МАГЕ́РКА,

старадаўні мужчынскі галаўны ўбор, пашыраны на Беларусі ў 16—19 ст. Паводле спосабу вырабу былі лямцавыя (валеныя з воўны) і шытыя з 4 кавалкаў тоўстага валенага сукна. Лямцавыя М. мелі выгляд каўпака або ўсечанага конуса. Завернуты да палавіны вышыні аколыш шчыльна прылягаў да верху (паўдвайная М.) або даходзіў да самага донца (двайная М.). Рабілі М. выш. 15—20 см белага, шэрага, карычневага і чорнага колераў. Насілі круглы год.

М.​Ф.​Раманюк.

Селянін у магерцы. Пач. 20 ст. Вёска Заходы Шклоўскага раёна Магілёўскай вобл.

т. 9, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛО́Е СВІНО́,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна, за 37 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 1,06 км², даўж. каля 2,9 км, найб. шыр. 900 м, найб. глыб. 6,7 м, даўж. берагавой лініі каля 7,3 км. Пл. вадазбору 12,9 км². Схілы катлавіны выш. да 20 м (на Пд да 10 м), пясчаныя, параслі лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, на ПдУ і З нізкія, пясчаныя. Дно да глыб. 2,5—4 м пясчанае, ніжэй ілістае і сапрапелістае. Злучана пратокай з воз. Вялікае Свіно.

т. 10, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНА́ШКА, шаўкапрад-манашка (Lymantria monacha),

матыль сям. ваўнянак. Пашыраны ў лясной і лесастэпавай зонах Еўразіі. На Беларусі жыве ў хвойных і лісцевых лясах.

Крылы ў размаху да 45 мм у самцоў, да 60 мм у самак; пярэднія — шараватыя з 4 зігзагападобнымі чорнымі лініямі, заднія — белавата-шэрыя, у самцоў афарбоўка больш зменлівая. Брушка ружаватае з чорнымі палоскамі. Вусені М. (даўж. да 80 мм) кормяцца ігліцай, лісцем, пылком, пупышкамі і парасткамі, пашкоджваюць лістоўніцу, хвою, елку, радзей бук, дуб, граб і інш.

Т.​П.​Смірнова.

Манашка: 1 — матыль; 2 — вусень; 3 — кукалка.

т. 10, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІ́ПУЛА (ад лац. manipulus poeni пучок сена, замацаваны і падняты на кап’і, што азначала каманду і месца збору асабовага складу, або manus рука — знак камандзіра ў стараж. рымлян),

тактычнае падраздзяленне пяхоты ў рым. легіёне. Склалася ў 5 ст. да н.э. ў сувязі з неабходнасцю расчлянення фалангі на больш рухомыя дробныя атрады, здольныя манеўраваць у час бою. Колькасць чал. у М. мянялася ад 50 да 120. М. падзялялася на 2 цэнтурыі. У 107 да н.э. ў выніку ваен. рэформы Г.Марыя М. зведзены ў кагорты (тактычнае падраздзяленне колькасцю 360—600 чал.).

т. 10, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НУ ЗАКО́НЫ,

адзін з самых стараж. літ. помнікаў інд. цывілізацыі. Складзены на аснове ідэй брахманізму, з’яўляюцца зборам норм (грамадз., рэліг., маральных) паводзін веруючага індуса. У М.з. ўключаны таксама тэксты касмалагічнага, культавага і рытуальнага зместу, тлумачэнні па дзярж. ладзе і каставай сістэме. М.з. складаюцца з 12 глаў, якія разбіты на 2650 шлок (двухрадкоўяў). Паводле брахманскай традыцыі, аўтар М.з. — міфічны першачалавек Ману (адсюль назва). Асноўныя тэксты адносяцца да часу дынастыі Маур’я (4—2 ст. да н.э.), да нашага часу захавалася рэдакцыя, запісаная на мяжы Н.Э.

А.​І.​Малюгін.

т. 10, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРГІНА́ЛЬНАСЦЬ,

стан асобы або групы людзей, якія знаходзяцца на мяжы розных сац. груп, сістэм, культур і цалкам не ўключаны ні ў адну з іх. Тэорыю маргінальных асоб і супольнасцей распрацаваў у 1920-я г. амер. вучоны Р.​Э.​Парк пры вывучэнні сац.-псіхал. наступстваў неадаптацыі мігрантаў (імігрантаў) да патрабаванняў урбанізму. Як самаст. сацыялаг. канцэпцыя развіта ў 1930-я г. Паняцце «маргінальная асоба» («маргінал») ужываецца як негатыўная адзнака ў адносінах да люмпенаў, ізгояў і інш., а таксама ў пазітыўным сэнсе — у адносінах да творчых людзей, здольных пераадолець стэрэатыпы, звыклыя, усталяваныя прынцыпы дзейнасці.

т. 10, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКАМА́НЫ (лац. Marcomanni жыхары маркі),

адно з плямён стараж. германцаў, што насялялі даліну р. Майн. Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 58 да н.э. (згадваюцца ў войску Арыявіста). У 9—8 да н.э. выцеснены рымлянамі на тэр. сучаснай Чэхіі. У 1 ст. н.э. разам з роднаснымі ім квадамі прасунуліся на землі паміж верхнім цячэннем Эльбы і Дунаем. Адсюль яны рабілі набегі ў Паўн. Італію, што прывяло да Маркаманскай вайны 166—180 з рымлянамі. З 4 ст. ўдзельнічалі ў Вялікім перасяленні народаў. У 5 ст. аселі пераважна на тэр. Баварыі (гл. Бавары).

т. 10, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РГАН (Morgan) Льюіс Генры (21.11. 1818, Нью-Йорк — 17.12.1881),

амерыканскі этнограф, гісторык. Чл. Нац. АН ЗША (1875). Заснавальнік т-ва для вывучэння і дапамогі індзейцам (1840). Даследчык першабытнага грамадства, сцвярджаў ідэю прагрэсу і адзінства гіст. шляху чалавецтва. Першым паказаў значэнне роду як асн. ячэйкі першабытнага грамадства, эвалюцыю сям’і і шлюбу ад групавых форм да індывідуальных, абгрунтаваў палажэнне аб развіцці ўласнасці ад калектыўных форм да прыватных. Аўтар прац «Ліга іракезаў» (1851), «Старажытнае грамадства, або Даследаванне ліній чалавечага прагрэсу ад дзікасці праз варварства да цывілізацыі» (1877).

т. 10, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯНТУ́З звычайны (Lota lota),

адзіная прэснаводная рыба сям. трасковых атр. траскападобных. Пашыраны ў рэках і азёрах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі жыве ў вадаёмах з халоднай чыстай вадой і камяністым дном, у ямах, пад берагамі. Актыўны ўвосень і зімой, летам упадае ў спячку. Нар. назвы калека, мень, мянёк.

Даўж. да 1,7 м, маса да 32 кг (на Беларусі да 5 кг). Спінных плаўнікоў 2. Цела ўкрыта дробнай цыклоіднай луской. Верхняя сківіца выступае ўперад. На ніжняй сківіцы 1 вусік. Зубы шматлікія, шчацінкападобныя. Драпежнік. Аб’ект промыслу.

Мянтуз.

т. 11, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ЙБЕР, Нейбер (Neuber) Фрыдэрыка Караліна (9.3.1697, г. Райхенбах, Германія — 30.11.1760), нямецкая актрыса, рэфарматар ням. т-ра. З 1717 выступала ў прыдворных т-рах Дрэздэна, Гановера, Гамбурга. У 1727—50 узначальвала ўласную трупу ў Лейпцыгу. Актрыса шырокага дыяпазону. Іграла ў трагедыях П.​Карнеля і Ж.​Расіна, камедыях (часта імправізацыйных); была першай ням. травесці. Імкнулася да пераўтварэння рэпертуару, выступала супраць грубага натуралізму, перабольшаных пафасу і буфанады, заклікала да адмовы ад імправізацыі, да ўмоўнасці акцёрскага выканання (дэкламацыі). Ставіла франц. класіцыстычныя трагедыі, асветніцкія драмы і літ. камедыі, юнацкія камедыі Г.​Лесінга.

т. 11, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)