лагер для прымусовай ізаляцыі (часам і знішчэння) рэальных ці магчымых паліт. праціўнікаў, ваеннапалонных і інш. У адрозненне ад турмаў, звычайных лагераў для ваеннапалонных і бежанцаў К.л. ствараюцца паводле асобых дэкрэтаў урада або загадаў ваен. камандавання ў час вайны, міжэтнічных канфліктаў і абвастрэння ўнутрыпаліт. барацьбы. К.л. з найб. жорсткім рэжымам утрымання зняволеных, накіраваным не толькі на ізаляцыю, але -і на іх знішчэнне, атрымалі ў л-ры назву лагераў смерці (найб. пашыраны ў 2-ю сусв.вайну). Першыя К.л. створаны іспанцамі ў 1895 у час нац.-вызв. паўстання на Кубе і англічанамі ў ходзе англа-бурскай вайны 1899—1902. У 1934—39 у Польшчы на тэр.Зах. Беларусі існаваў Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. У СССР К.л. былі пашыраны ў перыяд масавых рэпрэсій 1930—50-х г. (гл.ГУЛАГ). У час нацыянал-сацыялісцкай дыктатуры ў Германіі (1933—45) К.л. выкарыстоўваліся для масавага тэрору і генацыду з боку нацысцкай дзяржавы і былі пашыраны ў краінах, акупіраваных ням.-фаш. войскамі ў 2-ю сусв.вайну, у т. л. ў Беларусі, іх ахвярамі сталі больш за 11 млн. грамадзян СССР, Польшчы, Францыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Югаславіі, Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі, Аўстрыі, Германіі і інш.Найб. вядомыя ням.-фаш. К.л. — Асвенцім, Бухенвальд, Дахау, Заксенгаўзен, Маўтгаўзен і інш. У пасляваен. перыяд найб. вядомы К.л., створаныя пасля ваен. перавароту ў Чылі ў вер. 1973 для праціўнікаў дыктатуры ген. А.Піначэта. Практыка стварэння К.л. асуджана сусв. грамадскасцю як цяжкае злачынства супраць чалавецтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОРЖ (Васіль Захаравіч) (псеўд.Камароў; 13.1.1899, в. Хорастава Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 5.5.1967),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч.вайну, ген.-маёр (1943), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Ваен. акадэмію Генштаба (1946). Удзельнік партыз. руху ў Зах. Беларусі ў 1922—25. З 1931 у органах НКУСБССР. Удзельнік вайны ў Іспаніі 1936—39. З 1940 заг. сектара Пінскага абкома КП(б)Б. У Вял.Айч.вайну 26.6.1941 сфарміраваў і ўзначаліў у Пінскім р-не адзін з першых на Беларусі партыз. атрадаў, які з ліп. 1941 вёў баі з ням.-фаш. захопнікамі. Увосень 1941 на чале атрада разам з партызанамі Палесся і Піншчыны прайшоў рэйдам па раёнах Палескай і Мінскай абл. З жн. 1942 сакратар Пінскага падп. абкома КП(б)Б, з ліст. 1942 камандзір Пінскага партыз. злучэння. З 1949 нам. міністра лясной гаспадаркі БССР, у 1953—63 старшыня калгаса ў Салігорскім р-не. Аўтар успамінаў. Яго імем названы вуліцы ў Давыд-Гарадку, Лунінцы, Мінску, Пінску, Салігорску, Століне, в. Хорастава, плошча ў р.п. Мікашэвічы Лунінецкага р-на. У в. Хорастава помнік.
Тв.:
Народная борьба против фашистских оккупантов на Пинщине // Из истории партизанского движения в Белоруссии (1941—1944 гг.): (Сб. воспоминаний). Мн., 1961;
В первые дни войны // Славная дочь белорусского народа. 2 изд. Мн., 1962;
Моя борьба и труд // Нёман. 1998. № 2.
Літ.:
Щербаков А. Избранник солдатской судьбы // Люди легенд. М., 1968. Вып. 3;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОДЗЬ (Łódź),
горад у цэнтр.ч. Польшчы, адм. ц. Лодзінскага ваяв., на водападзеле рэк Вісла і Одра. Вузел чыгунак і аўтадарог. 1 млн. 41 тыс.ж. з прыгарадамі (1993). Буйны цэнтр тэкст. прам-сці; электратэхн., маш.-буд., металаапр., хім. (штучнае валакно, гумавая), швейная, харч., мэблевая, папяровая, паліграф., абутковая прам-сць. Буйнейшы кінематаграфічны цэнтр Польшчы. 8 ВНУ, у т. л.ун-т, мед. акадэмія, Вышэйшая школа кінематаграфіі, тэлебачання і тэатра, Вышэйшая духоўная семінарыя; аддзяленне АН. Філармонія, тэатры. Музеі: маст., археал. і этнагр., гісторыі тэкст. вытв-сці. Арх. помнікі 18—19 ст.
Першапачаткова вёска Лодзя, уласнасць біскупаў куяўскіх; упершыню згадваецца ў 1332. У 1387 атрымала ням.гар. права, у 1423 кароль Польшчы Ягайла надаў Л. магдэбургскае права. Месцазнаходжанне Л. сярод пушчаў, далёка ад гандл. шляхоў не спрыяла развіццю горада, і да пачатку 19 ст. ён захоўваў агр. характар. У 1820-я г. створаны першыя мануфактуры, у 2-й пал. 19 ст. Л. — цэнтр буйнога тэкст. раёна, пачалося яго хуткае дэмаграфічнае развіццё. З 1870-х г. Л. — важны цэнтр рабочага руху. Тут адбылося першае ў Рас. імперыі рабочае паўстанне (гл.Лодзінскае паўстанне 1905). У 1-ю сусв.вайну ў ліст. 1914 пад Л. адбылася бітва, у выніку якой герм. войскі спынілі наступленне рас. войск. У 2-ю сусв.вайну акупіравана ням. фашыстамі (1939—45; наз. Ліцманштат). Вызвалена войскамі 1-га Бел. фронту. У 1971 адзін з цэнтраў забастовачнага руху ў Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЦК,
горад на Украіне, цэнтр Валынскай вобл., на р. Стыр. 218 тыс.ж. (1997). Чыг. станцыя. Вузел аўтадарог. Аэрапорт. Прыстань. Прам-сць: машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтамабілі, прыборы, электраапаратура і інш.), лёгкая (сінт. скуры, меланжавыя, швейныя, абутковыя вырабы), хім., харчасмакавая; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Пед.ін-т. 2 т-ры. Філармонія. Музеі: маст., краязнаўчы і інш.Гіст.-арх. запаведнік (з 1970). Арх. помнікі: Верхні замак (13—16 ст.), рэшткі сцен Ніжняга замка (14—17 ст.), Пакроўская (15 ст.) і Крыжаўзвіжанская (1619—20) цэрквы, езуіцкі калегіум (17 ст.), касцёл (1606—25), сінагога (1626—29), манастыр трынітарыяў (1728—30), Троіцкі сабор (1754) і інш.
Паводле летапісу вядомы з 1085. Да сярэдзіны 12 ст. ў складзе Кіеўскай Русі, пазней ва Уладзіміра-Валынскім (Галідка-Валынскім) княстве. У 1240 разбураны мангола-татарамі. 3 сярэдзіны 14 ст. ў складзе ВКЛ. У 14 — сярэдзіне 20 ст. цэнтр Луцкай рымска-каталіцкай епархіі, у якую ўваходзілі тэр. Валыні і паўд. Беларусі (да канца 18 ст.). У 1432 атрымаў магдэбургскае права. Паводле Люблінскай уніі 1569 у складзе Польшчы, цэнтр Валынскага ваяв. Гараджане падтрымалі Налівайкі паўстанне 1594—96. У 1706 разбураны шведамі. З 1795 у складзе Расіі, з 1797 пав. горад Валынскай губ. У 1-ю сусв.вайну каля Л. рус. войскі прарвалі аўстра-герм. фронт (гл.Паўднёва-Заходняга фронту наступленне 1916). У 1918 акупіраваны войскамі Германіі, у 1919 — Польшчы. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у Польшчы. З 1939 у складзе Украіны, цэнтр Валынскай вобл. У Вял.Айч.вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1941—14).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІ́БАКІНалібокі,
вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., на скрыжаванні аўтадарог г.п. Івянец — в. Шчорсы і г. Стоўбцы — в. Налібакі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 45 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 83 км ад Мінска. 691 ж., 254 двары (1999).
Вядома з 1447. Належала Гедыголдавічам, Кезгайлам, Завішам, Шэметам, Радзівілам, якія пабудавалі тут касцёл (1636); з сярэдзіны 19 ст. — Вітгенштэйнам, Гогенлое. У 16 ст. цэнтр воласці Навагрудскага пав. У 17—18 ст. вакол двара сфарміравалася вёска (у 1727 у Н. 62 двары), уваходзіла ў Ашмянскі пав. Віленскага ваяв. У 1720-я г. каля Н. заснавана гута (гл.Налібоцкая шкляная мануфактура). З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Ашмянскага пав. У 2-й пал. 19 ст. — мястэчка. У 1897 у ім 270 ж., 42 двары, у вёсцы 1519 ж., 224 двары, касцёл, малітоўны дом, 2 школы, бальніца, валасны суд, карчма. З пач. 20 ст. Н. — вёска, 1789 ж., нар. вучылішча, касцёл. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—54 і з 1963 цэнтр сельсавета, у 1940—54 у Івянецкім р-не Баранавіцкай вобл., з 1963 у Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл. У Вял.Айч.вайну партызаны правялі тут Налібоцкія баі 1942, 1943; ням.-фашысты ў ліп. 1943 спалілі вёску і загубілі 109 яе жыхароў.
Аграфірма «Налібокі». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Касцёл. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч.вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́ЛАЎ БІБЛІЯТЭ́КАў Нясвіжы.
Найбуйнейшая прыватная б-ка Рэчы Паспалітай. Засн. ў 16 ст. Мікалаем Радзівілам Чорным. У б-ку паступалі кнігі з друкарань Еўропы, а таксама з асабістых, засн. ім у Нясвіжы і Брэсце. Фонд б-кі павялічыў яго сын Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка (прысылаў кнігі ў час вучобы за мяжой), паступілі зборы Радзівіл Ганны з Сангушкаў, маршалка Флемінга. Першы каталог б-кі склаў у сярэдзіне 17 ст. Альбрыхт Радзівіл. У сярэдзіне 18 ст. ў б-цы 9 тыс. тамоў, у 1772 — больш за 20 тыс., у т. л. інкунабулы, палеатыпы, антычная і рэнесансавая л-ра, гіст. і юрыд. выданні, палемічныя рэфармац. творы, рукапісны фонд. Афіцыйна наз. Ардынацкай б-кай. У 1772 вывезена з Нясвіжа і перададзена пецярбургскім б-кам. У 19 ст. ўладальнікі Нясвіжскага замка стварылі новую б-ку, у якой архіварыусамі і бібліятэкарамі працавалі М.Маліноўскі, У.Сыракомля, М.Богуш-Шышка. У 1864 у б-ку паступілі кнігі з закрытых у Нясвіжы кляштараў бернардзінцаў і бенедыкцінак. У 1880 Антон і Марыя Радзівілы перавезлі з Берліна б-ку, якая стала гал. часткай новага Нясвіжскага збору кніг і мела асобны экслібрыс. У 1-ю сусв.вайну разрабавана, рэшткі б-кі ў 1940 перададзены АНБССР. У Вял.Айч.вайну вывезена ў Германію, у 1945—46 разрозненыя часткі вернуты на Беларусь і захоўваюцца ў Мінску ў Бібліятэцы Цэнтральнай навуковайНац.АН Беларусі, Бібліятэцы Нацыянальнай Беларусі, Бібліятэцы Прэзідэнцкай, Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫНЕ́Ц (Андрэй Іванавіч) (19.1.1904, в. Жаўткі Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 30.3.1965),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на тэр. Вілейскай вобл. ў Вял.Айч.вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, за што ў 1935—39 зняволены ўладамі Польшчы. З ліп. 1941 адзін з арганізатараў Вілейска-Куранецкага патрыятычнага падполля. Вясной 1942 стварыў і ўзначаліў партыз. групу, якая пераўтворана пазней у атрад, з кастр. 1943 камандзір партыз. брыгады «За Савецкую Беларусь». Пад яго кіраўніцтвам у Куранецкім, Маладзечанскім і Смаргонскім р-нах была створана сетка падп. арг-цый. Пасля вайны на сав. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАН (Van),
горад на У Турцыі, каля воз. Ван. Адм. ц. іля Ван. Каля 150 тыс.ж. (1990). Чыг. станцыя. Харчовая, цэм.прам-сць.
Узнік у 1-м тыс. да н.э. Да 6 ст. да н.э. пад назвай Тушпа сталіца дзяржавы Урарту. Да 1 ст. да н.э. значны горад Стараж. Арменіі. У 364 разбураны войскамі сасанідскага цара Шапура II. У 10 ст. ў складзе Васпураканскага царства. З 1022 пад уладай Візантыі, пасля — сельджукаў. У 2-й пал. 14 ст. двойчы разбураны войскамі Цімура. З 17 ст. пад уладай Турцыі. У 1-ю сусв.вайну 1914—18 арм. насельніцтва Вана выселена і знішчана тур. ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАПЦА́РАЎ (Нікола Іонкаў) (7.12.1909, г. Банска, Балгарыя — 23.7.1942),
балгарскі паэт. Скончыў марское тэхн. вучылішча (1932). У 2-ю сусв.вайну ўдзельнік антыфаш. руху ў Балгарыі, расстраляны гітлераўцамі. Друкаваўся з 1926. Працягваў традыцыі балг.рэв. паэзіі (Х.Боцеў, Х.Смірненскі), выступіў як паэт-наватар. У зб. «Песні матора» (1940) адлюстраваў сац. зрухі часу, атмасферу завода, рух машын, працоўныя будні, веру ў светлую будучыню. Цыкл «Песні пра адну краіну» прысвечаны антыфаш. барацьбе ў Іспаніі. На бел. мову яго вершы перакладалі А.Астрэйка, Н.Гілевіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎЧА́,
вёска ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл. За 32 км ад Докшыц, 165 км ад Віцебска, 42 км ад чыг. ст. Параф’янава. 199 ж., 105 двароў (1995).
Упершыню згадваецца ў 1395 як цэнтр вял. капітульнага маёнтка. У 16—17 ст. неаднаразова ўпамінаецца сярод уладанняў віленскага каталіцкага біскупства. Частка Ваўчы належала Тышкевічам, Пацам. З 1861 у Бягомльскай вол. Барысаўскага пав. У 1897 — 311 ж., 83 двары. З 1924 у Бягомльскім р-не. У Вял.Айч.вайнуням.-фаш. захопнікі часткова знішчылі вёску. Пасля вайны адноўлена. З 1960 у Докшыцкім р-не. Каля Ваўчы курганны могільнік 11—13 ст.