уяўная сфера адвольнага радыуса, на якую праектуюцца нябесныя свяцілы. Служыць для зручнасці вызначэння нябесных каардынат свяціл і вуглавых адлегласцей паміж імі.
На Н.с. і ўнутры яе фіксуюцца гал. лініі і пункты, адносна якіх праводзяцца ўсе вымярэнні вуглавых велічынь. Звычайна цэнтр Н.с. змяшчаюць у пункт знаходжання вока назіральніка. Прамая ZOZ′, якая праходзіць праз цэнтр O Н.с. і супадае з напрамкам ніткі адвеса ў месцы назірання, наз.вертыкальнай лініяй. Яна перасякае Н.с. ў пунктах зеніту (Z) і надзіра (Z′). Плоскасць, што праходзіць праз цэнтр Н.с. перпендыкулярна вертыкальнай лініі, перасякае Н.с. па акружнасці SWNE, якая наз. матэматычным ці сапраўдным гарызонтам. Ён падзяляе Н.с. на бачную і нябачную паўсферы. Дыяметр РР’, вакол якога адбываецца вярчэнне Н.с., наз. воссю свету. Яна перасякае Н.с. ў Паўночным (P) і Паўднёвым (P′) полюсах свету. Вугал φ паміж воссю свету і плоскасцю гарызонта роўны геагр. шыраце месца назірання. Плоскасць, што праходзіць праз цэнтр Н.с. перпендыкулярна восі свету, перасякае Н.с. па акружнасці QWQ′E, якая наз.нябесным экватарам. Ён падзяляе паверхню Н.с. на 2 паўшар’і — паўночнае і паўднёвае. Нябесны экватар перасякаецца з матэм. гарызонтам у 2 пунктах — пункце ўсходу (E) і пункце захаду (W). Плоскасць, што праходзіць праз вось свету і вертыкальную лінію, перасякае Н.с. па акружнасці PZQSP′Z′Q′N, якая наз.нябесным мерыдыянам. Ён падзяляе паверхню Н.с. на ўсходняе і заходняе паўшар’і. Нябесны мерыдыян перасякаецца з матэм. гарызонтам у пункце поўначы (N) і пункце поўдня (S); прамая NS — паўдзённая лінія. Вялікі круг Н.с., які праходзіць праз зеніт, свяціла М і надзір, наз.кругам вышыні, ці вертыкалам свяціла. З прычыны сутачнага вярчэння Зямлі становішча свяціл на Н.с. зменьваецца: яны апісваюць паралельныя нябеснаму экватару акружнасці — нябесныя, ці сутачныя паралелі свяціл. Плоскасць, што праходзіць праз цэнтр Н.с., полюсы свету і свяціла, перасякае Н.с. па акружнасці, якая наз.гадзінным кругам ці кругам схілення свяціла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́СПЕРС (Jaspers) Карл (23.2.1883, г. Ольдэнбург, Германія —26.2.1969),
нямецкі філосаф і псіхіятр; адзін з заснавальнікаў экзістэнцыялізму. З 1908 асістэнт псіхіятрычнай бальніцы ў Гайдэльбергу, з 1921 праф. філасофіі ў Гайдэльбергскім ун-це. У 1937 адхілены ад выкладання, вярнуўся да яго ў 1945. З 1948 выкладаў у Базельскім ун-це. У псіхіятрыі кіраваўся біяграфічным метадам; разглядаў хваробу не як працэс распаду чалавечай асобы, а ў сувязі з гісторыяй жыцця, з пошукам чалавекам уласнай індывідуальнасці («Усеагульная псіхапаталогія», 1913). Некаторыя яго працы прысвечаны праблемам патаграфіі — псіхапаталагічнаму аналізу эвалюцыі знакамітых асоб (Ю.А.Стрындберг, В.В. ван Гог, Ф.В.Ніцшэ). У 1920—30-я г. Я. стварыў уласны варыянт экзістэнцыяльнай філасофіі, дзе філасофію вызначыў не як стварэнне пэўнай сістэмы, а як адкрыты духоўны працэс, што высвятляе становішча чалавека ў свеце. Асн. катэгорыі яго філасофіі — экзістэнцыя, трансцэндэнцыя, сітуацыя, гістарычнасць, камунікацыя. Сэнс экзістэнцыі ён бачыў у свабодзе. Быццё ў філасофіі Я. паўстае як прадметнае быццё, экзістэнцыя і трансцэндэнцыя (Бог). Мысленне, спалучанае з прадметным быццём, ёсць «арыентацыя ў свеце», філасофстваванне аб экзістэнцыі паўстае як яе «прасвятленне» («Розум і экзістэнцыя», 1935). Праблемы быцця, пазнання і чалавека Я. разглядаў з пункту гледжання гістарычнасці, пад якой ён разумеў незаменнасць, непаўторнасць, канчатковасць чалавечай асобы. Адрозненне філас. веры ад рэлігійнай бачыў у тым, што першая заснавана на штодзённым вопыце любога чалавека, а другая не можа быць агульназначнай, бо заснавана на адкрыцці. Я. стварыў сваю ўласную канцэпцыю гісторыі, заснаваную на ідэях гіст. цэласнасці і адзінстве чалавецтва. Ён акрэсліў 4 «зрэзы» гісторыі: дагістарычны перыяд (авалоданне людзьмі мовай, прыладамі працы і агнём); стараж. культуры; «вось сусветнага часу» (8—2 ст. да н.э.), ад якога толькі пачынаецца сусв. гісторыя; станаўленне навук.-тэхн. цывілізацыі («Еўропа 17—20 ст.; «філасофія». Т. 1—3, 1931—32).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБВЯШЧЭ́ННЕ ПАМЕ́РЛЫМ,
паводле бел. права прызнанне па рашэнні суда грамадзяніна памерлым пры адсутнасці ў месцы яго пастаяннага жыхарства звестак пра яго месцазнаходжанне на працягу 3 гадоў, а калі ёсць падставы меркаваць, што ён прапаў без вестак пры абставінах, калі яму пагражала смерць, — на працягу 6 месяцаў. У выпадку яўкі або выяўлення месцазнаходжання такога грамадзяніна рашэнне аб абвяшчэнні памерлым адмяняецца судом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАРА́ (грэч. agora),
у стараж. грэкаў назва нар. сходу і месца, дзе ён адбываўся. Агара займала цэнтр. месца т.зв. ніжняга горада, які размяшчаўся пад узгоркам акропаля. Звычайна агара — цэнтр.гандл. плошча горада (у перыяд архаікі складалася стыхійна; у эпоху класікі і элінізму мела рэгулярную планіроўку), на якой знаходзіліся храмы, дзярж. ўстановы, майстэрні і крамы.
Агара ў Асосе (эліністычны перыяд). Рэканструкцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІСЕКТРЫ́СА (ад бі... + лац. seco рассякаю) вугла, прамая, што праходзіць праз вяршыню вугла і дзеліць яго папалам. Усе пункты бісектрысы роўнааддаленыя ад бакоў вугла. Бісектрыса трохвугольніка — адрэзак бісектрысы аднаго з вуглоў гэтага трохвугольніка паміж яго вяршыняй і процілеглай стараной, якую ён дзеліць на адрэзкі, прапарцыянальныя бакавым старанам. Бісектрысы ўсіх вуглоў трохвугольніка перасякаюцца ў адным пункце — цэнтры ўпісанай акружнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ДША,
ізяслаўскі князь сярэдзіны 12 ст. Магчыма, сын полацкага кн.Васількі Святаславіча. У 1159 непаўналетнім пасаджаны на княжанне ў Ізяслаўлі са старэйшым братам Брачыславам. Пасля нападу Глебавічаў ён адпраўлены ў палон у Мінск, Брачыслава закавалі ў жалеза. У час паходу на Менск у 1160 полацкі кн. Рагвалод вызваліў братоў. У 1180 у паходзе на Друцк удзельнічаў Андрэй Валодшыч, магчыма, сын Валодшы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДРАЎ ПРЫВІЛЕ́Й 1492,
заканадаўчы акт у ВКЛ, дадзены вял.кн.Аляксандрам. Разам з прывілеем 1447 замацоўваў прынцыпы міжнар. палітыкі дзяржавы, абмяжоўваў уладу вял. князя панамі-радай, без згоды якіх ён не мог прымаць важных рашэнняў, вызначаў асновы адм., цывільнага і крымін. права. Быў своеасаблівай феад. канстытуцыяй, крыніцай пісанага права, нормы якога пазней увайшлі ў Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРСЕ́Н, Арсен Адзелашвілі (? — 1843),
удзельнік сялянскага руху ў Грузіі ў 1-й пал. 19 ст. Адабраныя ў багацеяў каштоўнасці і маёмасць ён раздаваў беднякам, за што набыў павагу прыгнечанага народа. Яму прысвечана груз.нар. паэма «Песня пра Арсена» (створана ў 1840-я г., апубл. ў 1872). Яго вобраз як нар. героя ўвасоблены ў творчасці многіх пісьменнікаў, адлюстраваны ў драматургіі і кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАНА́НС (ад франц. assonance сугучнасць),
паўтарэнне аднолькавых або падобных галосных гукаў; від гукапісу. Паэт. твору, як і алітэрацыя, з якой ён звычайна спалучаецца, надае мілагучнасць і сэнсава-эмац. выразнасць. У вершы Я.Купалы «Летам» асананс стварае радасны, бадзёры настрой: «Звоніць поле доляй, воляй, // Звоніць поле ў каласкі...». У сучаснай паэзіі часта ўжываецца асанансная (недакладная) рыфма, у якой супадаюць толькі галосныя гукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛОЎНАКАМА́НДУЮЧЫ,
асоба, якая ўзначальвае ўзбр. сілы дзяржавы, асобныя віды ўзбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМФ і інш.) або частку ўзбр. сіл на пэўным напрамку ваен. дзеянняў. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь галоўнакамандуючым яе Узбр. Сіламі з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, які адказны перад народам за забеспячэнне надзейнай абароны дзяржавы і ажыццяўленне ваен. палітыкі і ваен. дактрыны. Ён жа назначае вышэйшы камандны састаў Узбр. Сіл краіны.