КА́БЕЛЬ (ад галанд. kabel канат, трос) электрычны, адзін ці некалькі ізаляваных праваднікоў (токаправодных жыл), змешчаных у ахоўную (звычайна герметычную) абалонку. Выкарыстоўваецца для перадачы на адлегласць эл. энергіі (сілавы К.) або сігналаў (кабель сувязі). Злучаецца кабельнымі муфтамі. Пракладваюцца ў зямлі спец. машынамі — кабелеўкладчыкамі, у вадзе з дапамогай кабельных суднаў.
Сілавы К. звычайна трохжыльны, напружаннем да 500 кВ Жылы яго з медзі, алюмінію, часам са сталі; ізаляцыя — з дыэлектрыка, які аддзяляе жылы адна ад адной і ад абалонкі; абалонка — свінцовая, алюмініевая або з пластмасы; ахоўныя пакрыцці — прамочаная кабельная пража, стружачная метал. браня і інш. Сілавыя К. пракладваюць у спец. кабельных збудаваннях (каналах, тунэлях і г.д.), у зямлі (у спецыяльна абсталяваных траншэях), пад вадой. а таксама выкарыстоўваюць у шлангавым выкананні (для падключэння рухомых машын, напр. ліфтаў). Бываюць: з мнагаслойнай папяровай ізаляцыяй, прамочанай маслаканіфольным саставам; масланапоўненыя на напружанне 110—750 кВ (эл. трываласць шматслойнай папяровай ізаляцыі забяспечваецца малавязкім мінер. маслам пад ціскам 0,1—1,5 МПа); газанапоўненыя на напружанне 35—275 кВ (эл. трываласць забяспечваецца газам, звычайна азотам пад ціскам да 3 МПа, які ўводзіцца непасрэдна ў ізаляцыю або ўздзейнічае на абалонку жылы звонку); крыягенныя на напружанне да 500 кВ (жылы з медзі або алюмінію высокай чысціні ахалоджваюцца ў вадкім вадародзе ці азоце да крыягенных т-р — менш за 120 К); звышправодныя на напружанне да 500 кВ і больш (жылы з звышправаднікоў ахалоджваюцца да т-ры ніжэй за крытычную; эл. ізаляцыя — вакуум, вадкі гелій або сінт. матэрыялы, насычаныя холадаагентам). Існуе больш за 1000 тыпаў К. На Беларусі К. выпускаюць акц. т-вы «Гомелькабель» (гл.Гомельскі кабельны завод) і «Мазыркабель» (гл.Мазырскі кабельны завод).
Разнавіднасці сілавых і кантрольных электрычных кабеляў: а — браніраваны для сілавых і асвятляльных установак; б — камбінаваны гнуткі для падачы электраэнергіі да землярыйных і горназдабыўных машын; в — шлангавы асабліва гнуткі для ліфтавых установак; г — масланапоўнены ў стальным трубаправодзе для пракладкі праз водныя перашкоды і інш.; д — браніраваны газанапоўнены пад ціскам для ЛЭП высокага напружання; е — кантрольны для далучэння электрычных прылад і прыстасаванняў кіравання і аховы; 1 — токаправодная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАМЕ́ННЫ ТОК,
электрычны ток, які перыядычна зменьваецца па значэнні і напрамку. Характарызуецца перыядам T (прамежак часу паміж двума аднолькавымі імгненнымі значэннямі току, вымяраецца ў секундах) і частатой f (велічыня адваротная перыяду:
, вымяраецца ў герцах). У еўрап. краінах і СНД прынята стандартная частата 50 Гц, у ЗША — 60 Гц. У спец.прамысл. устаноўках ужываюцца частоты да 50 МГц, у радыётэхніцы да дзесяткаў тыс.МГц. П.т. найб. прыдатны для атрымання электраэнергіі (на электрастанцыях), яе перадачы і размеркавання (з дапамогай ліній электраперадачы, падстанцый, размеркавальных электрычных сетак), што абумоўлена зручнасцю і эканамічнасцю пераўтварэння П.т., прастатой і надзейнасцю пераменнага току машын. Найб. пашыраная сістэма П.т. — трохфазны ланцуг.
Сінусаідальны П.т. i (імгненнае значэнне) з амплітудай Im, кругавой частатой ω = 2πf і пачатковай фазай φi мяняецца паводле закону: i = Imsin(ωt + φi). Дзейнае (эфектыўнае) значэнне П.т.
. У ланцугу толькі з актыўным электрычным супраціўленнем ток супадае па фазе з напружаннем электрычным, а яго дзейнае значэнне
У ланцугу з індуктыўнасцю L змена току выклікае эрс самаіндукцыі, якая стварае дадатковае індуктыўнае супраціўленне XL = ωL. У выніку ток па фазе адстае на чвэрць перыяду ад напружання. У ланцугу з электраёмістасцю дзеянне пераменнага напружання перыядычна мяняе зарады на абкладках кандэнсатара. У выніку ўзнікае ток, дзейнае значэнне якога
, дзе
— ёмістаснае супраціўленне. Ёмістасны ток па фазе апераджае напружанне на чвэрць перыяду. Магутнасць электрычная П.т. складаецца з актыўнай магутнасці і рэактыўнай магутнасці. У агульным выпадку паміж токам і напружаннем існуе зрух фаз
. Косінус гэтага вугла наз.магутнасці каэфіцыентам і вызначаецца адносінамі актыўнай P і поўнай S магутнасцей:
. Аналіз і разлік П.т. робіцца з дапамогай вектарных дыяграм, сімвалічнага метаду (геам. аперацыі з вектарамі замяняюцца алгебраічнымі, для разліку ланцугоў П.т. выкарыстоўваюцца метады і законы ланцугоў пастаяннага току), чатырохполюсніка і інш. Разлік несінусаідальнага П.т. ажыццяўляецца метадамі гарманічнага аналізу і спектральнага аналізу.
Літ.:
Бессонов Л.А. Теоретические основы электротехники. 6 изд. М., 1973;
Нейман Л.Р., Калантаров П.Л. Теоретические основы электротехники. Ч. 2. 5 изд. М.; Л., 1959;
Теоретические основы электротехники. Ч. 2. 3 изд. М., 1970;
Касаткин А.С. Электротехника. 3 изд. М., 1974.
У.М.Сацута.
Схема, графікі напружання u і току i у ланцугу пераменнага току: 1 — з актыўным супраціўленнем R. 2 — з індуктыўнасцю L; 3 — з ёмістасцю C; T — перыяд.Графікі напружання u і току i у ланцугу пераменнага току: α, β — пачатковыя фазы току і напружання; φ — зрух фаз; Im, Um — амплітуды току і напружання; ω — вуглавая частата; t — час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНЕТЫ́ЗМ (ад грэч. magnētis магніт),
сукупнасць з’яў, звязаных з асаблівай формай узаемадзеяння паміж эл. токамі, токамі і магнітамі (целамі з магнітным момантам) і паміж магнітамі; раздзел фізікі, які вывучае гэтае ўзаемадзеянне і ўласцівасці рэчываў (магнетыкаў), у якіх яно праяўляецца.
Магн. ўзаемадзеянне цел перадаецца праз магнітнае поле, якое з’яўляецца адной з форм існавання электрамагнітнага поля. Нягледзячы на непарыўную сувязь паміж эл. і магн. з’явамі, магн. з’явы прынцыпова адрозніваюцца ад электрычных з-за адсутнасці ў прыродзе адасобленых магн. полюсаў (магн. зарадаў; гл.Манаполь магнітны). Крыніца эл. поля — эл. зарад, магн. поля — рухомы эл. зарад (электрычны ток), пераменнае (віхравое) эл. поле або элементарныя часціцы з адметным ад нуля ўласным магн. момантам. М. атамаў, малекул і макраскапічных цел вызначаецца ў канчатковым выніку М. элементарных часціц (у асн.магн. момантам электронаў). У залежнасці ад характару ўзаемадзеяння часціц-носьбітаў магн. моманту адрозніваюць М. рэчываў з атамным магн. парадкам (ферамагнетызм, ферымагнетызм, антыферамагнетызм) і М. слабаўзаемадзейных часціц (парамагнетызм, дыямагнетызм). Магн. ўласцівасці рэчываў, макраскапічныя праяўленні іх М. тлумачацца на аснове законаў квантавай механікі, разглядаюцца ў рамках тэорыі эл.-магн. поля, тэрмадынамікі і статыстычнай фізікі. М. праяўляецца ва ўсіх фізіка-хім. працэсах, што адбываюцца ў рэчыве. Магн. палі ёсць у зорак, Сонца, некат. планет Сонечнай сістэмы, у касм. прасторы. Яны ўплываюць на рух зараджаных часціц, вызначаюць многія астрафіз. і геамагн. з’явы (сонечныя ўспышкі, зямныя магн. буры і г.д.). Магн. ўласцівасці рэчываў шырока выкарыстоўваюцца ў электра- і радыётэхніцы, вылічальнай тэхніцы і тэлемеханіцы, аўтаматыцы, прыладабудаванні, марской і касм. навігацыі і інш.
З’ява М. вядома са старажытнасці. З 12 ст. ў Еўропе пачаў шырока выкарыстоўвацца магн. компас. Вучэнне пра М. развівалі У.Гільберт, Р.Дэкарт, Ф.Эпінуе, Ш.Кулон. У 1820 Х.К.Эрстэд адкрыў магн. поле эл. току, А.М.Ампер устанавіў законы магн. ўзаемадзеяння токаў. У 1830-я г. К.Гаўс і В.Вебер развілі матэм. тэорыю геамагнетызму (гл.Зямны магнетызм). Грунтоўную трактоўку з’яў М. на аснове ўяўленняў аб рэальнасці эл.-магн. поля даў М.Фарадэй, які ў 1831 адкрыў электрамагнітную індукцыю. У 1872 Дж.Максвел стварыў агульную тэорыю эл.-магн. з’яў (гл.Максвела ўраўненні). Уласцівасці фера- і парамагнетыкаў вывучалі А.Р.Сталетаў (1872) і П.Кюры (1895). У 1905 П.Ланжэвэн пабудаваў тэорыю дыямагнетызму, у 1925 С.Гаўдсміт і Дж.Уленбек адкрылі спін і М. электрона. У 1930-я г. пабудавана квантавамех. тэорыя магн. уласцівасцей свабодных электронаў (В.Паўлі, Л.Д.Ландау). Развіццё фізікі магн. з’яў прывяло да сінтэзавання новых магнітных матэрыялаў (ферытаў для ВЧ- і ЗВЧ-прыстасаванняў, высокакаэрцытыўных злучэнняў, празрыстых ферамагнетыкаў і інш.).
На Беларусі даследаванні па фізіцы магн. з’яў праводзяцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН Беларусі, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
Літ.:
Вонсовский С.В. Магнетизм. М., 1971;
Маттис Д. Теория магнетизма: Введение в изучение кооперативных явлений: Пер. с англ.М., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРЫ́ЧНАСЦЬ (ад грэч. ēlektron бурштын),
сукупнасць эл.-магн. з’яў, звязаных з існаваннем, рухам і ўзаемадзеяннем зарадаў электрычных (зараджаных цел і часціц). Існаванне нерухомых зарадаў спараджае электрастатычнае поле, праз якое яны ўзаемадзейнічаюць (вывучаецца электрастатыкай). Рух зарадаў (электрычны ток) выклікае электрычнае поле і магнітнае поле. Яны звязаны паміж сабой і ўтвараюць электрамагнітнае поле, пры дапамозе якога ажыццяўляецца электрамагнітнае ўзаемадзеянне. Часткай агульнага вучэння пра Э. з’яўляецца магнетызм. Выкарыстаннем Э. ў тэхніцы займаецца электратэхніка. У вузкім сэнсе Э. — самі эл. зарады.
Эл. і магн. з’явы вядомы з глыбокай старажытнасці Назіраліся маланкі, свячэнні на вастрыях высокіх пабудоў і інш. праявы атмасфернай электрычнасці, прыцягванне пэўнымі мінераламі кавалачкаў жалеза, а бурштынам, пацёртым аб шэрсць, — лёгкіх прадметаў (электрызацыя трэннем). Тэрмін «Э.» увёў у 1600 У.Гільберт, які ўстанавіў адрозненне паміж эл. і магн. з’явамі, існаванне магн. полюсаў і інш. У 1733—34 франц. фізік Ш.Ф.Дзюфэ выявіў існаванне 2 родаў эл. зарадаў (адмоўных і дадатных) і характар іх узаемадзеянняў. У 1745 вынайдзены кандэнсатар (лейдэнская банка), які дазволіў назапашваць вял.эл. зарады. У 1745—53 Б.Франклін стварыў першую тэорыю эл. з’яў, устанавіў эл. прыроду маланкі. У 2-й пал. 18 ст. з’явіліся першыя вымяральныя прылады — электраскопы, электрометры. Г.Кавендыш (1773) і Ш.А.Кулон (1785) устанавілі закон узаемадзеяння эл. зарадаў (Кулона закон). Л.Гальвані (1791) і А.Вольта (1794) стварылі хім. і кантактавыя крыніцы эл. току (гальванічныя элементы і батарэі з іх — т.зв. вольтавы слупы). У 1802 В.У.Пятроў адкрыў электрычную дугу. У 1820 адкрыта залежнасць паміж магн. полем і эл. токам — Біо—Савара закон; Х.К.Эрстэд устанавіў сувязь паміж эл. і магн. з’явамі; А.М.Ампер — закон узаемадзеяння эл. токаў (Ампера закон). У 1826 Г.Ом устанавіў залежнасць эл. току ад напружання (Ома закон), у 1830 К.Ф.Гаўс сфармуляваў асн. тэарэму электрастатыкі (Гаўса тэарэма), у 1831 М.Фарадэй адкрыў з’яву электрамагнітнай індукцыі, у 1833—34 — законы электролізу, упершыню ўвёў уяўленні пра эл. і магн. палі. Дж.П.Джоўль (1841) і Э.Х.Ленц (1842) даследавалі цеплавое дзеянне эл. току і абгрунтавалі Джоўля—Ленца закон. У 1861—73 Дж.К.Максвел сфармуляваў фундаментальныя ўраўненні класічнай электрадынамікі — Максвела ўраўненні, з якіх вынікае існаванне электрамагнітных хваль. Дж.Дж.Томсан у 1897 адкрыў электрон, у 1898 вызначыў абс. значэнне яго зараду. У 1880—1909 Х.А.Лорэнц стварыў электронную тэорыю будовы рэчыва, растлумачыў шэраг эл.-магн. з’яў, заклаў асновы электрадынамікі рухомых асяроддзяў. Ураўненні Максвела разам з электроннай тэорыяй Лорэнца сталі асновай класічнай электрадынамікі. Г.Л.Герц (1886—89) эксперыментальна даказаў існаванне эл.-магн. хваль, М.К.Э.Л.Планк (1900) і А.Эйнштэйн (1905) прыйшлі да высновы аб квантавым характары эл.-магн. поля. У 2-й чвэрці 20 ст. створана квантавая тэорыя эл.-магн. працэсаў — квантавая электрадынаміка. Вучэнне пра Э. — навук. аснова электра- і радыётэхнікі, электронікі, фіз. оптыкі, электрахіміі і інш.
Літ.:
Тамм И.Е. Основы теории электричества. 9 изд. М., 1976;
Калашников С.Г. Электричество. М., 1977;
Стражев В.И., Томильчик Л.М. Электродинамика с магнитным зарядом. Мн., 1975;
Власов А.А. Микроскопическая электродинамика. М., 1955;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРА́КТАР (англ. tractor ад лац. traho цягну),
самаходная машына для перамяшчэння і прывядзення ў дзеянне агрэгатаваных з ёй прычапных, навясных, паўнавясных або стацыянарных машын і прылад. Бываюць колавыя і гусенічныя; с.-г. (агульнага прызначэння, універсальна-прапашныя, спец. — садова-агародныя, вінаграднікавыя, балатаходныя, горныя і інш.), прамысл. (тралёвачныя, дарожна-буд.), транспартныя (цягачы з платформай і без яе).
Складаецца з каркаса (апора Т.), рухавіка, трансмісіі (уключае счапленне, каробку перадач, галоўную перадачу, дыферэнцыял, механізмы павароту), хадавой часткі (пераўтварае вярчальны рух у паступальны з дапамогай колаў ці гусенічнага ходу), механізма кіравання (руль, тармазы), рабочага і дапаможнага абсталявання (прычапныя ўстройствы, навясная сістэма, вал адбору магутнасці, прывадны шкіў, ходапамяншальнік, сістэмы блакіравання дыферэнцыяла, асвятлення і сігналізацыі, кантрольна-вымяральная апаратура і інш.). Колавыя Т. больш простыя па канструкцыі і ў эксплуатацыі, больш універсальныя, быстраходныя, але маюць горшую праходнасць. Таму часам выпускаюцца з усімі вядучымі коламі або са здымным абсталяваннем паўгусенічнага ходу. Гусенічныя маюць высокую праходнасць і добрыя цягавыя паказчыкі, недахопы — вял. маса і нізкая зносаўстойлівасць гусенічнага ходу. На Т. устанаўліваюць пераважна дызелі, часам карбюратарныя рухавікі ўнутранага згарання, выкарыстоўваюць мех. і гідрамех. перадачы, для кіравання рабочымі органамі навясных машын — гідранавясныя сістэмы. Сельскагаспадарчыя Т. агульнага прызначэння выкарыстоўваюць пераважна для ворыва, сяўбы, культывацыі, уборкі с.-г. культур; універсальна-прапашныя — у асн. для міжрадковай апрацоўкі глебы і ўборкі прапашных культур. Асаблівасць прапашных Т. — праходнасць у міжрадкоўях пасеваў без пашкоджання раслін з-за адпаведнай шырыні колаў (гусеніц), дарожнага прасвету, абрысу, рэгулюемай каляіны. Паводле цягавага намагання Т. ў краінах СНД падзяляюцца на 10 класаў: клас 0,2 (намаганне 2 кН); 0,6 (6 кН); 0,9 (9 кН); 1,4 (14 кН); 2 (20 кН); 3 (30 кН); 4 (40 кН); 5 (50 кН); 6 (60 кН); 8 (80 кН). Кожны клас Т. складаецца з групы машын, канструкцыйна уніфікаваных і з прыкладна аднолькавымі цягавымі ўласцівасцямі. Асн. (найб. пашыраная) мадэль групы наз. базавай; мадыфікацыя — Т., уніфікаваны з базавай мадэллю па асн. зборачных адзінках і сістэмах. На с.-г. Т. устаноўлены мех. каробкі перадач з лікам перадач да 32, у асн. з шасцернямі пастаяннага зачаплення. Ёсць бесступеньчатыя трансмісіі з гідрастат. і гідрамех. перадачамі. Для паніжаных тэхнал. скарасцей трансмісія абсталёўваецца ходапамяншальнікам. Эксплуатацыйныя паказчыкі Т. падзяляюцца на тэхніка-эканам. (прадукцыйнасць у агрэгаце, расход паліва на адзінку работы), тэхн. (клас, магутнасць рухавіка, цягавыя ўласцівасці і інш.), агратэхн. (удз. ціск на глебу, праходнасць у міжрадкоўях, манеўранасць у агрэгаце), эрганамічныя (умовы працы, працаёмістасць тэхн. абслугоўвання) і інш.
Першыя колавыя Т. з паравым рухавіком з’явіліся ў 1830 у Вялікабрытаніі і Францыі (выкарыстоўваліся ў с.-г. і ваен. справе), з рухавікамі ўнутр. згарання — у 1901 у ЗША, гусенічныя — у 1912 у ЗША. затым у інш. краінах. У Расіі гусенічны Т. з 2 паравымі машынамі пабудаваны ў 1888. У СССР Т. «Фардзон-Пуцілавец» выпушчаны ў 1923 на ленінградскім з-дзе «Чырвоны пуцілавец». Масавая вытв-сць Т. пачалася з пускам Сталінградскага (1930), Харкаўскага (1931) трактарных з-даў (гл.Трактарабудаванне).
На Беларусі Т. магутнасцю ад 11 да 300 к.с. выпускае Мінскі трактарны завод: з 1950 гусенічныя і тралёвачныя, з 1953 колавыя с.-г. Т. «Беларусь», у т. л. першы МТЗ-2, з 1961 — МТЗ-50, з 1974 — МТЗ-80/82, з 1984 — МТЗ-100/102, пазней «Беларусь-1025», з 1993 — Т. серыі 900, з 1995 — «Беларусь-1221», з 2000 — «Беларусь-1522»; таксама малагабарытныя Т. («Беларус-320А», -321», -320», -220»), нізкапрофільныя («Беларус-530/532»), нізкаклірэнсныя («Беларус-82Н»), лесагаспадарчыя («Беларус Л-82»), тралёвачныя («Беларус ТТР-401»), рысаводчыя («Беларус-82Р»), міні-Т. («Беларус-082 БС») і інш.
Літ.:
Конструкция, основы теории и расчет тракторов. М., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЗІ́ННІК,
прылада для вымярэння часу. Бываюць: сонечныя, вадзяныя, пясочныя, агнявыя, механічныя, электрычныя (гл.Электрычны гадзіннік), камертонныя, электронныя (гл.Кварцавы гадзіннік), атамныя (гл.Квантавы гадзіннік), наручныя, кішэнныя, настольныя, насценныя, вежавыя (напр., куранты), спецыяльныя (секундамеры, хранометры, шахматныя, праграмныя, радыёмаячныя, падводныя і інш.). Да «прылад часу» адносяць таксама таймер, рэле часу, хранограф і інш. У астр. даследаваннях выкарыстоўваюцца гадзіннікі астранамічныя.
Сонечныя гадзіннікі вядомы з 3-га тыс. да н.э. (Стараж. Вавілон), наз.гноман. Мелі стрыжань ці пласціну, цень ад якіх падала на канічны або плоскі цыферблат. У Вавілоне выкарыстоўвалі і вадзяны гадзіннік — пасудзіну са шкалой, у якую раўнамерна паступала (або з якой выцякала) пэўная колькасць вады за пэўныя адрэзкі часу. Такія гадзіннікі былі пашыраны ў стараж. Егіпце, Іудзеі, Грэцыі, Кітаі і інш. Каля 150 да н.э.грэч. механік Ктэсібій стварыў вадзяны паплаўковы гадзіннік — прататып гадзінніка, што выкарыстоўваўся да 18 ст. Сонечныя гадзіннікі (у т. л. ў выглядзе вял. збудаванняў) выкарыстоўвалі ў абсерваторыях Усходу і Індыі амаль да 17 ст. Пераносныя сонечныя гадзіннікі былі пашыраны ў Еўропе ў 16 ст. У 1736 у Нясвіжы (Беларусь) напісаны на лац. мове курс пра выраб сонечных гадзіннікаў розных канструкцый. Пясочны гадзіннік рабілі з дзвюх (часам цэлай сістэмы) лейкападобных пасудзін, праз звужэнне паміж якімі высыпаўся пясок. Яго шырока выкарыстоўвалі ў мараплаўстве (т.зв. «карабельныя склянкі»), у медыцыне (ім карыстаюцца і цяпер). Для адліку больш працяглых прамежкаў часу служылі (асабліва ў Кітаі) агнявыя гадзіннікі. Гэта былі лямпы з пэўнай колькасцю алею (маглі гарэць суткамі), канструкцыі (напр., спіралі) з пруткоў спец. саставу (маглі раўнамерна гарэць месяцамі), спец. свечкі з меткамі. Звесткі пра механічныя гадзіннікі вядомы з візантыйскіх рукапісаў 578. Першы мех. вежавы гадзіннік пабудаваны ў Мілане ў 1335, у Расіі — у 1404 (на Спаскай вежы Крамля). У 14 ст. створаны мех. гадзіннік са шпіндэльным спускам (меў дакладнасць ходу 0,5 гадз за суткі). Такія гадзіннікі былі надзейныя і праіснавалі да канца 19 ст. Каля 1510 замест гір упершыню ўжыта спружына і створаны кішэнны мех. гадзіннік (Германія). У 1675 у Англіі вынайдзены кручковы механізм — разнавіднасць анкернага спускавога механізма (гл.Анкер), які выкарыстоўваюць і ў цяперашніх ходзіках. Вынаходнік Х.Гюйгенс стварыў мех. гадзіннік з маятнікавым (1657, гл.Маятнік) і балансірным (1675, гл.Балансір) рэгулятарам, з анкерна-якарным спускам (1659). Гадзіннік з біметал. балансірам сканструяваў І.П.Кулібін (1767). З 2-й пал. 19 ст. стаў пашыраны свабодны анкерны ход, які выкарыстоўваецца і ў сучасных наручных і кішэнных гадзінніках. З канца 17 ст. ў кішэнных гадзінніках устанаўліваюць мінутныя стрэлкі, з 1760 — і секундныя. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Швейцарыі створаны матэрыялы (інвар — для маятнікаў, элінвар — для спіралей), якія практычна ліквідавалі тэмпературныя ўздзеянні на ход мех. гадзіннікаў. У пач. 20 ст. з’явіліся электрагадзіннікавыя сістэмы. У 1920—60-я г. распрацаваны асабліва дакладныя гадзіннікі: камертонныя (у іх выкарыстоўваецца эфект ваганняў камертона), кварцавыя (ваганне кварцавай пласціны), атамны (ваганне атамаў); іх дакладнасць адпаведна 10−1, 10−4, 10−8 с/сут. Сучасныя мех. гадзіннікі маюць: рухавік (спружына, гіра), сістэму колаў, ход або спускавы механізм, рэгулятар, механізмы заводкі і стрэлачны; могуць мець прыстасаванні, якія паказваюць даты месяца і дні тыдня, проціўдарныя, аўтам. падзавод і інш.
На Беларусі унікальным помнікам сярэдневяковай тэхнікі з’яўляецца вежавы гадзіннік касцёла езуітаў у Гродне, створаны ў 2-й пал. 17 ст. Гэта найстарэйшы маятнікавы гадзіннік з вядомых на тэр. СНД. У яго механізме выкарыстаны анкерны ход, які ажыццяўляецца пад дзеяннем грузу (60 кг), што апускаецца з вышыні 15 м за 36 гадз. Першая ў Рас. імперыі гадзіннікавая ф-ка пабудавана ў 1789 у в. Беражань Горацкага павета (гл.Беражанская гадзіннікавая мануфактура). Масавая вытв-сць наручных гадзіннікаў у СССР пачалася ў 1930, на Беларусі — у 1956 (гл.Мінскі гадзіннікавы завод «Прамень»). З 1975 мінскі з-д «Электроніка» выпускае электронныя наручныя гадзіннікі з лічбавай індыкацыяй на вадкіх крышталях; СКБ «Няміга» распрацоўвае гэтыя гадзіннікі і ажыццяўляе іх серыйнае асваенне; электронныя гадзіннікі выпускае таксама пінскі з-д «Камертон» (з-ды і бюро ўваходзяць у НВА«Інтэграл»). Дэталі да гадзіннікаў пастаўляе Віцебскі з-д гадзіннікавых дэталей.
Літ.:
Пипуныров В.Н. История часов с древнейших времен до наших дней. М., 1982;
Завельский Ф.С. Время и его измерение. 5 изд. М., 1987;
Шполянский В.А., Чернягин Б.М. Электрические приборы времени. М., 1964;
Мясников Л.Л., Булыгин А.С. Атомные часы и система времени. Л., 1972.
У.М.Сацута.
Узоры сучасных (2-я пал. 1990-х г.) наручных гадзіннікаў.Старажытныя гадзіннікі: а — экватарыяльны сонечны; б — гарызантальны сонечны; в — агнявы, з гаручай спіраллю; г — агнявы масляны (час вызначаўся па ўзроўні масла); д — вадзяны, або клепсідра (1 — паплавок, 2 — лейка з вадой, 3 — стопар для рэгулявання патоку вады); е — камплект з чатырох пясочных гадзіннікаў.Схема сучаснага наручнага механічнага гадзінніка: 1 — завадны вал; 2 — завадны рычаг; 3 — спружына заваднога рычага; 4, 6, 7, 8, 9 — колы (барабаннае, псеўдацэнтральнае, прамежкавае, секунднае, анкернае); 5 — барабан са спружынай; 10 — анкерная вілка; 11 — балансір; 12, 13, 14, 15 — колы (фрыкцыйнае, гадзіннае, вэксальнае, пераводнае); 16 — муфта; 17 — завадны трыб; 18 — пераводны рычаг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНСПАРТ
Транспартная сістэма. На Беларусі развіты практычна ўсе віды сучаснага транспарту — чыгуначны, аўтамабільны, паветраны, рачны (унутр. водны), трубаправодны, гарадскі электрычны (гл. карту). Як адна з эканам. падсістэм нар.-гасп. комплексу ён служыць матэрыяльнай базай вытворчых сувязей паміж асобнымі рэгіёнамі ўнутры краіны і за яе межамі для абмену таварамі, выступае як фактар, які арганізуе агульную эканам. прастору і забяспечвае далейшую рэалізацыю тэр. падзелу працы. Транспарт агульнага карыстання задавальняе патрэбы ўсіх галін эканомікі і насельніцтва ў перавозках грузаў і пасажыраў, перамяшчае розныя віды прадукцыі паміж вытворцамі і спажыўцамі, ажыццяўляе агульнадаступнае транспартнае абслугоўванне насельніцтва. Транспарт неагульнага карыстання (ведамасны) прызначаны, як правіла, для перавозак грузаў і пасажыраў свайго прадпрыемства, аб’яднання (асацыяцыі, канцэрна і г.д.).
У структуры трансп. комплексу рэспублікі ёсць прамысл. прадпрыемствы, якія забяспечваюць функцыянаванне аўтамаб., воднага, паветранага і чыг. транспарту. Дзейнасць такіх прадпрыемстваў накіравана на буд-ва і рамонт рачных суднаў і суднаў прыбярэжнага (рака—мора) плавання, рамонт рухомага саставу аўтамаб. і паветранага транспарту, выраб запасных частак, тэхнал. абсталявання і спецыялізаванага рухомага саставу аўтамаб. транспарту, а таксама на буд-вапрамысл., жыллёва-грамадз., грамадскіх і культ.-быт. памяшканняў, новых чыг. і пад’язных пуцей, рэканструкцыю чыг. станцый і вузлоў, электрыфікацыю чыг. магістралей.
Развіццё транспарту цесна звязана з агульнай дынамікай вытворчасці, яе галіновай і тэр. структурай, тэмпамі і прапорцыямі сац.-эканам. развіцця краіны. Паказчыкі аб’ёму перавозак грузаў і пасажыраў, груза- і пасажыраабароту разглядаюцца як асн. ўскосныя крытэрыі ацэнкі стану эканомікі краіны.
Транспартную сетку Беларусі ўтвараюць 5522 кмчыг. ліній агульнага карыстання, у т. л. 894 км электрыфікаваных; 81,2 тыс.кмаўтамаб. дарог, у т. л. 70,2 тыс.км з цвёрдым пакрыццём; 102,1 км трамвайных, 489,5 км тралейбусных, 23,7 км метрапалітэнных ліній; 6,7 тыс.км магістральных газаправодаў, 2,9 тыс.км нафтаправодаў, 1,2 тыс. нафтапрадуктаправодаў; сотні тэхнічна аснашчаных чыг. станцый, аўтавакзалаў і інш. У структуры валавога ўнутр. прадукту на транспарт прыпадала 9,5%. У 2003 аб’ём перавозак грузаў на ўсіх відах транспарту агульнага карыстання склаў 321,5 млн.т, пасажыраў — 2718,8 млн.чал. У параўнанні з 1990 ён значна скараціўся, але з 1995 назіраецца тэндэнцыя росту гэтых паказчыкаў на чыг. транспарце. У параўнанні з 1995 павялічыліся перавозкі пасажыраў аўтобусным, тралейбусным, трамвайным і метрапалітэнным транспартам. У 2003 на транспарце працавала 285 тыс.чал., або 6,6% усіх занятых у эканоміцы (асн. паказчыкі дзейнасці транспарту агульнага карыстання Беларусі гл. ў табл. 1—5).
Чыгуначны транспарт. Першай чыгункай (участак даўж. 53 км), якая прайшла па тэр. Беларусі (праз Гродна), была Пецярбургска-Варшаўская, пабудаваная ў 1862. У 1866 адкрыты рух на Дзвінска-Полацка-Віцебскім участку Рыга-Арлоўскай чыгункі працягласцю 260 км. У 1870-я г. пабудавана найважнейшая ў эканам. і ваен. адносінах Маскоўска-Брэсцкая магістраль, якая перасекла тэр. Беларусі з усходу на захад; участак Смаленск—Орша—Баранавічы—Брэст склаў 636 км. У 1871—74 здадзены ў эксплуатацыю Лібава-Роменская магістраль праз Вільню, Маладзечна, Мінск, Асіповічы, Бабруйск, Жлобін; працягласць лініі на тэр. Беларусі 550 км. У 1873 праз Брэст і Ковель на Кіеў прайшла Прывіслінская чыгунка; на тэр. Беларусі яе даўжыня 64 км. Пабудаваная ў 1882 чыгунка Пінск—Жлобін злучыла палескія чыгункі з Маскоўска-Брэсцкай магістраллю, а чыгунка Лунінец—Гомель (1886) — з Любава-Роменскай. У тым жа годзе скончана буд-ва чыгункі Беласток—Баранавічы. У 1877 здадзена ў эксплуатацыю лінія Гомель—Бранск, а ў 1896 — Асіповічы—Старыя Дарогі. У 1902 чыгуначная сетка на тэр. Беларусі склала 2752 км.
У пач. 20 ст. чыгункі Беларусі складалі 8% чыг. сеткі еўрап. часткі Расіі, у той час як яе тэр. — 9,9%. Па гушчыні чыгунак яна займала адно з першых месц у Расіі. Узніклі буйныя чыг. вузлы: Мінск, Віцебск, Гомель, Орша, Жлобін, Лунінец, Брэст, Баранавічы і інш. З 1890 па 1900 аб’ём перавозак па чыгунках Беларусі павялічыўся амаль у 2 разы, у т. л. хлебных грузаў — у 2,7, а лясных матэрыялаў — у 12 разоў. У 1913 працягласць чыгунак на Беларусі склала 3,8 тыс.км (прыкладна 70% яе сучаснай сеткі). У перыяд 1-й сусв. вайны ўсе абаронныя прадпрыемствы і чыг. транспарт пераведзены на ваеннае становішча, праводзілася рэканструкцыя старых чыгунак і будаваліся новыя — уздоўж лініі фронту. У 1920—30-я г. пабудаваны чыгункі Унеча—Крычаў—Орша—Лепель, Крычаў—Магілёў—Асіповічы—Слуцк і інш. У 1940 эксплуатацыйная даўжыня чыгунак агульнага карыстання склала 5,74 тыс.км і ў параўнанні з 1913 вырасла на 1,93 тыс.км Пабудаваны новыя чыг. лініі: Камунары—Орша, Гомель—Чарнігаў, Асіповічы—Магілёў. У Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы, пабудавана чыг. ветка Варапаева—Друя даўжынёй 89 км. Да канца 1945 эксплуатацыйная даўжыня чыгунак складала больш за 5 тыс.км, або амаль 87% даваеннага ўзроўню.
У сярэдзіне 1980-х г. сетка чыгунак на Беларусі склала больш за 5,5 тыс.км, у т. л. 830 км было электрыфікавана. Больш стала перавозіцца грузаў у кантэйнерах і пакетах, шырэй укаранялася аўтаматыка і тэлемеханіка. Гал. ролю адыгрывала чыгунка Масква—Мінск—Брэст. Важнымі таксама былі дарогі Бахмач—Гомель—Мінск—Маладзечна—Вільнюс—Ленінград—Мінск, Ленінград—Віцебск—Магілёў—Кіеў, Вільнюс—Баранавічы—Роўна, Гомель—Брэст і інш. Былі электрыфікаваны чыгункі Мінск—Барысаў—Орша, Мінск—Пухавічы, Мінск—Стоўбцы і інш.
Бел. чыгунка зручна злучаецца з чыг. сеткай прыбалт. дзяржаў, з краінамі СНД, Зах. Еўропы (праз Польшчу).
Праз Беларусь праходзіць самы кароткі шлях, што злучае Цэнтр. Расію з Калінінградскай вобл. (лінія Масква—Мінск—Маладзечна—Літва—Калінінград). Чыг. шляхі агульнага карыстання рэспублікі маюць працягласць 5,5 тыс.км, у т. л. двухпутныя — 1,6 тыс.км (28,5%), з якіх больш за палавіну (0,864 тыс.км) электрыфікаваны па напрамках Брэст—Краснае, Мінск—Маладзечна, Мінск—Асіповічы. Удзельная вага электрычнай цягі ў агульным аб’ёме чыг. транспарту складае 37,2%, тады як у Швейцарыі яна раўняецца 99%, Швецыі — 95, Польшчы — 78,6, Германіі — 87,6, Балгарыі — 82,5, Фінляндыі — 52,4, Бельгіі — 52,6, Вялікабрытаніі — 55, Венгрыі — 61, Грузіі і Арменіі — 100%. На 1.1.2002 працягласць электрыфікаваных ліній на Беларусі складала 16,2% эксплуатацыйнай даўжыні (у Балгарыі — 63,1, Польшчы — 58,8, Германіі — 49,5, Францыі — 44,9, Вялікабрытаніі — 30,4%). Шчыльнасць чыгунак 26,7 км на 1000 кмтэр. краіны, што дазваляе забяспечыць эфектыўнае функцыянаванне яе эканомікі. Разгалінаванасцю чыг. сеткі забяспечаны доступ каля 40% населеных пунктаў краіны да чыг. станцый. Доля такіх населеных пунктаў у Магілёўскай вобл. складае 50%, у Гродзенскай — 21%. Аднак шэраг гарадоў размешчаны ад бліжэйшай чыг. станцыі на адлегласці, якая перавышае гадзінную даступнасць — 30 км (Расоны, Ушачы, Сураж, Бягомль, Слаўгарад, Краснаполле, Бялынічы, Лоеў, Лельчыцы, Карма і інш.). Тэхн. аснашчанасць Бел. чыгункі па асн. параметрах адпавядае еўрастандарту: 30% эксплуатацыйнай даўжыні чыг. шляхоў складаюць двухпутныя лініі, 67% агульнай эксплуатацыйнай даўжыні чыгункі абсталявана аўтаблакіроўкай, з якіх 58,5% — дыспетчарскай цэнтралізацыяй, 34% — паўаўтам. блакіроўкай, 97,7% стрэлак уключана ў электрычную цэнтралізацыю, а 4,1 тыс.км абсталяваны ўстройствамі аўтам. лакаматыўнай сігналізацыі, маецца 7 механізаваных сартавальных горак.
У склад Бел. чыгункі ўваходзіць 6 аддзяленняў (унітарных прадпрыемстваў), якія аб’ядноўваюць 384 буйныя і малыя станцыі, 17 лакаматыўных дэпо, 12 вагонных дэпо, 20 дыстанцый пуці, 14 дыстанцый сігналізацыі і сувязі, 7 дыстанцый электразабеспячэння, а таксама інш. прадпрыемствы. Бел. чыгунка з’яўляецца членам міжурадавай Арганізацыі супрацоўніцтва чыгунак (з 1992) і Савета па чыг. транспарце дзяржаў СНД і краін Балтыі (з 1992).
Аўтамабільны транспарт. На Беларусі ўзнік у канцы 1920-х г. У 1933 аўтапарк меў 906 аўтамашын, у т. л. 627 грузавых. У 1940 толькі ва ўсх. абласцях Беларусі колькасць грузавых аўтамабіляў павялічылася ў 37,5 раза ў параўнанні з 1928 і склала 23 512. Працягласць аўтамаб. дарог з цвёрдым пакрыццём за даваенныя гады ў параўнанні з 1913 вырасла ў 3,2 раза і склала 11,2 тыс.км. У 1990 эксплуатацыйная даўжыня аўтадарог агульнага карыстання склала 46,9 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 46,3 тыс.км. Аб’ём перавозак грузаў у параўнанні з 1975 павялічыўся на 74,1%, пасажыраў аўтобусамі — амаль у 2 разы. Удзельная вага грузаабароту аўтамаб. транспарту склала 22,4% ад агульнага аб’ёму грузаабароту ўсіх відаў транспарту, пасажыраабароту — 46,4% ад яго агульнага аб’ёму.
Сярод развітых у дарожных адносінах краін Еўропы Беларусь займае 15-е месца па шчыльнасці дарог агульнага карыстання і 12-е месца па іх працягласці на 1000 жыхароў. Вядучае месца ў дарожнай сетцы займаюць дарогі рэсп. значэння, іх працягласць каля 20 тыс.км. На дарогах агульнага карыстання маецца каля 5 тыс. мастоў і пуцеправодаў. У 2002 парк рухомага саставу агульнага карыстання і таго, што знаходзіцца ў асабістай уласнасці, складаў каля 21 тыс. аўтобусаў, 64 тыс. грузавых аўтамабіляў і 1468 тыс. легкавых аўтамабіляў усіх форм уласнасці. Доля аўтамаб. транспарту ў агульным тавараабароце (без газаправоднага) склала 9,1% (2000). Пасажырскімі перавозкамі ахоплена больш за 100 буйных населеных пунктаў, у 9 з іх акрамя аўтамаб. выкарыстоўваецца электрычны транспарт. У краіне арганізаваны 732 гарадскія рэгулярныя аўтобусныя маршруты, 2585 прыгарадных маршрутаў, 526 міжгародніх і 82 міжнар. маршруты.
Агульная працягласць маршрутнай сеткі складае каля 240 тыс.км. Аўтамаб. перавозкі забяспечваюць перамяшчэнне больш чым 79% грузаў ад іх агульнага аб’ёму. Перавозкі пасажыраў аўтобусным транспартам складаюць больш за 1500 млн. чалавек за год, або 55% ад усіх перавозак транспартам агульнага карыстання. Усяго пасажырскім аўтамаб. транспартам агульнага карыстання перавозіцца амаль у 9 разоў больш пасажыраў, чым чыг. транспартам. Галоўным чынам гэта перавозкі аўтобусамі на гар. і прыгарадных маршрутах. Па пасажыраабароце аўтамаб. транспарт саступае чыгуначнаму, які перавозіць пасажыраў на вял. адлегласці па міжнар., мясц. і прыгарадных маршрутах.
У міжнар. аўтобусных зносінах нац. транспарт прадстаўлены маршрутамі: Гомель—Брэмен, Мінск—Беласток, Мінск—Варшава, Мінск—Вільнюс, Мінск—Рыга, Мінск—Тбілісі. Транспартныя перавозкі пасажыраў ажыццяўляюцца транспартам Германіі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Польшчы, Венгрыі, Чэхіі, Румыніі і інш. У 2001 бел. перавозчыкамі выканана 465,5 тыс. паездак у 38 краін, у т. л. 52,5% паездак у 26 краін Еўропы, 41,4% — у 9 краін СНД і 6,1% — у 3 краіны Балтыі; каля 90% паездак прыпадае на 6 краін: Расію, Польшчу, Германію, Літву, Украіну і Нідэрланды. Павелічэнню аб’ёмаў міжнар. перавозак садзейнічаюць заключаныя Рэспублікай Беларусь з дзяржавамі Зах. і Усх. Еўропы міжурадавыя пагадненні аб міжнар.аўтамаб. зносінах, а таксама яе ўдзел у рабоце Еўрап. канферэнцыі міністраў транспарту. З 1998 павялічваюцца паездкі бел. перавозчыкаў у краіны Сярэдняй Азіі і ў Грузію. Паступова пачынаюць асвойвацца трансп. рынкі краін Паўн. і Паўн.-Зах. Еўропы (Вялікабрытанія, Фінляндыя, Швецыя), краін Балканскага паўвострава (Грэцыя, Македонія, Харватыя, Сербія і Чарнагорыя). Рост экспарту трансп. паслуг і павелічэнне колькасці транзітных паездак замежных грамадзян па тэр. Рэспублікі Беларусь садзейнічае развіццю прыгранічнай інфраструктуры, стварэнню сервіснай сеткі аўтастаянак, аўтазаправачных станцый, гасцініц і кафэ.
Рачны транспарт. Плямёны, што жылі на тэр. Беларусі, здаўна карысталіся воднымі шляхамі для абмену таварамі з жыхарамі Прыбалтыкі, Прычарнамор’я, Прыкаспія. Па Дняпры і Зах. Дзвіне праходзіў шлях «з варагаў у грэкі», які звязваў Прыбалтыку і Скандынавію з Візантыяй, а таксама ўсходнеслав. землі паміж сабой Вялікі водны шлях, які праходзіў праз землі Полацкага, Тураўскага, Смаленскага княстваў, садзейнічаў іх эканам. развіццю. Водным шляхам з Беларусі ў Расію вывозілі лён, пяньку, мёд, воск, на Украіну — лес і прадукты лясной гаспадаркі, а ў адваротным напрамку везлі пшаніцу, тытунь, жывёлу. Акрамя гал. воднага шляху ў напрамку поўдзень—поўнач па Дняпры і Зах. Дзвіне існавалі яго адгалінаванні на захад па прытоках Дняпра — Бярэзіне і Прыпяці — да Нёмана і Буга, паміж імі таксама былі волакі. Выкарыстоўваліся і водныя шляхі мясц. значэння, што праходзілі па шматлікіх рэках і іх прытоках. З цягам часу волакі станавіліся асновай сухапутных шляхоў, якія звязвалі гарады паміж сабой і з навакольнымі сёламі Рачны транспарт быў найб. танным сродкам гандл. сувязей. У 2-й пал. суднаходства па рэках Беларусі набыло далейшае развіццё ў сувязі з выкарыстаннем Агінскага канала, які праз Шчару, Ясельду і Прыпяць злучыў Нёман з Дняпром. У 1797 пачалося буд-ва Бярэзінскага канала, які злучыў басейны Дняпра і Зах. Дзвіны. Па Прыпяці і Зах. Бугу ажыццяўляліся гандл. сувязі з Польшчай і Чэхіяй. Для асваення лясных масіваў і вывазу драўніны на Беларусі пабудаваны Бярэзінская водная сістэма, Агінскі, Аўгустоўскі і Дняпроўска-Бугскі каналы. Паравое суднаходства на Дняпры і Прыпяці вядзецца з 1850, калі пасажырскі параход «Вісла» пачаў рэгулярныя рэйсы паміж Пінскам і Краменчугом. У 1905 даўжыня суднаходных шляхоў складала 4403 км, для лесасплаву выкарыстоўвалася 9890 км рэк і каналаў. У міжваенны перыяд уведзена ў дзеянне Дняпроўска-Дзвінскае рачное параходства, пабудаваны Гомельскі рачны порт, рэканструяваны шэраг партоў і прыстаней на Дняпры, Зах. Дзвіне, Прыпяці, Бярэзіне, адкрыты пасажырскі маршрут Гомель—Кіеў. За 7 мес 1940 быў адноўлены Дняпроўска-Бугскі канал працягласцю 202 км, праведзена значная работа па паляпшэнні суднаходства па Нёмане. Паравыя судны замяняліся газагенератарнымі, рачны флот папоўніўся значнай колькасцю маторных суднаў, самаходных баржаў і буксірных параходаў. У 1940 даўжыня суднаходных шляхоў склала 3,7 тыс.км, працавалі 103 самаходныя і 229 несамаходных адзінак. У Вял.Айч. вайну амаль увесь рачны флот затоплены ці спалены, парты, суднарамонтныя прадпрыемствы, гідратэхн. збудаванні разбураны. У 1946—50 рачны транспарт адноўлены Пачаліся рэканструкцыя і буд-ва новых гідратэхн. збудаванняў, партоў, прыстаней, развіццё суднабудавання. У 1978 пабудаваны суднаходны канал ад Прыпяці да камбіната нярудных матэрыялаў «Мікашэвічы» (Лунінецкі р-н).
Рачны транспарт забяспечвае перавозкі грузаў і пасажыраў на ўнутр. водных шляхах працягласцю каля 2000 км у прырэчныя пункты і перапрацоўку грузаў у 10 рачных партах, размешчаных у басейнах усіх суднаходных рэк Рэспублікі Беларусь: Прыпяць, Дняпро, Сож, Бярэзіна, Нёман, Зах. Дзвіна. Суднаходнымі шляхамі Беларусь звязана з усімі памежнымі з ёй краінамі. Найб. значэнне ў перавозках грузаў і пасажыраў маюць рэкі Дняпро, Прыпяць, Бярэзіна, Сож, Зах. Дзвіна, Нёман, а таксама Дняпроўска-Бугскі канал. Па сваіх магчымасцях інтэграцыі ў сусв. транспартную суднаходную сетку маюць камерцыйнае значэнне толькі рэкі Прыпяць і Дняпро, якія дазваляюць выконваць перавозку экспартна-імпартных грузаў (калійныя ўгнаенні, кухонная соль, руда, вугаль, сапрапель) у прыдунайскія краіны і чарнаморскія парты. Ізаляванасць басейнаў і адсутнасць паміж імі штучных водных злучэнняў неспрыяльна ўплываюць на арганізацыю камерцыйнай дзейнасці і робяць рачныя перавозкі менш эфектыўнымі (па манеўранасці, хуткасці), чым перавозкі інш. відамі транспарту.
Агульная працягласць эксплуатацыйных водных шляхоў Беларусі менш за 2 тыс.км. Яны поўнасцю выкарыстоўваюцца для суднаходства транспартам агульнага карыстання на працягу ўсёй навігацыі. Па габарытах суднавога ходу каля 700 км водных шляхоў адносяцца да магістральных участкаў рэк; астатнія ўчасткі рэк з прытокамі адносяцца да малых рэк. Рэгулярнае кругласутачнае суднаходства ажыццяўляецца па водных шляхах з асвятляльнымі і святлоадбівальнымі знакамі навігацыйнага абсталявання працягласцю менш за 500 км. Дзейнічаюць рачныя парты: Гомельскі, Брэсцкі, Бабруйскі, Магілёўскі, Пінскі, Мазырскі, Мікашэвіцкі, Рэчыцкі. Грузавы флот рачнога транспарту прадстаўлены буксірнымі і несамаходнымі суднамі, рэйдавы і буксірны флот — буксірамі-штурхачамі. Пасажырскі флот мае скарасныя судны на падводных крылах тыпу «Ракета», «Палессе» і інш.
У агульным пасажыраабароце Рэспублікі Беларусь унутр. водны транспарт займае апошняе месца. За 1990—2001 яго пасажыраабарот знізіўся з 29,5 да 1,9 млн. пасажыраў. Асн. фактарамі, якія стрымліваюць нарошчванне аб’ёмаў перавозак рачным транспартам, з’яўляюцца недастатковыя габарыты суднавога ходу і ступеньчатасць яго глыбінь. Асабліва характэрна ваганне гарантаваных глыбінь для асн. рачной транспартнай магістралі рэспублікі — Дняпроўска-Бугскага воднага шляху, па якім выконваецца больш як 70% грузаабароту.
Паветраны транспарт. Першая трансп. авіялінія Мінск—Глуск—Парычы—Мазыр адкрыта ў 1932 (курсіравалі 3 самалёты По-2, пераважна вазілі пошту). У 1933 адкрыты Мінскі аэрапорт. У 1934 урад Беларусі зацвердзіў сетку мясц. паветраных ліній: Мінск—Старыя Дарогі—Глуск—Парычы—Азарычы—Мазыр—Нароўля—Хойнікі—Брагін—Камарын—Лоеў—Рэчыца—Гомель—Мінск; Гомель—Чачэрск—Карма—Журавічы—Клімавічы—Хоцімск—Касцюковічы—Краснаполле—Гомель; Мінск—Халопенічы—Сянно—Бешанковічы—Віцебск—Полацк—Ушачы—Лепель—Мінск; Мінск—Горкі—Чавусы—Мінск. У ліп. 1936 пачаліся рэгулярныя паштова-пасажырскія паветраныя зносіны паміж Мінскам і Масквой. У 1940 здадзены ў эксплуатацыю аэрапорты ў Баранавічах, Бабруйску, Вілейцы, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Пінску і інш.; створана Бел. авіягрупа Грамадз. паветранага флоту, якая ажыццяўляла перавозку 3851 пасажыра і 337,9 т пошты. У 1944 пабудаваны аэрадромы і пасадачныя пляцоўкі ў Баранавічах, Давыд-Гарадку, Століне, Івянцы, Карэлічах, Клецку, Нясвіжы і інш. Да канца 1945 адноўлены ўсе даваенныя паветраныя лініі. За 1970—85 грузаабарот і перавозкі пасажыраў паветраным транспартам павялічыліся ў 3 разы. Авіяцыя ўсё часцей стала выкарыстоўвацца ў лясной і сельскай гаспадарцы, аб’ём авіяхім. работ павялічыўся з 1,8 млн.га у 1970 да 5,8 млн.га у 1985. У гэтыя гады авіясувязь устаноўлена з усімі абл. цэнтрамі Беларусі і большай часткай раённых цэнтраў, з большасцю буйных гарадоў СССР.
Па аб’ёмах перавозак грузаў і пошты паветраны транспарт Беларусі займае 7-е месца, а па колькасці пасажыраў — 9-е сярод краін СНД. Буйнейшым пасажырскім авіяперавозчыкам Беларусі з’яўляецца Нац. авіякампанія (НАК) «Белавія», якая ажыццяўляе каля 69% ад усяго аб’ёму пасажырскіх перавозак на паветраных лініях. Яна з’яўляецца членам Міжнар. асацыяцыі паветранага транспарту, якая аб’ядноўвае больш як 200 авіякампаній свету. Сярод партнёраў «Белавіі» — авіякампаніі «Аэрафлот» (Расія), «Люфтганза» (Германія), «ЛОТ» (Польшча), «Аўстрыйскія авіялініі», «Аэр-Лінгус» (Ірландыя) і інш. Рэспубліка Беларусь падпісала 32 міждзярж. пагадненні аб паветраных зносінах. Паміж авіяцыйнымі адміністрацыямі Беларусі і Расіі дасягнуты дамоўленасці па пытаннях сумеснай тарыфнай палітыкі, падрыхтоўкі спецыялістаў па рамонце авіяцыйнай тэхнікі, узаемным прызнанні пасведчанняў, сертыфікатаў і інш. дакументаў. У якасці каардынуючага органа ў галіне паветранага транспарту створаны Савет грамадз. авіяцыі Беларусі і Расіі.
Рэспубліка Беларусь валодае сеткай аэрапортаў, з якіх пракладзены авіямагістралі ў 30 гарадоў СНД, а з міжнар. аэрапорта «Мінск-2» выконваюцца рэйсы ў шэраг гарадоў Еўропы (Мюнхен, Франкфурт-на-Майне, Берлін, Вена, Варшава і інш.), Азіі (Пекін, Тэль-Авіў і інш.) і Амерыкі (Нью-Йорк). Павялічваецца доля замежных авіякампаній у асваенні міжнар. авіяліній рэспублікі; яны выконваюць пастаянныя рэйсы ў аэрапорт «Мінск-2» з Варшавы, Франкфурта-на-Майне, Цюрыха, Берліна, Мюнхена, Вены і Гамбурга.
Трубаправодны транспарт. На тэр. Беларусі функцыянуюць магістральныя трубаправоды па перапампоўванні прыроднага газу, нафты, бензіну і дызельнага паліва. Магістральныя трубаправоды, якія забяспечваюць перапампоўванне нафты, маюць працягласць 3 тыс.км, прыроднага газу — 6,7 тыс.км і нафтапрадуктаў — 1,2 тыс.км (2002). Транспарціроўку нафты і прыроднага газу для патрэб эканомікі Рэспублікі Беларусь і інш. краін ажыццяўляюць гомельскія і наваполацкія прадпрыемствы транспарту нафты «Дружба» і дзярж. прадпрыемства «Белтрансгаз». Працягласць магістральных нафтаправодаў у аднанітачным вылічэнні складае па гомельскім прадпрыемстве 1,8 тыс.км, па наваполацкім — 1,1 тыс.км (2002).
Першы нафтаправод ад здабыўных раёнаў Паволжа прайшоў праз Мічурынск і Унечу на Крычаў—Оршу—Полацк і далей у Прыбалтыйскі эканам. раён да Вентспілса. Другая лінія прайшла праз Мазыр да Брэста і далей у Польшчу і Германію; ад Мазыра яго галіна ідзе на паўд. захад праз Ельскі р-н у Валынскую вобл. Украіны і далей за мяжу. Гэтая вял. «нафтавая рака» атрымала назву нафтаправод «Дружба»; яго працягласць 5 тыс.км (найбуйнейшы ў свеце) пры дыяметры труб 1020 мм. Гэты нафтаправод пабудаваны ў 1960. Другая лінія нафтаправода з дыяметрам труб 1220 мм пабудавана у 1972—75. Нафтаправод «Дружба» забяспечвае сырой нафтай полацкі, мазырскі, мяжэйкяйскі нафтаперапрацоўчыя заводы. Транзіт сырой нафты ажыццяўляецца па напрамках: гомельскае прадпрыемства — Адамава Застава (Расія) — Мазыр—Польшча—Германія з адгалінаваннем на Украіну, Венгрыю, Славакію, Чэхію, Адрыю (праз Броды); наваполацкае прадпрыемства — Сургут—Полацк з адгалінаваннямі на Наваполацк, Мажэйкяй (Літва), Вентспілс (Латвія).
У Рэспубліцы Беларусь функцыянуюць 3 магістральныя нафтапрадуктаправоды, па якіх ажыццяўляецца перапампоўванне дызельнага паліва і бензіну: Унеча—Полацк, Унеча—зах. граніца, Наваполацк—Мінск (Фаніпаль). Першыя 2 нафтапрадуктаправоды праходзяць у адных калідорах з нафтаправодам і выконваюць пераважна транзітнае перапампоўванне нафтапрадуктаў па-за межы Беларусі. Агульная даўжыня нафтапрадуктаправодаў складае 913 км, гадавая магутнасць іх перапампоўвання — 90 млн. тон. Нязначная колькасць нафтапрадуктаў (менш за 1 млн.т) перапампоўваецца па нафтапрадуктаправодзе Наваполацк—Мінск, астатняя колькасць — транзітнае перапампоўванне. Даўжыня адводаў ад магістральных нафтапрадуктаправодаў да прадпрыемстваў нафтапрадуктазабеспячэння рэспублікі — каля 70 км. На прадуктаправодах размешчаны 4 перапамповачныя станцыі і 2 наліўныя пункты. Паводле Пагаднення Рэспублікі Беларусь і Рас. Федэрацыі (20.7.1992) нафтапрадуктаправоды застаюцца ва ўласнасці Рас. Федэрацыі.
Першы на Беларусі магістральны газаправод Дашава—Мінск працягласцю 666 км здадзены ў эксплуатацыю ў 1950. Гэта магістраль пракладзена ад газавага радовішча Дашава праз Львоў, Івацэвічы да Мінска. Пазней (1961) ад Івацэвіч газаправод прайшоў да Вільнюса з адгалінаваннем на Гродна і Брэст. У 1973 пабудавана газатранспартная сістэма Таржок—Мінск—Івацэвічы. У 1994 здадзены ў эксплуатацыю газаправод Таржок—Даліна, які праходзіць па Магілёўскай і Гомельскай абл. з выхадам на Украіну.
Транзіт рас. прыроднага газу ажыццяўляецца па наступных напрамках: на Украіну, Польшчу, Літву і Калінінградскую вобл. Працягласць разліковай даўжыні транзіту па напрамках складае: Украіна — 600,4 км, Польшча — 651,6 км, Літва, Калінінградская вобл. — 455 км. Транзіт ажыццяўляецца па сістэме магістральных газаправодаў Таржок—Мінск—Івацэвічы, Івацэвічы—Даліна, Івацэвічы—Слонім—Гродна, Мінск—Вільнюс, Мінск—Гомель, Кобрын—Брэст—Варшава, Ямал—Еўропа, Дашава—Мінск, Івацэвічы—Вільнюс—Рыга. У тым жа годзе здадзены ў эксплуатацыю газаправод Таржок—Даліна, які праходзіць па Магілёўскай і Віцебскай абл. з выхадам на Украіну і краіны Зах.
Еўропы. На тэр. Беларусі завяршаецца буд-ва магістральнага газаправода Ямал—Еўропа, эксплуатацыя якога будзе ажыццяўляцца дзярж. прадпрыемствам «Белтрансгаз».
Доля трубаправоднага транспарту ў агульным грузаабароце Беларусі ў 2001 склала 49,4%, у т. л. нафтаправодаў — 39,8%. Па аб’ёме перапампоўвання і грузаабароце магістральных нафтаправодаў і нафтапрадуктаправодаў транспарт Беларусі займае трэцяе месца сярод краін СНД (пасля Расіі і Украіны).
Па аб’ёме перапампоўвання нафты магістральным трубаправодным транспартам Беларусь апярэджвае такія краіны, як Нідэрланды, Іспанія, Венгрыя, Аўстрыя, Польшча, Францыя, Чэхія, Швейцарыя.
Гарадскі электрычны транспарт. Будаўніцтва першых на Беларусі трамвайных ліній пачата ў Віцебску, дае ў 1898 арганізаваны рух на 4 лініях (18 маторных і 16 прычапных вагонаў). У Мінску трамвай пушчаны ў 1929, у Наваполацку — у 1974 (скарасны), у Мазыры — у 1980. Тралейбусны транспарт дзейнічае ў Мінску (1952), Гомелі (1962), Магілёве (1970), Гродне (1974), Бабруйску (1978), Віцебску (1978), Брэсце (1981). У 1984 у Мінску пачаў дзейнічаць метрапалітэн, працягласць якога тады складала 8 км.
У 2003 працягласць трамвайных шляхоў складала 102,1 км, тралейбусных — 489,5 км, метрапалітэнных — 23,7 км (усе ў двухпутным вылічэнні).
Налічвалася 349 трамвайных вагонаў, 1758 тралейбусаў, 176 вагонаў метрапалітэна. Будуюцца новыя станцыі метро, пракладваюцца новыя лініі, падаўжаюцца саставы паяздоў. Перавезена пасажыраў тралейбусамі 614,8 млн.чал., што склала 2170 млн. пасажыра-кіламетраў; трамваямі — адпаведна 94,6 млн.чал. і 329 млн. пасажыра-кіламетраў, метрапалітэнам — 289,4 млн.чал. і 1939 млн. пасажыра-кіламетраў.
На долю гар. электрычнага транспарту прыпадае 17% пасажыраабароту транспарту агульнага карыстання, у т. л. трамвая — 1,6%, тралейбуса — 8,5%, метрапалітэна — 6,9%. Павелічэнне пасажыраабароту ў параўнанні з 1995 абумоўлена ростам колькасці насельніцтва буйных гарадоў і эканамічнасцю гэтага віду транспарту, а попыт на яго паслугі таксама абумоўлены рэгуляваннем тарыфаў на перавозкі, датаваннем перавозак з бюджэту (гл.табл. 1, 4—5).
Літ.:
Железнодорожная магистраль Беларуси. Мн., 1971;
Дегтев В.С. Крылья Белоруссии. Мн., 1973;
Лыч Л.М. Аднаўленне і развіццё чыгуначнага транспарту Беларускай ССР: (Верас. 1943—1970 гг.). Мн., 1976;
Развитие отраслей народного хозяйства Белоруссии: (Ист.-геогр очерки). Мн., 1978;
Кучевский Н.Г. Место и роль транспорта в народнохозяйственном комплексе страны // Бел. экономика: анализ, прогноз, регулирование. 1999. №4;
Яго ж. Транспорт Беларуси. Мн., 2003;
Яго ж. Тенденции развития рынка транспортных услуг // Бел. журн. междунар. права и междунар. отношений. 2003. №3;
Автомобильные дороги Беларуси: Энцикл. Мн., 2002;
Сквозь облака и годы. Мн., 1993;
Транспорт и связь в Республике Беларусь: Стат. сб. Мн., 2002;
Экономическая история Беларуси. 3 изд. Мн., 2004.
М.Г.Кучэўскі, С.Ф.Дубянецкі.
Табліца 1 Эксплуатацыйная даўжыня шляхоў зносін Беларусі (на канец года, км)
1990
1995
2000
2002
2003
Чыгункі агульнага карыстання
5569
5564
5533
5533
5522
у т. л. электрыфікаваныя
890
894
894
894
894
Аўтамабільныя дарогі агульнага карыстання — усяго, тыс.км
48,9
51,6
74,4
80,0
81,2
у т. л. з цвёрдым пакрыццём
46,3
50,8
66,2
69,3
70,2
Трамвайныя шляхі (у двухпутным вылічэнні)
100,5
100,5
100,5
101,7
102,1
Тралейбусныя шляхі (у двухпутным вылічэнні)
431,0
446,7
466,6
472,5
489,5
Метрапалітэнныя шляхі (у двухпутным вылічэнні)
15,7
18,5
21,9
23,7
23,7
Табліца 2 Перавозкі грузаў па відах транспарту агульнага карыстання (млн.т)
1990
1995
2000
2002
2003
Усе віды транспарту
1251,8
424,6
316,4
307,1
321,5
у т. л.
чыгуначны
245,8
73,4
88,0
93,6
105,9
аўтамабільны (уключаючы ведамасны)
987,6
350,0
226,7
211,9
213,41
рачны
18,4
1,2
1,7
1,6
2,2
паветраны
0,03
0,02
0,00
0,01
0,01
1 Без малых прадпрыемстваў недзярж. формы ўласнасці.
Табліца 3 Грузаабарот па відах транспарту агульнага карыстання (млн. тона-км)
1990
1995
2000
2002
2003
Усе віды транспарту
99 634
35 242
42 214
45 355
46 251
у т. л.
чыгуначны
75 430
25 510
31 425
34 169
38 402
аўтамабільны
22 361
9539
9745
11 090
7655′
рачны
1805
133
26
59
160
паветраны (айч.)
38
60
18
37
34
1 Без малых прадпрыемстваў недзярж. формы ўласнасці.
Табліца 4 Перавозкі пасажыраў па відах транспарту агульнага карыстання (млн.чал.)
1990
1995
2000
2002
2003
Усе віды транспарту
3702,3
2207,2
2825,2
2775,4
2718,8
у т. л.
чыгуначны
147,2
141,1
162,5
148,0
137,0
аўтамабільны
2399,2
1305,0
1499,6
1499,8
1580,01
рачны
0,1
0,1
0,1
0,1
0,1
паветраны
2,2
0,4
0,2
0,2
0,3
тралейбусны
846,1
514,5
758,5
707,8
614,8
трамвайны
175,1
100,0
139,5
117,7
94,6
метрапалітэнны
101,6
136,0
258,2
298,0
289,4
таксаматорны
30,0
10,1
6,6
3,9
2,5
1 З 2003 уключае таксама перавозкі індывід. прадпрымальнікамі, якія прыцягнуты для перавозкі пасажыраў аўтобусамі рэгулярных рэйсаў.
Табліца 5 Пасажыраабарот па відах транспарту агульнага карыстання (млн. пасажыра-км)
1990
1995
2000
2002
2003
Усе віды транспарту
42 618
25 989
32 449
29 281
28 194
у т. л.
чыгуначны
16 852
12 505
17 722
14 349
13 308
аўтамабільны
19 787
9308
9235
9397
97981
рачны
30
2
3
2
паветраны
5510
1228
513
553
тралейбусны
—
1723
2618
2465
трамвайны
—
407
553
464
метрапалітэнны
—
688
1678
1997
таксаматорны
439
128
91
54
1 З 1995, уключаючы гар.электрычны транспарт, з 2003 — перавозкі індывід. прадпрымальнікамі, якія прыцягнуты для перавозкі пасажыраў аўтобусамі рэгулярных рэйсаў.
Будынак чыгуначнага вакзала ў Мінску.Мінск. Аўтавакзал «Усходні».Суднаходства па Прыпяці.Аэрапорт «Мінск-1». На пляцоўцы авіярамонтнага завода.Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Плошча Перамогі».Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Магілёўская».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСПРАЦОЎКА ЭЛЕКТРОННЫХ ВЫЛІЧАЛЬНЫХ МАШЫН
З пабудовай Мінскага з-да матэм. машын (1956—59; з 1967 Мінскі з-дЭВМ) і стварэннем СКБ (у 1972 рэарганізавана ў НДІЭВМ) Мінск стаў адным з цэнтраў па праектаванні і вытв-сці ЭВМ. У Беларусі склалася навук.-практычная школа па даследаваннях і распрацоўцы прынцыпаў, метадаў і сродкаў аптымальнага праектавання ЭВМ (Г.П.Лапато, В.У.Пржыялкоўскі, В.Я.Пыхцін, Г.Дз.Смірноў, Г.К.Сталяроў, Ю.У.Карпіловіч і інш.). У 1974 з мэтай масавага выпуску ЭВМ створана Мінскае ВАвыліч. тэхнікі (МВА ВТ), у якое ўваходзілі: галаўны Мінскі з-дЭВМ, з-ды знешніх прылад, шматслойных пячатных плат, персанальных камп’ютэраў (ПЭВМ). Брэсцкі электрамех. з-д (БЭМЗ) таксама выпускаў ЭВМЕС-1020, ЕС-1022, бартавыя і ПЭВМ, стацыянарныя і рухомыя выліч. комплексы для аўтаматызаваных сістэм кіравання (АСК) спец. прызначэння, знешнія прылады, у т. л. для аптычнага счытвання інфармацыі і тэлеапрацоўкі даных. За распрацоўку і серыйнае асваенне АСК, укараненне ЭВМДзярж. прэміямі СССР адзначаны работнікі БЭМЗ: І.К.Міхалкевіч (1977); В.У.Бугаеў, П.І.Гарэцкі, В.С.Касачук, І.П.Крук, Р.С.Мечташвілі, Ю.П.Падкоўка, У.А.Сальнікаў, Г.Ха-Рэн Нам (усе 1981), В.В.Строкаў (1984), М.П.Арцюх (1987).
У 1959 Мінскі з-дЭВМ пачаў серыйны выпуск машыны М-3, якая мела хуткадзеянне 30 аперацый за секунду (распрацавана пад кіраўніцтвам І.С.Брука). У 1960 выпускалася М-ЗМ з хуткадзеяннем 1500 ап/с, было выраблена (М-3 і М-ЗМ) 58 машын; распрацавана ЭВМ «Мінск-1» (гал. канструктар Г.П.Лапато) з хуткадзеяннем 3000 ап/с і ёмістасцю аператыўнай памяці (V) 1024 машынныя словы. Разам з мадыфікацыямі «Мінск-11» для работы з каналамі сувязі і апрацоўкі сейсмічнай інфармацыі, «Мінск-12» з пашыранай памяццю, «Мінск-14», «Мінск-16» для апрацоўкі тэлеметрычнай інфармацыі, «Мінск-100» для апрацоўкі дактыласкапічнай інфармацыі (у 1960—63 выпушчана 230 машын).
У 1962 распрацавана базавая мадэль 2-га пакалення ЭВМ сям’і «Мінск» — «Мінск-2» (гал. канструктар В.У.Пржыялкоўскі) — першая ў СССР серыйная паўправадніковая ЭВМ малога класа. Яна мела хуткадзеянне да 6 тыс. ап/с і V = 4096 37-разрадных слоў. Іх мадыфікацыі «Мінск-26» (1963) і «Мінск-27» (1964) служылі для апрацоўкі спадарожнікавай тэлеметрычнай інфармацыі, «Мінск-22» (гал. канструктар В.К.Надзененка) з падвоенай аператыўнай памяццю заняла асноўнае месца ў праграме з-да ЭВМ (у 1965—70 выпушчана каля 1000 машын). Гэта ЭВМ выкарыстоўвалася для стварэння АСК на малых і сярэдніх прадпрыемствах (АСК «Львоў», «Кунцава» і інш.), аўтаматызацыі эксперыментальных даследаванняў у ядзернай фізіцы і інш. галінах навукі і тэхнікі.
У 1966 з’явілася «Мінск-23» (гал. канструктар В.У.Пржыялкоўскі) — першая ў краіне ЭВМ з сімвальнай логікай і пераменнай даўжынёй слова і каманды, універсальнай сувяззю са знешнімі прыладамі і шматпраграмным рэжымам. У 1966—69 з-д вырабіў 28 машын.
Самай вядомай і распаўсюджанай у СССР у 1-й пал. 1970-х г. стала ЭВМ «Мінск-32» (гал. канструктар В.У.Пржыялкоўскі), якая мела хуткадзеянне 30 тыс. ап/с, V = 64 тыс. 37-бітных слоў. У ёй рэалізавана праграмная сумяшчальнасць з «Мінск-22» і ахова інфармацыі ў аператыўнай памяці, два каналы сувязі (мультыплексны і селектарны) са знешнімі прыладамі. «Мінск-32» — першая ў СССР і Еўропе ЭВМ 2-га пакалення, механічная зборка і электрычны мантаж якой выконваліся на канвееры — ад паступлення камплектуючых і матэрыялаў да наладкі і ўпакоўкі. Выкарыстоўвалася ў АН Беларусі як аснова калектыўнай сістэмы аўтаматызацыі навук. даследаванняў для дыстанцыйнага ўводу даных ад плазматронаў, спектрометраў, храматографаў і інш. установак, іх апрацоўкі ў рэальным часе і атрымання вынікаў на месцах эксперыментатараў. У 1968—75 выпушчана 3000 машын. ЭВМ тыпу «Мінск» складалі ў 1963—76 больш за 70% парка універсальных машын 2-га пакалення ў СССР.
За стварэнне і асваенне ў серыйнай вытв-сці ЭВМ 2-га пакалення тыпу «Мінск» у 1970 Дзярж. прэміяй СССР адзначаны: В.У.Пржыялкоўскі, І.К.Растоўцаў, М.Е.Екельчык, Г.П.Лапато, Ю.У.Карпіловіч, Ю.Р.Бастанджан, Г.Дз.Смірноў, Г.К.Сталяроў, М.А.Мальцаў, Л.І.Шунякоў; прэміяй Ленінскага камсамола — Э.В.Кавалевіч, У.П.Качкоў, М.Я.Неменман, В.Я.Пыхцін, А.М.Цітоў, М.В.Шкут.
ЭВМ Адзінай сістэмы. У якасці адзінай для СССР і краін СЭУ была выбрана архітэктура сістэмы ІВМ/360 і пачалася распрацоўка машын 3-га пакалення на інтэгральных схемах — Адзінай сістэмы (ЕСЭВМ). У 1971 у Мінску з удзелам спецыялістаў з Балгарыі спраектавана ЕС-1020 (гал. канструктар В.У.Пржыялкоўскі) з мікрапраграмным прынцыпам кіравання. Мела хуткадзеянне 20 тыс. ап/с і V = 256 Кбайт. У 1972—75 выпускалася серыйна з-дамі Беларусі і Балгарыі (усяго 800 машын). Гэтая машына мадэрнізавана ў МВА ВТ у ЕС-1022 (гал. канструктар І.К.Растоўцаў) з хуткадзеяннем да 80 тыс. ап/с і пашыранай аператыўнай памяццю, выпускалася ў 1975—82 тымі ж вытворцамі буйной серыяй (прыкладна 4 тыс. машын).
Мадэль ЕС-1035 (гал. канструктар Г.Дз.Смірноў) створана паводле архітэктуры ІВМ-370, мела хуткадзеянне да 160 тыс. ап/с, аб’ём памяці V ад 256 да 1024 Кбайт, сістэму аўтаматычнай дыягностыкі. Яна магла настройвацца на любую сістэму каманд, была праграмна-сумяшчальная з ЭВМ «Мінск-32». У 1977—86 у МВА ВТ выпушчана 2138 машын. Яе працягам стала мадэль ЕС-1036 (гал. канструктар Р.М.Асцатураў) на інтэгральных схемах больш высокай інтэграцыі; мела хуткадзеянне 400 тыс. ап/с і V = 2048—4096 Кбайт. У 1983—89 выпушчаны 2073 такія машыны.
ЭВМ ЕС-1060 (гал. канструктар В.С.Антонаў) з хуткадзеяннем 1,3 млн. ап/с і V = 2—8 Мбайт належыць да 2-й чаргі ЭВМ Адзінай сістэмы. У ёй прадугледжаны двухмашынны комплекс з выкарыстаннем сродкаў прамога доступу, адаптэра «канал-канал» і агульнага поля вонкавай памяці. У 1977—82 МВА ВТ выпусціла 315 машын. Якасна новай мадыфікацыяй гэтай машыны стала ЭВМЕС-1061, распрацаваная на МВА ВТ (гал. канструктары Ю.У.Карпіловіч, А.М.Віталісаў), з хуткадзеяннем 2 млн. ап/с і V да 8 Мбайт. Магла працаваць у сістэмах рэальнага часу, рэжымах раздзялення часу і дыялогавым. У 1983—88 выпушчана 566 такіх машын.
ЭВМ ЕС-1065 з хуткадзеяннем 5 млн. ап/с і V 16 Мбайт, прызначаная для работы ў складзе шматмашынных і шматпрацэсарных комплексаў, а таксама ў рэжыме з далучаным працэсарам, мела шэраг структурных асаблівасцей, што павышалі яе эфектыўнасць і надзейнасць. У 1984—86 МВА ВТ выпусціла 8 машын. ЭВМЕС-1066 была базавай мадэллю сям’і двухпрацэсарных ЭВМ для стварэння магутных выліч. комплексаў рознага прызначэння. Яна выпускалася ў 18 мадыфікацыях ад аднапрацэсарных з прадукцыйнасцю 5,5 млн. ап/с ад двухпрацэсарных з прадукцыйнасцю 10 млн. ап/с, V = 16—32 Мбайт. У 1987—93 МВА ВТ выпусціла 405 такіх машын.
Наступнымі мадэлямі Адзінай сістэмы былі ЕС-1130 і ЕС-1230 (гал. канструктар абодвух У.П.Качкоў). ЕС-1130 з хуткадзеяннем 2 млн. ап/с і V = 8—16 Мбайт мела малыя габарыты, у ёй рэалізаваны сістэма ўзнаўлення пры збоях, праграмна-апаратны кантроль і мікрапраграмная дыягностыка. У 1989—95 выпушчана 437 машын. У ЭВМЕС-1230 (называлася «Мінск-9000») рэалізавана архітэктура System/390 (Enterprise System Architecture/390) амер. фірмы IBM. Выкарыстаны працэсарныя платы і інш. вузлы цэнтральнай часткі сістэмы ES/9000. Хуткадзеянне 280 млн. ап/с, V — да 2084 Мбайт. Выпускалася па індывідуальных заказах.
За стварэнне, асваенне і ўкараненне аперацыйных сістэм ЕСЭВМ у 1978 Дзярж. прэміяй СССР адзначаны А.І.Гаро, Э.В.Кавалевіч, Л.Т.Чупрыгіна. За распрацоўку навук. асноў Адзінай сістэмы ЭВМ, разнастайных мадэлей і выліч. комплексаў, перыферыйных прылад, сістэм аўтаматызацыі праектавання і вытв-сці, а таксама тэхналагічнага абсталявання для вытв-сці ў 1983 Ленінскай прэміяй адзначаны Ю.У.Карпіловіч, Г.Дз.Смірноў; Дзярж. прэміяй СССР у 1983 — І.В.Матышаў, А.Я.Пыхцін, В.Я.Пыхцін, М.Ф.Чалайдзюк, У.А.Шэршань; у 1986 — Л.Л.Галенава, В.В.Лебедзеў, І.А.Платун.
ЭВМ Адзінай сістэмы, выпушчаныя ў Беларусі, складалі больш за 60% парка такіх выліч. машын у СССР.
Персанальныя ЭВМ. У 1984 НДІЭВМ вызначаны галаўной арганізацыяй па распрацоўцы ПЭВМ. У 1985 распрацавана ПЭВМ ЕС-1840, сумяшчальная з IBM PC/AT. З 1986 выпускаліся 16- і 32-разрадныя ПЭВМ рознага прызначэння. Галоўныя канструктары ПЭВМ: В.І.Аўсяннікаў, У.В.Вітэр, У.М.Грыгарэнка, А.П.Запольскі, В.Я.Пыхцін. Усяго НДІЭВМ распрацаваў больш за 30 мадэлей ПЭВМ. Такія машыны выпускаліся на з-дах Мінска і Брэста (больш за 120 тыс. машын), а таксама больш за 30 тыс. машын выпушчана ў Кішынёве, Волжску, Свярдлоўску, Новасібірску, Кіеве.
Вылічальныя комплексы і сістэмы. З мэтай павелічэння прадукцыйнасці вылічэнняў у 1966 на базе ЭВМ «Мінск-2» і «Мінск-22» распрацавана аднародная шматмашынная выліч. сістэма (АУВС) «Мінск-222» (гал. канструктар Г.П.Лапато), якая магла аб’ядноўваць да 8 машын. Створана 7 такіх сістэм, якія выкарыстоўваліся для карэкціроўкі арбіт касмічных апаратаў. АУВС «Мінск-222» была адной з першых у свеце выліч. сістэм з аналагічнай структурай і стала правобразам сучасных суперЭВМ з паралельнай архітэктурай. У далейшым ЭВМ «Мінск-32» і ЕСЭВМ выпускаліся з магчымасцю аб’яднання іх у аднародныя комплексы. На буйнейшых прадпрыемствах і арганізацыях, ВЦ на іх аснове ствараліся АСК прадпрыемствамі, тэхналагічнымі працэсамі, навук. даследаваннямі і навукова-тэхн. эксперыментамі і інш. У 1975 распрацавана шматабаненцкая сістэма тэлеапрацоўкі даных на базе ЕС-1022. Выпускаліся 2-машынныя комплексы ВК-2Р-35 (гал. канструктар В.Я.Пыхцін, 1979), ВК-2Р-36 і ВК-2М-36 (гал. канструктар Р.М.Асцатураў, 1984 і 1986 адпаведна) і інш.
На Беларусі распрацаваны і выпускаліся на БЭМЗ рухомыя ЭВМ, сумяшчальныя з ЕСЭВМ (гал. канструктар Г.П.Лапато). Машына РВ-2 (гал.канстр. В.Я.Пыхцін) з прадукцыйнасцю 500 тыс. ап/с і V = 4 Мбайт прызначалася для эксплуатацыі ў цяжкіх умовах: пры тэмпературах ад -40 °C да +50 °C, пры ўздзеяннях пылу, вільгаці і інш. фактараў. У 1990—97 выпускалася машына РВ-3 (гал. канструктар Р.М.Асцатураў) з прадукцыйнасцю ў 3 млн. ап/с і V = 12 Мбайт, якая магла працаваць у тых жа экстрэмальных умовах. Тэрмінальная ЭВМ «Нёман» (гал. канструктар К.А.Кірын), створаная на базе РВ ЭВМ, мела прадукцыйнасць 3,3 млн. ап/с і V = 16 Мбайт, і прызначалася для работы ў лакальных выліч. сетках і шматтэрмінальных сістэмах. На базе РВ-2, РВ-3 і стацыянарных ЕСЭВМ былі створаны шматмашынныя комплексы, дыстанцыйныя і лакальныя сістэмы («Невад»); на іх аснове БЭМЗ вырабіў кіроўны двухмашынны комплекс 1В546 (гал. канструктар Р.М.Асцатураў).
СуперЭВМ. У выніку сумеснай бел.-рас. праграмы «СКІФ» (з бел. боку: навук. кіраўнік С.У.Абламейка, нам.навук. кіраўніка У.В.Анішчанка, выканаўчы дырэктар М.М.Парамонаў) у 2000—2003 створана сям’я (12 мадэлей) высокапрадукцыйных выліч. сістэм з паралельнай архітэктурай і кластэрнай арганізацыяй. Кластэр «СКІФ К-500» (2003; гал. канструктары Дз.Б.Жаваранкаў, А.П.Чыж) дасягае пікавай прадукцыйнасці больш за 700 млрд. ап/с. Мае 128 працэсараў і 64 выліч. вузлы з агульнай V = 128 Гбайт, а таксама патэнцыяльную магчымасць павышэння прадукцыйнасці да некалькіх трыльёнаў ап/с.
Галаўныя арганізацыі праграмы «СКІФ»: АІПІ Нац.АН Беларусі і Ін-т праграмных сістэм Рас.АН. Распрацоўшчыкамі суперЭВМ з’яўляюцца каля 20 прадпрыемстваў Беларусі і Расіі, у т. л.НДІЭВМ «Белмікрасістэмы», Ін-т цепла- і масаабмену Нац.АН Беларусі. Пры АІ ПІ Нац.АН Беларусі ствараецца Нац. суперкамп’ютэрны цэнтр калектыўнага карыстання для распрацоўкі важных прыкладных праграмных комплексаў (найперш у кардыялогіі і навуцы), для праектавання і аналізу ўзораў новай тэхнікі (універсальных трактароў «Беларус», нясучых канструкцый самазвала БелАЗ, турбакампрэсараў для дызельных рухавікоў Мінскага маторнага з-да, дынамічных характарыстык глебаапрацоўчых агрэгатаў і інш.).
Літ.:
Малиновский Б.Н. История вычислительной техники в лицах. Киев, 1995;
Лопато Г.П. Вычислительная техника в Белоруссии // Информ. технологии и вычислит. системы. 1997. №1;
Stolyarov G.K. Computers in Belarus. Chronology of the Main Events // IEEE Annals of the History of Computing. 1999. Vol. 21, №3;
Смирнов Г.Д. События и люди. Мн., 2003;
Карпилович Ю.В. Так было. Мн., 2004;
Принципы построения суперкомпьютеров семейства «СКИФ» и их реализация // Информатика. 2004. № 1.