расійскія пісьменнікі-сатырыкі, якія працавалі сумесна. Нарадзіліся ў Адэсе (Украіна). Ільф Ілья (сапр.Файнзільберг Ілья Арнольдавіч; 15.10.1897—13.4.1937); Пятроў Яўген (сапр.Катаеў Яўген Пятровіч; 13.12.1903—2.7.1942), брат В.П.Катаева. Разам пачалі пісаць у 1926. У рамане «Дванаццаць крэслаў» (1928, экранізацыя 1971) побач з апісаннем прыгод гал. героя ў пошуках скарбу стварылі сатыр. карціну нораваў эпохі нэпа. Сюжэт пра вял. камбінатара прадоўжаны ў рамане «Залатое цяля» (1931, экранізацыя 1968). Вынік паездкі ў ЗША (1935—36) — апошняя сумесная кн. «Аднапавярховая Амерыка» (1936). Пасля смерці І. выдадзены яго амер. дзённік (1935—36) і «Запісныя кніжкі» (1939). На бел. мову асобныя творы І. пераклаў У.Шахавец. П. з першых дзён вайны ваен. карэспандэнт («Франтавы дзённік», 1942). Аўтар рамана «Падарожжа ў краіну камунізму» (незакончаны, апубл. ў 1965), п’есы, кінасцэнарыяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУ́КТАР (лац. inductor ад induco уводжу, наводжу, вымушаю),
1) І. награвальны — электрамагнітнае прыстасаванне для індукцыйнага нагрэву віхравымі токамі цвёрдых, вадкіх і газападобных праваднікоў. Складаецца з проваду, з дапамогай якога ствараецца пераменнае магн. поле, і токападводаў для падключэння проваду да крыніцы эл. энергіі. Бывае адначасовага і бесперапынна-паслядоўнага (асобнымі ўчасткамі) награвання.
2) І. тэлефонны — магнітаэлектрычны генератар пераменнага току нізкай (18—21 Гц) частаты з ручным прыводам. Выкарыстоўваўся ў тэлеф. апаратах для пасылання сігналаў выкліку і адбою на станцыях ручнога абслугоўвання (у тэлеф. сетках з мясц. батарэяй сельскай і ваен. сувязі).
3) І. электрычнай машыны — частка эл. машыны, прызначаная для стварэння ў ёй асноўнага магн. поля.
Індуктары: а — награвальны (1 — загартовачная камера, 2 — патрубкі падачы вады, 3 — індукцыйны провад з адтулінамі для выхаду загартовачнай вады, 4 — трубаправод вадзянога ахаладжэння); б — тэлефонны шматполюсны (1 — вярчальны магніт, 2 — нерухомая абмотка, 3 — дыск з рукаяткай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНДЭ́ЛА ((Mandela) Нельсан Раліхлахла) (н. 18.7.1918, г. Умтата, Паўд.-Афр. Рэспубліка),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Паўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР). Скончыў ун-т Вітватэрсранда (1942). Юрыст. Чл.Афрыканскага нацыянальнага кангрэса (АНК) з 1944. Узначаліў крыло партыі, якое схілялася да ўзбр. барацьбы супраць рэжыму апартэіду, адзін з заснавальнікаў ваен. арг-цыі АНК. У 1956—61 зняволены ў турме, у 1962 засуджаны на пажыццёвае зняволенне. Пад націскам сусв. грамадскасці вызвалены ў лют. 1990. З сак. 1990 нам., у 1991—97 прэзідэнт АНК. У жн. 1990 афіцыйна адмовіўся ад узбр. барацьбы. Удзельнік перагавораў з урадам ПАР, у выніку якіх выпрацавана канстытуцыя, што паклала канец апартэіду. Прэзідэнт ПАР у 1994—99. Аўтар кніг «Нялёгкі шлях да свабоды» (1965), «Барацьба — маё жыццё» (1978), «Я гатовы памерці» (1979). Нобелеўская прэмія міру 1993 (разам з Ф.В. дэ Клеркам).
Тв.:
Рус.пер. — Нет легкого пути к свободе: Ст., речи, выступления на суде. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НЕРГЕЙМ ((Mannerheim) Карл Густаў Эміль) (16.6.1867, Вільняс, каля г. Турку, Фінляндыя — 28.1.1951),
фінскі дзярж. і ваен. дзеяч. Маршал Фінляндыі (1933), барон. Скончыў Гельсінгфорскі ун-т (1887) і Мікалаеўскае кав. вучылішча (Пецярбург). У 1889—1917 на службе ў рас. арміі, ген.-лейт. (1917). Удзельнік рус.-яп. і 1-й сусв. войнаў. У снеж. 1918 — ліп. 1919 рэгент Фінляндыі. З 1931 старшыня Савета абароны краіны, намагаўся ўзмацніць абарончую моц Фінляндыі, у т. л. з дапамогай фартыфікацыйных збудаванняў і загарод (гл.«Манергейма лінія»). З 1939 галоўнакамандуючы фін. арміяй, дзеяннямі якой кіраваў у савецка-фінляндскую вайну 1939—40, а таксама ў 1941—44 у 2-ю сусв. вайну як саюзнік фаш. Германіі. У 1944—46 прэзідэнт Фінляндыі. У вер. 1944 прыняў рашэнне аб выхадзе краіны з Берлінскага пакта 1940 і з вайны. Аўтар кн. «Праз Азію з Захаду на Усход» (1940), мемуараў (1951).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ ДУ́МКА»,
грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася штотыднёва з 8.6 да 11.7.1920 у Вільні на бел. мове. Рэдактар Г.Багдановіч, выдавец У.Знамяроўскі. Мела рубрыкі «На белым свеце» і «Хроніка». Значную ўвагу аддавала праблеме будучага лёсу Беларусі (арт. «Сучасная вайна і Беларусь», «Не чакайце міру», «Ленін і Брусілаў»), зямельнаму пытанню (арт. «Беларускае сялянства і зямельнае пытанне», «Каму зямля?», «Зямельная рэформа на «Усходніх землях»). Выкрывала спробы акупац. адміністрацыі сфальсіфікаваць звесткі статыстыкі пра нац. склад насельніцтва бел. зямель (арт. «Мова статыстыкі»). Пісала пра арганізацыю нац. школы, спажывецкай кааперацыі. Змясціла артыкулы да 20-годдзя з дня смерці Ф.Багушэвіча, асобныя творы Я.Купалы, М.Гарэцкага, В.Лемеша, Г.Багдановіча, А.Пугі, інфармацыю пра святкаванне 15-годдзя творчай дзейнасці Я.Купалы, фарміраванне бел. войска і інш. З-за ваен. цэнзуры большасць матэрыялаў падпісана псеўданімамі і крыптанімамі. Выйшла 6 нумароў. Забаронена польскай вайсковай адміністрацыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУПА́Н ((Lupan) Андрэй Паўлавіч) (15.2. 1912, в. Мігулены Рэзінскага р-на, Малдова — 27.8.1992),
малдаўскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Малдовы (1982). Акад.АН Малдовы (1961). Герой Сац. Працы (1982). Брат Г.П.Лупан. Скончыў Кішынёўскі с.-г.ін-т (1941). Друкаваўся з 1932. Першы зб. «Вершы» (1947) пра жыццё малд. вёскі, падзеі ваен. гадоў. У кнігах вершаў «Уступ у баладу» (1954), «Майстар-стваральнік» (1958), «Брат зямлі» (1959), «Закон гасціннасці» (1966, Дзярж. прэмія Малдовы 1967), «Магістралі» (1976) і інш. паглыбленае філас. асэнсаванне гісторыі і сучаснасці. Аўтар п’есы «Святло» (1948), зб.літ.-крытычных, публіцыстычных артыкулаў «Кнігі і гады» (1969). Пераклаў на малд. мову творы А.Пушкіна, У.Маякоўскага, Я.Купалы. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Р.Барадулін, П.Броўка, М.Калачынскі. Дзярж. прэмія СССР 1975.
эстонскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Эстоніі (1945). Вучыўся ў Юр’еўскім (г. Тарту; 1911—12) ун-це. Працаваў ваен. фармацэўтам у Віцебску. Друкаваўся з 1907. У сац.-псіхал. п’есах «Качан капусты», «Паўнверэ», «Камерсанты» (усе 1913) намаляваў каларытныя нар. характары. Рэалістычна-гумарыстычныя замалёўкі правінцыяльнага жыцця школьнікаў у трылогіі «Вясна» (ч. 1—2, 1912—13), «Лета» (ч. 1—2, 1918—19), «Вяселле Таотса» (1921), карціны жыцця гар. ускраін у трагікамічна-гратэскавых аповесцях «Жыццё Андраса» (1923), «Будныя дні» (1924), «На задворках» (1933). Творы адметныя займальнасцю, дынамічнасцю сюжэта, псіхалагізмам, выразнасцю вобразаў. Аўтар успамінаў (т. 1—13, 1930—41): «Старыя сцежкі» (1930), «Зімовыя дарогі», «Праз вецер і ваду» (абедзве 1931) і інш., фельетонаў. На бел. мову асобныя творы Л. пераклаў А.Кудравец.
Тв.:
Рус.пер. — На задворках и другие повести. Таллин, 1962;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ КАСЦЁЛ І КАЛЕ́ГІУМ ЕЗУІ́ТАЎ.
Існавалі ў 17—20 ст. у Магілёве. Комплекс пабудаваны ў канцы 17 — пач. 18 ст. ў стылі барока. Уключаў мураваныя будынкі калегіума (закладзены каля 1686), школы (абодва закончаны ў 1699) і касцёла св. Францыска Ксаверыя і Анёлаў Ахоўнікаў (пасля 1833 правасл. Васкрасенская царква). Касцёл — 3-нефавая базіліка з паўкруглым завяршэннем цэнтр. нефа. Гал. фасад завяршаўся 2 вежамі з барочнымі купаламі. Інтэр’ер аздоблены карынфскімі пілястрамі, размалёўкай. Калегіум засн. Я.Здановіч. 2-павярховы, мураваны, прамавугольны ў плане будынак. Гладкія сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. З 1820 туг была ваен.-афіцэрская школа, у 1826 следчая камісія вяла допыт дзекабрыстаў — чл. «Паўднёвага таварыства» С.І. і М.І.Мураўёвых-Апосталаў, М.П.Бястужава-Руміна і інш. Касцёл і часткова калегіум разабраны пасля Вял.Айч. вайны. Рэшткі калегіума (падвалы, паўд.-зах. дваровы фасад) выкарыстаны пры буд-ве філіяла абл. краязнаўчага музея — музея дзекабрыстаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАВУЧА́ННЕ УЛАДЗІ́МІРА МАНАМА́ХА»,
помнік стараж.-рускай пісьменнасці 12 ст.; першы свецкі літ. твор. Напісана вял.кн. кіеўскім Уладзімірам Манамахам як запавет-настаўленне сваім дзецям. Створаны ў форме аўтабіяграфіі, твор прасякнуты дыдактычнымі павучаннямі і думкамі дзярж., паліт. і этнічнага характару. Аўтар наказвае сваім дзецям строга прытрымлівацца феад. правапарадку і дагавораў, кіравацца інтарэсамі дзяржавы, а не эгаістычнымі памкненнямі. Сцвярджаючы ідэал князя-патрыёта, цвёрдага ў рашэннях, адважнага ў паходах, Уладзімір Манамах навучаў іх быць працавітымі, імкнуцца да ведаў, маральнай дасканаласці. Асэнсоўваючы сваё жыццё, якое прайшло ў шматлікіх ваен. паходах, ён завяшчае нашчадкам прынцыпы гуманнасці і справядлівасці. У помнік уключана таксама пісьмо Уладзіміра Манамаха чарнігаўскаму кн. Алегу Святаславічу, якое вызначаецца веліччу бацькоўскага пачуцця, лірызмам і паэтычнасцю. Захавалася ў Лаўрэнцьеўскім летапісе.
Публ.:
Памятники литературы Древней Руси: Начало рус. лит., XI — нач. XII в. М., 1978. С. 392-413, 459-463.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛЕ́ЎСКІ ((Padlewski) Зыгмунт) (1.1.1836, с. Малая Чарняўка Ружынскага р-на Жытомірскай вобл., Украіна — 15.5.1863),
польскі рэвалюцыянер. Скончыў Артыл. акадэмію ў Пецярбургу (1861). Уваходзіў у тайную рэв. арг-цыю, якую ўзначальвалі З.Серакоўскі і Я.Дамброўскі. Пасля ад’езду ў Парыж прымаў удзел у дзейнасці Т-ва польскай моладзі, пазней выкладаў у польскай ваен. школе ў Італіі. У 1862 вярнуўся на радзіму і прызначаны рэв. начальнікам Варшавы, увайшоў у склад Цэнтральнага нацыянальнага камітэта ў Варшаве (ЦНК). У вер. і ліст. 1862 вёў перагаворы з А.І.Герцэнам, М.П.Агаровым і М.А.Бакуніным пра ўзаемадзеянне з рас.рэв. рухам. У снеж. 1862 ад імя ЦНК заключыў пагадненне з ЦК «Зямлі і волі» ў Пецярбургу. Выступаў за неадкладны пачатак паўстання. У час паўстання 1863—64 узначальваў паўстанцкія атрады ў Плоцкім ваяводстве. Арыштаваны рас. ўладамі і расстраляны.