польскія музыканты, браты. Нарадзіліся ў г. Люблін (Польшча).
Генрык (10.7.1835—12.4.1880), скрыпач, педагог, кампазітар; адзін з найбуйнейшых скрыпачоў-віртуозаў 19 ст., прадстаўнік рамант. школы. Скончыў Парыжскую кансерваторыю па класе скрыпкі (1846) і кампазіцыі (1848). У 1848—60-я г. канцэртаваў у Еўропе (напачатку з братам), набыў еўрап. вядомасць. У 1860—72 прыдворны саліст, кіраўнік і ўдзельнік квартэта Рускага муз.т-ва. У 1862—68 праф. Пецярбургскай, у 1874—76 Брусельскай кансерваторый. У 1872—74 разам з Рубінштэйнам гастраляваў у ЗША. Як кампазітар узбагаціў скрыпічны рэпертуар, асабліва ў галіне жанравай скрыпічнай п’есы і маст. эцюда. Сярод твораў: 2 канцэрты (1853, 1870), «Легенда» (1860), «Скерца-тарантэла» (1855), мазуркі, паланэзы для скрыпкі з аркестрам. Сярод яго вучняў К.Пушылаў, В.Салін, Э.Ізаі. Яго імя носіць міжнар.муз. конкурс (скрыпачоў — у Варшаве з 1935, адноўлены з 1952 у Познані, з 1957 таксама кампазітараў і лютністаў).
Юзаф (23.5.1837—11.11.1912), піяніст і кампазітар. У 1846—50 вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі. Удасканальваўся ў Ф.Ліста. З 1848 выступаў у дуэце з братам, потым з сольнымі канцэртамі ў краінах Еўропы. У 1866—67 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Кіраўнік Варшаўскага муз.т-ва (1875—78), арганізатар сімф. канцэртаў. З 1878 праф. Брусельскай кансерваторыі. Сярод муз. твораў пераважна фп. мініяцюры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРКУ́ЦК,
горад у Расіі, цэнтр Іркуцкай вобл., каля сутокаў р. Іркут з Ангарой. 587 тыс.ж. (1996). Прыстань на р. Ангара, чыг. станцыя. Міжнар аэрапорт. Прадпрыемствы машынабуд. і металаапр. (з-ды цяжкага машынабудавання, станкабудавання, авіяц., эл.-тэхн. і інш.), дрэваапр. (мэбля), лёгкай і харч. прам-сці; слюдаапрацоўчая ф-ка. Іркуцкая ГЭС. Іркуцкі навук. цэнтр Сіб. аддзялення Рас.АН. 8 ВНУ, у т. л. 2 ун-ты. Т-ры драм., муз. камедыі, юнага гледача, лялек. Музеі краязнаўчы і мастацкі. Мемар. комплекс «Дзекабрысты ў Іркуцку». Цэрквы 18 ст.: Крыжаўзвіжанская, Троіцкая, Уваходу ў Іерусалім, Уладзімірская, Харлампіеўская і інш.
Засн. як астрог у 1661 (па інш. звестках, у 1652), з 1686 горад. З 1682 цэнтр ваяводства, з 1719 — правінцыі, з 1764 — Іркуцкай губ. (у 1783—96 намесніцтва), рэзідэнцыя ген.-губернатара Сібіры (з 1803) і Усх. Сібіры (з 1822). Важны транзітны пункт гандлю Расіі з Манголіяй і Кітаем. У 1799—1800 у І. размяшчалася праўленне Рас.-амер. кампаніі. Росту горада садзейнічала развіццё прыіскавай справы. З 17 ст. месца паліт. ссылкі. З 18 ст. буйны культ. цэнтр Сібіры: адкрыты навігацыйная школа (1754), духоўная семінарыя (1781), публічная б-ка і музей (1782). тэатр (1849). У 1879 горад моцна пацярпеў ад пажару.
Літ.:
Иркутск: Три века, 1686—1986: Страницы жизни. Иркутск, 1986;
Гольдфарб С.И. Весь Иркутск: Рассказы из истории города. Иркутск, 1992.
Да арт.Іркуцк. Будынак 19 ст. ў старажытнарускім стылі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЫСЬ,
гарадскі пасёлак у Аршанскім р-не Віцебскай вобл., на левым беразе р. Дняпро. Каля аўтадарогі Орша—Магілёў. Чыг. ст. на лініі Орша—Магілёў. За 30 км на Пд ад Оршы, 110 км ад Віцебска. 1,2 тыс.ж. (1998).
Упершыню згадваецца ў Ніканаўскім летапісе пад 1059. У 11 ст. невял. ўмацаванае паселішча на ўсх. мяжы Полацкага княства. У 1116 К. адышла да Смаленскага княства. З сярэдзіны 14 ст. К. з воласцю — велікакняжацкае ўладанне ў Віцебскім ваяв.ВКЛ. У 14—18 ст. існаваў Копыскі замак. З канца 15 ст. выраблялася копыская кафля, з 16 ст. — копыская кераміка. З 19 ст. дзейнічалі копыскія кафляныя прадпрыемствы. У розны час К. належала кн. Астрожскім, Радзівілам. Паводле некат. звестак, мела магдэбургскае права. З 1772 К. у складзе Рас. імперыі, горад, цэнтр Копыскага павета. 16.8.1781 зацверджаны герб К.: у зялёным полі выява чорнага зайца. З 1796 заштатны горад, з 1802 цэнтр павета, з 1861 заштатны горад Горацкага пав. У 1897 у К. 3384 ж. У 1924—31 цэнтр Копыскага раёна, з 1931 у Аршанскім р-не. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну дзейнічала Копыскае патрыятычнае падполле. У 1970 у К. 1555 ж.
Кафляны цэх Аршанскага вытв. аб’яднання «Оршабудматэрыялы», цэнтр па вырабе маст. керамікі. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнікі археалогіі — замчышча Пятроўскі вал, селішча Пасадскае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЛЬЧЫЦЫ,
гарадскі пасёлак, цэнтр Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл., на р. Убарць. За 215 км ад Гомеля, 67 км ад чыг. ст. Ельск на лініі Калінкавічы—Оўруч. Аўтадарогамі злучаны з Мазыром, Туравам, Глушкавічамі. 9,4 тыс.ж. (1998).
Вядомы з 16 ст. як сяло Мазырскага пав. Кіеўскага, з 1569 — Мінскага ваяв.ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці ў Мазырскім пав.З 1863 мястэчка, прыватнае ўладанне. У 1874 было 6 вадзяных млыноў, карчма. У 1886—425 ж., 67 двароў, валасное праўленне, царква, школа, сінагога, яўр. малітоўная школа. У 1897—890 ж., у 1909—1216 ж., 170 двароў. У 1919—20 у Гомельскай губ., з 1921 у Мазырскай акрузе. З 17.7.1924 цэнтр Лельчыцкага раёна. З 27.9.1938 — гар. пасёлак Палескай вобласці. З 23.9.1941 да 23.1.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. і раёне 2148 чал. У ноч на 26.11.1942 партыз. злучэнне С.А.Каўпака пры ўдзеле Ельскага партыз. атрада разграміла ў Л. варожы гарнізон. З 1954 у Гомельскай вобл. У 1962—65 у Мазырскім р-не. У 1972—5,4 тыс. ж.
Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, харч. прам-сці, 2 сярэднія школы, школа мастацтваў, 5 дашкольных устаноў, 2 б-кі, Лельчыцкі краязнаўчы музей. Дом культуры, кінатэатр, бальніца. Касцёл прасвятога сэрца Ісуса і Дзевы Марыі з Фацімы (1999). Брацкая магіла членаў аператыўнай групы ЦКВЛКСМ, лётчыкаў і партызана; магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́МХІ І ЗАБАБО́НЫ,
вераванні, уяўленні і звязаныя з імі магічныя дзеянні, што з пункту гледжання афіц. рэлігіі разумеюцца як перажыткі і праявы традыцыяналізму; адзін з жанраў нар. творчасці. Вядомы многім народам свету, у т. л. беларусам, што данеслі да нашых дзён стараж. погляды продкаў. Выступаюць як нагляднае, канкрэтна-вобразнае ўвасабленне веры архаічнага чалавека ў сваю нявылучанасць з прыроды, у існаванне звышнатуральных сіл, здольных уплываць на стан наваколля і лёс індывіда. Сістэма П. і з. памагала грамадству захоўваць гарманічныя ўзаемаадносіны са светам, у т. л. і з міфічным, прадухіляць небяспечныя ўчынкі дэманічных сіл, часам рэкамендавала звяртацца да іх па дапамогу. Напр., у беларусаў кантакт з лесавіком забяспечвала шапка, надзетая задам наперад, барана каля дзвярэй засцерагала ад пранікнення ў хату чараўнікоў. П. і з. суадносяцца з раскладам на дзень, домам і гаспадаркай, адзеннем і ядою, святамі і надвор’ем, адносінамі ў сям’і і паміж аднавяскоўцамі. Таму багацце П. і з. невычэрпнае. Яны складваюцца ў адзін вялікі тэкст, што запаўняе духоўную дзейнасць народа; прысутнічаюць у нар. свядомасці як ментальныя існасці, як кіраўніцтва да дзеяння. У жыцці няма патрэбы моўна выражаць зашыфраваную ў іх інфармацыю; яна ўзнікае, напр., пры перадачы ведаў дзецям або інш. калектыву. Таму сфера П. і з. як моўнага жанру даволі абмежаваная.
Публ.: Беларускія народныя прыкметы і павер’і. Кн. 1—3. Мн., 1996—99.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСТО́Н (ад назвы г. Бостан у ЗША),
высакаякасная тонкая шарсцяная тканіна з грабеннай мерыносавай кручанай пражы, мае дробныя рубчыкі з нахілам. Выпускаецца пераважна афарбаванай у цёмны колер. З бастону шыюць касцюмы, паліто.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІРЫ́ДЫ,
метэорны патокз радыянтам у сузор’і Ліры. Вядомы з 687 да н.э. Звязаны з каметай 1861 I. Назіраецца штогод каля 21 красавіка. Л. давалі вял.зорныя дажджы ў 1803, 1922, 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ДЗЬКА (Іосіф Ігнатавіч) (ліст. 1887, в. Гарадзея Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 20.12.1937),
дзяржаўны дзеяч БССР. У 1918 сакратар Замір’еўскага падп. падрайкома РКП(б). З 1919 пам. ваенкома ў Навагрудку, ваенком Рагачоўскага пав., з 1920 ваенком Гомельскай губ.З 1922 старшыня выканкома Магілёўскага павятовага, Бабруйскага раённага Саветаў. З 1928 нам. наркома земляробства БССР. У 1929—30 старшыня Віцебскага акр., з 1931 Мінскага гар. выканкомаў. У 1933—37 нач. упраўлення сувязі БССР, упаўнаважаны Наркамата сувязі СССР па БССР, з 1937 — па Казахскай ССР. Чл.ЦККП(б)Б у 1929—37. Чл.ЦВКСССР і ЦВКБССР. Рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЯКІ́, ганабобель,
дурніцы (Vaccinium uliginosum),
від кветкавых раслін з роду ягаднік сям. верасовых. Пашыраны ва ўмераных і халодных зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляецца ўсюды на сфагнавых балотах і ў забалочаных хваёвых лясах разам з багуном, утварае зараснікі.
Невял. разгалінаваны лістападны кусцік выш. да 1 мз прамымі галінкамі. Лісце цвёрдае, эліптычнае, шаравата-шызае, чаргаванае. Кветкі дробныя, белыя з ружовым адценнем, па 1—3 на канцах леташніх парасткаў. Плод — сакаўная сінявата-чорная ягада з шызым воскападобным налётам. Лек. (добры проціцынготны і вяжучы сродак, садзейнічае вывядзенню з арганізма радыенуклідаў), харч. (ягады кісла-салодкія, ядомыя, маюць цукры, дубільныя рэчывы, фенолы, вітаміны і інш.), кармавая і меданосная расліна.