«БЕДНЯ́К»,
штодзённая сялянская газета. Выходзіла з 25.9.1918 да жн. 1919 на рус. мове напачатку ў Смаленску як выданне Паўн.-Зах. абл. к-та РКП(б), з 25.2.1919 у Мінску як орган ЦБ КП(б)Б, з 12.3.1919 орган ЦК і Мінскага губ. к-та КП(б) Літвы і Беларусі. Асвятляла жыццё Сав. краіны, падзеі грамадз. вайны, друкавала матэрыялы пра дзейнасць к-таў беднаты, сельскіх камуністаў. Частка тыражу засылалася ў акупіраваныя Польшчай раёны Беларусі. Мела рубрыкі: «Па Расіі», «За рубяжом», «У ворагаў Савецкай улады», «Чырвоная Армія» («Чырвоны фронт»), «Вясковае жыццё» і інш.
т. 2, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ГІН (Аляксей Фёдаравіч) (27.3.1905, в. Бурцава Багародскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 9.10.1941),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыятычнага падполля і партыз. руху на тэр. Мінскай і Палескай абл. у Вял. Айч. вайну. Скончыў Вышэйшую школу партарганізатараў пры ЦК ВКП(б) (1940). З ліп. 1940 нам. заг. аддзела, сакратар Мінскага абкома КП(б)Б. З ліп. 1941 сакратар Мінскага падп. абкома КП(б)Б, ствараў падп. райкомы партыі, арганізоўваў партыз. атрады. Пры выкананні задання схоплены гітлераўцамі каля пас. Чырвоная Паляна Любанскага р-на, забіты пры спробе ўцячы.
т. 3, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАХМА́ГІРЫ,
шматслойнае гарадзішча і могільнік у штаце Карнатака на Пд Індыі. Раскопкі далі магчымасць прасачыць змену археал. культур і іх развіццё ў Паўд. Індыі ад эпохі неаліту (каля 2200—1000 да н.э.) да канца 1—2 ст. н.э. У ніжнім пласце знойдзены неалітычныя паліраваныя сякеры, мікраліты, ляпная кераміка, медныя і бронзавыя рэчы; у больш познім — чорна-чырвоная кераміка і т.зв. мегалітычныя пахаванні. Вывучана больш за 300 пахаванняў, шмат з іх абнесены змацаванымі паміж сабой каменнымі плітамі і звычайна абкружаны каменнай муроўкай.
А.В.Іоў.
т. 3, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЧКА,
1) вегетатыўны орган у шматгадовых вышэйшых раслін (зімуючая ці часова спыненая ў развіцці відазмененая пупышка або комплекснае марфалагічнае ўтварэнне, якое аб’ядноўвае некалькі пупышак); у садоўніцтве — пупышка з прышчэпкай, што служыць для прышчэплівання на прышчэпу; у агародніцтве — ямка на клубнях бульбы з 3 (адной цэнтральнай і дзвюма бакавымі) укрытымі лускавінкамі пупышкамі (пасадачным матэрыялам могуць быць клубні, парэзаныя на часткі, якія маюць хоць адно вочка).
2) Орган зроку (адзін або некалькі) у мечахвостаў і членістаногіх.
3) Стыгма, або чырвоная плямка, — святлоадчувальная арганела жгуцікавых прасцейшых, аднаклетачных рухомых водарасцей і зааспор шматклетачных водарасцей.
т. 4, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛАНЭ́ ((Delaunay) Рабер) (12.4.1885, Парыж — 25.10.1941),
французскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Школе тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва ў Бельвіле. Зазнаў уплывы неаімпрэсіянізму, П.Сезана, кубізму. Заснавальнік (з С.Тэрк-Дэланэ) плыні арфізм. Дынаміку руху і рытмаў перадаваў з дапамогай вылучаных ім заканамернасцей узаемапранікнення асн. колераў спектра і ўзаемаперасячэння крывалінейных паверхняў. Аўтар абстрактных карцін («Дыск», «Круглыя формы», 1912—13, «Даніна павагі Блерыо», 1914, «Радасць жыцця», 1930—31, «Рытмы», 1930—37), пейзажаў («Чырвоная Эйфелева вежа», 1910), лаканічных нацюрмортаў («Кафейнік, партугальскі нацюрморт», 1915—16), партрэтаў («Ф.Супо», 1922) і інш. Іл. глядзі ў артыкуле Жывапіс.
т. 6, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́ДНЯ (Алесь) (сапр. Функ Аляксандр Эраставіч; 1899, г. Перм, Расія — 12.9.1944),
бел. празаік, крытык. Да бел. культуры далучыўся ў Маскве, куды ў 1917 прыехаў на вучобу. Быў чл. маскоўскай арг-цыі Бел. сацыяліст. грамады. Працаваў тэхрэдам час. «Чырвоная Беларусь». У 1930 арыштаваны за «контррэв. дзейнасць» і адбываў зняволенне да 1934. У 1942 зноў асуджаны і памёр у зняволенні. Друкавацца пачаў у 1925. Аўтар аповесцей «На крэсах» (1925) і «Варта на Рэйне» (1927—28), апавяданняў, крытычных артыкулаў. Як крытык стаяў на пазіцыях ваяўнічага вульгарнага сацыялагізму.
т. 5, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРАШЭ́ВІЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў в. Дарашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. на левым беразе р. Прыпяць. Парк пейзажнага тыпу. Пл. каля 8 га. Кампазіцыйным цэнтрам быў сядзібны дом (разбураны ў Вял. Айч. вайну).
Паркавы фасад дома быў арыентаваны ў бок ракі, перад ім — партэр у выглядзе эліпса. У парку раслі унікальныя для Беларусі экзэмпляры платана клёналістага, піхтаў сіб. і бальзамічнай (загінулі ў вайну). Захаваліся хвоя веймутава, елка чырвоная, дуб чырвоны і інш.
В.Р.Анціпаў.
т. 6, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́НКАЎСКІ,
летні сорт яблыні селекцыі Бел.НДІ пладаводства. Атрыманы з сеянцаў сорту Лаўфам свабодным апыленнем. На Беларусі перспектыўны для вырошчвання ў прамысл. і прысядзібных садах.
Дрэва сярэднярослае, з кронай сярэдняй гушчыні, круглаватай формы, расце хутка. Сорт высокаўраджайны, сярэднеўстойлівы да паршы. Пладаносіць на клонавых прышчэпах на З-і год пасля пасадкі, на насенных — на 5-ы год. Плады буйныя (сярэдняя маса 160 г), правільнай круглавата-канічнай формы. Асн. афарбоўка зялёная, покрыўная — размытая цёмна-чырвоная. Мякаць белая, сярэдняй шчыльнасці, сакаўная, салодкая, са слабым пахам. Збор пладоў у жн.; захоўваюцца месяц.
З.А.Казлоўская.
т. 7, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЭ́ЙЧЫК (Іван Аляксандравіч) (19.3.1935, в. Гута Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 16.2.1996),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1965). Працаваў у друку на Брэстчыне, на Бел. радыё, Гомельскай абл. студыі тэлебачання, у газ. «Чырвоная змена», «Гомельская праўда». Друкаваўся з 1954. Аўтар зб-каў нарысаў і апавяданняў «Багацце душы — людзям» (1966), «Пялёсткавы бераг», «Каласам хіліцца долу» (абодва 1969), «Калінавая квецень» (1984); кніг паэзіі «Аснова» (1977), «З маіх крыніц» (1994). Творы прасякнуты публіцыстычным грамадз. пафасам, шчырасцю пачуццяў. Запісаў і літаратурна апрацаваў кнігі партызан Р.Лазабеева «Лясныя пабрацімы» (1972) и М.Качана «Апалены ранак» (1994).
т. 8, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДПО́КРЫЎНЫЯ ПАСЕ́ВЫ,
вырошчванне дадатковай падсяўной культуры на адной плошчы з асноўнай. Падпокрыўная культура застаецца расці на полі пасля ўборкі асн. культуры (убіраюць на павышаным зрэзе), якая мае больш кароткі перыяд вегетацыі і менш зацяняе падпокрыўныя расліны. П.п. даюць магчымасць атрымліваць 2 ураджаі з адной плошчы за вегетацыйны перыяд. На Беларусі ў якасці падпокрыўных культур выкарыстоўваюць адна- і шматгадовыя травы (сырадэля, райграс аднагадовы, канюшына чырвоная, люцэрна пасяўная, цімафееўка і аўсяніца лугавыя), якія добра пераносяць зацяненне ў першай палове вегетацыі і не прыгнечваюць асн. культуру.
У.П.Пярэднеў.
т. 11, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)