ГАРАДЗІ́ЛАВА,

вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. Раз’езд на чыг. лініі Маладзечна—Ліда. За 23 км на ПдЗ ад г. Маладзечна, 96 км ад Мінска, 7 км ад чыг. ст. Палачаны. 403 ж., 140 двароў (1996).

У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1443 як прыватнаўласніцкі маёнтак з касцёлам. У канцы 16 ст. ў Ашмянскім пав. ВКЛ. Належаў А.​Фурсу, Астравухам, Гансеўскім, Коцелам, Свентаржыцкім, Ахматовічам. З 1793 у Рас. імперыі, у Вілейскім пав. У 1866 пабудавана Феадосьеўская царква, працавала школа. Побач з вёскай выяўлены гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і курганы 9—10 ст., раскопкі якіх у 1854 праводзіў А.Кіркор. У 1906—07 Гарадзілава наведваў Я.​Купала. З 1921 у складзе Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Маладзечанскага р-на. У 1970 — 225 ж., 51 двор.

Цэх па вырабе мясных прадуктаў. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Феадосьеўская царква.

т. 5, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДАБРАЧЫ́ННЫ ФОНД «ДЗЕ́ЦЯМ ЧАРНО́БЫЛЯ»,

незалежнае няўрадавае аб’яднанне. Створаны ў 1989 пры аргкамітэце БНФ, з 1990 самаст. арг-цыя. Ажыццяўляе доўгатэрміновыя праграмы і праекты сац.-гуманіт. кірунку (больш за 40). Пад яго апекай знаходзяцца многія мед. і дзіцячыя ўстановы Беларусі. З дапамогай фонду пабудаваны «SOS — дзіцячая вёска», рэабілітацыйны цэнтр у Мінску, дамы для перасяленцаў-чарнобыльцаў, дзіцячы хоспіс, цэх экалагічна чыстага харчавання, у Мінску будуецца правасл. храм «Усіх самотных радасці». На аздараўленне ў замежныя краіны накіравана больш за 80 тыс. дзяцей-чарнобыльцаў і 540 — на лячэнне і рэабілітацыю. У клініках зах. краін прайшлі стажыроўку каля 200 медработнікаў. На Беларусь з-за мяжы пастаўлена 6,5 тыс. т гуманіт. грузаў (больш як на 140 млн. ням. марак). Аказана дапамога 240 тыс. ліквідатараў, перасяленцаў, інвалідаў, мнагадзетным і маламаёмным сем’ям. Мае аддзяленні і групы падтрымкі ў 76 раёнах і гарадах Беларусі, супрацоўнічае з 386 замежнымі арг-цыямі. Праводзіць міжнар. кангрэсы «Свет пасля Чарнобыля» (1992, 1994, 1996). Заснавальнік Міжнар. асацыяцыі гуманіт. супрацоўніцтва, час. «Demos» на рус. і ням. мовах.

т. 2, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛЕ́ССЕ,

вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., на левым беразе р. Вілія, каля аўтадарогі Маладзечна—Смаргонь; чыг. ст. на лініі Мінск—Гудагай, Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдУ ад г. Смаргонь, 233 км ад Гродна. 1148 ж., 432 двары (1997).

Вядома з 16 ст. як фальварак Дзербы. У 1690 згадваецца ў ліку паселішчаў Смаргонскай парафіі Ашмянскага пав. У 18 — пач. 20 ст. ўласнасць роду Агінскіх. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. ў Ашмянскім пав. Віленскай губ. У 1802—22 у З. жыў М.К.Агінскі, тут ім створаны шэраг муз. твораў, у т. л. паланэз «Развітанне з Радзімай». У 1880-я г. фальварак і вёска, 50 жыхароў. З 1921 у Польшчы, у Маладзечанскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Смаргонскага р-на. У 1971—806 ж., 258 двароў.

Мэблевы цэх. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры і гісторыі Залескі палацава-паркавы ансамбль (1802—22).

т. 6, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛО́Е МАЖЭ́ЙКАВА,

вёска ў Гасцілаўскім с/с Лідскага р-на Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Лебяда. Цэнтр аграфірмы «Мажэйкава». За 28 км на ПдЗ ад Ліды, 85 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы. 794 ж., 301 двор (1999).

Упершыню згадваецца ў 1511 як маёнтак у Жалудоцкай вол. Трокскага ваяв.. падараваны вял. кн. ВКЛ Жыгімонтам I Старым віленскаму падканюшаму Шымку Мацкавічу. Належаў Палубенскім, Нарушэвічам-Брахоцкім і інш. З 1795 у Рас. імперыі, у 2-й пал. 19 ст. сяло Лідскага пав. Віленскай губ. У 1897 нар. вучылішча, царква, капліца. З 1921 у складзе Польшчы, у Лідскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Мажэйкаўскага с/с Жалудоцкага раёна, з 1954 вёска ў Гасцілаўскім с/с. З 1962 у Лідскім р-не, з 1987 цэнтр Гасцілаўскага с/с. У 1972—502 ж., 161 двор.

Спіртзавод, лікёра-гарэлачны цэх, сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — сядзіба (19 ст.).

Г.​І.​Дулеба.

т. 10, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́ФТА—ХА́РТЛІ ЗАКО́Н (Taft-Hartley Act, афіц. назва Labor-Management Relations Act),

федэральны акт, прыняты 23.6.1947 Кангрэсам ЗША, аб рэгуляванні прац. адносін у краіне. Назва ад імя сенатара Р.​А.​Тафта і чл. Палаты прадстаўнікоў Ф.​Хартлі, якія ўзначальвалі працу па падрыхтоўцы гэтага закона. Быў скіраваны супраць папярэдняга ліберальнага і незбалансаванага (абмяжоўвала толькі інтарэсы наймальнікаў) прац. заканадаўства «новага курсу» (закон Вагнера ад 5.7.1935). Закон абмяжоўваў правы наёмных работнікаў і прафсаюзаў: забарона прафсаюзам уносіць у калект. дагавор пункт пра «закрыты цэх», забарона забастовак дзярж. служачых; уведамленне прадпрымальніка рабочымі пра іх стачку за 30 дзён да яе пачатку; наданне заканад. сходам штатаў права забараняць прафс. гарантыі, дазволеныя федэральным заканадаўствам; рэгулярныя справаздачы прафсаюзаў міністру працы пра ўсе свае справы; пісьмовыя паказанні пад прысягай аб непрыналежнасці прафс. функцыянераў да Камуніст. партыі ЗША і інш. У 1959 дадаткова прыняты закон Лэндграма—Грыфіна, а ў 1970 і дапаўненні да яго, якія прадугледжвалі далейшае рэгуляванне прац. адносін у ЗША.

т. 15, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ШНІЦКАЯ ПАПЯРО́ВАЯ ФА́БРЫКА «Чырвоная Зорка». Засн. ў 1886 у в. Смальянцы Лепельскага пав. (цяпер у межах г. Чашнікі) як папяровая ф-ка «Скіна». Выпускала кардон, паперу для пісьма, каляровую, друкарскую, абгортачную, муштучную (для папярос). Мела з 1890 паравую машыну, з 1895 вадзяную турбіну і лакамабіль, у 1908 4 паравадзяныя рухавікі, у 1894—1912 устаноўлены 3 папераробныя машыны; працавала да 397 рабочых. З 1923 сучасная назва. У Вял. Айч. вайну разбурана. У 1945 пушчана 3-я, у 1948—2-я, у 1950—1-я, у 1974—4-я, у 1980—5-я папераробныя машыны. У 1990-я г. 2 старыя (1905, 1908) папераробныя машыны дэманціраваны. У 1993 пабудаваны цэх па вытв-сці водарастваральных фарбаў для друку флексаграфічным і глыбокім спосабамі (з 1997 закансерваваны). У 1997 уведзена вытв-сць гафрыраванага кардону і тары з яго. Асн. прадукцыя (2003): папера для гафрыравання, кардон для плоскіх слаёў, гафракардон і тара з яго.

С.​В.​Падрэз.

т. 17, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОСЬ Алена Георгіеўна (н. 22.1.1933, Вільнюс),

бел. графік. Скончыла Дзярж. маст. ін-т Літвы (1955). Творам уласцівы сувязь з бел. нар. традыцыямі, прастата і яскравасць выяўл. мовы. Вядома як мастак дзіцячай кнігі («Вераб’ёвы госці» А.​Якімовіча, 1960; «Дударык», 1964, і «Ладачкі-ладкі», 1977, В.​Віткі; «Скарб» З.​Бядулі, 1965, 1975; «Кую-кую ножку», 1967, «Азбукі», 1997, А.​Дзеружынскага; «Калыханкі», 1995; «Грыбок, грыбок, выстаў лабок» У.​Ягоўдзіка 1997; бел. казкі «З рога ўсяго многа», 1968, «Залатая яблынька», 1974, «Разумная дачка», 1988; «Канёк-гарбунок» П.​Яршова, «Крылаты цэх» В.​Лукшы, абедзве 1982; «Слова пра паход Ігаравы», 1986). Сярод станковых твораў серыі «Дзеці Белавежы» (1966), «Песні заходніх славян» (1974), «Партрэты беларускіх пісьменнікаў» (1979), «Пад палескімі дубамі» (1981), на ляўкоўскія вершы Я.​Купалы (1982), «Людзі на Прыпяці» (1984—89), «Ружанскія паданні» (1991), «Народныя беларускія калыханкі» (1992—93), цыкл малюнкаў да твораў Я.​Коласа «Казкі жыцця» (1998). Некаторыя творы стылістычна пераклікаюцца з нар. лубком. Працуе таксама ў жывапісе.

Тв.:

Дзесяць дзён у Барку. Мн., 1984.

Літ.:

Латун З.І. Алена Лось. Мн., 1977.

А.Лось. Ілюстрацыя да «Слова пра паход Ігаравы». 1986.

т. 9, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ТАЛЬСКІЯ РУЧНІКІ́,

традыцыйныя тканыя ручнікі, якія вырабляюць ткачыхі ў в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Вядомы з канца 18 ст. Даўжыня М.р. 210—240 см, шыр. 30—33 см. Ткуць «у елачку» пераборнай тэхнікай у 4 ніты, снуюць у 8—10 пасмаў. Традыц. колер узораў — чырвоны з чорным, пазней з сінім, зялёным. Кампазіцыя ручнікоў 2 відаў: у адным па аснове праходзяць 2—3-каляровыя, пазней 4-каляровыя палоскі-коскі, у другіх — па ўтку шмат каляровых арнаментальных палосак («затканыя беражкамі»), што перасякаюцца з каляровымі палоскамі асновы. Даўней іх аснова і ўток былі з ільняных нітак, а ўзор натыкалі горынню; у наш час ткуць з ільняных, баваўняных нітак, а ўзор натыкаюць мулінэ, ірысам. Па канцах ручнікоў арнаментальны малюнак («у зборы», «у кветкі», «у лісты», «у жучкі») займае 7—8 см. Заканчваюцца традыц. ручнікі карункамі, якія плялі з нітак асновы ўручную (цяпер вяжуць кручком). У 1977 у в. Моталь створаны ткацкі цэх Пінскай ф-кі маст. вырабаў.

М.​П.​Жабінская.

Да арт. Мотальскія ручнікі. В.​Лукашэвіч. Ручнік. 1972.

т. 10, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЛУ́КІ,

вёска ў Сеніцкім с/с Мінскага р-на. За 12 км на Пд ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Пціч. 1483 ж., 528 двароў (2000).

Вядомы з 16 ст. ў складзе ВКЛ, уласнасць Горскіх, Роскіх, Агінскіх, Сянькевічаў, Іваноўскіх, Оштарпаў, Горватаў і інш., з 1872 Чапскіх. У 1635 заснаваны мужч. манастыр (згарэў у 1868), у 1763 пабудавана Свята-Пакроўская царква. З 1793 у Рас. імперыі ў Самахвалавіцкай вол. Мінскага пав. Да 1864 тут паштовая станцыя на тракце Мінск—Навагрудак. У 1865 пабудавана царква Раства Багародзіцы, з 1879 пры ёй існавала нар. вучылішча. Замалёўку П. зрабіў Н.Орда. У 1886 у П. бровар, піваварня, млын., у 1897 у вёсцы 50 ж., 8 двароў, 2 кузні, хлебазапасны магазін, царква. З 1924 вёска ў Самахвалавіцкім р-не БССР, з 1935 у Сеніцкім с/с Мінскага р-на.

Прадпрыемства аэрафотагеадэзічных пошукаў, цэх дзярж. інспекцыі па электрасувязі, Бел. НДІ аховы раслін. Сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Прылуцкі палацава-паркавы комплекс.

А.​І.​Валахановіч.

т. 13, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНЮ́ТА Міхаіл Пятровіч (1.10.1881, г. Чэрвень Мінскай вобл. — 2.1.1974),

бел. жывапісец, педагог. Бацька С.​М.​Станюты. Вучыўся ў школе малявання Я.​Кругера (1908—11), Дзярж. вольных маст. майстэрнях у Маскве (1918—20). З 1920 заг. аддзела выяўл. мастацтва Галоўпалітасветы Беларусі, сакратар аб’яднання мастакоў Беларусі (з 1924), Усебел. аб’яднання мастакоў (1927—30). Выкладаў маляванне ў школах, маст. студыях і гуртках (1920—39). Адзін з ініцыятараў і арганізатараў Мінскай гар. маст. выстаўкі (1921). Працаваў у станковым жывапісе (тэматычная карціна, партрэт, пейзаж, нацюрморт), графіцы. Сюжэтна-тэматычныя карціны вызначаюцца актуальнасцю тэматыкі, выразнасцю кампазіцыі і малюнка, абагульненасцю формы, пастознасцю і колеравай насычанасцю: «Шклозавод» (1924), «Бетоншчыкі» (1927), «Будаўніцтва Універсітэцкага гарадка» (1928), «На будоўлі» (1929), «Ліцейны цэх» (1931). Значнае месца займаў партрэт: «Бежанец», «Аўтапартрэт» (абодва 1921), «Партрэт дачкі» (1923), «Партрэт мастака М.​Філіповіча» (1925), «Студэнт» (1927), «Ударнік» (1928), «Беларус» (1944), «Хлопчык у кепцы» (1949), «Партрэт старога» (1952), «Калгасніца» (1961) і інш. Аўтар пейзажаў: «Прыцемкі», «Вечар» (абодва 1920), «Дарогі і хвоі» (1923), «Разбураны Мінск» (1944), «Цэнтральны сквер» (1951), «Зімой у парку» (1965).

Г.​М.​Ярмоленка.

М.Станюта. Партрэт дачкі 1923.

т. 15, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)