жанр фальклору, апавядальны твор, які грунтуецца на займальным вымысле (дзейнічаюць незвычайныя героі, адбываюцца незвычайныя падзеі), а ідэйна-мастацкі змест звязаны з грамадскім, сямейным і вытв. побытам. У казачным вымысле адлюстроўваюцца маральныя і сац. погляды нар. мас, іх ідэалы, што процістаяць несправядліваму грамадскаму ладу, мары, што пераўзыходзяць дасягнутае ў падпарадкаванні сіл прыроды і ў стваральнай працы. Таленавітыя казачнікі перадаюць К. з вуснаў у вусны (нярэдка на працягу стагоддзяў). К. вызначаюцца багаццем жанравых разнавіднасцей і маст. сродкаў. У іх арганічна спалучаюцца традыцыйнае і новае, устойлівае і імправізацыйнае, нацыянальнае і міжнароднае, майстэрства слова і выканання.
Вытокі казачнага эпасу — у рэчаіснасці дакласавага грамадства. Асобныя казачныя сюжэты фарміраваліся ў розныя эпохі, таму ўтрымліваюць своеасаблівыя гіст. напластаванні. К. мае большы, чым іншыя жанры фальклору, арэал пашырэння і глыбокія разгалінаваныя ў этнічных адносінах гіст. карані. Яна творча ўзаемадзейнічае з многімі інш.фалькл. жанрамі — міфамі, легендамі, паданнямі, эпічнымі песнямі, баладамі, анекдотамі, замовамі, прыказкамі і прымаўкамі. Падабенства казачнай творчасці многіх народаў свету абумоўлена агульнымі сац. заканамернасцямі іх жыцця і мае тыпалагічны характар. З развіццём міжнар.культ. сувязей ідзе ўзаемаабмен вуснымі і літаратурна апрацаванымі К. на розных мовах, і гэты працэс на працягу тысячагоддзяў назіраецца ў сусв. дыяпазоне. Творчае асваенне нар. казачнікамі іншанацыянальнага фальклору залежыць ад сучаснай ім нац. рэчаіснасці і традыцый.
Гісторыя і геагр. становішча Беларусі вызначылі яе ролю пасрэдніка паміж рус., укр., польск. і прыбалт. культ. традыцыямі. Гэта выявілася і ў багацці бел. казачнага рэпертуару, у разнастайнасці варыянтаў сюжэтаў. Ва ўмовах патрыярхальнага побыту бел. сялянства К. заняла адно з гал. месцаў сярод фалькл. жанраў і дасягнула высокага маст. ўзроўню. Выдатныя нар. казачнікі (Рэдкі, П.Гаспадароў, Х.Азёмша) выступалі як папулярныя майстры слова, філосафы, публіцысты. Бытаванне К. у бел. вёсцы было звязана з наладжваннем попрадак, са звычаем расказваць фалькл. творы ў піліпаўскі пост і ў калядныя вечары. У наш час вусная казачная традыцыя паступова затухае пад уплывам усеагульнай адукаванасці, пашырэння маст. л-ры, сродкаў масавай камунікацыі. Хоць адзначаюцца і факты казкатворчасці, запісы новых тэкстаў К. Вусная К. прадаўжае існаваць пераважна ў сямейным асяроддзі. Найб. поўна асаблівасці казачнай творчасці раскрываюцца ў чарадзейных казках. Фантастычнае праламленне ў іх рэальных з’яў, імкненняў і мараў не вымагае веры ў дзівоснае, але яно пастаянна мроіцца ў творчым уяўленні расказчыка і слухачоў. Казкі пра жывёл фантастычныя ў той меры, у якой жывёлы ў нар. вобразных уяўленнях дзейнічаюць у жыццёвай сферы. Паэтыка незвычайнага ў сацыяльна-бытавых казках вызначаецца сюжэтным завастрэннем быт. сітуацый у драматычным (навелістычныя казкі) ці ў анекдатычным (анекдатычныя, сатырычныя К.) плане. Фантастыка легендарных казак найчасцей абумоўлена вобразамі бога, святых, анёлаў, чарцей, а таксама тым, што дзеянне ў іх разгортваецца на зямлі і на «тым свеце». Маральная скіраванасць такіх К. пазбаўлена рэліг. дыдактызму і стасуецца з сац. сатырычнай завостранасцю. Па меры распаду патрыярхальнага побыту і росту класавых супярэчнасцей у бел.нац. рэпертуары большала значэнне сац.-бытавых К., героям якіх уласціва сац. канкрэтнасць, кампазіцыі — свабода і дынамічнасць, стылю — размоўная натуральнасць і прастата. У кожнага народа ёсць К., не зафіксаваныя ў інш. народаў. У бел. чарадзейных К. нямала сюжэтаў, якія не маюць адпаведнікаў у суседзяў. Бел.нар. К. вядомы пераважна па зборніках 19 і 20 ст. У серыі «Беларуская народная творчасць» выйшла 5 кніг К. Бел.нар. К. перакладзены на многія мовы. К., апрацаваныя пісьменнікамі ці створаныя імі паводле матываў, у духу народных, наз. літаратурнымі К. Бел.нар. К. апрацоўвалі ў 1-й пал. 19 ст. Я.Баршчэўскі, А.Глінскі, у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. — Ф.Багушэвіч, К.Каганец, Ядвігін Ш. Сярод літ. К. бел. пісьменнікаў вылучаюцца творы Я.Коласа, З.Бядулі, У.Дубоўкі, А.Якімовіча, М.Танка, М.Лужаніна, У.Караткевіча, У.Ягоўдзіка і інш.Літ. К. робяць зваротны ўплыў на фалькл. творчасць, і сувязь нар. К. з літаратурай становіцца ўсё больш цеснай.
Публ.:
Романов Е.Р. Белорусский сборник. Т. 1, вып. 3—4, 6. Витебск;
Могилев, 1887—91, 1901;
Добровольский В.Н. Смоленский этнографический сборник. Ч. 1. СПб., 1891;
Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 2. СПб., 1893;
Сержпутовский А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911;
Яго ж. Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета. Мн., 1926; Казкі і легенды роднага краю. Мн., 1960; Беларускія казкі, запісаныя ад Пятра Гулевіча. Мн., 1963; Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі. Мн., 1971; Чарадзейныя казкі. Ч. 1—2. Мн., 1973—78; Сацыяльна-бытавыя казкі. Мн., 1976; Беларускі казачны эпас. Мн., 1976; Беларускія народныя казкі. 2 выд.Мн., 1986; Казкі ў сучасных запісах. Мн., 1989; Federowski M. Lud białoruski. T. 1—3. Kraków, 1897—1903; Belorussische Volksmárchen. Aufl. 10. Berlin, 1980.
Літ.:
Савченко С.В. Русская народная сказка: (История собирания и изучения). Киев, 1914;
Пропп В.Я. Морфология сказки. 2 изд. М., 1969;
Яго ж. Исторические корни волшебной сказки. Л., 1946;
Ягож. Русская сказка. Л., 1984;
Мелетинский Е.М. Герой волшебной сказки. М., 1958;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРО́ДА,
у шырокім сэнсе — усё, што існуе (матэрыяльны сусвет) і стаіць у адным шэрагу з паняццямі быццё, матэрыя; у больш вузкім сэнсе — аб’ект вывучэння прыродазнаўчымі навукамі. Разглядаецца таксама як сукупнасць прыродных умоў існавання чалавека з пункту гледжання месца і ролі П. ў сістэме адносін да яе чалавека і грамадства. Існуе незалежна ад чалавека, бясконцая ў прасторы і часе, невычарпальная ў сваіх формах і іх уласцівасцях. Мае структуру і сістэмнасць, знаходзіцца ў стане вечнай змены і развіцця. Чалавек з’яўляецца арган. часткай П., па-за якой ён не можа існаваць фізічна і духоўна.
У навуках аб Зямлі паняцце П. мае значэнні: тэр. прыродныя аб’екты (геасістэмы, ландшафты геаграфічныя і інш.), прыродныя комплексы вакол нас. пунктаў і інш. антрапагенных збудаванняў, тэр. ахоўныя аб’екты (запаведнікі, заказнікі) і інш., напр., у геагр. навуцы пад паняццем «П.» разумеюцца геаграфічнае асяроддзе, навакольнае асяроддзе. Адрозніваюць паняцці «першая П.» — непарушаная чалавекам, «другая П.» — пераўтвораная чалавекам (поле, сад), не здольная да самападтрымання на працягу доўгага часу, «трэцяя П.» — штучнаўтвораныя сістэмы (урбанакомплексы, буйныя прадпрыемствы і інш.), якія не здольныя да самападтрымання нават на працягу кароткага часу. Сукупная дзейнасць грамадства аказвае значны ўплыў на П., што патрабуе рацыяналізацыі і рэгулявання іх узаемадзеяння, прыняцця мер па ахове прыроды, пераўтварэнні П. (напр., запланаваная перабудова ландшафтаў), захаванні і кантраляваным выкарыстанні прыродных рэсурсаў і інш.Гл. таксама Геаграфічная абалонка, Прыроднае асяроддзе, Экалогія і інш.
Жывая П. складаецца з няклетачных, аднаклетачных і шматклетачных форм арганізмаў, якія ў сукупнасці з навакольным асяроддзем утвараюць біясферу Зямлі. Жывое рэчыва з’явілася на Зямлі, верагодна, у археі (больш за 3 млрд.г. назад) і прайшло складаны шлях біял.эвалюцыі на працягу геал. эвалюцыі планеты (гл.Геахраналогія). Развіццё біясферы адбывалася ў (залежнасці ад умоў існавання жывых арганізмаў, якія былі абумоўлены сонечнай радыяцыяй, рэльефам паверхні і агульнай цыркуляцыяй атмасферы. Асаблівасці ўмоў нежывой П. з улікам іх змен у гіст. часе і спалучэнні з аб’ектамі і фактарамі біял. эвалюцыі, абумоўліваюць разнастайнасць жывога рэчыва на Зямлі. Падзел пераважнай большасці арганізмаў на расліны (флора) і жывёлы (фауна) грунтуецца пераважна на спосабе жыўлення. Біягеахімічны кругаварот рэчываў у біясферы адбываецца пры ўдзеле жывых істот усіх узроўняў арганізацыі і складаецца ў біял. цыклы, якія ўключаюць 3 асн. звяны: утварэнне ў працэсе фотасінтэзуарган. рэчываў зялёнымі раслінамі т.зв. першаснай прадукцыі (гл.Прадуцэнты); ператварэнне першаснай (расліннай) прадукцыі ў другасную (жывёльную), пераважна шляхам жыццядзейнасці жывёл (гл.Кансументы); разбурэнне першаснай і другаснай біял. прадукцыі бактэрыямі, грыбамі і інш. (гл.Рэдуцэнты). Пры ўмоўным вылучэнні паясоў геаграфічных у суадносінах з кліматам і ў залежнасці ад пануючых у кожнай з кліматычных паясоў (зон) умоў існавання арганізмаў, раслінны і жывёльны свет падзяляецца (у адпаведнасці з паходжаннем, рэльефам і кліматам мацерыкоў і акіянаў) на біягеагр. царствы, падцарствы, вобласці, падвобласці і інш. адзінкі-катэгорыі раянавання зямнога шара, у залежнасці ад выбранай сістэмы біягеаграфічнага раянавання (гл.Арктагея, Натагея, Неагея, Палеагея), якое адлюстроўвае паходжанне і развіццё флоры і фауны пэўнага рэгіёна планеты ў гіст. аспекце і сучасны стан буйных прыродных тэрытарыяльных комплексаў. П. Беларусі вызначаецца знаходжаннем яе тэр. ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. У межах сучаснага біягеагр. раянавання сушы Беларусь належыць да біягеагр. царства Арктагеі, Галарктычнай біягеаграфічнай вобласці Палеарктыкі. Яе тэр. знаходзіцца ў т.зв. пераходнай зоне, якую вылучаюць у складзе Еўрап.-Сіб. біягеагр. вобл. (як адной з ч. Палеарктыкі). Для яе характэрны мяшаны характар флоры і фауны — часткова гэта паўн., таежныя формы, часткова — паўд., характэрныя для шыракалістых лясоў, стэпавыя і міжземнаморскія. Унутры пераходнай зоны змены адных фларыстычных і фауністычных элементаў другімі адбываюцца паступова і маюць агульныя формы. Своеасаблівасць геагр. становішча Беларусі абумоўлівае фарміраванне і існаванне на яе тэр. многіх унікальных прыродных комплексаў, якія маюць статус ахоўных прыродных тэрыторый і акваторый. На Беларусі існуюць 2 запаведнікі (Бярэзінскі біясферны запаведнік і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік — адзіны ў свеце), 4 нацыянальныя паркі (Белавежская пушча, Браслаўскія азёры, Нарачанскі і Прыпяцкі), 89 заказнікаўрэсп. значэння агульнай пл. 774,5 тыс.га і 443 — мясц. значэння пл. 307 тыс.га, помнікі прыроды: 303 рэсп. і 483 мясцовага значэння (2000). У адносінах да расліннасці тэр. Беларусі належыць да 2 геабат. абласцей (гл.Геабатанічнае раянаванне), у якіх вылучаюць 3 фларыстычныя правінцыі. Прыроднай расліннасцю ўкрыта 66% тэр., у т. л. пад лесам каля 35%, лугамі 16%, балотамі 11%, хмызнякамі 3%. Дзікарослая флора геаграфічна і генетычна звязана з рознымі прыродна-гіст. абласцямі, кліматычнымі зонамі і мацерыкамі зямнога шара. Ахоўваюцца 214 відаў раслін (171 від вышэйшых і 43 віды ніжэйшых), 180 з іх занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (гл.Ахоўныя расліны). У складзе культ. флоры каля 230 відаў збожжавых, зернебабовых, пладовых, агароднінных, тэхн. культур (гл. адпаведныя арт.). Дрэвавыя пароды — крыніца драўніны і сыравіны для буд-ва, мэблевай, хім., цэлюлозна-папяровай і інш. прам-сці. Суадносна з расл. комплексам фарміраваўся і састаў фауны, якая набыла сучасныя рысы ў пасляледавіковы перыяд. Па паходжанні яна мяшаная, што вынікае з гіст. умоў яе фарміравання і фіз.-геагр. асаблівасцей тэрыторыі. Многія віды жывёл на Беларусі пад уплывам актыўнага антрапагеннага ўздзеяння на П. становяцца рэдкімі і падлягаюць ахове (гл.Ахоўныя жывёлы); у Чырв. кнігу Беларусі занесены 97 відаў пазваночных і 85 відаў беспазваночных жывёл. Прамысл. значэнне маюць 22 віды млекакормячых, 31 від птушак, 1 від паўзуноў (гадзюка звычайная), з беспазваночных — смоўж вінаградны. Найб.гасп. значэнне ў зверагадоўлі маюць пушныя звяры; у сажалкавых гаспадарках — карп, карась, інш. рыбы. Працэс рацыяналізацыі зносін чалавека з П. мае неадназначны характар. Гасп. дзейнасць людзей часта апынаецца ў супярэчлівых зносінах з навакольным прыродным асяроддзем. Вырашэнне канфліктных сітуацый паміж П. і грамадствам рэалізуецца пры дапамозе мерапрыемстваў па ахове прыроды, у т. л. на ўзроўні дзярж. заканадаўчых актаў. Усе багацці П. на Беларусі, незалежна ад ступені іх эксплуатацыі, знаходзяцца пад аховай дзяржавы (гл.Ахова ад радыеактыўных выпрамяненняў, Ахова атмасферы, Ахова водаў, Ахова генафонду, Ахова глебаў, Ахова жывёл, Ахова зямель, Ахова лясоў, Ахова нетраў, Ахова раслін, Ахоўныя ландшафты).
Літ.:
Тугаринов В.П. Природа, цивилизация, человек. Л., 1978;
Энцыклапедыя прыроды Беларусі. Т. 1—5. Мн., 1983—86.
В.С.Аношка, А.М.Петрыкаў.
Да арт.Прырода. Краявід у наваколлі в. Боркі Уздзенскага раёна Мінскай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ КАМУНІСТЫ́ЧНЫ РУХ,
пашыраная ў свеце леварадыкальная ідэйна-паліт. плынь, якая кіруецца ў сваёй дзейнасці поглядамі К.Маркса і У.І.Леніна на сацыялізм і камунізм і мае на мэце пабудову ў свеце камуніст. грамадства, першая фаза якога — сацыялізм. Аб’ядноўвае камуніст. і ідэйна блізкія да іх сацыяліст. і рабочыя партыі. Узнік у 1840—50-я г. амаль адначасова з марксізмам як састаўная частка міжнар. рабочага руху. Першай камуніст. арг-цыяй быў створаны ў 1847 Саюз камуністаў, які аб’ядноўваў камуніст. і карэспандэнцкія к-ты шэрагу зах.-еўрап. краін. У напісаным для Саюза Марксам і Ф.Энгельсам «Маніфесце Камуністычнай партыі» (1848) выкладзена праграма міжнар.рэв. рабочага руху і абгрунтавана неабходнасць стварэння паліт. партыі пралетарыяту. Камуніст. (марксісцкая) плынь дамінавала ў Інтэрнацыянале 1-м (1864—76), у с.-д. і сацыяліст. партыях, што стварылі Інтэрнацыянал 2-і (1889—1922). Да канца 19 — пач. 20 ст.камуніст. рух і сацыял-дэмакратыя развіваліся на агульнай аснове марксізму як паралельныя плыні ў рамках с.-д. і сацыяліст. партый, потым адзіны сусв.сацыяліст. рух распаўся на 2 самаст. плыні — сацыял-дэмакр. і камуністычную, якія разышліся ў поглядах на стратэгію і тактыку заваявання паліт. улады, сутнасць, шляхі і спосабы пабудовы сацыялізму. Сацыял-дэмакраты (Э.Бернштэйн і інш.) прыйшлі да высновы, што асобныя палажэнні марксізму не пацвердзіліся часам або ўстарэлі. Прадстаўнікі камуніст. плыні працягвалі адстойваць марксісцкія палажэнні аб выключна рэв. шляху дасягнення сацыялізму як першай стадыі камунізму праз класавую барацьбу і дыктатуру пралетарыяту ў якасці абранага гісторыяй класа. Найб. відным выразнікам гэтай плыні ў пач. 20 ст. стаў лідэр рас.бальшавікоў Ленін. Пасля 1-й сусв. вайны с.-д. і сацыяліст. партыі канчаткова раскалоліся, з іх выйшлі прадстаўнікі рэв. марксізму, якія сталі называць сябе камуністамі і пачалі ствараць уласныя камуніст. партыі. Гэтаму працэсу спрыяла Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 у Расіі. Няўдалай спробай прымірыць і аб’яднаць сацыяліст. рух з камуністычным было стварэнне і непрацяглае існаванне т. зв.«Інтэрнацыянала 2 1/2» (1921—23). Але ў 1919, са стварэннем Камуністычнага Інтэрнацыянала (Камінтэрна), рашэнні кіруючых органаў якога былі абавязковымі для партый-членаў, М.к.р. аформіўся ў самаст.паліт. сілу. У 1920—50-я г. фактычным цэнтрам усяго М.к.р. быў СССР. Грамадска-паліт. з’явы, якія мелі месца ў гэтай краіне (паліт. рэпрэсіі, культ асобы І.В.Сталіна, абмежаванасць паліт. правоў асобы, празмерная роля дзяржавы ў грамадстве і інш.) негатыўна адбіваліся на ўсім камуніст. руху. У 1920-я г. з М.к.р. вылучылася леваэкстрэмісцкая плынь — трацкізм (ад імя Л.Д.Троцкага), прадстаўнікі якога ў 1938 стварылі т. зв.«Інтэрнацыянал 4-ы». Станоўчая роля камуністаў у барацьбе супраць фашызму за свабоду і незалежнасць сваіх краін у гады 2-й сусв. вайны забяспечыла значны рост колькасці кампартый, узмацненне іх уплыву ў асобных краінах і ў свеце ў цэлым. У 14 краінах Еўропы, Азіі і Лац. Амерыкі (Куба) кампартыі заваявалі паліт. ўладу. Склалася Сусв.сацыяліст. сістэма. У 1980-я г.камуніст. і блізкія да іх рабочыя партыі дзейнічалі больш як у 90 краінах і аб’ядноўвалі больш за 80 млн. членаў. СССР пад кіраўніцтвам КПСС дамогся поспехаў у развіцці эканомікі і культуры. У 1960—70-я г.СССР, насельніцтва якога складала 6% ад насельніцтва зямнога шара, даваў 1/5 сусв.прамысл. вытворчасці. Пасля роспуску Камінтэрна (1943) прадпрымаліся новыя спробы каардынацыі М.к.р. У 1947—56 у Бялградзе (да 1948) і Бухарэсце (з 1948) працавала Інфарм. бюро камуніст. і рабочых партый з правам каардынацыі іх дзейнасці (уваходзілі партыі 9 краін Еўропы). Вял. значэнне для згуртавання М.к.р. мелі нарады прадстаўнікоў камуністычных і рабочых партый (маскоўскія 1957, 1960, 1969, шматлікія рэгіянальныя). У 1958—90 у Празе выдаваўся тэарэт. і інфарм. часопіс «Проблемы мира и социализма». З канца 1940-х г. спробы КПСС навязваць кампартыям інш. краін свой вопыт барацьбы за ўладу і сацыяліст. будаўніцтва сустракалі нарастаючае супраціўленне з іх боку. На гэтай глебе М.к.р. перажыў шэраг новых расколаў. У 1948 адмовілася ад сав. мадэлі пабудовы сацыялізму і адасобілася ад М.к.р. Камуніст. партыя Югаславіі, у 1961 выступіла супраць крытыкі культу асобы Сталіна і фактычна выйшла з М.к.р. Албанская партыя працы. Найб. значны раскол у М.к.р. унесла ўзнікненне ў канцы 1950 — пач. 60-х г. мааізму (левадагматычны ўхіл у Кампартыі Кітая і шэрагу інш. партый у Азіі і дробных груповак у розных рэгіёнах свету, ад імя Мао Цзэдуна). У 2-й пал. 1970 — пач. 80-х г. у кампартыях Зах. Еўропы пашырыліся тэорыі «еўракамунізму». Іх прыхільнікі выступалі за мадэрнізацыю марксізму-ленінізму ў адпаведнасці з зах.-еўрап.эканам. і сац.-паліт. рэчаіснасцю, за плюралістычную мадэль сацыялізму. «Еўракамунізм» быў асуджаны КПСС і кампартыямі сацыяліст. краін. Зніжэнне тэарэт. ўзроўню дзейнасці камуніст. партый, дагматызацыя марксізму, недастатковая ўвага да распрацоўкі новых ідэй, акасцянеласць арганізац. структуры, форм і метадаў работы кампартый, адмова ад плюралізму ў меркаваннях, праследаванне іншадумства, адсутнасць шырокай сац. базы, сапраўднай сувязі з рабочым рухам, патрэбнага ўзаемадзеяння, а часта і варожасць да інш. левых сіл абумовілі крызіс М.к.р. ў канцы 1980 — пач. 90-х г., у выніку якога арганізаваны і каардынаваны М.к.р. фактычна перастаў існаваць. У выніку эканам. і паліт. крызісу (1989—91), абумоўленага пралікамі і дэфармацыямі ў дзейнасці КПСС і інш.камуніст. партый, камуністы страцілі ўладу ў краінах Усх. Еўропы і СССР. Распад СССР і забарона КПСС прывялі да спынення фін. падтрымкі, якую яна аказвала кампартыям многіх краін. У 1989—91 спынілі існаванне навук. і навуч.нац. і міжнар. цэнтры, што займаліся распрацоўкай камуніст. праблематыкі, перасталі выходзіць або пераймяноўваліся і змянілі накіраванасць камуніст.тэарэт. выданні. Ва ўсім свеце знізіўся ўплыў камуніст. партый, скарацілася іх колькасць і парушылася ўнутр. адзінства партый, рэзка зменшылася колькасць членаў. Асобныя кампартыі змянілі свае назвы, статуты, праграмы і ператварыліся ў сацыял-дэмакратычныя (у Італіі, Венгрыі, Польшчы, Славакіі, Балт. краінах). Кампартыя Францыі ўяўляе сабой гібрыд сацыял-дэмакратызму і камунізму. Камуніст. партыі Расіі, Украіны, Беларусі (гл.Камуністычная партыя Беларусі і Партыя камуністаў беларуская), Сербіі, з істотнымі агаворкамі таксама Румыніі і Чэхіі сталі на шлях абнаўлення пры захаванні вернасці марксізму-ленінізму. Кампартыі Вялікабрытаніі, Іспаніі, ЗША не адыгрываюць прыкметнай ролі ў жыцці сваіх краін. Аднак камуніст. погляды не страцілі сваёй прыцягальнасці ў значнай часткі насельніцтва шэрагу краін свету. Кітай, Куба, В’етнам, Паўн. Карэя працягваюць ісці па шляху сацыялізму. Правячая Камуністычная партыя Кітая налічвае 58 млн. членаў (1997), Камуніст. партыя Рас. (КПРФ) — 530 тыс. членаў, аб’яднаных у 24 тыс. пярвічных арг-зацый. На прэзідэнцкіх выбарах 1996 яе кандыдат атрымаў каля 30 млн. галасоў выбаршчыкаў. На выбарах 1999 у Дзярж. думу Расіі камуністы атрымалі (па парт. спісах) найб. колькасць галасоў выбаршчыкаў (24,3% ад агульнай колькасці тых, хто галасаваў). М.к.р. імкнецца ісці па шляху абнаўлення, пераадолення лжэсацыялізму, развіцця марксісцка-ленінскай тэорыі ў новых умовах. У чэрв. 1999 на міжнар. сустрэчы прадстаўнікоў камуніст. і рабочых партый у Афінах (Грэцыя) былі прадстаўлены 55 партый з 50 краін.
Літ.:
Партии и партийные системы современной Европы. М., 1994;
Социализм и демократия для XXI в. М., 1997;
Егоров А.Н. Есть ли у Республики Беларусь социалистическая перспектива? // Весн. Бел.дзярж. экан. ун-та. 1997. № 2;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РДЭН,
ганаровая дзярж. ўзнагарода за асобыя заслугі і знак (знакі) да яе. Паходжаннем О. звязаны з еўрап. прыдворнымі ордэнамі (карпарацыямі) 14—16 ст., членства ў якіх было формай заахвочвання манархам найб. адданых дваран. Гэтыя ордэны, у сваю чаргу, паходзілі ад ордэнаў рыцарскіх 12—13 ст.
Прыдворныя ордэны звычайна мелі пышныя ордэнскія касцюмы і асобыя ордэнскія знакі (стужка, крыж, зорка), якія паступова набылі характар узнагарод (напр., англ. О. Падвязкі, 1348 або 1350, О. Лазні, 1399, бургундскі, аўстр. і ісп. О. Залатога Руна, 1429, франц. О. Св. Духа, 1579 і інш.). З канца 18 ст. знакі О. пачалі існаваць асобна ад ордэнскага адзення. Вял. колькасць узнагародных О. заснавана ў 18—19 ст., у т. л. ў краінах Азіі: у Турцыі (О. Паўмесяца, 1799), Іране (О. Льва і Сонца, 1808), Японіі (О. Узыходзячага Сонца, 1875), Кітаі (О. Двайнога Дракона, 1882). З канца 18 і да нашага часу з узнікненнем новых незалежных дзяржаў у Еўропе, Амерыцы, Азіі і Афрыцы ўводзіліся ўласныя ўзнагародныя О., пераважна на аснове еўрап. традыцыі. Звычайна знакі вышэйшай ступені ўзнагароды насілі на стужцы цераз плячо разам з зоркай на грудзях, 2-й ступені — на шыі, ніжэйшай — у пятліцы (пазней — злева на грудзях). Парадак узнагароджання рэгламентаваўся статутам О. Існавала традыцыя ўручаць О. у час ордэнскага свята. Справамі О. ведаў капітул. Пры існаванні ў дзяржаве некалькіх О. выпрацоўваліся правілы ордэнскай паступеннасці. О. найчасцей быў індывід. і пажыццёвай узнагародай. У 20 ст. з’явіліся традыцыі пасмяротных і калект. узнагароджанняў. Да 2-й пал. 19 ст. знакі аднаго О. розных ступеней адначасова не насілі, знак ніжэйшай ступені замяняўся на знак вышэйшай. Звычайна ў мінулым кавалеры О. мелі пэўныя матэрыяльныя выгады (пенсіі, ільготы). Гэтая традыцыя ў некаторых краінах захавалася да нашага часу.
Першыя О., звязаныя з гісторыяй Беларусі, — О. Рэчы Паспалітай. Першы і вышэйшы з іх — О. Белага Арла (1705—95), які спачатку меў выгляд залатога эмалевага нашыйнага медальёна, а з 1709 — нашыйнага крыжа з брыльянтамі. У 1713 з’явілася зорка. Ордэнская стужка напачатку была белая з чырв. палосамі па краях, з 1713 — блакітная. О. меў дэвіз «Pro Fide, Rege et Lege» («За веру, караля і закон»). О. св. Станіслава (1765—93) быў узнагародай за цывільныя заслугі і меў дэвіз «Praemiando inicitat» («Узнагароджваючы, заахвочваю»). Статут патрабаваў ад ордэнскіх кавалераў фін. ахвяраванняў на дабрачыннасць. О. Вайсковага крыжа (1792—94) спачатку меў выгляд медаля «Virtuti Militari» («Ваеннай доблесці») з серабра і золата, пазней уведзены крыж і зорка. У далейшым гэты О. падзелены на 5 ступеней (крыжы вялікі з зоркай, камандорскі шыйны, кавалерскі пятлічны, медалі залаты і сярэбраны); стужка была чырвоная з белымі палосамі па краі, пазней цёмна-блакітная з чорнымі палосамі.
Першы і вышэйшы О. Расіі — О. св. Андрэя Першазванага (1699, афіц. статут 1798) меў 1 ступень, крыж, зорку, блакітную стужку і дэвіз «За веру і вернасць». З 1855 за ваен. заслугі на знакі гэтага і інш.рас. О. дадаваліся мячы. Узнагароджанне О. св. Андрэя Першазванага аўтаматычна рабіла яго ўладальніка кавалерам інш.рас. О., акрамя О. св. Георгія і св. Уладзіміра. О. св. велікамучаніцы Кацярыны (1714) прызначаўся для жанчын імператарскай фаміліі і набліжаных да іх прадстаўніц знаці, меў 2 ступені, белую, з 1797 чырв. з сярэбраным беражком стужку і дэвіз «За каханне і Бацькаўшчыну». О. св. Аляксандра Неўскага (1725) быў узнагародай для асоб з чынам ген.-лейтэнанта або тайнага саветніка і вышэй, меў 1 ступень, чырв. стужку і дэвіз «За працу і Бацькаўшчыну». У 1736 кавалерам гэтага О. стаў кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст III. З 1742 рас. падданых узнагароджвалі шлезвіг-гальштэйнскім О. св. Ганны, які ў 1797 афіцыйна ўведзены ў рас. ўзнагародную сістэму; меў 1 ступень, чырв. стужку з жоўтым беражком (з 1797—3, з 1815—4 ступені) і дэвіз «Тым, хто любіць праўду, набожнасць і вернасць»; знак 4-й ступені насілі на халоднай зброі. Імператарскі ваен. О. св. велікамучаніка і Перамаганосца Георгія (1769) быў выключна вайск. узнагародай для афіцэраў за баявыя заслугі або за выслугу гадоў (да 1855). З 1807 існаваў спец. знак О. св. Георгія для ўзнагароджання салдат і унтэр-афіцэраў (з 1913 Георгіеўскі крыж), які ў сярэдзіне 19 ст. падзелены на 4 ступені; гл.Георгіеўскі кавалер. О. св. роўнаапостальнага кн. Уладзіміра (1782) даваўся за выслугу гадоў і асаблівыя ўчынкі афіцэрам і чыноўнікам; меў 4 ступені, чырв. з чорным беражком стужку і дэвіз «Карысць, гонар і слава». У 1798—1817 рас. падданых узнагароджвалі О. св. Іаана Іерусалімскага (2 ступені, чорная стужка), які меў мальтыйскае паходжанне. О. Белага Арла (1815, 1 ступень, цёмна-сіняя стужка, дэвіз «Pro Fide, Rege et Lege»), св. Станіслава (1815, 4 ступені, чырв. з белымі палоскамі па краях стужка, дэвіз «Praemiando inicitat») і «Virtuti Militari» (1815—31, 5 ступеней, цёмна-блакітная з чорнымі беражкамі стужка, дэвіз «Rex et Patria» («кароль і Радзіма») паходзілі яд адпаведных О. Герцагства Варшаўскага і да 1831 прызначаліся толькі для жыхароў Каралеўства Польскага. У 1870 дазволена насіць ордэнскія знакі ніжэйшых ступеней, атрыманыя за ваен. заслугі, адначасова з вышэйшымі.
У Польскай Рэспубліцы 1919—44 працягваліся папярэднія ордэнскія традыцыі; уведзены О. Белага Арла (1921), «Virtuti Militari» (5 ступеней, 1919) і новы О. Адраджэння Польшчы (5 ступеней, 1921).
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 усе рас. О. скасаваны дэкрэтам ВЦВК ад 23.11.1917 і пачалося стварэнне сав. ордэнскай сістэмы. У 1918—33 у Сав. Расіі і інш.сав. рэспубліках існавалі рэсп. О. (звычайна ў выглядзе чырв. сцяга на ўзор О. Чырв. Сцяга РСФСР), у т. л. О. Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР (1924—32), О. Чырвонага Сцяга і Працоўнага Чырвонага Сцяга Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Украіны і інш. Нашэнне рэсп. О. працягвалася і пасля іх скасавання. Звычайна іх кавалеры мелі права на пэўныя льготы. О. СССР з’явіліся паралельна з рэсп. і ў 1933 выцеснілі іх цалкам. Былі ўведзены О.: Чырвонага Сцяга (1924), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1928), Леніна (1930), Чырвонай Зоркі (1930), «Знак Пашаны» (1935, з 1988 наз. О. Пашаны), Айчыннай вайны (2 ступені, 1942), Суворава (3 ступені, 1942), Кутузава (2 ступені, 1942; 3 ступені, 1943), Аляксандра Неўскага (1942), Багдана Хмяльніцкага (3 ступені, 1943), Славы (3 ступені, 1943), «Перамога» (1943), Ушакова (2 ступені, 1944), Нахімава (2 ступені, 1944), «Маці-гераіня» (1944), «Мацярынская слава» (3 ступені, 1944), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1967), Дружбы народаў (1972), Працоўнай Славы (3 ступені, 1974), «За службу Радзіме ва Узбр. Сілах СССР» (3 ступені, 1974), «За асабістую мужнасць» (1988). Сярод асаблівасцей сав. ордэнскай сістэмы былі фармальная адмова ад прынцыпаў царскіх О. і фактычнае наследаванне ім, дэклараванне роўнасці і фактычная службовая стратыфікацыя, існаванне «партрэтных» 0., адначасовае нашэнне знакаў усіх ступеней, адсутнасць зорак як дадатковых адзнак вышэйшых ступеней 0., знакі для паўторных узнагароджанняў, адсутнасць ордэнскай стужкі ў 1918—38 і інш. О. СССР захоўваюць сваё значэнне ў Расійскай Федэрацыі, Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш.б.сав. рэспубліках. Законамі ад 13.4.1995 і 2.7.1997 уведзены О. Рэспублікі Беларусь (гл. ў арт.Ордэны і медалі Рэспублікі Беларусь).
У Расіі ў 1990-я г. ўведзены О. «За заслугі перад Айчынай» (4 ступені), Мужнасці, «За ваенныя заслугі», Пашаны, Дружбы, Жукава, св. Андрэя Першазванага, св. Георгія. Аддзеленая ад дзяржавы Руская правасл. царква, да якой адносяцца правасл. прыходы Беларусі, мае свае О.: св. роўнаапостальнага кн. Уладзіміра (3 ступені), Прападобнага Сергія Раданежскага (3 ступені), Андрэя Першазванага (1 ступень, 1988), св. роўнаапостальнай кн. Вольгі (3 ступені, 1988), благавернага кн. Данііла Маскоўскага (3 ступені, 1988), св. пакутніка Трыфана (3 ступені, 1996), свяціцеля Інакенція (3 ступені, 1997). Па ініцыятыве Бел. экзархата зацверджаны О. Крыжа прападобнай Ефрасінні Полацкай (2 ступені, 1998). Польская аўтакефальная правасл. царква мае О. роўнаапостальнай Марыі Магдаліны (3 ступені). З узнагарод бел. эміграцыі вядомы О. «Гонар Айчыны», устаноўлены «Камітэтам шанавання» (1997).
З О. ЗША найб. вядомы «Пурпуровае сэрца», Марскі крыж, «Сярэбраная зорка»; з О. Вялікабрытаніі — О. Падвязкі, О. Лазні, «Крыж Вікторыі», «За заслугі», О. Гонару; з О. Польшчы — О. Белага Арла, «Virtuti Militari», Адраджэння Польшчы; з О. Францыі — О. Ганаровага легіёна.
Літ.:
Дуров В.А. Русские и советские боевые награды: [Альбом]. М., 1990;
Яго ж Ордена России: Альбом. М., 1993.
І.І.Сінчук.
Знакі ордэнаўРас. імперыі: 1 — зорка ордэна св. велікамучаніка і Перамаганосца Георгія 1-й ступені; 2 — зорка і крыж ордэна Белага Арла; 3 — крыжы ордэна «Virtuti Militari» 1—5-й ступеней.ОрдэныСССР: 1 — «Маці-гераіня»; 2 — «Мацярынская слава» 1-й ступені.ОрдэныСССР: 1 — Леніна; 2 — Кастрычніцкай Рэвалюцыі; 3 — Чырвонага Сцяга; 4 — Працоўнага Чырвонага Сцяга; 5 — Дружбы народаў; 6 — «Знак Пашаны»; 7 — Славы 1-й ступені; 8 — Славы 2-й ступені; 9 — Славы 3-й ступені; 10 — Працоўнай Славы 1-й ступені.Ордэны савецкіх рэспублік: 1 — Працоўнага Чырвонага Сцяга Украінскай ССР; 2 — Чырвонага Сцяга Грузінскай ССР; 3 — Ваенны Чырвоны Харэзмскай Народнай Савецкай Рэспублікі Ордэн Чырвонага Сцяга Харэзмскай ССР.Ордэны Рэчы Паспалітай (1), Рас. імперыі (2—9), СССР (10—20): 1 — Вайсковага крыжа (вонкавы і адваротны бакі); 2 — св. Андрэя Першазванага (крыж з брыльянтамі); 3 — св. велікамучаніцы Кацярыны (крыж 1-й ступені); 4 — св. Аляксандра Неўскага (крыж з мячамі); 5 — св. Ганны (крыж 1-й ступені з мячамі і каронай); 6 — св. велікамучаніка і Перамаганосца Георгія (крыж 1-й ступені); 7 — св. роўнаапостальнага князя Уладзіміра (крыж 1-й ступені з мячамі); 8 — Белага Арла (крыж з мячамі); 9 — св. Станіслава (крыж 1-й ступені з мячамі); 10 — «Перамога»; 11 — Суворава 1-й ступені; 12 — Ушакова 1-й ступені; 13 — Кутузава 1-й ступені; 14 — Нахімава 1-й ступені; 15 — Багдана Хмяльніцкага 1-й ступені; 16 — Аляксандра Неўскага; 17 — «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» 1-й ступені; 18 — Айчыннай вайны 1-й ступені; 19 — Айчыннай вайны 2-й ступені; 20 — Чырвонай Зоркі.Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНАГО́РЫЯ (Црна Гора), Рэспубліка Чарнагорыя (Република Црна Гора),
рэспубліка ў складзе Сербіі і Чарнагорыі (гл. Дадатак). Пл. 13,8 тыс.км². Насельніцтва 680,2 тыс.чал. (2000), пераважна чарнагорцы (70%), сербы, баснійцы, албанцы. Сталіца — г. Падгорыца. Размешчана на Пд Дынарскага нагор’я (выш. да 2522 м, г. Бобатаў-Кук). Раўнінныя ўчасткі на ўзбярэжжы Адрыятычнага м. і ўздоўж паўн. ўзбярэжжа воз. Шкодэр (Скадарскае). Карысныя выкапні: баксіты, свінцова-цынкавыя руды, буры вугаль і інш. Клімат умерана кантынентальны, на ўзбярэжжы — міжземнаморскі. Ападкаў 1600—1800 мм за год, каля ўзбярэжжа да 3000 мм. Найб. рэкі Тара і Морача. Схілы гор укрыты хваёвымі і мяшанымі лясамі, на ўзбярэжжы — міжземнаморская хмызняковая расліннасць. Нац. паркі: Біёградска-Гора, Дурмітар, Лоўчан. Гал. галіны прам-сці: горназдабыўная, электраэнергет., металург., дрэваапр., машынабудаванне. Здабыча баксітаў (каля г. Нікшыч), свінцова-цынкавых руд (раёны гарадоў Плеўля і Іванград), бурага вугалю, солі. Каскад ГЭС на р. Зета, ЦЭС у Плеўлі. Чорная металургія (Нікшыч), выплаўка алюмінію (Падгорыца); дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, мэблевая (Мойкавац, Іванград, Падгорыца), эл.-тэхн. (Цэтыне) прам-сць і суднарамонт (Котар). Ёсць тэкст., харч., у т. л. рыбакансервавыя, тытунёвыя прадпрыемствы. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на горна-пашавай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых культур і садоўніцтве. Гадуюць авечак, буйн. раг. жывёлу, птушак. Пасевы збожжавых (кукуруза, пшаніца, ячмень) і тэхн. (тытунь) культур, бульбы, агародніны, пераважна на прыазёрнай раўніне. Садоўніцтва (цытрусавыя, інжыр, гранат, міндаль, сліва). Насаджэнні аліў і вінаграднікаў. Рыбалоўства. Транспарт марскі, чыг. і аўтамабільны. Марскія парты: Бар і Котар. Міжнар. аэрапорт у Падгорыцы. Узбярэжжа — курортная зона. Турызм. Прыродны і культ.-гіст. рэгіён Котар і нац. парк Дурмітар уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. Ч. насялялі ілірыйцы. У 1 ст. да н.э. яны заваяваны Стараж. Рымам, з 1 ст.н.э.тэр. Ч. у складзе рым.прав. Далмацыя, з 297 — прав. Прэвалітана. З 493 частка тэр. Ч. ў складзе дзяржавы остготаў, з 536 — Візантыі. У 7 ст. тут рассяліліся славяне (сербскае племя дуклянаў), якія ў 9 ст. ўтварылі княства Дукля і прынялі хрысціянства ўсх. абраду. У часы праўлення кн. Уладзіміра (каля 970—1016] тэр. Ч. трапіла пад уладу Балгарыі, з 1018 — зноў Візантыі, панаванне якой скінуў кн. Ваіслаў [1031—51]. З 1077 Дукля (з 11—12 ст.наз. таксама Зета) — каралеўства. Кароль Бодзін [каля 1082 — каля 1101] стварыў Зецкую дзяржаву, куды ўключыў усе сербскія землі. З канца 12 ст. да 1366 Зета ў складзе сербскай дзяржавы Няманічаў. У 1361—1421 у Ч. правілі кн. Балшычы, пры якіх Зета вызвалілася з-пад улады Няманічаў (1366), потым да 1528 дынастыя Чарнаевічаў. Пад націскам туркаў (з канца 14 ст.) б.ч. насельніцтва Зеты перасялілася ў маладаступныя Чорныя горы, т.зв. Верхнюю Зету, якая з сярэдзіны 15 ст. пачала наз. Чарнагорыяй (пазней назва перайшла на ўсю краіну). У 1396—1443 прыморскімі гарадамі Ч. авалодала Венецыя. У 1470-я г. туркі заваявалі раўнінную ч. Ч., у 1496 падпарадкавалі і Верхнюю Зету. У 1499 Ч. афіцыйна ўключана ў Асманскую імперыю як асобны санджак (адм. адзінка) на чале з Чарнаевічам Скендэр-бегам, які прыняў іслам. Мусульманства прынялі і многія інш. чарнагорскія феадалы, т.зв. патурчэнцы. У 15—18 ст. Ч. фактычна ўяўляла сабой родаплемянное грамадства са слаба развітымі феад. адносінамі. Плямёны падзяляліся, на брацтвы, брацтвы на вял. сем’і — задругі, якім належала значная ч. зямлі. Улада знаходзілася ў руках плем. старшын — кнезаў і ваяводаў. У гэтых умовах гал. і амаль адзінай аб’яднаўчай сілай была правасл. царква. Пад яе кіраўніцтвам у 17 ст. ў Ч. склалася феад.-тэакратычная дзяржава на чале з мітрапалітам-уладыкам (з 1700 дынастыя Негашаў). З краіны былі выгнаны патурчэнцы. Чарнагорцы ваявалі супраць туркаў на баку Венецыі (1645—69) і «Свяшчэннай ліг» (1683—98), удзельнічалі ў рус.-тур. войнах 18—19 ст. на баку Расіі, з якой устанавілі цесныя сувязі (1711). У выніку венецыяна-тур. вайны 1714—18 да Венецыі адышлі прыморскія землі Ч. Перамога чарнагорцаў над туркамі ў бітве пры сяле Крусы (1796) паклала пачатак фактычнай незалежнасці Ч., якая перастала плаціць падаткі Асманскай імперыі. У канцы 18—1-й пал. 19 ст. ў Ч. адбывалася цэнтралізацыя ўлады, уведзены нормы бурж. права, умацавалася яе міжнар. становішча. У час напалеонаўскіх войнаў яна выступала на баку Расіі. З 1852 Ч. — спадчыннае свецкае княства на чале з дынастыяй Негашаў.
У выніку сербска-чарнагорска-турэцкіх войнаў 1876—78 і рус.-тур. вайны 1877—78 Ч. стала юрыдычна незалежнай дзяржавай (рашэнні Берлінскага кангрэса 1878), пашырыла свае межы і зноў атрымала выхад да мора. З 1910 Ч. — каралеўства. Удзел у Балканскіх войнах 1912—13 дазволіў Ч. значна пашырыць тэр. У 1-й сусв. вайне Ч. ўдзельнічала на баку Антанты, у 1916—18 яна акупіравана аўстра-венг. войскамі. Пасля вызвалення ў ліст. 1918 дынастыя Негашаў адхілена ад улады, 1.12.1918 Ч. ўвайшла ў склад Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія) і часова перастала існаваць як дзярж. ўтварэнне. У 1941 яе тэр. акупіравана італьян. войскамі, вызвалена нар.-вызв. арміяй Югаславіі ў канцы 1944. З 1945 Ч. Нар., з 1963 Сацыяліст. рэспубліка ў складзе Югаслаўскай Федэрацыі. Пасля яе распаду (1991) яна разам з Сербіяй 27.4.1992 утварыла новую Саюзную Рэспубліку Югаславію.
На Ч. разам з Сербіяй былі накладзены міжнар.паліт. і эканам. санкцыі, хоць яна і не ўдзельнічала ў ваен. канфліктах на тэр. Босніі і Харватыі. Гэта паспрыяла нарастанню ў Ч. тэндэнцыі да размежавання з Сербіяй. Прэзідэнт М. Джуканавіч (са студз. 1998) паслядоўна выступае за фактычную незалежнасць краіны. У вер. 2000 большасць чарнагорцаў байкатавала выбары ў Саюзную Скупшчыну Югаславіі. 14.3.2002 падпісаны чарнагорска-сербскі дагавор аб перабудове ўзаемаадносін паміж Сербіяй і Ч. 4.2.2003 парламент Югаславіі прыняў Канстытуцыйную хартыю аб стварэнні новай дзяржавы — супольніцтва Сербіі і Чарнагорыі (СіЧ) як цалкам раўнапраўных дзяржаў.
З паліт. партый Ч. найб. уплывовыя Дэмакр. партыя сацыялістаў Ч. (лідэр Джуканавіч), Нар. партыя Ч. Прафсаюзы ўваходзяць пераважна ў Канфедэрацыю аўт. прафсаюзаў СіЧ і Федэрацыю незалежных прафсаюзаў СіЧ.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Ч. выяўлены неалітычная кераміка, паселішчы ілірыйцаў, рэшткі стараж.-грэч. і рым. гарадоў. У перыяд візант. панавання (6 ст.) традыцыі ант. культуры захоўваліся ў спрошчаным выглядзе. У сярэдневякоўі на мастацтва Ч. ўплывалі культуры Італіі і Далмацыі, Сербіі і Візантыі. У 9—10 ст. узводзілі 1-нефавыя і 3-конхавыя цэрквы; у 12—13 ст. — 3-нефавыя раманскія базілікі з плоскай драўлянай столлю, 1-нефавыя з паўцыркульным скляпеннем, а таксама пад уплывам сербскай арх. школы Рашкі (царква манастыра Морача, 1252). Рысы ант. традыцый праяўляліся ў разьбе па каменю (гал. чынам па мармуры). У 14—16 ст. у пабудовах прыморскіх раёнаў гатычныя дэталі спалучаліся з раманскімі формамі. У манум. жывапісе 11—12 ст. адчувальны ўплыў каралінгскага адраджэння. Мініяцюры 13—14 ст. адметныя спалучэннем элементаў раманскага і гатычнага стыляў з рысамі візант. іканаграфіі. Фрэскі царквы ў манастыры Морача блізкія да сербскага сценапісу. Адраджэнне і барока выявіліся ў дэталях асобных пабудоў, што захоўвалі раманскія і візант. традыцыі (царква манастыра Савіна каля г. Херцагнаві, 18 ст., арх. Н.Фарэтыч). Сярод жывапісцаў Л.М. і В.Дабрычэвічы (15—16 ст.), Дж.Мітрафанавіч, Т.Каколя (17—18 ст.). Жывапісцы сям’і Дзімітрыевічаў-Рафайлавічаў спалучалі познавізант. традыцыі з асобнымі барочнымі прыёмамі. Пасля 1878 у гарадах будавалі ў духу ампіру. З рэгулярнай планіроўкай узведзены г. Падгорыца. Грамадскія будынкі канца 19 — пач. 20 ст. ў стылях эклектыкі і неавізантыйскім. Жылыя дамы пераважна з нечасанага каменю з чарапічнымі дахамі і невял. аконнымі праёмамі. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў выяўл. мастацтве сфарміраваўся нац. кірунак. У 1920—30-я г. М.Мілунавіч і П.Лубарда працавалі ў духу постімпрэсіянізму, вылучаліся работы скульптара Р.Стыёвіча. Пасля 2-й сусв. вайны распрацоўваліся планы гарадоў, на Адрыятычным узбярэжжы рэканструяваліся старыя і ўзводзіліся новыя добраўпарадкаваныя гарады з курортнымі комплексамі (асабліва пасля землетрасення 1979). У выяўл. мастацтве вылучаліся нац. пейзажы і нацюрморты Мілунавіча, А.Прыйіча, гіст. кампазіцыі Лубарды. У пошуках маладых мастакоў суіснуюць рэаліст. традыцыі і тэндэнцыі мадэрнізму.
Музыка. Геагр. ізаляванасць Ч. спрыяла захаванню самабытнасці нац.муз. фальклору да 19 ст., але і перашкаджала развіццю прафес. музыкі. Да пач. 20 ст.асн. жанры — нар. песні, у т. л. эпічныя, гераічныя (у суправаджэнні пар. муз. інструмента гусле), лірычныя, абрадавыя, у т. л. жаночыя песні-плачы тужбаліцы. Пашыраны нар. танец ора (разнавіднасць кола). У канцы 19 ст. ўзніклі аматарскія хар. т-вы, у т. л. Рамесніцкае (1904; у 1909 на яго аснове створаны Нац.т-р у г. Цэтыне). Першыя прапагандысты зах.-еўрап. класічнай музыкі — ваен. аркестры. Значная роля ў развіцці музыкі канца 19 — пач. 20 ст. чэха Р.Толінгера, італьянца Д. дэ Сарне Сан-Джорджыо, нац. кампазітараў-аматараў Ш.Агненавіча, М.Негаша. Першы прафес. кампазітар Ч. — І.Іванішавіч, аўтар музыкі Нац. гімна, арк. і фп. п’ес, маршаў і інш. У 1920-я г. адкрыты спец.муз.навуч. ўстановы ў Цэтыне і Падгорыцы. Сярод муз. дзеячаў 1-й пал. 20 ст.: хормайстар і педагог А.Іванавіч; кампазітар, фалькларыст, хормайстар І.Мілошавіч. З 1940-х г. музыка Ч. развівалася ў межах югасл. музыкі. Створаны сімф. аркестр і мяшаны хор радыё ў Цітаградзе (1949), дзярж. ансамбль нар. песні і танца «Ора». Арганізаваны т-вы кампазітараў і музыкантаў-выканаўцаў, саюз культ.-маст. т-ваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ САВЕ́ЦКАГА САЮ́ЗА (КПСС),
палітычная арганізацыя, якая з кастр. 1917 была кіруючай у РСФСР, з 1922 да ліст. 1991 — у Саюзе Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). Яе сац. база — рабочы клас і бяднейшае (потым калгаснае) сялянства, тэарэт. аснова — марксізм-ленінізм. Бярэ пачатак з Першага з’езда РСДРП (13—15.3.1898, Мінск), фактычна — з узнікнення бальшавіцкай плыні ў РСДРП на II яе з’ездзе (30.7—23.8.1903, Брусель—Лондан). У бальшавізме сканцэнтравалася сутнасць таго марксізму, які аказаўся прымальным ва ўмовах Расіі. З канца 20-х г. ён стаў асаблівай якасцю, кодэксам паводзін, спосабам ажыццяўлення марксізму, што вызначыла такія яго рысы, як крайні цэнтралізм, аднадумства тэарэт. дагматызм, радыкальныя формы рэв. барацьбы. Арганізацыйна бальшавіцкая партыя аформілася на VI (Пражскай) Усерас. канферэнцыі РСДРП (18—30.1.1912). Поўнасцю і канчаткова выйшла з сумесных з меншавікамі арг-цый РСДРП пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. 1-я Праграма партыі, прыпятая на II з’ездзе РСДРП, складалася з праграмы-мінімум і праграмы-максімум, якія вызначылі бурж.-дэмакр. і сацыяліст. этапы рэв. барацьбы: звяржэнне самадзяржаўя, перарастанне бурж.-дэмакр. рэвалюцыі ў сацыялістычную, пабудова сацыяліст. грамадства — 1-й ступені камуніст.сац.-эканам. фармацыі. У ходзе рэвалюцыі 1905—07 у Расіі бальшавікі актыўна падтрымалі створаныя рэв. ініцыятывай іванава-вазнясенскіх рабочых Саветы рабочых дэпутатаў, выступілі за ператварэнне іх у органы ўзбр. паўстання, зародак новай рэв. улады. Памылкова спадзеючыся на рэв. ўздым, бальшавікі байкатавалі выбары ў 1-ю і 2-ю Дзяржаўную думу. З 1907 свой удзел у Думе яны разумелі як адну з форм выкрыцця царскага ўрада і палітыкі лібералізму. Пазадумская барацьба заставалася для бальшавікоў асноўнай. На V з’ездзе РСДРП (13.5—1.6.1907, Лондан) замест Цэнтр.к-та (ЦК) і Цэнтр. органа (ЦО) выбраны толькі ЦК (з 12 членаў ЦК было абрана 5 бальшавікоў і 7 меншавікоў). Пасля з’езда бальшавікі на сваёй нарадзе стварылі Бальшавіцкі цэнтр на чале з У.А.Леніным, які выпускаў газ. «Пролетарий» (1906—09). У канцы 1910 бальшавікі разам з меншавікамі-партыйцамі наладзілі выпуск у Расіі легальнай газ. «Звезда». 22.4(5.5).1912 выйшаў 1-ы нумар бальшавіцкай газ.«Правда». З пач. 1-й сусв. вайны (1.8.1914) бальшавікі заклікалі да ператварэння імперыяліст. вайны ў грамадзянскую, да дэмакр. рэвалюцыі ў Расіі. Адсюль вынікаў тактычны лозунг — паражэнне свайго ўрада ў вайне. У жн. 1915 Ленін прапанаваў замяніць марксісцкае палажэнне аб адначасовай перамозе сацыялізму ва ўсіх ці ў большасці капіталіст. краін новым палажэннем, паводле якога «магчыма перамога сацыялізму першапачаткова ў нямногіх або нават у адной, асобна ўзятай капіталістычнай краіне». У пач. 1917 у партыі бальшавікоў налічвалася каля 24 тыс. членаў. Бальшавікі мелі свае арг-цыі ва ўсерас. маштабе і адзіны цэнтр — Рус. бюро ЦК. Пасля перамогі 27 лют. (12 сак.) Лют. рэвалюцыі 1917 у Расіі ўзніклі 2 улады: Часовы ўрад і Петраградскі Савет, у выканкоме якога большасць склалі меншавікі. Вярнуўшыся з-за мяжы, Ленін на Красавіцкай канферэнцыі РСДРП бальшавікоў Петраграда прапанаваў праграму дзеянняў у новых умовах («Красавіцкія тэзісы»): пераход ад бурж.-дэмакр. да сацыяліст. этапу рэвалюцыі, стварэнне рэспублікі Саветаў, мірны пераход улады да Саветаў, братанне на фронце, канфіскацыя памешчыцкіх зямель і нацыяналізацыя ўсіх зямель у краіне і інш. Петраградская канферэнцыя ўхваліла тэзісы. Супраць выступілі Л.Б.Каменеў і А.А.Рыкаў. VII (Красавіцкая) Усерас. канферэнцыя РСДРП(б) [24—29.4(7—12.5).1917, Петраград] па прапанове Леніна прыняла курс на сацыяліст. рэвалюцыю, разлічаны на пераход усёй дзярж. улады ў рукі Саветаў і ператварэнне іх у органы дыктатуры пралетарыяту. VI з’езд РСДРП(б)[26.7—3.8(8—16.8).1917, Петраград] пацвердзіў курс на сацыяліст. рэвалюцыю ў краіне праз узбр. паўстанне. 10(23) кастр. ў Петраградзе ЦК. прыняў рашэнне аб практычнай яго падрыхтоўцы. 16(29) кастр. пры Петраградскім Савеце быў створаны Ваен.-рэв. цэнтр з членаў ЦК. 24 кастр. (6 ліст.) Пецярбургскі к-т прыняў пастанову аб неадкладным звяржэнні Часовага ўрада і перадачы ўлады Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў. 25 кастр. (7 ліст.) Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 перамагла. У звароце «Да грамадзян Расіі!» Ленін выклаў праграму: дэмакр. мір, адмена памешчыцкай уласнасці на зямлю, рабочы кантроль над вытворчасцю, стварэнне Сав. ўрада. II Усерас. з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў [25—27.10(7—9.11).1917, Петраград) выбраў Савет Народных Камісараў (СНК) з бальшавікоў на чале з Леніным, прыняў Дэкрэты аб міры і зямлі. Да вясны 1918 улада Саветаў усталявалася амаль усюды. VIII з’езд РКП(б) (18—23.3.1919, гэты і ўсе наступныя з’езды адбываліся ў Маскве) прыняў новую Праграму, у якой адзіным сродкам выхаду са створанага імперыялізмам тупіка і імперыяліст. вайны абвяшчалася толькі пралетарская, камуніст. рэвалюцыя. Рабілася стаўка на развіццё буйной прам-сці і с.-г. вытв-сці, пралетарскай дэмакратыі ў форме сав. улады як «вышэйшага тыпу дэмакратызму». X з’езд РКП(б) (8—16.3.1921) па ініцыятыве Леніна прыняў рашэнне аб пераходзе ад палітыкі «ваеннага камунізму» да новай эканамічнай палітыкі (нэп), аб замене харчразвёрсткі харчпадаткам. З’езд забараніў у РКП(б) фракцыйную дзейнасць. Погляды апазіцыі павінны былі падпарадкоўвацца рашэнню большасці. У крас. 1922 пленум ЦК выбраў Ген. сакратаром ЦК партыі І.В.Сталіна. 6.10.1922 пленум ЦК РКП(б) прыняў рашэнне «прызнаць неабходным заключэнне дагавора паміж Украінай, Беларуссю, Федэрацыяй Закаўказскіх рэспублік і РСФСР аб аб’яднанні іх у «Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік», які быў створаны 30.12.1922 на I з’ездзе Саветаў СССР. У адпаведнасці з пастановай XII з’езда РКП(б) (17—25.4.1923) у краіне ўсталёўвалася дыктатура партыі, а да 1929 — сістэма наменклатуры ўліку і размеркавання пасад і кадраў. Апошняя стала ключавым звяном вяршэнства партыі над дзяржавай, фарміравання рэжыму асабістай улады Сталіна. З 1925 парт. органы прыступілі да выканання пастаўленай XIV з’ездам ВКП(б) (18—31.12.1925) задачы сацыяліст.індустрыялізацыі краіны з мэтай забеспячэння яе эканам. самастойнасці, умацавання абараназдольнасці, стварэння матэрыяльнай базы сацыялізму. На ліпеньскім (1928) пленуме ЦКВКП(б) Сталін заявіў, што «па меры нашага руху наперад супраціўленне капіталістычных элементаў будзе ўзрастаць, класавая барацьба будзе абвастрацца». Гэты тэзіс стаў тэарэт. абгрунтаваннем масавых рэпрэсій палітычных, якія пачалі разгортвацца ў краіне. У пач. 1930-х г. планавалася завяршыць калектывізацыю сельскай гаспадаркі і ліквідаваць кулацтва як клас. Парт. органы сканцэнтравалі ў сваіх руках вырашэнне важнейшых пытанняў, увялі кантроль над усімі сферамі жыцця насельніцтва, устанавілі ідэалаг. дыктат камуніст. дактрыны. Да сярэдзіны 1920-х г. у СССР спынілі дзейнасць інш.паліт. партыі. Камуніст. партыя ператварылася ў ядро грамадскіх арг-цый і дзярж. улады, што было замацавана ў Канстытуцыі СССР 1936. XVIII з’езд ВКЛ(б) (10—21.3.1939) канстатаваў, што сацыялізм у краіне ў асноўным пабудаваны і СССР уступіў у паласу завяршэння будаўніцтва сацыяліст. грамадства. У маі 1941 Сталін, застаючыся сакратаром ЦК, прызначаны і Старшынёй СНКСССР. З першых дзён Вял.Айч. вайны парт. і дзярж. органы ўзначалілі барацьбу сав. народа супраць фаш. агрэсіі. Сакратар ЦКВКП(б) Сталін прызначаны і Старшынёй Дзярж.к-та абароны і Вярх. Галоўнакамандуючым. Больш за палову членаў партыі змагаліся з ворагам у дзеючай арміі, 140 тыс. — у партыз. атрадах і брыгадах. У краіне сфарміравалася скаардынаваная сістэма аб’яднанага парт., дзярж., гасп. і ваен. кіраўніцтва. На XIX з’ездзе партыі (5—14.10.1952) ВКП(б) перайменавана ў КПСС. На вераснёўскім (1953) пленуме ЦККПСС Першым сакратаром ЦК выбраны М.С.Хрушчоў. Па выніках даклада Хрушчова на закрытым пасяджэнні XX з’езда КПСС (14—25.2.1956) «Аб кульце асобы і яго выніках» ЦККПСС 30.6.1956 прыняў пастанову «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў». XXII з’езд КПСС (17—31.10.1961) прыняў 3-ю Праграму партыі — праграму будаўніцтва камунізму. На кастрычніцкім (1964) пленуме ЦККПСС Хрушчоў вызвалены ад усіх пасад, першым сакратаром абраны Л.І.Брэжнеў. У 2-й пал. 1960-х г.КПСС прыняла і пачала праводзіць у жыццё эканам. рэформу, скіраваную на інтэнсіфікацыю эканомікі, паскарэнне навукова-тэхн. прагрэсу. У пач. 1970-х г. было адзначана, што ў СССР пабудавана развітое сацыяліст. грамадства. XXIII з’езд КПСС (29.3—8.4.1966) аднавіў пасаду Ген. сакратара ЦККПСС, скасаваную ў 1953. У чэрв. 1977 Ген. сакратар ЦККПСС Брэжнеў выбраны адначасова Старшынёй Прэзідыума Вярх. Савета СССР). У ліст. 1982 Ген. сакратаром ЦК КЛСС выбраны Ю.У.Андропаў, у маі 1984 — К.У.Чарненка (з красавіка ён быў і Старшынёй Прэзідыума Вярх. Савета СССР). У сак. 1985 Ген. сакратаром ЦККПСС абраны М.С.Гарбачоў. Па яго ініцыятыве КПСС пачала перабудовупарт., сац.-эканам., паліт. і культ. жыцця. XXVII з’езд КПСС (26.2—6.3.1986) прыняў новую рэдакцыю Праграмы партыі — праграму планамернага і ўсебаковага ўдасканалення сацыялізму, у якой замацавана канцэпцыя, што КПСС дзейнічае ў рамках Канстытуцыі СССР. 17.6.1986 пленум ЦК зацвердзіў «Асноўныя палажэнні карэннай перабудовы кіравання эканомікай», якія прадугледжвалі перанясенне цэнтра цяжару з пераважна адміністрацыйных на пераважна эканам. метады кіраўніцтва, шырокую дэмакратызацыю грамадства. На XIX Усесаюзнай канферэнцыі КПСС (28.6—1.7.1988) прынята рашэнне аб раздзяленні функцый паміж партыяй і Саветамі. 29.7.1988 пленум ЦК утварыў камісію на чале з Гарбачовым для падрыхтоўкі прапаноў па рэформе паліт. сістэмы сав. грамадства. 25.5.1989 з’езд нар. дэпутатаў СССР выбраў Ген. сакратара Гарбачова Старшынёй Вярх. Савета СССР, а 15.3.1990 — Прэзідэнтам СССР. 3-і Нечарговы з’езд нар. дэпутатаў СССР (сак. 1990) выключыў з Канстытуцыі СССР артыкулы, якія вызначалі КПСС як ядро паліт. сістэмы СССР. У снеж. 1989 XX з’езд Кампартыі Літвы аб’явіў КПЛ самастойнай паліт. арг-цыяй, у крас. 1990 адбыўся Устаноўчы з’езд Кампартыі РСФСР. XXVIII з’езд КПСС (2—13.7.1990) прыняў пастанову аб падрыхтоўцы новай Праграмы КПСС. 25.7.1991 пленум ЦККПСС зацвердзіў праект новай Праграмы КПСС «Сацыялізм, дэмакратыя, прагрэс» і прыняў рашэнне аб скліканні нечарговага XXIX з’езда партыі. Пасля выступлення 19—21.8.1991 Дзярж.к-та па надзвычайным становішчы Прэзідэнт РСФСР Б.М.Ельцын і Ген. сакратар ЦККПСС Гарбачоў 6.11.1991 выдалі сумесны дакумент аб роспуску КПСС, і яна спыніла існаванне. Перастала існаваць як састаўная частка КПСС і Камуністычная партыя Беларусі. У далейшым у краінах СНД былі створаны камуністычныя партыі, якія лічаць сябе ідэйнымі пераемнікамі КПСС, у ліку іх КПБ, ПКБ, КПРФ, КПУ і інш.
Літ.:
История ВКП(б): Краткий курс [2 изд.]. М., 1945;
Джилас М. Новый класс: Анализ коммунистической системы: Пер. с англ. Нью-Йорк. 1958;
История Коммунистической партии Советского Союза: В 6 т.Т. 1—5. М., 1964—82;
Коммунистическая партия Советского Союза в резолюциях и решениях съездов, конференций и пленумов ЦК. Т. 1—15. 9 изд. М., 1983—89;
Страницы истории КПСС: Факты. Проблемы. Уроки. М., 1988;
Страницы истории КПСС: Факгы. Проблемы. Уроки. М., 1989;
Троцкий Л.Д. К истории русской революции. М., 1990;
Восленский М. Номенклатура: Господствующий класс Советского Союза. М., 1991;
Рассел Б. Практика и теория большевизма: Пер. с англ.М., 1991;
История политических партий России. М., 1994;
Божанов В.А. Восхождение к абсолютной власти (большевики и советское государство в 20-е гг.). Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРЧОВАЯ ПРАМЫСЛОВАСЦЬ
Харчовая прамысловасць Беларусі з’яўляецца шматпрофільнай высокаразвітой галіной, доля якой у агульным аб’ёме прамысл. вытворчасці складае 18,3% (2002). Уключае 478 прадпрыемстваў і вытворчасцей, большасць з якіх уваходзяць у канцэрн «Белдзяржхарчпрам». У дзярж. уласнасці знаходзяцца 26,4% прадпрыемстваў (вырабляюць 29% агульнага аб’ёму прадукцыі), у прыватнай уласнасці — 72% (68,7% агульнага аб’ёму прадукцыі). У галіне 29 прадпрыемстваў-дамінантаў, удзельная вага якіх у агульным аб’ёме вытворчасці дасягае 23,4%. Ступень зносу асн. прамыслова-вытворчых фондаў адна з самых нізкіх у прам-сці Беларусі — 46,8%. Сярэднегадавая колькасць прамыслова-вытворчага персаналу 127 тыс. чалавек. Галіна мае 20 падгалін, іх прадпрыемствы вырабляюць больш за 3000 відаў харч. прадуктаў. У 2002 выраблена прадукцыі на 4571 млрд.руб., рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі адна з найб. высокіх у прам-сці — 5,4%. У 2001 на душу насельніцтва прыпадала (кг): цукру-пяску 65,5; алею 1,8; хлеба і хлебабулачных вырабаў 77,1; кандытарскіх вырабаў 14; макаронных вырабаў 2,1; маргарынавай прадукцыі 1,7; мяса 36,7; каўбасных вырабаў 15,6; мясных паўфабрыкатаў 4,7; масла жывёльнага 6,7; цэльнамалочнай прадукцыі (у пераліку на малако) 96,3; сыроў тлустых 4,8; мукі 71,1; круп 2,7. Вядучая роля ў харч. прамысловасці належыць мясной, малочнай і масласыраробнай, лікёра-гарэлачнай галінам. Такая структура склалася пад уплывам харч. патрэб насельніцтва і дзякуючы наяўнасці значнай сыравіннай базы.
У 2002 доля прадукцыі харч. прамысловасці ў таварнай структуры экспарту Беларусі складала 7,9% (у Расію — 13,8%). У структуры экспарту 53,9% займае цукар, 19,6% — кандытарскія вырабы (лідэры ААТ «Чырвоны харчавік» і «Кандытарская фабрыка «Слодыч»), 9,3% — солад (ААТ «Белсолад»), малочныя кансервы і сухое малако (лідэр ААТ «Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат»), 1,8% — піва. Экспартаваліся малочныя кансервы (57,6 тыс.т, з іх у Расію 47,5 тыс.т; таксама ў Германію, Літву, Польшчу, Таджыкістан), масла сметанковае (29,7 тыс.т, пераважна ў Расію), сыры, тварог (28,3 тыс.т, пераважна ў Расію), цукар (332,1 тыс.т, у Расію), кандытарскія вырабы (25,9 тыс.т, пераважна ў Расію, таксама ў Германію, Латвію), солад (73,1 тыс.т, у Расію), піва (57,3 млн.л, у Расію) і інш.
Імпартаваліся ў 2002 алей сланечнікавы (75,5 тыс.т, Расія, Украіна), цукар (592,4 тыс.т, Бразілія, Куба, Тайланд, Расія), сокі фруктовыя і агароднінныя (47,6 тыс.т, Расія, Малдова, Украіна, Літва), тытунёвыя вырабы (6025,7 млн.шт.) і інш.
Развіццё і размяшчэнне. На Беларусі харч. прамысловасць пачала развівацца ў 1-й пал. 19 ст. У 1830-я г. ўзнікла цукровая прамысловасць. Да 1860-х г. працавалі 33 невял. цукр. з-ды ў панскіх маёнтках, пераважна на поўдні Магілёўскай і Мінскай губ. У 1859—60 яны вырабілі 672,9 т цукру. Развіццё гандлю і земляробства садзейнічала росту перапрацоўчых галін харч. прамысловасці на базе мясц. сыравіны. Пераважалі спіртавыя, гарэлачныя, піваварныя, маслабойныя, крухмала-патачныя, тытунёвыя прадпрыемствы, млыны, крупадзёркі. У канцы 19 ст. ў галіновай структуры харч. прамысловасці адбыліся змены: значна скарацілася мукамольная, заняпала, а пасля перастала існавацьцукр. вытворчасць, не вытрымаўшы канкурэнцыі з украінскай; расла канцэнтрацыя вытворчасці, прадпрыемствы расшыраліся, павялічвалася колькасць рабочых. У пач. 20 ст. ўзніклі манапольныя аб’яднанні: «Заходняе дрожджа-вінакурнай і сельскагаспадарчай прамысловасці акцыянернае таварыства», сіндыкат піваварных заводчыкаў Паўн.-Заходняга краю (у Оршы), акц.т-ва піўзавода «Багемія» (у Мінску, існавала да 1906) і інш. У 1913 на тэр. 5 бел. губерняў было 568 спіртавых, 33 крухмальныя, 19 тытунёва-махорачных прадпрыемстваў.
Харч. прамысловасць давала 35,5% валавой прадукцыі ўсёй цэнзавай прамысловасці Беларусі. Найб. развіты былі спіртавая, гарэлачная, піваварная, дражджавая, а таксама мукамольна-крупяная вытворчасць.
У 1920—30-я г. галіна развівалася больш інтэнсіўна. Пабудаваны малочны з-д (1928) і кандытарская ф-ка «Камунарка» (1931) у Мінску, кандытарская ф-ка «Спартак» (1927) і маргарынавы з-д (1932) у Гомелі, мясакамбінат у Оршы (1930), кандытарская фабрыка ў Бабруйску (1930), макаронная ў Барысаве (1931), малочна-кансервавы камбінату Рагачове (1937). У 1940 харч. прамысловасць вырабляла 27,1% усёй прамысл. прадукцыі рэспублікі і займала 1-е месца сярод інш. галін. Пасля Вял.Айч. вайны галіна адноўлена. Вытворчасць яе прадукцыі ў 1945 перасягнула ўзровень 1913 у 2,6 раза, але гэта склала 18,5% ад узроўню 1940. Пабудаваны буйныя, высокааснашчаныя прадпрыемствы: мяса- і птушкакамбінаты ў Мінску, Брэсце, Магілёве, Бабруйску, Гродне, Оршы, Баранавічах, Полацку, Ваўкавыску, Пінску, Маладзечне, Віцебску; малочнакансервавыя камбінаты ў Лепелі, Ваўкавыску, Глыбокім, Лідзе; сыраробныя з-ды ў Бярозе, Гомелі, Магілёве, Слуцку, Полацку; піўзаводы ў Гомелі і Магілёве; кансервава-агароднінасушыльныя камбінаты ў Быхаве, Ганцавічах; цукр. заводы ў Гарадзеі, Жабінцы, Скідзелі, Слуцку і інш. У 1970—80-я г. пабудаваны мяса- і рыбаперапрацоўчыя комплексы ў Мінску, мясакамбінаты ў Жлобіне, Бярозе, піўзаводы ў Бабруйску і Рэчыцы, малочны завод у Брэсце, сыраробны ў Шуміліне.
На большасці прадпрыемстваў вядзецца планамернае абнаўленне тэхн. абсталявання і рэканструкцыя. У 2002 завершана рэканструкцыя ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», Гродзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман».
Асн. кірункі развіцця харч. прамысловасці: асваенне сучасных тэхналогій (мембранных, ультрагукавых), якія дазваляюць больш поўна выкарыстоўваць сыравіну, паскараць тэхналагічныя працэсы, зніжаць колькасць адходаў і захоўваць у натыўным стане біялагічна актыўныя кампаненты сыравіны; выпуск прадуктаў функцыянальнага харчавання, якія маюць лекава-прафілактычныя якасці (напр., прабіятычныя прадукты), дыетычных (абястлушчаных, з паніжанай колькасцю цукру), з нетрадыцыйнай сыравіны, хуткага прыгатавання, якія захоўваюць якасці і састаў натур. сыравіны.
Тэхнічнае абсталяванне для прадпрыемстваў харч. прамысловасці вырабляюць ААТ «Машхарчпрад» (Мар’іна Горка), «Гандальмаш» (Баранавічы), доследна-мех.з-д «Харчмаш» (Мінск), Эксперым.-канструктарскае бюро машынабудавання (Мінск), Гомельскі «Тэхнапрыбор», закрытае акц.т-ва (ЗАТ) «Атлант» (Мінск), Гродзенскі завод гандлёвага машынабудавання і інш. Выкарыстоўваецца абсталяванне расійскіх прадпрыемстваў: «Малмаш» (Масква), Някрасаўскага машынабудаўнічага з-да, таксама аснашчэнне з Украіны, Германіі, Польшчы, Італіі, Венгрыі і інш.
Развіццю харч. прамысловасці ў краіне садзейнічаюць Магілёўскі ун-т харчавання, які рыхтуе кадры для харч. прамысловасці, бел.н.-д. і канструктарска-тэхналагічныя ін-ты мяса-малочнай прамысловасці, харч. прадуктаў, н.-д. і праектна-тэхналагічны ін-т хлебапрадуктаў, Ін-т рыбнай гаспадаркі, Ін-т «Плодаагароднінапраект», Ін-т «Белдзіпрааграхарчпрам» і інш.
Мясная прамысловасць складае 25,6% у аб’ёме валавой прадукцыі харч. прамысловасці (2002). Галіна ажыццяўляе забой і комплексную перапрацоўку жывёлы і птушкі, вырабляе мяса і субпрадукты, каўбасныя вырабы, мясныя паўфабрыкаты, мясныя і мяса-раслінныя кансервы, жывёльныя тлушчы. Асн. частку прадукцыі даюць (2002) 3 мясакансервавыя (Аршанскі, Баранавіцкі, Бярозаўскі) і 23 мясакамбінаты, з якіх найбуйнейшыя Ашмянскі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Гомельскі, Жлобінскі, Магілёўскі, Мінскі, Слуцкі і інш.
Малочная і масласыраробная вытворчасць дае 22,3% валавой прадукцыі харч. прамысловасці. У 2002 у Беларусі працавала больш за 200 малакаперапрацоўчых заводаў і цэхаў. Большасць прадпрыемстваў шматпрофільныя. Сучасны кірунак развіцця галіны — распрацоўка і выпуск вітамінізаванай і прабіятычнай малочнай прадукцыі, які асвойваецца на найб. буйных прадпрыемствах гэтай галіны — Брэсцкім малочным камбінаце, Бярозаўскім сыраробным камбінаце, ААТ «Гродна Малкамбінат», «Малако ААТ» (Віцебск), ААТ «Беллакт» (Ваўкавыск), Мінскіх гармалзаводах №2 (ААТ «Млітэпс») і №3, ААТ «Кобрынскі масла-сыраробны камбінат» і ААТ «Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат» і інш. Прадукцыя галіны неаднаразова адзначана на міжнар. выстаўках. Назіраецца ўстойлівы рост аб’ёмаў вытворчасці ў малочна-кансервавай падгаліне.
Алейна-тлушчавая прамысловасць вырабляе алеі, маргарыны, маянэзы, гасп. мыла і інш.Асн. прадпрыемствы галіны: Гомельскі тлушчавы камбінат, ААТ «Віцебскі алейнаэкстракцыйны завод», «Бабруйскі завод алеяў», «Мінскі маргарынавы завод» і інш.
Рыбная прамысловасць спецыялізуецца на вырошчванні, здабычы і перапрацоўцы рыбы. Асн. прадукцыя: рыба жывая, ахалоджаная, марожаная, таварная харч. рыбная прадукцыя (філе, вэнджаная і вяленая рыба, балыковыя вырабы, паўфабрыкаты, селядцы, рыбныя прэсервы і кансервы). Уключае 26 рыбных гаспадарак, з іх найб. буйныя «Любань» Любанскага, «Белае» Жыткавіцкага, «Сялец» Бярэзінскага, «Чырвоная Слабада» Салігорскага р-наў. Перапрацоўкай марской рыбы і морапрадуктаў займаюцца больш за 15 прадпрыемстваў, з іх найб. буйныя сумесныя прадпрыемствы «Санта-Імпэкс Брэст», «Санта-Брэмар» (Брэст), ААТ «Рыбакомплекс» (Мінск).
Мукамольна-крупяная прамысловасць спецыялізуецца на перапрацоўцы збожжа на муку і крупы. Дзейнічае каля 2000 прадпрыемстваў і вытворчасцей. Найб. буйныя прадпрыемствы: ААТ «Брэстхлебпрадукт», «Мінскі камбінат хлебапрадуктаў», «Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў» і інш.
Дражджавая прамысловасць прадстаўлена ААТ «Дражджавы камбінат» (Мінск), які вырабляе хлебапякарныя прасаваныя і высушаныя дрожджы — 50 т за суткі, 18 тыс.т штогод. Прадукцыя прадпрыемства поўнасцю задавальняе патрэбы хлебапякарных прадпрыемстваў і рознічнага гандлю краіны, 15% аб’ёму прадукцыі экспартуецца. Галіна характарызуецца ўстойлівым ростам аб’ёмаў вытворчасці.
Хлебапякарная прамысловасць уключае больш за 160 прадпрыемстваў, раўнамерна размеркаваных па тэр. краіны; найб. у Мінску (6 хлебазаводаў і «Аўтамат») і абл. цэнтрах. Прадпрыемствы аб’яднаны ў вытворчыя аб’яднанні Мінскхлебпрам, 6 абласных і Барысаўхлебпрам. Вырабляецца больш за 200 найменняў хлеба (жытняга, пшанічнага, жытне-пшанічнага, палепшанага, заварнога, фармавога, подавага), батоны. сушкі, сухары, абаранкі, караваі, кандытарскія вырабы і інш. Сучасны кірунак развіцця галіны — выпуск дыетычнай і лекава-прафілактычнай прадукцыі (бессалявы, бялковы, бездражджавы, вітамінізаваны, вотруб’евы і інш. хлеб).
Цукровая прамысловасць вырабляе цукар-пясок, цукар-рафінад, лімонную кіслату, цукр. сіроп. Працуюць 4 прадпрыемствы агульнай уліковай вытворчай магутнасцю перапрацоўкі цукр. буракоў 15,5 тыс.т за суткі і 3 тыс.т цукру-сырцу: ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», «Жабінкаўскі цукровы завод», «Скідзельскі цукровы камбінат», «Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат», якія ўваходзяць у асацыяцыю «Беларускі цукар». Па ўзроўні выпуску цукру Беларусь займае 3-е месца сярод краін СНД (пасля Украіны і Расіі). Паводле тэхн. аснашчэння бел. прадпрыемствы ўваходзяць у лік перадавых прадпрыемстваў краін Усх. і Цэнтр. Еўропы. Выхад цукру пры перапрацоўцы цукр. буракоў склаў 12,74% (на Скідзельскім камбінаце 13,64%) — найб. высокі паказчык сярод краін СНД.
Кандытарская прамысловасць у структуры выпуску таварнай прадукцыі канцэрна «Белдзяржпрам» займае 17,1% (2002). Вырабляе цукеркі, шакалад, дражэ, ірыс, карамель, халву, тарты, пячэнне і інш., больш за 500 найменняў. Вядучыя прадпрыемствы — сумеснае прадпрыемства ААТ «Спартак» і ААТ «Камунарка». Станоўчая дынаміка па аб’ёме вытворчасці назіраецца ў ААТ «Чырвоны харчавік» (Бабруйск, тэмп 107,5%), ААТ «Конфа» (Маладзечна, тэмп 106,4%), ААТ «Чырвоны мазыранін» (Нароўля, тэмп 105,4%).
Вінаробная прамысловасць вырабляе віны вінаградныя з прывазной і пладова-ягадныя з мясц. сыравіны. Найб. прадпрыемствы: ЗАТ «Мінскі завод вінаградных він» (гандлёвая марка «Амбасадор», каля 40 найменняў ад сухіх да дэсертных натуральных вінаградных він), Мінскі завод ігрыстых пеністых* він, Гомельскі вінаробчы завод і інш.
Лікёра-гарэлачная прамысловасць вырабляе розныя віды гарэлкі, лікёры, наліўкі, настойкі, аперытывы, бальзамы і інш. Уключае больш за 70 прадпрыемстваў, у т. л. РУП «Мінск Крышталь», Брэсцкі «Белалка» (адзіны экспарцёр у галіне), Віцебскі, Гродзенскі, Гомельскі, Клімавіцкі лікёра-гарэлачныя заводы. Выпуск лікёра-гарэлачных вырабаў наладжаны таксама на шматлікіх вінзаводах (Слонім, Гомель, Пружаны і інш.). Прадпрыемствы неаднаразова ўдзельнічалі ў шматлікіх міжнар. выстаўках, дзе атрымлівалі ўзнагароды «За лепшую якасць прадукцыі».
Півабезалкагольная прамысловасць вырабляе піва, газіраваныя салодкія напіткі, мінеральную і пітную ваду, сокі. Піва вырабляюць 16 прадпрыемстваў, сярод іх найб. ААТ «Аліварыя», «Крыніца», «Лідскае піва», «Рэчыцапіва». Асн. вытворцы безалкагольнай прадукцыі: ААТ «Акватрайпл», «Дарыда», харч. камбінат Белкаапсаюза (усе Мінск), «Вяйнянская крыніца» (Магілёўскі р-н). У 2002 выраблена мінер. вады 378,5 млн. паўлітраў, безалкагольных напіткаў — 23,4 млн. дэкалітраў.
Соладавая прамысловасць вырабляе солад піваварны. Асн. прадпрыемства ААТ «Белсолад» (Іванава) 99% прадукцыі якога экспартуецца ў Расію. Вырабляюць солад таксама на ААТ «Дражджавы камбінат» (Мінск), «Крыніца», «Маладзечнапіва», Аршанскім, Слуцкім і Полацкім піўзаводах. У 2002 выпушчана 72 тыс.т соладу, з іх 62,7 тыс.т — на прадпрыемстве «Белсолад».
Харчоваканцэнтратная прамысловасць вырабляе сумесі з высушаных раслінных і жывёльных прадуктаў для хуткага прыгатавання гатовых страў. Уключае каля 25 прадпрыемстваў, найб. буйное — ААТ «Лідскія харчовыя канцэнтраты», створанае ў 1997 на аснове Лідскага з-да харч. канцэнтратаў, Навагрудскага і Радунскага агароднінасушыльных заводаў.
Плодаагароднінная прамысловасць ажыццяўляе перапрацоўку агародніны, садавіны, ягад, вырабляе плодаагароднінныя кансервы, сушаную агародніну і садавіну, замарожаныя прадукты, сокі, пладова-ягадныя экстракты і інш. (больш за 300 найменняў). Працуюць каля 260 прадпрыемстваў і вытворчасцей. Найб. з прадпрыемстваў: Быхаўскі і Маларыцкі кансервава-агароднінасушыльныя заводы, кансервавыя заводы ў Клецку, Кобрыне, Пінску, Слуцку, Красным (Маладзечанскі р-н). Перспектыўная галіна, але недастаткова развітая з-за нізкай тэхн. аснашчанасці прадпрыемстваў, адсутнасці сфарміраваных сыравінных зон, недахопу сховішчаў. Укараняюцца ў вытворчасць кансервы з нетрадыцыйнай сыравіны — дзікарослай, тапінамбуру, агароднінных кансерваў з дабаўленнем марской капусты. Частка прадукцыі экспартуецца (лідэры — Маларыцкі і Клецкі заводы).
Тытунёвая прамысловасць вырабляе папяросы і цыгарэты з прывазной сыравіны. Асн. прадпрыемства — Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», якая выпускае 23 найменні тытунёвых вырабаў, у т. л. цыгарэты з падоўжаным фільтрам «Прэм’ер класічныя», «Магнат класічныя», «Мінск», «Арбіта-люкс», «Белая Русь»; з паніжанай колькасцю нікаціну і смол «Прэм’ер лёгкія», «Магнат лёгкія», «ГТФ лёгкія» і інш. Больш за 18 найменняў тытунёвых вырабаў выпускае бел.-амерыканскае СП «Тытунь-інвест» (Мінск).
Салявая прамысловасць. Асн. вытворца ААТ «Мазырсоль» — буйнейшае і высокатэхналагічнае прадпрыемства па вытворчасці харч. вакуум-выварачнай солі экстра на тэр. СНД. Прадпрыемства на аснове базавага сорту солі «Экстра» вырабляе соль з мікрадабаўкамі ёду і фтору, таксама соль прафілактычную (з памяншэннем на 30% колькасці натрыю і ўвядзеннем у састаў солі іонаў калію і магнію), за што неаднаразова адзначалася ўзнагародамі на міжнар. конкурсах і выстаўках. Асноўныя паказчыкі па вытворчасці прадукцыі харч. прамысловасці (па гадах) прыведзены ў табл. 1.
Табліца 1 Вытворчасць асноўных відаў прадукцыі харчовай прамысловасці
Вытворчасць прадукцыі
1990
1995
1998
1999
2000
2001
2002
2003
Каўбасныя вырабы, тыс.т
216,6
141,3
163,8
150,0
150,8
156,0
167,4
195,9
Масла, тыс.т
159,1
65,1
74,2
62,6
65,1
66,7
65,1
64,3
Цэльнамалочная прадукцыя (у пераліку на малако), тыс.т
1776
801
952
1032
954
960
907
929
Тлустыя сыры, тыс.т
65,0
24,7
43,3
40,5
41,0
48,1
45,2
52,5
Рыбная прадукцыя (без кансерваў), тыс.т
45,8
13,2
20,0
21,4
23,0
28,5
16,3
22,4
Алей, тыс.т
26,4
6,7
11,3
15,8
16,9
17,9
20,5
17,0
Кансервы, млн. умоўных слоікаў
788,7
310,0
413,3
433,7
442,2
428,9
458,5
422,7
з іх:
мясныя і мясараслінныя
97,0
30,7
63,7
58,7
42,7
32,5
38,3
33,0
рыбныя
5,4
3,5
9,5
9,1
9,1
31,6
54,7
57,4
малочныя
168,3
75,4
115,1
94,3
94,1
101,3
89,0
115,7
агароднінныя
143,9
67,8
62,3
86,1
59,6
53,2
59,4
71,1
фруктовыя
301,2
72,4
94,2
104,1
131,2
142,0
135,7
108,6
натуральныя сокі
180,2
43,0
63,6
64,6
79,6
91,2
85,9
63,7
Цукар-пясок, тыс.т
347,1
140,1
476,3
500,9
565,0
654,4
666,1
710,6
Хлеб і хлебабулачныя вырабы, тыс.т
1583
1037
949
967
866
769
707
689,1
Мука, млн.т
3,1
1,4
1,2
1,1
0,9
0,7
0,6
0,7
Крупы, тыс.т
229,3
72,6
83,8
60,0
37,9
27,2
23,2
28,3
Кандытарскія вырабы, тыс.т
173,4
72,6
142,2
150,2
149,0
139,8
136,3
132,8
Макаронныя вырабы, тыс.т
60,2
36,4
52,8
49,9
38,3
20,8
20,3
17,8
Гарэлка і лікёра-гарэлачныя вырабы, млн. дал
8,8
14,8
13,5
13,3
10,8
10,0
9,5
8,2
Вінаграднае віно, млн. дал
6,6
0,3
1,1
0,9
0,7
0,9
1,5
1,1
Пладова-ягаднае віно, млн. дал
0,1
5,1
18,2
22,3
23,7
23,2
27,4
27,6
Піва, млн. дал
32,8
15,2
26,0
27,3
23,7
21,7
20,3
20,6
Папяросы і цыгарэты, млрд.шт.
16,4
6,2
7,3
9,3
10,4
11,2
10,5
10,5
Лінія па вытворчасці вараных каўбас Бярозаўскага мясакансервавага камбіната. 2004.Бярозаўскі сыраробны камбінат (2004): 1 — лінія па разліве кісламалочных напіткаў; 2 — камера выспявання цвёрдых сычужных сыроў.Гарадзейскі цукровы камбінат. 2004.Хлебазавод №6 Мінскхлебпрама (2004): 1 — лінія па вырабе батонаў; 2 — лінія па вырабе і фасаванні аўсянага пячэння.
На 1.1.2004 у Рэспубліцы Беларусь 6 абласцей (Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) і сталічны г. Мінск, 118 сельскіх і 24 гар. раёны (на раёны падзяляюцца ўсе абласныя цэнтры і г. Бабруйск), 109 гарадоў абласнога і раённага падпарадкавання, 101 пасёлак гар. тыпу, 1439 сельскіх Саветаў. Адм.-тэр. падзел замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.
У 6—8 ст. на Беларусі існавалі тэр.паліт. аб’яднанні — племянныя саюзы («княжанні») крывічоў (палачан), дрыгавічоў і радзімічаў. У 9—10 ст. яны ўвайшлі ў стараж.-рус. дзяржаву — Кіеўскую Русь. Першыя звесткі пра падзел тэр. сучаснай Беларусі на адм.-тэр. адзінкі адносяцца да 11—12 ст.Асн. адзінкамі кіравання былі княжацкія вотчыны, якія складаліся з адзінак ніжэйшага ўзроўню — валасцей. Буйныя вотчыны, што знаходзіліся ў калектыўным валоданні і кіраванні асобных галін роду Рурыкавічаў, звычайна называліся землямі. Адна ці некалькі валасцей, часова вызначаных у кіраванне прадстаўніку княжацкай сям’і, утваралі ўдзел або ўдзельнае княства. У залежнасці ад колькасці князёў колькасць і склад удзелаў мяняліся. Ад Кіеўскай Русі першай у пач. 11 ст. адасобілася Полацкае княства — вотчына нашчадкаў Ізяслава Уладзіміравіча (7—1001). У 2-й пал. 11 — пач. 12 ст. з яе вылучыліся Віцебскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Лагожскае, Менскае і, магчыма, інш. ўдзельныя княствы. Па меры разрастання роду полацкіх князёў некат. з удзелаў (Менскі, Друцкі, Віцебскі) ператварыліся ў самастойныя вотчыны. Рэшту тэр. Беларусі ахоплівалі Кіеўская, Смаленская і Чарнігаўская землі, замацаваныя на Любецкім княжацкім сойме 1097 за рознымі галінамі нашчадкаў Яраслава Мудрага. Са складу Кіеўскай зямлі адасобіліся Гарадзенскае княства (вотчына памерлага ў 1141 Усевалада Давыдавіча, потым яго сыноў), воласць «Дрыгавічы» з гарадамі Клецк і Слуцк (у 1140-я г. адышла да чарнігаўскіх князёў, далейшы лёс яе не прасочваецца), Тураўскае княства (у 1150-я г. стала вотчынай Юрыя Яраславіча, пазней як удзелы вядомы Пінск, Дубровіца і інш.). Да Валынскай зямлі, канчаткова вылучанай з Кіеўскай як вотчына Ізяслава Мсціславіча (памёр у 1154), адносілася паўд.-зах. частка Беларусі з Берасцем і Кобрынам. Да 2-й пал. 12 ст. ў складзе ўласна Кіеўскай зямлі засталіся бел. гарады Мазыр і Брагін. Да Смаленскай зямлі належала ўсх. частка Беларусі з Мсціславам і Крычавам, да Чарнігаўскай — паўд.-ўсх. частка з Гомелем і Рэчыцай. Некат. з гэтых гарадоў эпізадычна станавіліся цэнтрамі ўдзелаў. Воласці, не вылучаныя ва ўдзел, кіраваліся баярамі-намеснікамі.
У 2-й пал. 13—1-й пал. 14 ст.тэр. Беларусі ўвайшла ў Вялікае княства Літоўскае (ВКЛ). Большасць стараж. валасцей захаваліся як адм. адзінкі і былі часткова пераразмеркаваны ва ўдзелы Гедзімінавічаў (Гродзенскае, Віцебскае, Заслаўскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Пінскае, Полацкае, Слуцкае княствы) ці вотчыны мясц. княжацкіх дынастый (Гарадзецкае, Друцкае, Лукомскае); некат. значныя воласці (Берасцейская, Барысаўская, Ваўкавыская, Лагойская, Менская, Слонімская і інш.) кіраваліся намеснікамі вял. князя ВКЛ. У выніку падзелу ў 1345 ВКЛ паміж Альгердам і Кейстутам на Віленскую і Троцкую паловы (пад адной вярх. уладай) Альгерду, а потым яго нашчадкам падпарадкоўваліся Вільня, Віцебск, Лагойск, Менск, Полацк, Слуцк, пазней Кобрын і Мсціслаў. У Троцкую палову Кейстута і яго нашчадкаў увайшлі Берасце, Ваўкавыск, Гародня, Камянец, Новагародак, Слонім. Былое Свіслацкае княства з Бабруйскай і Любашанскай валасцямі было падзелена паміж Віленскай і Троцкай паловамі. У канцы 14 — пач. 15 ст.вял.кн. Вітаўт скасаваў удзелы ў Віцебску, Кіеве, Новагародку, Полацку і замяніў мясц. князёў сваімі намеснікамі. Віцебская, Кіеўская і Полацкая землі атрымалі адм.-тэр. і судовую аўтаномію, якая праіснавала да сярэдзіны 16 ст. (Кіеўскае княства было часова адноўлена з 1440 да 1470).
У 15—1-й пал. 16 ст.тэр. Беларусі падзялялася на судова-адм. акругі (княствы і намесніцтвы), межы якіх не былі вызначаны заканадаўча, а існавалі як гістарычна склаліся ў мінулым. Усяго было каля 20 княстваў і намесніцтваў, якія з’яўляліся асн.адм.-тэр. адзінкамі. Яны падзяляліся на больш дробныя воласці, што паступова распадаліся ў працэсе падаравання зямель феадалам, Пад уплывам Польшчы на працягу 15 ст. намесніцтвы пачалі называцца паветамі, не раздадзеныя ў прыватную ўласнасць воласці — староствамі ці дзяржавамі. Акрамя таго, захоўваўся традыцыйны падзел ВКЛ на Віленскую і Троцкую часткі (з 1413 сталі называцца ваяводствамі). У ваен. і часткова падатковых адносінах Гарадзецкае (Давыд-Гарадоцкае), Клецкае, Кобрынскае, Пінскае княствы, Берасцейскае, Ваўкавыскае, Гарадзенскае, Камянецкае, Новагародскае, Слонімскае намесніцтвы падпарадкоўваліся намесніку (з 1413 ваяводу) троцкаму; Друцкае, Мсціслаўскае, Слуцкае княствы, Ашмянскае, Крэўскае, Лагойскае, Лідскае намесніцтвы — ваяводу віленскаму. Полацкая зямля з Лукомскім княствам, Віцебская з Аболецкім, Аршанскім і, магчыма, Магілёўскім намесніцтвамі, Кіеўская з Мазырскім намесніцтвам утваралі асобныя ваен. і судовыя акругі. З 2-й пал. 15 ст. Азярышчанская і Усвяцкая воласці Віцебскай зямлі, шэраг т. зв. «рускіх» валасцей у Падняпроўі кіраваліся намеснікамі вял. князя, а Абольцы, Заслаўе, Лагойск да пач. 16 ст. фактычна страцілі статус намесніцтваў і ператварыліся ў прыватнаўласніцкія або дзярж. маёнткі. Адметнай рысай Друцкага і Лукомскага княстваў было тое, што яны належалі моцна разгалінаваным княжацкім родам як сумеснае іх уладанне. Пасля згасання мясц. дынастый у Гарадзецкім (Давыд-Гарадоцкім), Клецкім, Кобрынскім, Пінскім княствах яны былі падараваны ў 1521—24 каралеве Боне, што фактычна ператварыла іх у адзіную адм. акругу. Пасля адыходу ў 1500 Чарнігаўскага ўдзельнага княства да Расіі ў ВКЛ застаўся Рэчыцкі павет, далучаны да Віленскага ваяводства. Любецкая і Гомельская вол., вернутыя ВКЛ у 1508 і 1537, далучаны адпаведна да Кіеўскага і Віленскага ваяв. У 1529 намесніцтвам стала Мсціслаўскае княства. У 1504 статус ваяводства атрымала Полацкае намесніцтва, у 1507 — Новагародскае, у 1508 — Віцебскае.
У выніку адм. рэформы ВКЛ 1565—66 колькасць ваяводстваў была павялічана, а паветаў паменшана. Межы многіх з іх значна змяніліся. Быў канчаткова скасаваны асобы статус княстваў. Друцкае і Лукомскае княствы ўліліся ў Аршанскі павет, Слуцкае — у Новагародскі (фактычна яно працягвала існаваць у складзе Новагародскага пав. як суцэльная феад. вотчына). Паводле гэтай рэформы тэр. Беларусі была падзе-, лена на ваяводствы: Берасцейскае (Берасцейскі і Пінскі пав.), Віленскае (Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі і Лідскі пав.), Віцебскае (Аршанскі і Віцебскі пав.), Менскае (Менскі, Рэчыцкі, з 1569 і Мазырскі пав.), Мсціслаўскае (без паветаў), Новагародскае (Ваўкавыскі, Новагародскі і Слонімскі пав.), Полацкае (без паветаў) і Троцкае (Гарадзенскі пав.). Падзел ВКЛ на паветы (16 з іх на тэр. Беларусі) быў замацаваны Статутам ВКЛ 1588 і захаваўся да канца 18 ст.Паўд.-ўсх. ўскраек сучаснай тэр. Беларусі з Брагінам і Хойнікамі пасля 1569 застаўся ў Кіеўскім ваяводстве Польскага Каралеўства. У 1618—54 да ВКЛ адносілася Смаленскае ваяв. са Старадубскім пав., да якога з 1646 належала Лоеўскае староства на тэр. Беларусі (з 1667 гэта староства — у складзе Рэчыцкага пав.).
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) усх. частка Беларусі далучана да Рас. імперыі і ўключана ў Магілёўскую і Пскоўскую губерні, якія падзяляліся на правінцыі: Аршанскую, Віцебскую, Магілёўскую, Полацкую і Рагачоўскую. 22.7.1773 быў абвешчаны падзел правінцый на паветы (рус. — уезды), але без вызначэння іх межаў. У 1777 Магілёўская губ. была нанова падзелена на 12 паветаў: Аршанскі, Бабінавіцкі, Беліцкі, Клімавіцкі, Копыскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Рагачоўскі, Сенненскі, Старабыхаўскі, Чавускі і Чэрыкаўскі. З Пскоўскай губ. вылучана Полацкая губ., у якую ўвайшлі бел. паветы: Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Полацкі, Суражскі. У 1778—96 Магілёўская і Полацкая губ. называліся намесніцтвамі. На тэр. Беларусі, што засталася ў складзе Рэчы Паспалітай, паводле Канстытуцыі 1791 былі ўтвораны новыя паветы: Завілейскі (цэнтр Паставы), Эйшышкскі, Слуцкі (Случарэцкі), Кобрынскі, Запінскі (цэнтр Столін). Скасаванне гэтай канстытуцыі прывяло і да скасавання новаўтвораных паветаў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у склад Расіі ўключана цэнтр. частка Беларусі. З яе была ўтворана Мінская губ. (у 1795—96 намесніцтва), у якую ўвайшлі 13 паветаў: Бабруйскі, Барысаўскі, Вілейскі, Давыд-Гарадоцкі, Дзісенскі, Докшыцкі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі, Нясвіжскі, Пастаўскі, Пінскі, Слуцкі. Паўд. частка б. Полацкага ваяв. далучана да Полацкай губ. (намесніцтва) як Лепельскі пав. Невял. тэрыторыі, што прылягалі да мяжы падзелу 1772, былі далучаны да Полацкага, Сенненскага, Копыскага, Магілёўскага, Старабыхаўскага і Рагачоўскага пав. Частка паўд.-ўсх. тэрыторыі была ўключана ў Чарнігаўскую губ., дзе ў кастр. 1796 адноўлены Рэчыцкі пав. На тэр. Рэчы Паспалітай Гродзенскі пав. быў пераўтвораны ў Гродзенскае ваяводства. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у склад Рас. імперыі ўключана зах. частка Беларусі, на якой утвораны Віленская і Слонімская губ. Слонімская губ. мела 8 паветаў: Брэсцкі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Кобрынскі, Лідскі, Навагрудскі, Пружанскі і Слонімскі. У Віленскую губ. ўвайшлі 3 бел. паветы: Ашмянскі, Браслаўскі і Завілейскі; частку сучаснай Беларусі ахопліваў і Віленскі пав. 12.12.1796 Слонімская і Віленская губ. аб’яднаны ў Літоўскую губерню з цэнтрам у Вільні, Рэчыцкі пав. перададзены з Чарнігаўскай у Маларасійскую губ., Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы аб’яднаны ў Беларускую губерню (цэнтр Віцебск); з 24 паветаў скасавана 7. У Менскай губ. скасаваны Давыд-Гарадоцкі, Докшыцкі, Нясвіжскі і Пастаўскі пав.; у жн. 1797 далучаны Рэчыцкі пав.
У выніку ўдасканалення адм.-тэр. падзелу 9.9.1801 на тэр. Беларусі існавала 5 губерняў: Магілёўская [уключала 12 паветаў: Аршанскі, Бабінавіцкі (скасаваны ў 1840), Беліцкі (з 1852 Гомельскі), Копыскі (да 1861), Клімавіцкі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Рагачоўскі, Сенненскі, Старабыхаўскі (з 1852 Быхаўскі), Чавускі, Чэрыкаўскі]; Віцебская (12 паветаў, з іх бел. Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Лепельскі, Полацкі і Суражскі); Мінская (10 паветаў: Бабруйскі, Барысаўскі, Вілейскі, Дзісенскі, Ігуменскі, Мазырскі, Менскі, Пінскі, Рэчыцкі, Слуцкі); Гродзенская (8 паветаў: Брэсцкі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Кобрынскі, Лідскі, Навагрудскі, Пружанскі, Слонімскі); Віленская [11 паветаў, з іх бел. Ашмянскі, Браслаўскі (цэнтр — г. Відзы, у 1834 пераўтвораны ў Новааляксандраўскі) і Завілейскі (з 1842 Свянцянскі)]. 18.12.1842 некат паветы пераразмеркаваны: у Віленскую губ. перададзены Вілейскі, Дзісенскі і Лідскі пав., у Мінскую — Навагрудскі пав., у Гродзенскую — Беластоцкая вобласць (Беластоцкі, Бельскі і Сакольскі пав.), у Ковенскую губ. — Новааляксандраўскі пав. З 1861 паветы падзяляліся на воласці; у Магілёўскай губ. з частак Аршанскага і скасаванага Копыскага ўтвораны Горацкі пав. У 1866 скасаваны Суражскі пав. Віцебскай губ., пасля чаго колькасць паветаў не мянялася да 1919. У 19 ст. на тэр. Беларусі ўтвараліся надзвычайныя адм.-тэр. адзінкі — генерал-губернатарствы.
У ліст. 1917 Віцебская. Магілёўская і неакупіраваныя герм. войскамі паветы Менскай і Віленскай губ. аб’яднаны ў Заходнюю вобласць з цэнтрам у Мінску. У сувязі з новым герм. наступленнем у лют. 1918 цэнтр Заходняй вобласці перанесены ў Смаленск, у яе склад уключаны Смаленская губ. і неакупіраваная частка Беларусі на У ад р. Дняпро. У вер. 1918 Заходняя вобласць перайменавана ў Заходнюю камуну. У занятым немцамі Мінску 25.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), у склад якой павінны былі ўвайсці б. Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. і бел. паветы Віленскай, Віцебскай, Смаленскай, Чарнігаўскай губ. Фактычна ўлада належала герм. адміністрацыі, якая не прызнала БНР. Уся паўд. частка Беларусі (да Палескай чыгункі) была перададзена ў склад прызнанай немцамі Укр.Нар. Рэспублікі.
Пасля аднаўлення сав. улады на большай частцы Беларусі 1.1.1919 у Смаленску абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР) у межах, якія амаль супадалі з пракламаванымі межамі БНР. Аднак ва ўмовах польскага наступлення ў лют. 1919 Віцебская, Магілёўская і зах. паветы Смаленскай губ. ўключаны ў склад РСФСР, астатняя частка БССР, не занятая палякамі, — у склад Літоўска-Беларускай ССР, якая пасля ўступлення польскіх войск у Менск у жн. 1919 фактычна спыніла існаванне. У РСФСР у крас. 1919 Магілёўская губ. пераўтворана ў Гомельскую губ. (у яе ўключаны і Рэчыцкі пав. Мінскай губ.); Сенненскі (з крас. 1919) і Аршанскі (з ліст. 1920) пав. далучаны да Віцебскай губ.; Мсціслаўскі (з крас. 1919) — да Смаленскай губ. На тэрыторыі, занятай палякамі, 12.5.1919 было ўтворана Грамадзянскае кіраванне крэсаў усходніх. Замест губерняў былі створаны акругі. У Брэсцкую акр. ўвайшлі 6 бел. паветаў (Брэст-Літоўскі, Ваўкавыскі, Кобрынскі, Пінскі, Пружанскі і Слонімскі), у Віленскую — 6 (Ашмянскі, Вілейскі, Гродзенскі, Лідскі, Навагрудскі, Свянцянскі). У лют. 1919 з часткі Навагрудскага і Слуцкага пав. утвораны Баранавіцкі пав. Па меры прасоўвання польскіх войск была дадаткова створана Мінская акр. У кастр. 1919 у Віленскую акр. ўвайшлі Браслаўскі і Дзісенскі (цэнтр — г. Глыбокае) пав., у Брэсцкую — Мазырскі пав. (цэнтр — г. Жыткавічы). У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі 31.7.1920 БССР была адноўлена ў складзе Менскай (без Рэчыцкага пав.) і часткі бел. паветаў Гродзенскай і Віленскай губ. Сталіцай БССР стаў Менск (з 1939 Мінск). Паводле сав.-літ. дагавора ад 12.7.1920 Ашмянскі, Лідскі, большасць Гродзенскага, бел. часткі Новааляксандраўскага і Свянцянскага пав. адышлі да Літвы.
У выніку паўторнага польскага наступлення ў кастр.—снеж. 1920 была занята зах. частка Беларусі, а ў Віленскім краі створана падкантрольная Польшчы т.зв. Сярэдняя Літва. На занятых палякамі землях быў уведзены новы павятовы падзел, 4.2.1921 утвораны Навагрудскае і Палескае ваяв.
Паводле Рыжскага мірнага дагавора ад 18.3.1921 Заходняя Беларусь засталася ў складзе Польшчы. Там існавалі ваяводствы: Беластоцкае [уключала бел. паветы Ваўкавыскі, Гродзенскі, часткова Аўгустоўскі, Белавежскі (у 1922 далучаны да Бельскага) і Саколкаўскі]; Навагрудскае (Баранавіцкі, Валожынскі, Лідскі, Навагрудскі, Нясвіжскі, Слонімскі, Стаўбцоўскі пав.); Палескае (Брэст-Літоўскі, Драгічынскі, Кобрынскі, Косаўскі, Лунінецкі, Пінскі, Пружанскі пав.). У лют. 1922 да Польшчы была далучана Віленская акруга, у склад якой уваходзілі бел. паветы: Ашмянскі, Браслаўскі, Дзісенскі, Дунілавіцкі, Вілейскі, часткова Свянцянскі і Віленска-Троцкі. У 1925 акруга пераўтворана ў Віленскае ваяв., пры гэтым Дунілавіцкі пав. перайменаваны ў Пастаўскі, з часткі Вілейскага ўтвораны Маладзечанскі пав. У крас. 1929 з часткі Лідскага і Гродзенскага пав. створаны Шчучынскі пав. і ўключаны ў Навагрудскае ваяв. Паветы падзяляліся на гміны. Многія гміны ў 1920-я г. перадаваліся з павета ў павет, з 1930 межы паветаў заставаліся нязменнымі.
У складзе БССР засталіся 6 паветаў б. Мінскай губ.: Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі (з 1923 Чэрвеньскі), Мазырскі, Менскі і Слуцкі. У такіх межах 30.12.1922 БССР увайшла ў склад Саюза ССР. У Віцебскай губ. ў лют. 1923 скасаваны Гарадоцкі, Дрысенскі і Сенненскі пав., з Лепельскага і часткі Сенненскага ўтвораны Бачэйкаўскі пав. У Гомельскай губ. ў маі 1922 скасаваны Чавускі, у лют. 1923 — Быхаўскі пав., у ліп. 1922 большая частка Горацкага пав. перададзена Смаленскай губ., у снеж. 1923 Клімавіцкі і Чэрыкаўскі пав. аб’яднаны ў Калінінскі пав. з цэнтрам у г. Клімавічы. У сак. 1924 у выніку 1-га ўзбуйнення БССР у склад рэспублікі вернуты некат. паветы Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губ., у якіх пераважала бел. насельніцтва (у новых межах): Аршанскі, Віцебскі, Горацкі, Калінінскі, Бачэйкаўскі, Магілёўскі, Полацкі, каля палавіны Мсціслаўскага і 7 валасцей Рэчыцкага. Віцебская губ. была скасавана.
17.7.1924 на тэр. Беларусі скасаваны стары і прыняты новы адм.-тэр. падзел — акругі, раёны і сельсаветы, склад якіх зацверджаны ЦВК і СНКБССР 2.1.1925. Утворана 10 акруг — Аршанская, Бабруйская, Барысаўская, Віцебская, Калінінская, Магілёўская, Мазырская, Менская, Полацкая і Слуцкая, якія аб’ядноўвалі 100 раёнаў і 1202 сельсаветы. У снеж. 1926 у выніку 2-га ўзбуйнення БССР у склад рэспублікі вернуты Гомельскі пав. і рэшта Рэчыцкага. 8.12.1926 яны перайменаваны ў акругі, а 18 валасцей гэтых паветаў — у раёны. Гомельская губ. была скасавана. 9.6.1927 скасаваны Барысаўская, Калінінская, Рэчыцкая і Слуцкая акр., іх раёны размеркаваны па суседніх акругах. 26.7.1930 скасаваны апошнія 8 акруг, на тэр. Беларусі застаўся толькі раённы падзел. Колькасць раёнаў у БССР мянялася: 4.8.1927 скасаваны 16 раёнаў, 8.7.1931 — яшчэ 23 раёны. 15.2.1935 адноўлены 15 раёнаў. 21.6.1935 раёны БССР, размешчаныя ўздоўж дзярж. граніцы з Польшчай, былі аб’яднаны ў 4 акругі: Лепельскую (4 раёны), Мазырскую (9 раёнаў), Полацкую (5 раёнаў) і Слуцкую (6 раёнаў).
15.1.1938 у БССР уведзены абласны падзел. 20.2.1938 усе 90 раёнаў рэспублікі, якія існавалі на той час, былі размеркаваны паміж 5 абласцямі: у Віцебскую вобл. уключана 20 раёнаў, Гомельскую — 14, Магілёўскую — 21, Менскую — 20, Палескую — 15 раёнаў. Акругі як адм. адзінкі былі скасаваны. Пастановай урада 27.9.1938 гарады ў рэспубліцы падзелены на гарады абласнога (11) і раённага (14) падпарадкавання. Акрамя таго, замест б. мястэчак былі ўзаконены 52 гар. і 14 рабочых пасёлкаў. Астатнія паселішчы (вёскі і б. мястэчкі) лічыліся сельскімі. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР (ліст. 1939) на гэтай тэрыторыі ўтворана 5 абласцей і 101 раён: Баранавіцкая вобл. — 26 раёнаў, Беластоцкая — 24, Брэсцкая — 18, Вілейская — 22 і Пінская — 11 раёнаў. Віленскі край з г. Вільня ў кастр. 1939 перададзены Літве. У ліст. 1940 у сувязі з перадачай у склад Літ. ССР тэрыторыі з большасцю літ. насельніцтва 3 раёны Беларусі скасаваны (Гадуцішкаўскі, Парэцкі, Свянцянскі).
У час ням.-фаш. акупацыі 1941—44 зах. частка Беларусі (акруга Беласток) далучана да Усх. Прусіі, паўд. раёны — да рэйхскамісарыята «Украіна»; усх. частка ўваходзіла ў зону армейскага тылу. Астатнія тэр. Беларусі (каля 1/3) утварылі генеральную акругу Беларусь (з цэнтрам у Мінску) у складзе рэйхскамісарыята «Остланд».
Пасля вызвалення Беларусі ў вер. 1944 17 раёнаў Беластоцкай і 3 раёны Брэсцкай абласцей перададзены ў склад Польшчы, Беластоцкая вобл. скасавана. 20.9.1944 у БССР утвораны 3 новыя вобласці: Бабруйская, Гродзенская і Полацкая; Вілейская вобл. перайменавана ў Маладзечанскую. 8.1.1954 скасаваны Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская, Пінская, Полацкая, 20.1.1960 — Маладзечанская вобл. На працягу 1956—62 на тэр. Беларусі праводзілася ўзбуйненне раёнаў: у 1956 скасавана 11 раёнаў, 1957—3, 1959—14, 1960—15, 1961—1, у 1962—54 раёны, у выніку ў рэспубліцы засталося 77 раёнаў. У 1965 былі адноўлены 23 раёны, у 1966—17. 28.12.1989 адноўлены Дрыбінскі р-н Магілёўскай вобл.
Літ.:
Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута. М., 1892;
Круталевич В.А. Административно-территориальное устройство БССР. Мн., 1966;
Древнерусские княжества X—XIII вв. М., 1975;
Белорусская ССР: Адм -террит деление: На 1 янв. 1986 г. 7 изд. Мн., 1986;
Административно-территориальное устройство БССР: Справ. Т. 1—2. Мн., 1985—87;
Казлоў Л., Цітоў А. Беларусь на сямі рубяжах. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫІ
Паліт. партыі ў сучасным разуменні ўзнікалі ў Еўропе ў сярэдзіне — 2-й пал. 19 ст. Адна з першых еўрап.рэв. партый «Саюз камуністаў» (1847), створаны К.Марксам і Ф.Энгельсам. Яго праграма («Маніфест Камуністычнай партыі») вызначала форму будучага дзярж. ладу — дыктатуру пралетарыяту, заклікала да падрыхтоўкі і ажыццяўлення рэв. перавароту як асн. сродку барацьбы. Ідэі «Маніфеста» знайшлі шырокае распаўсюджанне, у т. л. на тэр.Рас. імперыі. Першая паліт. партыя парламенцкага тыпу — «Ліберальнае таварыства рэгістрацыі выбараў у Англіі» (1861). У 1863 Ф.Ласаль арганізаваў першую масавую рабочую партыю — «Усеагульны германскі саюз рабочых».
У Рас. імперыі папярэднікамі паліт. партый былі дзекабрысцкія і народніцкія арг-цыі, на Беларусі — тайныя т-вы філаматаў (прыхільнікаў навук), філарэтаў (прыхільнікаў дабрачыннасці) і «ваенных сяброў», якія існавалі ў 1-й пал. 1820-х г. Іх погляды зводзіліся да аднаўлення незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772; неабходнасці карэнных сац. рэформ, ліквідацыі прыгонніцтва, увядзення канстытуцыйнай формы праўлення, стварэння ўмоў для росквіту сярэдняга класа, які ў Беларусі, на іх думку, складала шляхта. Паліт. рознагалоссі паміж «белымі» і «чырвонымі» ў час паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве не прывялі да стварэння партыі. Пэўны ўплыў у Беларусі мелі арг-цыі рас. народнікаў «Зямля і воля», «Народная воля». З сярэдзіны 1880-х г. члены арг-цыі групы «Вызваленне працы», польскай партыі «Пралетарыят» пачалі прапаганду марксізму ў Беларусі. У канцы 1880 — пач. 1890-х г. створана некалькі нешматлікіх сацыял-дэмакр. гурткоў у Мінску, Вільні, Гродне, Віцебску, Гомелі, Смаргоні, Пінску, Ашмянах, Брэсце. Яны вялі ў асн.эканам. агітацыю.
Як паліт. партыі ў канцы 19 ст. аформіліся Рабочая партыя вызвалення Расіі (1897, з 1901 — Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, ПСР), Усеаг. яўр. рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі (Бунд, 1897), Рас. сацыял-дэмакр. рабочая партыя (РСДРП; абвешчана на I з’ездзе ў Мінску ў сак. 1898). Яны мелі свае арганізац. структуры на Беларусі. У крас. 1896 адбыўся Устаноўчы з’езд Літоўскай сацыял-дэмакр. партыі (ЛСДП), якая арганізавала сацыял-дэмакр. гурткі ў Мінску, Вільні, Смаргоні. Партыя вылучала ідэю стварэння рабочых арг-цый па нац. прыкмеце. У маі 1896 узнік Рабочы саюз Літвы (С.Трусевіч), які аб’яднаў Віленскую, Мінскую і Смаргонскую інтэрнац. рабочыя арг-цыі (каля 300 чал.). На мяжы 19—20 ст. у Вільні, Смаргоні, Мінску дзейнічалі невял. групы партыі Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ), створанай у 1900 у Мінску. У вер. 1902 з груп Польскай партыі сацыялістычнай (ППС) утварылася ППС у Літве, якая належала да тыпу леванародніцкіх і выступіла пад лозунгамі барацьбы за самастойнасць Літвы—Беларусі і ўстанаўленне сацыяліст. ладу. Найб. значныя яе арг-цыі былі ў Вільні, Гродне і Брэсце. У 1905 пасля выдання Маніфеста 17 кастрычніка ўзніклі агульнарас. ліберальныя партыі — Партыя «народнай свабоды», або Канстытуцыйна-дэмакр. партыя (кадэты), «Саюз 17 кастрычніка» (акцябрысты). Асн. мэтамі яны лічылі ажыццяўленне дэмакр. рэформ у Расіі сродкамі парламенцкай барацьбы. На крайніх кансерватыўных пазіцыях стаялі «Саюз рускага народа», «Руская манархічная партыя» і інш. Яны атрымалі назву «чорная сотня», чарнасоценцы. Буйнейшыя агульнарас. партыі мелі свае арг-цыі на Беларусі.
Першай паліт. партыяй, якая арыентавалася на нац. інтарэсы беларусаў, была Беларуская рэвалюцыйная партыя (БРП), потым Беларуская рэвалюцыйная грамада (БРГ), створаная ў 1902. У снеж. 1903 на I з’ездзе яна прыняла праграму, дзе характарызавала сябе як сац.-паліт. арг-цыю бел. працоўнага народа. Сваёй канчатковай мэтай партыя абвяшчала разбурэнне капіталіст. ладу, а бліжэйшай задачай — звяржэнне самадзяржаўя. Форма будучага дзярж. ладу не вызначалася, увага засяроджвалася на барацьбе за дэмакр. свабоды, на агр., канфесіянальным, нац. пытаннях. На гэтым з’ездзе БРГ перайменавана ў Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ). У 1903—04 БСГ цесна супрацоўнічала з ППС, ПСР, ЛСДП. Заснавальнікі і актыўныя дзеячы БСГ — браты І. і А. Луцкевічы, А.Бурбіс, К.Кастравіцкі (Карусь Каганец), Ф.Умястоўскі, А.Пашкевіч (Цётка). Стварэнне першай бел.паліт. партыі азначала, што беларускі нацыянальна-вызваленчы рух перастае быць толькі культурна-адраджэнскім, а становіцца палітычным і арганізуецца ў партыю. У 1904 у Гродне заснавана Сацыялістычная партыя Белай Русі (СПБР), блізкая да ППС у Літве. Уласнай праграмы яна не мела, дзейнічала гал. чынам на Гродзеншчыне, выпусціла некалькі пракламацый («Царская гаспадарка», «Братцы мужыкі», «Прызыўныя») з заклікамі да звяржэння самадзяржаўя, аднак у 1906 самаліквідавалася. 7.2.1906 у Вільні па ініцыятыве барона Э.Ропа адбыўся ўстаноўчы з’езд Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі (ККПЛіБ). Быў абраны ЦК, зацверджана праграма, якая спалучала лібералізм кадэцкага кірунку ў паліт. сферы, кансерватызм у вырашэнні сац.-эканам. праблем і ідэалы хрысціянскай дэмакратыі; восенню 1907 яна распалася. У чэрв. 1907 у Вільні пра стварэнне абвясціла Краявая партыя Літвы і Беларусі (КПЛіБ), аднак у 1908 яна спыніла існаванне. У гады рэакцыі (1907—10) паліт. актыўнасць значна знізілася, у 1-ю сусв. вайну актывізавалася. Карэнныя змены ў грамадска-паліт. жыцці на Беларусі адбыліся пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. У сак.—кастр. 1917 тут дзейнічала больш за 20 паліт. партый — бел. нацыянальныя, агульнарасійскія, яўр., польскія.
З бел. партый ліберальна-дэмакр. арыентацыі прытрымліваліся Магілёўскі бел.нац.к-т, Гомельскі саюз бел. дэмакратыі, Віцебскі саюз бел. народа, Аршанскі бел.нар.к-т, Хрысціянска-дэмакр. аб’яднанне, Бел. партыя аўтанамістаў, Бел. партыя нар. сацыялістаў. Паліт. праграмы гэтых партый былі блізкія да кадэцкай, адлюстроўвалі інтарэсы буйных і сярэдніх землеўласнікаў, агр. буржуазіі, правасл. духавенства, чыноўнікаў. Большасць партый аб’ядноўвалі ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх соцень чалавек і не мелі паліт. ўплыву па-за межамі свайго рэгіёна. Усе яны, у той ці іншай форме, выказвалі ідэю абласной аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі, але прызнавалі самабытнасць краю і неабходнасць прыняцця спец. законаў мясц. характару. Дэмакр. поглядаў на праблемы дзярж. будаўніцтва, вырашэнне эканам. і сац. праблем прытрымліваліся Бел. хрысціянскае дэмакр. аб’яднанне (БХДА; Ф.Абрантовіч, А.Станкевіч, В.Гадлеўскі і інш.), Бел.нар. партыя сацыялістаў [БНПС; Я.Ф.Сушынскі, А.І.Лявіцкі (Ядвігін Ш.), С.Я.Плаўнік (З.Бядуля), Ф.Стульба, П.П.Аляксюк], Бел. партыя аўтанамістаў (БПА; Дз.Сабалеўскі). Гэтыя партыі выступалі за глыбокія дэмакр. пераўтварэнні і шырокую аўтаномію Беларусі ў рамках Рас. федэратыўнай дэмакр. рэспублікі (РФДР). Значна актывізавалі сваю дзейнасць нац. партыі рэв.-дэмакр. арыентацыі — БСГ, якая да 1917 распалася з-за ўнутр. супярэчнасцей і іншых прычын (аднавіла дзейнасць у сак. 1917), і Бел.нар. грамада (БНГ). Іх сац. базай былі сярэднія і дробныя гарадскія слаі, частка сялян, рамеснікі і служачыя, разначынная інтэлігенцыя. У 1917 арганізацыі БСГ дзейнічалі ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Оршы, а таксама ў Петраградзе, Маскве, Саратаве, Казані і інш. гарадах, дзе былі беларусы-бежанцы, у некаторых часцях Зах. і Паўн. франтоў, на Балтыйскім флоце. У сярэдзіне 1917 яна аб’ядноўвала 5 тыс. членаў, восенню — каля 10 тыс. На III з’ездзе БСГ (14—15.10.1917) зацверджана новая рэдакцыя праграмы, якая грунтавалася на ідэях шырокай краявой нац.-тэр. аўтаноміі Беларусі ў складзе РФДР. За аўтаномію выступала і БНГ, якая дзейнічала ў 1917—18 у Расіі ў асн. сярод бежанцаў (Я.І.Васілевіч, А.І.Цвікевіч, Ф.Ф.Турук). Актыўную работу вялі Яўр. сацыял-дэмакр. рабочая партыя (ЯСДРП, Паалей Цыён; Б.Борахаў, Н.Сіркін, А.Гардон), Аб’яднаная яўр. сацыялістычная рабочая партыя (АЯСРП, 1917—20; Ш.Ківін, Н.Уфрыхціч, М.Гутман), а таксама некаторыя польскія і літоўскія партыі.
Яшчэ больш рэзкае размежаванне паміж паліт. партыямі адбылося пасля Кастр. рэвалюцыі 1917. Дзейнасць манархічных партый на тэрыторыі, якую кантралявалі бальшавікі, была забаронена, ліберальных — значна абмежавана. Больш шырокія магчымасці атрымалі партыі сацыяліст. арыентацыі. Створаны Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р, 1918—24; Т.Т.Грыб, Л.І.Заяц, П.Бадунова, Я.А.Мамонька, С.М.Некрашэвіч), Бел. партыя сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф, 1918—21; А.Аўсянік, І.Я.Варонка, К.Б.Езавітаў, В.І.Захарка, П.А.Крачэўскі, І.М.Серада, А.І.Цвікевіч), Бел. сацыял.-дэмакр. партыя (БСДП, 1918—24; І. і А. Луцкевічы, Я.Ю.Лёсік, А.А.Смоліч і інш.). У крас. 1918 на аснове Бел. сацыял.-дэмакр. рабочай партыі ўзнікла першая бел. секцыя РКП(б) у Петраградзе. У 1918—19 бел. секцыі дзейнічалі ў Маскве, Казані, Варонежы, Саратаве, Тамбове, Невелі, Казлове і інш. як часткі мясц.парт. арг-цый. Вялі ў асн. работу сярод бежанцаў і рабочых беларусаў. У іх кіруючае ядро ўваходзілі А.Р.Чарвякоў, З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), А.Х.Усціловіч, І.В.Лагун і інш. Бальшавіцкія арг-цыі Беларусі і Зах. фронту дзейнічалі пад кіраўніцтвам Паўн.-Зах. абласнога к-та РКП(б). Паміж паліт. партыямі розных кірункаў разгарнулася вострая барацьба па пытаннях дзяржаўнасці Беларусі, агр. пытанні, прызнання ўлады бальшавікоў, якія забяспечвалі сабе большасць у Саветах, і інш. VI Паўн.-Зах. абласная канферэнцыя РКП(б) (30—31.12.1918, Смаленск) абвясціла сябе I з’ездам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі [КП(б)Б] і накіравала ў ЦК РКП(б) тэлеграму з просьбай зацвердзіць гэтае рашэнне. КП(б)Б не мела праграмы, статута, членскіх білетаў, з’яўлялася састаўной часткай РКП(б), потым ВКП(б), КПСС. У пач. 1919 была створана Камуністычная партыя (бальшавікоў) Літвы і Беларусі (В.С.Міцкявічус-Капсукас, В.Г.Кнорын, З.І.Ангарэціс, А.Ф.Мяснікоў, Я.Г.Далецкі, С.В.Іваноў і інш.), якая была рэгіянальнай арг-цыяй РКП(б) у перыяд існавання Сацыялістычнай Сав. Рэспублікі Літвы і Беларусі. На пазіцыях бальшавізму стаяла і Бел. камуністычная арг-цыя [БКА, 1920; У.М.Ігнатоўскі, С.Г.Булат, І.П.Каранеўскі, В.С.Гарбацэвіч, М.С.Кудзелька (М.Чарот), А.Сташэўскі, М.І.Мароз і інш.]. Яе лідэры імкнуліся больш улічваць нац. асаблівасці Беларусі (нацыянал-камунізм). БКА самаліквідавалася, яе члены ўступілі ў КП(б)Б. Фактычна малавядомай была Партыя рэв. сацыялістаў-народнікаў Беларусі (ПРС-НБ, 1919—20; А.Пятроў).
Ярка выражаныя антысав. пазіцыі займалі лідэры Бел. сялянскай партыі «Зялёны дуб» [1919—24; В.Адамовіч (Дзяркач), П.Аляксюк, А.Лявіцкі (Ядвігін Ш.), У.Ксяневіч]. Арганізаваная ў пач. 1920-х г. «зялёнадубаўцамі» ўзбр. барацьба супраць бальшавікоў пазней набыла характар паліт. і крымінальнага бандытызму. У 1-й пал. 1920-х г. шматпартыйнасць у БССР перастала існаваць. Многія члены БКА, БПС-Р, АЯСРП, ЯСДРП уступілі ў КП(б)Б. З 2-й пал. 1920-х да 2-й пал. 1960-х г. толькі бальшавіцкая партыя аб’яўлялася выразніцай і абаронцай інтарэсаў народа. КП(б)Б зрабіла значны ўклад у аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі, адукацыі, навукі, культуры Беларусі ў міжваен. перыяд. Хуткімі тэмпамі расла колькасць членаў КП(б)Б. Калі ў вер. 1921 у партыі налічвалася 2889 чл. і 1260 канд. у чл., то на 1.1.1932 — адпаведна 37 944 і 21 231. Гэта быў найб. колькасны склад КП(б)Б у даваенны час. На працягу 1920—30-х г. неаднаразова праводзіліся «чысткі» партыі. На 1.5.1940 было 33 869 чл. і 24 084 канд. ў чл. партыі.
Спецыфічная сітуацыя склалася ў зах. рэгіёне Беларусі, які ў адпаведнасці з умовамі Рыжскага мірнага дагавора 1921 увайшоў у склад Польшчы (II Рэчы Паспалітай) і атрымаў у БССР назву Зах. Беларусь, а ў Польшчы — «крэсы ўсходне» («усходнія ўскраіны»). З асуджэннем далучэння Зах. Беларусі да Польшчы ўжо ў вер. 1921 выступілі БПС-Р, БПС-Ф, БСДП, БХД і інш. Польскія ўлады разам з выкарыстаннем рэпрэсій шукалі спосабы вырашэння эканам. і нац. праблем і канфліктаў. На тэр.Зах. Беларусі побач з урадавымі партыямі (ППС і інш.) дзейнічалі Бел. партыя незалежных сацыялістаў (БПНС), Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД, з 1936 — Бел.нац. аб’яднанне, БНА). Многія рысы паліт. партыі мела Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ, 1925—27), якая зрабіла вял. ўклад у барацьбу з паланізацыяй, у абарону бел. культуры і школьнай справы. Яе актыўнымі дзеячамі былі Б.А.Тарашкевіч, С.А.Рак-Міхайлоўскі, П.П.Валошын, П.В.Мятла і інш.
Актыўную барацьбу вяла Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ), створаная ў кастр. 1923 паводле рашэнняў 11 з’езда Камуністычнай рабочай партыі Польшчы (КПРП, засн. 16.12.1918; з лют. 1925 — Камуністычная партыя Польшчы, КПП). У КПЗБ увайшлі члены былых арг-цый КП(б)Б і КП Літвы, што перайшлі ў падполле. У снеж. 1923 у яе ўлілася Бел.рэв.арг-цыя (БРА), кіраўнікамі якой з’яўляліся І.К.Лагіновіч (П.Корчык), Л.І.Родзевіч (Антось), А.Р.Капуцкі (Лёкса) і інш.КПЗБ існавала ў складзе КПП на правах тэрытарыяльнай аўтаномнай арг-цыі; атрымлівала ідэалаг., фін. і матэрыяльную падтрымку ад Камінтэрна, ВКП(б) і КП(б)Б. У Мінску рыхтаваліся парт. кадры, друкавалася літаратура для КПЗБ, для чаго тут былі створаны адпаведныя структуры. Працавала нелегальна. Сярод стратэгічных мэт КПЗБ — барацьба за перамогу сацыяліст. рэвалюцыі, ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і перадачу сялянам зямлі без выкупу, за права самавызначэння Зах. Беларусі і ўз’яднанне з БССР. З пачатку сваёй дзейнасці КПЗБ імкнулася надаць арганізаваны характар узбр. барацьбе бел. сялян і інтэлігенцыі, якая разгарнулася з 1921 пад кіраўніцтвам былых членаў КП(б)Б, КП Літвы і БПС-Р. Найб. ўздым партыз. руху прыпадае на 1921—25. Яго кіраўнікамі былі К.П.Арлоўскі, С.А.Ваўпшасаў, В.З.Корж, А.М.Рабцэвіч і інш. III канферэнцыя КПЗБ (студз. 1926) прыняла рашэнне пра спыненне партыз. барацьбы. На час стварэння КПЗБ у яе парт. арг-цыях налічвалася 528 чал., найб. колькасць членаў у 1933—3800—4000 чал. Прыкладна 1200—1300 членаў КПЗБ пастаянна знаходзіліся ў турмах і Бяроза-Картузскім канцлагеры. Пад яе кіраўніцтвам дзейнічалі Камуністычны саюз моладзі Зах. Беларусі (КСМЗБ), Міжнар.арг-цыя дапамогі рэвалюцыянерам Зах. Беларусі. Для правядзення асобных акцый КПЗБ заключала пагадненні з нац.-вызваленчымі арганізацыямі: БСРГ, пасольскім клубам «Змаганне», Таварыствам бел. школы (ТБШ) і Бел. ін-там гаспадаркі і культуры (БІГіК). У 1930—38 многія члены і кіраўнікі КПЗБ, якія знаходзіліся ў СССР, былі абвінавачаны ў здрадніцтве, сувязях з разведкамі бурж. краін, рэпрэсіраваны. У жн. 1938 на аснове беспадстаўных абвінавачанняў паводле рашэння Выканкома Камінтэрна КПП і яе састаўной часткі КПЗБ і КП Зах. Украіны распушчаны. Пасля ўступлення Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь былыя члены КПЗБ удзельнічалі ў арганізацыі рэўкомаў, складалі ядро Рабочай гвардыі, многія былі абраны дэпутатамі Нар. сходу Зах. Беларусі. Але недавер да іх з боку кіраўнікоў ВКП(б) заставаўся, толькі адзінкі з іх былі прыняты ў яе рады. У 1956 абвінавачанні ў адрас членаў КПП, КПЗБ і КПЗУ зняты, роспуск іх прызнаны неабгрунтаваным.
У Вял.Айч. вайну КП(б)Б узначаліла партыз. і падп. барацьбу супраць ням.-фаш. акупантаў. На акупіраванай тэр. Беларусі былі створаны і дзейнічалі 10 абласных, 193 міжраённыя, гар. і раённыя к-ты КП(б)Б, больш за 1200 парт. арг-цый у партыз. фарміраваннях, 184 тэр.парт. арг-цыі, якія аб’ядноўвалі больш за 35 тыс. камуністаў.
Для дзейнасці КП(б)Б пасляваен. гадоў характэрны цэнтралізацыя, імкненне ахапіць усе сферы эканам., грамадска-паліт., культ. жыцця. Колькасны склад партыі павялічваўся. Калі на 1.1.1949 налічвалася 90 976 чл. і 19 134 канд. ў чл.КПБ, то на 1.1.1990 — адпаведна 685 270 і 12 338.
З 2-й пал. 1980-х г. у КПСС, у т. л. і КПБ, пачаўся арганізац. і ідэалаг. крызіс, які асабліва абвастрыўся да пач. 1990-х г. За 1990 з КПБ выйшлі 53 346 чал., у т. л. 31 168 рабочых; 22 218 было выключана з КПБ за парушэнне парт., дзярж. і працоўнай дысцыпліны. 25.8.1991 Вярх. СаветБССР, большасць якога складалі камуністы, прыняў пастанову «Аб часовым прыпыненні дзейнасці КПСС—КПБ на тэрыторыі Беларусі». Фактычна гэта азначала забарону КПБ і заканадаўчае адхіленне яе ад улады. Пастановай Вярх. Савета ад 10.12.1991 «Аб уласнасці КПСС—КПБ» парт. ўласнасць перададзена дзяржаве.
Крызіс КПСС—КПБ паскорыў стварэнне шматпартыйнай паліт. сістэмы. Узніклі многія паліт. партыі. У адпаведнасці з законам СССР «Аб грамадскіх аб’яднаннях» (9.10.1990) і рашэннямі Савета Міністраў БССРпаліт. партыяй магло быць паліт. аб’яднанне пры наяўнасці 100 членаў-заснавальнікаў. У 1991 Мін-вам юстыцыі Беларусі зарэгістравана 5 паліт. партый: Аб’яднаная дэмакр. партыя Беларусі (АДПБ, 19 сак.); Бел. сялянская партыя (БСП, 11 крас.), Бел. сацыял-дэмакр. грамада (БСДГ, 21 мая), Нац.дэмакр. партыя Беларусі (НДПБ, 25 чэрв.), Бел. хрысціянска-дэмакр. злучнасць (БХДЗ, 16 снеж.).
Падзеі, звязаныя з набыццём дзярж. суверэнітэту Беларуссю і распадам СССР, далі новы штуршок працэсу стварэння паліт. партый. Да канца 1994 у Рэспубліцы Беларусь афіцыйна зарэгістравана 29 паліт. партый і 7 асн.паліт. рухаў. Аднак большасць партый былі нешматлікія. Актыўныя дзеянні па кансалідацыі сваіх сіл вялі камуністы: 7.12.1991 адбыўся ўстаноўчы з’езд, а 26.5.1992 зарэгістравана Партыя камуністаў беларуская (ПКБ). Яна паставіла сваімі мэтамі аб’яднанне работнікаў наёмнай працы для дасягнення поўнага вызвалення ад эксплуатацыі ва ўсіх яе відах і пабудову бяскласавага грамадства сац. справядлівасці. ПКБ абвясціла сябе пераемніцай КПБ. У лют. 1993 Вярх. Савет адмяніў сваю пастанову ад 25.8.1991. XXXII з’езд КПБ (нечарговы, май 1993) і II з’езд ПКБ прынялі рашэнне аб аб’яднанні. 2.11.1996 адбыўся XXXIII (I аднаўленчы) з’езд КПБ, на якім партыя абвясціла сябе пераемніцай КПСС—КПБ. Стратэгічная мэта партыі — пабудова камунізму, бліжэйшыя задачы — «арыентацыя грамадства на сацыялістычны шлях развіцця, які адзіны вядзе да пабудовы бяскласавага грамадства, да сацыяльнай справядлівасці, аднаўленне на добраахвотнай аснове дзяржаўнага саюза савецкіх народаў».
5.10.1994 прыняты Закон «Аб палітычных партыях», паводле якога для рэгістрацыі партыі неабходна не менш як 500 членаў-заснавальнікаў. У 1998 былі зарэгістраваны 2 партыі: Бел. сацыял-дэмакр. грамада (27 мая) і Бел. экалагічная партыя зялёных «БЭЗ» (28 кастр.), а паводле рашэння Вярх. суда ў адпаведнасці з Законам «Аб палітычных партыях» 9 партый спынілі сваю дзейнасць. У 2-й пал. 1999 праведзена перарэгістрацыя партый. На працягу 1995—99 спынілі дзейнасць Бел. аб’яднаная спартыўная партыя (зарэгістравана 22.2.1995), Бел.нар. партыя (8.12.1994), Бел.нац. партыя (20.9.1994), Бел. партыя «за сац. справядлівасць» (4.12.1996), Бел.рэсп. партыя (17.6.1994), Бел. сацыял-дэмакр. грамада (27.5.1998), Бел.сацыяліст. партыя (19.8.1994), Бел. сялянская партыя (11.4.1991), Бел. хрысціянска-дэмакр. партыя (21.3.1995), Бел. хрысціянска-дэмакр. злучнасць (16.12.1991), Бел. экалагічная партыя (19.4.1994), Нар. партыя «Адраджэнне» (29.3.1995), Нац.-дэмакр. партыя беларусаў (25.6.1991), Партыя аматараў піва (30.12.1994), Партыя «Ачышчэнне» (4.12.1995), Партыя «Беларускі навукова-вытворчы кангрэс» (22.10.1992), Партыя здаровага сэнсу (30.1.1995), Партыя ўсебел. адзінства і згоды (19.8.1994), Партыя «Хрысціянска-дэмакратычны выбар» (21.4.1995), Славянскі сабор «Белая Русь» (4.9.1992). Аб’ядналіся Бел. партыя «Зялёны мір» (3.6.1994) і Бел. партыя «зялёных» (1.2.1993) у Бел. партыю «Зялёныя» (БП «Зялёныя) з захаваннем даты рэгістрацыі партыі «Зялёны мір» (3.6.1994). У 1999 распалася Партыя Бел.нар. фронту і зарэгістраваны Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ (КХП—БНФ, 28.2.2000) і Партыя БНФ (24.4.2000). 2.8.2004 спыніла сваю дзейнасць Бел. партыя працы (24.2.1994). На 1.9.2004 у Рэспубліцы Беларусь налічвалася 17 паліт. партый (гл. табліцу). У наш час партыі паводле паліт. арыентацыі падзяляюцца на левыя (камуністычныя), левацэнтрысцкія, правацэнтрысцкія, правыя, нац.-радыкальныя і інш.
Палітычныя партыі Беларусі (на 1.9.2004)
Назва партыі (абрэвіятура)
Дата ўстаноўчага з’езда (канферэнцыі)
Дата рэгістрацыі (перарэгістрацыі)
Орган кіравання
Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП)
1.1.1995
28.11.1995
(30.1.1999)
Нацыянальны камітэт
Аграрная партыя
13.6.1992
13.7.1992
(22.9.1999)
Цэнтральны савет
Беларуская партыя жанчын «Надзея» (БПЖ «Надзея»)
28.4.1994
3.6.1994
(21 6.1999)
Савет партыі
Беларуская партыя «Зялёныя» (БП «Зялёныя»)
17.4.1994
3.6.1994
(13.9 1999)
Цэнтральны савет
Беларуская патрыятычная партыя (БПП)
8.10.1994
10.11.1994
(25.8.1999)
Савет
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная грамада) (БСДПНГ)
29.6.1996
29.1.1997
(9.9.1999)
Цэнтральны камітэт
Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя (БССП)
6.11.1994
9.12.1994
(13.9.1999)
Савет
Беларуская эканамічная партыя «БЭЗ» (БЭП «БЭЗ»)
20.6.1998
20.10.1998
(10.9.1999)
Зялёная рада
Камуністычная партыя Беларусі (КПБ)
2.11.1996
21.11.1996
(9.9.1999)
Цэнтральны камітэт
Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ (КХП—БНФ)
26.9.1999
28.2.2000
Сойм
Ліберальна-дэмакратычная партыя (ЛДП)
5.2.1994
24.2.1994
(15.6.1999)
Вышэйшы савет
Партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада» (Партыя БСДГ)
15.2 1998
27.5.1998
(30.8.1999)
Цэнтральная рада
Партыя БНФ
26.12.1999
24.4.2000
Сойм
Партыя камуністаў Беларуская (ПКБ)
7.12.1991
26.5.1992
(5.7.1999)
Цэнтральны камітэт
Рэспубліканская партыя (РП)
12.3.1994
25.5.1994
(30 9.1999)
Цэнтральнае праўленне
Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (РППіС)
26.6.1993
188.1993
(186.1999)
Палітсавет
Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай згоды (СДП НЗ)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁВЯШЧАННЕ
Гісторыя развіцця. У адпаведнасці з сацыяльна-паліт. і творчым характарам вылучаюць наступныя асноўныя перыяды развіцця і дзейнасці радыёвяшчання на Беларусі: 1925—32 — стварэнне тэхнічных сродкаў, фарміраванне арганізацыйных і ідэйна-творчых прынцыпаў вяшчання; 1932—41 — развіццё масавага радыёвяшчання; 1941—45 — радыёвяшчанне ў Вял.Айч. вайну; 1945—60 — этап пасляваеннага аднаўлення; 1961—75 — развіццё тэхнічнай аснашчанасці радыёвяшчання, яго форм і жанраў; 1975—85 — радыёвяшчанне ва ўмовах застою ў сац. жыцці і эканоміцы; 1985—91 — радыёвяшчанне ў перыяд перабудовы; з 1991 — развіццё на сучасным этапе.
Развіццё радыёвяшчання на Беларусі непарыўна звязана са станаўленнем і развіццём яго на ўсесаюзным узроўні. Першыя пробныя радыёвяшчальныя перадачы ў СССР адбыліся ў 1919 (г. Ніжні Ноўгарад). У 1921 у Маскве пачала працаваць цэнтр. радыётэлефонная станцыя вялікага радыуса. Адначасова расла і ўдасканальвалася радыёпрымальная і радыётрансляцыйная сетка, канструяваліся радыёвяшчальныя прыёмнікі, гучнагаварыцелі, будаваліся радыёвузлы. На Беларусі стварэнне радыёперадавальнай сеткі пачалося ў 1925. У Мінску і Гомелі былі ўстаноўлены радыёперадатчыкі тыпу «Малы Камінтэрн» магутнасцю 1,2 кВт. Першай уступіла ў строй радыёстанцыя ў Гомелі, якая трансліравала перадачы, што прымаліся па правадах з Масквы. Для мясц. вяшчання абсталявана невялікая студыя, для аб’яў выкарыстоўваліся тэлефонныя трубкі гар. тэлефона і вугальныя мікрафоны. Першая перадача Бел. радыё ў Мінску адбылася 15.11.1925 на радыёстанцыі РВ-10 імя Саўнаркома БССР; трансліраваліся перадачы ў радыусе да 300 км, іх працягласць 30 мін у суткі. Адкрыццё радыёстанцыі спрыяла шырокаму развіццю прымальнай радыёсеткі. У 25 раёнах Беларусі ўстанаўліваліся радыёпрыёмнікі калектыўнага карыстання «Радыёліна». Пабудавана 75-метровая драўляная мачта, побач з якой абсталявалі і студыю. У сак. 1926 ЦКВКП(б) прыняў пастанову аб выпуску 2 радыёгазет: рабочай (штодзённай) і сялянскай (3—4 разы на тыдзень). Пачаўся выхад у эфір «Беларускай радыёгазеты», якая мела рубрыкі «Перадавы артыкул», «Жыццё вёскі», «Рабочае жыццё», «Хроніка Мінска» і інш. У ліп. 1926 радыёстанцыя РБ-10 імя Саўнаркома БССР перайшла ў распараджэнне акцыянернага таварыства «Радыёперадача». Выходзілі спецыялізаваныя перадачы для розных груп насельніцтва: радыёгазеты «Беларуская вёска», «Чырвоная змена», «Піянер Беларусі» і інш., перадаваліся выступленні членаў літаратурнага аб’яднання «Маладняк». У 1927 Мінскі радыёперадатчык «Малы Камінтэрн» заменены на больш магутны (4 кВт). З дапамогай узмацняльніка ТБ-3/0, які па паветраных правадных лініях сілкаваў рупарныя гучнагаварыцелі тыпу «Акорд», радыёфікавана каля 25 месцаў калектыўнага радыёслухання. У жніўні 1927 Таварыства сяброў радыё правяло першы Усебел. дзень радыё. З 1928 пачало развівацца правадное вяшчанне. Трансляцыйны вузел быў абсталяваны магутным узмацняльнікам на базе перадатчыка «Малы Камінтэрн»; падвешана каля 45 км трансляцыйных ліній і ўстаноўлена каля 4 тыс. радыёкропак. Побач з перадачамі са студыі Белрадыёцэнтра пачаліся трансляцыі перадач з тэатраў і клубаў. Створаны сімфанічны аркестр Белрадыёцэнтра, які забяспечваў муз. праграмы, і першы радыёуніверсітэт з тэхн., сельскагаспадарчым і агульнапаліт. факультэтамі. У ліст. 1928 уведзена тыпавая тыднёвая сетка вяшчання, закладзена адраснасць перадач паводле прафесійнай і ўзроставай прыналежнасці слухачоў, праведзена першая ў краіне радыёпераклічка гарадоў СССР з удзелам Мінска. У 1929 работнікі Белрадыёцэнтра распрацавалі 10-ватны ўзмацняльнік БРЦ-10 для радыёфікацыі раёнаў Беларусі. Першы радыёвузел абсталяваны на шклозаводзе «Кастрычнік» Бабруйскага раёна. У ліст. 1931 пабудавана радыёстанцыя магутнасцю 30 кВт у Калодзішчах пад Мінскам. Выходзілі радыёгазеты «За бальшавіцкія тэмпы», «У рабочы поўдзень», «Калгасны заклік», «Камсамолец Беларусі», «Чырвонаармейская радыёгазета» і інш.
У 1932 створаны Усебел. камітэт радыёвяшчання пры Наркамаце поштаў і тэлеграфаў, які арганізоўваў радыёвяшчальныя праграмы па ўсіх радыёстанцыях і радыёвузлах Беларусі. Замест ліквідаваных некаторых радыёгазет створаны новыя формы вяшчання, адкрыты сектары: «Апошнія паведамленні», грамадска-палітычны, мастацкі, дзіцячы, нізавога вяшчання, «У дапамогу самаадукацыі» і інш. З 1933 шырока практыкаваліся прамыя эфірныя перадачы: «Нестудыйная перадача з Аршанскага льнокамбіната», «Нестудыйная перадача з калгаса імя Леніна» і інш., рэпартажы з сустрэч, мітынгаў, сходаў, дэманстрацый. У 1936 на Бел. радыё ўпершыню выкарыстаны апараты гуказапісу тыпу «Шорынафон». У якасці носьбіта гуку выкарыстоўвалася звычайная кінастужка. Большасць драматычных і муз. перадач ішлі пад рубрыкай «Радыётэатр», маст. перадачы вяліся на бел., рус., польскай і яўр. мовах. У 1938 у Белрадыёцэнтры абсталяваны 3 новыя студыі, цэх механічнага вяшчання і гуказапісу, пры будаўніцтве якіх упершыню выкарыстаны акустычныя гукапаглынальныя матэрыялы. У 1939 Радыёкамітэт наладзіў выпуск штодэкаднай газеты «Радыёпраграмы». Пасля вызвалення Зах. Беларусі пачала работу радыёстанцыя РБ-95 у г. Баранавічы магутнасцю 50 кВт; у абл. і раённых цэнтрах будаваліся трансляцыйныя радыёвузлы, стваралася мясц. вяшчанне на фабрыках і заводах, саўгасах і калгасах. У 1940 у Белрадыёцэнтры ўведзены ў дзеянне 100-кілаватны лямпавы перадатчык, вялося будаўніцтва радыёпрымальнага цэнтра ў Прылуках (Мінскі раён).
У сувязі з акупацыяй Беларусі ням. фашыстамі ў чэрвені 1941 радыёстанцыя РБ-10 імя Саўнаркома БССР спыніла сваю работу. У Маскве на радыёстанцыі імя Камінтэрна працягвала працаваць даваенная рэдакцыя вяшчання на бел. мове. У снежні 1941 кіраўніцтва Усесаюзнага радыё выдзеліла для радыёстанцыі «Савецкая Беларусь» радыёстанцыю на кароткіх хвалях, якая выйшла ў эфір 1.1.1942. Перадачы вяліся на бел. і рус. мовах напачатку 3 разы ў суткі (аб’ём вяшчання 2 гадз 30 мін), потым 5 разоў. Пазыўнымі служылі бел. музыка (апрацоўка М.Жальвінскага) і верш Я.Купалы «Беларускім партызанам». Аснову вяшчання складалі інфарм. перадачы, якія пачыналіся са зводак Саўінфармбюро, выпускі «Апошніх паведамленняў» для партызан і падпольшчыкаў з аглядам газеты «Савецкая Беларусь» і газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», спецыяльныя перадачы важнейшых паведамленняў для рэдакцый падп. газет, штодзённыя агляды цэнтр. газет, інфарм. праграмы «Партызанскія навіны» і «Дапамога фронту». Аснову контрпрапагандысцкіх праграм складалі выступленні вядомых парт. кіраўнікоў, дзеячаў навукі і культуры. Радыёстанцыя правяла 15 трансляцый антыфаш. мітынгаў, у т. л. радыёмітынгу з Казані ў студз. 1942 прадстаўнікоў бел. народа. Вядучае месца ў прапагандысцкіх перадачах займалі выступленні перад мікрафонам, публіцыстычныя радыёпрамовы, нарысы, паліт. памфлеты і фельетоны бел. пісьменнікаў і паэтаў. Бел. літаратары рыхтавалі перадачы для сатырычнай рубрыкі «Партызанская сатыра»: «Сатырычныя хвілінкі партызанскага гумару», «Зарадка», «Саветы бывалага партызана» і інш. У эфіры гучалі штодзённыя 30-мінутныя канцэрты з удзелам бел. артыстаў, радыёп’есы. Са снежня 1942 радыёстанцыя пачала рэгулярныя перадачы для камсамольцаў і моладзі акупіраванай тэр. Беларусі. Пастаяннымі рубрыкамі маладзёжных праграм былі «Беларускі народ змагаецца», «Лісты з партызанскіх атрадаў», «Партызанскія аперацыі», рэгулярна перадаваліся агляды пошты. У 1943 сутачны аб’ём вяшчання радыёстанцыі складаў 7 гадз. За перыяд яе існавання (да 20.9.1944) адбылося 3270 перадач, у т. л. 505 маладзёжных. У 1944 у вызваленым ад фашыстаў Гомелі, а потым у Мінску аднавіла свае перадачы радыёстанцыя РБ-10 імя Саўнаркома БССР. У «Апошніх паведамленнях» (выйшла больш за 1200), рубрыках «На франтах Айчыннай вайны», «Па гарадах нашай рэспублікі», «На вызваленай беларускай зямлі» і інш. шырока асвятляліся падзеі на франтах, аднаўленне нар. гаспадаркі, адраджэнне навукі і культуры, работа 6-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР, трансліраваліся з Мінска сход бел. інтэлігенцыі, свята маст. самадзейнасці ў адноўленым Доме радыё. Пасля вызвалення Беларусі ўведзены ў дзеянне радыёвузлы ва ўсіх абл. цэнтрах, наладжвалася іх радыёсувязь з раённымі цэнтрамі, у дамах устаноўлена 40 тыс. радыёкропак (27% ад даваеннага ўзроўню).
У 1945 Бел. радыё атрымала адноўленыя студыі Дома радыё і новае абсталяванне, што дазволіла пашырыць дыяпазон перадач. У праграмах значнае месца аддавалася прапагандзе нар. мастацтва, твораў тэатральнай і муз. класікі, часцей гучалі бел.нар. песні і песні інш. народаў у выкананні аматарскіх хароў і спевакоў. Падзеяй стала трансляцыя свята нар. мастацтва ў Мінску (ад Беларусі выступілі 1300 чал.). З 1946 на Бел. радыё пачалося тэхн. пераабсталяванне студыі гуказапісу, перасоўных рэпарцёрскіх станцый, удасканальваліся апараты для запісу студыйных і пазастудыйных перадач. Спецыяльныя выпускі «Апошніх паведамленняў» прысвячаліся новабудоўлям: аўтамабільнаму і трактарнаму заводам, тонкасуконнаму камбінату; павялічылася ўвага да праблем выхавання дзяцей і моладзі. Са студз. 1949 рэдакцыя літ.-драм. вяшчання сумесна з праўленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі выпускала штомесячны радыёальманах «Беларусь літаратурная». З пашырэннем у 1951 у Доме радыё аддзела гуказапісу т.зв. жывыя выступленні сталі выключэннем. Вядучае месца заняў магнітны запіс з дапамогай айч. магнітафонаў «МЭЗ-2». Пераабсталявана мантажная апаратная, для запісу пазастудыйных перадач выкарыстоўвалі айч. рэпартажныя магнітафоны тыпу «Рэпарцёр». Устарэлае абсталяванне Дома радыё ў 1952—59 заменена на больш дасканалае, што дазволіла палепшыць якасць запісу муз. твораў і моўных перадач, рабіць запісы пазастудыйных перадач з выкарыстаннем 5 мікрафонных і 2 лінейных уваходаў або 6 мікрафонаў з індывідуальным рэгуляваннем узроўню. З пачаткам дзейнасці ў 1955 Мінскага тэлевізійнага цэнтра на Беларусі пачала працаваць 2-праграмная радыёвяшчальная станцыя на ультракароткіх хвалях. Паляпшэнне тэхн. базы дазволіла адкрыць новыя рубрыкі, весці прамыя эфірныя трансляцыі з тэатраў і клубаў, спарт. пляцовак. Са студзеня 1956 пачалі выходзіць у эфір аналітычная праграма «На прамысловыя тэмы», маладзёжная перадача «Беларусь фізкультурная», «Радыёчасопіс для жанчын». Склаліся спецыфічныя для радыёжурналістыкі жанры: радыёнарыс, радыёрэпартаж, радыёкаментарый. Да 1959 на Беларусі дзейнічалі каля 1,2 тыс. радыёвузлоў, 212 тыс. радыёпрыёмнікаў, больш за 1 млн. радыётрансляцыйных кропак, працягласць ліній радыёфікацыі дасягнула 55 тыс.км.
З 1963 перадачы Бел. радыё вяліся з новага будынка Дома радыё, дзе былі абсталяваны вялікая і малая канцэртныя студыі, блок літ.-драм. вяшчання, цэнтр. апаратная на 10 каналаў, 7 моўных студый з апаратнымі, 5 мантажных апаратных, пакой рэха і інш., што дало магчымасць ствараць новыя праграмы. У лютым 1963 распачалі дзейнасць радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная» з яе папулярнымі перадачамі «Зорная эстафета», «Твой замежны равеснік», «Шчырая размова», «Я вам пішу», дыскусійны клуб «Субяседнік». Папулярнасцю карысталіся пастаянныя цыклы перадач «У абедзенны перапынак» і «Для веруючых і няверуючых». Пра людзей цікавага лёсу, таленавітых кіраўнікоў вытворчасці інфармавала «Рабочая радыёгазета». У красавіку 1964 выйшлі ў эфір радыёстанцыя «Сельскае жыццё» з яе праграмамі «Сельская раніца» і «Вячэрнія зарніцы», інфарм. праграма «Дзень нашага жыцця» і перадача для старшакласнікаў «Рамантыкі». У 1967 завершана поўная радыёфікацыя Беларусі. Бел. радыё вяло перадачы па 2 нац. праграмах. Трансліраваліся таксама праграмы маскоўскіх радыёстанцый «Маяк» і «Юнацтва». З мэтай паляпшэння падрыхтоўкі кадраў для радыё і тэлебачання на факультэце журналістыкі БДУ створана кафедра тэорыі і практыкі радыёвяшчання і тэлебачання. У 1970 у Доме радыё ўстаноўлена 20 рэжысёрскіх пультаў з шырокімі тэхн. магчымасцямі і больш за 100 навейшых стацыянарных магнітафонаў. Група пазастудыйных запісаў мела некалькі аўтамашын з гуказапісвальнай і перадавальнай апаратурай, больш за 150 партатыўных рэпартажных магнітафонаў. У 1972 пачалося стэрэавяшчанне на ультракароткіх хвалях. Сведчаннем творчай сталасці Бел. радыё стала адкрыццё арыгінальных праграм. У кастрычніку 1972 выйшла ў эфір інфармацыйна-паліт. і муз. праграма «Крыніца». Яна вылучалася надзённасцю тэм і аператыўнасцю. Асноўныя перадачы: «Навука — вытворчасці», «Любімыя мелодыі», «Спектр», «Для тых, хто ў дарозе», «Маладыя галасы» і інш. Асабліва папулярнымі былі інфарм. выпускі «Навіны рэспублікі» і «Мінскія навіны». У 1970-я г. на Беларусі працавалі 22 радыёвяшчальныя станцыі, укаранялася 3-праграмнае правадное вяшчанне. У 1975 налічвалася больш за 2,2 млн. радыёкропак, 2 млн. радыёпрыёмнікаў. Бел. радыё вяло перадачы па 4 праграмах: 1-я (9 гадз у суткі), 2-я (8 гадз, з іх 6 займалі перадачы праграмы «Крыніца»), 3-я (5 гадз, рэтрансляцыя 1-, 3-, 4-, 5-, 6-й праграм радыё «Маяк», Масква), 4-я (1 гадз, на замежжа). У яго структуру ўваходзілі: дырэкцыя праграм, 6 вяшчальных рэдакцый, інфарм. служба, дырэкцыя вяшчання на 2-й праграме і рэдакцыя вяшчання на Мінск і Мінскую вобласць. У Доме радыё размяшчалася 13 студый, з іх 5 вяшчальных, 10 мантажных апаратных, цэнтр. апаратная. У выніку канцэптуальных змен у падрыхтоўцы і праграмнай сістэматызацыі перадач палепшылася змястоўнасць праграм. Адбылася прэм’ера публіцыстычнай праграмы «Спытаем сябе, таварышы!», якая выклікала палемічную размову па праблеме навукова-тэхн. прагрэсу. Цыкл перадач «Наватар» дапамагаў распаўсюджваць вопыт лепшых вынаходнікаў, канструктараў і інжынераў. Перадача «Актуальны мікрафон» асвятляла складаныя пытанні жыцця, узнятыя радыёслухачамі. Развівалася мясц. радыёвяшчанне Беларусі. У 1980 працавалі 6 рэдакцый абласнога, 115 раённага, 12 гарадскога і 32 фабрычна-завадскога радыё. З 1982 вялося рэгулярнае вяшчанне на кароткіх хвалях на замежныя краіны. Радыёстанцыю «Беларусь» слухалі на бел., рус., англ. і ням. мовах у ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Індыі, а таксама ў 20 краінах Зах. Еўропы і Паўн.-Зах. Афрыкі.
У 1985—91 з’яўленне галоснасці і плюралізму выклікала працэс глыбокага рэфармавання ўсіх бакоў дзейнасці бел. радыёвяшчання: арганізацыйнай структуры, праграмнай, ідэалагічнай і творчай установак, адносін да аўдыторыі. Значнае месца ў інфарм. і аналітычных перадачах заняла Чарнобыльская трагедыя 1986, якую адлюстроўвалі ў радыёрэпартажах, выступленнях вучоных і палітыкаў, праблемных радыёсходах і пераклічках. З’явіліся радыёнарысы новага зместу: «Аднаўленне», «Круглянскі вузел», «Высокае званне — настаўнік», «Дарога ў заўтра», «Голас дэмакратыі». У аналітычным вяшчанні сталае месца занялі палемічныя выступленні па пытаннях нац. гісторыі, адраджэння бел. мовы і культуры, стану навакольнага асяроддзя, маральна-этычная тэматыка, праблемы маральнага аблічча людзей.
Сучасны стан радыёвяшчання. Пасля распаду СССР у пач. 1990-х г. перастала існаваць сістэма Усесаюзнага радыёвяшчання. У новых сац.-паліт. умовах Бел. радыё захавала сваё традыцыйнае месца ў сістэме Белдзяржтэлерадыё, а яго развіццё насіла паступовы характар. Асноўнымі яго рысамі заставаліся высокі ўзровень цэнтралізацыі, кантроль за трансляцыйнай сеткай і інфарм. патокам. Значна знізілася колькасць праграм раённага (рэгіянальнага) радыё (у 1991 засталося 40 радыёпраграм). Распрацаваная ў пач. 1990-х г. доўгатэрміновая творчая праграма дазваляла аператыўна інфармаваць радыёслухачоў пра актуальныя і надзённыя пытанні, якія цікавілі грамадзян Беларусі. Цэнтр. тэмамі сталі пытанні сац.-эканам. развіцця краіны, дзярж. будаўніцтва, праблемы Чарнобыльскай катастрофы, мед. абслугоўвання насельніцтва, сац. абароны ўсіх катэгорый грамадзян, найперш ветэранаў вайны, пенсіянераў, інвалідаў і інш. У 1991 у эфір выйшлі інфармацыйна-аналітычныя перадачы «Радыёфакт» і «Пастфактум». Шырэй выкарыстоўваліся магчымасці прамога эфіру. З кастр. 1992 радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная» на 2-й праграме атрымала 2 гадз прамога эфіру. Загучалі маладзёжныя выпускі «Музыка тоўстых», «Квадракола», «Сусветная служба «Беларускай маладзёжнай». Рэарганізавана Мінскае абл. радыё. Рэдакцыя вяшчання на Мінск і Мінскую вобласць атрымала назву радыёстанцыя «Сталіца». У маі 1994 радыёстанцыі «Крыніца» і «Беларуская маладзёжная» аб’яднаны ў новую праграму «Радыё-2» (вяшчанне на сярэдніх хвалях 5 гадз у будныя дні і 2 — у выхадныя). Папулярнымі былі яе рубрыкі «Жыццяпіс» (пра гісторыю краіны), «Мястэчка» (расказы пра малыя гарады Беларусі), «Сто пытанняў і адказаў, як стаць здаровым і шчаслівым», «Эдэльвейс» (турыстычная праграма), «Слова для душы» (перадача для вернікаў).
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28.9.1994 зацверджана Палажэнне аб Нацыянальнай дзярж. тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, якая пачала ажыццяўляць кіраўніцтва ўсім працэсам ад стварэння да выхаду ў эфір тэлерадыёпраграм. Распрацавана новая структура і канцэпцыя эвалюцыйнага рэфармавання нац. тэлебачання і радыё. З прыняццем Закона Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» ад 13.1.1995 і Указа Прэзідэнта «Аб дзяржаўнай камісіі па радыёчастотах» ад 17.11.1995 на Беларусі пачало развівацца і камерцыйнае радыёвяшчанне.
Аснова вяшчальнай палітыкі Бел. радыё ў пач. 2000-х г. — масавасць, даступнасць, вялікі аб’ём інфармацыі, аператыўнасць і актуальнасць. У 2003 яно перайшло на лічбавае вяшчанне. Праведзена камп’ютэрызацыя рабочых месцаў журналістаў. Эфір стаў больш дынамічным і «жывым». Скарацілася колькасць запісаных праграм. Створаны неабходныя ўмовы для падрыхтоўкі праграм на конкурснай аснове. У радыёэфіры дамінуюць прамыя кантакты са слухачамі, інтэрактыўныя перадачы, кароткія жанравыя формы: рэпартажы, апытанні насельніцтва, каментарыі экспертаў і інш.
У 2004 Бел. радыё вядзе перадачы па 2 агульнанац. каналах: «Першы нацыянальны канал» і «Культура», 3 радыёстанцыях: «Радыус-FM», «Беларусь» і «Сталіца». Агульны аб’ём вяшчання — 80 гадз у суткі.
Адзін з галоўных прыярытэтаў «Першага нацыянальнага канала» (аб’ём вяшчання 19 гадз у суткі) — аператыўнае асвятленне найважнейшых падзей у краіне і за яе межамі. У 2 разы павялічана інфарм. вяшчанне: выпускі «Навін» выходзяць у рэжыме рэальнага часу ў пачатку кожнай гадзіны. Аналіз асноўных навін, інфармацыю для дзелавых людзей, агляды газет і інш. дае ранішні «Радыёфакт», а вынікі дня падводзіць «Пастфактум-радыё». Аналітычныя праекты «Тэма дня», «Тэма тыдня», «Дыялог», «Палітычны вектар», «Без бар’ераў», «Прававы канал» закранаюць актуальныя праблемы грамадска-паліт. жыцця Беларусі. У эфір выходзяць публіцыстычныя праграмы «Беларусь—Расія», «Супольнасць», «Мая краіна — Беларусь», «Час і моладзь». Жыццё і духоўнае адраджэнне вёскі, аграрныя праблемы асвятляюць тэматычныя блокі «Сельская раніца», «Падворак», «Аграрнае пытанне». Культурнае і муз. жыццё краіны адлюстравана ў інфармацыйна-асветным, культуралагічным праекце «Культурная прастора». Праграма ўключае аўтарскія праекты асветнага характару, сустрэчы з пісьменнікамі, кампазітарамі, выкарыстоўваюцца новыя формы вяшчання з забаўляльнымі элементамі і інш. У ранішнім блоку — скразны канцэптуальны праект «Будзем разам», у вячэрнім — самая рэйтынгавая праграма «Вітаем, віншуем, жадаем!», сац. перадача «Зваротная сувязь». Сваю пастаянную слухацкую аўдыторыю маюць аўтарскія праграмы «Музычны сшытак», «Брама», «Палітра», «Сентыментальнае паляванне» (новыя імёны ў літаратуры, навамодныя літ. пошукі), «Авансцэна» (тэатральнае жыццё). Муз. гадзінныя праекты «Новае рэтра», «Варыяцыі на тэму», «Класіка-экспрэс» ахопліваюць усе стылі і кірункі сучаснай музыкі. Духоўна-адукацыйны характар мае асветніцкая праграма «Святло душы». З багаццем нац. культуры знаёміць слухачоў «Беларускі альбом». Папулярнымі сталі суботні «Музычны партал» (прамая эфірная інтэлектуальная гульня), нядзельны забаўляльна-пазнавальны «Радыёпарк» (сустрэчы з цікавымі суразмоўцамі), «Экалагічны маніторынг», вячэрні нядзельны праект «Канцэртная зала» (для аматараў класічнай музыкі), «Адкрытая пляцоўка» (праграма для моладзі), эксперыментальны праект «Кароткія гісторыі» і інш.
Канал «Культура» вядзе перадачы са студз. 2002 (аб’ём вяшчання 17 гадз у суткі). Яго ідэя сфармулявана ў слогане «Мы выбіраем вечныя каштоўнасці». На канале створана свая інфарм. служба, якая асвятляе падзеі культурнага жыцця Беларусі, творчыя пошукі бел. інтэлігенцыі і дасягненні сусв. літаратуры і мастацтва. Класічную музыку, літ. і публіцыст. матэрыялы, сабраныя за паўстагоддзя, прадстаўляе рубрыка «З фондаў радыё». Перадачы «Падарожжа творчага чалавека», «Гасцінец» «Бестселер», «Летапіс», «Гаспода», «Дыялогі пра культуру», «Тэатральны пад’езд», «Беларускія музычныя сезоны», «Гадзіна з крытыкам» складаюць 3 блокі эфіру: ранішні — «Дэбют», дзённы — «Імпрэза» і вячэрні — «Бенефіс». Сярод творчых удач канала — удзел у Дні еўрап. культуры (па ініцыятыве Еўрапейскага вяшчальнага саюза) і стварэнне цыкла перадач «Сучаснае беларускае апавяданне», які папаўняе фонд Бел. радыё.
Радыёстанцыя «Радыус-FM» працуе з ліп. 2003 (аб’ём вяшчання 20 гадз у суткі). Прыярытэтны кірунак — музычна-інфармацыйны, ахоплівае слухацкую аўдыторыю розных узроставых і сац. груп. Муз. вяшчанне фарміруецца на парытэтных суадносінах бел., расійскай і замежнай музыкі. Эфірная вяшчальная сетка радыёстанцыі ўключае музычна-забаўляльныя шоу — ранішняе «Максімальная раніца», дзённае «Гарачыя мінскія хлопцы» і вячэрняе «Шок і хваляванне», муз. праграму па заяўках слухачоў «Візітніца», аўтарскія праграмы «Ой, мамачкі» (для маладых мам), «Каробка перадач» (для аўтамабілістаў), «Усё ўключана» (для турыстаў), гумарыст. радыёсерыялы, выніковы муз. хіт-парад нядзелі (працягласць 3—4 гадз), запісаныя праграмы, муз. нон-стоп, выпускі навін (выходзяць у эфір у пачатку кожнай гадзіны).
Радыёстанцыя «Сталіца» вядзе перадачы з верасня 1998 (аб’ём вяшчання 20 гадз у суткі). Адзін з галоўных яе прыярытэтаў — музычнае вяшчанне. Штодзённа выходзіць інфармацыйна-аналітычная праграма «Сёння і заўтра», якая асвятляе жыццё Мінска, Мінскай вобласці і ўсёй рэспублікі. Найб. папулярная штодзённая праграма — «Свята кожны дзень», дзякуючы якой непасрэдна ў эфіры слухачы могуць адправіць прывітанне і найлепшыя пажаданні сваім блізкім, сябрам і знаёмым. У прамым эфіры выходзяць праграмы «Давайце пазнаёмімся», «Аднойчы з песняй» (падборка інфармацыі з музычнага жыцця, шоу-бізнесу і пра маладых выканаўцаў), нядзельны «Народны хіт» (слухачы могуць выканаць у эфіры сваю любімую песню), сямейная праграма «Шоу ў пясочніцы» (5—7-гадовыя дзеці разважаюць аб праблемах дарослых). Штотыднёвая тэматычная праграма «Краіна футбола» расказвае пра спарт. падзеі ў краіне і свеце.
Радыёстанцыя «Беларусь» — адзіны ў краіне радыёканал, які працуе на замежную аўдыторыю (70 краін свету) на бел., рус., ням., англ. мовах (аб’ём вяшчання 4 гадз у суткі). Кожныя паўгадзіны выходзяць выпускі «Навін». Інфарм. выпуск «Беларусь дзень за днём» і інфармацыйна-аналітычная праграма «Беларусь у люстэрку падзей» асвятляюць найбольш важныя падзеі ў жыцці краіны. Праграма ўключае радыёсустрэчы з дзярж. дзеячамі, вучонымі, пісьменнікамі, музыкантамі, спартсменамі і інш. Найбольш папулярныя перадачы прысвечаны адраджэнню нац. культуры, духоўным каштоўнасцям бел. народа: «Весткі з бацькаўшчыны», «Скарбы беларускай літаратуры», «Скарбы беларускай мовы», «Славутыя імёны бацькаўшчыны», «Беларусь у асобах», «Сябрына» і «Калейдаскоп» (абедзве на ням. мове), «Спадчына» (на англ. мове). Выходзіць праграма для моладзі «Беларусь маладая». Прыярытэтны кірунак муз. палітыкі радыёстанцыі — папулярызацыя лепшых узораў нар., класічнай і сучаснай бел. музыкі.
Агульны аб’ём вяшчання Бел. радыё складае каля 590 гадз у месяц, з іх арыгінальнага — 442 гадз. З 1998 у дыяпазоне сярэдніх і кароткіх хваль рэтрансліруюцца перадачы на рэгіёны Расіі. Праграмы Бел. радыё прымаюць таксама жыхары Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны. Бел. радыё мае разгалінаваную карэспандэнцкую сетку. Яна сфарміравана з супрацоўнікаў Бел. радыё і абл. тэлерадыёкампаній, падтрымлівае сувязі з блізкім і далёкім замежжам. Штодзённа ўласныя карэспандэнты ва ўсіх абласцях і буйнейшых раёнах рыхтуюць каля 50 падзейных і тэматычных матэрыялаў.
У склад Бел. радыё ўваходзяць Генеральная дырэкцыя і падпарадкаваныя ёй 5 дырэкцый: каардынацыйная (ажыццяўляе тэматычнае перспектыўнае і бягучае планаванне вяшчання); дырэкцыя канала «Культура»; дырэкцыя маст. і музычна-забаўляльнага вяшчання; дырэкцыя інфарм. і грамадска-паліт. вяшчання; дырэкцыя эфірнага дня (ажыццяўляе аператыўнае планаванне і кантроль за вытворчасцю і выхадам праграм у эфір). У структуры Бел. радыё працуе «Аб’яднанне музычных калектываў»: акадэмічны хор, сімфанічны аркестр, дзіцячы хор «Галасы дзяцінства», ансамбль нар. музыкі «Бяседа», ансамбль камернай музыкі «Сімфаньета».
На Беларусі функцыянуюць абл. тэлерадыёкампаніі, якія вядуць перадачы ва УКВ- і FM-дыяпазонах 17 гадз у суткі і ахопліваюць радыёвяшчаннем 63,8% насельніцтва краіны. Існуе правадная сетка, якая трансліруе ўласныя перадачы і перадачы «Першага нацыянальнага канала». У раёнах пры райвыканкомах працуюць рэдакцыі радыёвяшчання. У буйных гарадах і на многіх прадпрыемствах краіны дзейнічае аўтаномнае радыёвяшчанне. Асноўная форма перадачы радыёвузлоў у гарадах, раёнах і на прадпрыемствах — выпускі апошніх навін і тэматычныя перадачы па найважнейшых пытаннях сац.-эканам. жыцця.
На інфарм. прасторы Беларусі прыкметнае месца займаюць недзярж. (камерцыйныя) радыёстанцыі. Бел. шкала дыяпазону FM-станцый мае 19 станцый, у т. л. «Радыё—Бі-Эй», «Альфа радыё», «Радыё Рокс-М», «Новы стыль», «Стыль», «Юністар-Радыё БДУ», «Радыёстанцыя «Аўтарадыё». Яны далі пачатак развіццю размоўна-муз. вяшчання ў музычна-забаўляльным жанры (напр., радыёінтэрмедыі з вядучым дзі-джэем) і складаюць канкурэнцыю 4 сеткавым каналам («Рускае радыё», «Мелодыі стагоддзя», «Еўропа плюс» і «Хіт-FM»), што рэтрансліруюцца з Масквы. Адметная рыса бел. FM-станцый — іх апалітычнасць. Функцыянуюць таксама камерцыйныя радыёстанцыі ў гарадах абл. падпарадкавання і раённых цэнтрах: «Арбіта плюс» (Гродна), «Вясёлка плюс» (Магілёў), «Буг ТВ» (Брэст), «Нелі-Інфа» (Мазыр), «Салтэк» (Салігорск), «Гефест» (Пружаны), «Нюанс» (Жлобін), «Сваё радыё» (Пінскі раён), «Наш час» (Маладзечанскі раён) і інш.
На 1.1.2004 на Беларусі 132 праграмы радыёвяшчання, у т. л. 113 дзярж. праграм, 19 радыёпраграм недзярж. формы ўласнасці.
Літ.:
Лебедзеў А.П. Бітва нябачнага фронту. Мн., 1972;
Гаворыць і паказвае Беларусь. Мн., 1975;
Радио в дни войны. М., 1975;
Радкевіч Я.Р. Беларускае радыё: Гісторыя, перспектывы развіцця. Мн., 1983;
Дубовік С.В. СМІ постсацыялістычнай Беларусі: пошук новай рацыянальнасці. Мн., 2003;
Шеин В.Н. Информационные и аналитические жанры радиожурналистики. Мн., 2003.