змена знакаў прасторавых каардынат часціц на процілеглыя: x→−x, y→−y, z→−z. Фіз. сэнс пераўтварэння П.і. звязаны з тым, што працэсы прыроды, абумоўленыя моцнымі і эл.-магн. ўзаемадзеяннямі, не змяняюцца пры П.і. — для ўсякага такога працэсу ў прыродзе ажыццяўляецца і працякае з той жа імавернасцю «люстрана адбіты» працэс і квантавамех. апісанне яго вядзе да існавання прасторавай цотнасці, якая захоўваецца пры моцных і эл.-магн. узаемадзеяннях. У слабых узаемадзеяннях такая сіметрыя адсутнічае (прасторавая цотнасць не захоўваецца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МША,
герой бел. антыпрыгонніцкіх казак. З іх найб. вядомая казка «Пану навука», паводле якой Р. жыў на Рымшавай гары (б. Мазырскі пав.) і помсціў пану-самадуру «за ўсе людскія слёзы ды крыўду», многа дабра рабіў людзям. У казцы пан крыўдзіць мужыка, а той, пераапрануўшыся (цесляром, доктарам і г.д.), некалькі разоў карае яго. Сярод слав., літ., франц., італьян. і інш. казак падобнага тыпу бел. вылучаюцца антыпрыгонніцкай накіраванасцю. Матыў казкі пра Р. выкарыстаў З.Бядуля ў аповесці «Салавей».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВІТА́ННЕ»,
газета Беларускага рабоча-сял. пасольскага клуба «Змаганне». Выдавалася 7—31.1.1930 у Вільні на бел. мове штотыднёва. На той час адзінае легальнае дэмакр. выданне, вакол якога групаваліся прадстаўнікі рэв.-дэмакр. актыву і члены КПЗБ. Асвятляла дзейнасць Таварыства беларускай школы, культ.буд-ва ў БССР. Змяшчала публіцыстычныя артыкулы («Еўрапейскі сялянскі кангрэс», «Танец смерці», «Зноў голад у Заходняй Беларусі» і інш.), у якіх узнімаліся праблемы сац.-эканам. становішча ў Зах. Беларусі. Выйшлі 4 нумары, усе канфіскаваны польскімі ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛАСЦІ́ВАСЦЬ,
філасофская катэгорыя, якая характарызуе той бок прадмета, які абумоўлівае яго адрозненне ці падабенства з інш. прадметамі і выяўляецца ва ўзаемадзеянні з імі. Кожная У, мае адносны характар: залежыць ад самога прадмета і ад тых прадметаў, з якімі ён узаемадзейнічае. Усялякая канкрэтная рэч характарызуецца бясконцай колькасцю У., адзінства якіх з’яўляецца яе якасцю. Адрозніваюць У. спецыфічныя, агульныя і ўсеагульныя (атрыбуты), гал. і негалоўныя, неабходныя і выпадковыя, знешнія і ўнутр., сумяшчальныя і несумяшчальныя, аддзельныя і неаддзельныя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕ́ЛКУ ТРЭ́СЦІ»,
бел.нар. дзіцячая гульня. Гульцы становяцца ў рад адзін за адным нагнуўшыся, і кожны абнімае за паясніцу папярэдняга гульца. Апошні гулец садзіцца на папярэдняга, як на каня, і імкнецца хутка пры дапамозе рук пералезці далей на наступнага, з таго яшчэ далей, пакуль не перапаўзе ўсіх. Гульцы стараюцца «пералазчыка» трэсці, каб скінуць яго. Калі гулец перапаўзе ўсіх, ён становіцца наперадзе, а той, хто цяпер апошні, пачынае рабіць тое ж самае. Так працягваецца, пакуль кожны не паспрабуе прапаўзці па ланцужку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́НТАМ (Bentham) Джордж (22.9.1800, Сток, каля г. Плімут, Вялікабрытанія — 10.9.1884),
англійскі батанік і падарожнік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1862). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1872), чл. Парыжскай АН (1875). Вучыўся ў Францыі, Вялікабрытаніі. З 1861 праводзіў даследаванні ў бат. садзе ў К’ю (Лондан). Аўтар (разам з Дж.Д.Гукерам) фундаментальнай працы «Роды кветкавых раслін» (т. 1—3, 1862—83), дзе прыведзена апісанне ўсіх вядомых на той час родаў кветкавых раслін. Склаў таксама апісанне флоры Аўстраліі (разам з І.П.Мюлерам), Індыі, наваколля Ганконга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬТМЕ́ТР,
прылада для вымярэння электрычнага напружання ў ланцугах пастаяннага і пераменнага току. Уключаецца паралельна да той часткі ланцуга, дзе вымяраюць напружанне. Бываюць аналагавыя (са стрэлачным або светлавым паказальнікам) і лічбавыя, паводле сістэм вымярэння — эл.-статычныя, эл.-магн., магнітаэл. і электронныя. Пашырэнне межаў вымярэння дасягаецца з дапамогай дадатковых рэзістараў, дзялільнікаў і трансфарматараў напружання. Можа спалучацца ў больш складаных прыборах з інш. электрычнымі вымяральнымі прыладамі (напр., ампервальтомметр).
Схема ўключэння вальтметра V у ланцуг: а — паралельна нагрузцы 1; б — праз транс-фарматар напружання 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬКА ЯРАПО́ЛЧЫЧ,
князь драгічынскі і нурскі 12 ст. Сын бужскага кн. Яраполка Ізяславіча. Упамінаецца ў «Гісторыі Расійскай» рас. гісторыка 18 ст. В.М.Тацішчава пад 1182 як валадар гарадоў Драгічын і Нур на р.Зах. Буг. Захапіў Бярэсце (Брэст) у мінскага кн. Уладзіміра Валадаравіча, аднак той з дапамогай полацкіх войск вярнуў горад і ўварваўся ва ўладанні Васількі. Тады Васілька Яраполчыч уцёк да цесця, польскага кн. Лешка, з яго дапамогай вярнуў свае землі, але быў выгнаны ўладзіміра-валынскім кн. Раманам Мсціславічам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТА́ВА,
трава, якая вырасла ў той жа год на кармавых сенажацях пасля скошвання ці страўлення. На пашы пасля страўлення атава адрастае некалькі разоў у залежнасці ад атаўнасці (біял. здольнасці раслін адрастаць за кошт утварэння бакавых парасткаў), надвор’я і прыёмаў догляду пашы. Высокую атаўнасць на пашы маюць райграс пашавы, мятліца лугавая, аўсяніца чырвоная, канюшына белая. Ураджайнасць атавы вышэйшая ў раёнах з вільготным кліматам і на ўрадлівых глебах. Яе можна павялічыць у 2—3 разы ўнясеннем пасля скошвання (страўлення) азотных угнаенняў, асабліва разам з паліваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БА́БКІ»,
бел.нар. гульня. Некалькі пар бабак (падкапытныя косці жывёл) ставяць на роўным месцы ў рад («кон»), і з абумоўленага месца кожны гулец па чарзе збівае іх біткай (вялікая бабка, набітая свінцом). Збітыя бабкі лічацца выйгранымі. Разнавіднасць гульні — біток, дзе замест бабак выкладаюць піраміду з арэхаў, вакол якой праводзіцца круг — «горад». Гульцы з абумоўленага месца кідаюць найбольшы арэх-біток у піраміду. Арэхі, выбітыя за мяжу круга, лічацца выйгранымі. Той, хто прамахнуўся, дабаўляе ў піраміду арэх. Гульня скончана, калі ўсе арэхі выбіты з «горада».