дзеяч грэчаскага нац.-вызв. руху, военачальнік. З 1818 член падп. арг-цыі «Філікі Этэрыя». У грэчаскую нацыянальна-вызваленчую рэвалюцыю 1821—29 паўстанцы на чале з К. 8.10.1821 авалодалі г. Трыпаліс, летам 1822 разбілі тур. армію Махмудапашы Драмалі (30 тыс.чал.), якая ўварвалася на п-аў Пелапанес, у 1825—27 на чале грэч. атрадаў Пелапанеса вёў партыз. вайну супраць сіл егіп. палкаводца Ібрахіма-пашы. З 1827 прыхільнік І.Кападыстрыі, з 1831 лідэр прарасійскай паліт. групоўкі. У 1835—43 чл.Дзярж. савета пры грэч. каралю Атоне I. Аўтар мемуараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́МБ ((Colombe) Мішэль) (каля 1431, Брэтань, Францыя — пасля 1512),
французскі скульптар. Працаваў у Туры і Нанце. Спалучаў традыцыі готыкі і элементы італьян. рэнесансавай пластыкі (пераважна ў арнаменце), што паклала пачатак скульптуры франц. Адраджэння. Аўтар медаля ў гонар уезду Людовіка XII у Тур (каля 1500), надмагілля герцага Францыска II Брэтонскага і Маргарыты дэ Фуа з іх партрэтнымі скульптурамі і 4 статуямі дабрачыннасцей (1502—07, сабор у Нанце), рэльефу «Св. Георгій перамагае дракона» з пейзажным фонам (1508—09). Яму прыпісваюць групу «Палажэнне ў труну» (1496, абацтва г. Салем).
М.Каломб. Святы Георгій перамагае дракона. 1508—09.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНІ́ЛАЎ (Уладзімір Аляксеевіч) (13.2.1806, Цвярская вобл., Расія — 17.10.1854),
расійскі ваенна-марскі дзеяч. Віцэ-адмірал (1852). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1823). З 1827 служыў на гвардз. лінейным караблі «Азоў», удзельнік Наварынскай бітвы 1827 і рус.-тур. вайны 1828—29. З 1830 на Балт., з 1834 на Чарнаморскім флоце, нач. штаба эскадры М.П.Лазарава (1838—46), нач. штаба (з 1849) і фактычны камандуючы (з 1851) флотам. У Крымскую вайну 1853—56 удзельнік першага ў свеце бою паравых караблёў, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Севастопальскай абароны 1854—55; смяротна паранены ў час бамбардзіроўкі праціўнікам Севастопаля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУА́РА (Loire),
самая доўгая рака Францыі. Даўж. 1012 км, пл. басейна 115 тыс.км². Вытокі ў гарах Севены, цячэ па Цэнтр. Французскім масіве і Луарскай нізіне. Упадае ў паўн.ч. Біскайскага зал. Атлантычнага ак., утварае эстуарый. Гал. прытокі: Алье, Шэр, В’ена (злева), Сарта з Луарам (справа). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні больш за 800 м³/с. Суднаходная ад г. Раан (часткова па абводных каналах), злучана каналамі з рэкамі Сена, Сона, Рэйн. На Л. гарады Арлеан, Тур, Нант (пачатак марскога суднаходства), у эстуарыі — порт Сен-Назер. У даліне Л. — шматлікія замкі 15—16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЁТР I ПЕ́ТРАВІЧ НЕ́ГАШ (1747, Негушы, Чарнагорыя — 18.10.1830),
уладыка (свецкі і духоўны правіцель) Чарнагорыі [1781—1830]. З дынастыі Негашаў. Вучыўся ў Расіі (1762—66). З 1766 архімандрыт, з 1781 мітрапаліт. Кіраваў барацьбой чарнагорцаў супраць тур. панавання, дамогся (1796) фактычнай незалежнасці Чарнагорыі ад Турцыі. Выступаў за ўмацаванне цэнтр. ўлады, выдаў збор законаў «Законнік» (1798). У знешняй палітыцы прытрымліваўся прарас. арыентацыі. Узначальваў атрады чарнагорцаў, якія сумесна з рас. экспедыцыйнымі сіламі змагаліся супраць франц. войск, што ў 1805 акупіравалі Далмацыю. У час першага сербскага паўстання 1804—13 падтрымліваў сувязь з Карагеоргіем, імкнуўся аб’яднаць сілы чарнагорцаў і сербаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗЕ́ЦКІ (Radetzky),
фон Радзец, Іозеф Венцэль (2.11.1766, Тршэбніцы каля г. Літамержыцы, Чэхія — 5.1.1858), аўстрыйскі ваен. дзеяч, палкаводзец. Фельдмаршал (1836), граф. З чэш. дваранскага роду. У арміі з 1784. Удзельнік аўстра-тур. вайны 1788—90 і вайны 2-й кааліцыі еўрап. краін супраць Францыі (1798—1801). У 1809—12 і 1814—29 нач. штаба аўстр. арміі. У 1813—14 нач. штаба К.Шварценберга. З 1815 камандаваў кав. злучэннямі. У 1831—57 галоўнакаманд. аўстр. войскамі ў Паўн. Італіі, у т. л. ў час аўстра-італьянскай вайны 1848—49, адначасова ў 1849—57 ген.-губернатар Ламбарда-Венецыянскага каралеўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУМЯ́НЦАЎ-ЗАДУНА́ЙСКІ (Пётр Аляксандравіч) (15.1.1725, Масква — 19.12.1796),
расійскі ваенны і дзярж. дзеяч, граф (з 1744), ген.-фельдмаршал (1770). Бацька М.П.Румянцава. Сын ген. А.І.Румянцава, пад кіраўніцтвам якога набыў ваен. вопыт. Удзельнік рус.-швед. вайны 1741—43 і вайны за Аўстрыйскую спадчыну 1740—48. У Сямігадовую вайну 1756—63 камандаваў брыгадай, дывізіяй, корпусам, вызначыўся ў бітвах пад Грос-Егерсдорфам (1757) і Кунерсдорфам (1759); у 1757—58 фарміраваў кавалерыю ў г. Стоўбцы. У 1764—96 прэзідэнт Маларасійскай калегіі і ген.-губернатар Маларосіі. У рус.-тур. вайну 1768—74 камандаваў арміяй, паспяховыя дзеянні якой прымусілі Турцыю заключыць Кючук-Кайнарджыйскі мір; за перамогі каля Рабой Магілы, Ларгі, Кагула (усе 1770) і інш. атрымаў ганаровае найменне Задунайскі. У рус.-тур. вайну 1787—91 камандаваў арміяй, галоўнакаманд. рас. войскамі ў час задушэння паўстання 1794. З 1776 валодаў г. Гомель, пачаў будаўніцтва Гомельскага палаца (гл.Гомельскі палацава-паркавы ансамбль). Распрацаваў новыя формы бою, у т. л. шырокае выкарыстанне дывізійных і палкавых карэ; аўтар ваен. твораў («Абрад службы», «Думкі», «Інструкцыі»), якія выкарыстаны пры распрацоўцы статутаў рас. арміі, у арг-цыі, абучэнні і выхаванні войск у 2-й пал. 18 ст.
Літ.:
П.А.Румяниев, А.В.Суворов, М.И.Кутузов: Док. и материалы. Киев, 1974;
Золотарев В.А., Межевич М.Н., Скородумов Д.Е. Во славу Отечества Российского: (Развитие воен. мысли и воен. искусства в России во второй половине XVIII в). М. 1984;
Петелин В.В. Фельдмаршал Румянцев: Док. повествование. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАН (Van),
горад на У Турцыі, каля воз. Ван. Адм. ц. іля Ван. Каля 150 тыс.ж. (1990). Чыг. станцыя. Харчовая, цэм.прам-сць.
Узнік у 1-м тыс. да н.э. Да 6 ст. да н.э. пад назвай Тушпа сталіца дзяржавы Урарту. Да 1 ст. да н.э. значны горад Стараж. Арменіі. У 364 разбураны войскамі сасанідскага цара Шапура II. У 10 ст. ў складзе Васпураканскага царства. З 1022 пад уладай Візантыі, пасля — сельджукаў. У 2-й пал. 14 ст. двойчы разбураны войскамі Цімура. З 17 ст. пад уладай Турцыі. У 1-ю сусв. вайну 1914—18 арм. насельніцтва Вана выселена і знішчана тур. ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДЭН,
горад у Йемене, адм. ц. мухафазы Адэн на Пд Аравійскага п-ва. 417 тыс.ж. (1987). Транзітны порт у Адэнскім зал. Аравійскага м. Міжнародны аэрапорт. Гал.прамысл. і гандл. цэнтр краіны. Нафтаперапрацоўка; тэкст., харч., металаапр., суднарамонтныя прадпрыемствы, вытв-сць будматэрыялаў. Гандаль нафтай і нафтапрадуктамі, рыбай, прадуктамі сельскай гаспадаркі (збожжа, бавоўна, тытунь, скуры).
Вядомы пад назвай Адана, ці Асана, са стараж. часоў. Уваходзіў у склад паўд.-аравійскіх і йеменскіх дзяржаў, у асобныя перыяды быў цэнтрам незалежных княстваў. У 16—18 ст. пад уладай йеменскіх імамаў і тур. пашоў. З 1839 англ.ваен.-марская база. У 1967—90 сталіца Нар.Дэмакр. Рэспублікі Йемен.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗІ́З НЕСІ́Н (Aziz Nesin; сапр.Нусрэт Махмуд; н. 20.12.1915, г. Стамбул),
турэцкі пісьменнік. Заснавальнік жанру паліт. сатыры ў тур. л-ры. Аўтар зб-каў апавяданняў «Слон па мянушцы Хамдзі» (1955), «Вар’яты на волі» (1957), «Няхай жыве Айчына» (1975), «Вітаю цябе, маё сямідзесяцігоддзе» (1984), раманаў «Кароль футбола» (1957), «Зюбюк» (1961), зб. казак «У некаторым царстве» (1958), п’ес з філас.-этычнай праблематыкай «Ідзіце сюды!» (1962), «Дуэт адной жанчыны» (1979) і інш. Творы адметныя вострай сац.-паліт. праблематыкай; спалучаюць іншасказанні, супастаўленні, камічнае пераасэнсаванне з гіпербалізацыяй і гратэскам. Шырокую вядомасць набыў пасля прысуджэння італьян.літ. прэміі «Залатая пальмавая галіна» (1956, 1957).