КАНА́РСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

халоднае паверхневае цячэнне на У паўн. ч. Атлантычнага ак. Шыр. 400—600 км. З’яўляецца ўсх. перыферыяй паўн. субтрапічнага антыцыкланальнага кругавароту паверхневых вод. Накіравана з Пн на Пд уздоўж берагоў Пірэнейскага п-ва і паўн.-зах. ўзбярэжжа Афрыкі як адгалінаванне Паўночна-Атлантычнага цячэння. Т-ра вады ў лют. ад 12 °C да 26 °C, у жн. ад 19 °C да 26 °C. Салёнасць 36,0—36,8 ‰. Скорасць 0,9—1,8 км/гадз. Расход каля 16 млн. м³/с. На Пд пераходзіць у Паўн. Пасатнае цячэнне, часткова адхіляецца ў Гвінейскі заліў.

т. 7, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЯНЕ́Ц (Asplenium),

род папарацей сям. аспленіевых. Каля 700 відаў. Пашыраны па ўсіх кантынентах. Растуць на вапнавых скалах.

Шматгадовыя травяністыя, наземныя, наскальныя ці эпіфітныя расліны выш, да 15 см з кароткім верт. ці паўзучым карэнішчам. У тропіках — буйныя, з перыстым ці суцэльным лісцем даўж. да 2 м, тоўстым карэнішчам і масай зблытаных каранёў, утвараюць падабенства гнёздаў на ствалах і галінах дрэў (гнездавыя эпіфіты). Сорусы лінейныя, уздоўж бакавых жылак ніжняй паверхні ліста, пакрыты плеўкай індузія. Многія віды ўтвараюць на лісці вывадкавыя пупышкі для вегетатыўнага размнажэння. Дэкар. расліны.

Касцянец воласападобны.

т. 8, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАЛО́НСКІЯ ГО́РЫ,

горы на ПнУ Пірэнейскага п-ва, у Іспаніі. Даўж. каля 250 км. Цягнуцца з ПнУ на ПдЗ уздоўж берага Міжземнага м., ад Пірэнеяў да нізоўя р. Эбра. Складаюцца з двух паралельных ланцугоў — прыморскага (выш. 400—600 м) і ўнутранага (выш. да 1712 м, г. Монтсень), размежаваных падоўжнай тэктанічнай упадзінай. Складзены з крышт. парод палеазою (граніты, кварцыты і інш.), а таксама з вапнякоў, пясчанікаў і глін мезакайназою. Карст. Клімат міжземнаморскі. Лясы з дубу, каштану, буку, алепскай хвоі, пініі; маквіс. У перадгор’і плантацыі аліў, вінаграднікі, сады, пасевы кукурузы, пшаніцы.

т. 8, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЦЯНЁЎСКІ ПА́РК,

помнік садова-паркавага мастацтва. Створаны ў пач. 19 ст. ў в. Кісцяні Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. на беразе Дняпра. Парк пейзажнага тыпу. Пл. каля 15 га. Размешчаны на 2 прыбярэжных тэрасах, уздоўж якіх праходзяць прагулачныя маршруты. Кампазіцыя ландшафтная.

На верхняй паўкруглай тэрасе стаяў сядзібны дом (не захаваўся). У паўн. ч. парку захаваліся рэшткі рэгулярнай планіроўкі — квадрат з кругам унутры, аформлены алеямі хвоі звычайнай, і штучны круглы ў плане ўзгорак. У парку растуць пераважна дрэвы мясц. парод, трапляюцца экзоты.

Н.​С.​Будыка.

т. 8, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЯВО́ЧКІ (Lopinga),

род матылёў сям. аксамітніц (сатыраў). Пашыраны ў Еўразіі ў лясной і часткова стэпавай зонах. На Беларусі адзіны від роду К. прыдарожная, або аксамітніца ахінэ (L. achine). Трапляецца рэдка (у вільготных лясах, на ўскраінах балот, на ўзлесках і інш.). Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

Размах крылаў К. прыдарожнай да 54 мм. Пярэднія ногі недаразвітыя. Вусікі булавападобныя. Хабаток добра развіты. Агульны тон афарбоўкі буры, уздоўж вонкавага краю крылаў рады вял. круглых плям (адсюль назва). Матылі кормяцца сокам дрэў, вусені — дзікарослымі злакамі.

С.​Л.​Максімава.

Краявочка прыдарожная.

т. 8, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁТЦЫ,

возера ў Віцебскім р-не, у бас. р. Шэвінка, за 14 км на З ад Віцебска. Пл. 0,31 км², даўж. каля 1,3 км, найб. шыр. 350 м, найб. глыб. 3,7 м, даўж. берагавой лініі больш за 3 км. Пл. вадазбору 28,9 км². Схілы катлавіны выш. 25—30 м, параслі хмызняком, паўн.-зах. схілы разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі. Мелкаводдзе да 2 м выслана пяском, глыбей пашыраны іл. Уздоўж берагоў паласа расліннасці шыр. да 20 м. Праз возера цячэ р. Вужніца. Уваходзіць у зону адпачынку Астроўна—Лётцы.

т. 9, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́НІЧНА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нача, за 32 км на ПдЗ ад Полацка. Пл. 0,47 км², даўж. больш за 1 км, найб. шыр. 650 м, найб. глыб. 3,7 м, даўж. берагавой лініі 2,8 км. Пл. вадазбору 10,5 км². Схілы катлавіны выш. да 4 м, забалочаныя, пад лесам, на У да 10 м, разараныя. Берагі нізкія, на ПнЗ сплавінныя, пад хмызняком. Дно плоскае, выслана сапрапелем, уздоўж берагоў на ПнУ і ПдЗ — пясчанымі адкладамі. На ПнЗ з воз. выцякае ручай у р. Нача.

т. 9, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРУ́ГА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дзісна, за 36 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 0,36 км², даўж. 810 м, найб. шыр. 710 м, найб. глыб. 2,5 м, даўж. берагавой лініі 2,6 км. Пл. вадазбору 11,5 км². Схілы катлавіны выш. 3—4 м (на У да 10 м), пераважна пад лугам, на У разараныя. Берагі сплавінныя, на ПнУ пясчаныя, забалочаныя. Дно выслана сапрапелем, на У і Пн уздоўж берагоў да глыб. 1 м трапляюцца пясчаныя адклады. Зарастае. Упадаюць 2 ручаі, выцякае р. Маруга.

т. 10, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗЯ́ВЫ,

возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вята, за 15 км на ПнЗ ад г. Міёры. Пл. 0,42 км², даўж. 980 м, шыр. 730 м, найб. глыб. 2,7 м, даўж. берагавой лініі больш за 3 км. Пл. вадазбору 6,28 км². Схілы катлавіны на З выш. 10—12 м, часткова разараныя, на У 3—5 м, пад хмызняком. Берагі нізкія, пад хмызняком, на Пд сплавінныя. Некалькі заліваў. Дно плоскае сапрапелістае, уздоўж зах. і ўсх. берагоў пясчанае. Зарасло падводнай расліннасцю. Злучана ручаём з воз. Набіста.

т. 11, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТУЛА́К (Portulaca),

род кветкавых раслін сям. партулакавых. Больш за 100 (па інш. звестках, каля 200) відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і часткова ва ўмераных паясах. На Беларусі 1 від — П. агародны (P. oleracea) — амаль касмапалітнае пустазелле. Трапляецца на палях, засмечаных месцах, уздоўж дарог. У Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны П. буйнакветны (H.grandiflora).

Адна- ці шматгадовыя мясістыя травяністыя расліны. Лісце чаргаванае, сядзячае. Кветкі пераважна дробныя, адзіночныя або ў пазушных пучках, двухполыя. Плод — каробачка. Аднагадовы П. агародны ўжываецца ў ежу як салата. Харч., лек. і дэкар. расліны.

Партулак агародны.

т. 12, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)