АГА́-ХАН,

тытул імама мусульманскай шыіцкай секты ісмаілітаў. Нададзены шахам Ірана ў сярэдзіне 19 ст. 46-му імаму Хасану Алі-шаху, пасля якога тытул пераходзіў да яго нашчадкаў: ага-хан II — Алі-шах (п. 1885); ага-хан III — Султан Махамед-шах (1877—1957) прадстаўляў у 1934—37 у Лізе нацый Індыю; ага-хан IV [з 1957 — шах Карым аль-Хусейні (н. 1937)].

т. 1, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІЯ́ЧНАЯ ВАДА́,

раствор аміяку (18—25%) у вадзе. Празрыстая, з жаўтаватым адценнем вадкасць з рэзкім пахам. Шчыльн. 18—25%-нага раствору (0,930—0,910)∙10​3 кг/м³. Атрымліваюць растварэннем сінт. аміяку ў вадзе ці паглынаннем яго вадой з адыходных газаў коксахім. вытв-сці. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці фарбавальнікаў, соды, марганцу, ферасплаваў, як азотнае ўгнаенне і для аманізацыі кармоў у сельскай гаспадарцы.

т. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМО́РФНЫ СТАН (ад а... + грэч. morphē форма),

няўстойлівы стан цвёрдага рэчыва, характэрная асаблівасць якога — адсутнасць строгай паўтаральнасці структурных элементаў (неўпарадкаванасць размяшчэння атамаў і малекул) і натуральная ізатрапія яго фіз. уласцівасцяў. Аморфныя цвёрдыя целы павольна крышталізуюцца, не маюць пастаяннай т-ры плаўлення (пры павышэнні т-ры размякчаюцца). Уласцівы многім прыродным (бурштын, смолы) і штучным (плаўлены кварц, шкло, пластмасы і інш.) рэчывам.

т. 1, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМУРСА́НА (1722—57),

адзін з уладарных князёў Айрацкага ханства, дзеяч антыманьчжурскага вызв. руху ў Манголіі ў 1750-я г. Пасля няўдалай спробы захапіць ханскі прастол у 1754 уцёк у Пекін. Маньчжурскія войскі пад выглядам дапамогі Амурсана ў 1755 акупіравалі і ліквідавалі ханства. Падмануты Амурсана ў 1755 далучыўся да стыхійнага антыманьчжурскага руху і стаў яго правадыром. Пацярпеўшы паражэнне, у 1757 уцёк у Расію.

т. 1, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРАМА́ХА,

у грэчаскай міфалогіі жонка Гектара. Пасля гібелі мужа, узяцця Троі і падзелу здабычы ахейцамі Анрамаха дасталася сыну Ахіла Неапталему, якому нарадзіла 3 сыноў. Пасля яго смерці стала жонкай Гелена, брата Гектара. Да міфа аб Андрамасе звярталіся ў л-ры Гамер, Эўрыпід, Ж.​Расін, у жывапісе Дж.​Цьепала, Ж.​Давід і інш.

Да арт. Андрамаха. Андрамаха каля цела Гектара. Маст. Ж.​Давід. 1783.

т. 1, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАХІ́КАЛАН (ад брахі... + грэч. kōlon радок),

верш або частка верша, напісаная кароткімі радкамі з 1-складовага слова або слоў, у якіх колькасць складоў не выходзіць за межы адной стапы. У бел. паэзіі вельмі рэдкі від верша. Упершыню да яго звярнуўся Я.​Купала («Устань», 1907):

Устань!

Усе, глянь,

Пайшлі...

І вот —

Свабод!

Зямлі!

А ты —

Святы —

Закіс, —

Звёў хлеб,

Аслеп,

Азыс.

т. 3, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЦЕ́ННІКАЎ (Мікалай Данілавіч) (н. 18.2.1922, Магілёў),

бел. скрыпач і педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1975). Праф. (1981). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1950). З 1950 у Бел. акадэміі музыкі (у 1959—63 прарэктар). Вёў выканальніцкую дзейнасць пераважна як ансамбліст (у 1958—65 удзельнік стр. квартэта Бел. філармоніі). Пад яго кіраўніцтвам створана Дзярж. калекцыя унікальных смычковых інструментаў (зберагаецца ў Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі).

т. 3, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЮЛЕТЭ́НЬ ЦК КПЗБ»,

нелегальная газета, орган ЦК КПЗБ для ўнутрыпарт. інфармацыі. Выдавалася з 20.1.1927 да 1936 на бел., рус., яўр. і польск. мовах звычайна 1 раз у месяц. Друкавала найб. важныя пастановы і рашэнні ЦК КПЗБ, інструктыўныя матэрыялы па пытаннях агітацыі, прапаганды і парт. будаўніцтва, тэзісы для дакладаў на сходах парт. ячэек, асвятляла дзейнасць ЦК, яго аддзелаў і мясцовых парт. арг-цый.

т. 3, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮФО́Н ((Buffon) Жорж Луі Леклерк дэ) (7.9.1707, г. Манбар, Францыя — 16.4.1788),

французскі прыродазнавец. Чл. Парыжскай АН (1733), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1776). Дырэктар Бат. сада ў Парыжы (з 1739). У навук. працах «Натуральная гісторыя» і «Тэорыя Зямлі» выказаў меркаванні аб развіцці зямнога шара і яго паверхні, аб адзінстве будовы арган. свету. Адстойваў ідэю аб зменлівасці відаў пад уплывам умоў асяроддзя.

т. 3, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАЦЯРПІ́МАСЦЬ,

прызнанне дзяржавай за грамадзянамі права на спавяданне любой рэлігіі (свабода веравызнання), паважлівых і роўных адносін да ўсіх рэлігій і цэркваў, якія дзейнічаюць у адпаведнасці з устаноўленым законам парадкам; цярпімасць і ўзаемапаважлівыя адносіны паміж рэлігіямі і цэрквамі, прадстаўнікамі розных рэліг. перакананняў. Барацьба за верацярпімасць узнікла ва ўмовах панавання пэўнага рэліг. кірунку, што праследаваў іншадумства, мае прагрэс. характар, садзейнічае гуманізацыі грамадства, яго талерантнасці.

т. 4, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)