка, пайя, хікаке, міскіта, сума і інш.) жывуць пераважна каля граніцы з Гватэмалай, негры (2%) — на паўн. ўзбярэжжы. У антрапал. адносінах каля 85% метысаў, 10 — індзейцаў, 2 — неграў, 1% — еўрапейцаў. 97% вернікаў католікі, ёсць групы неграў-пратэстантаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 53,6 чал. На 1 км². Большая ч. яго сканцэнтравана ў міжгорных катлавінах і на паўн. ўзбярэжжы. Каля паловы насельніцтва жыве ў гарадах. Найб. гарады (1993, тыс.ж.): Тэгусігальпа — 718,5, Сан-Педра-Сула — 378,3, Эль-Прагрэса — 124,9, Данлі — 116. У сельскай гаспадарцы занята 62% працаздольнага насельніцтва, у абслуговых галінах — 20, у прам-сці — 9, будаўніцтве — 3%.
Гісторыя. У 2—6 ст. у зах.ч. Гандураса існаваў г. Капан, адзін з буйнейшых цэнтраў цывілізацыі майя. У час адкрыцця Х.Калумбам у 1502 тэр. Гандураса была заселена індзейскімі плямёнамі. З 1524 пачалося заваяванне Гандураса іспанцамі. Індзейцы мужна супраціўляліся, аднак іх паўстанне (1537—39), якое ўзначальваў Лемпіра, пацярпела паражэнне. Значная ч. карэннага насельніцтва вынішчана або памерла ад непасільнай працы на рудніках. У 1542 Гандурас увайшоў у склад віцэ-каралеўства Новая Іспанія (з 1560 у складзе ген.-капітанства Гватэмала). 15.9.1821 абвешчана незалежнасць Гандураса, і ён увайшоў у склад Мексіканскай імперыі. З 1823 у складзе Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. З 1838 самаст. дзяржава, прынята 1-я канстытуцыя. У сярэдзіне 19 ст. ішла жорсткая барацьба паміж кансерватарамі (партыя буйных землеўладальнікаў) і лібераламі (партыя буржуазіі), якая суправаджалася грамадз. вайной, неаднаразова адбываліся дзярж. перавароты. Адносная стабілізацыя наступіла з прыходам да ўлады ў 1877 ліберала М.А.Сота, пры якім сталіца перанесена з Камаягуа ў Тэгусігальпу. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацнілася пранікненне ў Гандурас амер. капіталу. На ўзбярэжжы Карыбскага мора закладзены велізарныя бананавыя плантацыі, Гандурас паступова ператварыўся ў краіну монакультуры. Амер. фірмы, якія валодалі бананавымі плантацыямі, былі па сутнасці «дзяржавай у дзяржаве». Выступленні гандурасцаў супраць амер. засілля бязлітасна душыліся. Пасля беспаспяховых паўстанняў 1931—32 у краіне ўстанавілася дыктатура прадстаўніка Нац. партыі Т.Карыяса Андзіны; былі забаронены дэмакр. арг-цыі, праследавалася апазіцыя. У час 2-й сусв. вайны Гандурас удзельнічаў у антыгітлераўскай кааліцыі. На выбарах 1954 і 1957 перамог ліберал Ж.Р.Вільеда Маралес. У час яго праўлення праведзена некалькі прагрэс. рэформаў, у т. л. прыняты закон аб агр. рэформе (1962), але практычна сістэма землеўладання не змянілася.
У выніку ваен. перавароту 1963 прэзідэнтам абвешчаны палкоўнік О.Лопес Арэльяна (1956—71). У 1964—65 у некат. раёнах краіны пачалася партыз. барацьба, выступленні працоўных і студэнтаў, супраць якіх былі кінуты войскі. Унутр. і знешняя рэакцыя справакавала ў ліп. 1969 узбр.тэр. канфлікт з Сальвадорам (завяршыўся ў 1992; паводле рашэння Міжнар. Гаагскага трыбунала Гандурас атрымаў 2/3 спрэчнай тэр.). Улада ваенных існавала да 1982, калі прэзідэнтам быў выбраны ліберал Р.Суаса Кордава. Але армія не падпарадкавалася прэзідэнту. Пад выглядам барацьбы з паўстанцамі армейскія спецслужбы ажыццяўлялі рэпрэсіі і тэрор, сотні людзей прапалі без вестак. Гэта выклікала хвалю пратэсту ў краіне і за мяжой. У сак. 1993 урад Р.Гальегаса стварыў спец. камісію для расследавання абвінавачванняў супраць армейскіх спецслужбаў; большасць з іх пацвердзілася. На выбарах у ліст. 1993 перамог К.Р.Рэйна, які пачаў рэфармаванне ўзбр. сіл. Гандурас — чл.ААН з 1945, Арг-цыі амер. дзяржаў, Арг-цыі цэнтральнаамер. дзяржаў і інш.міжнар. арг-цый. Паліт. партыі: Нац. партыя, Ліберальная партыя Гандураса, Сацыяліст. партыя, Хрысц.-дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Гандурас — адна з самых адсталых краін Зах. паўшар’я, агр. краіна з эканомікай монатаварнага тыпу, адна з гал. вытворцаў і экспарцёраў бананаў. У валавым унутр. прадукце доля сельскай гаспадаркі 28%, апрацоўчай прам-сці — 16, горназдабыўной — 2, абслуговых галін — 38%. Апрацоўваецца 14% тэр., пад лугамі і пашай 30%. Большая ч. зямельных угоддзяў належыць мясц. латыфундыстам і кампаніям ЗША. Сялянства беззямельнае і малазямельнае. Характэрны нізкі агратэхн. ўзровень. На ўзбярэжжы Карыбскага мора плантацыі бананаў (збор 931 тыс.т., 1993, у асобныя гады да 1,5 млн.т), цукр. трыснягу (каля 3 млн.т), бавоўны. Горная ч. краіны — зона пераважна спажывецкага земляробства, вырошчваюць (1993, збор тыс.т): кукурузу — 638, сорга — 91, рыс — 35, фасолю і інш.харч. культуры; экспартныя культуры — кава і тытунь. Развіта агародніцтва, субтрапічнае і трапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля арыентавана на ўнутр. рынак. У горных раёнах на пашы і лугах гадуюць буйн. раг. жывёлу (2,3 млн.гал.), паўсюдна ў сял. гаспадарках — свіней (0,6 млн.гал., 1993) і птушку. Важная галіна гаспадаркі — лоўля крэветак і амараў. Цэнтр рыбалоўства і здабычы морапрадуктаў — зал. Фансека. Прам-сць прадстаўлена ў асн. перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Невял. здабыча серабра, золата, свінцу, сурмы, цынку. У г. Агультэка металург. з-д выпускае каля 100 тыс.т сталі за год, працуе на мясц.жал. рудзе. У г. Пуэрта-Картэс нафтаперапр.з-д перапрацоўвае за год 500 тыс.т імпартнай нафты. Ёсць цэм.з-д, цэлюлозна-папяровы камбінат. У гарадах невял. прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. маслабойнай, цукровай, піваварнай, спіртагарэлачнай, кансервавай, тытунёвай), тэкст., швейнай, гарбарна-абутковай, дрэваапр., мэблевай, буд. матэрыялаў, керамічнай, металаапр., хім., гумаватэхн. прам-сці. Асн.прамысл. прадпрыемствы знаходзяцца ў г. Сан-Педра-Сула і яго наваколлі і ў Тэгусігальпе. На ПнУ, Пд, у горных далінах — нарыхтоўкі каштоўнай драўніны. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млрд.кВт∙гадз штогод, на ГЭС у горных раёнах і невялікіх ЦЭС у гарадах. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 8950 км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 1700 км. Па ўзбярэжжы Ціхага ак. праходзіць участак Панамерыканскай шашы. На Пн для вывазу бананаў да партоў пракладзены вузкакалейныя чыгункі агульнай даўж. 785 км. Асобныя ўчасткі рэк (даўж. 465 км) у нізоўях выкарыстоўваюцца для суднаходства. Знешні гандаль забяспечваецца марскім транспартам. Гал. парты: Пуэрта-Картэс і Пуэрта-Кастылья (на Пн), Сан-Ларэнса (на Пд). У сувязі з ільготным падаткаабкладаннем да партоў Гандурас прыпісаны гандл. флот з 252 суднаў агульным танажом каля 1 млн.т. У краіне 11 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Тэгусігальпы. Развіваецца замежны турызм. Гандурас экспартуе бананы (у асобныя гады складаюць да 60% па кошце), каву, крэветкі і інш. морапрадукты, мінер. сыравіну, мяса, драўніну; імпартуе машыны і трансп. сродкі, хім. прадукты, тавары нар. попыту, паліва, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: ЗША (65% экспарту, 45% імпарту), Японія, Бельгія, Нідэрланды, краіны Лац. Амерыкі. Грашовая адзінка — лемпіра.